Дэмакратызацыя
пана і мары свецкай панны
Пан Томаш Ленцкі з адзінай дачкой Ізабэлай і
кузінкай паннай Фларэнтынай не жыў ва ўласным каменным доме, а наймаў
памяшканне, складзенае з васьмі пакояў, у напрамку Алеі Уяздоўскай. Там быў салон з
трыма вокнамі, уласны кабінет, кабінет дачкі, спальня для сябе, спальня для
дачкі, пакой сталовы, пакой для панны Фларэнтыны і гардэробная, не лічачы кухні
і памяшкання для слуг: старога камердынера Мікалая, яго
жонкі, якая была кухаркай, і маладой служкі, Анусі.
У жытла было шмат выгод. Яно было сухое,
цёплае, шырокае, светлае. Былі мармуровыя сходы, газ, электрычнасць і
вадапровад. Кожны пакой па
меры патрэбы злучаўся з іншымі ці ствараў замкнёную ў сабе прастору. Мэблі была
дастаткова: ні надта мала, ні надта шмат, а кожны прадмет вызначаўся
хутчэй зручнай простасцю, чым аздобамі, што б’юць у вочы. Буфет абуджаў ў
гледача адчуванне ўпэўненасці, што з яго не прападзе серабро; ложак прыводзіў
да бяспечнай думкі пра добра заслужаны адпачынак; стол можна было адразу ж і серваваць, на стул - сесці без боязі яго зламання, на мяккім крэсле – памарыць. Хто сюды
ўваходзіў, меў свабоду руху; не трэба было баяцца, што ў яго штосьці стане на
дарозе, ці што ён штосьці сапсуе. Чакаць гаспадара было не сумна, бо госця абкружалі яго
рэчы, якія варта было агледзець. Тым больш што выгляд прадметаў, што створаны былі не
ўчора і маглі служыць некалькім пакаленням, настройваў яго на якісьці
ўрачысты тон.
На гэтым важным унутраным фоне добра вымалёўваліся яго
жыхары.
Пан Томаш Ленцкі быў больш крыху за шэсцьдзесят гадоў чалавек, невысокі, мажнаваты, ружоваскуры. У яго былі
невялікія белыя вусы і ўверх зачэсаныя валасы, такія ж сівыя. А таксама шэрыя разумныя вочы, постаць прамая, а хадзіў ён востра. На вуліцы саступалі яму
дарогу – а людзі простыя гаварылі: гэта, напэўна, пан з паноў.
Сапраўды, пан Ленцкі налічваў у сваім родзе
цэлыя шэрагі сенатараў. Бацька яго яшчэ валодаў мільёнамі, а ён сам у маладосці
сотнямі тысяч. Пазней аднак частку маёмасці паглынулі падзеі палітычныя, рэшту
– падарожжы па Еўропе і высокія стасункі. Пан Томаш быў перад 1870-м пры двары
французскім, потым пры венскім і італьянскім. Віктор Эмануэль, зачараваны
прыгажосцю яго дачкі, адорваў яго сваёй прыязнасцю і нават хацеў яму даць тытул
графа. Не дзіва, што пан Томаш пасля смерці вялікага караля на працягу двух
месяцаў насіў на капелюшы жалобу.
Пару гадоў пан Томаш не выязджаў з Варшавы,
мала ўжо маючы грошай, каб блішчэць пры дварах. З-за гэтага яго жытло стала асяродкм
свету вытанчанага і было так аж да часу распаўсюджвання чутак, што пан Томаш растраціў
не толькі сваю маёмасць, але і пасаг панны Ізабэлы. Першымі адступіліся
залётнікі, за імі дамы, якія маюць брыдкіх дачок, з астатняй часткай парваў сам
пан Томаш і абмежаваў свае знаёмствы выключна да стасункаў з сямейнікамі. Калі і тут
заўважыў зніжэнне пачуццёвай тэмпературы, цалкам адыйшоў ад свету, і нават, да
расстройства шматлікіх шаноўных асоб, як уласнік дома ў Варшаве, запісаўся ў Купецкі
Клуб. Хацелі яго там зрабіць старшынёй, але ён не згадзіўся. Толькі яго дачка
бывала ў сівой графіні Каралёвай і пары яе сябровак, што зноў надало сілу
чутцы, што пан Томаш яшчэ валодае маёмасцю і што парваў са свецкім грамадствам
крыху з-за дзівацтва, крыху з-за таго, каб праверыць сапраўдных сяброў і
выбраць дачцэ мужа, які б кахаў менавiта яе , а не яе пасаг.
Таму зноў вакол панны Ленцкай пачаў збірацца
натоўп кавалераў, а на століку ў яе салоне – стосы візітовак. Гасцей аднак не прымалі, што, дарэчы, сярод іх не выклікала вельмі вялікага абурэння, бо разышлася трэцяя
чутка, што ў Ленцкага забіраюць пад заклад каменны дом. На гэты раз у свецкім
грамадстве адбыўся перапалох. Адны сцвярджалі, што пан Томаш прызнаны банкрут,
іншыя гатовыя былі прысягнуць, што прыхаваў маёнтак, каб забяспечыць шчасце
адзінай дачцэ. Кандыдаты да шлюбу і іх сем’і апынуліся ў тумане няпэўнасці, таму каб нічым не рызыкаваць і не страціць нічога, выказвалі знакі пашаны панне
Ізабэле не захапляючыся надта і паціху пакідалі ў яе доме свае картачкі,
просячы Бога, каб іх часам не запрасілі ўсё ж да вырашэння сітуацыі.
Аб візітах у адказ пана Томаш нават не гаварыў. Апраўдвалі яго эксцэнтрычнасцю і смуткам па Віктору Эмануэлю. Тымчасам
пан Томаш днём шпацыраваў па Алеях, а вечарам гуляў у віст у клубе. Выраз твару
яго быў заўсёды такі спакойны, а пастава такая гордая, што кавалеры яго дачкі
амаль пагублялі розум. Больш разважлівыя чакалі, але больш смелыя пачалі зноў
адорваць яе позіркамі з павалокай, ціхім прыдыханнем ці дрыжачым поціскам рукі,
на што панна адказвала ледзяной і часам пагардлівай абыякавасцю.
Панна Ізабэла была незвычайна прыгожай
жанчынай. Усё ў ёй было непаўторнае і дасканалае. Рост большы за сярэдні,
вельмі прыгожая постаць, доўгія валасы, бялявыя з попельным адценнем, носік прамы, вусны
крыху прыадкрытыя, зубы-перліны, рукі і стопы вытанчаныя. Асаблівае ўражанне
рабілі яе вочы, часам цёмныя і з лунаннем у марах, часам поўныя іскраў весялосці,
часам светла-блакітныя і халодныя як лёд.
Выразная была гульня яе твару. Калі гаварыла,
гаварылі яе вусны, бровы, ноздры, рукі, уся фігура, а найперш – вочы, якімі, здавалася, што хоча пераліць сваю душу ў слухача. Калі слухала, то падавалася, што
хоча выпіць душу суразмоўцы. Яе вочы ўмелі абдымаць, мілаваць, плакаць без
слёз, спапяляць і марозіць. Часам можна было падумаць, што дзесьці ў
марах абдыме кагосьці рукамі і пакладзе галаву яму на плячо; але калі шчаслівец
патанаў ад пяшчоты, раптам рабіла нейкі рух, які гаварыў, што схапіць яе
немагчыма, бо альбо вырвецца, альбо адштурхне, альбо папросту загадае лёкаю
вывесці кавалера за дзверы…
Калі б яе хто шчыра запытаў: што ёсць свет, і
хто яна сама? Безумоўна адказала б, што свет – гэта цудоўны сад, напоўнены
чарадзейнымі замкамі, а яна – багіня ці німфа, што ўцеляснілася ў формы.
Панна Ізабэла з калыскі жыла ў свеце прыгожым і не толькі надчалавечым,
але – наднатуральным. Спала на пуховых пярынах, апраналася ў ядвабы і вышыванае,
сядзела на разьбяных і высланых эбенавым ці палісандравым дрэве, піла з
крышталю, ела са срэбра і фарфору каштоўнага як золата. Для яе не існавала пары года, толькі вечная вясна, поўная лагоднага святла, жывых кветак і водару. Не
існавала адрэзкаў дня, бо неаднойчы на працягу цэлых месяцаў клалася спаць у восем
раніцы, а ела абед а другой ўночы. Не існавала розніцы становішча геаграфічнага, бо ў Парыжы, Вене, Рыме, Берліне ці Лондане знаходзіліся тыя
самыя людзі, тыя самыя звычаі, тыя самыя прадметы, і нават тыя самыя стравы:
супы з водарасцяў Ціхага акіяну, вустрыцы з Паўночнага мора, рыба з Атлантыкі
ці Міжземнага мора, дзічына з усіх краёў, гародніна з усіх частак свету. Для яе
не існавала нават сіла цяжару, бо крэслы ёй падстаўлялі, талеркі падавалі, а па вуліцы яе везлі, на сходы праводзілі, на горы заносілі.
Вуалька ахоўвала яе ад ветру, карэта ад дажджу, сабалі ад холаду, парасонік
і пальчаткі - ад сонца. І так яна жыла штодзень, штомесяц, штогод, вышэйшая за людзей, і, нават, за законы прыроды. Два разы яе напаткала
страшэнная бура, аднойчы ў Альпах, другі раз – на Міжземным моры. Баяліся самыя
адважныя, але панна Ізабэла са смехам прыслухоўвалася да шуму хваль, што
разбіваліся аб скалы, і да трэску карабля, нават не дапускаючы магчымасці
небяспекі. Прырода ўладзіла для яе прыгожае відовішча з перуноў, берагавых камянёў і
марской бездані, як у іншы раз паказала ёй месячык над Жэнеўскім возерам ці над
вадаспадам Рэну разагнала хмары, якія закрывалі сонца. Гэта самае дарэчы робяць
штодзень машыністы тэатраў і нават у знерваваных дам не выклікаюць асцярогі.
Гэты свет вечнай вясны, дзе шалясцелі ядвабы, раслі толькі разьбяныя дрэвы,
а гліна пакрывалася мастацкімі карцінамі, гэты свет меў сваіх спецыяльных
насельнікаў. Сапраўднымі яго жыхарамі былі княгіні і князі, графіні і графы, а
таксама вельмі старая і заможная шляхта - і жанчыны, і мужчыны. Знаходзіліся там яшчэ
замужнія дамы і жанатыя паны ў якасці гаспадароў дамоў, матроны, якія ахоўвалі
вытанчанае абыходжанне і добрыя звычаі і старыя панове, якія сядзелі на першых
месцах за сталом, абмяркоўвалі моладзь, бласлаўлялі яе і гулялі ў карты. Былі
таксама біскупы, прадстаўнікі Бога на зямлі, высокія чыноўнікі, прысутнасць
якіх забяспечвала свет ад народных абурэнняў і землятрусаў, і, нарэшце, дзеці, маленькія
херувімы, дасланыя з неба для таго, каб старэйшыя маглі ладзіць дзіцячыя балы.
Сярод звыклых людзей цудоўнага свету з’яўляўся час ад часу звычайны смяротны, які на крылах
рэпутацыі патрапіў узляцець аж на вяршыні Алімпа. Звычайна быў ім пэўны
інжынер, які злучаў акіяны ці дзюравіў ці нават будаваў Альпы. Быў пэўны
капітан, які ў бітве з дзікунамі страціў сваю кампанію, а сам, паранены,
уратаваўся дзякуючы каханню негрыцянскай княгіні. Быў гэта падарожнік, які падобна
што адкрыў новую частку свету, разбіўся з караблём на бязлюдным востраве і
бадай што не стаў ахвярай людаедаў.
Былі там нарэшце слаўныя мастакі, і перадусім натхнёныя паэты, якія ў альбомах
графіням пісалі прыгожыя вершы, маглі закахацца безнадзейна і увекавечваць рысы
сваіх бязлітасных багінь спачатку ў газетах, а потым у асобных томіках,
друкаваных на вяленевай паперы. Уся гэта супольнасць, сярод якой асцярожна
пасоўваліся расшытыя галунамі лёкаі, свецкія дамы, бедныя кузінкі і кузіны,
якія жадаюць вышэйшых пасад, уся гэта супольнасць спраўляла вечнае свята.
Пачынаючы ад апоўдня прымалі і здзяйснялі
візіты ці візіты ў адказ а таксама з’язджаліся ў лаўках. Да вечара бавілі час так: да
абеду, падчас абеду і пасля абеду. Потым ехалі на канцэрт ці ў тэатр, каб там
убачыць іншы ненатуральны свет, дзе героі рэдка калі харчуюцца і працуюць, але
затое увесь час размаўляюць самі з сабою, дзе нявернасць жанчын становіцца
крыніцай вялікіх катастроф і дзе каханак, забіты мужам у пятым акце, на другі
дзень уваскрасае ў першым акце, каб рабіць тыя ж самыя памылкі і размаўляць самому з сабою не будучы пачутым асобамі, якія стаяць побач. Пасля выхаду з тэатру
зноў збіраліся ў салонах, дзе слугі разносілі халодныя і гарачыя напоі, нанятыя
артысты спявалі, маладыя замужнія жанчыны слухалі апавяданні параненага капітана
аб негрыцянскай прынцэсе, панны размаўлялі з паэтамі аб роднасці душ, старэйшыя
паны выказвалі інжынерам свае погляды на інжынерыю, а дамы сярэдняга ўзросту
паўсловамі і позіркамі змагаліся паміж сабой за падарожніка, які амаль не стаў ахвярай людаедаў. Потым рассаджваліся на вячэру, дзе вусны елі, страўнікі ператраўлівалі, а
боцікі пад сталом размаўлялі аб пачуццях халодных сэрцаў і марах цвярозых
галоў. А потым - раз’яжджаліся, каб у
сне сапраўдным набрацца сіл для сну жыцця.
Акрамя гэтага чароўнага быў яшчэ іншы свет
– звычайны.
Аб яго існаванні ведала панна Ізабэла і нават
любіла разглядаць яго з вакна карэты, вагона ці ўласнага жытла. У такіх рамках
і з такой адлегласці ён здаваўся ёй маляўнічым і нават сімпатычным. Яна бачыла
земляробаў, што паволі аралі зямлю – вялізныя вазы, якія цягнулі худыя канягі –
разносчыкаў садавіны і гародніны – старога, які тоўк каменне на дарозе –
пасланцаў, якія кудысьці ішлі спяшаючыся – прыгожых і надакучлівых кветніц –
сям’ю , што складалася з бацькі, вельмі мажнай маці і чацвярых дзяцей, якія
парамі трымаліся за рукі – модніка з ніжэйшага свету, які ехаў на дрожках, смешна
разваліўшыся – ды часам - пахаванне. І казала сабе, што той свет, хоць і ніжэйшы, але
прыгожы; нават прыгажэйшы за жанравыя карціны, бо рухомы і зменлівы штохвіліны.
І яшчэ ведала панна Ізабэла, што як у
аранжарэях растуць кветкі, а ў вінаградніках – вінаград, так у тым, ніжэйшым
свеце вырастаюць рэчы, патрэбныя ёй. Адтуль паходзіць яе верны Мікалай і Гануся
, там робяць разьбяныя крэслы, фарфор, крышталь і фіранкі, там нараджаюцца палацёры,
абіўшчыкі, садоўнікі і швачкі. Знаходзячыся аднойчы ў магазіне, загадала
правесці яе у швейню і вельмі цікавым падаўся ёй выгляд некалькіх дзесяткаў
працаўніц, якія выкройвалі, фастрыгавалі і ўкладалі на формах складкі адзення. Яна была
ўпэўнена, што для іх гэта вялікая прыемнасць, паколькі гэтыя панны, якія здымалі
з яе меркі ці прымяралі на яе сукенкі, заўсёды ўсміхаліся і вельмі былі зацікаўленыя ў
тым, каб строй ляжаў на ёй добра. І яшчэ ведала панна Ізабэла, што на тым,
звычайным свеце трапляюцца нешчаслівыя людзі. Таму кожнаму беднаму, калі ён спатыкаўся
з ёй, загадвала даваць па некалькі злотых; аднойчы, калі спаткала маленькую
маці з бледным як воск дзіцем на грудзях, аддала ёй бранзалет, а брудных жабракоў-дзяцей абдорвала цукеркамі і цалавала з пачуццём пабожнасці. Ёй
здавалася, што ў якімсьці з гэтых гаротнікаў, а можа ў кожным, тоіцца Хрыстос,
які стаў у яе на шляху, каб даць выпадак зрабіць добрую справу.
Увогуле да людзей з ніжэйшага свету мела
чулае сэрца. Прыходзілі ёй на думку словы Святога Пісання: “ У поце твару
працаваць будзеш”. Відавочна зрабілі яны нейкі цяжкі грэх, калі прыгаварылі іх
да працы; але такія як яна анёлы не маглі не перажываць за іх лёс. Такія як
яна, для якой найбольшай працай было дакрануцца да электрычнага званка ці аддаць
загад.
Аднойчы толькі ніжэйшы свет зрабіў на яе
цяжкае ўражанне.
Пэўнага разу, у Францыі, наведвала фабрыку жалеза. З’язджаючы з гары, у ваколіцы, поўнай лясоў і лугоў, пад сінім небам
убачыла бездань, запоўненую аблокамі чорных дымоў і белага пару і пачула глухі
ляскат, рыпенне і грукат машын. Потым бачыла печы, як вежы сярэднявечных
замкаў, якія дыхаюць полымем – магутныя колы, якія вярцеліся з хуткасцю
бліскавіц – рыштаванне, якое само кацілася па рэйках – струмені распаленага да
белізны жалеза і паўголых працаўнікоў, падобных да бронзавыя статуй з панурымі
позіркамі. Над гэтым усім – крывавы месяц, вярчэнне колаў, гукі мяхоў, грукат
молатаў і нецярплівыя выдыхі катлоў, а пад стопамі – дрыжэнне спужанай зямлі.
Тады падалося ёй, што з вышынь шчаслівага
Алімпа яна сышла у безнадзейную бездань Вулкана, дзе цыклопы куюць перуны, якія
могуць разбіць сам Алімп. Прыйшлі ёй на думку легенды аб узбунтаваных
веліканах, аб канцы таго прыгожага свету, у якім яна жыла, і ўпершыню ў жыцці
яе, багіню, перад якой згіналіся маршалкі і сенатары, ахапіла трывога.
-
Гэта страшныя людзі, тата… -
прашаптала яна бацьку.
Бацька маўчаў, толькі мацней абняў яе за плечы.
-
Але жанчынам яны нічога дрэннага не
зробяць?
-
Так, нават яны, - адказаў пан Томаш.
У гэту хвіліну панну Ізабэлу ахапіў
сорам ад думкі, што асцерагалася толькі за жанчын. Толькі хутка дадала:
- А калі нам, то і вам не зробяць
нічога дрэннага…
Але пан Томаш усміхнуўся і патрос
галавой. У гэты час шмат гаварылі аб набліжэнні канца старога свету, а пан
Томаш глыбока адчуваў гэта, з вялікімі цяжкасцямі здабываючы грошы ад сваіх
упаўнаважаных.
Наведванне фабрыкі сталі важнай
падзеяй у жыцці панны Ізабэлы. З рэлігійным шанаваннем чытала яна паэзію свайго
далёкага кузіна, Зыгмунта, і здавалася ёй, што сёння знайшла ілюстрацыю да “Нябоскай
камедыі”. Ад таго часу часта марыла на змярканні, што на гары, якая купаецца ў
сонечным святле, адкуль з’язджаў яе воз да фабрыкі, стаяць “Акопы Святой
Троіцы”, а ў гэтай даліне, запоўненай дымам і парай быў лагер узбунтваных
дэмакратаў, гатовых праз хвіліну рушыць на штурм і разбурыць яе прыгожы свет.
Толькі цяпер зразумела, як горача
любіць гэту сваю духоўную радзіму, дзе крыштальныя павукі замяняюць сонца,
дываны – зямлю, статуі і калоны – дрэвы. Гэту другую радзіму, якая ахоплівае арыстакратыю
ўсіх народаў, вытанчанасць усіх часоў і найпрыгажэйшыя здабыткі цывілізацыі. І
гэта ўсё павінна было б рухнуць, згінуць ці разбурыцца!... Рыцарская моладзь,
якая спявае з такім пачуццём, танцуе з прыгажосцю, паядынкуе з усмешкай ці скача на сярэдзіне возера ў ваду
за згубленай кветкай?... Павінны згінуць гэтыя любімыя сяброўкі, якія абкружалі
яе такой пяшчотай ці седзячы ля яе ног расказвалі ёй столькі дробных таямніц,
ці, аддаленыя ад яе, пісалі такія доўгія, вельмі доўгія лісты, у якіх пранікнёныя
пачуцці перамешваліся з надзвычай сумніўнай арфаграфіяй.
А гэтыя добрыя слугі, якія да сваіх гаспадароў ставяцца так, нібы прысягаюць ім у пажыццёвай любові, вернасці і паслушэнстве? А гэтыя мадысткі, якія заўсёды
вітаюць яе з усмешкай і так памятаюць аб найдрабнейшым падрабязнасці яе
адзення, так дакладна ведаюць аб яе перамогах? А гэтыя прыгожыя коні, якім
ластаўка магла б пазайздросціць у хуткасці палёту, а гэтыя сабакі, мудрыя і
прывязаныя як людзі, а гэтыя сады, дзе рука чалавечая насыпала пагоркі, налівала
струмені, мадэлявала дрэвы?... І гэта ўсё павінна будзе некалі знікнуць?...
Ад гэтых роздумаў з’явіўся ў паны Ізабэлы на твары новы выраз лагоднага
смутку, які яе рабіў яшчэ больш прыгожай. Казалі, што ужо зусім сталая.
Разумеючы, што вялікі свет – гэта вышэйшы свет, панна Ізабэла даведалася паволі, што да гэтых вышынь
узняцца можна і доўгі час на іх знаходзіцца толькі з дапамогай двух крыл:
паходжання і багацця. Паходжанне і маёнтак прывязаныя да пэўных выбраных
сем’яў, як кветка і плод апельсіна да апельсінавага дрэва. Вельмі мажліва і тое, што добры Бог бачыць дзве душы з прыгожымі прозвішчамі, спалучаныя вузлом
таямніцы, памнажае іх даходы і дасылае ім на выхаванне анёлка, які у далейшым
падтрымлівае славу двух радоў сваімі паводзінамі, добрым выхаваннем і прыгажосцю.
Адсюль вынікае абавязак асцярожна заключаць шлюбы, аб чым найлепш ведаюць
старыя дамы і сівыя паны. Усё азначаецца трафным падборам прозвішчаў і багаццем.
Каханне бо, не тое шалёнае, аб якім мараць паэты, а сапраўднае хрысціянскае,
з’яўляецца толькі пасля таямніцы і найчасцей хапае таго, каб жонка магла прыгожа прэзентаваць сябе ў доме, а муж - з павагай суправаджаць яе ў свецкім грамадстве.
Так было раней і было добра, паводле згоднага рашэння ўсіх матрон. Сёння
забыліся аб гэтым і таму стала дрэнна: памнажаюцца мезальянсы і знікаюць
вялікія сем’і.
- І няма шчасця ў шлюбах? – дадавала паціху
панна Ізабэла, якой маладыя замужнія жанчыны расказалі не адзін хатні сакрэт.
Дзякуючы нават гэтым апавяданням набралася вялікай
агіды да шлюбу і лёгкай пагарды да мужчын.
Муж у халаце, які пазяхае пры жонцы, цалуе яе
з поўнымі дыму ад цыгар вуснамі, часта адгукаецца: “пакінь мяне ў спакоі!”, ці
папросту: “Ты дурніца!...” – гэты муж, які робіць сварку ў доме з-за новага жончынага капелюша, а па-за сценамі дома выдае грошы на экіпажы для актрыс – гэта ўвогуле
нецікавае стварэнне. Што самае горшае, што кожны з іх перад шлюбам быў гарачым
прыхільнікам, худнеў не бачачы доўга сваю любую, чырванеў, калі яе сустракаў, і
нават не адзін абяцаў застрэліцца ад кахання.
Так, будучы сямнаццацігадовай, панна Ізабэла
тыранізавала мужчын халоднасцю. Калі Віктар Эмануэль аднойчы пацалаваў яе руку, папрасіла бацьку, каб у гэты самы дзень выехалі з Рыму. У Парыжы наведаў
яе пэўны багаты граф, француз, адказала яму, што яна полька і за іншаземца не
выйдзе. Падольскага магната адштурхнула, калі сказала, што аддасць сваю руку толькі
таму, каго пакахае, і чаго яшчэ не адбылося, а заляцанні нейкага амерыканскага
мільянера спыніла выбухам смеху.
Такія паводзіны на некалькі гадоў стварылі вакол панны пустку. На яе паглядалі і любілі, але здалёк; бо ніхто не хацеў
натрапіць на жорсткую адмову.
Пасля таго як прайшоў першы нясмак, панна
Ізабэла зразумела, што шлюб трэба прыняць такім, які ён ёсць. Было ўжо вырашыла
выйсці замуж, з той толькі ўмовай, каб будучы муж – падабаўся ёй, у яго
было прыгожае прозвішча і адпаведнае багацце. Сапраўды, трапляліся ёй людзі
прыгожыя, багатыя і тытулаваныя; на жаль аднак, ніводзін не спалучаў у сабе усе
гэтыя тры ўмовы, таму – зноў прайшло некалькі гадоў.
Раптам разышліся звесткі аб дрэнным стане
маёмасці пана Томаша і – з цэлага легіёна канкурэнтаў-залётнікаў – засталося ў панны
Ізабэлы толькі два значных: адзін барон і адзін маршалак, багатыя, але старыя.
Цяпер заўважыла панна Ізабэла, што ў вялікім
свеце правальваецца глеба ў яе пад нагамі, таму яна вырашыла знізіць шкалу
патрабаванняў. Але паколькі і барон, і маршалак, нягледзячы на сваё багацце, абуджалі ў яе бясконцую агіду, то адкладала станоўчае рашэнне з дня на дзень.
Тымчасам пан Томаш парваў са светам. Маршалак не змог дачакацца адказу і выехаў
на вёску, засмучаны барон - за граніцу і – панна Ізабэла засталася зусім адна.
Сапраўды ведала, што кожны з іх вернецца пры першым воклічы, але – каторага ж абраць?... як зменшыць агіду?... Найперш, ці патрэбна рабіць з сябе такую
ахвяру, маючы нейкую пэўнасць, што некалі
атрымае багацце, і ведаючы, што тады зноў будзе магчыма выбіраць. На
гэты раз ужо абярэ, даведаўшыся, як цяжка жыць без таварыства салонаў…
Адна рэч у найвышэйшай ступені рабіла больш
лёгкім яе выйсце замуж для становішча ў свеце. Што панна Ізабэла ніколі не была
закаханая. Прычынай гэтаму быў яе халодны тэмперамент, вера, што шлюб
абыйдзецца без паэтычных дадаткаў, нарэшце - ідэальнае каханне, найцудоўнейшае,
пра якое калі-небудзь чулі. Аднойчы ўбачыла ў пэўнай галерэі скульптур статую
Апалона, які на яе зрабіў такое моцнае ўражанне, што купіла прыгожую яго копію
і паставіла ў сваім кабінеце. Пазірала на яго цэлымі гадзінамі, думала аб ім і…
хто ведае, колькі пацалункаў апаліла рукі і ногі мармуровага баства?... І
адбыўся цуд: пяшчотай кахання жанчыны камень ажыў. І калі аднойчы ноччу
заплаканая заснула, бессмяротны сышоў са свайго п’едэстала і прыйшоў да яе ў
лаўровым вянцы на галаве, свецячыся містычна.
Сеў на краі яе ложка, доўга пазіраў на яе
вачыма, з якіх праглядвала вечнасць, а потым абняў яе моцнымі абдымкамі і
пацалункамі белых вуснаў асушаў слёзы і ахалоджваў яе гарачку.
З таго часу наведваў яе усё часцей і калі яна
млела ў яго абдымках, шаптаў ён, бог святла, таямніцы неба і зямлі, якіх да
гэтага часу не было на мове смяротных. А з дапамогай кахання да яе здзяйсняў
яшчэ большае цуда, бо ў сваім боскім абліччы па чарзе паказваў ёй самыя
найпрыгажэйшыя рысы тых людзей, якія некалі зрабілі на яе ўражанне.
Аднойчы ён быў падобны да памаладзелага
генерала-героя, які выйграў бітву і з вышынь свайго сядла пазіраў на смерць
некалькіх тысяч байцоў. У другі раз нагадаў тварам найзнакаміцейшага тэнара,
якому жанчыны кідалі кветкі пад ногі, а мужчыны выпрагалі і дарылі найлепшых коней з павозак.
Іншым разам быў вясёлым і прыгожым князем аднаго з найстарэйшых дамоў, што
пануюць; а неяк - адважным пажарным, які за здабыванне з агню трох асоб на
пятым паверсе атрымаў ордэн ганаровага легіёна; то вялікім мастакам, які упрыгожваў свет
багаццем сваёй фантазіі, а то - венецыянскім гандальерам ці цыркавым атлетам незвычайнай прыгажосці і сілы.
Кожны з гэтых людзей пэўны час займаў таемныя
думкі панны Ізабэлы, кожнаму з іх прысвячала самыя затоеныя ўздыхі, разумеючы,
што па тых ці іншых прычынах кахаць яго не можа, і – кожны з іх з дапамогай
баства паказваўся ў яго постаці, у напаўрэчаісных марах. А ад гэтых бачанняў
вочы панны Ізабэлы набылі новы выраз нейкага незямнога задумення. Некалі
пазіралі яны недзе над людзьмі і па-за светам; а цяпер яшчэ яе попельныя валасы
на ілбе ўклаліся так дзіўна, нібы іх развеяў таямнічы подзьмух, і тым,хто
пазіраў на яе, здавалася, што бачаць анёла ці святую.
Год таму у адну з такіх хвілін убачыў панну
Ізабэлу Вакульскі. З таго часу сэрца яго не ведала спакою.
Амаль у гэты самы час пан Томаш парваў са
светам і ў азнаку сваіх рэвалюцыйных поглядаў запісаўся у Купецкі Клуб. Там з недаацэненымі
раней гарбарамі, шчаціннікамі і вінаробамі гуляў у віст, расказваючы направа і
налева , што арыстакратыя не павінна замыкацца і вылучацца, але быць у
авангардзе адукаванага мяшчанства, а праз яго –народа. За што ў адказ на гэта
гарбары, шчаціннікі і вінаробы, якім ён надаў гордасці, прызналі, што пан Томаш
адзіны арыстакрат, які зразумеў свае абавязкі у дачынені да Радзімы і выконвае
іх сумленна. Маглі б дадаць: выконвае штодзень з дзевяці гадзін вечара да апоўначы.
І калі такім чынам пан Томаш нёс бярэмя
свайго становішча, панна Ізабэла пакутавала ад самоты і цішы свайго прыгажога
жытла. Неаднойчы Мікалай ужо моцна драмаў у крэсле, панна Фларэнтына, заткнуўшы
сабе вушы ватай, добра спала, а ў пакой панны Ізабэлы сон яшчэ не стукаў і
затрымліваўся успамінамі. Тады яна ўсхоплівалася з ложка і, апранутая ў лёгкі
капоцік, цэлымі гадзінамі хадзіла па салоне, дзе дыван сцішваў яе крокі і толькі ўсяго было святла, колькі яго кідалі два скупыя вулічныя ліхтары.
Яна хадзіла, а ўвялікім пакоі мітусіліся яе
сумныя думкі і яна бачыла людзей, якія тут некалі бывалі. Тут дрэмле старая княгіня; тут дзве графіні цікавяцца ў
прэлата, ці можна дзіця ахрысціць ружовай вадой. Тут рой моладзі звяртае да
яе сумныя позіркі ці спецыяльнай халоднасцю намагаецца узняць у ёй цікавасць; а
там гірлянда дзяўчын, якія пазіраюць на яе і дзівяцца ці зайздросцяць. Поўна
агнёў, шэлестаў, размоў, якіх большая частка, як матылі вакол кветак, кружлялі
вакол яе прыгажосці. Дзе яна з’яўлялася, там побач з ёй усё станавілася фонам; як і іншыя
жанчыны былі яе фонам, а мужчыны – нявольнікамі.
І ўсё гэта прайшло!... І сёння ў гэтым салоне
– холадна, цёмна і пуста… Ёсць толькі яна і нябачны павук суму, які заўсёды заплятае
сеткай тыя мясціны, дзе мы былі шчаслівыя і адкуль шчасце сплыло. Ужо
сплыло!... Панна Ізабэла ламала рукі, каб затрымаць слёзы, якіх
саромелася нават у пустаце і ў ночы.
Усе яе пакінулі, за выключэннем – графіні
Каралёвай, якая, калі разбіраў яе дрэнны настрой, прыходзіла сюды і шырока
рассеўшыся на канапе, гаварыла з уздыхамі:
-
Так, дарагая Бэлачка, ты мусіш
прызнаць, што зрабіла некалькі памылак недаравальных. Я не кажу аб Віктару Эмануэлю, бо гэта быў мімалётны капрыз караля – крыху ліберальнага і зрэшты з
вялікімі даўгамі. На такія стасункі трэба мець больш – не скажу - такту, але – вопыту – працягвала графіня,
сціпла апускаючы павекі. – Але выпусціць ці – калі хочаш – адштурхнуць графа
Сэнт-Аўгуста, гэта ўжо даруй!... Чалавек малады, багаты, вельмі добры і яшчэ з
такой кар’ерай!... Цяпер менавіта - старшыня адной дэлегацыі да святога Айца і
напэўна атрымае спецыяльнае благаславенне для ўсёй сям’і, а графіня Шамбор
называе яго шэр кузэн… Ах, Божа!
-
Я думаю, цётухна, што перажываць аб гэтым
ужо вельмі позна – заўважыла панна Ізабэла.
-
Ці ж я хачу перажываць, беднае дзіця, і
без таго чакаюць цябе ўдары, якія суцішыць можа толькі глыбокая вера. Напэўна
не ведаеш, што бацька страціў усё, нават рэшту твайго пасагу?
-
Што ж я на гэта параю?
-
І аднак ты толькі можаш раіць і
павінна – сказала графіня з націскам.
-
Маршалак канечне не Адоніс, ну – але…
Калі б нашы абавязкі былі да выканання лёгкія, то не існавала б заслуг.
Зрэшты, мой Божа, хто ж нам забараняе мець на дне душы пэўны ідэал, аб якім думка
ўсцешвае самыя цяжкія хвіліны? Нарэшце, я магу цябе запэўніць, што становішча
прыгожай жанчыны, у якой стары муж, не належыць да найгоршых. Усе цікавяцца ёй,
гавораць аб ёй, складаюць знакі ўвагі яе ахвярнасці, і зноў жа стары муж менш патрабавальны, чым муж у сярэднім
узросце…
-
Ах, цётухна…
-
Толькі без экзальтацыі, Бэлачка! Табе
няма шаснаццаці гадоў і на жыццё ты павінна пазіраць сур’ёзна. Нельга з-за
нейкай ідыёсінкразіі ахвяраваць побытам бацькі, а хаця б Флоры і вашых слуг.
Урэшце падумай, колькі ты пры тваім шляхетным сэрцайку магла б зрабіць добрага,
распараджаючыся значным маёнткам.
-
Але ж, цётухна, маршалак брыдкі. Яму
не жонка патрэбная , а нянька, якая б яму выцірала вусны.
-
Я не настойваю на маршалку, але ж
барон…
-
Барон яшчэ старэйшы, фарбуецца, руменіцца
і ў яго нейкія плямы на руках.
Графіня ўнялася з канапы.
-
Я не настойваю, мая дарагая, я не
свацця, то належыць да пані Мелітон. Я звяртаю толькі ўвагу, што над бацькам
вісіць катастрофа.
-
У нас яшчэ ёсць каменны дом...
-
Які прадаюць пасля свята Святога Яна,
так што нават твая сума ўпадзе.
-
Як гэта – дом, які каштаваў сто тысяч,
прададуць за шэсцьдзесят?...
-
Бо ен не каштуе больш, бо бацька
зашмат выдаў. Я ведаю гэта ад будаўнічага, які аглядаў яго па даручэнні
Кшэшоўскай.
-
Але ўрэшце ў нас ёсць сервіз… серабра…
- выбухнула панна Ізабэла, заламваючы рукі.
Графіня пацалавала яе некалькі разоў.
-
Дарагое, любае дзіця, - сказала яна,
плачучы – прабач, што менавіта я мушу
так параніць табе сэрца!... Слухай жа… У бацькі яшчэ доўгія векселі, нейкія
пара тысяч рублёў... Гэта ж яшчэ даўгі… ўяўляеш… гэтыя даўгі хтосьці скупіў…
некалькі дзён таму, у канцы сакавіка. Мы лічым, што гэта зрабіла Кшэшоўская.
-
Што за нікчэмнасць! –шапнула панна
Ізабэла. – Але не будзем пра яе… На пакрыццё пары тысяч рублёў хопіць майго
сервіза і серабра.
-
Яны вартыя непараўнальна больш, але –
хто сёння купіць рэчы такія каштоўныя?
-
У кожным выпадку я спрабую – сказала
разгарачкаваная панна Ізабэла. – Я папрашу пані Мелітон, яна мне дапаможа…
-
Падумай аднак, ці не шкада табе такіх
прыгожых памятных рэчаў.
Панна Ізабэла рассмяялася.
- Ах, цётухна… Чаму я павінна вагацца
паміж продажам сябе і сервізу?... І да таго,
каб забіралі ў нас мэблю, ніколі не дазволю… Ах, гэта Кшэшоўская… гэта
выкуплянне векселяў… што за агіда!
- Ну, можа гэта яшчэ і не яна.
- Хіба знайшоўся якісьці новы
непрыяцель, горшы за яе.
- Можа гэта цётка Ганарата –
супакойвала яе графіня – ці ж я ведаю? Можа хоча дапамагчы Томашу, але павесіўшы
над ім пагрозу. Але ж, будзь здаровенькая, маё каханае дзіця, бывай…
На гэтым скончылася размова на
польскай мове, густа аздобленай французскімі выразамі, што рабіла яе падобнай
да чалавечага твару, пакрытага высыпкай.
Комментариев нет:
Отправить комментарий