среда, 18 февраля 2015 г.

Б.Прус Фараон т.1 Уступ (Пераклад цалкам 2006-2009 гг.)

Уступ

У паўночна-ўсходнім куце Афрыкі размешчаны Егіпет, айчына найстаражытнейшай ў свеце цывілізацыі. Тры, чатыры і нават пяць тысяч год таму, калі ў Цэнтральнай Еўропе апранутыя ў грубыя скуры варвары хаваліся па пячорах, Егіпет ужо валодаў высокай грамадскай арганізацыяй, сельскай гаспадаркай, рамёствамі і літаратурай. Акрамя гэтага ўсяго тут яшчэ выконваліся вялікія інжынерныя работы і ўзносіліся каласальныя збудаванні, рэшткі якіх абуджаюць захапленне нават у сучасных тэхнікаў.
Егіпет – гэта пладародная цясніна паміж Лівійскай і Аравійскай пустынямі.Яе глыбіня складае некалькі соцен метраў, даўжыня – сто трыццаць міль, сярэдняя шырыня дасягае амаль мілю. З захаду – палогія, але голыя лівіскія узгор’і, а з усходу – высокія, падтрэсканыя аравійскія ўзвышшы, - гэта сцены калідора, па дне якога цячэ рака Ніл.
Па цячэнню ракі, на Поўнач, сцены цясніны паніжаюцца, а на адлегласці 25 міль ад Міжземнага мора раптам разыходзяцца, і Ніл, замест таго каб цячы ў цесным калідоры, разліваецца на некалькі рукавоў па шырокай раўніне, якая мае выгляд трохвугольніка. У гэтага трохвугольніка, называемага Дэльтай Ніла, аснова – бераг Міжземнага мора, у вяршыні ж ля выйсця ракі з цясніны – горад Каір і тут жа разваліны дасветнай сталіцы – Мемфіса.
Калі б хто-небудзь мог узняцца на дваццаць міль уверх і адтуль паглядзець на Егіпет, то ўбачыў бы дзіўную форму яго мяжы і асаблівыя змены яе колеру.З такой вышыні на фоне белых і аранжавых пяскоў Егіпет выглядаў бы, як вуж, які ў энергічных звівах пасоўваецца праз пустыню да Міжземнага мора і ўжо апусціўся у яго трохвугольную галаву, аздобленую двума вокамі: левым- Александрыяй, правым – Даміэтай.
Гэты доўгі вуж ў кастрычніку, калі Ніл залівае ўвесь Егіпет, быў бы колеру блакітнай вады.У лютым, калі месца ападаючых вод займае вясновая расліннасць, вуж быў бы зялены, з блакітнай стужкай уздоўж цела і мноствам блакітных пражылак-каналаў на галаве, якія  працінаюць Дэльту.У сакавіку блакітная стужка звузілася б, а цела вужа ў выніку паспявання збожжа набыло б залаты колер.Нарэшце ў пачатку чэрвеня стужка Ніла была б вельмі тонкай, а цела вужа зрабілася б высахлым і, у выніку вялікай колькасці пылу над ім - нібы пакрытым жалобным крэпам.
Уласцівай асаблівасцю егіпецкага клімату з’яўляецца спякота: у студзені бывае дзесяць градусаў цяпла, у жніўні – дваццаць сем; часам гарачыня дасянае сарака сямі градусаў, што ў нас адпавядае тэмпературы рымскай лазні.Ад таго, што Міжземнае мора знаходзіцца вельмі блізка, у Дэльце дождж ідзе ўсяго дзесяць разоў у год, а ў Верхнім Егіпце – раз у дзесяць гадоў.
У такіх умовах Егіпет замест калыскі цывілізацыі мог бы быць пустыннай далінай, якіх шмат у Сахары, калі б штогод не ўваскрашалі яго воды святой ракі Ніл.Ад канца чэрвеня да канца верасня Ніл пакрывае і залівае амальувесь Егіпет, ад канца кастрычніка да канца мая наступнага года ен сыходзіць і паступова адкрывае усё глыбейшыя пласты грунту.Воды ракі так перанасычанымінеральнымі і арганічнымі рэчывамі, што іх колер становіцца злёгку карычневым, а па меры сыходжання вод на залітай глебе асядае пладародны слой, які замяняе ўсялякія ўгнаенні.Гэты ж слой і гарачы клімат спрыяе таму, што егіпцянін, зачынены паміж пустынямі, можа мець тры зборы ўраджаю за год і каля трохсот зерняў з аднаго пасеянага зярняці!
Але Егіпет не аднастайная раўніна, а зменлівая прастора, некаторыя яго землі толькі на працягу двух ці трох месяцаў насычаюцца блаславёнымі водамі, іншыя ж не бачаць іх на працягу цэлага года, бо паводка не дасягае пэўных пунктаў.Незалежна ад гэтага трапляюцца гады невялікіх паводак, і тады частка Егіпта не атрымлівае пладароднага слою. Нарэшце, у выніку спякоты зямля хутка высыхае і яе трэба паліваць, як у вазонах.
Усе гэтыя акалічнасці гавораць аб тым, што народ, які жыве ў даліне Ніла павінен альбо загінуць, калі б быў слабым, альбо ўтаймаваць ваду, калі б быў геніем. Старажытныя егіпцяне валодалі геніяльнасцю, таму стварылі цывілізацыю.
Ужо шэсць тысяч год таму яны заўважылі, што Ніл разліваецца, калі сонца знаходзіцца пад зоркай Сірыус, і пачынае спадаць, калі сонца набліжаецца да сузор’я Вагаў. Гэтыя заўвагі падштурхнулі іх да назіранняў астранамічных і вымярэння часу.
Каб захаваць ваду на працягу ўсяго года, яны выкапалі ў сваей краіне доўгую, на некалькі тысяч міль сетку каналаў. Каб забяспечыць сябе ад празмерных паводак, яны будавалі магутныя дамбы і капалі вадазборнікі, сярод якіх штучнае возера Моэрыс займала трыста кіламетраў квадратных паверхні пры дванаццаці паверхах глыбіні.Нарэшце уздоўж Ніла і каналаў яны пабудавалі мноства простых, але выніковых гідраўлічных збудаванняў (махін), з дапамогай якіх можна было вычэрпваць ваду і выліваць яе на палі, якія знаходзіліся на адзін ці два паверхі вышэй. І яшчэ, у дадатак да ўсяго, трэба было штогод ачышчаць наносы ілу з каналаў, падтрымліваць дамбы і будаваць высока насыпаныя дарогі для войскаў, якія ў любы час павінны былі вытрымліваць маршы.
Гэтыя вялікія работы вымагалі акрамя звестак з астраноміі, матэматыкі, механікі, будаўніцтва яшчэ і дасканалай іх арганізацыі.Ці то ўмацаванне грэблі, ці то ачышчэнне каналаў мусілі быць зроблены ў пэўны час і на вялікай плошчы.Адсюль паўстала неабходнасць у стварэнні працоўнай арміі, якая налічвала дзесяткі тысяч чалавек і працавала на вызначаную мэту і пад агульным кіраўніцтвам.Арміі, якая павінна была мець мноства малых і вялікіх выканаўцаў, мноства аддзелаў, якія б вялі размаітыя работы, накіраваныя на адзіны вынік, арміі, якая патрабавала шмат жыццевых сіл, сродкаў і дапаможных сіл.
Егіпет валодаў такой арміяй працаўнікоў, і ей ен абавязаны сваімі векапомнымі шэдэўрамі.Здаецца, што іх стварылі, а потым апісалі іх планы, егіпецкія жрацы ці мудрацы, кіравалі ж цары ці фараоны.У выніку гэтага егіпецкі народ у часы росквіту ствараў як адна асоба, калі пласт жрацоў іграў ролю думкі, фараон быў воляй, народ – целам, а паслушэнства – цэментам.
Такім чынам сама прырода Егіпту, якая спрыяла вялікай, доўгай і крапатлівай працы, стварыла шкілет грамадскай арганізацыі гэтай краіны: народ працаваў, фараон кіраваў, жрацы планавалі.І як доўга гэтыя тры асновы ішлі ўзгоднена да мэт, якія абумоўлівала прырода, так доўга грамадства магло квітнець і ствараць свае вечныя шэдэўры.
Добры і вяселы, зусім не ваяўнічы егіпецкі народ падзяляўся на два класы: земляробаў і рамеснікаў.Між сельскімі жыхарамі напэўна павінны былі быць ўласнікі дробных кавалкаў зямлі, пераважна аднак былі арандатары зямлі, якая належала фараону, жрацам і арыстакратыі. Рамеснікі, якія шылі адзенне , выраблялі прылады працы, посуд, інструмент былі незалежныя адзін ад аднаго.Тыя ж, хто працаваў на вялікіх будоўлях, стваралі нібы армію.
Кожная галіна, а галоўнае – будаўніцтва патрабавала цяглавую сілу і механічную: хтосьці павінен быў вычэрпваць цэлымі днямі ваду з каналаў ці пераносіць каменне з каменаломняў туды, куды было патрэбна.Гэтыя найцяжэйшыя механічныя заняткі, а перадусім – працу ў каменаломнях, выконвалі злачынцы, прыгавораныя судамі, ці захопленыя на вайне палонныя.
Знатныя егіпцяне мелі скуру меднага колеру, чым і ганарыліся, пагарджаючы адначасова чорнымі эфіопамі, жоўтымі семітамі і белымі еўрапейцамі.Гэты колер скуры, які дазваляў адрозніваць свайго ад чужога, быў для іх чымсьці, што аб’ядноўвала народ мацней, чым рэлігія, якую можна мяняць, мова, якой можна навучыцца.
З цягам часу аднак, калі гмах дзяржавы пачаў расколвацца, у краіну усе больш з кожным разам прыбывалі чужаземцы.Яны аслаблялі маналітнасць, рассейвалі знітаванасць і нарэшце паглынулі ў сабе першародных жыхароў краіны.
Фараон кіраваў дзяржавай з дапамогай пастаяннай арміі і паліцыі ды мноства кіраўнікоў, з якіх паволі ўтварылася радавая арыстакратыя.Намінальна ен быў законатворцам, галоўнакамандуючым, самым багатым, вышэйшым суддзей, жрацом і нават сынам божым і богам.Боскую пашану ен атрымаў не толькі ад народу і чыноўніцтва, але некалі сам сабе будаваў алтары і перад сваімі ўласнымі статуямі паліў вонні.
Побач з фараонамі, а хутчэй і часцей над імі, стаялі жрацы:гэта быў клас мудрацоў, якія кіравалі лёсамі краіны.
Сення амаль нельга ўявіць сабе надзвычайную ролю, якую клас жрацоў выконваў у Егіпце.Яны былі настаўнікамі маладых пакаленняў і прарокамі і таму дарадцамі дарослых людзей, суддзямі памерлых, якім іх воля і веды гарантавалі бессмяротнасць.Яны выконвалі не толькі дробныя рэлігійныя абрады пры багах і фараонах, а яшчэ лячылі хворых як лекары,уплывалі на хаду грамадскіх работ як інжынеры і таксама на палітыку як астролагі, а больш за ўсе – як знаўцы ўласнай краіны і яе суседзяў.
У гісторыі Егіпту першаснае значэнне маюць стасункі, якія існавалі між жрацамі і фараонамі.Найчасцей фараон саступаў жрацам, прыносіў багам шчодрыя ахвяры і будаваў храмы.Паколькі жыў доўга, то яго імя і аблічча, выразаныя на помніках, пераходзілі ад пакалення да паклення, поўныя хвалы. Аднак шмат фараонаў панавалі нядоўга, а некаторых знікалі не толькі справы, а нават імены.Пару разоў здаралася, што знікала дынастыя, а клаф, галаўны ўбор фараонаў , абвіты вужам, апранаў жрэц.
Егіпет развіваўся, пакуль маналітны народ, энергічныя цары і мудрыя жрацы супольнічалі дзеля агульнга дабра.Але надыйшла эпоха, калі народ у выніку войнаў колькасна паменшыўся, пад прыгнетам і прымусам страціў сілы, наплыў жа прышлых чужаземцаў падарваў расавую еднасць.А калі яшчэ азіяцкая раскоша паглынула энергію фараонаў і мудрасць жрацоў, і дзве гэтыя сілы пачалі між сабой барацьбу за манаполію ў валоданні народам, тут жа Егіпет апынуўся пад уладай  чужаземцаў , і святло цывілізацыі, якое на працягу некалькіх тысяч гадоў зіхацела над Нілам, паменшылася.

Апавяданне далейшае адносіцца да 11 стагоддзя да нараджэння Хрыста, калі заняпала дваццатая дынастыя, і пасля сына сонца, вечна жывога Рамзэса 13, узыйшоў на трон і лоб свой аздобіў урэем вечна жывы сын сонца Сен-Амон-Херыхор - жрэц храма Амона.

Комментариев нет:

Отправить комментарий