воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том2 РАЗДЗЕЛ 3 Як прарастаюць парасткі розных ілюзій

РАЗДЗЕЛ 3
Як прарастаюць парасткі розных ілюзій

Была ўжо палова дзевятай вечара, калі Вакульскі вяртаўся дадому. Сонца нядаўна зайшло, але востры зрок мог ужо  разгледзець большыя зоркі, якія пабліскваюць на залатаваталазурным небе. На вуліцах чуўся вясёлы шум ад шпацыроў; у сэрцы Вакульскага пасяліўся радасны спакой. Ён прыгадаў сабе кожны рух, кожную ўсмешку, кожны позірк і кожнае слова панны Ізабэлы, з падазроным непакоем вышукоўваў ў іх след непрыязнасці ці гордасці. Дарэмна. Яна ўспрымала яго як роўнага сабе і як сябра, запрашала, каб іх часцей наведваў, ба!... нават хацела, каб яе пра што-небудзь папрасіў… “А калі б я у гэту хвіліну зрабіў ёй прапанову, - прыйшло яму на думку, - то што?...”
І ён пільна ўглядаўся ў рысы яе вобразу, які яму напаўняў душу; але – зноў не заўважыў ані следу непрыязнасці. Так – жартаўлівая ўсмешка. “Яна адказала б – думаў ён – што яшчэ мала ведаем адно аднаго, што павінен яе заваяваць… Так… абавязкова б так адказала” – паўтараў ён, увесь час успамінаючы сабе несумненныя адзнакі сімпатыі.
“Увогуле – гаварыў ён, - я быў несправядліва інфармаваны наконт вышэйшага свету. А яны між іншым такія ж як і мы людзі; можа нават у іх больш тонкіх пачуццяў. Ведаючы, што мы ганяемся за прыбыткамі прытым грубіяны, яны пазбягаюць нас. Але даведаўшыся пра нашы сумленныя сэрцы, набліжаюць да сябе… Якая ж гэта цудоўная жонка можа быць з такой жанчыны! Натуральна, што яе павінен заваяваць. Яшчэ як!...”
І пад уплывам гэтых думак ён адчуваў, што абуджаецца ў ім нейкая вялікая добразычлівасць, якая ахоплівае найперш дом Ленцкіх, потым іх далейшых сваякоў, потым яго склеп і ўсіх людзей, якія ў ім працавалі, потым усіх купцоў, якія мелі з ім стасункі, і нарэшце – усю краіну і ўсё чалавецтва. Вакульскаму здавалася, што кожны мінак на шпацыру - гэта яго сваяк, бліжэйшы ці далейшы; вясёлы ці сумны. І крыху не хапала яму, каб стаў на ходніку і стаў чапляцца да людзей з пытаннем “Можа каму-небудзь з вас што-небудзь патрэбна?... Жадайце, загадвайце, калі ласка... ад яе імя...”
“Кепска ў мяне да гэтага часу праходзіла жыццё, - гаварыў ён сабе. – Я быў эгаістам. Ахоцкі – вось прыгожая душа: хоча даць крылы чалавецтву і дзеля гэтай ідэі забывае пра ўласнае шчасце. Слава, натуральна, з’яўляецца глупствам, але праца для шчасця ўсіх – гэта аснова… 
А потым дадаў з усмешкай: - Гэта жанчына ўжо зрабіла з мяне багатага і чалавека з рэпутацыяй, але калі будзе пярэчыць, зробіць з мяне – я не ведаю што?... напэўна святога пакутніка, які сваю працу, нават жыццё аддае для дабра іншых… Натуральна, што аддам, калі яна гэтага захоча!...”
Склеп яго быў ужо зачынены, але праз шчыліны вокнаў прабівалася святло.
“Штосьці яшчэ робяць”, - падумаў Вакульскі.
Ён павярнуў у браму і праз чорны ход увайшоў у магазін. На парозе ён сутыкнуўся з Зембам, што выходзіў і развітаўся з ім нізкім паклонам; у глыбіні ж магазіну было яшчэ некалькі асоб. Клейн узбіраўся на драбінку, каб штосьці паправіць на полках. Лісецкі апранаў паліто, за прылаўкам над кнігам сядзеў Жэцкі, а перад ім стаяў нейкі чалавек і плакаў.
- Стары едзе! – закрычаў Лісецкі.
Жэцкі, прысланяючы вочы рукой, паглядзеў на Вакульскага; Клейн пакланіўся яму пару разоў з верху драбінкі, а чалавек, што плакаў, павярнуўся раптам і з гучным енкам абняў яго за ногі.
- Што гэта?... – спытаў здзіўлены Вакульскі, пазнаючы ў заплаканым старога інкасатара Абермана. 
– Ён растраціў больш чатырохсот рублёў, - адказаў Жэцкі сурова. – Натуральна, што не наўмысна, галаву даю за гэта, але і фірма несці страты не можа, тым больш, што пан Аберман мае ў нас некалькі соцен рублёў ашчаднасці. Адно з двух, - працягваў раздражнёны Жэцкі, - ці пан Аберман заплоціць, ці пан Аберман страціць месца… Добра вялі б мы справы, маючы ўсіх такіх інкасатараў як пан Аберман…
- Заплачу, пане, - сказаў, шморгачы носам, інкасатар, - я заплачу, але раскладзіце мне гэта хоць на пару гадоў. Гэта ж тыя пяцьсот рублёў, якія захоўваю ў вас, гэта ўсё маё багацце. Хлопец скончыў школу і хоча вучыцца на доктара, ды і старасць не за гарамі… Тольк Бог і вы, пане, ведаеце, колькі чалавек павінен напрацавацца, каб сабраць такія грошы… Я павінен быў бы другі раз нарадзіцца, каб зноў іх сабраць…
Клейн і Лісецкі, абодва апранутыя, чакалі рашэння гаспадара.
-       Так, - азваўся Вакульскі, - фірма не можа несці страты. Аберман заплоціць.
-       Я слухаюся, - прашаптаў няшчасны інкасатар.
Паны Клейн і Лісецкі развіталіся і выйшлі. За імі, уздыхаючы збіраўся і Аберман пакінуць магазін. Але калі засталіся толькі ўтрох, Вакульскі дадаў хутка:
-       Аберман, заплаціце, а я вам вярну…
Інкасатар кінуўся яму ў ногі.
-       З дазвалення!... з дазвалення, - перапыніў Вакульскі, паднімаючы яго.  – Калі слоўца скажаш каму пра нашу дамову, забяру свае словы назад, разумееш, Аберман?... Інакш усе захочуць растрачваць грошы. Таму ідзі дадому і маўчы…
-       Я разумею. Няхай Бог спашле на вас усё самае найлепшае, - адказаў інкасатар і выйшаў, дарэмна імкнучыся схаваць радасць.
-       Ён ужо спаслаў найлепшае, - прамовіў Вакульскі, думаючы пра панну Ізабэлу. 
Жэцкі быў незадаволены.
-       Ведаеш, мой Стах, - азваўся, калі яны засталіся адны, - што лепш зробіш, калі не будзеш умешвацца ў справы склепа. Я наперад ведаў, што ўсёй сумы не загадаеш яму вяртаць; я сам не хацеў бы гэтага. Але са сто рублёў, як пакаранне, ён, галган, павінен быў заплаціць… Зрэшты, д’ябал яго бяры, можна было і ўсё дараваць: але належала хоць  пару тыдняў патрымаць яго ў няпэўнасці… Інакш лепш адразу прыкрыць  лаўку.
Вакульскі смяяўся.
-       Я баяўся б боскага гневу, - адказаў той, - калі б у такі дзень пакрыўдзіў чалавека.
-       У які дзень?... – спытаў Жэцкі, шырока адкрываючы вочы.
-       Няважна. Сёння толькі бачу, што трэба быць літасцівым.
-       Ты быў такім заўсёды і аж занадта, - абурыўся пан Ігнацы – і пераканаешся, што да цябе людзі так не будуць ставіцца.
-       Ужо ставяцца, - прамовіў Вакульскі і падаў яму руку на развітанне.
-       Ужо ставяцца?... – паўтарыў пан Ігнацы, перадражніваючы яго. –Ужо ставяцца!... Я не жадаю табе, каб калі-небудзь табе спатрэбілася правяраць іх пачуцці…
-       Яны ёсць без праверкі. Дабранач.
-       Ёсць!... ёсць!... Мы ўбачым, як яно будзе выглядаць у выпадку патрэбы. Дабранач, дабранач… - гаварыў стары распарадчы, з шумам хаваючы кнігі.
Вакульскі ішоў дадому і думаў:
“Трэба нарэшце нанесці візіт Кшэшоўскаму… Я пайду заўтра… Цалкам прыстойны чалавек… перапрасіў панну Ізабэлу. Заўтра падзякую яму і – няхай мяне ліха возьме – калі не паспрабую дапамагчы. Хоць з такім гультаём і легкадумным чалавекам цяжкая справа… Але гэта няважа, паспрабую… Ён перапрасіў панну Ізабэлу, я вызвалю яго ад даўгоў”. Пачуцці спакою і непарушнай пэўнасці так у гэту хвіліну пераадольвалі ўсе іншыя ў душы Вакульскага, што калі ён вярнуўся дадому, замест марыць (што ў яго звычайна здаралася), ён узяўся за працу. Знайшоў тоўсты сшытак, ужо з большага спісаны, потым кнігу з польска-ангельскімі практыкаваннямі і пачаў пісаць сказы, вымаўляючы іх напаўголас і намагаючыся як найдакладней следаваць свайму настаўніку, пану Вільяму Колінзу.
Падчас некалькіхвілінных перапынкаў ён думаў то пра заўтрашні візіт у барона Кшэшоўскага і аб спосабе вызвалення яго ад даўгоў, то пра Абермана, якога ён выбавіў з няшчасця.
“Калі блаславенства мае якую-небудзь вартасць, - сказаў ён сабе, - увесь капітал блаславенстваў Абермана, разам са складаным працэнтам, саступлю ёй…”
Потым прыйшло яму на думку, што гэта не вельмі прымальны падарунак для панны Ізабэлы – ашчаслівіць толькі аднаго чалавека. Увесь свет - не можа; але варта было б з нагоды больш блізкага знаёмства з паннай Ізабэлай дапамагчы бадай некалькім асобам.
“Другім будзе Кшэшоўскі, - думаў ён, - але ратаваць такіх удальцоў – ніякая не заслуга… Ага!... Ударыў сябе рукой па лбе і пакінуўшы практыкаванні англійскай мовай дастаў архіў сваёй прыватнай карэспандэнцыі. Гэта была саф’янавая вокладка, дзе па датах ён змяшчаў прыйшлыя лісты, спіс якіх знаходзіўся на пачатку.
“Ага! – гаварыў ён – ліст маёй манашкі-магдаленкі і яе апякунак, старонка шэсцьсот тры…”
Ён знайшоў старонку і з увагай прачытаў два лісты: адзін напісаны элегантна, другі – нібыта яго крэсліла дзіцячая рука. У першым яму паведамлялі, што такая-та і такая Марыя, некалі дзяўчына лёгкіх паводзін, цяпер навучылася шыць бялізну, асвоіла кравецтва і вызначаецца набожнасцю, паслухмянасцю, лагоднасцю і добрымі звычкамі. У другім лісце гэта самая Марыя… дзякавала яму за датыхчасовую дапамогу і прасіла толькі пра знаходжанне якога-небудзь занятку.
“Няхай ужо вяльможны і добры пан, - пісала яна, - калі па ласцы Бога мае такія вялікія фонды, на мяне грэшную іх не выдаткоўвае. Бо я цяпер сама сабе магу дапамагчы,толькі б было за што рукі зачапіць, а людзей, у якіх патрэба большая, чым у мяне, няшчаснай і зганьбаванай, у Варшаве хапае…”
Вакульскаму прыкра зрабілася, што падобная просьба некалькі дзён чакала адказу. Таму адразу адпісаў і паклікаў слугу.
-       Гэты ліст, - прамовіў ён, - адашлеш ранкам у манастыр магдаленак…
-       Абавязкова, - адказаў слуга, намагаючыся перамагчы пазяханне.
-       Прывядзеш да мяне таксама фурмана Высоцкага, гэтага з Тамкі, ведаеш?...
-       О, яшчэ б не ведаць. Але вы чулі…
-       Толькі каб прыйшоў мне сюды ранкам…
-       О!... чаму не. Але вы чулі, што Аберман растраціў вялікія грошы? Быў тут вечарам і кляўся, што заб’е сябе ці зробіць сабе што дрэннае, калі пан не злітуецца над ім. Я кажу: “Не рабіце глупства, не забівайце сябе, пачакайце… Наш стары мае мяккае сэрца…” А ён кажа: “Я таксама так лічу, але усё роўна будзе цяжка, бо хоць трохі ды вылічаць, а тут сын ідзе вучыцца на медыка, а тут старасць хапае чалавека за полы…
-       Прашу цябе, ідзі спаць, - перапыніў яго Вакульскі.
-       Пайсці-та я пайду, - злосна адказаў слуга, - але ж у вас такая служба, што горш, чым у астрозе: нават спаць нельга ісці тады, як хочацца…
Ён забраў ліст і выйшаў.
На другі дзень каля дзевятай ранкам слуга пабудзіў Вакульскага, паведамлячы яму, што чакае Высоцкі.
-       Ну дык няхай уваходзіць. 
Праз хвіліну ўвайшоў фурман. Ён быў прыстойна апрануты, насвежа паголены і з вясёлым позіркам. Наблізіўся да ложка і пацалаваў Вакульскаму рукі.
-       Мой Высоцкі, падобна пры тваім пакоі ёсць свабодны пакой?
-       А так, вяльможны пане, бо ў мяне дзядзька памёр, а яго кватаранты, бестыі, не хацелі плаціць, таму я іх выгнаў. На водку то ў нягодніка ёсць, а на каморныя яму не хапае…
-       Я найму ў цябе гэты пакой, - сказаў Вакульскі, - толькі трэба яго адчысціць… Фурман пазіраў на Вакульскага здзіўлены.
-       Там будзе жыць маладая швачка, - сказаў потым Вакульскі. – Няхай сталуецца ў вас, няхай ёй твая жонка мые бялізну… Няхай паглядзіць, чаго ёй не хапае? На мэблю і на бялізну я дам грошы… Потым будзеце назіраць, ці не прыводзіць каго дадому…
-       О не! – усклікнуў з ажыўленнем фурман. – Колькі разоў будзе вяльможнаму пану патрэбна, я яе сам завяду; але каб хто з горада – то не!... З такой справы вяльможны пан мог бы толькі прыдбаць няшчасці…
-        Ты дурань, мой Высоцкі. Мне з ёй бачыцца няма патрэбы. Толькі б была ахайная ў доме, працавітая, то няхай сабе ходзіць, дзе хоча. Толькі няхай да яе не ходзяць. Дык разумееш: трэба ў пакоі адсвяжыць сцены, памыць падлогу, купіць танную мэблю, але новую і добрую, разбіраешся ў гэтым?
-       Яшчэ як. Колькі я ў жыцці мэблі навазіў…
-       Добра. А твая жонка няхай паглядзіць, што ёй патрэбна з бялізны і адзення, і дасць мне ведаць.
-       Я ўсё разумею, вяльможны пане, - адказаў Высоцкі, зноў цалуючы яго руку.
-       Але… А што ж з тваім братам?...
-       Няблага, вяльможны пане. Сядзіць, дзякаваць Богу і вяльможнаму пану, у Скерневіцах, мае зямлю, наняў парабка і цяпер з яго вялікі пан. Праз пару гадоў яшчэ зямлі дакупіць, бо сталуецца ў яго адзін пуцявы абходчык і вартаўнік, і два змазчыкі. Нават яму цяпер чыгунка заробку дадала…
Вакульскі развітаўся з фурманам і пачаў апранацца. “Я хацеў бы праспаць той час, пакуль зноў яе не ўбачу”, - думаў Вакульскі.
У магазін яму не хацелася ісці. Ён узяў нейкую кніжку і чытаў, вырашаючы для сябе паміж першай і другой гадзінамі выбрацца да барона Кшэшоўскага. Аб адзінаццатай у пярэднім пакоі пачуўся званок і шум адчыненых дзвярэй. Увайшоў слуга.
- Нейкая панна чакае…
- Прасі ў залу, - прамовіў Вакульскі.
У зале зашамацела жаночая сукенка. Вакульскі, які стаяў на парозе, убачыў сваю манашку-магдаленку. Яго здзівілі незвычайныя змены ў ёй. Дзяўчына была апранута ў чорнае, мела бледную, але здаровую скуру і нясмелы позірк. Заўважыла Вакульскага і зачырванелася ды задрыжала. – Сядайце, панна Марыя, - азваўся ён, паказваючы ёй на крэсла.
Яна села на краі аксамітнай мэблі, яшчэ мацней засаромеўшыся. Яна хутка міргала павекамі; яна пазірала ў зямлю, а на вейках бліснулі кроплі слёз. Інакш яна выглядала два месяцы таму.
- Значыць вы ўжо ўмееце шыць, панна Марыя?
- Так.
- І дзе ж вы маеце намер размясціцца?
- Можа ў які магазін ці служанкай… у Расію…
- Чаму ж туды?
- Там падобна лягчэй атрымаць працу, а тут… хто ж мяне прыме? – шапнула яна.
- А калі б тут які склад браў у вас бялізну, дык ці не дало б гэта магчымасці застацца?
- О так… Але тут трэба мець уласную машыну і памяшканне; і ўсё… У каго гэтага няма, павінен ісці служанкай.
Нават голас яе змяніўся. Вакульскі пільна прыглядаўся да яе, нарэшце прамовіў:
-       Застанецеся тымчасам у Варшаве. Жыць будзеце на Тамцы, разам з сям’ёй фурмана Высоцкага. Гэта вельмі добрыя людзі. Пакой у вас будзе асобны, сталавацца будзеце ў іх, а машынка і ўсё, што будзе патрэбна для шыцця бялізны, знойдзецца таксама. Рэкамендацыі на склад бялізны я вам дам, а праз пару месяцаў паглядзім, ці зможаце ўтрымліваць сябе з гэтай працы. – Вось адрас Высоцкіх. Я прашу туды зараз пайсці, купіць з Высоцкай мэблю, прасачыць, каб упарадкавалі пакой. Машынку я прышлю вам заўтра… А вось грошы на гаспадарчыя патрэбы. Я пазычаю іх; вернеце мне іх часткамі, калі пойдзе справа.
Ён падаў ёй больш дзесятка рублёў, закручаных у картку для Высоцкага. А калі яна вагалася, ці ўзяць іх, уціснуў ёй скрутак у руку і прамовіў:
-       Я прашу, вельмі прашу зараз жа ісці да Высоцкіх. Праз пару дзён ён прынясе вам ліст на склад бялізны. У надзвычайным выпадку я прашу паведаміць мне. Бывайце, пані…
Ён пакланіўся і адышоў у свой кабінет.
Дзяўчына яшчэ з хвіліну пастаяла на сярэдзіне залы; потым выцерла слёзы і выйшла, напоўненая нейкім урачыстым здзіўленнем.
“Паглядзім, як яна будзе паводзіць сябе ў новых умовах” – прамовіў сабе Вакульскі і зноў засеў да чытання.
А першай гадзіне падаўся Вакульскі да барона Кшэшоўскага, па дарозе выгаворваючы сабе, што так позна робіць візіт свайму экс-праціўніку.
“Няважна, - суцяшаў ён сябе. – Я не мог яго наведаць, калі ён быў хворы. А картку даслаў”.
Наблізіўшыся да дому, у якім кватараваў барон, Вакульскі мімаходам заўважыў, што сцены камяніцы маюць такі нездаровы зеленаваты колер, як Марушэвіч – жаўтаваты, і што ралеты ў пакоі Кшэшоўскага узнятыя:
“Відаць ён ужо здаровы, - думаў ён. – Не выпадае аднак адразу пытацца пра яго даўгі. Я зраблю гэта падчас другога ці трэцяга візіта; потым заплачу крэдыторам і бедны барон уздыхне. Я не магу быць абыякавым да чалавека, які папрасіў прабачэння ў панны Ізабэлы…”
Ён увайшоў на першы паверх і пазваніў. У пакоі чуваць былі крокі, але адчыняць не спяшаліся. Ён пазваніў другі раз. Хадзьба, і нават перасоўванне мэблі адбывалася далей за дзвярыма, але зноў не адчынялі. Ад нецярплівасці ён пацягнуў шнурок званка так моцна, што амаль яго не сарваў. У гэты час толькі наблізіўся хтосьці да дзвярэй і пачаў флегматычна здымаць ланцужок, круціць ключом і адсоўваць засаўку, бурчачы:
-       Відаць свой… Яўрэй бы так не званіў…
Нарэшце адчыніліся дзверы і на парозе стаяў лёкай Канстанты. Пры выглядзе Вакульскага ён прыкрыў вочы і адставіўшы ніжнюю губу спытаў:
-       І што гэта?...
Вакульскі зразумеў, што яму не прыходзіцца карыстацца прыязнасцю вернага слугі, які быў на дуэлі.
-       Пан барон дома? – спытаў ён.
-       Пан барон ляжыць хворы і нікога не прымае, бо зараз у яго доктар.
Вакульскі дастаў сваю картку і два рублі.
-       Калі ж больш-менш можна наведаць пана?
-       Толькі, толькі не зараз… - адказаў трохі лагодней Канстанты. – Бо пан хворы з-за стрэлу і дактары загадалі яму сёння-заўтра ехаць у цёплыя краіны ці на вёску.
-       Значыць да выезду нельга сустрэцца?
-       О, зусім нельга… Дактары строга загадалі не прымаць нікога. Пан увесь час у ліхаманцы…
Два картачныя столікі, з якіх у аднаго была паламаная ножка, а ў другога – густа заплямленае чарніламі сукно, а таксама кандэлябры з рэшткамі васкавых свечак  вымагалі сумніву ў дакладнасці апісанняў Канстантага.
Нягледзячы на гэта, Вакульскі яшчэ дадаў яму рубель і адышоў, як найменш незадаволены ад прыёму.
“Можа барон, - думаў ён, - папросту не хоча майго візіту? Ха!у такім выпадку няхай плаціць крэдыторам і закрываецца ад іх аж чатырма спосабамі замкоў…”
Ён вярнуўся да сябе.
Барон сапраўды меў намер выехаць на вёску і быў нездаровы, але і не такі ўжо хворы. Рана ў шчацэ гаілася вельмі марудна; не таму, што была цяжкая, але таму што арганізм пацыента быў моцна зношаны. У хвіліну візіту Вакульскага барон быў сапраўды абкручаны як старая жанчына на марозе, але ён не ляжаў у ложку, толькі сядзеў на крэсле і пры ім быў не доктар, а граф Ліціньскі.
Якраз наракаў графу на не лепшы стан здароўя.
-       Д’ябал вазьмі, - казаў ён, - настолькі подлае жыццё! Бацька пакінуў мне сапраўды паўмільёна рублёў у спадчыну, але разам з тым чатыры хваробы, з якіх кожная вартая мільёна… Як нязручна без пенснэ!.. Ну вось і ўявіце сабе, граф: грошы разышліся, а хваробы засталіся. Ды і сам я сабе дадаў пару новых хвароб і крыху даўгоў, таму – сітуацыя ясная: нават калі б шпількай падрапаўся, то адразу павінен пасылаць па труну і натарыуса.
-       Так-с! – азваўся граф. – Аднак я не лічу, каб пан ў падобнай сітуацыі выдаткоўваў на натарыусаў.
-       Якраз  мяне  і знішчаюць судовыя выканаўцы…
Барон, распавядаючы, нецярпліва прыслухоўваўся да рэха, якое лалятала да яго з пярэдняга пакою, - але нічога не мог разабраць. Толькі калі пачуў, як зачыніліся дзверы, гук засоваў  ды закладання ланцужка, раптоўна паклікаў:
-       Канстанты…
Праз хвіліну ўвайшоў слуга, не надта спяшаючыся.
-       Хто быў?... Пэўна Голдцыгер… Я сказаў табе, каб з гэтым нягоднікам ты не ўдаваўся ні ў якія разборы, толькі схапіў за чуб і спусціў са сходаў. Уявіце сабе, пане, - звярнуўся ён да Ліціньскага, - гэты подлы яўрэй надакучае мне з фальшывым векселем на чатырыста рублёў і мае бессаромнасць жадаць яго аплаты!...
-       Трэба распачаць працэс, так-с…
-       Я не распачну… Я не пракурор, абавязак якога раскрываць падробнікаў. Зрэшты я не хачу даваць ініцыятыву для таго, каб загубіць якога-небудзь пэўнага бедака, які забіваецца працай над падробкай чужых подпісаў… Я таму чакаю, каб Гольдцыгер звярнуўся ў суд, і тады толькі я, нікога не вінавацячы, прызнаю, што подпіс не мой.
-       Але гэта быў не Гольдцыгер, - адказаў Канстанты.
-       А хто?... Распарадчы… можа кравец?...
-       Не…Гэты пан… - прамовіў слуга і падаў картку Кшэшоўскаму. – Прыстойны чалавек, але я яго выгнаў, калі ж вы так загадвалі…
-       Што? – спытаў здзіўлены граф, пазіраючы на картку. – Ты загадаў не прымаць Вакульскага?...
-       Так, - пацвердзіў барон. – Дрэнная асоба, і як найменш… не для вышэйшага свету…
Граф Ліціньскі з пэўным націскам пасунуўся на крэсле.
-       Я не спадзяваўся пачуць такое меркаванне аб гэтым пане… ад вас… Так-с…
-       Не ўспрымайце, пане, гэтага, што я кажу, у нейкім значэнні знявагі, - паспяшаўся патлумачыць барон. – Пан Вакульскі не зрабіў нічога дрэннага, толькі… такое невялікае свінства, якое можна ўчыніць у сферы гандлю, але не ў вышэйшым свеце…
Граф з крэсла, а Канстанты з парогу ўважліва прыглядаліся да Кшэшоўскага.
- Падумайце самі, пане граф, - казаў далей барон. – Кабылу маю я прадаў пані Кшэшоўскай (перад Богам і людзьмі законнай маёй жонцы) за васемсот рублёў. Пані Кшэшоўска на злосць мне (не ведаю нават за што!) вырашыла абавязкова яе прадаць. Ну і трапіўся набыўца, пан Вакульскі, які карыстаючыся афектам жанчыны, вырашыў зарабіць на кабыле… дзвесце рублёў!... бо даў за яе толькі шэсцьсот…
- Меў права, так-с, - заўважыў граф.
- Эх! Божа… Я ведаю, што ён меў права… Але чалавек, які напаказ выкідвае тысячы рублёў, а дзесьці ў кутку зарабляе на істэрычках па дваццаць пяць працэнтаў, такі чалавек не мае густу… Гэта не джэльтэнмен… Злачынства ён не ўчыніў, але… ён такі няроўны ў стасунках, як хтосьці, хто раздаючы знаёмым у прэзент дываны і шалі, цягаў бы ў незнаёмцаў хустачкі да носа. Запярэчце гэтаму…
Граф маўчаў і толькі праз хвіліну азваўся:
-       Так-с!... Ці гэта аднак пэўна?
-       Больш чым. Дагаворы паміж пані Кшэшоўскай і гэтым панам вёў мой Марушэвіч і ведаю гэта ад яго.
-       Так-с. У любым выпадку пан Вакульскі добры купец і наша прадпрыемства будзе весці…
-       Калі вас не абдурыць…
 Тымчасам Канстанты, увесь час стоячы на парозе, пачаў са шкадаваннем ківаць галавой, аж пакуль з нецярплівасцю азваўся:
-       Эх!... што ж вы гаворыце… Цьфу… зусім як дзіця…
Граф зірнуў на яго з цікавасцю, а барон выбухнуў:
-       А ты што, блазне, балбочаш, калі цябе не пытаюць?...
-       Натуральна, што балбачу, бо пан гаворыць, і робіць зусім як дзіця… я ж толькі лёкай, але абраў бы верыць таму, хто мне дае два рублі за візіт, чым таму, што ў мяне па тры рублі пазычае і зусім не спяшаецца аддаваць. От, што ёсць, сёння пан Вакульскі даў мне два рублі, а пан Марушэвіч…
-       Вон! – крыкнуў барон, хапаючыся за графін, ад віду якога Канстанты вырашыў найбольш карысным знікнуць ад свайго гаспадара  за таўшчынёй дзвярэй. – Ах гэты нікчэмнік лёкай! – дадаў барон, відавочна вельмі раззлаваны.
-       Вы пэўна добра ставіцеся да гэтага Марушэвіча? – спытаў граф.
-       Але ж бо гэта пачцівы хлопец… З якіх ён мяне сітуацый не выводзіў… колькі дае мне доказаў амаль сабачай прывязанасці…
-       Так-с!... – буркнуў граф у задуменні. Пасядзеў яшчэ некалькі хвілін, нічога не гаворачы, і нарэшце развітаўся з баронам.
Ідучы дадому граф Ліціньскі некалькі разоў вяртаўся ў думках да Вакульскага. Ён лічыў натуральнай рэччу, што купец зарабляе нават на скакуне; насамрэч адчуваў нейкую непрыемнасць у адносінах да падобных аперацый, і ўжо зусім дрэнна ставіўся да Вакульскага, што мае справы з Марушэвічам, фігурай як найменш падазронай.
“Звычайны, разбагацелы парвеню! – прабурчаў граф. – Рана мы ім захапляліся, хаця… прадпрыемствам можа кіраваць… Зразумела, пры пільным кантролі з нашага боку”.
На працягу пары дзён, каля дзевятай ранкам, Вакульскі атрымаў два лісты: адзін ад пані Мелітон, другі ад адваката князя.
Ён нецярпліва адкрыў першы, у якім пані Мелітон напісала толькі такія словы: “Сёння ў Лазенках у звычайны час”. Ён перачытаў яго пару разоў, пасля чаго з неахвотай узяўся за ліст адваката, які запрашаў яго таксама сёння а адзінаццатай ранкам на сустрэчу па справе куплі дома Ленцкіх. Вакульскі глыбока ўдзыхнуў; у яго быў час.
Роўна аб адзінаццатай ён быў у кабінеце мецэната, дзе ўжо застаў старога Шлангбаума. Міжволі заўважыў, што сівы яўрэй вельмі паважна выглядае на фоне карычневай мэблі і такога ж абабіцця і што мецэнату вельмі да твару пантофлі з карычневага саф’яну.
-Вы шчаслівы, пане Вакульскі, - азваўся Шлагбаум. – Ледзь толькі вам захацелася купіць дом, а ўжо цэны на дамы ідуць угору. Я кажу, слова даю, што вы за паўгода вернеце свой наклад на гэтую камяніцу і яшчэ што-небудзь заробіце! І я пры вас…
- Вы думаеце? – адказаў недаверліва Вакульскі.
- Я не думаю, - сказаў яўрэй, - я ўжо зарабляю. Учора адвакат пані баранэсы Кшэшоўскай пазычыў у мяне дзесяць тысяч рублёў да свята Новага года і даў васемсот рублёў працэнту.
- Што ж гэта, і ў яе ўжо няма грошай? – спытаў Вакульскі адваката.
- У яе ў банку дзевяноста тысяч рублёў, але на гэта барон паклаў арышт. Добры напісалі шлюбны кантракт, ці не так?... – засмяяўся адвакат. -  Муж кладзе арышт на грошы, якія з’яўляюцца несумніўнай уласнасцю жонкі, з якой распачаты працэс аб падзеле… Я, праўда, такіх кантрактаў не пісаў, ха,ха!... – смяяўся адвакат, пацягваючы дым з доўгага бурштыну.
- На што ж баранэса пазычае ад вас гэтыя дзесяць тысяч рублёў, пане Шлангбаум? – спытаў Вакульскі.
- Вы не ведаеце? – адказаў яўрэй. – Цэны на дамы ідуць угору, і адвакат вытлумачыў пані баранэсе, што камяніцу пана Ленцкага яна не купіць танней, чым за семдзесят тысяч рублёў. Яна хацела б купіць яе за дзесяць тысяч, ну, але што зробіш?...
Мецэнат сеў перад пісьмовым столікам і папрасіў слова.
-       Таму, шаноўны пане Вакульскі, камяніцу сям’і Ленцкіх (ён злёгку схіліў галаву) купляе, ад вашага імя, не я, а прысутны тут (пакланіўся ён) пан С. Шлангбаум.
-       Магу купіць, чаму не, -  шапнуў яўрэй. – Але за дзевяноста тысяч рублёў, не танней, - заўважыў Вакульскі – і праз аукцыён… - дадаў ён з націскам.
-       Чаму не? Гэта не мае грошы!... Вы хочаце плаціць, значыць у вас будуць канкурэнты на аўкцыёне… Каб у мяне было столькі тысяч, колькі тут,у Варшаве, можна наняць на кожную справу вельмі прыстойных асоб ды да таго ж католікаў, то я быў бы багацейшы за Ротшыльда.
-       Значыць будуць прыстойныя канкурэнты, - паўтарыў мецэнат. – Дакладна. Зараз я аддам пану Шлангбауму грошы…
-       Гэта непатрэбна, - заўважыў яўрэй.
-       А потым напішам акцік, моцай якога пан С. Шлангбаум бярэ доўг ад вяльможнага С. Вакульскага у эквіваленце дзевяноста тысяч рублёў і такая сума пацвярджаецца набытай ім камяніцай. Калі ж пан С. Шлангбаум да 1 студзеня 1879 года  вышэйпазначанай сумы не верне…
-       І не вярну.
-       У такім выпадку купленая ім камяніца пасля яснавяльможных Ленцкіх пераходзіць ва ўласнасць вяльможнага С. Вакульскага. 
– У гэту хвіліну можа перайсці… Я нават у яе не загляну, - адказаў яўрэй, машучы рукой.
-       Выдатна! – усклікнуў мецэнат. – Заўтра будзе ў нас акцік, а праз тыдзень… дзесяць дзён, камяніца. Толькі б вы не страцілі на ёй каля ці больш дзесятка тысяч рублёў, шаноўны пане Станіславе.
-       Толькі зараблю, - адказаў Вакульскі і развітаўся з мецэнатам і Шлангбаумам.
-       Але, але… - падхапіў мецэнат, адвёўшы Вакульскага ў салон. – Нашы графы ўтвараюць прадпрыемства, толькі крыху змяншаюць долі і жадаюць вельмі дасканалага кантролю справы.
-       Маюць рацыю.
-       Найбольш асцярожным аказаўся граф Ліціньскі. Я не разумею, што з ім зрабілася…
-       Ён дае грошы, таму і асцярожны. Пакуль даваў толькі слова, быў больш смелы…
-       Не,не, не!... – перапыніў яго адвакат. – У гэтым штосьці ёсць і я гэта высветлю…  Хтосьці нам свінню падклаў…
-       Не вам, а мне, - усміхнуўся Вакульскі. -  У выніку, усё адно мне і нават зусім я не гневаўся б, калі б панове гэтыя не стваралі прадпрыемства…
Ён яшчэ раз развітаўся  з адвакатам і пабег у свой склеп . Там знайшлося некалькі важных спраў, якія затрымалі яго неспадзявана доўга. Толькі а палове другой ён быў у Лазенках. Суровы холад парку, замест таго, каб супакоіць, хваляваў яго. Ён бег так хутка, што хвілінамі прыходзіла яму на думку: ці не звяртае ён увагі мінакоў? Тады ён запавольваў крок і адчуваў, што нецярплівасць разрывае яму грудзі.
“Ужо іх напэўна не сустрэну!” – паўтараў ён з роспаччу.
Тут жа на беразе става, на фоне зялёных траўнікаў, ён заўважыў шэраваты плашчык панны Ізабэлы. Яна стаяла на беразе ў таварыстве графіні і бацькі і кідала пернікі лебедзям, з якіх нават адзін выйшаў з вады на сваіх непрыгожых лапах і размясціўся ля ног панны Ізабэлы.
Першы ўбачыў Вакульскага пан Томаш.
- Што за выпадак! – усклікнуў ён, звяртаючыся да Вакульскага. – Вы ў гэты час у Лазенках?...
Вакульскі пакланіўся  да паняў, заўважыўшы з прыемным здзіўленнем румянец на твары панны Ізабэлы.
- Бываю тут, калі перапрацуюся… Гэта здараецца досыць часта…
- Беражы сілы, пане Вакульскі… - папярэдзіў яго пан Томаш, урачыста пагражаючы пальцам… - Напрыклад, - дадаў ён паўголасам – уявіце сабе, што за маю камяніцу ўжо баранэса Кшэшоўска хоча даць семдзесят тысяч рублёў… З пэўнасцю я вазьму за яе сто тысяч, а можа і сто дзесяць… Блаславёныя гэтыя аўкцыёны!...
- Я так рэдка вас бачу, пане  Вакульскі, - заўважыла графіня, - што вымушана зараз вырашыць справу…
- Я да паслуг пані…
- Пане! – усклікнула яна з камічнай пакорлівасцю складаючы рукі, - я прашу  штуку паркалю для маіх сірот… Бачыць пан, як навучылася прасіць міласціну?
- Пані графіня можа жадае дзве штукі?...
Толькі ў тым выпадку, калі другая будзе штукай грубага палатна…
- О цёця, гэта ўжо занадта!... – перапыніла яе панна Ізабэла са смехам. – Калі вы не хочаце страціць багацце, - звярнулася яна да Вакульскага, - то ўцякайце адгэтуль. Я забіраю вас у бок Аранжарэі, а гэтае паньства няхай тут адпачываюць…
- Бэла, не баішся?... – азвалася цётка.
- Цёця, хіба вы сумняваецеся, што ў таварыстве пана не спаткае мяне нічога дрэннага…
Вакульскаму ўдарыла кроў у скроні; на вуснах графіні прамільгнула ледзь заўважная ўсмешка. Гэта была адна з тых хвілін, калі прырода стрымлівае свае вялікія сілы і творыць адвечную працу, каб палепшыць шчасце істот дробных і знікомых.
Вецер заледзьве веяў, і толькі для таго, каб прахалоджваць птушанят, якія спалі ў гнёздах, і аблегчыць лётанне насякомых, якія спяшаліся на вясельны юбілей. Лістота дрэў трымцела так далікатна, нібы варушыў яе не матэрыяльны павеў, а промні святла, якія ціха праслізгвалі. Тут і там, у набранай вільгаццю гушчыні, блішчэлі кроплі расы як пырскі вясёлкі, што ўпала з неба.
Зрэшты ўсё стаяла на месцы: сонца і дрэвы, снапы святла і ценю, лебедзі на ставе, раі камароў над лебедзямі, нават пабліскваючая хваля на лазурнай вадзе. Вакульскаму здавалася, што ў гэту хвіліну ад’ехаў з зямлі хуткі паток часу, застаўляючы толькі пару белых аблокаў на небе – і ад гэтай пары не зменіцца ўжо нічога; усё застанецца так сама на вякі. Што ён з паннай Ізабэлай будзе вечна хадзіць па асветленым лузе, абое абкружаныя зялёнымі аблокамі дрэў, сярод якіх дзе-нідзе, як пара чорных брыльянтаў, блішчаць цікаўныя вочы птушак. Што ён заўсёды будзе поўны бясконцай цішыні, яна такая летуценная і залітая румянцам, што перад імі заўсёды, як цяпер, будуць ляцець у паветры вось гэтыя два белыя матылі, якія цалуюцца.
Яны былі на палове дарогі да Аранжарэі, калі панна Ізабэла, відаць ужо занепакоеная гэтым спакоем у прыродзе і паміж імі, загаварыла:
-       Праўда, прыгожы дзень? У горадзе спякота, тут прыемны холад. Я вельмі люблю Лазенкі у гэты час: мала людзей, таму кожны можа знайсці куточак выключна для сябе. Вы любіце самотнасць?
-       Я прывык да яе.
-       Вы не былі на Росі?... – дадала яна, чырванеючы яшчэ больш. – Росі вы не бачылі?... – паўтарыла яна, пазіраючы яму ў вочы са здзіўленнем.
-       Я не быў, але… пайду…
-       Мы з цёцяй былі ўжо на двух прадстаўленнях.
-       Я буду хадзіць на ўсе…
-       Ах, як гэта добра! Вы пераканаецеся, што гэта за вялікі артыст. Найбольш удала грае Рамэо, хаця… ужо не першай маладосці… Цёця і я ведаем яго асабіста з Парыжа… Вельмі мілы чалавек, але перадусім геніяльны трагік… У яго ігры самы праўдзівы рэалізм спалучаецца з самым паэтычным ідэалізмам…
-       Павінен быць сапраўды вялікім, - заўважыў Вакульскі, - калі абуджае ў вас столькі ўвагі і сімпатыі.
-       Маеце слушнасць. Я ведаю, што ў жыцці я не зраблю нічога надзвычайнага, але ўмею як найменш ацэньваць людзей незвычайных… У кожнай сферы… нават – на сцэне… Аднак уявіце сабе, што Варшава не ацэньвае яго як належыць?...
-       Ці гэта магчыма?... Ён жа іншаземец…
-       А вы з’едлівы, - адказала яна з усмешкай, - але я палічу гэта на кошт Варшавы, а не Росі… Сапраўды, сорамна за наш горад!... Я калі б была светам (але светам мужчын!) , засыпала б яго вянцамі, а рукі балелі б у мяне ад воплескаў… Тут жа воплескі досыць скупыя, а пра вянцы ніхто і не думае… Мы па сутнасці яшчэ варвары…
-       Воплескі і вянцы гэта рэч такая дробная, што… на найбліжэйшым спектаклі Росі можа мець іх хутчэй занадта шмат, чым занадта мала, - прамовіў Вакульскі.
-       Вы ўпэўнены? – спытала яна, выразна пазіраючы яму ў вочы.
-       Але ж… гарантую, што так і будзе…
-       Я буду вельмі задаволеная, калі споўніцца ваша прароцтва; можа ўжо вернемся да паньства, якое мы пакінулі?
-       Хто пані прыемны, той заслугоўвае на найвышэйшае прызнанне…
-       З дазвалення! – перапыніла яго, смеючыся. – У гэтую хвіліну сказаў пан камплімент самому сабе…
Яны вярнуліся ад Аранжарэі назад.
-       Уяўляю сабе здзіўленне Росі, - гаварыла далей панна Ізабэла, -  калі спаткаюць яго авацыі. Ён ужо засумняваўся і – амаль шкадуе, што прыехаў у Варшаву… Артысты, не выключаючы найвялікшых, гэта незвычайныя людзі: без славы і прызнання не могуць жыць, як мы без ежы і паветра. Праца, хаця б самая плённая, але ціхая, ці прысвячэнне гэта не для іх. Яны абавязкова павінны высоўвацца на першы план, звяртаць на сябе позіркі ўсіх, панаваць над сэрцамі тысяч… Сам Росі казаў, што хацеў бы на год раней памерці на сцэне поўнага і ўсхваляванага тэатра, чым на год пазней у нешматлікім акружэнні. Як гэта дзіўна!...
-       Ён мае рацыю, калі напоўнены тэатр з’яўляецца для яго найвышэйшым шчасцем.
-       Вы лічыце, што ёсць такое шчасце, якое варта аплаціць больш кароткім жыццём? – спытала панна Ізабэла.
-       І няшчасці, якіх варта пазбягаць гэтым чынам, - адказаў Вакульскі.
Панна Ізабэла задумалася і ад гэтага часу яны ішлі абое моўчкі.
Тымчасам седзячы на возеры і працягваючы  карміць лебедзяў графіня размаўляла з панам Томашам.
-       Ты не лічыш, - гаварыла яна, - што гэтаму Вакульскаму нібыта падабаецца Бэла?
-       Не лічу
-       Нават вельмі; сённяшнія купцы ўмеюць рабіць смелыя праекты.
-       Ад праекту да яго выканання надта далёка, - адказаў крыху раздражнёны пан Томаш. – Хоць бы аднак жа нават так і было, мне няма ніякай справы. Над думкамі пана Вакульскага я не паную, а за Бэлачку я спакойны.
-       Я, у выніку, нічога не маю супраць гэтага, - дадала графіня.  – Што б ні адбылося, я згаджуся з воляй боскай, калі маюць прыбытак на гэтым бедныя… Увесь час маюць прыбытак… Мой прытулак хутка будзе першым у горадзе, і толькі таму, што гэты пан неабыякавы да Бэлачкі…
-       Супакойся… Вяртаюцца! – перапыніў пан Томаш.
Сапраўды панна Ізабэла з Вакульскім паказаліся ў канцы дарожкі.
Пан Томаш прыгледзеўся да іх уважліва і толькі цяпер заўважыў, што двое гэтых людзей падыходзяць адзін аднаму ростам і рухамі. Ён, на галаву вышэйшы і моцна складзены, ступаў як былы вайсковец; яна крыху драбнейшая, і больш вытанчаная, пасоўвалася нібы плыла. Нават белы цыліндр і светлае паліто Вакульскі пасавала да шэраватага плашчыка панны Ізабэлы. 
– Адкуль у яго гэты белы цыліндр? – падумаў пан Томаш з горыччу.
Потым прыйшла яму на думку дзіўная рэч:што Вакульскі гэта выскачка, які за права насіць белы цыліндр павінен бы яму плаціць як найменш пяцьдзесят працэнтаў ад пазычанага капіталу. – Аж сам зварухнуў плячыма.
-       Як там прыгожа, цёця, у тых алеях! – закрычала, набліжаючыся, панна Ізабэла. – мы з цёцяй ніколі не бываем у тым баку. Лазенкі толькі тады прыемныя, калі можна хадзіць па іх хутка і далёка.
-       У такім выпадку папрасі пана Вакульскага, каб часцей цябе суправаджаў, - адказала графіня тонам нейкай асаблівай слодычы.
Вакульскі пакланіўся, панна Ізабэла нязначна звяла бровы, а пан Томаш прамовіў:
- Можа мы вернемся дадому…
- Я падумаю, - адказала графіня.
- Вы яшчэ застанецеся, пане Вакульскі?
- Так. Ці магу я вас правесці да экіпажу?
- Калі ласка. Бэла, падай мне руку.
Графіня з паннай Ізабэлай пайшлі наперад, за імі пан Томаш з Вакульскім.
Пан Томаш адчуваў у сабе столькі горычы, кіслаты і цяжару ад выгляду белага цыліндра, што не хочучы быць няветлівым прымушаў сябе ўсміхацца. І нарэшце, жадаў якім-небудзь чынам забавіць Вакульскага, то зноў пачаў гаварыць яму пра сваю камяніцу, з якой ён мае надзею атрымаць сорак, а магчыма і пяцьдзесят тысяч чыстага прыбытку.
Лічбы гэтыя са свайго боку дрэнна падзейнічалі на настрой Вакульскага, які сказаў сабе, што больш трыццаці тысяч рублёў ўжо ніхто не ў стане дакласці.
Толькі калі пад’ехаў экіпаж і пан Томаш дапамог дамам і сеў сам ды закрычаў: “Кранайся” у Вакульскім знікла пачуццё непрыемнае, а прачнуўся сум па панне Ізабэле.
“Так нядоўга!” – шапнуў ён, пазней зірнуў, уздыхнуўшы, на лазенкаўскаю дарогу, дзе ў гэту хвіліну з'явілася зялёная бочка пажарных, якая прызначана і для паліву дарог.
Ён пайшоў яшчэ ў бок Аранжэрэі, той самай сцежкай, што і раней, разглядаючы на дробным пяску сляды чаравічкаў панны Ізабэлы. Штосьці тут змянілася. Вецер дуў мацней, замуціў ваду у возеры, паразганяў матылёў і птушак, а затое нагнаў больш аблокаў, якія час ад часу прыглушалі святло сонца.
“Як тут сумна!” – прашаптаў ён і павярнуў на дарогу.
Сеў у свой экіпаж і прыкрыўшы вочы насычаўся яго лёгкім калыханнем. Яму здавалася, што ён як птушка сядзіць на галіне, якую вецер нахіляе ўправа і ўлева, уверх і ўніз, а потым раптам рассмяяўся, узгадаўшы сабе, што гэтае лёгкае калыханне каштуе яму амаль тысячу рублёў штогод.
“Я дурань, дурань! – паўтараў ён. – Навошта я пнуся паміж людзей, якія ці не разумеюць маіх ахвяр, ці смяюцца з нязграбных намаганняў. Навошта мне гэты экіпаж?... Ці не мог ездзіць на фурманцы ці на гэтым траскучым омнібусе з палатнянымі фіранкамі…” Спыніўшыся перад домам, ён прыгадаў сабе абяцанне, якое даў панне Ізабэле у дачыненні да авацый для Росі.
“Натуральна, што атрымае авацыі, ды яшчэ якія… Заўтра спектакль…
К вечару паслаў слугу у магазін па Абермана. Сівы інкасатар прыбег зараз жа, з трывогай пытаючыся ўдушы: ці Вакульскі не раздумаў і не загадае яму вярнуць растрачаныя грошы?...
Але Вакульскі прывітаў яго вельмі ласкава і нават забраў у свой кабінет, дзе яны з паўгадзіны размаўлялі. Пра што?...
Пытанне, пра што Вакульскі мог размаўляць з Аберманам, вельмі зацікавіла лёкая. Відаць, пра растрачаныя грошы… Заклапочаны слуга прыкладаў па чарзе вока і вуха да дзіркі для ключа, шмат бачыў, шмат чуў, але нічога не мог зразумець. Ён бачыў, што Вакульскі дае Аберману цэлы пачак пяцірублёвак і чуў такія вось словы:
-       У Вялікім Тэатры… на балконе і галёрцы… капельдынеру вянец, букет праз аркестр… 
"Што гэта бестыя, стары, ужо пачынае гандляваць білетамі ў тэатр ці што?..."
Пачуўшы ў кабінеце шум паклонаў, слуга ўцёк у пярэдні пакой, каб там прыціснуць Абермана. Калі ж інкасатар выйшаў, то ён азваўся:
-       Што, скончылася з грашыма?... Шмат я тут сліны сапсаваў, каб стары дапамог пану Аберману, і нарэшце я пераканаў яго, што ён мне сказаў:
“Убачым, будзе, што будзе!...” Ну, і я бачу, што пан Аберман дабіўся сёння торгу… Што ж, гаспадар у добрым настроі!...
- Як звычайна, - адказаў інкасатар.
- Але ж вы і нагаварыліся з ім. Відаць, што пра штосьці большае, чым грошы… Можа і пра тэатр, бо стары любіць тэатр…
Але Аберман паглядзеў на яго па-воўчы і выйшаў маўклівы. Слуга у першы момант адкрыў рот ад здзіўлення, але апамятаўшыся, пагразіў услед яму кулаком.
- Пачакай! – прабурчаў ён, - я табе адплачу… Вялікі мне пан такі, паглядзіце на яго… Скраў чатырыста рублёў і ўжо не хоча пагаварыць з чалавекам!


Б.Прус Лялька Том 2 Раздзел 2 Яна – ён і іншыя


Раздзел 2
Яна – ён і  іншыя


У той дзень, калі Вакульскі павінен быў прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была трохі раззлаваная і вельмі летуценная, а таму ў цэлым – вельмі прыгожая.
Спаткала яе сёння шчасце і расчараванне. Вялікі трагік італьянскі, Росі, вядомы ёй і цётцы яшчэ з Парыжа, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Адразу ж наведаў графіню і занепакоена дапытваўся пра панну Ізабэлу. Ён тут быў ужо другі раз і графіня спецыяльна для яго запрасіла пляменніцу. Тымчасам Росі не прыйшоў; прыслаў толькі ліст, у якім перапрашаў за  расчараванне і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкай высокапастаўленай асобы.
Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы; яна закахалася ў яго, і нават не хавала сваіх пачуццяў, наколькі, зразумела, гэта было магчымым для паненкі яе становішча ў свеце. Знакаміты артыст ведаў аб гэтым, бываў штодзень у доме графіні, іграў і дэкламаваў усё, што яму загадвала панна Ізабэла, а ад’язджаючы ў Амерыку, падарыў ёй італьянскі экзэмпляр "Рамэо і Джульета" з прысвячэннем: “У кволай мухі больш моцы, гонару і шчасця, чым у Рамэа…” Навіна аб прыбыцці Росі ў Варшаву і аб тым, што ён пра яе не забыўся, усхвалявала панну Ізабэлу. Ужо а першай апоўдні яна была ў цёткі. Штохвіліны ўставала да вакна, кожны шум рабіў больш хуткім біццё яе сэрца, ад кожнага гуку званка ўздрыгвала; забывалася ў размове, на твар яе выступіў моцны ружанчык… Ну – і Росі не прыйшоў!...
А такая сёння была прыгожая. Апранулася спецыяльна для яго ў ядвабную сукенку крэмавага колеру (здалёк выглядала гэта як пакамечанае палатно), у вушах былі брыльянтавыя завушнічкі (не большыя за зерне гароху)  і пунцовая ружа на плячы. І толькі. Але няхай пашкадуе Росі, што яе не бачыў!
Пасля чатырохгадзіннага чакання вярнулася дадому абураная. Але нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі экзэмпляр Рамэо і Джульеты і праглядаючы яго, думала: “калі б раптам увайшоў сюды Росі?”
Нават было б лепш тут, чым у графіні. Без сведкаў ён мог бы шапнуць ёй якоесьці больш гарачае слоўца; пераканаўся б, што  яна шануе яго падарункі, і перадусім – пераканаўся б (аб чым так гучна кажа вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтай ружай і на гэтым блакітным крэсле яна выглядае як баство.
Яна прыгадала сабе, што на абедзе павінен быць Вакульскі, і мімаволі павяла плячыма. Галантэрэйны купец пасля Росі, якога ведаў увесь свет, падаўся ёй такім смешным, што папросту агарнула яе літасць. Калі б Вакульскі у гэту хвіліну апынуўся ля яе ног, яна можа нават запусціла б пальцы ў яго валасы і, забаўляючыся ім, як вялікім сабакам, чытала б вось гэтую скаргу Рамэо перад Ларэнца:
“Неба тут, дзе жыве Джульета. Нават сабака, кот, нават мыш марная жыве ў небе, можа пазіраць на яе; толькі – Рамэо не можа! Кволая муха больш мае моцы, больш гонару і шчасця, чым Рамэо. Ёй можна дакранацца да дарагой рукі Джульеты і з палаючых вуснаў красці бессмяротнае збаўленне. У мухі таксама ёсць свабода, але ў Рамэо няма, бо ён выгнаны!... О кароль, злыя духі выюць, калі ў пекле пачуюць гэтае слова; у цябе ж ёсць сэрца, у цябе, святога спаведніка і сябар, драць з мяне палосы гэтым страшным словам – выгнанне…”
Яна ўздыхнула. – Хто ведае, колькі разоў паўтарае сабе гэтыя сказы вялікі падарожнік, думаючы пра яе?... І можа нават няма ў яго вернага сябра!... Вакульскі мог бы быць такім верным сябрам; ён напэўна ведае, як з-за яе можна ўпадаць у роспач, бо ён рызыкаваў дзеля яе жыццём.
Адгарнуўшы некалькі старонак назад зноў чытала: “Рамэо! Чаму ж ты з’яўляешся Рамэо? Пакінь гэта імя ці… пакляніся быць верным майму каханню, і тады я адмоўлюся ад роду Капулеці… Зрэшты – толькі тваё імя для мяне непрыемнае, бо ты ў істоце сваёй для мяне не Мантэкі… О вазьмі іншае імя, бо што ёсць імя? Тое, што называем ружай, пад іншай назвай таксама б пахла: так і Рамэо, без назвы Рамэо, усю б сваю вартасць захаваў. Таму, Рамэо – пакінь тваё імя, а ўзамен за тое, што нават не з’яўляецца часткай цябе, вазьмі мяне… ах!... усю…”
Якое ж было дзіўнае паміж імі падабенства: ён – Росі, акцёр, а яна – панна Ленцкая. Пакінь сваё імя, пакінь сваю прафесію… Так, але што ж бы тады засталося…
Зрэшты нават князёўна па крыві магла б выйсці за Росі і свет толькі дзівіўся б яе прысвячэнню…
Выйсці за Росі?... Клапаціцца пра яго тэатральны гардэроб, а можа прышываць яму гузікі да начных кашуль?...
Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго без надзеі – гэтага досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кім-небудзь пра гэтае трагічнае каханне… Можа б з паннай Фларэнтынай. Не, у яе няма дастаткова спачування. Нашмат лепш падыходзіў бы для гэтага Вакульскі. Ён пазіраў ёй у вочы, пакутаваў бы за сябе і за яе, яна б расказвала яму з болем ад уласных і ягоных пакут і такім чынам вельмі прыемна праходзіў бы іх час. Купец галантэрэйны ў ролі сардэчнага сябра!... Можна зрэшты забыцца пра гэта купецтва.
У гэту самую хвіліну пан Томаш закручваў сівы вус і шпацыраваў па сваім кабінеце і думаў: “Вакульскі гэта чалавек вельмі спрытны і энергічны! Калі б у мяне была такая давераная асоба (тут ён уздыхнуў), то я не пазбыўся б багацця… Але, ужо адбылося: затое сёння ён у мяне ёсць… Ад камяніцы застанецца мне сорак, не – пяцьдзесят, а можа і шэсцьдзесят тысяч рублёў… Не, не перабольшвайма, няхай пяцьдзесят тысяч, ну – няхай бы толькі сорак тысяч… Я дам яму гэта, ён будзе мне плаціць з восем тысяч рублёў штогод, рэшту ж ( калі справа пойдзе ў яго руках, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў – я загадаю капіталізаваць… Праз пяць, шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо праз дзесяць – можа ўзрасці ў чатыры разы… Бо гэта ў аперацыях гандлёвых грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!... Вакульскі, калі з’яўляецца сапраўды геніяльным купцом, павінен мець і з пэўнасцю мае сто за сто. А ў такім выпадку я пагляджу яму ў вочы і скажу без хітрыкаў: “Вось што, даражэнькі, іншым можаш даваць пятнаццаць-дваццаць працэнтаў, а я-та ў гэтым разбіраюся”. І ён, натуральна, убачыўшы, з кім мае справу, памякчэе адразу і можа нават выдасць мне такі даход, пра які мне не снілася…” Званок у пярэднім пакоі прагучаў два разы. Пан Томаш адышоў углыб кабінета і сеўшы ў крэсле, узяў у рукі том прыгатаванай для гэтай мэты эканомікі Супіньскага. Мікалай адчыніў дзверы і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.
  
- А… вітаю!... – усклікнуў пан Томаш, падаючы руку.
Вакульскі нізка пакланіўся перад сівымі валасамі чалавека, якога рад быў называць сваім бацькам.
- Сядайце ж, пане Станіславе… Можа цыгарэту?... Прашу вас… Што там чуваць?... Якраз чытаю Супіньскага: разумная галава!... Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і зберагаць павінны знікнуць з паверхні зямлі… Толькі зберажэнне і праца!... Нягледзячы на гэта нашы кампаньёны пачынаюць строіць грымасы, ці не так?...
- Няхай робяць, як ім больш зручна, - адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні аднаго рубля.
- Але я не пакіну вас, пане Станіславе, - прамовіў пан Томаш тонам пераканаўчым. І дадаў праз хвіліну: - Гэтымі днямі я прадаю, ці хутчэй дапускаю да продажу свой дом. Быў з ім вялікі клопат: арандатары не плацяць, саветнікі злодзеі, а крэдытораў іпатэчных я павінен быў задавальняць з уласнай кішэні. Не дзівіся, што мне гэта ўрэшце  надакучыла…
- Натуральна, - заўважыў Вакульскі.
- У мяне ёсць надзея, - працягваў пан Томаш, - што застанецца мне з яго пяцьдзесят, ці хаця б сорак тысяч рублёў…
- Колькі вы спадзяецеся ўзяць за гэты дом?...
- Сто, да ста дзесяці тысяч рублёў… Дарэчы, што атрымаю, аддам вам, пане Станіславе.
Вакульскі пахіліў галаву у знак згоды і падумаў, што аднак пан Томаш за сваю камяніцу не атрымае больш чым дзевяноста тысяч рублёў. Бо гэтулькі ў яго было ў дадзены момант у распараджэнні, і не мог набіраць даўгоў без рызыкі для свайго крэдыту.
- Вам аддам, пане Станіславе, - казаў пан Ленцкі. – і якраз хацеў спытаць цябе, ці прымеш?...
- Але ж зразумела…
- І які мне дасцё працэнт?
- Гарантую дваццаць, а калі справы пойдуць лепш, то і больш, - адказаў Вакульскі, дадаючы ў душы, што больш чым пятнаццаць працэнтаў ён не мог бы даць каму іншаму.
“Клоун!... – падумаў пан Томаш. – У самога са сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”
Уголас аднак прамовіў:
-       Добра, дарагі пане Станіславе. Я прымаю дваццаць працэнтаў, калі б вы маглі мне выплаціць наперад.
-       Я заплачу наперад… кожныя паўгода, - адказаў Вакульскі, баючыся, каб пан Томаш не аддаў грошы вельмі хутка.
-       І на тое згода, - прамовіў пан Томаш тонам вялікай сардэчнасці. – Усе прыбыткі, - дадаў з лёгкім акцэнтам, - усе прыбыткі, што вышэй за дваццаць працэнтаў, прашу вас, каб не давалі іх мне ў рукі, хоць бы я… маліў, разумееце?... але каб далучаў да капітала. Няхай расце, праўда?...
-       Пані запрашаюць, - прамовіў у гэту хвіліну Мікалай, паказваючыся ў дзвярах кабінета.
Пан Томаш урачыста ўзняўся з крэсла і цырыманійным крокам правёў госця ў салон.
Пазней неаднаразова Вакульскі намагаўся узгадаць штосьці пра салон і як ён туды ўвайшоў; але цэласна факт не мог сабе прыгадаць.
Памятаў, што перад дзвярыма пакланіўся пару разоў пану Томашу, што потым агарнуў яго нейкі прыемны водар, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунцовай ружай на плячы, а потым – іншай высокай даме, апранутай у чорнае, якая пазірала на яго са страхам. Як найменш так яму здавалася.
Толькі праз хвіліну ён заўважыў, што дамай у крэмавай сукенцы была панна Ізабэла. Яна сядзела ў крэсле, з непараўнальнай прыязнасцю нахіленая ў яго бок, і лагодна пазіраючы яму ў вочы, сказала:
-       Тата мой як ваш кампаньён павінен будзе прайсці доўгую практыку, перш чым здолее задавольніць вас. Ад яго імя я прашу аб паблажлівасці.
Яна працягнула руку, да якой Вакульскі ледзь пасмеў дакрануцца.
-       Пан Ленцкі, - адказаў ён, - як кампаньён, патрабуе мець толькі даверанага адваката і бухгалтара, якія праз пэўны час пастаянна будуць кантраляваць рахункі. Рэшта належыць нам.
Яму здавалася, што сказаў штосьці вельмі неразумнае, і зачырванеўся.
-       У вас напэўна шмат працы пры такім магазіне… - заўважыла апранутая ў чорнае панна Фларэнтына і спужалася яшчэ мацней.
-       Не так і шмат. На мне дастаўка фондаў абаротных і завязванне стасункаў з набыўцамі і пакупнікамі. Відам тавару і ацэнкай яго кошту займаецца адміністрацыя магазіна.
-       Ці ж можна ў любым выпадку даверыцца чужым, - уздыхнула панна Фларэнтына.
-       У мяне дасканалая давераная асоба, і разам з тым сябар, які лепш вядзе справы, чым бы я гэта здолеў.
-       Вы шчаслівы, пане Станіславе… - падхапіў пан Ленцкі. – Не выязджаеце ў гэтым годзе за мяжу?
-       Я хачу быць у Парыжы на выставе.
-       Я зайздрошчу вам, пане, - азвалася панна Ізабэла. – Ужо два месяцы я толькі і мару пра парыжскую выставу, але тата неяк не праяўляе жадання да выезду…
-       Наш выезд цалкам залежыць ад пана Вакульскага, -адказаў бацька. – Я раю табе таму як найчасцей запрашаць яго на абед і падаваць смачныя стравы, каб у яго быў настрой.
-       Я абяцаю, што колькі разоў пан будзе ласкавы прыйсці да нас, сама загляну на кухню. Ці аднак добрых жаданняў хопіць у гэтым выпадку…
-       З удзячнасцю я прымаю абяцанне, - адказаў Вакульскі. – Аднак гэта не паўплывае на тэрмін выезду вас у Парыж, бо залежыць ён толькі ад панны жадання.
-       Мерсі… - шапнула панна Ізабэла.
Вакульскі схіліў галаву. Ведаю я гэта “мерсі”, - падумаў ён, - за яго расплачваюцца кулямі…”
-       Дазволіце запрасіць да стала?... - заўважыла панна Фларэнтына. 
Яны перайшлі ў сталовую, дзе на сярэдзіне стаяў акруглы стол, накрыты на чатыры асобы. Вакульскі апынуўся за ім паміж паннай Ізабэлай і яе бацькам, насупраць панны Фларэнтыны. Ужо быў зусім спакойны, такі спакойны, што аж яго гэта здзіўляла. Пакінула яго шаленства кахання і ён нават пытаў сам у сябе: ці яна тая жанчына, якую я кахаў?... Бо ці падобна кахаць так як ён і сядзячы за крок ад прычыны свайго шаленства, адчуваць такую цішыню ў душы, такую бясконцую цішыню?... думкі былі такія свабодныя, што не толькі дакладна бачыў кожнае змяненне выразу твараў сваіх суразмоўцаў, але яшчэ (што ўжо было пацешна), пазіраючы на панну Ізабэлу, рабіў сабе наступны падлік: “Сукенка. Пятнаццаць локцяў суровага ядвабу па рублю – пятнаццаць рублёў… Карункі з дзесяць рублёў, а праца з пятнаццаць… Разам – сорак рублёў сукенка, са сто пяцьдзесят завушніцы і дзесяць грошаў ружа…”
Мікалай пачаў падаваць стравы. Вакульскі без найменшага апетыту з’еў некалькі лыжак халадніка, запіў партвейнам, потым паспрабаваў паляндвіцу і запіў яе півам. Усміхнуўся, сам не ведаючы чаму, і ў прыступе нейкай блазанскай радасці вырашыў рабіць памылкі за сталом. Спачатку, пакаштаваўшы паляндвіцу, паклаў нож і відэлец на падстаўку побач з талеркай. Панна Фларэнтына аж здрыганулася, а пан Томаш з вялікім запалам пачаў расказваць пра вечар у Туілерыях, падчас якога па жаданні каралевы Яўгеніі ён танцаваў з жонкай нейкага маршалка менуэт.
Падалі судака, якога Вакульскі атакаваў нажом і відэльцам. Панна Фларэнтына амаль не самлела, панна Ізабэла зірнула на суседа з паблажлівай літасцю, а пан Томаш… пачаў таксама есці судака нажом і відэльцам.
“Якія ж вы дурні”, - падумаў Вакульскі, адчуваючы, што абуджаецца ў ім нешта накшталт пагарды да гэтага грамадства. Да ўсяго азвалася панна Ізабэла, зрэшты без ценю зласлівасці:
-       мусіць мяне тата некалі навучыць, як ядуць рыбу нажом.
Вакульскаму здалося гэта зусім нетактоўным.
“Я бачу, што маё каханне скончыцца тут яшчэ да канца абеду…”, - прамовіў ён да сябе.
-       Мая дарагая, - адказаў пан Томаш дачцэ, - невыкарыстанне нажа для рыбы гэта сапраўды прымха… Пэўна я маю рацыю, пане Вакульскі?
-       Прымха?... не скажу, - прамовіў Вакульскі. – Гэта толькі перанясенне звычаю з умоў, дзе ён дарэчы, да умоў, дзе не зусім дарэчы.
Пан Томаш аж зварухнуўся на крэсле.
-       Англічане лічаць гэта амаль абразай… - прагаварыла панна Фларэнтына.
-       У англічан марская рыба, якую можна есці адным відэльцам; нашу касцістую рыбу можна было б есці іншым спосабам…
-       О, англічане ніколі не парушаюць правілы, - не здавалася панна Фларэнтына.
-       Так, - сказаў Вакульскі, - не парушаюць правілаў у звычайных умовах, але ў незвычайных прыходзяць да правіла: рабіць , як больш зручна. Сам зрэшты бачыў вельмі выхаваных лордаў, якія бараніну з рысам елі пальцамі, а бульён пілі проста з гаршчка.
Спрэчка была вострая. Пан Томаш аднак прыслухоўваўся да яе з задавальненнем, а панна Ізабэла амаль са здзіўленнем. Гэты купец, які еў бараніну з лордамі і выкладаў так смела тэорыю выкарыстання нажа пры спажыванні рыбы, вырас у яе ўяўленні. Хто ведае, ці тэорыя не атрымалася не больш значная, чым дуэль з Кшэшоўскім.
- Дык вы не прымаеце этыкет? – спытала яна.
- не. Не хачу толькі быць яго нявольнікам.
- Аднак ёсць супольнасці, у якіх яго прытрымліваюцца заўсёды.
- Гэтага я не ведаю. Але бачыў найвышэйшы свет, дзе пра яго забывалі ў пэўных умовах.
Пан Томаш злёгку нахіліў галаву; панна Фларэнтына пасінела, панна Ізабэла пазірала на Вакульскага амаль прыязна. Нават больш чым амаль… Бывалі імгненні, падчас якіх яна марыла, што Вакульскі з’яўляецца нейкім Гарун-аль-Рашыдам, які выдае сябе за купца. У сэрцы яе абуджалася здзіўленне, нават – сімпатыя. З пэўнасцю гэты чалавек можа быць яе даверанай асобай; з ім яна зможа размаўляць пра Росі.
Пасля марожанага цалкам раздражненая панна Фларэнтына засталася ў сталовай, а рэшта таварыства перайшла на каву у кабінет гаспадара. Якраз Вакульскі скончыў свой кубак, калі Мікалай прынёс пану Томашу на падносе ліст, гаворачы:
-       Чакае адказу, ясны пане.
-       Ах, ад графіні… - прамовіў пан Томаш, зірнуўшы на адрас. – Вы дазволіце…
-       Калі пан не мае нічога супраць гэтага, - перапыніла панна Ізабэла, усміхаючыся Вакульскаму, - то пройдзем у салон, а тата тымчасам адпіша…
Яна ведала, што гэты ліст напісаў пан Томаш самому сабе; абавязкова меў патрэбу перадрамаць  хоць з паўгадзіны пасля абеду.
-       Не пакрыўдзіцца пан? – спытаў пан Томаш, паціскаючы руку Вакульскаму.
Пакінулі з паннай Ізабэлай кабінет і ўвайшлі ў салон. Яна з грацыяй, уласцівай толькі ёй, села на крэсла, паказваючы яму на другое, якое стаяла за пару крокаў. Вакульскаму, калі ён апынуўся з ёй сам-насам, кроў ударыла ў скроні. Хваляванне ўзмацнілася, калі ён заўважыў, што панна Ізабэла пазірае на яго нейкім дзіўным позіркам, нібы хацела працяць яго да дна і прыкаваць да сябе. Гэта ўжо не была  тая панна Ізабэла з ахвярванняў велікодных, ні нават са скачак; гэта была асоба разумная і адчувальная, якае хоча яго аб чымсьці сур’ёзна спытаць і хоча яму штосьці шчырае сказаць.
Вакульскаму было так цікава, што яна яму скажа, і так страціў усялякую ўладу над сабой, што напэўна забіў бы чалавека, які б яму ў гэту хвіліну перашкодзіў. Ён пазіраў на панну Ізабэлу ў маўчанні і чакаў.
Панна Ізабэла была заклапочаная: даўно ўжо яна не адчувала такога шаленства пачуццяў як у гэту хвіліну. У думках прабягалі спалучэнні слоў: “купіў сервіз” – “прайграваў наўмысна ў карты бацьку” – “зняважыў мяне”, а потым: “кахае мяне” – “купіў скакавога каня” – “удзельнічаў у дуэлі” – “еў бараніну з лордамі ў найвышэйшым свеце…
Пагарда, гнеў, здзіўленне, сімпатыя па чарзе наведвалі яе душу як кроплі густога дажджу; на дне гэтай буры жыла патрэба даверыць камусьці свае клопаты штодзённыя і свае розныя сумненні, і пра сваё трагічнае каханне  да вялікага акцёра.
“так, ён можа быць… ён будзе маім сардэчным сябрам!...” – думала панна Ізабэла, заглыбляючы салодкі позірк у здзіўленых вачах Вакульскага і лёгка нахіляючыся наперад, нібы хацела пацалаваць яго ў лоб. Потым ахапіў яе беспадстаўны сорам: яна адкінулася на парэнч крэсла, чырванела і міжвольна апускала доўгія вейкі, нібы яе сон марыў. Пазіраючы на гульню рысаў яе твару Вакульскі ўзгадаў цудоўныя хваляванні паўночнага ззяння і гэтыя дзіўныя мелодыі, без тонаў і без слоў, якія некалі адгукаюцца ў чалавечай душы, нібы рэха лепшага свету. У марах, ён прыслухоўваўся да гарачкавага цікання сталовага гадзінніка і біцця ўласных пульсаў, і здзіўляўся, што гэтыя два такія хуткія з’явішчы амаль цягнуцца ў параўнанні з бегам яго думкі.
“Калі ёсць якое неба, - гаварыў ён сабе, - бласлаўлёныя не адчуваюць большага шчасця, чым я ў гэту хвіліну.”
Маўчанне доўжылася ўжо так доўга, што пачало быць невыцерпным. Панна Ізабэла  апамяталася першая.
-       У вас было, -прамовіла яна, - непаразуменне з панам Кшэшоўскім…
-       З-за скачак… - заўважыў паспешна Вакульскі. – Барон не мог мне дараваць, што я купіў яго каня…
З хвіліну яна пазірала на яго з лагоднай усмешкай.
- Потым у вас была дуэль, якая… вельмі нас занепакоіла… - дадала яна цішэй. – А потым… барон перапрасіў мяне, -закончыла яна хутка, апускаючы вочы. – У лісце, напісаным з гэтай нагоды да мяне, барон гаворыць пра вас з вялікай павагай і прыязнасцю…
- Я вельмі… вельмі шчаслівы, - мармытаў Вакульскі.
- З-за чаго, пане?
- Што акалічнасці склаліся такім чынам… Барон вельмі выхаваны чалавек…
Панна Ізабэла працягнула руку і пакінуўшы яе на хвіліну ў распаленай далоні Вакульскага прамовіла:
-       Нягледзячы на несумніўную дабрату барона я аднак толькі вам дзякую, Дзякую… Ёсць паслугі, якія няхутка забываюць, і сапраўды… - тут яна пачала гаварыць павольней і цішэй, - сапраўды, аблегчыў бы пан маё сумленне, жадаючы чагосьці, што  б параўналася з вашай… ласкай… Вакульскі адпусціў яе руку і выпрастаўся на крэсле. Ён быў такі ап’янелы, што не звярнуў увагі на гэта малое слова “ласка”.
-       Добра, - адказаў ён. – Калі панна жадае, я прызнаю нават … заслугу. Ці ўзамен магу я звярнуцца з просьбай да вас?...
-       Так.
-       Тады, - гаварыў ён у гарачцы, - я прашу аб адным: каб я мог служыць вам, наколькі мне хопіць сіл. Заўсёды і ва ўсім.
-       Пане!... – перапыніла з усмешкай панна Ізабэла, - але ж гэта хітрасць. Я хачу сплаціць адзін доўг, а вы хочаце мяне змусіць да ўтварэння новых. Ці гэта магчыма?...
-       Што ў гэтым немагчымага?... Ці ж не прымаеце, пані, паслуг нават ад пасланцоў публічных?...
-       Але ім плацяць за гэта, - адказала яна, гулліва пазіраючы яму ў вочы.
-       І тая толькі паміж мной і імі розніца, што ім патрэбна плаціць, а мне не выпадае. Нават нельга.
Панна Ізабэла круціла галавой.
-       Тое, аб чым я прашу, -казаў далей Вакульскі – не пераўзыходзіць межы самых звычайных чалавечых стасункаў. Пані заўсёды загадваюць – мы заўсёды выконваем, гэта ўсё. Людзі, якія належаць да той жа што і вы сферы свецкай зусім не мелі патрэбы прасіць аб падобнай ласцы; для іх яна з’яўляецца штодзённым абавязкам, нават законам, і я дабіваўся яе, а сёння малю аб ёй, бо выкананне жаданняў вашых было б для мяне пэўнага кшталту надзяленнем шляхецкага звання. Божа літасцівы! Калі фурман і лёкаі могуць насіць адзенне вам, чаму ж я не магу заслугоўваць гэтага гонару.
-       Ах, аб гэтым вы гаворыце?... Даваць пану мой шаль не маю патрэбы; вы сам забралі яго сілком. А забіраць?... Ужо вельмі позна, хаця б з-за ліста барона.
Зноў яна падала яму руку, якую Вакульскі з пашанай пацалаваў. У бакавым пакоі пачуліся крокі і ўвайшоў пан Томаш выспаны, прамяністы. Яго прыгожы твар меў такі сардэчны выраз, што Вакульскі падумаў:
“Я буду жабраком, калі твае трыццаць тысяч рублёў прынясуць табе дзесяць тысяч штогод”. Яшчэ з чвэрць гадзіны яны пагаварылі ўтраіх, размаўляючы пра нядаўнюю забаву ў швейцарскай Даліне з мэтай дабрачыннасці, аб прыбыцці Росі і аб выездзе ў Парыж. Нарэшце Вакульскі  з жалем пакінуў мілае таварыства, абяцаючы прыходзіць часцей і адначасова з імі ехаць у Парыж.
- Убачыце, як там будзе весела, - прамовіла панна Ізабэла на развітанне.


Б.Прус Лялька том 2 раздзел 1 Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і як – розум


TOM II

Раздзел 1

Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і  як – розум



Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег са свайго склепа на вуліцу. Цесны пакой душыў яго, а размова з Жэцкім, на працягу якой распарадчы перасцярагаў яго і рабіў заўвагі, здавалася яму незвычайна неразумнай; ці не смешна, каб стары і астылы нежанаты чалавек, які верыць толькі ў склеп і ў Банапартаў, папракаў яго ў шаленстве!...
“Што ж я раблю дрэннага, - думаў Вакульскі, - што кахаю?... Можа крыху позна, але за ўсё жыццё я не дазваляў сабе падобнай раскошы. Кахаюць мільёны людзей, кахае увесь свет, які адчувае, чаму ж мне аднаму гэта павінна быць забаронена? Калі гэты асноўны пункт мае сэнс быцця, то мае яго ўсё, што раблю. Хто хоча ажаніцца, павінен валодаць багаццем, значыць – я здабыў багацце. Павінен наблізіцца да абранай жанчыны – я ужо наблізіўся. Павінен клапаціцца пра яе матэрыяльны быт і ахоўваць ад ворагаў – а я раблю і адно, і другое. Ці ў гэтым дамаганні шчасця я пакрыўдзіў каго? Ці не выконваю абавязкі у адносінах да грамадства і блізкіх?... Ах, гэтыя любыя блізкія і гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і рабіла мне ўсялякія перашкоды, і заўсёды ўзгадвае пра ахвяры з майго боку… Але менавіта гэта, што яны сёння называюць шаленствам, штурхае мяне да выканання нейкіх фікцыйных абавязкаў. Калі б не яно, я сядзеў бы сёння як моль у кніжках і некалькі соцен асоб мелі б меншыя заробкі. Дык чаго яны хочуць ад мяне? – пытаў ён сам сябе раздражнёны.
Рух на свежым паветры супакоіў яго; ён дайшоў да Алеі Іерусалімскай і павярнуў па ёй да Віслы. Абвеяў яго свежы вецер з усходу і разбудзіў тыя неакрэсленыя пачуцці, якія так жыва нагадваюць дзяцінства. Яму здавалася, што яшчэ на Новым Свеце быў дзіцем і што яшчэ адчувае ў сабе дрыжанне хваляў маладой крыві. Ён усміхаўся развозчыку пяску, які вёз свой тавар на бедалагу-кані ў паўдаўгаватай срыні, а жабрачка, падобная да вядзьмачкі, падалася яму вельмі мілай старэчай; радаваў яго свіст, які чуўся на фабрыцы і ён хацеў пагутарыць з грамадкай свавольнікаў-хлапчукоў, якія стаўшы на натуральным узвышэнні кідалі каменнем па праходзячых яўрэях. Упарта адганяў ад сябе думкі пра сённяшні ліст і заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў быць цвярозым, але гарачае пачуццё перамагло.
“Чаму яны мяне запрасілі? – пытаў ён, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ўнутры сябе. – Панна Ізабэла хоча са мной пазнаёміцца… Але ж відавочна даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!... Былі б напэўна сляпыя ці ідыёты, калі б не заўважылі, што са мной робіцца з-за яе…”
Ён пачаў так дрыжаць, што зуб на зуб не трапляў; тады ў ім адазваўся прыглушаны розум.
“З дазвалення. Ад аднаго абеду і аднаго візіту яшчэ вельмі далёка да больш блізкага знаёмства. На тысячу бліжэйшых знаёмстваў ледзь ці адно прыводзіць да шлюбнай прапановы; на дзесяць прапаноў – ледзьве ці адна прымаецца, а і з гэтых ледзьве палова заканчваецца шлюбам. Трэба быць поўным вар’ятам, каб нават пры бліжэйшым знаёмстве думаць пра шлюб, за які ледзьве адзін, а супраць якога з дваццаць шанцаў… Зразумела ці незразумела?”
Вакульскі мусіў прызнаць, што зразумела. Калі б любое знаёмства прыводзіла да шлюбу, кожная жанчына павінна была б мець больш дзесятка мужоў, кожны мужчына больш дзесятка жонак, каралі не справіліся б са шлюбамі, а ўвесь свет ператварыўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў.
Ён жа, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмцам  панны Ленцкай, але толькі знаходзіўся напярэдадні выпадку іх знаёмства.
“Што ж я атрымаў, - спытаў ён, - пасля балгарскіх небяспек і тутэйшых скачак ці дуэляў?...”
“Ты атрымаў большы шанц, - патлумачыў розум, - год таму ў цябе быў можа адзін са сто ці адзін з дваццаці мільёнаў верагоднасці, што ты з ёй ажэнішся, а праз год можа будзе адна дваццацітысячная…”
“праз год?... – паўтарыў Вакульскі і зноў ахапіў яго якісьці жорсткі холад. Аднак ён з яго выбраўся і запытаў: - А калі панна Ізабэла пакахае мяне ці ўжо кахае?...”
“Напярод, - належала б ведаць, ці панна Ізабэла ўвогуле можа кахаць каго-небудзь…”
“Дык ці ж яна не жанчына?”
“Трапляюцца жанчыны з дэфектам маральным, няздольныя кахаць увогуле нікога, апрача сваіх мімалётных капрызаў; гэта такі ж недахоп, як: глухата, слепата ці параліч, толькі менш відавочная.”
“Дапусцім…”
“Добра, - гаварыў далей голас, які Вакульскаму нагадваў сварлівае бурчанне доктара Шумана, - і калі гэтая пані ўвогуле магла кагосьці кахаць, то надыходзіць іншае пытанне: ці пакахае цябе?”
“ Я ж не такі агідны.”
“Але, можаш ім быць, як самы прыгожы леў агідны для каровы ці арол для гусыні. Бачыш, гавару табе нават кампліменты: параўноўваю цябе з ільвом і арлом, якія нягледзячы на ўсе свае станоўчыя рысы абуджаюць аднак агіду ў самак іншага віду. Таму пазбягай жанчын іншага гатунку чым твой…”
Вакульскі прачнуўся і пачаў азірацца. Ён быў ужо недалёка ад Віслы, каля драўляных свіранаў, а праязджаючыя фурманкі засыпалі яго чорным пылам. Хутка павярнуў да горада і пачаў разважаць.
“Ува мне два чалавекі – гаварыў ён – адзін цалкам разумны, другі вар’ят. Хто ж пераможа?... Ах, пра гэта я не клапачуся. Але што я зраблю, калі выйграе той, разумнік?... Што ж гэта за дрэнная рэч: валодаючы вялікім капіталам пачуццяў аддаць яго самцы іншага віду: карове, гусыні ці камусьці яшчэ больш горшаму?... Што ж гэта за прыніжэнне смяяца з трыўмфаў якогасьці быка ці гусака, і адначасова плакаць над уласным сэрцам, якое так балюча разадранае, так ганебна патаптанае?... Ці варта жыць далей у падобных умовах?”
І пры адной думцы аб гэтым Вакульскі адчуў прагу смерці, але такой поўнай , каб нават рэшткі яго праху не засталіся на зямлі. Паступова аднак ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў задумвацца ужо зусім холадна над наступным: ці на заўтрашні абед апрануць фрак, ці сурдут?... Або ці да заўтра не здарыцца якаясьці непрадбачаная перашкода, якая зноў не дазволіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым яшчэ зрабіў рахаванне апошніх гандлёвых абаротаў, выслаў пару тэлеграм у Маскву і Санкт-Пецярбург, і нарэшце напісаў ліст да старога Шлангбаума, прапануючы, каб яму пазычыў сваё прозвішча з мэтай набыцця дому Ленцкіх.
“Мецэнат мае рацыю, - думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужым імем. Інакш яны маглі б мяне падазраваць у жаданні выкарыстання іх ці – што горш – палічыць, што ў мяне намер аказаць ім ласку!...” Аднак жа пад покрывам звычайных заняткаў кіпела ў ім бура. Розум гучна прамаўляў, што заўтрашні абед нічога не азначае і не прадказвае. А надзея ціха… ціха шаптала, што – можа яго кахаюць, а можа толькі пачнуць кахаць. Але ціха… так ціха, што Вакульскі з найвялікшай увагай павінен прыслухоўвацца да яе шэпту. Наступны дзень, поўны значэння для Вакульскага, не адзначыўся ніякай асаблівасцю ні ў Варшаве, ні ў прыродзе.
Тут і там на вуліцы клубіўся пыл, узняты мётламі дворнікаў, фурманкі рухаліся без памяці ці затрымліваліся без прычыны, а бясконцы паток прахожых цягнуўся у адзін і другі бок толькі дзеля таго, напэўна, каб падтрымліваць рух у горадзе. Некалі каля сцен дамоў прасоўваліся людзі абадраныя, сагнутыя, з рукамі, уцягнутымі ў рукавы, як бы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам на сярэдзіне вуліцы паказваўся сялянскі воз, напоўнены бляшанымі бідонамі, і якім кіравала ўдалая жанчына ў сінім каптане і чырвонай хустцы на галаве.
Усё гэта раілася паміж дзвюмя доўгімі сценамі камяніц, пярэстабарвовых, над якімі ўзвышаліся ўзнесеныя фасады храмаў. На абодвух канцах вуліцы, нібы пільнуючы горад як вартавыя, узнімаліся два помнікі. З аднаго боку кароль Зыгмунт, які стаяў на вялізнай свечцы, нахіляўся да Бернардынцаў, відавочна жадаючы штосьці расказаць прахожым. З другога канца нерухомы Капернік, з нерухомым глобусам у руцэ, павярнуўся спіной да сонца, якое на дзень выходзіла з-за дома Карася, узнімалася над палацам Таварыства Сяброў Навук і хавалася за дом Замойскіх нібы наперакор афарызму: “Затрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым менавіта кірунку выглядаў са свайго балкону, мімаволі ўдыхнуў, узгадаўшы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома былі насільшчыкі і пільшчыкі, якія не вызначаліся, як вядома, вельмі дакладным знаёмствам з заслугамі Каперніка.
“Што яму ад таго, - думаў ён, - што ў некалькіх кнігах называюць яго гонарам народу… Працу для шчасця – разумею, але працы для фікцыі, якая называецца грамадскім дабром ці славай… я б не кранаў грамадства, няхай само пра сябе думае, а слава… Што мне перашкаджае ўяўляць сабе, што я ўжо валодаю славай напрыклад на Сірыусе? А Капернік жа не знаходзіцца сёння ў лепшым становішчы адносна зямлі і столькі яму справы да ўласнай статуі ў Варшаве, як мне да піраміды на планеце Вега!... Тры стагоддзі славы я аддам за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі з маёй дурноты, што некалі думаў інакш”. Як бы ў адказ на гэта заўважыўна другім баку вуліцы Ахоцкага; вялікі апантаны ішоў свабодна, с пахіленай галавой і рукамі ў кішэнях. Просты гэты збег выпадкаў глыбока закрануў Вакульскага; праз хвіліну паверыў нават у прадчуванне і падумаў з радаснай гордасцю:
“Ці не прадказвае мне гэта, што ў яго будзе слава Каперніка, а ў мяне – шчасце?... Дык будуй жа сабе лятальныя апараты, толькі пакінь мне сваю кузінку!... – Што гэта зноў за прымхі?... – апамятаўся ён праз хвіліну.   Я і прымхі!... У любым выпадку падабалася яму думка, што ў Ахоцкага будзе бессмяротная слава, а ў яго – жывая панна Ізабэла. Сэрца напоўніла яму бадзёрасць. Ён жартаваў над сабой, але нягледзячы на гэта адчуваў, што неяк больш у яго спакою і адвагі.
“Ну дапусцім, - сказаў ён, - што ў выніку пасля ўсіх маіх намаганняў – адмовіць мне… Ну?... слова гонару, што тут жа вазьму ўтрыманку і буду з ёй сядзець у тэатры каля ложы сям’і Ленцкіх. Слаўная пані Мелітон, а можа і гэты… Марушэвіч знойдуць мне жанчыну, з падобнымі да яе рысамі ( за больш дзесяці тысяч рублёў можна і гэта нават знайсці). Ад стоп да галавы апрану яе ў карункі, засыплю каштоўнасцямі, і тады пераканаемся, што перад ёй  памеркне панна Ізабэла. – Няхай жа сабе потым ідзе замуж хоць за маршалка, хоць за барона…”
Але ад думкі пра замуства панны Ізабэлы яго апанавала злосць і роспач. У такую хвіліну – ён хацеў бы увесь свет набіць дынамітам і ўзарваць. Але зноў апрытомнеў.
“Ну і што ж бы я зрабіў, калі б падабалася ёй выйсці замуж?... Не, нават калі б падабалася ёй мець каханкаў: аднойчы майго прыказчыка, другі раз якога-небудзь афіцэра, трэці раз фурмана ці лёкая… Ну і што б я меў зрабіць?...” Павага да чужой асобы і свабоды была ў ім настолькі вялікая, што перад ёй згіналася нават яго вар’яцтва.
“Што ж я зраблю…што ж зраблю?...” – паўтараў ён, сціскаючы далоньмі гарачую галаву.
На гадзіну забег у склеп, зрабіў некалькі спраў і вярнуўся да сябе; а чацвёртай слуга дастаў яму з камоду бялізну і прыйшоў фрыз’ер пагаліць яго і прычасаць.
-       Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаў ён у фрыз’ера.
-       Нічога, а будзе горш; кангрэс берлінскі думае як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а яўрэі – як давесці нас да рэшты… адказваў малады мастак, прыгожы як серафім, спрытны – нібы збег з часопісу для краўцоў.
Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і намыльваючы яму шчокі з хуткасцю бліскавіцы, казаў далей:
- У горадзе, пане, ціха да часу, а зрэшты нічога. Я быў учора з таварыствам на Кэмпе Саскай, але што ж гэта, пане, за ардынарная моладзь!... Яны патаўкліся ў танцы і калі ласка, мой пане, уявіце сабе… Галаву трохі вышэй, сіль ву пле…
- Патаўкліся ў танцы, - працягваў франт, бліскаючы ў яго перад вачамі лязом,  - і ўявіце сабе, што адзін хацеў ударыць другога ў твар, - а ўдарыў даму!... Пачаўся шум… дуэль… Мяне натуральна абралі секундантам і як раз быў сёння заклапочаны, бо ў мяне быў  толькі адзін пісталет, калі паўгадзіны таму прыходзіць да мяне крыўдзіцель і кажа, што ён не дурны страляцца і што пакрыўджаны  - можа яго перапрасіць, каб толькі адзін раз… Галаву направа. Сіль ву пле… Але ці ведаеце, пане, я быў так абураны (паўгадзіны таму), што схапіў хлоца за каўнер, каленам пад зад і – вон! За дзверы! З такім блазнам страляцца нельга, нэспа?... Цяпер налева, сіль ву пле. – Скончыў галіць, абмыў Вакульскаму твару і абхінуўшы яго ў строй, падобны да смяротнай кашулі дэліквентаў, працягваў далей:
- Я дарэчы ніколі у пана дабрадзея не заўважыў ні следу жанчыны: хоць прыходжу ў розны час…
Узяў у рукі грэбень і шчотку і пачаў прычэсваць.
-       Я прыходжу у розны час, а вока, пане, маю на гэтыя рэчы… ну!... Нягледзячы на гэта ані рубчыка спаднічкі, ні пантофельчыка, ні кавалачка стужкі! А нават аднойчы ў аднаго каноніка здарылася мне бачыць гарсэт; праўда, што знайшоў яго на вуліцы і якраз хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А, пане, у афіцэраў, асабліва ў гусараў!... (галаву ўніз, сіль ву пле…) Цэлая процьма!... У аднаго, пане, я сустрэў аж чатыры маладыя дамы і ўсе смяяліся… З таго часу, даю слова гонару, заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён мяне пакінуў і павінен мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна я мог даць шэсць рублёў, то хіба мне шкада пяці рублёў для такога віртуоза… Можа крыху падчарніць валасы, je suppose pue oui? (мяркую, што так)?
-       Вельмі вам удзячны, - адказаў Вакульскі.
-       Я дадумаўся да таго, уздыхнуў фрыз’ер. – Што ў шаноўным пане няма следу прэтэнзіі, а гэта дрэнна!... Я ведаю некалькіх балерынак, якія ахвотна завязалі з панам адносіны, і слова гонару даю, што варта! Цудоўна складзены, мускулы дубовыя, бюст як матрац на спружынах, рухі поўныя грацыі і зусім не перабольшаныя жаданні, асабліва па маладосці. Бо жанчына, пане, чым старэйшая, тым даражэйшая, напэўна і таму ніхто не западае на шасцідзесяцігадовых, бо ўжо няма ёй цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!... Пачаткоўцы ж дасць пан тры тысячы рублікаў у год, некалькі прэзенцікаў і будзе пану верная… Ах, гэтыя жанчынкі!... Я з-за іх неўралгію прыдбаў, але не магу на іх злавацца…
      Скончыў сваё мастацтва, пакланіўся паводле самых прыгожых правіл і выйшаў з усмешкай; пазіраючы на яго цудоўны выраз твару і партфель, у якім насіў шчоткі і лёзы, можна было яго прыняць за чыноўніка з міністэрства.
      Вакульскі пасля яго адыходу нават не падумаў пра маладых і непатрабавальных балерынак; займала яго вялікай важнасці пытанне, якое ён выражаў двума словамі: фрак ці сурдут? “Калі апрану фрак, буду падобны да элеганта, які прытрымліваецца правіл, да якіх мне ўвогуле няма справы. А калі апрану сурдут, магу абразіць Ленцкіх. Зрэшты няхай знойдзецца хто-небудзь нейтральны. Няма рады, калі я дайшоў да такога блазанства, як уласны экіпаж і конь на скачках, то ўжо фрак павінен апрануць!”
Так медытуючы, ён смяяўся з гэтай бездані дзяцінстваў, да якой штурхала яго знаёмства з паннай Ізабэлай.
“Ах, мой стары Хопфер! – сказаў ён – о вы, мае сябры універсітэцкія і сібірскія, ці хто з вас уяўляў сабе мяне, займаючымся падобнымі пытаннямі?...”
Ён апрануўся ў фракавы гарнітур і стаўшы перад люстрам адчуў задавальненне. Гэты абціслы строй найлепш падкрэсліваў яго атлетычныя формы.
Коні чакалі ужо чвэрць гадзіны і было ўжо палова шостай. Вакульскі апрануў лёгкае паліто і пакінуў жытло. Сядаючы ў экіпаж, ён быў вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, які ідзе насустрач небяспецы.