понедельник, 16 февраля 2015 г.

Б. Прус Лялька том 1 раздзел 4 Вяртанне

Раздзел 4
Вяртанне

Нядзеля, халодны дзень сакавіка; набліжаецца поўдзень, але вуліцы Варшавы амаль пустыя. Людзі не выходзяць з дамоў ці хаваюцца ў брамах, ці згорбленыя ўцякаюць ад сякучага іх дажджу са снегам. Амаль не чуваць рыпення дрожак, бо яны стаяць. Рамізнікі, пакінуўшы козлы, уваходзяць пад дахі сваіх экіпажаў, а намочаныя дажджом і засыпаныя снегам коні выглядаюць так, нібы прагнуць схавацца пад дышаль і накрыцца ўласнымі вушамі.
Нягледзячы на гэта, а можа і па прычыне такога брыдкага надвор'я пан Ігнацы, седзячы ў сваім закратаваным пакоі, вельмі вясёлы. Справы лавачныя ідуць выдатна, выстава ў вітрынах на будучы тыдзень ужо складзена, а найперш – з дня на дзень павінен вярнуцца Вакульскі. Нарэшце пан Ігнацы аддасць камусьці рахункі і цяжар кіравання лаўкай, далей – праз два месяцы выедзе на вакацыі. Пасля дваццаці пяці гадоў працы – і яшчэ якой! – належыць яму гэты адпачынак. Будзе думаць толькі аб палітыцы, будзе хадзіць, бегаць і скакаць па палях і лясах, будзе свісцець, і нават спяваць, як у маладосці. Калі б не гэтыя рэўматычныя болі, якія зрэшты на вёсцы адступяць…
Таму хаця дождж са снегам б’е ў закратаваныя вокны, хаця ападкі такія густыя, што ў пакоі цемра, пан Ігнацы з вясеннім настроем. Дастае з-пад ложка гітару, настройвае яе і, узяўшы некалькі акордаў, пачынае спяваць пад нос вельмі рамантычную песню:
Вясна адчуваецца ва ўсёй прыродзе
Яе вітаюць салаўі спевамі;
У зялёным гаі, над раўчуком
Квітнеюць дзве цудоўныя ружы.
Чароўныя гэтыя гукі абуджаюць пудзеля, які спіць на канапе, і пачынае прыглядацца адзіным вокам да свайго гаспадара. Гукі гэтыя робяць больш, бо выклікаюць на падвор’і нейкі вялізны цень, які з’яўляецца ў закратаваным вакне і намагаецца зазірнуць унутр хаты, чым звяртае на сябе ўвагу пана Ігнацыя.
“Так, гэта павінен быць Павел” – думае пан Ігнацы.
Але Ір мяркуе інакш; ён саскоквае з канапы і з непакоем нюхае дзверы, нібы адчувае некага чужога.
Чутны шум у сенцах. Чыясьці рука шукае клямку, нарэшце адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца хтосьці, апрануты ў вялікае футра, абсыпанае снегам і кроплямі дажджу.
-       Хто гэта? – пытаецца пан Ігнацы, і на твары яго выступае моцны румянец.
-       Ты ўжо пра мяне забыўся, стары?... – ціха і паволі адказвае госць.
Пан Ігнацы усё больш бянтэжыцца. Надзявае на нос акуляры, якія спадаюць, потым дастае з-пад ложка скрынку, падобную да труны, хутка хавае гітару і тую ж самую скрыню разам з гітарай кладзе на сваім ложку.
Тымчасам госць зняў вялікае футра і барановую шапку, а аднавокі Ір, абнюхаўшы яго, пачынае махаць хвастом, ласціцца і з радасным скавытаннем прыпадаць да яго ног.


Пан Ігнацы набліжаецца да госця ўзрушаны і згорблены больш чым калі-небудзь.
-       Здаецца мне… - кажа ён, паціраючы рукі, - здаецца мне, што маю прыемнасць…
Потым падводзіць госця да вакна, міргаючы павекамі.
-       Стась… божа ты мой!...
Стукае яго па моцных грудзях, сціскае левую і правую руку, і, нарэшце абапёршыся на яго пастрыжаную галаву сваёй далонню, робіць такі рух, нібы хацеў бы ўцерці мазь у цемя.
- Ха! Ха! Ха!... – смяецца пан Ігнацы. – Стась уласнай асобай… Стась з вайны!... Што гэта, толькі цяпер ты узгадаў, што ў цябе ёсць лаўка і сябры? – дадае, моцна удараючы яго па плечуку. – Няхай мяне возьмуць д’яблы, калі ты не падобны да жаўнера ці марака, але ніякі не да купца… Восем месяцаў не было яго ў доме… Ох ты… Можа сядзеш?
Пан Ігнацы прысунуў да сябе крэсла.
- Можа з’ясі чаго? У мяне ёсць шынка і крыху ікры.
- канечне.
- Можа вып’еш чаго? У мяне бутэлька нядрэннага венгерскага, але толькі адзін цэлы кілішак.
- вып’ю са шклянкі, - адказаў госць.
Пан Ігнацы пачаў тупаць па пакоі, па чарзе адчыняючы шафу, куфэрак і столік.
Дастаў віно і схаваў яго на іншы раз, потым расклаў на стале шынку і некалькі булак. Рукі і павекі дрыжалі ў яго і шмат часу сплыло, пакуль ён настолькі супакоіўся, што сабраў на адно месца раней пералічаныя запасы.
Толькі кілішак віна вярнуў яму маральную раўнавагу, якая моцна захісталася.
Вакульскі тымчасам еў.
- ну, што новага? – спытаў спакайнейшым тонам пан Ігнацы, лупячы госця па калене.
- Я здагадваюся, што ты хвалюешся пра палітыку, - адказаў Вакульскі. – Будзе мір.
- А навошта ўзбройваецца Аўстрыя?
- Узбройваецца за шэсцьдзесят мільёнаў гульдэнаў?... Хоча забраць Боснію і Герцагавіну.
У Ігнацыя расшырыліся зрэнкі.
- Аўстрыя хоча забраць?... – паўтарыў ён. – За што?
- За што? – усміхнуўся Вакульскі. – За тое, што Турцыя не можа ёй гэта забараніць.
- А што ж Англія?
- Англія таксама атрымае кампенсацыю.
-  За кошт Турцыі?
- Зразумела. Заўсёды слабыя аплочваюць канфлікты паміж моцнымі.
- А справядлівасць? – закрычаў Ігнацы.
- Справядлівае гэта тое, што моцныя памнажаюцца і растуць, а слабыя гінуць. Інакш свет стаў бы домам інвалідаў, што толькі было б несправядлівасцю.
Ігнацы пасунуўся з крэслам.
- І ты гэта кажаш, Стась?.... Сур’ёзна, без жартаў?
Вакульскі зшрнуў на яго спакойна.
- Я кажу, - адказаў ён. – Што ж у гэтым дзіўнага? Ці ж гэты самы закон не стасуецца да мяне, да цябе, да ўсіх нас?... Я шмат плакаў па сабе, каб расчульвацца па Турцыі.
Пан Ігнацы апусціў вочы і замоўк. Вакульскі еў.
- Ну, а як у цябе справы? – запытаў Жэцкі ужо звычайным тонам.
У Вакульскага бліснулі вочы. Ён адклаў булку і абапёрся на парэнч канапы.
- Памятаеш, - сказаў ён – колькі ўзяў я грошай, калі адсюль выязджаў?
- Трыццаць тысяч рублёў, усё наяўнасцю.
- І як табе здаецца: колькі прывёз?
- Пяцьдзе… каля сарака тысяч… Угадаў? – пытаў Жэцкі, няўпэўнена пазіраючы на яго.
Вакульскі наліў шклянку віна і выпіў яе паволі.
- Дзвесце пяцьдзесят тысяч рублёў, з гэтага большую частку ў золаце, - прамовіў пераканаўча. – А паколькі загадаў закупіць банкноты, якія пасля заключэння міру прадам, то буду мець больш за трыста тысяч рублёў…
Жэцкі нахіліўся да яго і аж раскрыў рот.
- не бойся – працягваў Вакульскі. – Грошы гэтыя я зарабіў сумленна, нават цяжка, вельмі цяжка. Увесь сакрэт у тым, што ў мяне быў багаты кампаньён і што карыстаўся ў чатыры і пяць разоў меншым прыбыткам, чым іншыя. Таму мой капітал увесь час узрастаў і быў увесь час рухомы. – Але – дадаў ён праз хвіліну, - у мяне было шалёнае шчасце… Як гулец, якому дзесяць разоў запар выпадае той самы нумар ў рулетцы. Грубая гульня?... амаль штомесяц я ставіў ўвесь маентак, а штодзень – жыццё.
- І толькі для гэтага ездзіў туды? – запытаў ігнацы.
Вакульскі здзекліва паглядзеў на яго.
- Ці ты хацеў, каб я стаў турэцкім Валенродам?
- Рызыкаваць з-за маёнтку, калі маеш спакойны кавалак хлеба!... – буркнуў пан Ігнацы, ківаючы галавой і ўзнімаючы бровы.
Вакульскі задрыжэў ад гневу і падхапіўся з канапы.
- Гэты спакойны хлеб – сказаў ён, сціскаючы кулакі, - давіў мяне і душыў на працягу гадоў шасці!... Ці ты ўжо не памятаеш, колькі разоў на дзень узгадваліся мне два пакаленні Мінцаляў, ці анёльская дабрыня маёй жонкі? Ці быў хто з далейшых ці бліжэйшых знаёмых, за выключэннем цябе, хто б мяне не дапякаў словам, рухам ці позіркам? Колькі ж разоў гаварылі пра мяне і амаль мне, што я кармлюся з падолу жонкі, што ўсім абавязаны працы Мінцаляў, а нічым, бо гэтае нічым – уласнай энергіі, - я і развіў гэту краму, падвоіў яе прыбыткі…
Мінцалі і толькі Мінцалі!... Сёння няхай мяне параўнаюць з Мінцалямі. Сам адзін на працягу паўгода зарабіў у дзесяць разоў больш, чым два пакаленні Мінцаляў за паўстагоддзя. На здабыванне таго, што я здабыў, знаходзячыся паміж куляй, нажом і тыфам, тысячу Мінцаляў павінны былі б пацець у сваіх лаўках і каўпаках.Цяпер я ўжо ведаю, наколькі я варты Мінцаляў, і як Бог мне мілы, для падобнага выніку ў другі раз паўтарыў бы сваю гульню! Я хачу лепш адчуваць боязь з-за банкруцтва і смерці, чым быць удзячным тым, хто купляе ў мяне парасон, ці падаць да ног тых, хто ў маёй краме хоча забяспечыць сябе ватэрклазетамі…
- Ты застаўся, якім быў! – шапнуў Ігнацы.
Вакульскі супакоіўся. Абапёрся на плячо Ігнацыя і зазіраючы яму ў вочы сказаў лагодна:
- ты не гневаешся, стары?
- Чаго? Ці ж я не ведаю, што воўк не будзе пільнаваць бараноў… Натуральна…
- Што ж у вас чуваць? – скажы мне.
- Акурат тое, пра што пісаў табе ў рапартах. Продаж добра ідзе, тавараў прыбыло, а яшчэ больш  замаўленняў. Трэба адзін распарадчы.
- Возьмем двух, лаўку пашырым, будзе прыгожа.
- Глупства!
Вакульскі паглядзеў на яго збоку і ўсміхнуўся бачачы, што стары знаходзіцца ў добрым настроі.
- Але ж што чуваць у горадзе? У лаўцы, пакуль ты ў ёй, павінна быць добра.
- У горадзе…
- Са старых пакупнікоў не сыйшоў хто? – перапыніў яго Вакульскі, ўсё хутчэй ходзячы па пакоі.
- Ніхто! Прыбылі новыя.
- А… а…
Вакульскі  стаў нібы вагаючыся. Наліў зноў шклянку віна і выпіў залпам.
- А Ленцкі купляе ў нас?...
- часцей бярэ на рахунак.
- Але ж бярэ… - тут Вакульскі ўздыхнуў – Як жа ён трымаецца?
- Мне здаецца, што гэта скончаны банкрут і бадай што ў гэтым годзе прададуць з таргоў нарэшце яго каменны дом.
Вакульскі нахіліўся над канапай і пачаў гуляць з Ірам.
- Скажы, калі ласка… А панна Ленцкая не выйшла замуж?
- не.
-А не выходзіць?...
- Я вельмі сумняваюся, што хто-небудзь ажэніцца з паннай, у якой вялікія даўгі і ніякага пасагу. Састарыцца, хоць і прыгожая. Натуральна…
Вакульскі выпрастаўся і працягваў. Яго суровы твар прыняў выраз вельмі кранальны.
- мой любы стары, - сказаў ён, беручы Ігнацыя за руку, - мой паважаны стары сябар! Ты нават не здагадваешся, які я шчаслівы, што цябе бачу, ды яшчэ ў гэтым пакоі. Памятаеш, колькі я тут правёў вечароў і начэй… як ты мяне карміў… як аддаваў мне самае лепшае адзенне… Памятаеш?... Жэцкі ўважліва паглядзеў на яго і падумаў, што віно мусіць быць добрае, калі аж так развязала язык Вакульскаму.
Вакульскі сеў на канапе і, абапёршыся галавой аб сцяну, гаварыў нібы сам сабе:
- Ты не ўяўляеш, што я вытрываў, аддалены ад усіх, няўпэўнены, ці ўжо каго ўбачу, так страшна самотны. Бо бачыш, самая горшая самотнасць не тая, што абкружае чалавека, але гэта пустка ў ім самім, калі з краіны не вынес ні цёплага позірку, ні сардэчнага слоўца, ні нават іскры надзеі…
Пан Ігнацы паварушыўся на крэсле , гатовы пратэставаць.
- Дазволь узгадаць сабе, - азваўся ён, - што спачатку я пісаў лісты вельмі зычлівыя, канечне, можа нават моцна сентыментальныя. Настроілі супраць цябе мяне толькі твае кароткія адказы.
- Ці ж я да цябе што дрэннае маю? ...
- Тым менш можаш  мець яго да іншых працаўнікоў, якія не ведаюць цябе так, як я.
Вакульскі схамянуўся.
- Але ў мяне ні да аднаго з іх няма прэтэнзіі. Можа – крыху – да цябе, што так мала пісаў пра… горад… У дадатак вельмі часта гінулі кур’еры пошты, рабіліся прабелы ў навінах і тады я пакутаваў ад найгоршых прадчуванняў.
- З якой нагоды? У нас жа не было вайны, - адказаў са здзіўленнем пан Ігнацы.
- Ах, так!... Нават добра бавіліся. Я памятаю, у снежні ў вас былі выдатныя жывыя карціны. Хто гэта ў іх выступаў?...
- Ну, я на такія глупствы не хаджу.
- гэта праўда. А я ў гэты дзень даў бы , бадай, дзесяць тысяч рублёў, каб іх ўбачыць. Глупства яшчэ большае!... Ці не так?...
- Пэўна – хаця шмат тлумачыцца самотнасцю, нудой…
- А можа сумам, - перапыніў Вакульскі. -  З’ядала яна мяне кожную хвіліну, вольную ад працы, кожную гадзіну адпачынку. Налі мне віна, Ігнацы.
Выпіў, пачаў зноў хадзіць па пакоі і гаварыць прыцішаным голасам:
- У першы раз агарнула гэта мяне ў час пераправы праз Дунай, якая доўжылася ад вечара да ночы. Я плыў адзін і цыган-перавозчык. Не мог размаўляць, прыглядаўся да ваколіцы. Былі ў гэтым месцы пясчаныя берагі, як у нас. І дрэвы, падобныя да нашых вербаў, узгоркі, парослыя ляшчынай і купы сасновых лясоў. На працягу хвіліны здавалася мне, што я ў сваёй краіне і што перш чым прыйдзе ноч , зноў убачу вас. Ноч прыйшла, але адначасова зніклі з маіх вачэй берагі. Я быў адзін на вялізнай паверхні вады, у якой адбіваліся нізкія зоркі. У гэты час прыйшло мне на думку, што так  далёка ад дома, што сёння апошнім паміж мной і вамі злучнікам з’яўляюцца толькі гэтыя зоркі, што ў гэту хвіліну ў вас можа ніхто не пазірае на іх, ніхто пра мяне не памятае, ніхто!... Я адчуў нібыта ўнутраны разрыў і тады толькі пераканаўся, якую глыбокую нашу рану ў душы.
- праўда, што ніколі не цікавілі мяне зоркі, - шапнуў пан Ігнацы.
- З гэтага дня я паддаўся дзіўнай хваробе, - сказаў Вакульскі. – Пакуль я распісваў лісты, рабіў рахункі, адбіраў тавары, рассылаў сваіх агентаў, пакуль бадай што сам цягнуў і выгружаў сапсаваныя вазы ці сцярогся ад  злодзеяў, то быў амаль спакойны. Але калі я адарваўся ад інтарэсаў, і нават калі на хвіліну склаў пяро, адчуў боль, нібы мне – ці разумееш ты, Ігнацы, - нібы мне пясчынка трапіла ў сэрца. Бывала, хаджу, ем, размаўляю, думаю свядома, разглядаю прыгожыя ваколіцы, нават смяюся і вясёлы, а нягледзячы на гэта адчуваю нейкі тупы  ўкол, нейкі дробны непакой, нейкую бясконцую малую боязь. Гэты стан хранічны, ад якога пакутуеш больш, чым ад любога слова, які акалічнасць раздзьмухвала ў буру. Дрэва знаёмай формы, нейкі пагорак, колер хмаркі, палёт птушкі, нават павеў ветру без ніякай прычыны абуджаў ува мне такую шалёную роспач, што ўцякаў ад людзей. Я шукаў месца такога пустога, дзе б я мог упасці на зямлю і не падслуханы нікім выць ад болю, як сабака. Часам у гэтых уцёках ад самога сябе спасцігала мяне ноч. Тады з-за кустоўя, зваленых пнёў і расколін выходзілі насупраць мяне нейкія шэрыя цені і сумна ківалі галовамі з паблёклымі вачыма. А ўсе шэлесты лісця, далёкі грукат вазоў, шум вод зліваліся ў адзін жаласны голас, які мяне пытаў: Падарожнік наш, ах! Што з табой адбылося?. Ах, што са мной стала…
- нічога не разумею, - перапыніў Ігнацы. – Што гэта за шаленства?
- Што?... Сум.
- Па чым?
Вакульскі здрыгануўся.
-       па чым? Ну… па ўсім… па краіне…
-       Чаму ж ты не вяртаўся?
-       А што б мне дало вяртанне? … Дарэчы – я не мог.
-       Не мог? – паўтарыў Ігнацы.
-       Я не мог… і баста! Не было для чаго вяртацца – адказаў нецярпліва Вакульскі. – памерці тут ці там, усё адно… Дай мне віна – закончыў ён раптам, прасцягваючы руку.
Жэцкі зірнуў на яго разгарачаны твар і адсунуў бутэльку.
-       Супакойся, - прамовіў – ужо і так ты раздражнёны…
-       Таму я хачу піць…
-       Таму ты не павінен піць, - перапыніў Ігнацыю – Зашмат гаворыш… можа больш , чым хацеў бы, - дадаў ён з націскам.
Вакульскі схамянуўся. Задумаўся і адказаў, паводзячы з боку ў бок галавой:
-       Ты памыляешся.
-       Зараз я табе дакажу, - адказаў Ігнацы прыцішаным голасам. – Ты не ездзіў туды выключна для таго, каб зарабіць грошы…
-       Пэўна, - прамовіў Вакульскі, падумаўшы.
-       Бо і навошта трыста тысяч табе, якому хапала тысячы на год?...
-       Гэта праўда.
Жэцкі наблізіў свае вусны да яго вуха.
- Яшчэ скажу табе, што грошы гэтыя  прывёз не для сябе…
- Хто ведае, можа ты і здагадаўся…
- Я здагадваюся больш, чым ты думаеш…
Вакульскі раптам рассмяяўся.
- ага, значыць ты так думаеш? – усклікнуў ён. – Я запэўніваю цябе, што нічога не ведаеш, стары летуценнік.
- Я баюся тваёй цвярозасці, пад уплывам якой ты гаворыш, як вар’ят. Разумееш мяне, Стась?...
Вакульскі увесь час смяяўся.
- Ты маеш рацыю, я не прывык піць, і віно ўдарыла мне ў галаву. Але – я ўжо сабраўся з думкамі. Скажу табе толькі, што ты памыляешся у асноўным. А цяпер, каб зберагчы мяне ад поўнага спіцця, выпі сам – за паспяховасць маіх намераў.
Ігнацы наліў кілішак і, моцна сціскаючы руку Вакульскаму, прамовіў:
- За поспех вялікіх намераў…
- Вялікіх для мяне, а ў рэчаіснасці вельмі сціплых.
- Няхай так і будзе, - сказаў Ігнацы. – Я такі стары, што мне выгадней нічога не ведаць; я ўжо нават такі стары, што прагну толькі адной рэчы – прыгожай смерці. Дай мне слова, што калі прыйдзе час, ты паведаміш мне…
- Так, калі прыйдзе час, будзеш маім сватам.
- Ужо быў і непаспяхова… - прамовіў Ігнацы.
- З удавой сем гадоў таму?
- Пятнаццаць таму.
- Зноў ты сваё! – рассмяяўся Вакульскі. – ты не змяніўся!
- і ты не змяніўся! За паспяховасць тваіх намераў… Якія ні ёсць, ведаю адно, што мусяць быць годныя цябе. А цяпер – я маўчу…
Сказаўшы гэта, Ігнацы выпіў віно, а кілішак кінуў аб зямлю. Шкло разбілася са звонам, які абудзіў Іра.
         - Хадзем у лаўку, - прамовіў Ігнацы. – Бываюць размовы, пасля якіх добра гаварыць аб інтарэсах.
Ён дастаў са століка ключ і выйшлі. У сенцах павеяла на іх мокрым снегам.
Жэцкі адчыніў дзверы лаўкі і запаліў некалькі лямпаў.
- Што за тавары! – закрычаў Вакульскі. – Хіба ўсё новае?
- Амаль што. Хочаш паглядзець?... тут фарфор. Звяртаю тваю ўвагу…
- Пазней… Дай мне бухгалтарскую кнігу.
- Прыбытковую?
- Не, даўжнікоў.
Жэцкі адкрыў столік, дастаў кнігу і падсунуў крэсла. Вакульскі сеў і кінуўшы вокам на ліст, вынайшаў у ім адно прозвішча.
- Сто сорак рублёў, - прамовіў ён чытаючы, - ну, гэта ўвогуле няшмат…
- Хто ж гэта? – запытаў Ігнацы. – А… Ленцкі…
- У панны Ленцкай таксама адкрыты крэдыт… вельмі добра, - працягваў Вакульскі, наблізіўшы твар да кнігі, нібы ў ёй было напісана невыразна. А… а… заўчора ўзяла партмане… Тры рублі?... то хіба вельмі дорага…
- Зусім не, - заўважыў Ігнацы. – Партмане дасканалае, сам выбіраў.
- З якіх жа гэта? – спытаў між іншым Вакульскі і закрыў кнігу.
- З гэтай вітрынкі. Бачыш, якія гэта цацкі.
-Павінна была аднак шмат сярод іх перабраць… Яна падобна патрабавальная…
- зусім не перабірала, чаму б ёй перабіраць? – адказаў Ігнацы… - Агледзела гэта…
- Гэта?...
- А хацела ўзяць гэта…
- Ах, гэта… - шапнуў Вакульскі, беручы ў руку партмане.
- Але я параіў ёй іншае,  гэтага кшталту…
- Ведаеш што, што гэта аднак прыгожы выраб.
- Тое, якое я выбраў, было яшчэ прыгажэйшае.
- Гэта вельмі мне падабаецца. Ведаеш… я яго вазьму, бо маё ўжо ніякае…
- пачакай, знайду табе лепшае, - закрычаў Жэцкі.
- Усё роўна. Пакажы іншыя тавары, можа яшчэ што мне спатрэбіцца.
- Запанкі ёсць? … Гальштук, калошы, парасон…
- Дай мне парасон, ну… і гальштук. Сам выберы. Я буду сёння адзіным госцем і ў дадатак заплачу наяўнасцю.
- Вельмі добры звычай, - адказаў узрадаваны Жэцкі. Хутка дастаў гальштук з шуфляды і парасон з вітрыны і падаў іх са смехам Вакульскаму. – Пасля заканчэння зніжкі, дадаў ён – як гандляр, заплаціш сем рублёў. Прыгожы парасон… Дробязь…
- То ўжо вернемся да цябе, - прамовіў Вакульскі.
- Не агледзіш лаўку? – спытаў Ігнацы.
- Ах, якая мне справа…
- не цікавіць цябе твая ўласная лаўка, такая прыгожая лаўка?... – здзівіўся Ігнацы.
- Ну вось, зноў ты, як ты мог дапусціць… проста я крыху стомлены.
- Слушна, - адказаў Жэцкі. – Што праўда, тое праўда. То пойдзем.

Пазакручваў кноты ў лямпах і, прапусціўшы Вакульскага наперад, зачыніў лаўку. У сенцах зноў спаткаў іх мокры снег, а таксама  Павел, які нёс абед.

Комментариев нет:

Отправить комментарий