вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 8 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


8.  ЗАЛЯЦАННЕ АДАМА ДА ПАЎЛІНКІ
Адам - сын Эвяліны з Вендорфаў Шэмяшовай, якая была блізкай сваячкай і выхоўвалася разам з маці, і роднай сястрой цёткі Зубковай.  Пасля шлюбу з Казімірам Шэмешам, ігуменскім маршалкам, Эвеліна пасялілася ў Баратычах на беразе Беразіны, дзе звычайна жыў яе муж, нярэдка аднак наведвала родную Галынку, наша ж маці наведвала яе наўзаем і неаднойчы цэлымі тыднямі жыла ў Баратычах, з кожным разам усё больш сяброўскай прыязнасцю яднаючыся са сваёй стрыечнай сястрой.
Якраз у гэты час і з’явіўся на свет Адам, якога наша маці неаднойчы на руках мілавала, і пераносячы на сына прывязанасць, якую мела да яго маці, залічыла яго ад дзяцінства у спіс найбліжэйшых сэрцу свайму асоб.  Пасля ўласнага шлюбу маці наведала яшчэ пару разоў Баратычы падчас выездаў сваіх у Літву, а паколькі падрастаючы Адам быў вельмі разумны ды выказваў яскрава шляхетнасць характару, то першасная сімпатыя, жывячыся усё больш натуральнымі падставамі, ператваралася паволі ў сардэчнае, мацярынскае пачуццё.
Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэту Адам вярнуўся ў вёску, і маючы вялікую павагу да літаратуры і мастацтва, праводзіў свой час у чытанні і маляванні.  У часіны гэтай квітнеючай маладосці, калі душа поўніцца толькі ўражаннямі цяперашняга моманту, без клопатаў пра заўтра, Адам узяў несвядомы ўдзел ў трагічнай падзеі, якая не апошні уплыў зрабіла на далейшае развіццё яго характару.
Сястра Адама, Валерыя, выйшла нядаўна за Мечыслава Бярновіча, малодшы брат якога Уладзіслаў, аднагодак і сябар Адама, сардэчна сябраваў з нашым героем.  Хутка пасля сканчэння навучання свайго Уладзіслаў пакахаў з усёй моцай маладога пачуцця панну Ю. , блізкую сваю суседку, і як атрымаў яе ўзаемнасць, папрасіў рукі і ахвотна быў прыняты бацькамі.
Абое нарачоныя аднолькава шчодры мелі пасаг ад прыроды, хаця і мелі розныя характары.  Уладзіслаў з нязломнай воляй, рэдкай шляхетнасці і невыказальнай цноты малады чалавек, быў прызнаны перадусім як добры, дзейсны і сапраўдны грамадзянін.  Хапала яму папраўдзе навуковых ведаў і не пакінуў кнігі, перакладаў, практыкаваў літаратурныя заняткі, але лічыў чытанне хутчэй адпачынкам, чым працай.  Панна Ю.  ,наадварот, валодала паэтычнай душой, чулым сэрцам і вельмі жывой фантазіяй, а рэчаісны бок жыцця, з усім ланцугом штодзённых абавязкаў, трывожыў яе хутчэй, чым вабіў.  Сапраўднай і найвышэйшай прыемнасцю для яе была прыгожая музыка, чытанне твораў вялікіх майстроў, і асабліва стасункі з людзьмі, якія атрымалі ад Неба хаця б дробную іскрынку Божага натхнення.  Нягледзячы на такую супярэчлівасць інтарэсаў панна Ю.  ад першага погляду амаль адчула сімпатыю да Ўладзіслава.  Ці таму, што экзальтаваныя характары ва ўяўленні больш кахаюць, чым сэрцам нават, ды не патрабуюць, каб рэчаіснасць адпавядала іх марам.  Ці таму, што абуджанае сэрца маладога чалавека трапіла ў першы момант ў стан досыць паэтычнага натхнення, каб патрэбам сваёй абранніцы адпавядаць.  Ці нарэшце ў выніку таямнічай сілы кантрасту, што інстынктыўна шукаць нам загадвае ва ўпадабанай асобе прыкмет, якімі сам валодае? Досыць, што абое нарачоныя прывязаліся адно да другога наўзаем усім сэрцам і ў вясёлкавых колерах будучыню сваю бачылі.
Дзень шлюбу ўжо быў прызначаны і адно тыдзень аддзяляў  закаханых ад жаданай мэты іх мараў, калі прыехаў Шэмеш, якога панна Ю.  яшчэ не ведала.  Захоплены шэдэўрамі творчага генія, начытаны і красамоўны, ды што да таго ж няблага валодаў пяром ды пэндзлем, ён спалучаў у сабе амаль усе прыкметы, якіх паэтычная дзяўчына ад ідэалаў сваіх патрабавала.
Аднак жа Адам кантраставаў з Уладзіславам, ад якога знешнасцю нават адрозніваўся, бо  Уладзіслаў быў смуглы тварам брунет, з нерухомымі але класічнымі рысамі твару.  Адам жа – бландын, з валасамі, што віліся кольцамі, і поўным годнасці , але штохвіліны зменным выразам твару.  Непараўнальна менш практычны ў жыцці, чым Уладзіслаў, Адам пераўзыходзіў яго ў стасунках сяброўскіх, асабліва ў літаратурным і мастацткім асяродку, у якім адчуваў сябе як рыба ў вадзе.
Лёгка ўявіць, якое ўражанне Адам зрабіў на панну Ю. , якая першы раз у жыцці спаткала такое дакладнае ўцелясненне сваіх мараў.  Размаўляючы з ім цэлымі гадзінамі, яна не магла наталіцца святлом тых паэтычных размоў, у якіх іх погляды так былі згарманізаваны, што нібыта мелі адно сэрца ды адну душу на дваіх.  Калі Ўладзіслаў заўважыў гэта яе захапленне Адамам, то быў надта ўзрушаны такім сяброўствам і не ўтойваў ад сваёй нарачонай, што моцна непакоіла яго гэта першынство, якому яна аддавала перавагу.  Аднак далікатны і сардэчны спосаб, з якім прыняла вымоўку закаханага Уладзіслава панна Ю., не дазваляў яму сумнявацца, што эпізод знаёмства з Адамам праляціць, як лёгкая хмарка на даляглядзе іх шчасця.
Аднак напярэдадні шлюбу панна Ю.  ўвайшла ў гасцёшню ў чорнай сукенцы, і невыказальны сум вымалёўваўся на яе твары.  Уладзіслаў, засмучаны яе выглядам і  такім нязвыклым для нарачонай строем, запытаў з непакоем аб прычыне жалобы, лічачы, што яна страціла каго-небудзь з родных.  Яна ж аднак замест адказу паказала яму каляровую какарду, якая была схавана ў фалдах каўнерыка ў знак таго, што гэта не жалоба.  Размова яе пры гэтым была такая годная і сумная, нібы пакутавала ад самых цёмных прадчуванняў.  Спытала нават ва Уладзіслава, што б ён зрабіў, калі б згубіў яе перад шлюбам? І раіла яму, каб у такім выпадку ажаніўся з яе малодшай сястрой, дадаючы, што паколькі ў іх падобныя характары, то маглі б з ёй быць незраўнальна шчаслівымі.
Хаця і непакоілі Уладзіслава гэтыя размовы, аднак ведаючы экзальтацыю сваёй нарачонай, прыпісваў іх толькі аднамомантнаму пачуццю, не страчваючы надзеі, што са зменай настрою і цёмныя прадчуванні знікнуць.  Познім ужо вечарам нарачоныя развіталіся, ідучы адпачываць, а заўтра клятва шлюбу павінна была злучыць сакраментальным вузлом гэтыя два сэрцы, якія яшчэ нядаўна прагнулі надыходу гэтага моманту.  Але як толькі мужчынская частка размясцілася па рознага кшталту будынках, дзе мела свае тагачасныя кватэры, раптам вакол пачуліся роспачныя крыкі, без прытомнасці лёталі слугі па дзядзінцы, з просьбамі аб дапамозе.  Затрывожаны Уладзіслаў выбег хутчэй за іншых з флігеля, каб даведацца аб прычыне такога незвычайнага спалоху, калі сярод неразбярыхі і паўсюднага крыку данесліся да яго вушэй гэтыя страшныя словы: “Паненка атруцілася”.  Як перуном удараны і амаль беспрытомны ён ўбягае ў пакой нарачонай, шукае вачыма свой найдаражэйшы скарб, заўважае сваю каханую на ложку ў той жа чорнай сукенцы, у якой яна была ў хвіліну развітання, але смяротная бледнасць і спруцянелыя яе рукі аж занадта сведчаць, што страціў яе назаўсёды…
Ніхто не быў пасвечаны ў таямніцу сапраўдных прычын гэтага самагубства: ні адзін ліст, ні адно слоўца не кідалі найменшага промня на гэтую страшную трагедыю, якога таямніца сышла назаўжды з няшчаснай ахвярай у зямлю.  Паўсюдна прыпісвалі гэты крок роспачы ад раптоўнага развітання ў душы з Адамам, якое пры жывой фантазіі экзальтаванай дзяўчыны і пры адсутнасці досыць грунтоўных рэлігійных правіл падштурхнула яе да гэтага адзінага, як ёй падавалася, сродку пазбаўлення ад ужо нежаданага для яе саюза з Уладзіславам, якога разарваць адмовай прыроджаная шляхетнасць ёй не дазволіла.
Пасля гэтай страшэннай катастрофы Адам пакінуў амаль цалкам вышэйшы свет і з надта выключным натхненнем прысвяціў сябе літаратуры і мастацтву.  Смерць абоіх бацькоў вырвала яго з гэтага амаль што пустэльніцкага быцця і змусіла да прыняцця спраў сямейных.  Пасля вырашанага маёнткавага падзелу Адам застаўся ў Баратычах, якія пакінуты былі на яго апеку з намерам жыць у гэтым сямейным гняздзе, якое памяць праведзеных там шчаслівых хвілін такім рабіла дарагім сэрцу.
Але як толькі распачаў гаспадарыць, дайшла да яго вестка, што згарэў у Мінску дом, які сястра яго атрымала за грошы з пасагу, які складаў шэсцьдзесят тысяч злотых.  Нягледзячы, што з пункту гледжання закона згаданая страта мела дачыненне толькі да самой ўладаркі спаленага дому, шляхетны характар Адама аднак жа не мог гэта перанесці, каб любая яго сястра была пазбаўлена значнай часткі сваёй спадчыны.  Таму па сваім жаданні ён засведчыў швагру, што са сваёй часткі пасагу кампенсуе страту, якую зрабіў пажар іх маёнтку, і таму з жаданнем як мага хутчэй выблытацца з дадзенай сітуацыі, прадаў Баратычы і кампенсаваў страты с ям’і швагра.  Пасля сканчэння спраў заставаўся яшчэ досыць значны капітал, які ён размясціў у аднаго з суседзяў, для ўласнага жыхарства ён абраў невялікую вёсачку Залін, якую меў ад брата па пасаговым праву за грошы, якія яму яшэ належалі ад раздзелу іх бацькамі.
Менавіта ў гэты перыяд жыцця Адама да Зубковых прыехала Паўлінка, і як толькі вестка гэта да яго дайшла, то паспяшаўся прапанаваць свае паслугі асірочанай сям’і са звыклай яму шляхетнасцю.  Прыбыўшы да Зубковых, заняўся з непараўнальным клопатам лёсам сваіх далёкіх сваякоў, не ашчаджаючы ні працы, ні выдаткаў, дзе яны былі патрэбныя, і заўсёды з такой далікатнасцю, што здавалася, што ён прымае, а не аказвае паслугу.
Адаму ў гэты час было каля трыццаці, але поўны жыцця і запалу, нічога яшчэ не страціў з характару сваёй маладосці.  Вольны пры гэтым ад амбіцый і марнатраўства вышэйшага свету, кіруючыся толькі патрэбамі сэрца і свядомасці ды лёгка захапляючыся ўсім, што ўзнёслае і шляхетнае, не дзіва, што пры спатканні з Паўлінкай пакахаў яе ўсёй сваёй гарачай і паэтычнай душой.  Аднак каханне Адама, нягледзячы на ўсю сваю жывасць, было настолькі поўным годных і самых далікатных  памкненняў, што Паўлінка доўгі час пра існаванне яго нават не падазравала.
Не таму, што закаханы малады чалавек не смеў пачуццяў сваіх абранніцы выказаць, але таму што спазнаўшы незвычайную яе любоў да маці і нязломнае перакананне жыць з ёй у выгнанні, лёгка зразумеў, што праявы яго імкнення атрымаць дазвол яе рукі ў гэтых акалічнасцях маглі яго аддаліць хутчэй, чым наблізіць да жаданай мэты.  Таму робячы ўсё, што было ў яго моцы, каб яе давер атрымаць, ніколі ў аказанні сваіх пачуццяў не прасунуўся больш таго, што звычайнай братэрскай прыязнасці магло быць праявай.  Даведаўшыся аднак, што маці не дазволіла Паўлінцы ехаць у Бярозаў і што адным з галоўных довадаў яе адмовы была небяспека трывання такога далёкага падарожжа без мужчынскай апекі, вырашыў выкарыстаць гэту акалічнасць, каб дамовіцца з Паўлінкай прыняць прапанову замужжа.
Даверыўшы свае намеры цётцы Зубковай і атрымаўшы яе дазвол, Адам першы раз выказаў сваё каханне, дадаючы, што быў бы найшчаслівейшым, калі б разам з яе рукой атрымаў права суправаджаць яе падчас падарожжа да маці.  Хаця неспадзяванай была гэтая прапанова, Паўлінка не завагалася ні на хвіліну пры сваім адказе, бо сэрца яе так выключна было занята маці, што пра аніякую іншую прывязанасць нават марыць не магла.  Пры гэтым, паколькі каханне Адама магло па-майстэрску схаваць гэткага кшталту прэтэндаванне на яе незалежнасць пад выглядам гатоўнасці на ўсе для яе ахвяры, праніклівае вока адданай дачкі заўважыла ўсё ж жалезныя кайданы шлюбу пад узнёслым выглядам кахання.  Таму з не меншай зычлівасцю, як і простасцю адказвала да гэтага часу, яшчэ раз  паведаміла, што, маючы сталае рашэнне не парушаць нічым сваёй свабоды, паколькі яе маці мае патрэбу ў яе дапамозе, не можа абяцаць яму сваю руку, нават пры ўліку яго шляхетнай гатоўнасці суправаджаць яе на выгнанне, бо паколькі абавязкам з’яўляецца для дачкі спяшацца на дапамогу аддаленай маці, то было б належным для жонкі не ад мужа патрабаваць ахвяр, але іх яму хутчэй са свайго боку прыносіць.
Пераканаўшыся, што ані яго ўяўленні, ні намовы цёткі не былі ў стане прымусіць змяніць рашэнне Паўлінкі, Адам вырашыў звярнуцца яшчэ да сэрца маці з надзеяй, што знойдзе ў ёй шчырую падтрымку сваіх намераў, і напісаў да яе ліст не менш пераканаўчы, чым сардэчны.  Таксама цётка Зубкова, лічачы прапанову Адама вельмі карыснай для Паўлінкі, і будучы перакананай, што адмаўляе яму адно прысвячаючы сябе маці, ўспрыняла аргументы Адама з усёй сілай надзеі, якую маці на яе розум і зычлівасць ускладала.  Дададзім да гэтага самыя прыхільныя пачуцці маці нашай да жадаючага стаць яе зяцем маладога чалавека, тады лёгка зразумеем, якое ўражанне прынеслі Ў Бярозаў лісты з такой важнай навінай.
Маці так высока цаніла Адама, што нават у самых спрыяльных акалічнасцях лічыла б саюз з ім найпажаданейшым для Паўлінкі.  А асабліва цяпер, калі Паўлінка знаходзілася ў такім сумным і некарысным становішчы, што не толькі сама нічога б мужу не прынесла, але яго б абцяжарыла, усім бярэмем шматколькаснага і амаль што ў нішчымніцы пакінутага сямейства.  Адам жа наадварот, акрамя рэдкіх рыс душы, валодаў неблагой шляхецкай удачай, якая запэўнівала яму цалкам незалежнае становішча ў свеце, не кажучы ўжо пра тое, што павага, якую мела яго сям’я ў шляхецкім асяроддзі, рабіла з яго пажаданага жаніха нават у заможных дамах.  Усё сямейства Паўлінкі ў ім знаходзіла не толькі ахвотнага апекуна і дарадцу, для маці - любага і адданага сына, што не толькі сэрца дачкі ахалоджваць да яе не хацеў, і быў гатовы цалкам найбольшыя панесці ахвяры, каб мець дачыненне да іх сумеснага жыцця.
Не дзіўна таму, што ў адказе сваім маці не хавала як найменш, а горача жадала, каб намеры Адама як мага хутчэй споўніліся, каб жа і сэрца Паўлінкі не пярэчыла гэтаму.  З тагачаснага ліставання застаўся адзін вось такі ліст ад маці:
Паўлінка, дарагое маё жыццё! Апошнія вашы лісты, якія мне прынеслі такую важную для цябе і для мяне вестку, вызвалілі маю душу ад звыклай апатыі і заклікалі яе да такой паўнаты быцця, якой ужо даўно не адчувала.  Ведаеш, якое мае меркаваннне было заўсёдным пра Адама, а з ліста, напісанага да яго, ты даведаешся, якія сёння мае найгарчэйшыя пажаданні.  Але ў іх толькі пра тваё шчасце гаворка, аб тваіх пачуццях толькі буду гаварыць з табой.
Ты пішаш, што пастанавіла адмовіцца ад рукі Адама і што задаволена гэтым, бо як дасюль, так і ў будучыні ў верным спаўненні абавязкаў знойдзеш заўсёды спакой душы і ўнутраны спакой.  Зямнога шчасця іншага не хочаш адчуваць больш за тое, якое ў маіх абдымках можаш знайсці.  У тваім разуменні адмова ад рукі Адама - гэта прынясенне зямнога шчасця на алтар абавязку, бо пэўна разумееш, што магла б быць шчаслівай з Адамам.
Сцеражыся, маё дарагое дзіця, каб фальшывае ўяўленне пра твае абавязкі не падманула цябе раптам.  Годна і належыць зрабіць ахвяру з уласнага шчасця, калі ёй можна забяспечыць шчасце іншых.  Але калі гэтая ахвяра адбываецца не толькі ўласным коштам, але і коштам іншых, без ніякай для каго-небудзь карысці, тады яна неразумнае, калі не выключнае марнатраўства тых маральных каштоўнасцяў, якімі Бог для таго надзяліў нашыя сэрцы, каб мы маючы за сродак волю Яго святую і сябе, і іншых ашчаслівіць маглі.  Твая ж ахвяра для каго – пытаюся я - карысць каторую прынясе? Ты робіш яе, як гаворыш, у інтарэсах самога Адама, які, калі настане расчараванне, можа пашкадаваць пра свой цяперашні крок.
Гэтая ўвага была б слушная, калі б мела якую падставу, калі б не была простым дапушчэннем, але менавіта тут не хапае падставы, бо сама ж пішаш далей, што пераканалася з пазнейшых размоў з Адамам, што ён цалкам захоплены.  Калі гэта праўда, то якое ж моцнае расчараванне можа надарыцца?
Далей ты пішаш, што ён, ажаніўшыся з іншай, будзе больш шчаслівым.  Дапускаеш, што гэта іншая, і пасля расчаравання нават прадставіць яму больш шчасця чым мая Паўліна? Гэтаму ты сама не верыш, асабліва калі захочаш быць шчырай сам-насам з сабой.  Баішся выкарыстаць хвіліны шляхетных мараў, падчас якіх Адам самога сябе гатовы прынесці ў ахвяру.  Твая далікатнасць была б магчыма слушная, калі б ім кіравалі іншымі якімі пабуджэнні, не зусім шляхетныя, ці да таго яны не мелі б непасрэднага дачынення да цябе.  Не прымаць ахвяры было б толькі тады тваім абавязкам, бо гэта было б заняволенне сэрца, якое табе ўвогуле не патрэбна.  Але што гэта не так, пераконваюся наўпрост з яго уласных слоў, а ты ведаеш, які ён шчыры, асабліва са мной, што маю ўсе правы сведчыць пра яго адкрытасць.  Прывяду ў доказ некалькі радкоў з яго ліста дзеля тваёй развагі наконт таго, ці можна каго больш цаніць ці кахаць найдалікатнейшым пачуццём.
“Я не ведаю, што гэта: ад часу, як пазнаёміўся з Паўлінай, адчуваю, што новыя нібыта нейкія сілы знайшліся  ў маёй душы.  Стасункі з ёй мяне надузнялі, ушляхетнілі.  Так яшчэ ні аб кім, асабліва аб жанчыне, да гэтага часу сказаць такога я не мог.  Шмат у якіх пытаннях я вымушаны прызнаць яе першынство ў параўнанні са мной, але ва ўсведамленні гэтага не існуе найменшага прыніжэння – ёсць толькі дабраахвотнае прынясенне сардэчнай ахвяры у поўным захапленні ад яе душы і цноты. ”
Вось яго непасрэдныя словы.  Калі адданасць такая чыстая, такая ўзнёслая падаецца не стасоўнай з тваёй далікатнасцю, то сцеражыся, каб гэтая далікатнасць, у такім выпадку занадта высокая, не змяніла свайго сутва.  Перш чым параніш бясспрэчна гэтую настолькі шляхетную душу, поўную узнёслай адданасці, узваж усё як мае быць, ці Пан Бог не даў у рукі твае сродкі для надання раскошы пачуццяў менавіта таму жыццю, якое адмовай сваёй  можаш назаўжды атруціць.  Падумай нарэшце, каму ты прыносіш у ахвяру сваё і Адама шчасце? Пэўна што мне? Дык ці ты мяне лічыш яхіднай па прыродзе, што жывіцца шчасцем уласных дзяцей? Ці магла б ты мяне любіць так чула, калі б дапускала хаця маю здольнасць да такога бязладдзя? Няхай уласнае сэрца адкажа табе на гэта пытанне.
Калі я бачыла цябе адзінотнай, сіратой, без суперажывання з боку іншых, без узнёсласці, без душы, якая б цябе разумела, адказвала на твае пачуцці, у той час я неслася душой да цябе.  Адкрывала свае абдымкі, каб цябе прытуліць да сэрца, бо з усіх нястач самае цяжкае гэта сіроцтва душы.  Але калі б я толькі ведала пр а вашае шчасце, то няма дакладна куточка ў свеце, дзе б яно не радавала маё жыццё?
Таму прашу цябе, Паўліначка мая, падумай добра над гэтымі пытаннямі і напішы мне шчыра, чаму ты не хочаш прыняць рукі Адама? Ці толькі таму, каб не пакінуць мяне на выгнанні, ці маеш іншыя прычыны? Бо тыя, што падаеш у тваім лісце, ніякай нават слушнасці не маюць.
Адчуваю патрэбу пагаварыць з табой на гэтую тэму з усёй шчырасцю і свабодай, не як маці можа нават, а як сяброўка, якая любіць цябе вельмі і ніякага інтарэсу, апрача твайго шчасця, не мае ў душы.  Я не патрабуе нічога ад цябе, дарэчы, а хачу толькі падаць табе мой погляд, мае пачуцці, што хацела б бачыць у адказ.  Бо што да маіх асабістых жаданняў, то гавару табе так шчыра, як і люблю цябе і як хачу твайго шчасця, што для мяне было б у сто разоў большай радасцю, калі б у саюзе з чалавекам так годным тваіх найлепшых пачуццяў, ты забяспечыла сябе шчасцем у будучыні, чым калі б я мела магчымасць прытуліць  цябе да сэрца на выгнанні, ведаючы, якімі ахвярамі ты аплаціла нашае сумеснае быццё.
Чакаю вельмі вестак ад вас, а тымчасам малюся за блаславенне ваша Богам.  Бывай здаровенька, Паўлінка мая, любае маё дзіця.  Няхай табе дапамагае Бог і асвятляе шлях перад кожным тваім крокам.  Няхай спашле спакой у тваю душу і поўніць яе сапраўднай радасцю, а я бласлаўляць буду Яго Апеку і тады толькі памру спакойна, нават хоць і на выгнанні.
На гэты ліст Паўлінка адказала наступнымі словамі:
Ці можа быць, мая любая Мама, каб прызначэннем маім было раніць і горыччу напаўняць сэрца менавіта тых, чыйго шчасця найбольш прагне маё ўласнае сэрца? Аднак ад пэўнай пары выпала мне гэта сумная доля, не толькі ў адносінах да іншых, але да Цябе нават, за каго ахвотна аддала б і жыццё.  Не, даражэнькая Матуля, гэта пэўна усяго непаразуменне.  Я пэўна дрэнна выклала мае думкі і якоесьці недарэчнае маё выказванне цябе прывяло да памылковага ўспрыняцця сапраўднага стану маёй душы.
Я не ведаю, чаму ты ўяўляеш сабе, што я не жадаю быць з Адамам і што гэтым магчымым шчасцем я ахвярую адно з-за абавязку служэння Табе на выгнанні.  Бо калі я сказала, што не хацела б іншага шчасця больш за тое, якое магу атрымаць у абдымках Тваіх крыл, то толькі ў тым сэнсе, што шчасце быць з Табой для мяне больш жаданае, чым усе радасці, якія б маглі напаткаць мяне дзе б то ні было, але без Цябе.  Але з гэтага зусім не вынікае, што я, маючы мажлівасць шчасця з Адамам, адмаўляюся ад яго шляхам ахвяры і хачу ехаць у Бярозаў як добраахвотная ахвяра дрэнна ўсвядомленых маіх абавязкаў.
Вер мне, мая дарагая мама, што для мяне адно толькі сапраўднае шчасце на зямлі, якога я жадаю ўсёй душой і да якога імкнуцца не спынюся, пакуль хоць адзін выяўны абавязак дарогі мне да яго не адрэжа.  Ці патрэбна гаварыць, што гэтым шчасцем ёсць жыць з Табой, што настолькі сёння можа быць магчымым і адпаведным маім абавязкам, наколькі з-за шлюбу стала б марным, нават недапушчальным жаданнем, бо па-за колам адпаведнасці мяне як жонкі знаходзіцца.
Ці ж я не ведаю таго, што як жонка Адама пасля добраахвотна дадзенай ля алтара прысягі, я прыняла б на сябе абавязак усе асабістыя прыязнасці дзеля спраў мужа зрабіць ахвярай, не вагаючыся пакінуць нават родную маці, калі гэта для яго карысці будзе патрэбна.  Што ж дзіўнага, калі любячы Цябе больш за жыццё, абавязкаў гэткіх баюся і ўвогуле не хацела б іх на сябе прымаць? Пакуль я вольная, усё адбываецца паводле маіх уласна планаў, бо паколькі я Твая дачка, не толькі не маю абавязку, але нават права занядбаць найсвяцейшую з прыроджаных прызначанасцяў, якая наказвае дачцэ апекаваць сваю Маці.
Звяртаюся і я таксама да Твайго сэрца, дарагая Матуля, і пытаюся, ці ў тую хвіліну, калі б асоба, якую ты любіш найбольш і якой усё аддаеш, апынулася ў стане пазбаўленасці, самоты, без аніякай радасці і прыемнасці ад свету, у чужой старане, сярод людзей зусім чужых змешчаная, ці ў такую хвіліну – кажу я – ты магла б думаць пра пошук асабістых радасцяў, у той час як боль, сум і нястача атручваюць самую блізкую Табе сэрцам істоту? Не, дарагая Матуля,  такога развітання з Табой ні рэлігія, ні прыроджаныя пачуцці не дазваляюць; і калі б я па-іншаму разумела свае абавязкі, у той час толькі слушна баяцца мусіла б, ці якая-небудзь недарэчнасць не затуманьвае мой розум?
Абавязак апекавання Цябе, а асабліва ў няшчасці, для мяне такая святы і выразны доўг, што ніхто ў свеце, нават Ты сама, адгаварыць мяне ад гэтага не можаш.  Паколькі ж мая любоў мне як найбольшая раскоша і выкананне маіх абавязкаў пераводзіць у ранг богам падараваных, то і сутва святога яе не змяняе.  І паколькі так сталася, то ці павінна я, ці маю нават права добраахвотна набываць новыя абавязкі, асабліва калі тыя павінны мяне занявольваць і станавіцца перашкодай на дарозе да спаўнення самага важнага для мяне доўгу? Ці не досыць для мяне ўжо абавязкаў і без таго, якія зрабіліся перашкодай для майго выезду?
Ты кажаш, любая мама, што  я не павінна пазбаўляць шчасця Адама, які такім бескарыслівым пачуццём прывязаны да мяне.  Праўда, Адам адрозніваецца ад усёй простай моладзі, і я ўсведамляю, што калі б выйсце замуж было абавязковым, то  блаславіла б Бога, калі б мела такога мужа.  Але хто ж мне забароніць да канца жыцця заставацца незамужнай, не ведаючы іншых кайданкоў, чым тыя прыемныя вузельчыкі, якімі мяне сам Стваральнік з Табой ды з усімі роднымі мяне злучыў? Зрэшты, вер мне, дарагая матуля, што ашчаслівіць Адама зараз не ў маёй моцы, бо не ад мяне залежыць кахаць яго настолькі, як  ён прагне быць каханым.  Нягледзячы на шчырую прыязнасць і братэрскую зычлівасць, якую маю да яго, адчуваю, што не ў стане адказаць яму наўзаем тым пачуццём, якое ён мне дорыць, бо усім сэрцам увесь час пры Табе.
Становішча маё цяпер можна параўнаць са становішчам беднай маці, якая вынайшла кавалак хлеба, якога ледзь хапае каб накарміць сваё галоднае адзінае дзіця, сустракае іншае роднае, як для маці кожнае, маляня, што таксама працягвае ручкі па хлеб.  І рада б яна яму дапамагчы і голаду яго пазбавіць, аднак жа увесь хлеб свайму адзінаму аднясе.  Ты, Мама, для мяне адна ў свеце, а сэрца маё, як кавалак хлеба, то цябе толькі накарміць можа.  Не пагарджай жа гэтым мізэрным хлебам, бо толькі для вуснаў маці смачнай і  спажыўнай можа стаць стравай.
Не хаваю, дарагая мама, што не маю непрыхільнага стаўлення да Адама, наадварот, цаню яго мілы характар і шляхетныя паводзіны, але не маю прыхільнасці да шлюбу.  Я не ведаю, як бы усё складвалася, калі б ты была з намі, але цяпер, ад аднаго ўспаміну пра шлюб мяне падкалочвае.  Адчуваю, што шлюб – гэта смерць для мяне.
Любая мама! Калі ты хочаш, каб я жыла, дазволь мне прыехаць да Цябе, інакш адчуваю, што жыццё маё спыніцца.  Калі ўсе супраць мяне, Ты адна мяне зразумей і злітуйся нада мной.  Адчуваю, што толькі побач з Табой мне можа быць добра.  Што да Адама, то не бойся, каб адмова мая магла атруціць яго жыццё.  Хто ж маладых людзей не кахае, як кажуць, па некалькі разоў, пакуль лёс яго з адзінай злучыць, а аднак жа ёсць і тыя няшчасныя каханкі, якія ўсё жыццё на жорсткасць сваіх любых наракаюць? Вер мне, дарагая Мама, што Адам здолее яшчэ парадавацца ды знайсці сабе іншую жонку, а ты іншай Паўлінкі не знойдзеш, бо сувязі, якія нас злучаюць, не капрыз сэрца, а воля аднаго толькі Бога.  Я не сумняваюся таксама ніколькі ў абяцанні Адама суправаджаць мяне ў дарозе да Цябе, бо ведаю, што пакуль выезд мой у далёкай толькі перспектыве, Адам усё паабяцае, ды шчыра, ад сэрца, але як толькі страчу сваю вольнасць, ці змагу прыгадаць яму аб спаўненні абяцання? Любая цяжкасць стане для яго належнай прычынай, каб адкласці падарожжа, я толькі слёзы глытаць буду, шкадуючы пасля шлюбу, што кайданкі паслушэнства на сябе дазволіла накласці.  
Узгадай толькі, колькі разоў Адам абяцаў наведаць нас на Валыні, і ці хаця аднойчы выканаў абяцанне? І цяпер нават, калі пасля атрымання Твайго ліста гаварыў мне, каб я пачакала з адмовай, а потым сказаў мне, што калі ўсе намаганні пра тваё вызваленне будуць безвыніковыя, то, калі я захачу, будзе рады жыць з намі і на выгнанні.  Калі я захачу! Як калі б гэта яшчэ ўсё было пытаннем не вырашаным.  А я, ці ж буду мець права настойваць, калі не пра маю толькі будучыню будзе ужо ісці справа?
Не забараняй таму, Мама, ісці мне за жаданнем сэрца, якое мне падказвае усё адкінуць, і толькі імкнуцца зрабіць магчымае для жыцця з Табой, бо паўтару яшчэ раз, што іншае шчасце не прываблівае мяне на зямлі.  Не кажу, што і гэтым шчасцем не гатова была ахвяраваць, калі такая будзе Божая воля, але добраахвотна не адмоўлюся ад яго ніколі.  Ты мне не дазволіла прыехаць у Бярозаў, і я паслухалася і без пярэчанняў перажываю гэты боль, бо адчуваю, што супраціўленне Тваёй волі было б грахом.
А калі мяне пачынае засмучаць той успамін, што Ты далёка ад нас пакутуеш, што ты ў самоце і адзіноце, нягледзячы на тое, што ёсць яшчэ сэрцы, якія Цябе больш за жыццё любяць, тады тым суцяшаюся, што такое ўжо наша прызначэнне, што Бог, які наш Ойча, бачыць у гэтым нашу карысць, і малю Яго толькі, каб сувымерна з нашымі пакутамі даваў нам таксама моцы і гарту.  Я цяпер пераканалася, што з верай і адданем сябе пад Апеку самыя страшныя няшчасці мужна перанесці можна.  Ва ўсіх апошніх пераездах нашых самымі балючымі былі перажыванні, калі сярод розных уражанняў і пачуццяў не магла знайсці голас абавязку.  Але паколькі бачу ясна, чаго ад мяне Бог вымагае, то адразу адчуваю сябе спакойнай і ўмацаванай у веры, бо рэлігія – мой падмурак.  Таму і сёння так баюся сысці з месца, на якое мяне сам Творца змясціў, каб не трапіць добраахвотна у бязладддзе няпэўнасці і не згасіць уласнай рукой гэтую невялікую лампадку, якую ласка Божая змясціла ад пэўнага часу ў маёй душы.
Бачыш жа, дарагая мама, што ў рашэннях маіх я не кіруюся зусім жаданнямі сэрца, наадварот раюся з сумленнем і спакойна паглядаю у будучыню, так што хоць бы ў жыцці на адны толькі натрапіла церні, можаш не сумнявацца, што ніколі пра адмоўлены шлюб не пашкадую.  Дазволь мне толькі ісці аднойчы выбранай дарогай, і абяцаю, што і сэрца, і сумленне даставяць на яе  хутка здзяйсненні маіх жаданняў.  Блаславі мяне, матуля дарагая, і прыцісні да сэрца Тваё самотнае без цябе дзіця.
Іншага зусім зместу быў ліст Адама, які нягледзячы на паўторную адмову не страчваў яшчэ надзеі пераканаць Паўлінку, асабліва калі зніклі сумненні, што маці шчыра яго намерам спрыяла.
Нават Твой дазвол, – піша ён у Бярозаў, – і Твае мацярынскія парады не здолеюць адвесці Паўліну ад назаўжды вырашанага намеру, не здолеюць схіліць яе прыняць маё сэрца, маю руку? Тым не менш удзячны Табе за той вялікі давер, якога доказы мне падаеш, згаджаючыся на апекаванне маё найдаражэйшым тваім скарбам.  Цяпер, пабыўшы даўжэй з Паўлінай, я спазнаў велічыню тваёй любові да мяне, бо хацела мяне абдарыць так неацэнным шчасцем, злучаючы мяне і яе назаўжды, і цяпер толькі спазнаў , што я страчваю.  Няхай цябе за такую прыязнасць да мяне Бог узнагародзіць блаславеннем.  Не Ты вінаватая ў тым, што дарагія Твае для мяне пажаданні не споўніліся.  Не Ты і не яна: бо яна, прысвячаючы Табе будучыню сваю, ідучы з табой на выгнанне, робіць тое, што і я пэўна на яе месцы рабіў бы, і разумею, што быў бы найбольшым у свеце нікчэмнікам, калі б Цябе, што мела да мяне сэрца Маці, хацеў пазбавіць у Тваёй адзіноце гэтай найдаражэйшай радасці.
Аднак сэрца маё не вытрымлівае, калі я згадаю, што я страчваю і пра яе будучыню.  Цяпер яна жыве адной думкай пра Цябе, цяпер яе кожная іскрынка надзеі быцця з Табой ажыўляе, кожная адчутая ці будучая цяжкасць глыбока засмучае, кожная спроба адгаварыць яе ад гэтага намеру абурае.  Яна б хацела анёлам ляцець да Цябе, радаваць Цябе, клапаціцца.  Быць з Табой увесь час.  Непакоіцца толькі пра лёс малодшых, для якога з найвялікшай любові годным прысвячэннем сябе ім замяняе Цябе, але цяпер, калі лёс Тваіх дзяцей на пэўны тэрмін забяспечаны, што ж бы больш яе трымала? Цяпер адна толькі ў яе надзея, адно імкненне, адна мэта ўсіх думак і намаганняў: быць як мага хутчэй з Табой.  Забарона прыехаць у Бярозаў надала толькі іншы кірунак яе дзейнасці, але не змяніла ні на хвілінку яе жаданую мэту.  Замест аднаго падарожжа, будзе мець іх некалькі, можа дзесятак, і хоць не па сібірскіх стэпах, але не менш небяспечных для здароўя, якое так аберагаць павінна была б.  Будзе ездзіць да таго часу, прасіць, маліць, аж пакуль атрымае міласць для Цябе ці нарэшце ўгаворыць цябе на тое, каб літасцю наўзаем ты дазволіла ёй прыехаць у Бярозаў.
Але ці вытрымаюць яе слабыя сілы? Калі б як найменш дазволіла, каб я яе суправаджаў, абараняў яе, адводзіў ад яе пакуты, смутак.  Закрываў яе маім жыццём пры небяспеках.  Але пакуль адмаўляе мне ў шлюбе, што ж мне застаецца? Толькі пагадзіцца і, каб яна была з табой, з усіх сіл дапамагаць.  Бо якое ж іншае шчасце я мог бы даць яе душы у такіх абставінах? Якую іншую дапамогу у цяперашнім яе становішчы? І пра яе шчасце найбольшыя старанні.
Што за душа гэтай Паўліны! Чым больш я разважаю над гэтым, тым больш люблю і тым больш сціскае мне сэрца боль самалюбства, што Твае найлепшыя намеры не споўняцца – боль, якую Ты адна зразумееш і ацэніш.  Але яшчэ раз: яе шчасце перадусім, а для яе шчасця няма, як толькі каля Цябе.  Аднак падзякую ёй! Яна магла суцешыць гэтае зруйнаванне маіх найдаражэйшых надзей, зразумела боль маёй ахвяры, велічыню маёй страты самай цёплай прыязнасцю, якой да гэтай пары ні ад адной жанчыны (апрача маёй Маці і Цябе) не спазнаў, імкнулася суцешыць мой боль.  Нават гэта немалая ўжо для мяне радасць.  Я ўсведамляю нават, што гэта яе зычлівасць пакідае для майго сэрца слабы праменьчык надзеі, што яшчэ схіліцца на бок маіх намераў; але Ты адна маеш ключ да яе сэрца, толькі Твая парада не падаецца для яе падазронай.
Калі ж ты лічыш, што еднасць са мной магла б ёй шчасце забяспечыць, то малю Цябе, каб сілай мацярынскай любові на змену яе рашэння паўплывала.  А калі ты не здолееш адвесці яе ад намеру прыехаць да Цябе, калі для яе няма шчасця акрамя як каля Цябе, няхай адно злучыць свой лёс з маім, а я найахвотней выгнанне з вамі падзялю.  Без яе я не спадзяюся на шчасце.  Але быць з ёю, быць з Табою, прыносіць вам палёгку, бяссэнсіць ваша выгнанне, які ж бы гэта быў бы для мяне прыемны абавязак, наколькі і згодны з сэрцам! Будзьце здаровыя, будзьце шчаслівыя.  Няхай Бог ласкай сваёй будзе з табой, няхай Цябе мацуе і суцяшае.  Сэрцам сына люблю Цябе.  Адам
Ліст цёткі Зубковай яшчэ ў больш станоўчых выразах пераконваў маці, каб усімі сродкамі старалася схіліць Паўлінку аддаць руку Адаму, любоў якога ўзрастала разам з памножанымі цяжкасцямі.  Будучы перакананай, што Паўлінка адплоціць узаемнасцю гэтаму гарачаму пачуццю, цётка запэўнівала маці, што канчатковая адмова будзе аднолькавым для абодвух няшчасцем, споўненая адно як ахвяраванне.  Лёгка ўявіць, як непакоілася наша маці, якая сярод такіх супярэчлівых просьбаў не магла ўявіць сапраўднага стану сэрца Паўлінкі, бо хаця і не сумнявалася ў шчырасці яе лістоў, аднак ведала, як часта маладыя паненкі самі не ў стане разабрацца ў сваіх пачуццях, лічыла, што і Паўлінка не магла паразумецца са сваёй душой і таму больш давярала дасведчанаму воку цёткі, чым уласным дапушчэнням.  Не маючы аднак канчатковай пэўнасці, старалася  мацярынскай клапатлівасцю сваёй падказаць, як найменш, Паўлінцы адмысловыя правілы, якімі б тая магла карыстацца ў канчатковым сваім рашэнні.  Вось словы з яе ліста:
Маё дарагое, маё любае дзіця, мая Паўлінка! Доўга думала, доўга малілася, пакуль узяла пяро ў руку, бо хацела быць упэўненай глыбока ў сумленні, што святло, якое мне сапраўднае становішча тваё паказвае, гэта не прывідны мацярынскі непакой пра плён тваёй будучыні, і не водбліск маёй зычлівасці да Адама, але вынікае адно з натуральнага разумення абавязкаў і сапраўднага дабра для цябе.  Разгледзела, дзякучы Богу, становішча тваё, узважыла ўсе падставы, якімі ты кіруешся, і лічу, што і перад тварам смерці, калі усё спазнанае страціць сваё тут існаванне, не пашкадую пра параду, якую ў гэтую хвіліну табе даю.
І аднак нічога табе іншага сказаць не магу больш за тое, што сказала табе ў мінулым лісце.  Прашу цябе, жыццё маё, мой анёлак, падумай добра і не адмаўляй пачуццям такім чыстым, такім далікатным, такім пазбаўленым усялякага эгаізму, як Адамавы, бо ўпэўнена, што не знойдзеш на працягу жыцця іншага сэрца, належнага твайму, якое так умее цябе ацаніць.  Падстаў, якімі адмову тваю ты імкнешся абгрунтаваць, не дастаткова, і даказваюць яны хутчэй, што любоў твая да мяне затуманьвае твой розум, які так ясна іншыя абавязкі разумее.  Апірышчам лічыш выразную волю Божую, якая ускладвае на цябе прыроджаную ахвярнасць слугаваць той, якая табе жыццё і выхаванне дала.  Калі б гэта было слушным, то ніводная дачка не павінна была б выходзіць замуж, пакуль мае бацькоў апекаваць.  А дзе ж ёсць – пытаюся я – падобны абавязак у Евангеллі? Скажаш напэўна, што не хочучы выходзіць замуж, ідзеш за голасам Касцёла, які насамрэч становішча паненкі ускладае на замужняе жыццё.    
Я ведаю, што гэта твая звыклая песенька, і я не мела б нічога супраць таго, каб выключна слугаванню Богу лічыла адно сябе закліканай, бо дарункі божыя, якія звязаны з такім святым становішчам і сам лад жыцця ў кляштары засланяў бы цябе ад усялякіх небяспек ды спакус.  А абавязковыя заняткі і звязаныя з гэтым сродкі ўтрымання баранілі б цябе ад таго спанявер’я, да якога, напрыклад, прыходзяць усе сталыя жанчыны, якія не пакідаючы свет мірскі, ніякага ў ім сабе становішча не знайшлі.  Вер мне, маё дзіця, што рабіць у тваім узросце рашэнне не выходзіць замуж, пры гэтым застаючыся ў свеце мірскім, гэта занадта пыхліва.  Гэта значыць зрабіць выклік законам натуральным і дамовам чалавечай супольнасці.
Раней я не каментавала зусім твае дзіцячыя паняцці у такой ступені, бо мне здавалася, што яшчэ не час.  Бо я ведала, што перакананне у абавязковай патрэбе замужства, якое паселена паважлівымі бацькамі ў маладой галаве, бывае часта прычынай шматлікай колькасці неразважлівых крокаў, якія пазней трэба адкупляць коштам шчасця, а часам і сумлення.  Бо ўрэшце нявыйсце замуж з-за слушных прычын ці таму, што не надарылася адпаведная партыя, не з’яўляецца ніякім сорамам, і тым менш злачынствам.
Але сёння, калі усе абставіны наказваюць пайсці замуж, калі ты знайшла чалавека па ўсіх крытэрах адпаведнага павазе, каторы цябе найчуллейшым каханнем апякуе і якога сама вышэй за ўсіх іншых цэніш, то ці не павінна я цябе засцерагчы, што неразважліва ўчыніш, калі такую партыю адмовіш? Падставы, якімі кіруешся, не здольныя належным чынам патлумачыць твой выбар.  Ты ўжываеш няправільны ход, каб не абразіць маю далікатнасць, каб я не ўспрымала тваё прысвячэнне як ахвяру.  Гаворыш, напрыклад, што не хочаш новых абавязкаў, маючы іх ужо.  Ад якога ж гэта часу мая Паўліна, дзіця майго сэрца, гэты ахвярны анёлак, ухіляецца ад абавязкаў? Ці ж абавязкі не робяць больш шляхетным жыццё? Ці ж ты ўхілілася ад тых, якія Неба табе даслала, і ці адступіла падчас найцяжэйшых з іх? Ці ж не яны выхавалі твой характар і тваю маральную вартасць? У чалавека, які не мае ніякіх абавязкаў да выканання, нават самыя шляхетныя рысы, самыя бліскучыя здольнасці робяцца нікчэмнымі, а як найменш марнуюцца без ужытку.
Абавязкі для чалавека – гэта поле для годнасці.  Толькі маючы іх за даспехі, выказаць ён можа дзейснасць сваёй душы і моц характару.  Зрэшты, гэта быў бы абавязак вельмі цяжкі для маёй Паўліны - з’яднацца лёсам ды ўшляхетніць чалавека, якога адпаведным знаходзіш, якому дала тытул сябра, брата? Ён магчыма асамотнены, як і ты? І ён, таксама як і ты, страціў маці, якую любіў і якая яго так чула любіла.  Гэта чалавечае сіроцтва душы і іншыя погляды, якія вас збліжаюць, - чаму ж бы не маглі ушляхетніць нават самыя клапатлівыя абавязкі, якія б табе з новым станам давяліся дадзенымі Небам? Пішаш, што маеш іх досыць , гэта праўда – нават занадта.
Але праз некалькі гадоў кожны з тваіх малодшых ужо набярэцца сіл, кожны нітаваннем сваім створыць вакол сябе новы ланцужок, а ты будзеш непатрэбным крэсівам, якое не спалучаны з іншымі ані абавязкам, ані ўзаемнай патрэбай.  Запытай у якой хочаш жанчыны ва ўзросце, і кожная табе скажа, калі захоча быць шчырай, што жанчына без замужства займае несапраўднае становішча ў грамадстве, бо заўсёды ці бярэмя, ці ахвяра.  Я не пярэчу, што ў гэтым вінавата прымхлівасць і дрэнна ўладжаныя традыцыі чалавецтва, але ці ж ад цябе залежыць змяніць адно ці другое? Тысячы ахвяр перш адбудуцца, чым гэтае зло, так плённа ўкаранёнае, адшукае лекі.  
Ты лічыш, напэўна, што апекаванне мяне будзе дастатковым для паўнаты твайго быцця? Ты памыляешся.  Мае патрэбы такія невялікія, што заставаўся б у цябе яшчэ час,  а асабліва не споўненае прызначэнне, і перажыванне з-за змарнаваных сіл было б і мне вельмі цяжкім, як і табе.  Зрэшты шлях наканаваны так, што бацькі сыходзяць раней за дзяцей.  Калі Бог абярэ мяне ды закліча да сябе хутка пасля прыбыцця твайго на выгнанне, то якая цябе будучыня чакае? Пахаванне сябе ў пустцы, загубленая маладосць, без спачування, без апекавання, сярод дзікуноў, можа без сродкаў для вяртання на Айчыну.  Але калі б ты і вярнулася, то якое б – пытаюся я – было б становішча тваё сярод блізкіх, калі знітаванне з імі тваёю доўгай непрысутнасцю спынілася.  Ты была б ва ўласнай краіне, як расліна без глебы, якую б пасля яе нішчэння хацелі зноў пасадзіць.
Адмаўляючы Адаму без іншай падставы, як жаданне быць са мной, тым сябе унебяспечваеш, што там, дзе выразны голас абавязку не вызначае, маем права абіраць тое, што сэрцу нашаму наймілей.  Але як жа з гэтай тэорыяй суаднесці прызначэнне? Ці ж той, хто  ведае сваё прызначэнне, можа без шкоды для душы  ажаніцца і застацца ў свеце? Абавязкі сапраўдныя толькі пасля пачынаюцца, а не перад.  Ніводная аднак багабойная душа не запярэчыць таму, што калі голас Божы гаворыць з сумленнем, належыць голасу гэтаму быць паслухмяным, хоць тут не гаворыцца пра дапаўненне ужо прынятых табой абавязкаў, але пра добраахвотнае прыняцце новых.
Шлюб гэта стан да таго ж, які запавядае Бог, так як ён запавядае і вышэйшае прызначэнне, і як у першым выпадку, так і ў другім не трэба чакаць цуда большага, каб волю Божую спазнаць.  Мне падаецца, што воля гэтая ў дачыненні да цябе аж занадта выразна выявілася: у кляштар ты не збіраешся, маеш старанніка, які цябе любіць і ты маеш да яго прыхільнасць, маці жадае гэтага злучэння і блаславіць, што ж – пытаюся – больш патрэбна? Хіба хочаш, каб Анёл з Неба сышоў і Божыя намеры ў дачыненні да цябе прадвесціў? Зрэшты, калі ў цябе якія слушныя ёсць па гэтым пытанні сумненні, то аддай іх да вырашэння светламу спаведніку, але не вырашай такое важнае пытанне хвілінным натхненнем, якое ніякай карысці для будучыні не ўяўляе.
Бачу таксама з ліста твайго, што ты несправядліва ставішся да Адама і не ацэньваеш яго так, як ён таго заслугоўвае.  Калі б ты магла чытаць яго лісты, то даведалася б пра клапатлівасць, далікатнасць, бескарыслівасць яго прыхільнасці.  Як ён адно табой заняты, насуперак сваім найдаражэйшым справам думае толькі пра тваё шчасце і хоча табе ўсімі сіламі дапамагаць для спаўнення намеру, які нішчыць усе яго надзеі.  Як ён ведае цябе, як цябе разумее, як умее цаніць.
Не вымагаю, каб ты аддала яму руку, калі сэрца яго не абірае.  Люблю яго як сына, паважаю як сябра і адчуваю, што і ён годны сэрца, якое б яму аддалося як дарунак, не як ахвяра.  Калі схіляецца да яго тваё сэрца, усведамляю, што такой шчаслівай была б ад вашага шлюбу, у сваёй пустцы, што забылася б пра ўсе клопаты і боль, што перажыла.  Я спакойная за твой лёс, які ў руках чалавека, да якога маю давер, спакойная за  Зосю, спакойная за належную апеку і скіраванне кожнага з маіх сыноў.  Чакала б цярпліва, пакуль Бог дазволіць споўніцца майму шчасцю, дазваляючы мне хаця б перад смерцю зірнуць на ваша шчасце.  А калі гэта не ў Яго намерах, і так блаславіла б Апеку за радасць ад шчасця для дзяцей маіх, акупленую лёгка сувымерна з атрыманай дабрачыннасцю.
Нават пры звычайных акалічнасцях вымушана была б развітацца з табой, выдаючы цябе замуж, і аднак ці ж гэта б паменшыла маю радасць, калі б замужства жаданы лёс табе забяспечвала? Якая ж маці не мае гатовасці да падобнай ахвяры, да развітання з дзіцем, найбольш любым, калі гаворка пра забеспячэнне яму будучыні? А Зося? Гэта малая, чулая Зося, якая любіць цябе так чула, як бы яна была шчаслівая! Яна не мела б патрэбы развітвацца з табой, шукаць чужога дому, дзе ўсе для яе былі б чужыя, дзе б ніхто не падзяляў яе пачуццяў душы, дзе б не было да каго прытуліцца.
Мая Паўлінка, маё дзіця любае, мой дарагі анёлак.  Гэтага не патрабую ад цябе, але толькі раю, жадаю, хачу засцерагчы.  Ты зробіш, як уласныя перакананні падыктуюць, але прашу цябе перадусім, няхай на рашэнне тваё не ўплывае памылковае паняцце абавязкаў тваіх у дачыненні да мяне.   Калі для радасці маёй, для клопату аба мне, прынясеш сябе ў ахвяру, пакінеш, прысвеціш усё, адрачэшся ад будучыні, думаеш, што гэткая ахвяра, акупленая шчасцем тваім, няўжо дасягнула б сваёй мэты, здолела б зрабіць мяне шчаслівай? Не.  Нават у тваіх абдымках, хоць я люблю цябе больш за жыццё, горкае ўсведамленне панесеных табою ахвяр атручвала б маё сэрца і спакой мой.  Кіруйся сэрцам тваім, калі хочаш ведаць аб маім.  Для чаго б табе звымяраць сэрца, памылкова пра яго думаючы? Не я выхоўвала гэта сэрца, якое цяпер мая раскоша, частка і ўзрушэнне? Калі ты хочаш укладаць нарэшце маё шчасце, то разумей яго, як я, і не забывай пра тое, што маці толькі шчасцем дзяцей жывая.  Вазьмі пад увагу гэтыя мае думкі, а я буду дасылаць Богу гарачыя малітвы, каб натхніў цябе духам сваім, каб скіраваў твае крокі да твайго ж шчасця, а калі зробіш рашэнне, то адчуеш ува мне сэрца, якое цябе заўсёды больш за жыццё любіць будзе.
Ліст гэты узрушыў да глыбіні сэрца Паўлінку.  Яна не магла ўжо больш сумнявацца, што адгаворваючы яе ад выезду ў Сібір, і наказваючы прыняць руку Адама, маці не кіравалася адно далікатнасцю, што не хоча прыняць ахвяру, але запавядала свае найгарачэйшыя жаданні, угрунтаваныя моцнымі ведамі, што так, а не інакш патрэбна ёй рабіць.  Адчула таксама, што аніякія парады не здолеюць паўплываць на перамену пераканання маці, бо ўсе аргументы, якімі яна сваю адмову хацела ўсправядлівіць, былі ёй разгледжаны і зруйнаваны, наймацнейшых жа за гэтыя яна не знаходзіла.  І аднак логіка сэрца перамагчы не дала, так што Паўлінка, нягледзячы на тое, што ўбачыла сябе безабароннай амаль што ў дачыненні да новых прапаноў Адама, знайшла ў сіле любові сваёй да маці  канчатковае апірышча, за якой незалежнасць сваю змагла захаваць.  Але бачачы, што звычайная гаворка не набліжае яе да мэты, яна вырашыла змяніць тактыку, заклікаючы сабе на дапамогу час і аддаленне, гэтыя два магутныя чыннікі, якія ўжо столькі найлепш вынашаных планаў панішчылі.  Патрэба вырашыць сямейныя інтарэсы, і асабліва патрэба апекавання лёсу любай маці, давала ёй адпаведную мажлівасць пакінуць Зубковых, таму неадкладна вырашыла гэта выкарыстаць.

Частка 7 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


7.  ПОБЫТ ПАЎЛІНКІ НА СЛУЧЧЫНЕ
Падарожжа ў Літву адбылося шчасліва, нават, не спадзяваліся на гэта, бо хаця гэта была ўжо другая палова верасня, надвор’е нам спрыяла, і здароўе бабулі такім добрым было, што праз няпоўныя два тыдні нашы падарожнікі спыніліся ў Слуцку і загасцявалі ў пана Юльяна, немаладога ўжо халастога мужчыны, які займаўся адвакацкай справай.  Сардэчны прыём, які атрымалі, і забяспечаная ад гэтага часу апека над бабуляй ужо самі па сабе былі вялікай радасцю для Паўлінкі, але дадалася яшчэ адна радасць – атрымалі другі ліст ад маці, якая даведалася з нашых лістоў пра планы адвезці бабулю ў Літву, напісала да нас на адрас дзядзькі наступныя словы:
Любыя мае дзеткі! Нарэшце дачакалася ліста ад вас! Калі ўбачыла твой почырк, Паўлінка, то не магу выказаць якое ўзрушэнне адчула.  Баялася нават парушыць пячаткі.  Нарэшце пачала чытаць, і хоць плакала ў душы, але была такая шчаслівая! Падчас майго суму без весткі вашай, паабяцала сабе: калі даведаюся, што вы жывыя ды здаровыя, то ні аб чым большым не буду прасіць Бога і ўсім буду задаволена.  Сёння ж маё найгарачэйшае жаданне споўнілася, і гэты новы доказ міласэрнасці Божай да мяне ўсё больш умацоўвае маю веру, што тая ж Апека, што была увесь час над вамі, і далей будзе доўжыцца.  Калі я праглынула, літаральна, твой ліст, то шкадавала, што ён такі кароткі, што Віктуся нічога не прыпісала… Заўжды жаданні чалавека не маюць межаў! Звесткі пра вас так мне дарагія, што заўсёды мне іх не хапае, таму імкніцеся паведамляць мне ўсе падрабязнасці пра сябе.
Скажы, Паўлінка, ці пазнаёмілася ты з пані Станзані! Каму перадала Віктусю? Ці прыслалі каго па яе? Дзе цяпер яна будзе жыць, і куды мне адрасаваць лісты? Як прайшло растанне? Усё гэта надта важна для мяне.
Ты пішаш, што Зосю хоча ўзяць пані Клемянтына, я была б гэтаму рада, толькі непакоюся, ці не будзе таварыства Зосі для яе цяжарам.  Спытай яе шчыра, і думаю, што яна адкажа табе таксама шчыра.  Калі толькі Зося не будзе ёй перашкаджаць хоць у адным з намераў, калі не будзе лішняй, то я з ахвотай даручаю ёй апеку.  Хацела адразу да яе напісаць, але вырашыла пачакаць да атрымання звестак ад вас.  Пані Людвіка таксама хацела выхоўваць Зосю.  Як жа я ўдзячна ёй за яе прыязнасць, заўсёды яна да нас так ставілася.  Я даверыла б ёй ахвотна Зосю, але ж у яе толькі сынкі, дык у Зосі не будзе магчымасці таварышыць з дзяўчаткамі, не зможа выкарыстаць веды, што даюцца пры навучанні хлопчыкаў, але ўсё роўна ніколі не забудуся пра ахвяру пані Людвікі.  
Калі даведалася, што Алоізы хоча падацца на службу ў Табольск, каб быць бліжэй да мяне, то мурашкі па мне пабеглі.  Бо як надзея ўбачыць тут цябе, маё дзіця дарагое, радасцю поўніць маё сэрца, так трывога мяне ахоплівае, калі падумаю, што магу пашкодзіць тваёй будучыні з-за майго неспрыяльнага становішча.  Тым больш мяне трывожыць, што паводле інфармацыі, якую я атрымала ад мясцовых ураднікаў, аказваецца, што пададзеныя табе звесткі былі памылковыя, бо выгоды, пра якія згадваеш, прадугледжаны толькі для тых, хто ўжо знаходзіцца на службе ў іншых губерніях, пераязджае добраахвотна ў Сібір, але не для новапрынятых на працу.  Падаючыся ж наўпрост на службу ў Табольск, ты павінен дарогу аплаціць сваімі сродкамі і пасля прыбыцця на месца атрымліваў бы толькі звычайную зарплату.  Ці не лепш бы , маё дзіця любае, каб ты паступіў у якую канцылярыў у краі, а потым папрасіў бы аб пераводзе ў Табольск, калі палічыў бы гэта патрэбным.  Зрэшты, не маю права цябе адгаворваць, бо баюся памыліцца сэрцам сваім, то папрасі парады ў Юльяна і Адама, бо яны больш дасведчаныя і прыязныя да цябе, таму,пэўна, найбольш прыймальны шлях табе падкажуць.  Але як зробіш, дзіця маё любае, Бог цябе ўзнагародзіць за ахвяру і добрае сэрца, ды блаславіць тваю будучыню.  Рабі разумныя ўчынкі, працуй сумленна, а ўсё астатняе аддай на волю Бога.
Шчэнсны хоча паступіць у Корпус Інжынерскі і просіць мяне яго блаславіць; ад усяго сэрца даю блаславенне, мой дарагі, і ўхваляю вельмі твой намер.  Не магу выказаць удзячнасць да ласкавага апекуна, які табе руку дапамогі ў такі вырашальны момант падае.  Адукацыя - гэта найбольшы скарб для мужчыны, і я спадзяюся, што мой Шчэнсны не змарнуе тыя сродкі, якія яму Апека Божая для далейшага навучання дасылае.
Вельмі добра робіш, Паўлінка, змяшчаючы Юліка ў гімназію.  У цяперашніх умовах цяжка для яго прыдумаць што лепшае.  У яго здольнасці, ахвота да працы, і цярплівасць, а з такімі рысамі, я ўпэўнена, што ён не падмане мае надзеі на яго.  Калі ўжо ён не з вамі, перашлі яму маё блаславенне і дай мне яго адрас, каб я магла пісаць да яго асобна.  Утрыманне Юліка будзе нятанным і нямала забярэ з вашых запасаў.  Аднак, наколькі гэта магчыма, я хачу, каб ты не эканоміла на адукацыі малодшых сваіх, бо ведаеш , што гэта ў мяне на першым плане было.  Як жа пачувае сябе бабуля? Ці не пачынае ўзнімацца з ложка? Не магу супакоіцца, думаючы, што ў такім сваім стане яна павінна вытрымаць вялікую дарогу.  Ці прыслалі вам з Кіева вазок, у якім мяне прывозілі? Ён быў бы выгодны вельмі для хворай бабулі.  Ножкі Мамы дарагой цалую і аб яе святым блаславенні прашу.  Ці падрасла Зосечка? Як яе здароўе?
Бедныя дзеткі! Столькі ўжо вытрывалі, а што яшчэ вас чакае? Гэта немагчыма нават прадбачыць.  Але не бойцеся , мае дарагія дзеці, і не губляйце моцы духу.  Бог, які нёс вас ва ўлонні сваім падчас вашых усіх пераездаў, не пакіне вас і надалей.  На Яго ўсе мае спадзяванні.  Не прашу Яго нават ні пра што канкрэтнае, ні для сябе, ні для вас, бо Ён лепш ведае, што для нас больш карыснае, чакаю толькі распараджэння Яго ўсім.  Знайшла канву і ніткі ў Табольску, пачала ствараць падаруначкі для вас: для Юліка вышываю папку на паперы, а Алоізы ды Шчэнсны не ведаю што б хацелі: ці то торбы паляўнічыя, ці то падушачкі? Паведамце мне пра свае жаданні.  Пра мяне не турбуйцеся: ёсць у мяне ежа і добрае здароўе, і нават ад часу атрымання вашага ліста, гэта значыць тры дні ўжо, як я вясёлая.  Пішыце да мяне часта і падрабязна, малю вас аб гэтым, як аб найбольшай ласцы, а калі хто з вас будзе адлятаць да свайго гнязда, то паведамляйце, на які адрас павінна буду пісаць.  Будзьце здаровенькія, дзеткі мае мілыя, шчасце маё.  Мае надзеі! Тулю вас да сэрца майго, цалую вашы вачаняты, вусначкі.  Будзьце здаровыя і шчаслівыя, а я на выгнанні буду шчаслівая ад вашага шчасця.
Апрача гэтага ліста, які быў напісаны да ўсіх нас, змяшчаўся у тым жа канверце другі, для Паўлінкі прызначаны, з наступнымі словамі:
Любыя дзеці мае, мая Паўлінка! Цяпер да цябе адной звяртаюся, бо хачу шчыра пагаварыць з табой пра тое, што мне найбольш ад часу атрымання твайго ліста непакоіць, што сёння з’яўляецца прадметам усіх маіх думак, мараў, асцярог і надзей: словам, пра твой прыезд да мяне.  Я чытала і перачытвала тое месца твайго ліста, дзе ты пішаш пра вырашэне тваё прыехаць да мяне.  А мой ты анёлак! Пакуль такое, як тваё, сэрца любіць мяне так чула, пакуль адной іскрынкай злучаны, не зважаючы на падзяляючыя нас паўсвета, сэрцы нашы аднолькавым жывяцца пачуццём, датуль свет для мяне не пусты, датуль надзея на шчаслівыя дні не толькі марамі для мяне з’яўляецца.  Не трэба хаваць, што сэрца сціскаецца маё.  Калі ўяўляю хвіліну, як прыгарну цябе да майго лона, ты маё шчасцейка! Ведаю таксама тваё сэрца, ведаю любоў тваю, і таму рашэнне тваё прыехаць да мяне зусім мяне не здзівіла.  
Магчыма, не павінна была б прымаць гэту ахвяру тваю, але не маю сілы адмовіць, бо баюся, каб гэта не параніла твайго сэрца надта балюча.  Але ці я часам не памыляюся? Можа гэта эгаізм падаграе надзеяй тое пачуццё, якое нічога апрача клопатаў даць табе зараз не можа? Я павінна больш працаваць над тым, каб карыстацца ў тваёй душы, у тваім сэрцы хаця б памяццю пра мяне, каб ты магла збіраць спакойна кветкі, якія Бог рассыпаў на дарозе твайго жыцця, а якую я замест узлётаў, асалоды, радасці, заслала аднымі цернямі? Калі мяне гэта сумная думка прыгнятае, то не хачу жыць.  Была б магчыма гэта балючая, але патрэбная аперацыя, калі вярнула б пасля кароткіх пакут свабоду душы тваёй.  Таму скіроўваю слёзы мае, малітоўныя словы да агульнага для нас Бога, да нашага Бацькі і прашу Яго.  Каб распарадзіўся маім жыццём дзеля твайго шчасця.  Каб толькі вярнуў душы тваёй радасць і спакой, а якія сродкі ўжыве для таго, я буду бласлаўляць Яго святыя рашэнні.  Гэтае поўнае спадзяванне на волю Бога, гэта вера ў яго міласэрнасць, апеку Яго, якой Ён абкружае маладых, нявопытных і незаслужана абяздоленых, супакойваюць узрушэнне маёй душы і ўносяць у яе хоць бы і слабы, але праменьчык суцяшэння.
Калі я ўзялася за пяро, каб адказаць табе, заўважыла, што супярэчлівыя пачуцці змагаюцца ў маім сэрцы, хаця ў выніку ёсць заўжды адно: жаданне твайго шчасця.  Калі хачу адмовіць, баюся, каб не параніць тваё вельмі чулае сэрца.  Калі схіляюся згадзіцца, бачу тысячу перашкод і небяспек, хаця і іншых, чым тыя, аб якіх ты пішаш.  Заняцце тваё клапатлівым апекаваннем малодшых нашых і вышуканне грошаў на дарогу, канешне і несумніўна, рэчы важныя і нялёгкія, аднак не параўнаеш іх з небяспекамі такой далёкай дарогі, і асабліва з ахвярай усёй тваёй будучыні.  Апека Алоізага, што сам толькі сталее і не мае яшчэ ніякага вопыту, ці ж зможа ахоўваць цябе ад рознага кшталту здарэнняў, да якіх, прыбываючы ў такі дзікі край, трэба быць гатовай.
Але калі  ты вытрымаеш шчасліва тыя тысячы вёрстаў неабжытага краю, то якога лёсу можаш тут чакаць? Ведаю, што ты гатова ахвяраваць усім, каб крыху палепшыць маё жыццё ў выгнанні і ўсведамляю, што думка, як я прытулю да свайго сэрца хаця б аднаго з дзяцей, дадае неапісальную радасць даўно адзінокай маёй душы.  Усё праз гэтую надзею падаецца мне весялейшым і мілейшым, але ці павінна я для дагаджэння сабе ахвяраваць усёй тваёй будучыняй? Ці магла б я быць шчаслівай, заспакоенай, бачучы, як вяне ў пустыні найпрыгажэйшая кветка тваёй вясны?
Ты пішаш, што куды б ні кінуў нас лёс, то як толькі будзем разам, то там і будзе наш свет.  Наша Айчына.  Ах, вялікая гэта праўда для мяне адносна вас… але ты…ты яшчэ не ведаеш у жыцці нічога апрача любові дачкі і сястры.  Ці ведаеш ты, што дзеці, ці хто з сям’і выгнанніка, калі захоча падзяляць яго лёс, не можа вярнуцца на радзіму нават пасля яго смерці? Я ведаю, што цябе гэта не напужае, што твая ахвяра бязмежная, так як і любоў твая да мяне, але я павінна цябе пра гэта папярэдзіць.  Не кажу табе нічога пра тваіх малодшых, ты адно для іх ад часу нашага растання для іх апякунка, маці, увогуле ўсё. Табе не патрэбна, каб пра іх сіроцтва нагадвалі, і ведаю, што пакуль ты не ўладзіш усё як мага лепш для іх, не пакінеш край.  Але будзе заўжды матэрыяльная толькі апека, бо хто ж без цябе заменіць сэрца маці? Падумай над усім гэтым, дзіця маё дарагое, парайся з дасведчанай цёткай Зубковай, не зважаючы толькі на адны патрэбы твайго сэрца, якое не ведае іншых пачуццяў акрамя ахвяравання і прысвячэння іншым.  Я са свайго боку буду прасіць Бога, каб паслаў табе натхненне для шчасця твайго, а з тваім шчасцем заблішчыць і для мяне радасць, заспакаенне, ды і само маё шчасце, якое б ні было маё ўласнае становішча.
Паколькі гэты ліст не змяшчае выразнага дазволу на выезд у Бярозаў, але і не забараняе яго, Паўлінка бачыла ў ім больш згоды з боку маці, лічачы зробленыя ёй перасцярогі толькі праявай збытку мацярынскай апекі, калі непакой існуе нават адносна тых небяспек, якія ў рэчаіснасці зусім не былі такімі пагрозлівымі.  Лічачы таму свой намер канчаткова вырашаным, змяніла яго на сталае рашэнне і з яшчэ большай моцай пачала працаваць над пазбаўленнем ад тых перашкод, якія яшчэ на дарозе да яго спаўнення сустракала.  Алоізы, не менш за Паўлінку не спужаўся перасцярог маці, і з верай у моц Апекі, падаўся неадкладна ў Мінск, каб там паступіць на службу ў Табольск і пашпарт на выезд атрымаць.  З прыездам жа атрымаў балючую адмову, бо ўлады, ад якіх залежаў прыём яго, праверыўшы яго паперы, пастанавілі, што не хапае некалькіх абавязковых дакументаў, што не дазваляла ім задаволіць яго жаданне.  Дакументы ж тыя нельга было атрымаць нідзе, акрамя як у Жытоміры, і то пры моцных намаганнях.  А паколькі не было ў нас у гэтым горадзе нікога, хто мог бы шчыра заняцца гэтай справай, трэба было ехаць асабіста зноў на Валынь, каб пазбавіцца гэтай новай перашкоды.  Паўлінка аднак настолькі моцныя мела намеры быць з маці, што гатова была нават адправіцца адна ў дарогу, калі б намаганні Алоізага не мелі патрэбнага выніку.
Падчас падарожжа Алоіза ў Мінск прыйшоў новы ліст з Бярозава, адрасаваны дзядзьку Юльяну.  І хаця змест яго не мае непасрэднай сувязі з галоўнай лініяй нашага апавядання, змяшчаю яго тут, бо ён адлюстроўвае дакладна цяперашні стан душы самотнай выгнанніцы, так што Чытач не прачытае яго без цікавасці:
Любы Юльян, найдаражэйшы мой браце! Пасля доўгага і сумнага чакання атрымала твой мілы мне ліст ад 10 чэрвеня, але ранейшага, пра які пішаш, зусім не атрымлівала.  Гэта як той кавалак хлеба, што адабралі ў жабрака, што памірае з голаду.  Трэба быць у такім становішчы, як маё, трэба не мець ніводнага агульнага з кім-небудзь пачуцця, ні адной мары, якія б адбіліся ў душы другога чалавека, ні аднаго ўспаміну, які б выклікаў слязіну ў душы іншага.  Адным словам, трэба быць выгнаннікам, і да таго выгнаннікам амаль што на іншую планету, каб ацаніць вартасць ліста, гэтага адзінага ланцуга, які нас яшчэ злучае з мінулым, які сведчыць пра нашу падобнасць, у той час калі вакол нас усё змянілася.
Вы, хто жыве звычайным жыццём, што ў акаляючых вас істотах знаходзіць дастаткова для жыўлення сэрца і розуму вашага, не можаце ўявіць, чым для мяне з’яўляюцца вашы лісты.  Усё жыццё маё сабрана цяпер у лістах, усё, што мяне атачае, для мяне так абыякавае, нібы не мае да мяне ніякага дачынення.  Калі ж бы ад мяне залежала, дадала б у катэхізісе да ўчынкаў міласэрных абавязак ліставання з выгнаннікамі, бо гэта для нас самае жаданае з усяго, што атрымліваем.  Адзіная падзея, якая мяне хвалюе тут, гэта атрыманне пошты, якая усяго! два разы толькі на месяц прыходзіць.  Кожны паштовы дзень я выходжу з калоцячымся сэрцам на бераг Сосвы і вочы мае, абыякавыя да ўсяго, хацелі б угледзець на абсягу маленькі адно пункцік: човен паштовы, што вязе лісты вашы.  Гэта цяпер мой свет.  О, як жа мала, о, як шмат для шчасця чалавека патрэбна! Жыццё маё было замкнёным у маленькім асяродку, які ледзь можа заўважыць на паверхні гэтай вялізнай зямлі, але там было сабрана ўсё тое, што было патрэбна мне для шчасця.  
Ніколі пажаданні мае не сягалі за межы гэтай сціплай сферы, дзе падабалася Апецы Божай мяне змясціць, і адчуваючы шчасце, маючы душу заўжды сонечную, я думала, што шчасце не складаецца з роздумаў над жаданнямі.  Але цяпер, калі б паўсвету зямнога прынесла мне ў падарунак свае выгоды і багацці, я б адмовілася з горыччу і болем, бо як бы яны вярнулі маё шчасце? За адну чацвёртую частку аркуша паперы, спісанага знаёмай рукой, любай рукой, аддала б іх усе.  Я не ведаю, ці разумееш ты такое пераўтварэнне душы, каб яна з дапамогай пасярэдняга прадмета, зусім чужога, магла атрымліваць тыя ж уражанні, ці хаця б падобныя да тых, якія я адчувала некалі пры сузіранні самога прадмета? Цяпер, напрыклад, лісты падаюцца мне жывымі рэчамі, безадносна да зместу іх, са сваімі тварыкамі, якія для мяне змяняюцца ў фантазіі, якая адрозная ад пачуццяў, што паўстаюць у душы падчас чытання.  Кожная згадка аб набліжэнні паштовага дня павялічвае ток крыві.  Кожны прыход пошты падвойвае біццё сэрца, кожны атрыманы ліст мае сваё аблічча, што стасоўнае з абліччам яго аўтара, з дапамогай чаго таксама можна прачытаць нябачнае.  Сляпы, можа быць, лепш бы гэта зразумеў, той, хто ў гуку, у адценні голаса чытае тое, што мы з дапамогай зроку па твары не прачытваем.  Але хопіць пра мяне, можа аж занадта.
Як жа я ўдзячна табе за сардэчную прыхільнасць, з якой маім сіротам падаеш руку дапамогі! Я ніколі не сумнявалася ў тваёй нам адданасці і была ўпэўнена, што ў выпадку патрэбы падзелішся з імі кавалкам хлеба, хаця сам зарабляеш на яго з потам на ілбе.  Пра дарагую маму нават і не кажу, бо ведаю, што гэта не ахвяра, а шчасце для цябе – апекаваць яе ў старасці.  Я лічыла для сябе гэта найбольшым блаславеннем Божым, што яна вырашыла жыць са мной.  Сёння, калі я не магу мець такой радасці, каб ёй дапамагаць асабіста, тым, як найменш, суцяшаю сябе, што ты мяне ля яе заменіш.  Баюся аднак, як яна перанясе такую дарогу, з амаль нерухомымі рукамі ды нагамі.  Не забудзь паведаміць мне аб яе здароўі, як толькі прыбудзе ў Слуцк.
Правёўшы пэўны час у Слуцку, Паўлінка пакінула там бабулю.  Сама ж з Алоізам і Зосяй паехала да Зубковых.  Мацярынскае стаўленне цёткі і сардэчнае суперажыванне Міхаліны дадалі радасці яе душы, наколькі магла прыняць яе адзінокая дачка, так што сышлі з яе сэрца горыч і цяжар, гэты вынік цяжкіх перажыванняў, і далі адчуць спакой, ажыўлены надзеяй на хуткае спатканне з маці.  Не менш прыязнымі аказаліся і іншыя сваякі - Вендорфы, якіх Паўлінка наведала па чарзе, так што праз тыдзень пасля прыбыцця ў Літву лёс усіх малодшых, хаця б на бліжэйшы час, быў уладкаваны.  Алоіза аж да выезда на Валынь затрымаў дзядзька Адам у Караху, Зосю сям’я агульна складзенымі запасамі грошай вырашыла змясціць у Вільні, пад апекай пані Брынковай, якая там жыла, каб выхоўваць сваіх дзяцей, кошт адукацыі ж Юліка ўзялі на сябе сямейства Каранёўскіх.  Гэта апошняе аказалася ужо лішнім, бо хутка прыйшла вестка, што пан Дарыуш Панятоўскі, заможны мецэнат з Украіны, узяў яго на сваё выхаванне.
Праўда, што непараўнальная любоў нашай маці з такім клопатам нас ахоўвала нават на адлегласці, што перадусім яе памкненням, а асабліва цнотам і заслугам мы дзякавалі за ўсю тую дабрыню, якую адчулі не толькі з боку блізкіх падчас нашых нястач, але і ад зусім чужых юдзей.  Лісты маці апераджалі нашы намаганні, зараней яшчэ залучаючы  сэрцы тых, каго прыязнасці яшчэ не заслужылі, так што з прыбыццём заўважалі перад сабой чыстую дарогу і самы сардэчны прыём.  Дадаю тут ліст, напісаны ёй у той час да дзядзькі Адама, галоўнага ў сям’і Вендорфаў, і да яго жонкі, якая апекавала нашу маці падчас знаходжання той пад арыштам у Вільні.
Дарагія і любыя мае Вендорфы! Ужо ведаю, што атрымліваеце мае лісты, таму будзеце мець ад мяне часта навіны.  Якія ж вы добрыя, што хочаце прысвяціць мне хвіліны, якія маглі б так прыемна ў коле сям’і правесці.  Але чаму так няшмат падрабязнасцяў пішаце пра сябе і пра вашых дзетак? Дзе цяпер жывяце? Чым займаецеся? Любая Адамава, ці ты забылася на мяне, што ў апошнім лісце ні слоўца не напісала? Я ж ніколі не забуду яе дабрыні падчас майго арышту, ды і што гаварыць пра гэты доўгі ланцуг пастаянных доказаў сяброўства на працягу ўсяго жыцця! Гэта згадкі, якія не сцерці, не зменшыць іх значэнне.  Дзе зараз сям’я Уладзіслава, Севярына, Алексі? Як Эмілька, Тэося? Яшчэ не павялічылася іх сямейства? А Антося, Стэфка, ці здаровыя, ці падраслі? Прыгажуня Антося са сваім мілым голасам увесь час мне ўяўляецца такой, як бачыла яе апошні раз.  Прашу яе сябраваць з Паўлінкай, калі тая прыедзе да вас.  Нядаўна атрымала ад яе ліст з Валыні, дзе гаворыць пра свой хуткі выезд у Літву, але так мала пра сябе піша! Праўда, я сама гэта адчуваю, што несправядліва патрабаваць ад яе доўгіх лістоў; у яе зараз столькі працы, клопатаў: усе мае абавязкі перайшлі да яе, а нявопытнасць павялічвае іх цяжкасць, адно Бог ёй дадае сіл, каб вытрываць гэтае бярэмя.
Разлічваю, што ужо хутка мае дзеці будуць у вас.  Веру, што прымеце іх, як уласных і не адмовіце ім апекаваць, параіце сардэчна.  Алоізы мае план падацца на службу ў Табольск з мэтай быць бліжэй для мяне і суправаджэння Паўлінкі ў дарозе, але не смею яму ўказваць, бо тут асабісты інтарэс майго сэрца замешаны.  Прашу вас параіць яму, бо вы бесстароннія і вольныя ад усяго асабістага.  Хацелас, каб ён быў заняты абавязкова, бо я лічу, што нічога больш не атручвае жыццё моладзі, не прыводзіць да зла, чым марнатраўства ці праца, якая не прыводзіць да мэты.  Мне падаецца, што моладзь павінна навучыцца адпавядаць абавязкам, ад якіх бы не магла адмовіцца, хаця б і хацела.  Інакш будуць няўпэўненыя крокі, будуць аднамомантныя жаданні, якія вядуць волю ў розныя бакі, не ўпарадкоўваюць яе, не даюць паводзінам тых сталых і аднастайных крокаў, якія ў доўгім падарожжы жыцця самі нас надалей вядуць, без небяспечных выбрыкаў і страшнай прыкрасці.
Сёння існуе мода нагаворваць на метадызм, кажуць, што ён тармозіць свабоднае развіццё прыроджаных здольнасцяў.  Калі гэтыя словы не ва ўсіх выпадках непраўдзівыя, то як найменш гэта вельмі небяспечна.  Колькі ж я бачыла такіх, якія лічачы сябе геніямі, скінулі з сябе бярэмя метадызму і сталі… усяго марнатраўцамі.  Наадварот, чалавек працавіты і старанны заўсёды зойме належнае месца ў грамадстве, хаця б і меў звычайныя здольнасці.  Зрэшты, геніяльныя людзі - гэта вельмі выключная з’ява, і смешным было б да іх агульныя спосабы выхавання дастасоўваць.  Яны самі ствараюць сабе шляхі, настаўнікаў жа перадусім рэчаіснасць патрабуе.  Не маю ніякай прэтэнзіі да таго, каб сыны мае перавышалі іншых па здольнасцях: але досыць для мяне будзе і той радасці, калі яны стануць паважлівымі і карыснымі для гарамадства, і з такога погляду я імкнулася даць ім выхаванне.  Без магчымасці скончыць распачатыя справы, вас цяпер прашу, дарагія мае, каго ўплыў на маіх дзяцей будзе цяпер найбольшым, каб наглядалі за шчаслівым пачаткам іх кар’еры.  Няхай адразу навучацца працаваць сумленна, каб зарабляць на кавалак хлеба, а калі Бог не паскупіўся  надзяліць іх здольнасцямі, то яны не толькі не змарнеюць на гэтай дарозе, але новага бляску набудуць пасля гартавання волі.  Прабач, дарагі Адам, сэрца маці, што аж да слаты пра дзяцей сваіх гаворыць, але можа быць мае погляды, калі іх падзяляеш, большай вагі набяруць з вуснаў чалавека, такога вопытнага і разумнага, як ты.  Парады жанчыны, хоць бы і матчыны, заўсёды амаль дарослым хлопцам падаюцца няслушнымі.
Ты пытаеш пра падрабязнасці майго жыцця ў Бярозаве, але няшмат табе іх магу паведаміць.  Гісторыя жыцця, замкнёнага ў чатырох сценах не вельмі што цікавая, хіба захочаш, каб, як паляўнічаму, расказала табе пра жыўнасць тутэйшую і спосабы палявання на яе апісала? Тады б мела невычэрпную крыніцу, якой бы хапіла нават на некалькі гадоў ліставання, так шмат тут разнастайных птушак, а асабліва воднага птаства.  Каб аднак у маўчанні маім ты не бачыў адмовы, апішу табе як мага карацей маё становішча і штодзённую працу.  Ужо пэўна ведаеш, што я не адна тут, бо Юзя Ранжэўска, асуджаная на пражыванне ў Тары, захацела ехаць са мной аж да Бярозава, каб не застацца ў сваім узросце зусім адной у цалкам чужой старане.  Размясціліся мы разам, разам бядуем і радуемся.
Дом, у якім мы займаем два пакойчыкі, вельмі чысты і цёплы з-за вельмі нізкай столі.  У сталаванні нам дагаджаюць, наколькі могуць і ўмеюць.  Бо мясцовыя жыхары вельмі гасцінныя.  Спачатку падавалі шмат страў, але мы самі прасілі іх, каб не давалі больш за дзве.  Усё лета мы жылі на дзікіх качках у асноўным і на малочных прадуктах, а калі пачалася восень, то ад верасня нас кормяць цецерукамі і курапаткамі.  Аднак гатуюцьяны не так, як мы прывыклі, бо нічога не гатуецца на агні.  А топяць моцна печ, зачыняюць яе, і тады толькі стаўляюць унутр ежу, якая там парыцца ці тушыцца, як захочуць, аж цэлы дзень, бо тое ж ядуць і на вячэру.  Ямо раз на дзень, ранкам і вечарам п’ём малако з печывам.
Я прачынаюся а чацвёртай ранкам, ці калі пазней, а пятай, Юзя ж прачынаецца а сёмай.  Таму гэтая пара гадзін для мяне вельмі дарагая: магу пабыць адна і памаліцца без перашкоды і падрыхтаваць лісты для адпраўкі.  Паміж восьмай і дзевятай мы п’ём малако і прыбіраем дом, пасля чаго, калі дзень ясны, сядаем вышываць, - гэта адна з усіх прац маіх найбольш мяне займае і супакойвае нават думкі; калі ж цемнавата, робім клубкі з нітак, што яшчэ з Вільні, якія тут вельмі даспадобы.  Вечарам чытаю і вяжу панчохі.  Аднак чытанне я цяпер менш люблю, чым працу: чытанне абуджае думку і пачуцці, праца ж вышыўкі суцяшае сэрца і галаву ды дае адпачыць душы.  А восьмай заканчваем чытанне, часам яшчэ згуляем у пасьянс, звычайна на жаданне, ці прыйдуць лісты па пошце; пасля молімся і кладзёмся спаць, пасля чаго я яшчэ пэўны час малюся ў думках.
Спім з Юзяй у адным пакоі.  Другі служыць нам залай.  Але не маю ўласнага кутка, як было заўсёды.  Кнігі атрымліваем з Табольска, дзе нашы родныя сфармавалі хутка бібліятэку і ахвотна з намі дзеляцца.  Без гэтай дапамогі я не ведаю, як бы мы перажывалі зіму, калі светлавога дня ўвогуле няма нейкі час, таму і немажліва рабіць што.  Асабліва калі прыняць да ўвагі акалічнасць, што няма ў нас ні гадзінніка, ні комінка.  Не ведаю, чаму тут такі звычай, што пры такой колькасці лясоў, і недахопе лою, не ўжываюць амаль комінкаў, але ніякая інавацыя не можа тут укараніцца.  Бо лічаць, што найлепш так, як рабілі продкі.  І нельга ад гэтага адступацца.  Маё здароўе палепшала: пухліна, якую лічыла вадзянкай, з заканчэннем спякоты амаль цалкам знікла, і застаўся толькі боль у каленах.
Будзьце здаровыя, любыя.  Дарагія Вендорфы, узгадвайце часам пры вячэрніх размовах ля каміна аб адданай вам усім сэрцам роднай душы і атачайце любоўю дзетак маіх – вось мая найгарачэйшая і адзіная просьба да вас усіх, любыя мае.
Пад уплывам добрых уражанняў, атрыманых сярод поўнай прыязнасці сям’і і, асабліва, пад уплывам ажываючай надзеі хуткага спаткання з маці, здароўе Паўлінкі паляпшалася, і нават у яе настроі адбівалася калі не весялосць, то усё большая свабода і жвавасць.  Вось якімі словамі адказвае яна на атрыманае ў Слуцку чарговае дазваленне ад маці на выезд у Бярозаў.
Ты мяне зразумела, дарагая Мама, і хоць я мела надзею на гэта, не магу аднак не расцалаваць са слязьмі Твае рукі, каб падзякаваць Табе за тое, што хочаш мяне прытуліць да свайго сэрца на выгнанні.  Так, любая Мама! Я б не перажыла адмовы тваёй: бо душа, якая з дзяцінства так цесна з табой спалучана была, не здолела б абысціся без надзеі, што будзем разам зноў.  Пакуль ты ў адзіноце і прыгнечана цяжкім сумам, для мяне непрымальна сохнуць ці супакойвацть боль Твайго сэрца, падзяляючы ўсе твае клопаты далёка ад Цябе.  Не бойся, мая дарагая Мама, што нібыта кветкі маёй вясны будуць вянуць марна ў пустцы, бо сёння для мяне пустка – увесь свет, апроч Бярозава.  Ад натхнення тваёй любоўю душа мая нават сярод паўночных снягоў свабодай і шчасцем расквітнее, сум жа па табе яшчэ ў пупышках знішчыць усе яе ўнутраныя сілы, калі іх твая пяшчота ўвесну жыцця майго не абароніць.
Як сонцалюбівая расліна, так я промняў Тваёй сонечнай любові жадаю: няхай мяне надзея жыцця з табой пакіне, адразу маё сэрца замкнецца як кветка жывая, калі сонца не дае ёй святла. Сёння я бачу гэта больш яскрава, чым калі-небудзь, што сэрца маё недасяжнае для шчасця, якое не адчуваеш ты.  Але ж тут я абкружана тым усім, чаго жадаць магла для майго шчасця, апрача Цябе адной.  Чаму ж гэта ўсё, чым я валодаю, здаецца мне нічым з-за гэтага адзінага? Ты ведаеш, як я люблю і паважаю цётку Зубкову, скажу канешне, што калі б мне Пан Бог Цябе як узор не падаў, то рада была быць падобнай і да яе ва ўсім.  Пра Місю і гаварыць не патрэбна, бо ведаеш, што гэта мая адзіная, найлепшая сяброўка.  Ды і ўсе іншыя родныя шмат дабрыні, шмат клапатлівасці мне аддаюць, бо ведаюць, як мне Цябе не хапае.  Асабліва Адам Шэмеш з чуласцю бацькоўскай, з прыязнасцю братэрскай апякуе нам, ведае ўсе нашы патрэбы, папярэджваючы усе нашы жаданні.  І не магу нават сказаць, каб абыякавая была да гэтых іх учынкаў, але што, калі ж гэта пачуццё ўдзячнасці раны сэрца майго не гоіць і не памяншае суму па Табе.
Відаць, што і Пан Бог ласкавым вокам зірнуў на маё рашэнне жыць з Табой, бо міласэрная яго Апека так усё склала, што самыя значныя перашкоды для майго выезду ці ўжо зніклі, ці хутка знікнуць павінны.  Віктусю я пакінула ў Кіеве ў пані Мадзялеўскай, бо пані Станзані толькі праз пару тыдняў павінна была туды прыехаць.  Аднак пазней атрымала звестку, што сястрычка ўжо ў сваёй апякункі і вельмі адна адной рады.  Жывуць увесь час у Кіеве і апрача Віктусі ніводнай іншай паненкі ў доме няма.  Муж і жонка Станзані як уласнае дзіця яе ўспрымаюць.  Юліка размясціла ў Жытоміры і за першыя паўгода яго там жыцця ўжо заплаціла, але з таго часу два добраахвотнікі апеку сваю яму прапанавалі: пан Дарыуш Панятоўскі з Пялавы і наш сваяк Эдвард Каранёўскі са Случчыны.  Я абрала пана Дарыуша, бо ведаю, што выхаванне Юліка не будзе для яго складаным.  Зося будзе размешчана ў Вільні ў пані Казіміры, на агульна сабраныя грошы ад літоўскіх сваякоў.  Я ведаю, як Ты будзеш радавацца гэтаму: нельга жадаць найлепшага яе ўладкавання.  Шчэнсны таксама ўжо на ўтрыманні свайго апекуна.  Дасюль бавіць час у Кіеве, але хутка паедзе ў Маскву, дзе будзе паступаць ва ўніверсітэт, бо намаганні паступіць у корпус інжынерскі не апраўдалі сябе.  Адзін Алоізы нідзе не ўладкаваны.  Падаваўся на службу ў Табольск, але адмовілі яму з-за недахопу некаторых дакументаў.  Каб улатвіць гэту справу і зрабіць пашпарт для сябе, хачу паехаць у Жытомір, адкуль Алоізы ўзновіць свае старанні для прыняцця яго на службу.  Аднак, калі ізноў яму не пашанцуе, я паеду адна, верачы адно Богу, што будзе мне дапамагаць і ахоўваць ў дарозе.
Я чула, што некалькі асоб застаюцца ў такім жа, як і маё, становішчы, таксама прагнуць жыць з роднымі сваімі ў Сібіры, таму можа стацца, што дамовімся пра сумеснае з імі падарожжа.  Не хвалюйся, даражэнькая Мама, што мая любоў да Цябе небяспекі маіх учынкаў не дасць убачыць.  Я абяцаю табе, што нічога без парады вопытных людзей не распачну, і спадзяюся, што не нараблю недарэчнасцяў.  Наадварот, пастараюся ўсё так уладзіць, каб Табе ні цяпер, ні пазней не прынесці засмучэння.
Бабулю давезлі шчасліва да Слуцка.  Цёплае і прыгожае надвор’е спрыяла нам усю дарогу.  Узялі для бабулі крытую брычку на рэсорах, заслалі яе, як ложак, так што, лежачы, усю дарогу змагла вытрымаць без ніякіх складанасцяў.   На працягу некалькіх дзён пасля прыбыцця ў Слуцк яна была нашмат больш вясёлая і вельмі жвавенькая: расказвала пра даўнейшыя часы, распытвала пра дзяцей, пра ўнукаў сваіх ранейшых знаёмцаў, радавалася надзеі ўбачыць сваю сястру Пелікшыну, а таварыства дзядзечкі нашага напаўняла яе ўсё большым шчасцем.
Я пакінула яе менавіта ў такім стане душы, ад’язджаючы да Зубковых, але калі наведала яе праз некалькі дзён, заўважыла, што яна вярнулася зноў да ранейшага спакою і абыякавсці да ўсяго, што не мае адносін да вечнасці.  Смерць Пелікшыны, якая наступіла хутка пасля нашага ў Слуцк прыезду, і то менш, чым мы маглі прадбачыць, да такой перамены стану духу бабулі спрычынілася.  Калі перачытала ёй лісты ад Юліка і Віктусі, то яна радавалася, што ім так добра, і асабліва дзякавала Богу за тое, што знаходзячыся пад апекай паважлівых да Бога людзей, не будуць мець недахопу ў рэлігійным выхаванні.
Душа яе нібы апярэджвае цела, пакідаючы гэты свет.  Думкамі яна ўжо ўся ў лепшым жыцці, у кожнай рэчы бачыць толькі Бога як канчатковую мэту ўсяго жыцця.  Ранейшы рух па жыцці, які так выключна займае большую частку чалавецтва, для яе толькі сон, нішто.  Сама просіць Бога пра як мага хутчэйшы спачын, бо ўжо сумуе надта ад такога доўгага выгнанніцтва.  Гэты разбураны будынак, жыхар якога жыве поўным жыццём, на поўную сілу, падаецца нават урачыстым: настолькі тут бачныя дзве часткі сутва чалавека.  Улада над яе душой цалкам невытлумачальная, у яе свядомасці не ўбачыш неадпаведнасцяў, а парады, якія нам дае, напоўнены, як і раней, верай, простасцю і здаровым розумам.  Здароўе яе жадалася б убачыць лепшым, але не горшае яно зараз, чым у Крамянцы.
Некалькі яшчэ чалавек піша да Цябе, каб адправіць заўтра поштай, з іх якраз лістоў і даведаешся пра астанія падрабязнасці адносна ўсёй сям’і.  Да пабачэння, даражэнькая мая, падтрымай мяне малітвамі Тваімі і рыхтуй Твае абдымкі, каб прытуліць да Тваіх грудзей дачку Тваю, якая любіць Цябе больш за жыццё.
Пасля адпраўлення гэтага ліста Паўлінка, поўная спадзяванняў, пачала клапаціцца наконт прыгатавання да падарожжа і абдумвала.  як зарабіць грошы, каб не абцяжарваць сямейных і не забіраць грошы з невялікіх запасаў, якія да таго ж хацела зберагчы для маці.  Ужо узгадана было, што падчас ад’езду з Крамянца маці ўручыла Паўлінцы брыльянтавы фермуар (зашпілячку) са словамі, каб не прадавала яго без неабходнасці.  Верная гэтаму настаўленню Паўлінка не пазбылася гэтай каштоўнасці ў самы крытычны нават час, ведаючы, што пакуль ён у яе руках, маці магла быць упэўнена, што яе дзецям, як найменш, нішчымніца не пагражае.
Але цяпер, калі амаль што ўсе малодшыя атрымалі апеку, лічыла, што магла без небяспекі распараджацца гэтым дарункам, каб забяспечыць сваю дарогу да маці.  Таму пусціла фермуар на латэрэю за сто дукатаў, а суперажыванне, абуджанае яе адважным рашэннем, было такім усеагульным, што не толькі білеты ўсе былі разабраны хутка, але нават сама каштоўнасць, выйграная панам Завішам, была вернута ёй шчасліўцам як дапамога для маці.  Здавалася, усё спрыяла яе намерам, і ўжо ў думках яна была дзесьці ў канцы падарожжа, калі новы ліст ад маці перавярнуў усё гэта збудаванне, на якім яе будучае шчасце грунтавалася.  Ліст гэты, напісаны да цёткі Зубковай, толькі кароткі допіс змяшчаў для Паўлінкі.  Вось што піша маці:
Дарагая стрыечная! Не трэба Табе гаварыць, якім пачуццём шчасця ліст твой напаўняе маё сэрца.  Досыць сказаць, што гэта ліст ад цябе, найлепшай маёй сяброўкі, і што ён змяшчае вельмі жаданую для мяне вестку, каб кожны мог разумець, якое радаснае ўзрушэнне адчула падчас калі атрымала яго.  Калі не хочаш, не буду дзякаваць за дасланыя мне грошы, але дазволь, няхай будзе палёгка майму сэрцу, дазволь пацалаваць ногі твае за тваю мацярынскую прыхільнасць да маіх дзяцей.
Колькі ж новага ты ўнесла ў сэрца маё, наколькі ўзмацніла тую святую еднасць, якая найчуллівейшым сяброўствам злучала нас з дзяцінства.  О ты, годная дачка гэтага Анёла дабрыні, пад крылом якога раслі абедзве! Ты атрымала  дабрыню ад сваёй маці, якая атачала ўсіх навокал слодыччу, узнёсласцю і радасцю.  Не экзальтаванай чуласцю, не слязьмі ў вачах адно імкнулася яна сплочваць даўгі людзям, але патрэба кожнага пакутніка, кожнага беднага была яе асабістай.  Не супакойвалася, аж пакуль не знойдзе выніковага сродку дапамогі.  Значная спадчына, якой яе абдарыў Бог, не была яе ўласнасцю, бо для сябе яна нічога не хацела.  Ніякае жаданне марнатраўства не мела для яе найменшага значэння.  Я не ведала жанчыны, якая б з такім сродкамі ніколі не здрадзіла простасці душы і сціпласці, і без усялякага гонару, з найбольшай натуральнасцю і лёгкасцю.  Адразу было бачна, што яе ўчынкі не выкліканы былі адно розумам, а сыходзілі ад бясцэннага яе сэрца.  
Пэўна, бачу, затрымалася я крыху там, дзе не намервалася, але размаўляючы з табой, звычайна адпускаю свабодна цуглі ў сваіх думак, так што сама не ведаю, куды іх паверне.  А калі рэчаіснасць уражвае сваёй шэрасцю, калі будучыня такая цяжкая і пакрыта чорным покрывам, што думка дарэмна намагаецца трапіць у яе тайнікі, спакутаваны позірк душы тым ахвотней паварочваецца ў той бок, дзе блішчыць зорка ўспамінаў, бо толькі сумны яе агеньчык разганяе усё ж гэтыя цёмныя хмары, якія мяне зараз абкружылі навокал.
Але вернемся да сутнасці.  Сярод усіх нястач, якія вярэдзілі маю душу падчас майго выгнанніцтва, адна тая была найбольш балючая, што я пакінула сваіх дзяцей у поўнай самоце.  Нікога не было, хто б душой пагаіў іх душу; бо гэта пачуццё літасці, якое выгляд пакут і нядолі абуджае ў спачувальнікаў, не пакідае большага ўражання, чым суперажыванне герою ў адыгранай ў тэатры трагедыі, якое разам са сканчэннем спектакля заканчваецца.  Цяпер я адчуваю, што дзеці мае сярод сваіх.  Хлоцы ўжо менш патрабуюць мацярынскай апекі, асабліва два старэйшыя, бо ў звычайных умовах ужо адмаўляліся б ад апякунчых крылаў маці.  Але дзяўчаты мае - гэта іншае.  Віктуся знайшла міласэрную апякунку, якая занялася яе лёсам, і я спадзяюся, што яе палюбіць; бо ў яе ўзросце хутчэй баяцца належыць, каб ранейшыя пачуцці надта лёгка не зніклі, перш чым яе дзіцячае сэрца адплоціць новай любоўю за апеку над ёй.
А Паўлінка… А Зося… Маці, я звяртаюся да сэрца маці: о як жа іх становішча раніць маю душу! У лісце Паўлінкі, што пісала яна з Валыні, чуўся такі боль, такая засмучаная была яе душа і прыгнечаная горам, што я загаласіла па ёй.  Баялася, каб гэта кволая галінка не зламалася пад цяжарам, які перавышае яе сілы, і не бачачы іншага кшталту засцярогі яе і ратавання, дазволіла ёй прыехаць.  Страх за жыццё Паўлінкі вымусіў мяне да гэтага дазволу, згодна з сэрцам маім, але так гэтаму пярэчыць мой розум.
Але цяпер, калі я ведаю, што яна пры вас, спакойная за яе.  Мне здаецца, што гэты дух парадку, працы, спакою, якім паветра вашага дому поўніцца, прывядзе да суцяшэння болю яе душы і зробіць яе больш здольнай зносіць нястачы сіроцтва і трывання бярэмя клапотных спраў, якія на яе зваліліся
Тым больш адчуваю сябе абавязанай змяніць сваё рашэнне адносна дазволу Паўлінцы прыехаць, бо пазнала суровасць мясцовай зімы і бачу, што немагчыма ёй прыехаць сюды менавіта, хаця б да пары, пакуль не пакіну Бярозаў.  Маразы тут моцныя, да пяцідзесяці градусаў, так што нават тутэйшыя жыхары не вытрымліваюць.  А што ж казаць пра малады арганізм, кволы і выхаваны пад небам больш ласкавым, ды ў якім толькі моц душы трымае слабое цела.  Сілы фізічныя не вытрывалі б маральнага напружання: яна б хварэла, а мне застаўся б нічым неўтаймоўны боль, што сваім дазволам забіла дзіця, якое толькі і дыхае адно любоўю да мяне.
Пры гэтым Алоізы, які павінен быў ехаць з ёй, сустрэўся з перашкодамі для ад’езду і пэўна будзе вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.  Каб знайсці іншую апеку, то дарэмна марыць, бо хто захоча ехаць у Бярозаў? Лёгка ўявіць, на якія вялікія небяспекі магла б натрапіць маладая паненка, якая адпраўляецца у такую далёкую дарогу, ды яшчэ ў край такі неабжыты, што падарожнік не толькі ніякіх выгод не мае, але нават асабістай бяспекі не атрымлівае.  Маё жаданне, каб яна дачакалася больш выгоднай змены майго становішча.  Тыя, што былі перада мной, былі памілаваны, можа і я дачакаюся, калі не вяртання дамоў, то хоць бы пераводу ва ўмовы больш спрыяльнга клімату.  І тады з якой жа радасцю прытулю да сэрца маё дарагое дзіця!
Няхай жа дзеля майго спакою, для будучага майго шчасця, адкладзе свой выезд да больш спрыяльнага часу, а цяпер няхай зверне ўвагу на сваё здароўе, што вельмі патрэбна яшчэ для сям’і, вельмі дарагой для мяне.  Як жа мяне цешыць, што Зося будзе на вачах у Казіміры.  Мне падаецца, што нават іх характары вельмі падобныя: абедзве добрыя, чулыя і далікатныя.  Зося пры гэтым такое кволае стварэнне, што найменшы павеў суровага ветру яе прыцісне аж да зямлі, чаго не трэба баяцца пры Казіміры.  Будзь маці для дзяцей маіх, любая сястра мая, як была да гэтай пары, і хоць удзячнасць мая няплённая, то можа Апека зірне на асушаныя слёзы сірот і ў тваіх уласных дзецях стокроць цябе ўзнагародзіць.
Унізе ліста было некалькі наступных слоў для Паўлінкі:
Любае маё дзіця, Паўлінка мая! Я адчуваю стан тваёй душы, ведаю ўсё, што ў ёй адбываецца, ведаю, як ты мяне любіш, так як і ты ведаеш, што я цябе люблю.  Але прыспешваючы твой прыезд, такі жаданы нашымі сэрцамі, ты магла б замест радасці прынесці мне вечныя згрызоты нават пасля маёй смерці.  Памятай, што да твайго жыцця прывязаны спакой душы маёй, таму не пагражай яму гвалтоўнасцю.  Існуюць рэчы, з якімі змагацца – гэта шаленства, і такое якраз змаганне з жывымі істотамі.
Я заклінаю цябе сваёй любоўю і тваёй любоўю да мяне, каб ты адклала свой выезд у Бярозаў.  Мы перанясём наша сумеснае жыццё да лепшых абставін, а тым часам прасіма Бога, каб у становішчы маім як найхутчэй жаданую перамену ўладзіў.  Да сэрца свайго Цябе тулю  і блаславення Божага для цябе прашу.
Хто ведае, што такое любоў, хто жывіўся надзеяй хуткай сустрэчы з любым чалавекам, з якім доўгі час быў у растанні, а потым сустрэў перашкоду для гэтага, той лёгка зразумее, што рабілася ў сэрцы Паўлінкі пасля атрымання такога ліста.  Аднак воля маці была для яе настолькі святой, што на думку нават не прыйшло запярэчыць ёй у чым-небудзь, хоць бы за паслушэнства сваё жыццём расплаціцца павінна.  Таму вырашыла яна ўлічыць жаданне маці, хаця сэрца яе ад болю рвалася.  Аднак любоў яе бяздзейнай не магла заставацца, бо калі б хоць на момант пазбавілася яна прадмету для заняткаў звонку, то ўглыб уласнай душы звярнулася б, труцячы яе смуткам і самотай.  Таму той самы ліст ад маці, які знішчыў з аднаго боку так добра вырашаныя намеры, паказваў ёй з другога боку новую дарогу, якая пры моцных памкненнях да той жа мэты магла прывесці.
Дарогай гэтай было змаганне за памілаванне для маці, якое вярнула б яе ў кола сям’і, ці як найменш наблізіла б да Радзімы, каб падарожжа да яе стала не такім небяспечным.  Як толькі думка гэта заблішчэла перад Паўлінкай, ўзялася яна з запалам і звыклай для яе характару настойлівасцю да выканання новага плану.
З атрыманых раней звестак яна мела перакананне, што дасыланыя поштай просьбы да манарха найчасцей застаюцца безвыніковымі.  На пратэкцыю асоб уплывовых пры двары ніяк разлічваць не магла, не маючы ніякім знаёмцаў у сферах атачэння трону.  Заставалася толькі адно: асабістае паданне просьбы, - і менавіта гэта абрала Паўлінка.  Але як трапіць да цара? Як атрымаць аўдыенцыю, ці хаця б наблізіцца да яго асобы? Над гэтым быў яе роздум, і яна раілася з вопытнымі людзьмі, калі зусім непрадбачанае здарэнне ўскладніла і без таго ўжо неакрэсленае становішча яе.  Здарэннем гэтым стала просьба рукі Паўлінкі Адамам Шэмешам.  Паколькі лёс гэтага маладога чалавека усё цясней звязваецца ад таго часу  з яе лёсам, не лішкам будзе адступіць крыху ў мінулае, каб з ім цясней пазнаёміцца.