вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 7 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


7.  ПОБЫТ ПАЎЛІНКІ НА СЛУЧЧЫНЕ
Падарожжа ў Літву адбылося шчасліва, нават, не спадзяваліся на гэта, бо хаця гэта была ўжо другая палова верасня, надвор’е нам спрыяла, і здароўе бабулі такім добрым было, што праз няпоўныя два тыдні нашы падарожнікі спыніліся ў Слуцку і загасцявалі ў пана Юльяна, немаладога ўжо халастога мужчыны, які займаўся адвакацкай справай.  Сардэчны прыём, які атрымалі, і забяспечаная ад гэтага часу апека над бабуляй ужо самі па сабе былі вялікай радасцю для Паўлінкі, але дадалася яшчэ адна радасць – атрымалі другі ліст ад маці, якая даведалася з нашых лістоў пра планы адвезці бабулю ў Літву, напісала да нас на адрас дзядзькі наступныя словы:
Любыя мае дзеткі! Нарэшце дачакалася ліста ад вас! Калі ўбачыла твой почырк, Паўлінка, то не магу выказаць якое ўзрушэнне адчула.  Баялася нават парушыць пячаткі.  Нарэшце пачала чытаць, і хоць плакала ў душы, але была такая шчаслівая! Падчас майго суму без весткі вашай, паабяцала сабе: калі даведаюся, што вы жывыя ды здаровыя, то ні аб чым большым не буду прасіць Бога і ўсім буду задаволена.  Сёння ж маё найгарачэйшае жаданне споўнілася, і гэты новы доказ міласэрнасці Божай да мяне ўсё больш умацоўвае маю веру, што тая ж Апека, што была увесь час над вамі, і далей будзе доўжыцца.  Калі я праглынула, літаральна, твой ліст, то шкадавала, што ён такі кароткі, што Віктуся нічога не прыпісала… Заўжды жаданні чалавека не маюць межаў! Звесткі пра вас так мне дарагія, што заўсёды мне іх не хапае, таму імкніцеся паведамляць мне ўсе падрабязнасці пра сябе.
Скажы, Паўлінка, ці пазнаёмілася ты з пані Станзані! Каму перадала Віктусю? Ці прыслалі каго па яе? Дзе цяпер яна будзе жыць, і куды мне адрасаваць лісты? Як прайшло растанне? Усё гэта надта важна для мяне.
Ты пішаш, што Зосю хоча ўзяць пані Клемянтына, я была б гэтаму рада, толькі непакоюся, ці не будзе таварыства Зосі для яе цяжарам.  Спытай яе шчыра, і думаю, што яна адкажа табе таксама шчыра.  Калі толькі Зося не будзе ёй перашкаджаць хоць у адным з намераў, калі не будзе лішняй, то я з ахвотай даручаю ёй апеку.  Хацела адразу да яе напісаць, але вырашыла пачакаць да атрымання звестак ад вас.  Пані Людвіка таксама хацела выхоўваць Зосю.  Як жа я ўдзячна ёй за яе прыязнасць, заўсёды яна да нас так ставілася.  Я даверыла б ёй ахвотна Зосю, але ж у яе толькі сынкі, дык у Зосі не будзе магчымасці таварышыць з дзяўчаткамі, не зможа выкарыстаць веды, што даюцца пры навучанні хлопчыкаў, але ўсё роўна ніколі не забудуся пра ахвяру пані Людвікі.  
Калі даведалася, што Алоізы хоча падацца на службу ў Табольск, каб быць бліжэй да мяне, то мурашкі па мне пабеглі.  Бо як надзея ўбачыць тут цябе, маё дзіця дарагое, радасцю поўніць маё сэрца, так трывога мяне ахоплівае, калі падумаю, што магу пашкодзіць тваёй будучыні з-за майго неспрыяльнага становішча.  Тым больш мяне трывожыць, што паводле інфармацыі, якую я атрымала ад мясцовых ураднікаў, аказваецца, што пададзеныя табе звесткі былі памылковыя, бо выгоды, пра якія згадваеш, прадугледжаны толькі для тых, хто ўжо знаходзіцца на службе ў іншых губерніях, пераязджае добраахвотна ў Сібір, але не для новапрынятых на працу.  Падаючыся ж наўпрост на службу ў Табольск, ты павінен дарогу аплаціць сваімі сродкамі і пасля прыбыцця на месца атрымліваў бы толькі звычайную зарплату.  Ці не лепш бы , маё дзіця любае, каб ты паступіў у якую канцылярыў у краі, а потым папрасіў бы аб пераводзе ў Табольск, калі палічыў бы гэта патрэбным.  Зрэшты, не маю права цябе адгаворваць, бо баюся памыліцца сэрцам сваім, то папрасі парады ў Юльяна і Адама, бо яны больш дасведчаныя і прыязныя да цябе, таму,пэўна, найбольш прыймальны шлях табе падкажуць.  Але як зробіш, дзіця маё любае, Бог цябе ўзнагародзіць за ахвяру і добрае сэрца, ды блаславіць тваю будучыню.  Рабі разумныя ўчынкі, працуй сумленна, а ўсё астатняе аддай на волю Бога.
Шчэнсны хоча паступіць у Корпус Інжынерскі і просіць мяне яго блаславіць; ад усяго сэрца даю блаславенне, мой дарагі, і ўхваляю вельмі твой намер.  Не магу выказаць удзячнасць да ласкавага апекуна, які табе руку дапамогі ў такі вырашальны момант падае.  Адукацыя - гэта найбольшы скарб для мужчыны, і я спадзяюся, што мой Шчэнсны не змарнуе тыя сродкі, якія яму Апека Божая для далейшага навучання дасылае.
Вельмі добра робіш, Паўлінка, змяшчаючы Юліка ў гімназію.  У цяперашніх умовах цяжка для яго прыдумаць што лепшае.  У яго здольнасці, ахвота да працы, і цярплівасць, а з такімі рысамі, я ўпэўнена, што ён не падмане мае надзеі на яго.  Калі ўжо ён не з вамі, перашлі яму маё блаславенне і дай мне яго адрас, каб я магла пісаць да яго асобна.  Утрыманне Юліка будзе нятанным і нямала забярэ з вашых запасаў.  Аднак, наколькі гэта магчыма, я хачу, каб ты не эканоміла на адукацыі малодшых сваіх, бо ведаеш , што гэта ў мяне на першым плане было.  Як жа пачувае сябе бабуля? Ці не пачынае ўзнімацца з ложка? Не магу супакоіцца, думаючы, што ў такім сваім стане яна павінна вытрымаць вялікую дарогу.  Ці прыслалі вам з Кіева вазок, у якім мяне прывозілі? Ён быў бы выгодны вельмі для хворай бабулі.  Ножкі Мамы дарагой цалую і аб яе святым блаславенні прашу.  Ці падрасла Зосечка? Як яе здароўе?
Бедныя дзеткі! Столькі ўжо вытрывалі, а што яшчэ вас чакае? Гэта немагчыма нават прадбачыць.  Але не бойцеся , мае дарагія дзеці, і не губляйце моцы духу.  Бог, які нёс вас ва ўлонні сваім падчас вашых усіх пераездаў, не пакіне вас і надалей.  На Яго ўсе мае спадзяванні.  Не прашу Яго нават ні пра што канкрэтнае, ні для сябе, ні для вас, бо Ён лепш ведае, што для нас больш карыснае, чакаю толькі распараджэння Яго ўсім.  Знайшла канву і ніткі ў Табольску, пачала ствараць падаруначкі для вас: для Юліка вышываю папку на паперы, а Алоізы ды Шчэнсны не ведаю што б хацелі: ці то торбы паляўнічыя, ці то падушачкі? Паведамце мне пра свае жаданні.  Пра мяне не турбуйцеся: ёсць у мяне ежа і добрае здароўе, і нават ад часу атрымання вашага ліста, гэта значыць тры дні ўжо, як я вясёлая.  Пішыце да мяне часта і падрабязна, малю вас аб гэтым, як аб найбольшай ласцы, а калі хто з вас будзе адлятаць да свайго гнязда, то паведамляйце, на які адрас павінна буду пісаць.  Будзьце здаровенькія, дзеткі мае мілыя, шчасце маё.  Мае надзеі! Тулю вас да сэрца майго, цалую вашы вачаняты, вусначкі.  Будзьце здаровыя і шчаслівыя, а я на выгнанні буду шчаслівая ад вашага шчасця.
Апрача гэтага ліста, які быў напісаны да ўсіх нас, змяшчаўся у тым жа канверце другі, для Паўлінкі прызначаны, з наступнымі словамі:
Любыя дзеці мае, мая Паўлінка! Цяпер да цябе адной звяртаюся, бо хачу шчыра пагаварыць з табой пра тое, што мне найбольш ад часу атрымання твайго ліста непакоіць, што сёння з’яўляецца прадметам усіх маіх думак, мараў, асцярог і надзей: словам, пра твой прыезд да мяне.  Я чытала і перачытвала тое месца твайго ліста, дзе ты пішаш пра вырашэне тваё прыехаць да мяне.  А мой ты анёлак! Пакуль такое, як тваё, сэрца любіць мяне так чула, пакуль адной іскрынкай злучаны, не зважаючы на падзяляючыя нас паўсвета, сэрцы нашы аднолькавым жывяцца пачуццём, датуль свет для мяне не пусты, датуль надзея на шчаслівыя дні не толькі марамі для мяне з’яўляецца.  Не трэба хаваць, што сэрца сціскаецца маё.  Калі ўяўляю хвіліну, як прыгарну цябе да майго лона, ты маё шчасцейка! Ведаю таксама тваё сэрца, ведаю любоў тваю, і таму рашэнне тваё прыехаць да мяне зусім мяне не здзівіла.  
Магчыма, не павінна была б прымаць гэту ахвяру тваю, але не маю сілы адмовіць, бо баюся, каб гэта не параніла твайго сэрца надта балюча.  Але ці я часам не памыляюся? Можа гэта эгаізм падаграе надзеяй тое пачуццё, якое нічога апрача клопатаў даць табе зараз не можа? Я павінна больш працаваць над тым, каб карыстацца ў тваёй душы, у тваім сэрцы хаця б памяццю пра мяне, каб ты магла збіраць спакойна кветкі, якія Бог рассыпаў на дарозе твайго жыцця, а якую я замест узлётаў, асалоды, радасці, заслала аднымі цернямі? Калі мяне гэта сумная думка прыгнятае, то не хачу жыць.  Была б магчыма гэта балючая, але патрэбная аперацыя, калі вярнула б пасля кароткіх пакут свабоду душы тваёй.  Таму скіроўваю слёзы мае, малітоўныя словы да агульнага для нас Бога, да нашага Бацькі і прашу Яго.  Каб распарадзіўся маім жыццём дзеля твайго шчасця.  Каб толькі вярнуў душы тваёй радасць і спакой, а якія сродкі ўжыве для таго, я буду бласлаўляць Яго святыя рашэнні.  Гэтае поўнае спадзяванне на волю Бога, гэта вера ў яго міласэрнасць, апеку Яго, якой Ён абкружае маладых, нявопытных і незаслужана абяздоленых, супакойваюць узрушэнне маёй душы і ўносяць у яе хоць бы і слабы, але праменьчык суцяшэння.
Калі я ўзялася за пяро, каб адказаць табе, заўважыла, што супярэчлівыя пачуцці змагаюцца ў маім сэрцы, хаця ў выніку ёсць заўжды адно: жаданне твайго шчасця.  Калі хачу адмовіць, баюся, каб не параніць тваё вельмі чулае сэрца.  Калі схіляюся згадзіцца, бачу тысячу перашкод і небяспек, хаця і іншых, чым тыя, аб якіх ты пішаш.  Заняцце тваё клапатлівым апекаваннем малодшых нашых і вышуканне грошаў на дарогу, канешне і несумніўна, рэчы важныя і нялёгкія, аднак не параўнаеш іх з небяспекамі такой далёкай дарогі, і асабліва з ахвярай усёй тваёй будучыні.  Апека Алоізага, што сам толькі сталее і не мае яшчэ ніякага вопыту, ці ж зможа ахоўваць цябе ад рознага кшталту здарэнняў, да якіх, прыбываючы ў такі дзікі край, трэба быць гатовай.
Але калі  ты вытрымаеш шчасліва тыя тысячы вёрстаў неабжытага краю, то якога лёсу можаш тут чакаць? Ведаю, што ты гатова ахвяраваць усім, каб крыху палепшыць маё жыццё ў выгнанні і ўсведамляю, што думка, як я прытулю да свайго сэрца хаця б аднаго з дзяцей, дадае неапісальную радасць даўно адзінокай маёй душы.  Усё праз гэтую надзею падаецца мне весялейшым і мілейшым, але ці павінна я для дагаджэння сабе ахвяраваць усёй тваёй будучыняй? Ці магла б я быць шчаслівай, заспакоенай, бачучы, як вяне ў пустыні найпрыгажэйшая кветка тваёй вясны?
Ты пішаш, што куды б ні кінуў нас лёс, то як толькі будзем разам, то там і будзе наш свет.  Наша Айчына.  Ах, вялікая гэта праўда для мяне адносна вас… але ты…ты яшчэ не ведаеш у жыцці нічога апрача любові дачкі і сястры.  Ці ведаеш ты, што дзеці, ці хто з сям’і выгнанніка, калі захоча падзяляць яго лёс, не можа вярнуцца на радзіму нават пасля яго смерці? Я ведаю, што цябе гэта не напужае, што твая ахвяра бязмежная, так як і любоў твая да мяне, але я павінна цябе пра гэта папярэдзіць.  Не кажу табе нічога пра тваіх малодшых, ты адно для іх ад часу нашага растання для іх апякунка, маці, увогуле ўсё. Табе не патрэбна, каб пра іх сіроцтва нагадвалі, і ведаю, што пакуль ты не ўладзіш усё як мага лепш для іх, не пакінеш край.  Але будзе заўжды матэрыяльная толькі апека, бо хто ж без цябе заменіць сэрца маці? Падумай над усім гэтым, дзіця маё дарагое, парайся з дасведчанай цёткай Зубковай, не зважаючы толькі на адны патрэбы твайго сэрца, якое не ведае іншых пачуццяў акрамя ахвяравання і прысвячэння іншым.  Я са свайго боку буду прасіць Бога, каб паслаў табе натхненне для шчасця твайго, а з тваім шчасцем заблішчыць і для мяне радасць, заспакаенне, ды і само маё шчасце, якое б ні было маё ўласнае становішча.
Паколькі гэты ліст не змяшчае выразнага дазволу на выезд у Бярозаў, але і не забараняе яго, Паўлінка бачыла ў ім больш згоды з боку маці, лічачы зробленыя ёй перасцярогі толькі праявай збытку мацярынскай апекі, калі непакой існуе нават адносна тых небяспек, якія ў рэчаіснасці зусім не былі такімі пагрозлівымі.  Лічачы таму свой намер канчаткова вырашаным, змяніла яго на сталае рашэнне і з яшчэ большай моцай пачала працаваць над пазбаўленнем ад тых перашкод, якія яшчэ на дарозе да яго спаўнення сустракала.  Алоізы, не менш за Паўлінку не спужаўся перасцярог маці, і з верай у моц Апекі, падаўся неадкладна ў Мінск, каб там паступіць на службу ў Табольск і пашпарт на выезд атрымаць.  З прыездам жа атрымаў балючую адмову, бо ўлады, ад якіх залежаў прыём яго, праверыўшы яго паперы, пастанавілі, што не хапае некалькіх абавязковых дакументаў, што не дазваляла ім задаволіць яго жаданне.  Дакументы ж тыя нельга было атрымаць нідзе, акрамя як у Жытоміры, і то пры моцных намаганнях.  А паколькі не было ў нас у гэтым горадзе нікога, хто мог бы шчыра заняцца гэтай справай, трэба было ехаць асабіста зноў на Валынь, каб пазбавіцца гэтай новай перашкоды.  Паўлінка аднак настолькі моцныя мела намеры быць з маці, што гатова была нават адправіцца адна ў дарогу, калі б намаганні Алоізага не мелі патрэбнага выніку.
Падчас падарожжа Алоіза ў Мінск прыйшоў новы ліст з Бярозава, адрасаваны дзядзьку Юльяну.  І хаця змест яго не мае непасрэднай сувязі з галоўнай лініяй нашага апавядання, змяшчаю яго тут, бо ён адлюстроўвае дакладна цяперашні стан душы самотнай выгнанніцы, так што Чытач не прачытае яго без цікавасці:
Любы Юльян, найдаражэйшы мой браце! Пасля доўгага і сумнага чакання атрымала твой мілы мне ліст ад 10 чэрвеня, але ранейшага, пра які пішаш, зусім не атрымлівала.  Гэта як той кавалак хлеба, што адабралі ў жабрака, што памірае з голаду.  Трэба быць у такім становішчы, як маё, трэба не мець ніводнага агульнага з кім-небудзь пачуцця, ні адной мары, якія б адбіліся ў душы другога чалавека, ні аднаго ўспаміну, які б выклікаў слязіну ў душы іншага.  Адным словам, трэба быць выгнаннікам, і да таго выгнаннікам амаль што на іншую планету, каб ацаніць вартасць ліста, гэтага адзінага ланцуга, які нас яшчэ злучае з мінулым, які сведчыць пра нашу падобнасць, у той час калі вакол нас усё змянілася.
Вы, хто жыве звычайным жыццём, што ў акаляючых вас істотах знаходзіць дастаткова для жыўлення сэрца і розуму вашага, не можаце ўявіць, чым для мяне з’яўляюцца вашы лісты.  Усё жыццё маё сабрана цяпер у лістах, усё, што мяне атачае, для мяне так абыякавае, нібы не мае да мяне ніякага дачынення.  Калі ж бы ад мяне залежала, дадала б у катэхізісе да ўчынкаў міласэрных абавязак ліставання з выгнаннікамі, бо гэта для нас самае жаданае з усяго, што атрымліваем.  Адзіная падзея, якая мяне хвалюе тут, гэта атрыманне пошты, якая усяго! два разы толькі на месяц прыходзіць.  Кожны паштовы дзень я выходжу з калоцячымся сэрцам на бераг Сосвы і вочы мае, абыякавыя да ўсяго, хацелі б угледзець на абсягу маленькі адно пункцік: човен паштовы, што вязе лісты вашы.  Гэта цяпер мой свет.  О, як жа мала, о, як шмат для шчасця чалавека патрэбна! Жыццё маё было замкнёным у маленькім асяродку, які ледзь можа заўважыць на паверхні гэтай вялізнай зямлі, але там было сабрана ўсё тое, што было патрэбна мне для шчасця.  
Ніколі пажаданні мае не сягалі за межы гэтай сціплай сферы, дзе падабалася Апецы Божай мяне змясціць, і адчуваючы шчасце, маючы душу заўжды сонечную, я думала, што шчасце не складаецца з роздумаў над жаданнямі.  Але цяпер, калі б паўсвету зямнога прынесла мне ў падарунак свае выгоды і багацці, я б адмовілася з горыччу і болем, бо як бы яны вярнулі маё шчасце? За адну чацвёртую частку аркуша паперы, спісанага знаёмай рукой, любай рукой, аддала б іх усе.  Я не ведаю, ці разумееш ты такое пераўтварэнне душы, каб яна з дапамогай пасярэдняга прадмета, зусім чужога, магла атрымліваць тыя ж уражанні, ці хаця б падобныя да тых, якія я адчувала некалі пры сузіранні самога прадмета? Цяпер, напрыклад, лісты падаюцца мне жывымі рэчамі, безадносна да зместу іх, са сваімі тварыкамі, якія для мяне змяняюцца ў фантазіі, якая адрозная ад пачуццяў, што паўстаюць у душы падчас чытання.  Кожная згадка аб набліжэнні паштовага дня павялічвае ток крыві.  Кожны прыход пошты падвойвае біццё сэрца, кожны атрыманы ліст мае сваё аблічча, што стасоўнае з абліччам яго аўтара, з дапамогай чаго таксама можна прачытаць нябачнае.  Сляпы, можа быць, лепш бы гэта зразумеў, той, хто ў гуку, у адценні голаса чытае тое, што мы з дапамогай зроку па твары не прачытваем.  Але хопіць пра мяне, можа аж занадта.
Як жа я ўдзячна табе за сардэчную прыхільнасць, з якой маім сіротам падаеш руку дапамогі! Я ніколі не сумнявалася ў тваёй нам адданасці і была ўпэўнена, што ў выпадку патрэбы падзелішся з імі кавалкам хлеба, хаця сам зарабляеш на яго з потам на ілбе.  Пра дарагую маму нават і не кажу, бо ведаю, што гэта не ахвяра, а шчасце для цябе – апекаваць яе ў старасці.  Я лічыла для сябе гэта найбольшым блаславеннем Божым, што яна вырашыла жыць са мной.  Сёння, калі я не магу мець такой радасці, каб ёй дапамагаць асабіста, тым, як найменш, суцяшаю сябе, што ты мяне ля яе заменіш.  Баюся аднак, як яна перанясе такую дарогу, з амаль нерухомымі рукамі ды нагамі.  Не забудзь паведаміць мне аб яе здароўі, як толькі прыбудзе ў Слуцк.
Правёўшы пэўны час у Слуцку, Паўлінка пакінула там бабулю.  Сама ж з Алоізам і Зосяй паехала да Зубковых.  Мацярынскае стаўленне цёткі і сардэчнае суперажыванне Міхаліны дадалі радасці яе душы, наколькі магла прыняць яе адзінокая дачка, так што сышлі з яе сэрца горыч і цяжар, гэты вынік цяжкіх перажыванняў, і далі адчуць спакой, ажыўлены надзеяй на хуткае спатканне з маці.  Не менш прыязнымі аказаліся і іншыя сваякі - Вендорфы, якіх Паўлінка наведала па чарзе, так што праз тыдзень пасля прыбыцця ў Літву лёс усіх малодшых, хаця б на бліжэйшы час, быў уладкаваны.  Алоіза аж да выезда на Валынь затрымаў дзядзька Адам у Караху, Зосю сям’я агульна складзенымі запасамі грошай вырашыла змясціць у Вільні, пад апекай пані Брынковай, якая там жыла, каб выхоўваць сваіх дзяцей, кошт адукацыі ж Юліка ўзялі на сябе сямейства Каранёўскіх.  Гэта апошняе аказалася ужо лішнім, бо хутка прыйшла вестка, што пан Дарыуш Панятоўскі, заможны мецэнат з Украіны, узяў яго на сваё выхаванне.
Праўда, што непараўнальная любоў нашай маці з такім клопатам нас ахоўвала нават на адлегласці, што перадусім яе памкненням, а асабліва цнотам і заслугам мы дзякавалі за ўсю тую дабрыню, якую адчулі не толькі з боку блізкіх падчас нашых нястач, але і ад зусім чужых юдзей.  Лісты маці апераджалі нашы намаганні, зараней яшчэ залучаючы  сэрцы тых, каго прыязнасці яшчэ не заслужылі, так што з прыбыццём заўважалі перад сабой чыстую дарогу і самы сардэчны прыём.  Дадаю тут ліст, напісаны ёй у той час да дзядзькі Адама, галоўнага ў сям’і Вендорфаў, і да яго жонкі, якая апекавала нашу маці падчас знаходжання той пад арыштам у Вільні.
Дарагія і любыя мае Вендорфы! Ужо ведаю, што атрымліваеце мае лісты, таму будзеце мець ад мяне часта навіны.  Якія ж вы добрыя, што хочаце прысвяціць мне хвіліны, якія маглі б так прыемна ў коле сям’і правесці.  Але чаму так няшмат падрабязнасцяў пішаце пра сябе і пра вашых дзетак? Дзе цяпер жывяце? Чым займаецеся? Любая Адамава, ці ты забылася на мяне, што ў апошнім лісце ні слоўца не напісала? Я ж ніколі не забуду яе дабрыні падчас майго арышту, ды і што гаварыць пра гэты доўгі ланцуг пастаянных доказаў сяброўства на працягу ўсяго жыцця! Гэта згадкі, якія не сцерці, не зменшыць іх значэнне.  Дзе зараз сям’я Уладзіслава, Севярына, Алексі? Як Эмілька, Тэося? Яшчэ не павялічылася іх сямейства? А Антося, Стэфка, ці здаровыя, ці падраслі? Прыгажуня Антося са сваім мілым голасам увесь час мне ўяўляецца такой, як бачыла яе апошні раз.  Прашу яе сябраваць з Паўлінкай, калі тая прыедзе да вас.  Нядаўна атрымала ад яе ліст з Валыні, дзе гаворыць пра свой хуткі выезд у Літву, але так мала пра сябе піша! Праўда, я сама гэта адчуваю, што несправядліва патрабаваць ад яе доўгіх лістоў; у яе зараз столькі працы, клопатаў: усе мае абавязкі перайшлі да яе, а нявопытнасць павялічвае іх цяжкасць, адно Бог ёй дадае сіл, каб вытрываць гэтае бярэмя.
Разлічваю, што ужо хутка мае дзеці будуць у вас.  Веру, што прымеце іх, як уласных і не адмовіце ім апекаваць, параіце сардэчна.  Алоізы мае план падацца на службу ў Табольск з мэтай быць бліжэй для мяне і суправаджэння Паўлінкі ў дарозе, але не смею яму ўказваць, бо тут асабісты інтарэс майго сэрца замешаны.  Прашу вас параіць яму, бо вы бесстароннія і вольныя ад усяго асабістага.  Хацелас, каб ён быў заняты абавязкова, бо я лічу, што нічога больш не атручвае жыццё моладзі, не прыводзіць да зла, чым марнатраўства ці праца, якая не прыводзіць да мэты.  Мне падаецца, што моладзь павінна навучыцца адпавядаць абавязкам, ад якіх бы не магла адмовіцца, хаця б і хацела.  Інакш будуць няўпэўненыя крокі, будуць аднамомантныя жаданні, якія вядуць волю ў розныя бакі, не ўпарадкоўваюць яе, не даюць паводзінам тых сталых і аднастайных крокаў, якія ў доўгім падарожжы жыцця самі нас надалей вядуць, без небяспечных выбрыкаў і страшнай прыкрасці.
Сёння існуе мода нагаворваць на метадызм, кажуць, што ён тармозіць свабоднае развіццё прыроджаных здольнасцяў.  Калі гэтыя словы не ва ўсіх выпадках непраўдзівыя, то як найменш гэта вельмі небяспечна.  Колькі ж я бачыла такіх, якія лічачы сябе геніямі, скінулі з сябе бярэмя метадызму і сталі… усяго марнатраўцамі.  Наадварот, чалавек працавіты і старанны заўсёды зойме належнае месца ў грамадстве, хаця б і меў звычайныя здольнасці.  Зрэшты, геніяльныя людзі - гэта вельмі выключная з’ява, і смешным было б да іх агульныя спосабы выхавання дастасоўваць.  Яны самі ствараюць сабе шляхі, настаўнікаў жа перадусім рэчаіснасць патрабуе.  Не маю ніякай прэтэнзіі да таго, каб сыны мае перавышалі іншых па здольнасцях: але досыць для мяне будзе і той радасці, калі яны стануць паважлівымі і карыснымі для гарамадства, і з такога погляду я імкнулася даць ім выхаванне.  Без магчымасці скончыць распачатыя справы, вас цяпер прашу, дарагія мае, каго ўплыў на маіх дзяцей будзе цяпер найбольшым, каб наглядалі за шчаслівым пачаткам іх кар’еры.  Няхай адразу навучацца працаваць сумленна, каб зарабляць на кавалак хлеба, а калі Бог не паскупіўся  надзяліць іх здольнасцямі, то яны не толькі не змарнеюць на гэтай дарозе, але новага бляску набудуць пасля гартавання волі.  Прабач, дарагі Адам, сэрца маці, што аж да слаты пра дзяцей сваіх гаворыць, але можа быць мае погляды, калі іх падзяляеш, большай вагі набяруць з вуснаў чалавека, такога вопытнага і разумнага, як ты.  Парады жанчыны, хоць бы і матчыны, заўсёды амаль дарослым хлопцам падаюцца няслушнымі.
Ты пытаеш пра падрабязнасці майго жыцця ў Бярозаве, але няшмат табе іх магу паведаміць.  Гісторыя жыцця, замкнёнага ў чатырох сценах не вельмі што цікавая, хіба захочаш, каб, як паляўнічаму, расказала табе пра жыўнасць тутэйшую і спосабы палявання на яе апісала? Тады б мела невычэрпную крыніцу, якой бы хапіла нават на некалькі гадоў ліставання, так шмат тут разнастайных птушак, а асабліва воднага птаства.  Каб аднак у маўчанні маім ты не бачыў адмовы, апішу табе як мага карацей маё становішча і штодзённую працу.  Ужо пэўна ведаеш, што я не адна тут, бо Юзя Ранжэўска, асуджаная на пражыванне ў Тары, захацела ехаць са мной аж да Бярозава, каб не застацца ў сваім узросце зусім адной у цалкам чужой старане.  Размясціліся мы разам, разам бядуем і радуемся.
Дом, у якім мы займаем два пакойчыкі, вельмі чысты і цёплы з-за вельмі нізкай столі.  У сталаванні нам дагаджаюць, наколькі могуць і ўмеюць.  Бо мясцовыя жыхары вельмі гасцінныя.  Спачатку падавалі шмат страў, але мы самі прасілі іх, каб не давалі больш за дзве.  Усё лета мы жылі на дзікіх качках у асноўным і на малочных прадуктах, а калі пачалася восень, то ад верасня нас кормяць цецерукамі і курапаткамі.  Аднак гатуюцьяны не так, як мы прывыклі, бо нічога не гатуецца на агні.  А топяць моцна печ, зачыняюць яе, і тады толькі стаўляюць унутр ежу, якая там парыцца ці тушыцца, як захочуць, аж цэлы дзень, бо тое ж ядуць і на вячэру.  Ямо раз на дзень, ранкам і вечарам п’ём малако з печывам.
Я прачынаюся а чацвёртай ранкам, ці калі пазней, а пятай, Юзя ж прачынаецца а сёмай.  Таму гэтая пара гадзін для мяне вельмі дарагая: магу пабыць адна і памаліцца без перашкоды і падрыхтаваць лісты для адпраўкі.  Паміж восьмай і дзевятай мы п’ём малако і прыбіраем дом, пасля чаго, калі дзень ясны, сядаем вышываць, - гэта адна з усіх прац маіх найбольш мяне займае і супакойвае нават думкі; калі ж цемнавата, робім клубкі з нітак, што яшчэ з Вільні, якія тут вельмі даспадобы.  Вечарам чытаю і вяжу панчохі.  Аднак чытанне я цяпер менш люблю, чым працу: чытанне абуджае думку і пачуцці, праца ж вышыўкі суцяшае сэрца і галаву ды дае адпачыць душы.  А восьмай заканчваем чытанне, часам яшчэ згуляем у пасьянс, звычайна на жаданне, ці прыйдуць лісты па пошце; пасля молімся і кладзёмся спаць, пасля чаго я яшчэ пэўны час малюся ў думках.
Спім з Юзяй у адным пакоі.  Другі служыць нам залай.  Але не маю ўласнага кутка, як было заўсёды.  Кнігі атрымліваем з Табольска, дзе нашы родныя сфармавалі хутка бібліятэку і ахвотна з намі дзеляцца.  Без гэтай дапамогі я не ведаю, як бы мы перажывалі зіму, калі светлавога дня ўвогуле няма нейкі час, таму і немажліва рабіць што.  Асабліва калі прыняць да ўвагі акалічнасць, што няма ў нас ні гадзінніка, ні комінка.  Не ведаю, чаму тут такі звычай, што пры такой колькасці лясоў, і недахопе лою, не ўжываюць амаль комінкаў, але ніякая інавацыя не можа тут укараніцца.  Бо лічаць, што найлепш так, як рабілі продкі.  І нельга ад гэтага адступацца.  Маё здароўе палепшала: пухліна, якую лічыла вадзянкай, з заканчэннем спякоты амаль цалкам знікла, і застаўся толькі боль у каленах.
Будзьце здаровыя, любыя.  Дарагія Вендорфы, узгадвайце часам пры вячэрніх размовах ля каміна аб адданай вам усім сэрцам роднай душы і атачайце любоўю дзетак маіх – вось мая найгарачэйшая і адзіная просьба да вас усіх, любыя мае.
Пад уплывам добрых уражанняў, атрыманых сярод поўнай прыязнасці сям’і і, асабліва, пад уплывам ажываючай надзеі хуткага спаткання з маці, здароўе Паўлінкі паляпшалася, і нават у яе настроі адбівалася калі не весялосць, то усё большая свабода і жвавасць.  Вось якімі словамі адказвае яна на атрыманае ў Слуцку чарговае дазваленне ад маці на выезд у Бярозаў.
Ты мяне зразумела, дарагая Мама, і хоць я мела надзею на гэта, не магу аднак не расцалаваць са слязьмі Твае рукі, каб падзякаваць Табе за тое, што хочаш мяне прытуліць да свайго сэрца на выгнанні.  Так, любая Мама! Я б не перажыла адмовы тваёй: бо душа, якая з дзяцінства так цесна з табой спалучана была, не здолела б абысціся без надзеі, што будзем разам зноў.  Пакуль ты ў адзіноце і прыгнечана цяжкім сумам, для мяне непрымальна сохнуць ці супакойвацть боль Твайго сэрца, падзяляючы ўсе твае клопаты далёка ад Цябе.  Не бойся, мая дарагая Мама, што нібыта кветкі маёй вясны будуць вянуць марна ў пустцы, бо сёння для мяне пустка – увесь свет, апроч Бярозава.  Ад натхнення тваёй любоўю душа мая нават сярод паўночных снягоў свабодай і шчасцем расквітнее, сум жа па табе яшчэ ў пупышках знішчыць усе яе ўнутраныя сілы, калі іх твая пяшчота ўвесну жыцця майго не абароніць.
Як сонцалюбівая расліна, так я промняў Тваёй сонечнай любові жадаю: няхай мяне надзея жыцця з табой пакіне, адразу маё сэрца замкнецца як кветка жывая, калі сонца не дае ёй святла. Сёння я бачу гэта больш яскрава, чым калі-небудзь, што сэрца маё недасяжнае для шчасця, якое не адчуваеш ты.  Але ж тут я абкружана тым усім, чаго жадаць магла для майго шчасця, апрача Цябе адной.  Чаму ж гэта ўсё, чым я валодаю, здаецца мне нічым з-за гэтага адзінага? Ты ведаеш, як я люблю і паважаю цётку Зубкову, скажу канешне, што калі б мне Пан Бог Цябе як узор не падаў, то рада была быць падобнай і да яе ва ўсім.  Пра Місю і гаварыць не патрэбна, бо ведаеш, што гэта мая адзіная, найлепшая сяброўка.  Ды і ўсе іншыя родныя шмат дабрыні, шмат клапатлівасці мне аддаюць, бо ведаюць, як мне Цябе не хапае.  Асабліва Адам Шэмеш з чуласцю бацькоўскай, з прыязнасцю братэрскай апякуе нам, ведае ўсе нашы патрэбы, папярэджваючы усе нашы жаданні.  І не магу нават сказаць, каб абыякавая была да гэтых іх учынкаў, але што, калі ж гэта пачуццё ўдзячнасці раны сэрца майго не гоіць і не памяншае суму па Табе.
Відаць, што і Пан Бог ласкавым вокам зірнуў на маё рашэнне жыць з Табой, бо міласэрная яго Апека так усё склала, што самыя значныя перашкоды для майго выезду ці ўжо зніклі, ці хутка знікнуць павінны.  Віктусю я пакінула ў Кіеве ў пані Мадзялеўскай, бо пані Станзані толькі праз пару тыдняў павінна была туды прыехаць.  Аднак пазней атрымала звестку, што сястрычка ўжо ў сваёй апякункі і вельмі адна адной рады.  Жывуць увесь час у Кіеве і апрача Віктусі ніводнай іншай паненкі ў доме няма.  Муж і жонка Станзані як уласнае дзіця яе ўспрымаюць.  Юліка размясціла ў Жытоміры і за першыя паўгода яго там жыцця ўжо заплаціла, але з таго часу два добраахвотнікі апеку сваю яму прапанавалі: пан Дарыуш Панятоўскі з Пялавы і наш сваяк Эдвард Каранёўскі са Случчыны.  Я абрала пана Дарыуша, бо ведаю, што выхаванне Юліка не будзе для яго складаным.  Зося будзе размешчана ў Вільні ў пані Казіміры, на агульна сабраныя грошы ад літоўскіх сваякоў.  Я ведаю, як Ты будзеш радавацца гэтаму: нельга жадаць найлепшага яе ўладкавання.  Шчэнсны таксама ўжо на ўтрыманні свайго апекуна.  Дасюль бавіць час у Кіеве, але хутка паедзе ў Маскву, дзе будзе паступаць ва ўніверсітэт, бо намаганні паступіць у корпус інжынерскі не апраўдалі сябе.  Адзін Алоізы нідзе не ўладкаваны.  Падаваўся на службу ў Табольск, але адмовілі яму з-за недахопу некаторых дакументаў.  Каб улатвіць гэту справу і зрабіць пашпарт для сябе, хачу паехаць у Жытомір, адкуль Алоізы ўзновіць свае старанні для прыняцця яго на службу.  Аднак, калі ізноў яму не пашанцуе, я паеду адна, верачы адно Богу, што будзе мне дапамагаць і ахоўваць ў дарозе.
Я чула, што некалькі асоб застаюцца ў такім жа, як і маё, становішчы, таксама прагнуць жыць з роднымі сваімі ў Сібіры, таму можа стацца, што дамовімся пра сумеснае з імі падарожжа.  Не хвалюйся, даражэнькая Мама, што мая любоў да Цябе небяспекі маіх учынкаў не дасць убачыць.  Я абяцаю табе, што нічога без парады вопытных людзей не распачну, і спадзяюся, што не нараблю недарэчнасцяў.  Наадварот, пастараюся ўсё так уладзіць, каб Табе ні цяпер, ні пазней не прынесці засмучэння.
Бабулю давезлі шчасліва да Слуцка.  Цёплае і прыгожае надвор’е спрыяла нам усю дарогу.  Узялі для бабулі крытую брычку на рэсорах, заслалі яе, як ложак, так што, лежачы, усю дарогу змагла вытрымаць без ніякіх складанасцяў.   На працягу некалькіх дзён пасля прыбыцця ў Слуцк яна была нашмат больш вясёлая і вельмі жвавенькая: расказвала пра даўнейшыя часы, распытвала пра дзяцей, пра ўнукаў сваіх ранейшых знаёмцаў, радавалася надзеі ўбачыць сваю сястру Пелікшыну, а таварыства дзядзечкі нашага напаўняла яе ўсё большым шчасцем.
Я пакінула яе менавіта ў такім стане душы, ад’язджаючы да Зубковых, але калі наведала яе праз некалькі дзён, заўважыла, што яна вярнулася зноў да ранейшага спакою і абыякавсці да ўсяго, што не мае адносін да вечнасці.  Смерць Пелікшыны, якая наступіла хутка пасля нашага ў Слуцк прыезду, і то менш, чым мы маглі прадбачыць, да такой перамены стану духу бабулі спрычынілася.  Калі перачытала ёй лісты ад Юліка і Віктусі, то яна радавалася, што ім так добра, і асабліва дзякавала Богу за тое, што знаходзячыся пад апекай паважлівых да Бога людзей, не будуць мець недахопу ў рэлігійным выхаванні.
Душа яе нібы апярэджвае цела, пакідаючы гэты свет.  Думкамі яна ўжо ўся ў лепшым жыцці, у кожнай рэчы бачыць толькі Бога як канчатковую мэту ўсяго жыцця.  Ранейшы рух па жыцці, які так выключна займае большую частку чалавецтва, для яе толькі сон, нішто.  Сама просіць Бога пра як мага хутчэйшы спачын, бо ўжо сумуе надта ад такога доўгага выгнанніцтва.  Гэты разбураны будынак, жыхар якога жыве поўным жыццём, на поўную сілу, падаецца нават урачыстым: настолькі тут бачныя дзве часткі сутва чалавека.  Улада над яе душой цалкам невытлумачальная, у яе свядомасці не ўбачыш неадпаведнасцяў, а парады, якія нам дае, напоўнены, як і раней, верай, простасцю і здаровым розумам.  Здароўе яе жадалася б убачыць лепшым, але не горшае яно зараз, чым у Крамянцы.
Некалькі яшчэ чалавек піша да Цябе, каб адправіць заўтра поштай, з іх якраз лістоў і даведаешся пра астанія падрабязнасці адносна ўсёй сям’і.  Да пабачэння, даражэнькая мая, падтрымай мяне малітвамі Тваімі і рыхтуй Твае абдымкі, каб прытуліць да Тваіх грудзей дачку Тваю, якая любіць Цябе больш за жыццё.
Пасля адпраўлення гэтага ліста Паўлінка, поўная спадзяванняў, пачала клапаціцца наконт прыгатавання да падарожжа і абдумвала.  як зарабіць грошы, каб не абцяжарваць сямейных і не забіраць грошы з невялікіх запасаў, якія да таго ж хацела зберагчы для маці.  Ужо узгадана было, што падчас ад’езду з Крамянца маці ўручыла Паўлінцы брыльянтавы фермуар (зашпілячку) са словамі, каб не прадавала яго без неабходнасці.  Верная гэтаму настаўленню Паўлінка не пазбылася гэтай каштоўнасці ў самы крытычны нават час, ведаючы, што пакуль ён у яе руках, маці магла быць упэўнена, што яе дзецям, як найменш, нішчымніца не пагражае.
Але цяпер, калі амаль што ўсе малодшыя атрымалі апеку, лічыла, што магла без небяспекі распараджацца гэтым дарункам, каб забяспечыць сваю дарогу да маці.  Таму пусціла фермуар на латэрэю за сто дукатаў, а суперажыванне, абуджанае яе адважным рашэннем, было такім усеагульным, што не толькі білеты ўсе былі разабраны хутка, але нават сама каштоўнасць, выйграная панам Завішам, была вернута ёй шчасліўцам як дапамога для маці.  Здавалася, усё спрыяла яе намерам, і ўжо ў думках яна была дзесьці ў канцы падарожжа, калі новы ліст ад маці перавярнуў усё гэта збудаванне, на якім яе будучае шчасце грунтавалася.  Ліст гэты, напісаны да цёткі Зубковай, толькі кароткі допіс змяшчаў для Паўлінкі.  Вось што піша маці:
Дарагая стрыечная! Не трэба Табе гаварыць, якім пачуццём шчасця ліст твой напаўняе маё сэрца.  Досыць сказаць, што гэта ліст ад цябе, найлепшай маёй сяброўкі, і што ён змяшчае вельмі жаданую для мяне вестку, каб кожны мог разумець, якое радаснае ўзрушэнне адчула падчас калі атрымала яго.  Калі не хочаш, не буду дзякаваць за дасланыя мне грошы, але дазволь, няхай будзе палёгка майму сэрцу, дазволь пацалаваць ногі твае за тваю мацярынскую прыхільнасць да маіх дзяцей.
Колькі ж новага ты ўнесла ў сэрца маё, наколькі ўзмацніла тую святую еднасць, якая найчуллівейшым сяброўствам злучала нас з дзяцінства.  О ты, годная дачка гэтага Анёла дабрыні, пад крылом якога раслі абедзве! Ты атрымала  дабрыню ад сваёй маці, якая атачала ўсіх навокал слодыччу, узнёсласцю і радасцю.  Не экзальтаванай чуласцю, не слязьмі ў вачах адно імкнулася яна сплочваць даўгі людзям, але патрэба кожнага пакутніка, кожнага беднага была яе асабістай.  Не супакойвалася, аж пакуль не знойдзе выніковага сродку дапамогі.  Значная спадчына, якой яе абдарыў Бог, не была яе ўласнасцю, бо для сябе яна нічога не хацела.  Ніякае жаданне марнатраўства не мела для яе найменшага значэння.  Я не ведала жанчыны, якая б з такім сродкамі ніколі не здрадзіла простасці душы і сціпласці, і без усялякага гонару, з найбольшай натуральнасцю і лёгкасцю.  Адразу было бачна, што яе ўчынкі не выкліканы былі адно розумам, а сыходзілі ад бясцэннага яе сэрца.  
Пэўна, бачу, затрымалася я крыху там, дзе не намервалася, але размаўляючы з табой, звычайна адпускаю свабодна цуглі ў сваіх думак, так што сама не ведаю, куды іх паверне.  А калі рэчаіснасць уражвае сваёй шэрасцю, калі будучыня такая цяжкая і пакрыта чорным покрывам, што думка дарэмна намагаецца трапіць у яе тайнікі, спакутаваны позірк душы тым ахвотней паварочваецца ў той бок, дзе блішчыць зорка ўспамінаў, бо толькі сумны яе агеньчык разганяе усё ж гэтыя цёмныя хмары, якія мяне зараз абкружылі навокал.
Але вернемся да сутнасці.  Сярод усіх нястач, якія вярэдзілі маю душу падчас майго выгнанніцтва, адна тая была найбольш балючая, што я пакінула сваіх дзяцей у поўнай самоце.  Нікога не было, хто б душой пагаіў іх душу; бо гэта пачуццё літасці, якое выгляд пакут і нядолі абуджае ў спачувальнікаў, не пакідае большага ўражання, чым суперажыванне герою ў адыгранай ў тэатры трагедыі, якое разам са сканчэннем спектакля заканчваецца.  Цяпер я адчуваю, што дзеці мае сярод сваіх.  Хлоцы ўжо менш патрабуюць мацярынскай апекі, асабліва два старэйшыя, бо ў звычайных умовах ужо адмаўляліся б ад апякунчых крылаў маці.  Але дзяўчаты мае - гэта іншае.  Віктуся знайшла міласэрную апякунку, якая занялася яе лёсам, і я спадзяюся, што яе палюбіць; бо ў яе ўзросце хутчэй баяцца належыць, каб ранейшыя пачуцці надта лёгка не зніклі, перш чым яе дзіцячае сэрца адплоціць новай любоўю за апеку над ёй.
А Паўлінка… А Зося… Маці, я звяртаюся да сэрца маці: о як жа іх становішча раніць маю душу! У лісце Паўлінкі, што пісала яна з Валыні, чуўся такі боль, такая засмучаная была яе душа і прыгнечаная горам, што я загаласіла па ёй.  Баялася, каб гэта кволая галінка не зламалася пад цяжарам, які перавышае яе сілы, і не бачачы іншага кшталту засцярогі яе і ратавання, дазволіла ёй прыехаць.  Страх за жыццё Паўлінкі вымусіў мяне да гэтага дазволу, згодна з сэрцам маім, але так гэтаму пярэчыць мой розум.
Але цяпер, калі я ведаю, што яна пры вас, спакойная за яе.  Мне здаецца, што гэты дух парадку, працы, спакою, якім паветра вашага дому поўніцца, прывядзе да суцяшэння болю яе душы і зробіць яе больш здольнай зносіць нястачы сіроцтва і трывання бярэмя клапотных спраў, якія на яе зваліліся
Тым больш адчуваю сябе абавязанай змяніць сваё рашэнне адносна дазволу Паўлінцы прыехаць, бо пазнала суровасць мясцовай зімы і бачу, што немагчыма ёй прыехаць сюды менавіта, хаця б да пары, пакуль не пакіну Бярозаў.  Маразы тут моцныя, да пяцідзесяці градусаў, так што нават тутэйшыя жыхары не вытрымліваюць.  А што ж казаць пра малады арганізм, кволы і выхаваны пад небам больш ласкавым, ды ў якім толькі моц душы трымае слабое цела.  Сілы фізічныя не вытрывалі б маральнага напружання: яна б хварэла, а мне застаўся б нічым неўтаймоўны боль, што сваім дазволам забіла дзіця, якое толькі і дыхае адно любоўю да мяне.
Пры гэтым Алоізы, які павінен быў ехаць з ёй, сустрэўся з перашкодамі для ад’езду і пэўна будзе вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.  Каб знайсці іншую апеку, то дарэмна марыць, бо хто захоча ехаць у Бярозаў? Лёгка ўявіць, на якія вялікія небяспекі магла б натрапіць маладая паненка, якая адпраўляецца у такую далёкую дарогу, ды яшчэ ў край такі неабжыты, што падарожнік не толькі ніякіх выгод не мае, але нават асабістай бяспекі не атрымлівае.  Маё жаданне, каб яна дачакалася больш выгоднай змены майго становішча.  Тыя, што былі перада мной, былі памілаваны, можа і я дачакаюся, калі не вяртання дамоў, то хоць бы пераводу ва ўмовы больш спрыяльнга клімату.  І тады з якой жа радасцю прытулю да сэрца маё дарагое дзіця!
Няхай жа дзеля майго спакою, для будучага майго шчасця, адкладзе свой выезд да больш спрыяльнага часу, а цяпер няхай зверне ўвагу на сваё здароўе, што вельмі патрэбна яшчэ для сям’і, вельмі дарагой для мяне.  Як жа мяне цешыць, што Зося будзе на вачах у Казіміры.  Мне падаецца, што нават іх характары вельмі падобныя: абедзве добрыя, чулыя і далікатныя.  Зося пры гэтым такое кволае стварэнне, што найменшы павеў суровага ветру яе прыцісне аж да зямлі, чаго не трэба баяцца пры Казіміры.  Будзь маці для дзяцей маіх, любая сястра мая, як была да гэтай пары, і хоць удзячнасць мая няплённая, то можа Апека зірне на асушаныя слёзы сірот і ў тваіх уласных дзецях стокроць цябе ўзнагародзіць.
Унізе ліста было некалькі наступных слоў для Паўлінкі:
Любае маё дзіця, Паўлінка мая! Я адчуваю стан тваёй душы, ведаю ўсё, што ў ёй адбываецца, ведаю, як ты мяне любіш, так як і ты ведаеш, што я цябе люблю.  Але прыспешваючы твой прыезд, такі жаданы нашымі сэрцамі, ты магла б замест радасці прынесці мне вечныя згрызоты нават пасля маёй смерці.  Памятай, што да твайго жыцця прывязаны спакой душы маёй, таму не пагражай яму гвалтоўнасцю.  Існуюць рэчы, з якімі змагацца – гэта шаленства, і такое якраз змаганне з жывымі істотамі.
Я заклінаю цябе сваёй любоўю і тваёй любоўю да мяне, каб ты адклала свой выезд у Бярозаў.  Мы перанясём наша сумеснае жыццё да лепшых абставін, а тым часам прасіма Бога, каб у становішчы маім як найхутчэй жаданую перамену ўладзіў.  Да сэрца свайго Цябе тулю  і блаславення Божага для цябе прашу.
Хто ведае, што такое любоў, хто жывіўся надзеяй хуткай сустрэчы з любым чалавекам, з якім доўгі час быў у растанні, а потым сустрэў перашкоду для гэтага, той лёгка зразумее, што рабілася ў сэрцы Паўлінкі пасля атрымання такога ліста.  Аднак воля маці была для яе настолькі святой, што на думку нават не прыйшло запярэчыць ёй у чым-небудзь, хоць бы за паслушэнства сваё жыццём расплаціцца павінна.  Таму вырашыла яна ўлічыць жаданне маці, хаця сэрца яе ад болю рвалася.  Аднак любоў яе бяздзейнай не магла заставацца, бо калі б хоць на момант пазбавілася яна прадмету для заняткаў звонку, то ўглыб уласнай душы звярнулася б, труцячы яе смуткам і самотай.  Таму той самы ліст ад маці, які знішчыў з аднаго боку так добра вырашаныя намеры, паказваў ёй з другога боку новую дарогу, якая пры моцных памкненнях да той жа мэты магла прывесці.
Дарогай гэтай было змаганне за памілаванне для маці, якое вярнула б яе ў кола сям’і, ці як найменш наблізіла б да Радзімы, каб падарожжа да яе стала не такім небяспечным.  Як толькі думка гэта заблішчэла перад Паўлінкай, ўзялася яна з запалам і звыклай для яе характару настойлівасцю да выканання новага плану.
З атрыманых раней звестак яна мела перакананне, што дасыланыя поштай просьбы да манарха найчасцей застаюцца безвыніковымі.  На пратэкцыю асоб уплывовых пры двары ніяк разлічваць не магла, не маючы ніякім знаёмцаў у сферах атачэння трону.  Заставалася толькі адно: асабістае паданне просьбы, - і менавіта гэта абрала Паўлінка.  Але як трапіць да цара? Як атрымаць аўдыенцыю, ці хаця б наблізіцца да яго асобы? Над гэтым быў яе роздум, і яна раілася з вопытнымі людзьмі, калі зусім непрадбачанае здарэнне ўскладніла і без таго ўжо неакрэсленае становішча яе.  Здарэннем гэтым стала просьба рукі Паўлінкі Адамам Шэмешам.  Паколькі лёс гэтага маладога чалавека усё цясней звязваецца ад таго часу  з яе лёсам, не лішкам будзе адступіць крыху ў мінулае, каб з ім цясней пазнаёміцца.

Частка 6 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


6.  ПЕРАЕЗД МАЦІ Ў КІЕЎ.  ВЫГНАННЕ Ў СІБІР.  НАША РАСКІДАНАСЦЬ ПА СВЕЦЕ
Хаця хварэла ў душы пры сваім становішчы маці наша ў Вільні, бо стала заставалася ў стане маральнага ціску, нельга сказаць, што цяжка ёй было матэрыяльна, ды нават і адносна будучыні не падавалася становішча вельмі роспачным.  Змешчаная пасля свайго арышту ў віленскага паліцмейсцера, Серабракова, прыстойнага чалавека, да таго ж ён меў спачуваючую і шляхетную жонку, маці амаль не адчувала звычайных непрыемнасцяў арышту.  Тым больш што яе родныя са Случчыны, што бавілі час свой у Вільні, наведвалі яе час ад часу і памяталі пра яе патрэбы.  Папраўдзе пазнейшы пераезд у кляштар Базыльянак пагоршыў значна становішча маці, аднак лагоднае абыходжанне з ёй следчай камісіі і колькі разоў запэўніванне , што хутка будзе вольная, дазвалялі спадзявацца, што яе справа набудзе добры абарот, і што прысуд у любым выпадку не будзе надта суровым.
У лістападзе аднак адбылася неспадзянка, і вельмі невыгодня змена, якая прадказвала доўгія разборы і давала падставу баяцца менш спрыяльнага заканчэння спраў.  Паводле заявы кіеўскага генерал-губернатара Бібікава, стварылі пад яго начэльніцтвам новую следчую камісію ў Кіеве і прадставілі яе трыбуналу ўсіх вязняў, якія паходзілі з губерняў Валынскай, Падольскай і Кіеўскай.  З-за гэтага распараджэння маці, з многімі іншымі той жа катэгорыі вязнямі, была перавезена з Вільні ў Кіеў, і пасля прыбыцця змешчана ў цытадэль, дзе апынулася ў непараўнальна жорсткіх, чым да гэтага часу, умовах.  Вестка гэта, такая балючая для нашых сэрцаў, прыйшла спачатку з Крамянца невядомымі пуцявінамі, а потым была пацверджана лістом маці наступнага зместу:
Дзеткі мае любыя! Ліст гэты пішу да вас ужо з Кіева, куды прыбыла некалькі дзён таму пасля досыць суровага падарожжа.  Не засмучайцеся аднак такой зменай рэчаў, якая пэўна не будзе моцна ўплываць на мой далейшы лёс.  Сапраўды і мае надзеі горка страціліся, бо я ўжо спадзявалася на хуткае заканчэнне справы ў Вільні, а тымчасам трэба чакаць яго ў Кіеве.  Але можа дасць Бог, што канец будзе хутка, але хаця б тое атрымала для сябе, што да вас бліжэй. Тое, што страчаны надзеі, найбольш мяне засмучае.  
На радасць аддалі мне ваш ліст ад 5 лістапада, які ехаў за мной, калі не знайшоў мяне ўжо ў Вільні.  Наколькі ён мяне ўзрушыў, ці патрэбна вам гаварыць? Вашы засмучэнні, вашы клопаты, ах, як жа раняць маё сэрца! Мой арышт у параўнанні з вашым становішчам нашмат больш цярпімы: як найменш у мяне задаволены галоўныя мае патрэбы, і я не клапачуся пра заўтрашні дзень.  А вы: праца, нішчымніца, недахоп усяго, няўпэўненасць, як будзеце жыць заўтра, ды пры такім жа, як і мой, суме!
Ты хочаш схаваць ад мяне, мая Паўлінка, падрабязнасці вашай нястачы, але сэрца маці не ашукаеш.  Ці ж я не памятаю, з якой цяжкасцю прыходзілася нам выжываць пры дастатковых нават даходах,  а што ж рабіць цяпер, калі з Ваютына нічога не маеце, а збарашоўскі арандатар, як бачна, выплаціць не ў стане, іншай жа крыніцы даходаў не маеце.  Але што самае горшае: з апошняга ліста вашага я бачу, што не толькі пра ваша становішча матэрыяльнае, але і пра здароўе тваё, Паўлінка, павінна непакоіцца.  Можа быць такое, што ты абыходзішся адной служкай без шкоды для ўласнага здароўя? Пяцёра дзяцей даглядаеш, слабую бабулю, якая з ложка не ўзнімаецца, а да таго ж кухня, на якую кожны дзень правіянт трба закупіць.  О божа! Ты надта разлічваеш на свае сілы, прымаеш на сябе цяжар, з якім справіцца не патрапіш.  Адным словам забіваеш сябе, і гэтым забіваеш мой спакой, шчасце, забіваеш ува мне ўсё, апрача жыцця сумніўнага са згрызотамі, а можа і з роспаччу нават.  Заклінаю цябе перадусім тваёй любоўю да мяне, беражы сябе, наймі другую служку, і хоць не маеш грошай, не хвалюйся надта, Бог пашле дапамогу.  Вось жа і Хенрык паправіць справы і даўгі сплоціць; нарэшце можа і наша няшчасце скончыцца хутка.
Зосечцы за яе мілы допіс вочкі цалую, А Віктусі – пацалунак, і прашу вельмі, каб заўсёды мыліся і прычэсваліся акуратна, і хаця няма ў вас цяпер слуг, то наўзаем Зося і Віктуся павінны адна адну апранаць.  О, з якой жа прыемнасцю, любыя мае дзеткі, некалі прыцісну вас да свайго сэрцайка! Для Віктусі трэба было б знайсці добрыя польскія кнігі, паколькі яе ўжо займае чытанне.  Пані Савіньска мае найлепшую дзіцячую бібліятэку, папрасі яе ад мяне, і напэўна яна не адмовіць.  Хлопцы пэўна былі не дома, што не напісалі? Да сэрца майго іх тулю і прашу, каб не пераставалі добра працаваць і глыбока вывучаць прадметы.
Цяпер напішу колькі слоўцаў пра маё падарожжа.  З Вільні выехала 11 лістапада, і паколькі яшчэ не было снегу, то паехала на колавым. возе Першыя два дні не было нічога займальнага: мерзлыя купіны, воз псаваўся, рамеснікі абдзіралі, вось і ўсё.  Але да Мінска набліжалася з вялікім захапленнем.  Тыя мясціны, якія так даўно не бачыла, і з якімі мяне лучыць столькі мілых успамінаў з маёй маладосці, паглыбілі маю душу ў сумныя  і яскравыя ўражанні.  Праехаўшы гарадскую мяжу, я заўважыла са здзіўленнем, штоўсё так змянілася, што ніводнага будынку не магла пазнаць.  Толькі калі ўехалі на вуліцу Францысканскую, дзе стаяў некалі дом Шэмеша, пачала ўзгадваць мясцовасць.  Дзіўным чынам нібыта самім лёсам прывезлі мяне для рэгістравання да таго самага дома, дзе пасля невядома колькіх уладальнікаў размяшчаўся цяпер губернатар са сваёй канцылярыяй.  Тое ж месца, той жа будынак, але як жа зменена становішча!
 Раней маладая, шчаслівая, абкружаная прыязнасцю і добразычлівасцю, я праводзіла тут самыя прыемныя хвіліны майго жыцця.  А цяпер чужая, невядомая нікому, як злачынца, як забойца, стаяла пад канвоем перад брамай таго ж самага дома! Не выходзіла з вазка, бо гэта было б для мяне вельмі балюча.
З Мінска, праз Ігуменскі павет, я ехала ў Бабруйск той самай дарогай, якой звычайна ездзілі ў Баратычы.  Я не магу выказаць, якое хваляванне ахоплівала мяне на кожным кроку, калі праязджала гэтыя мясціны, якія так любіла, з якімі злучаны самыя мілыя майму сэрцу ўспаміны.  Трыццаць гадоў, здавалася, зніклі з майго жыцця, усё, падавалася, было тым самым: тая ж Бярэзіна, тыя ж дрэвы, тыя ж вёскі і ваколіцы.  Была пад уражаннем… Не хапала толькі тых людзей, з якімі я жыла.  Мне здавалася, што ўсе мясціны напоўнены іх прысутнасцю, што адным з імі дыхаю паветрам, што павінна іх убачыць, хаця з некаторымі мяне падзяляе вечнасць… а тыя, хто яшчэ застаўся, калі б я магла іх убачыць, колькі б для мяне было прыемнасці, колькі раскошы! Пэўна мяне не пазналі б? Ехала за паўмілі ад Баратыч, начавала за дзве вярсты ад Месціна, дзе цяпер жыве Адась, дзе напілася гарбаты пакуль замянілі коней.  Усё падавалася мне такім блізкім… Пісары нават і пісаркі на поштах, нібы адгадваюч ы мой стан, абыходзіліся са мной з усёй ветлівасцю і гасціннасцю ліцвінскай.
А як пераехалі Бярэзіну, усё скончылася, уся прыгажосць знікла, усё было ўжо вельмі чужым! Пры гэтым моцны снег пачаўся, што зрабіла дарогу надзвычай неспрыяльнай для падарожжа на колах, часам паміж дзвюх станцый мы павінны былі ехаць цэлую ноч.  Пераправа на рэках была вельмі небяспечнай.  Пераязджала Днепр першы раз у Лоеве, на мяжы Мінскай і Чарнігаўскай губерній.  Была моцная завіруха, Днепр на сярэдзіне яшчэ месцамі не замёрз, хвалі моцна білі.  Мы яго пераязджалі на лодцы, але вымушаны былі ісці вярсты дзве ўздоўж русла, да месца, дзе рака на ўсю шырыню замерзла і магла нас трымаць.  Аднак трэба было ісці часта па калены ў гурбах снегу.  Дзісну пераязджалі за Чарнігавам: была адліга, вада плыла паверх лёду, таму ехалі і па вадзе, а я для бяспекі выйшла з вазка і ішла па снежных заносах.  Другі раз перапраўляліся праз Днепр перад самым Кіевам, без прыгод ужо.  Вось вам і падрабязнасці маіх прыгод.  На здароўе нічога не паўплывала і адчуваю сябе добра.  Усяго мне хапае, акрамя вас адных, па вас душа мае сумуе.   Мамы любай ручкі цалую і спадзяюся на яе блаславенне.  Не хоча мяне парадаваць Бог яе здароўем! Будзьце здаровыя, любыя дзеткі, да сэрца свайго вас тулю.
Сёння Твае імяніны, Дарагая Мама! Дзень настолькі ўрачысты, такі шчаслівы раней, а цяпер такі сумны… Нічога нам не засталося, апрача ўспамінаў і надзеі! Як і раней, пайшлі разам у касцёл, каб за Тваё здароўе Імшу святую паслухаць і ля падножжа алтара радасці для ўласнай душы пазычыць.  Бо дзе ж больш стасоўнае для нас месца? Адно Бог з’яўляецца адзіным суцяшальнікам і апекуном нашым, Ён толькі можа нас уратаваць і вярнуць шчасце наша.  Але нават тут не маглі заставацца столькі, колькі патрабавала сэрца, бо вымушаны былі спяшацц а дамоў, дзе чакала шмат працы.  Раней ты патрапляла раіць усім сама, а калі клікала мяне на дапамогу, то любая праца была такой лёгкай, такой жаданай пад тваім крылом! Сёння адна сама сабе рады даць не магу: за што ні вазьмуся, не хапае мне сіл, рукі апускаюцца, бо калі сэрца баліць, ніякая справа не ладзіцца.
Божае нараджэнне святкавалі сціпла, але з захаваннем усіх страдаўніх звычаяў, бо я памятаю, як Ты прытрымлівалася гэтага, дарагая Мама, каб і сена было пад абрусам, і штрудзель на стале, і снапы па кутках, і вячэра пасля першай зоркі падаваная была.  Я накрыла стол у пакоі, суседнім з пакоем бабулі, каб і яна ўдзел ва ўрачыстасці брала.  Да яе пайшлі найперш падзяліцца аплаткам, кавалак якога і Табе дасылаем з тым жа пажаданнем, якое мы ўсе ў адзін голас выказалі за куццёй, жадаючы сабе наўзаем як мага хутчэйшага вяртання Твайго.  Першы раз у жыцці Твой дзень імянін праводзім без Цябе, таму сэрца так сціскаецца, што хоць і позні час, ніводнае з дзетак не спіць, а хаваючыся па кутах, выціраюць слёзы, не ведаючы, што рабіць.
Пераезд твой у Кіеў нічога нам добрага не абяцае.  Добра, калі хоць на цяжбе закончыцца, але твой апошні ліст такі сумны, такі напоўнены непакоем і выказвае усё Тваё ўзрушэнне.  Чаму ж пры такой колькасці ўласных клопатаў і сапраўдных нягод ты займаешся дарэмнымі клопатамі пра нас? Ведаеш, што нам нічога не пагражае, і ўсяго хапае.  Здароўе маё таксама не ў небяспецы: але, каб Цябе цалкам заспакоіць, я прыняла на працу другую служку, і якраз такую, як ты хацела: прыязную, спакойную і працавітую.  Ты можа яе нават памятаеш, бо гэта тая самая Ханарата, што служыла раней у пані Трэнтоўскай.
Першая думка, якая мяне заняла пасля прачытання твайго ліста, была каб любым спосабам апынуцца побач з Табой.  Цяжка гэта ажыццявіць праўда без грашовых запасаў і апекі, але веру, што мяне не пакіне Апека Боская, і сама мне падкажа сродкі выканання майго плана.  Столькі людзей паедзе хутка па кантракту ў Кіеў, можа адшукаецца хоць адна літасцівая душа, якая б мяне змагла узяць з сабой? Усе невыгоды ахвотна стрываю, без усяго абыйдуся, каб толькі быць побач з Табой.  О, якое ж бы гэта было шчасце! Можа скажаш, дарагая Мама, што я не павінна пакідаць малодшых дзяцей? Але і адносна гэтага хачу табе усё растлумачыць і супакоіць Цябе.  Другая палова дому, ад пэўнага часу нанятая жонкай палкоўніка, Вайткоўскай, вельмі прыязнай удавой, якой каля сарака гадоў, якая паабяцала з ахвотай мяне замяніць у кіраванні хатняй гаспадаркай на ўвесь час маёй адсутнасці.   Пад яе апеку я пакінула б і дзетак, і бабулю, адно толькі Віктусю забрала б з сабой, бо яна яшчэ мацярынскай апекі патрабуе.  Зрэшты, мая адсутнасць доўгі час трываць не можа: праз пару тыдняў вярнулася б да дзетак, а можа спадабалася б Богу, каб і разам з Табой вярнуліся.
Што да запасаў грошай, то іх маё падарожжа не закране зусім, бо я разлічваю на спачуванне і міласэрнасць прыстойных людзей, і не выеду, пакуль такі выпадак не адбудзецца.  На ўтрыманне дому маю надзею атрымаць грошы ад Хенрыка, які паабяцаў сплаціць доўг да Новага году.  Праўда, любая Мама, што мой намер не такі ўжо дрэнна прадуманы? Так, падумаўшы добра над ім і папрасіўшы Пана Бога, падалася да маршалка Танчэўскага, з просьбай, каб зрабіў мне пашпарт для Кіева.  На гэта ён мне адказаў, што тутэйшыя ўлады не могуць гэта зрабіць, але параіў напісаць просьбу і загадаў адаслаць яе са сваім прадстаўніком да губернатара.  Я зрабіла гэта неадкладна і можа той самай поштай, што і гэты ліст, адвязе ў Жытомір маю просьбу.  Ты бачыш, дарагая Мама, як я тут усё падрыхтоўваю, каб у кожны момант быць гатовай выехаць.  У доме ўсё ідзе добра: дзеці здаровыя і вучацца няблага, бабуля, здаецца, крышку валодае рукамі, бо некалькі дзён таму пачала вязаць панчоху, чаго ўжо даўно не спрабавала.  Пэўная надзея напоўніла маю душу ад думкі, што хутка пасля гэтага ліста можа і сама паспяшаюся да Цябе, падтрымлівай толькі мяне малітвай і блаславеннем Тваім.
Паколькі прыгатаванні да падарожжа пасоўваліся вельмі няблага, Паўлінка пасля свят зрабіла выезд у Збарашоў, каб закончыць грашовыя справы з арандатарам, а на час сваёй кароткай адсутнасці даручыла  гаспадарку  пані Вайткоўскай, каб пераканацца, ці зможа тая без дапамогі больш доўгі час вытрымаць.  Падарожжа было плённым, бо атрымала ўвесь доўг, так што грошай не толькі было дастаткова для ўтрымання гаспадаркі падчас адсутнасці сястры, але яна магла нават адкласці невялікую суму на харчаванне для мамы.  Здарылася таксама ў хуткім часе, што адна дама, якая ішла таксама ў Кіеў, каб наведаць арыштаванага мужа, калі даведалася пра намер Паўлінкі, ахвяравала ёй месца ў сваім вазку, так што ўсё было падрыхтавана і справа была толькі ў пашпартах, якіх абедзве сяброўкі па падарожжы чакалі прагна.  З прыходам чарговай пошты іх надзеі аднаўляліся, але замест чаканай радасці штораз памнажаліся новыя праблемы ды сум растання.  Нарэшце ў палове сакавіка прыйшлі такія жаданыя пашпарты, і абедзве, шчаслівыя, пачалі заканчваць апошнія зборы.  Грошы на падарожжа ўжо былі ўзятыя, валізкі спакаваныя і назаўтра раненька падарожніцы меліся адправіцца ў шлях, як тут вечарам паштальён уручыў Паўлінцы ліст ад маці з наступным зместам:
Дарагія мае, каго люблю больш за жыццё, дзеткі!
Са знявечаным сэрцам пішу гэты ліст да вас.  Ходзяць чуткі, што жанчыны прыгавораны да выcылкі, не вядома на які тэрмін.  Мажліва ў хвіліну, калі вы гэты ліст атрымаеце, я буду ўжо ад вас вельмі далёка.  Няхай вам бог надае сілы, каб вытрываць вашае сіроцтва! Сэрца мае рвецца на часткі ад жалю, ды не па сваім лёсе, а па вашым сіроцтве, па вашай пакінутасці.  Без сям’і, без анікога блізкага, хто  б узяў над вамі апеку, наколькі ж вясна вашага жыцця атручана! Але ва ўсіх пакутах няхай вас падтрымлівае тая думка, што міласэрная рука Божага наканавання, якая вас пэўна не для адных пакут стварыла, будзе аберагаць вас, будзе вас падтрымліваць падчас ўсякага цяжкога выпрабавання.  Дух мой таксама будзе заўсёды з вамі.  Цела створана смяротным, але душу маю ніводная сіла не здолее адарваць ад гэтай зямлі, якая пачула першы мой уздых, якую я любіла высокай любоўю ўсё сваё жыццё
і якая, як я спадзявалася, мае парэшткі прыме.  А што ж  гаварыць пра вас, часцінкі майго сутва, якія былі існасцю ўсіх маіх думак, на якіх засяроджаны ўсе пачуцці, усе маі надзеі.  
Раіць вам пра ўсё падрабязна не атрымліваецца, але падайцеся да пана Францішка Грахольскага.  Ён, які мне дэманстраваў столькімі доказамі прыязнае стаўленне на працягу ўсяго майго жыцця і парады яго дапамагалі мне не па адным пытанні, ён найлепш вам параіць, як вы павінны трымацца ў гэты час вашай адзіноты.  Дык ва ўсім жа звяртайцеся за парадай да пана Грахольскага і шануйце яе, як параду бацькі.
Наконт вашай будучыні нічога вам таксама падказаць не магу.  Прашу вас толькі: сцеражыцеся ад дарэмнага марнавання часу і памятайце, што кожны павінен абавязкова выкарыстаць свае здольнасці для дабрабыту сваёй краіны.  Калі пажадаеце вы быць на службе грамадству, то я хацела б, каб гэта было ў нашых правінцыях, калі будзеце займацца гаспадарчай дзейнасцю ці іншай прыватнай працай, то і ў гэтым кірунку імкніцеся працаваць дзейсна і быць дбайнымі.
У кожным выпадку дапамагайце адно аднаму і няхай кожнага з вас цікавіць лёс жывых яшчэ родных.  Я засцерагаю вас таксама, любыя мае дзеткі, каб падчас выбару занятку вы не былі легкадумнымі, адно з-за пагоні за новым ці з-за аданамомантнага ўзрушэння.
Памятайце, што першы крок з гэтага пункту гледжання найчасцей на ўсё жыццё.  Таму думайце сур’ёзна, і асабліва не прадпрымайце нічога станоўчага, пакуль спачатку не даведаліся грунтоўна пра абавязкі, якія вы на сябе прымеце, і  не вымералі сілы свае, ці супадуць яны з тымі, што патрэбныя для выканання абавязкаў.
Але калі аднойчы для сябе вырашыце, то патрэбна мець гарт, бо хто толькі змяняе бясконца праекты, той пэўна за ўсё жыццё ніводнай мэты не дасягне.  Перадусім жа, дзеткі мае, няхай любоў і еднасць кіруюць усімі вашымі крокамі.  Радуйце адно аднаго і падтрымлівайце.  Памятайце, што кожнае дзеянне, выкліканае эгаізмам, паміж вамі, параніць бы самым балючым штылетам маё сэрца.
Вы, калі да гэтага часу сваім узаемным прывязаннем прыемна мяне ўсцешвалі, то з якой нагоды цяпер бы вам было варагаваць, калі сама шырыня свету сведчыць, што вы адны толькі блізкія наўзаем сэрцам і памкненнямі?
Няхай вашай маці любоў, якая наўкол вас заўсёды, хаця і нябачна, стане мантыяй, што злучыць вас вельмі  моцна.  Калі б у нейкі момант адно з вас звяло бровы адносна другога ці ўчыніла прыкрасць, то ўзгадайце аб вашай матулі, у якой сэрца зайшлося б ад кожнага падобнага ўчынку, і я ўпэўнена, што тады вы абдымецеся і прабачыце адно аднаму.  О мае дарагія дзеці! Чаму ж уцеляснёна я не магу быць прысутнай сярод вас, як душа мая ўся побач з вамі.
Раптоўная акалічнасць не дазволіла мне скончыць гэты ліст заўчора.  Цяпер я перад адпраўкай апошнія хвіліны хачу яшчэ вам прысвяціць, любыя  дзеткі мае! Я не буду вам апісваць сваю жальбу ад растання з вамі, бо яна словамі не выкажацца.  Я не буду да вас пісаць словы суцяшэння – няхай яго вам Бог дасылае.  Перанясіце мужна маё аддаленне, не губляйце дух, бо Воля Божая над намі існуе.  
Я не хварэю, мне хапае ўсяго, усім па-мацярынску забяспечана: грашыма, рэчамі, ежай.  Дзякаваць Богу.  Шануйце ваша здароўе, аб гэтым адным вас прашу, рэшту Бог дасць.  Апекаваць вас будуць: сем’і Грахольскіх, Мадзялеўскіх, Ротэрмундаў, літоўскія сваякі, а таксама Пініньска і Лэпкоўска, якія мной займаліся пры ад’ездзе і вам паабяцалі дапамагчы.
Дасылаю вам рэчы, якія мне непатрэбныя, бо я ўсім забяспечана.  Абдымаю вас, цалую сардэчна.  З першага ж горада напішу да вас.  Да гэтага часу я не ведаю, куды павінна ехаць.  Дэкрэт мне прачытаюць падчас адпраўкі.  Будзьце здаровыя, будзьце спакойныя, аддайцеся волі Бога… Ужо мяне прыспешваюць.  Бывайце здаровыя! Бывайце здаровыя! Усю душу сваю вам перадаю.  Богу вас давяраю.  Любай мамы ручкі і ножкі цалую, дарагому яе блаславенню давяраю сябе і дзяцей, можа Бог нас усцешыць яе здароўем.  Не перажывайце, Бог усемагутны, усё змяніць можа, не губляйма толькі духу.  Учора паспавядалася, сёння ўжо адчуваю сябе больш спакойнай і моцнай.  Ох, як жа балюча сказаць: бывайце…!
Што рабілася з намі пасля прачытання гэтага ліста – нельга пераказаць.  Нават сама хвіліна растання з маці не параніла нас так глыбока, як гэтая неспадзяваная вестка пра яе вывязенне ў Сібір без пазнакі нават месца і часу.
Падчас ад’езду ў Вільню надзея як найменш на хуткае вяртанне суцяшала боль растання, цяпер жа ўся будучыня такім чорным пакрылася жалобным сукном, што нават сам саван з труны больш надзеі перад вачамі нашымі не закрыў бы.  За труной-та яшчэ бачнае злучэнне ў Небе.  Маладой жа фантазіі лацвей пераскочыць нават парогі вечнасці, чым прабрацца праз гэту вялізную, снежную пустку, калі думка дарэмна шукае выйсця, ды нічога апрача роспачы ўбачыць не можа.
Доўгія гадзіны прайшлі ў слязах, ды такіх гаручых і бязрадасных, што сэрца, здавалася, ірвалася ад цяжару, які яго калаціў.  Хворая бабуля наша так яскрава адчула гэты цяжар, што здарылася з ёй гарачка, якая хутка ўзмацнялася і перарастала ў трызненне.  Страх за яе жыццё ацверазіў крыху Паўлінку і вярнуў яе розуму яснасць, а волі - звычайную энергію.  Пакліканы лекар рабіў, усё што ведаў, аднак не ўтойваў, што па прычыне ўзросту і надзвычайнай страты сіл мала надзеі на выздараўленне.  Было балюча бачыць, як гэта амаль васьмідзесяцігадовая бабуля, якую мы прывыклі бачыць бледнай, маўклівай і нерухомай цяпер з палаючым тварам і хваравітым агнём у вачах гаварыла несупынна, суправаджаючы выразнымі жэстамі кожны выраз.  Усё што яе займала – гэта высылка дачкі, якую яна шукала невідушчымі вачыма, клікала яе, часам размаўляла з ёй з вясёлай усмешкай, як бы бачыла яе на яве.  Стан трызнення трываў некалькі дзён, нарэшце гарачка была пераможана і хворая паглыбілася ў поўнае знемажэнне.  
Хутка апрытомнела, папрасіла ксяндза, і прыгатаваўшыся ў вечную дарогу, паклікала нас усіх у свой пакой, каб апошні раз блаславіць.  Калі мы ўкленчылі каля яе ложка, аблічча хворай стала такім ясным і спакойным, нібы пазірала ўжо на адчыненую перад ёй браму Неба.  Калі ўбачыла, што плачам, азвалася слабым, але выразным голасам: “Не плачце па мне, дзеткі, бо я іду на спачын, а жыццё мяне ўжо вельмі стаміла.  На зямлі я для вас цяжар, і калі Бог абірае прыняць мяне да сваёй Апекі, то і вам дапамагу.  Я грэшная, але веру ў заслугі Пана Бога і Яго міласэрнасць.  Веры каталіцкай з ласкі Божай верна прытрымлівалася, і вам гэта перадусім наказваю.  Цяжкая цяпер ваша доля, але спадзявайцеся на Бога і захоўвайце Яго парады, і ўсё стане на месцы свае”.  Пасля гэтага блаславіла нас і пажадала, каб мы маліліся за лёгкую яе смерць.
Гэта вялікая вера бабулі і нічым не абцяжараны спакой душы адносна амаль ужо адкрытай магілы нас таксама ўмацавалі.  Абуджаная вера ў Апеку Боскую, а з ёй і надзея на лепшае будучае крыху суцешылі горыч блізкага растання і дазволілі пра штодзённыя справы падумаць.
Цераз сілу здароўе бабулі пачало павольна вяртацца да нармальнага стану, а яе хвароба стала для Паўлінкі сродкам паратункупраз Апеку Боскую, бо паварочваючы ў іншы бок унутраную працу сваёй душы, пазбавілася, з большага, моцы вялікага цяжару, які без гэтага адступлення лёгка нават да смерці мог давесці.  Адораная дзейным ды практычным характарам Паўлінка, якая не скарылася пад націскам першага болю, вярнулася з усёй уласцівай ёй энергіяй да цяжкасцяў нашага становішча, якое было такім крытычным, што пагражала нам не толькі спыненнем навучання і пазбаўленнем будучыні, але і сапраўднай ды вельмі дакучлівай нішчымніцай.  Рашэнне, што прысуджала маці на выгнанне, утрымлівала таксама і канфіскацыю яе ўласнасці; уся рухомасць у доме, якая раней яшчэ былі апісаная, цяпер прададзена была з малатка на карысць дзяржавы, нам жа пакінулі для карыстання толькі прадметы, якія былі літасцівымі ўраднікамі прызнаны неабходнымі.  Уласнасць жа зямельная была адзяржаўлена, і даходы мы не маглі атрымліваць, пакуль не будзе выяўлена, ці маці не валодае пэўнымі правамі на якую-небудзь вёску.  Тымчасам загадана было канфіскаваць і ўраджай, мэблю і рухомасць у Ваютыне, бо арандатар спазнаў той жа лёс, што і маці наша.  
Відавочным было, што ў такіх умовах далейшы побыт у Крамянцы быў для нас немагчымы, але што ж было рабіць? Што прадпрымаць? Куды падацца? Пры поўным амаль вычарапанні запасаў усе гэтыя пытанні патрабавалі адказу, і неадкладнага.  Праўда, маці напісала перад высылкай сваёй да некалькіх асоб, просячы іх, каб дапамагалі нам, але пра вынік гэтых лістоў Паўлінка яшчэ нічога не ведала і нават прадказаць яго не магла, становішча ж вымагала рашэнняў.
Верная выказанаму ў развітальным лісце жаданню маці маладзенькая наша апякунка не хацела прадпрымаць якое-небудзь рашэнне, не атрымаўшы парады ад пана Францішка Грахольскага, да якога адразу пасля ачуньвання бабулі адправілася, папрасіўшы перад гэтым зноў пані Вайткоўскую, каб тая выручыла яе на час адсутнасці ў доме.  Нарада з панам Грахольскім мала прынесла плёну, бо той не мог з-за свайго паважанага ўжо ўзросту займацца нашымі справамі асабіста, таксама адмовіўся ад прыняцця апекі над адзяржаўленым маёнткам, і толькі папрасіў сына, каб той дапамог.
Здаўшы пану Людвіку гаспадарчыя справы, Паўлінка вярнулася ў Крамянец, адчуваючы яшчэ больш выразней, што ўся будучыня асірацелай сям’і на яе адно плячах.  Аднак не страціла моцы духу, а вера, якую прысвяціла Апецы Божай, не была не заўважана ў Небе.  Адразу пасля вяртання атрымала два лісты: адзін ад дзядзькі Юльяна са Слуцка, другі ад пана Яна Мадзялеўскага з Кіева, якія далі ёй мажлівасць апірышча падчас планавання будучыні.  Дзядзька Юльян Вендорф запрашаў да сябе бабулю на пастаяннае пражыванне і абяцаў даць прытулак усёй сям’і аж да часу, пакуль нашы справы не наладзяцца.  Пан Мадзялеўскі паведамляў, што пан Зянон Бжазоўскі, заможны жыхар Падолля, хоча ўзяць на выхаванне аднаго з сыноў Бярозаўскай выгнанніцы, а граф Дзяконскі з сястрой сваёй, пані Станзані, абое бяздзетныя, хочуць, каб ім даверылі выхаванне малодшай дачкі.  Паўлінка, ставячы наша выхаванне вышэй за ўсё, прыняла без вагання абедзве гэтыя прапановы, і карыстаючыся атрыманым пашпартам, вырашыла адвезці неадкладна Віктусю ў Кіеў, параіцца там з панам Мадзялеўскім, каго з нас трох аддаць на выхаванне пану Бжазоўскаму, вярнуўшыся ж, забраць бабулю і рэшту сям’і ды адправіцца з імі ў Літву.
Згодна з планам, яна паехала з Віктусяй на пачатку мая ў Кіеў, дзе вельмі сардэчна была прынятая пані Клементынай Лэпкоўскай і яе братавай Людвікай Паніньскай, якія затрымалі яе ў сваім доме, не менш чым і сям’я Мадзялеўскіх, якіх маці галоўным чынам і прасіла нам апекаваць.  Пасля нарады з імі Паўлінка напісала мне, каб я неадкладна прыязджаў у Кіеў пад апякунства пана Бжазоўскага, сама ж пакінула Віктусю ў гэтай ласкавай апякункі і паехала назад у Крамянец.  Не хацела, каб навучанне Юліка спынялася з-за планаванага падарожжа ў Літву, дамовілася яна аб пераездзе ў Жытомір з вядомым там і вопытным настаўнікам гімназіі панам Малцужынскім пра ўмовы змяшчэння брата пад яго апякунства і адразу ж пасля вяртання ў Крамянец, дзе мяне ўжо не застала, адправіла Юліка ў Жытомір, для сябе ж, бабулі, Алоіза і Зосі замовіла пашпарт у Літву.
З таго часу, як вестка пра высланне маці ў Сібір дайшла да нас, Паўлінка не пераставала ні на хвіліну марыць пра наведванне яе на выгнанні.  Пакуль лёс усіх малодшых залежаў толькі ад яе, немажліва было думаць ад спаўненні гэтых намераў; але цяпер, калі некаторыя з нас ужо былі ўладкаваныя, а бабуля мела абяцаную апеку сына, план гэты падаваўся менш неверагодным, асабліва калі пані Лэпкоўска паведаміла пра жаданне ўзяць да сябе Зосю, як толькі ўласныя справы скончыць.  Алоізы ж, на год малодшы за Паўлінку, і захоплены тым жа планам, што і яна, вырашыў пайсці на дзяржаўную службу ў Табольскую губернію, каб мець мажлівасць паехаць разам з Паўлінкай у Сібір.  Пад уздзеяннем гэтых надзей Паўлінка напісала ліст да маці, з якога толькі наступны ўрывак захаваўся ва ўспамінах той:
Заледзьве магу зразумець, што вакол нас адбываецца, што мы робім, што рабіць павінны.  Набегла столькі спраў, выпадкаў, перамена месцаў, разнастайныя людзі, супярэчлівасць рашэнняў, парад, прапаноў, але гэта мяне не абцяжарвае.  Нязвыклая з такім бегам спраў і здарэнняў, думкі свае не магу ўкласці.  У галаве хаос, які часам пераходзіць у працяглы і раптоўны боль галавы.  Такі зараз мой стан штодзень.  О, Мама даражэнькая, якую ж нялёгкую ролю даў мне Бог на гэтай зямлі! Аднак я не скарджуся, не наракаю на вялікі цяжар, які пераўзыходзіць мой розум, сілы, вопыт.  Богу вольна было ускласці гэтае бярэмя на мае плечы, і я гэта ахвотна прымаю.  Адну толькі малітву дасылаю да Бога, заўжды адну, у кожную хвіліну, у любы час, каб мае малодшыя былі шчаслівыя і каб хоць калі-небудзь Бог дазволіў мне сустрэцца з табой… Бог сведка, што ўсёй душой я прагну шчасця сваёй сям’і, што гатова была б усё для яе аддаць, што цяпер усе думкі мае ёй толькі занятыя, але для падтрымання маіх сіл мне патрэбна надзея, што некалі мы з Табой будзем разам.  З якім жа задавальненнем, з якім упаеннем накіроўваю сваю думку да жаданага часу, калі разам з Табой, на грудзях тваіх адпачну пасля працы сваёй і пакут.  Але хвіліны такіх мараў такія кароткія, так мала ў мяне на іх часу!. . .
То зноў часам непрыемная думка мяне наведвае: а што, як ніколі не змагу ажыццявіць свае планы? О, я няшчасная! Не было б тады для мяне ніколі радасці на зямлі.  Напішы, любая Мама, што ты хочаш, каб я да Цябе прыехала, і ведаеш, што я не буду супраць твайго дазволу.  Калі б нават усе перашкоды зніклі, калі толькі выгода для маёй сям’і будзе гэтага патрабаваць, сама да цябе не паеду, але той дазвол Твой абавязковы для мяне, майго спакою, свабоднага дасягнення адзінай мэты, якой я жыву.
Ці ведаеш ты, дарагая Мама, маё шчасце, што ёсць людзі, якія лічаць, што калі б я да цябе прыехала, то гэта была б вялікая памылка, што ты сама лічыла б гэты крок шаленствам, і вітала б мяне з незадаволенасцю.  Дарагая Мама! Але ж гэта не так? Гэтак кажуць людзі, якія не разумеюць нашай любові, яны не ведаюць, як Ты мяне любіш, а я Цябе.  Кажуць, што ты не дазволіш, каб я маладосць сваю губляла ў Беразове.  Дарагая Мама! Ты ведаеш, што мяне мала што лучыла са светам, як у ім усе былі мне чужыя, а я ім чужая.  Што ж дзівіцца, калі цяпер жыву адно думкай, каб як найхутчэй змяніць гэты свет, які для мяне бы пустка, на пустку, якая стане для мяне светам.  Самая дарагая мая! Куды б не занёс нас лёс, як толькі будзем разам, там і будзе наш свет, там будзе наша Айчына… Але паўтару: не лічы, Мама, што, думаючы адно пра сябе, я забываюся аб сваім доўгу, аб тваім спакоі.  Ведаю, што не я адзіная для Цябе непакой, Ты ведаеш таксама, наколькі даражу шчасцем сваёй сям’і, і калі б яно патрабавала ахвяры, калі б для іх шчасця трэба было адмовіцца нават ад надзеі быць з Табой, то не вагалася б ні хвіліны, выконвала б сваё прызначэнне, з болем, праўда, але з вызначаным рашэннем трываць усё, пакуль хопіць сілы…
Адправіла гэты ліст, у якім сіла і далікатнасць любові дачкі да маці змагаецца за першынство з высокай ахвярай яе дзеля сям’і, ды рыхтавалася мая Паўлінка ў падарожжа , бо хацела як мага хутчэй выехаць з Крамянца, дзе нічога ўжо не заставалася для працы, а жыццё патрабавала расходаў.  Суправаджэнне Віктусі, а потым маё падарожжа ў Кіеў і Юліка ў Жытомір так моцна вынішчылі нашы небагатыя запасы, якія здабыла сваімі намаганнямі Паўлінка, што адлічыўшы неабходную суму на дарогу да Слуцка, вельмі няшмат атрымлівалася ў нашым куфэрку.  Але наколькі з аднаго боку выезд быў абавязковы і хуткім, настолькі з другога боку быў неверагодным, пакуль не прыйдуць з Жытоміра пашпарты.  Хочаш ці не, вымушаны былі чакаць, а дні і тыдні міналі, не прыносячы так жаданага дазволу.  Тымчасам скончыўся тэрмін нашага кватаравання, а пра аднаўленне дамовы арэнды ў тагачасных умовах не магло быць гаворкі.  Уладальнік жа аддаў свой дом некаму і пажадаў, каб мы, ранейшыя наймальнікі, неадкладна з’ехалі.  На шчасце, новы жыхар быў такі чалавечны, што аддаў нам, пазбаўленай усяго сям’і, два пакойчыкі на гарышчы, і тут, у цеснаце і голадзе, зменшаная сямейка наша чакала канца сваіх няшчасцяў.  Не зважаючы усё ж на прыкрасць уласнага становішча, Паўлінка сачыла з бясконцай клапатлівасцю за кожным з адсутных малодшых сваіх, штотыдзень пісала да нас, і з такой мацярынскай пяшчотай ставілася да нашых патрэб, што з яе лістоў нават немагчыма было здагадацца, у якой нястачы і маральных цяжкасцях сама ў гэты час знаходзілася.  Прывяду тут адзін, які захаваўся ад таго часу яе ліст да нас, а менавіта да Юліка, хутка пасля яго ад’езду ў Жытомір.  Дасць ён, хоць і няпоўнае, уяўленне пра тое, якім сапраўдным і сардэчным было яе стаўленне да нас.
Юлік любы! Як сумна мне было, што падчас твайго ад’езду хаця б да мяжы горада не магла цябе правесці, але ў няшчасным нашым становішчы столькі спраў трэба вырашаць адразу, што нават не магу думаць, каб задаволіць патрэбы свайго сэрца, каб хаця адно абавязкі спаўняць належна! Як жа ты там, мой дарагі? Ці здаровенькі, ці не сумуеш, ці хапае ўсяго? Пішы да мяне, як мага часцей, хаця б спачатку, пакуль не прызвычаішся да новага становішча свайго і растання з намі.  Зося надта па табе сумуе, у сад нават рэдка калі выходзіць і ўвесь час жаліцца, што ёй без цябе сумна.  Бабуля, якая прывыкла, што ты ёй заўжды дапамагаў, не можа асвоіцца з той думкай, што хтосьці іншы пры ёй тваё месца зойме.  Прасіла табе перадаць яе блаславенне і папрасіць, каб ты не сумаваў і быў больш таварыскім.  Як будзеш да нас пісаць, не забудзь дадаць колькі чулых слоўцаў для бабулі, ведаеш жа, як яна цябе любіць, балюча б ёй было, калі б ты не памятаў пра яе.
Ад мамы не было да гэтага часу ніякай навіны, і гэта нас вельмі засмучае, больш чым усе матэрыяльныя нястачы, але як толькі мы атрымаем ад яе ліст, адразу ж дашлю табе яго копію.  Ты не пісаў яшчэ пэўна да мамы, дык напішы, прашу цябе і прышлі твой ліст мне, каб разам з нашымі я магла яго адправіць.  Яшчэ раз паўтару просьбу, каб першай жа поштай напісаў нам аб сабе.  Ты ведаеш, як я кожнага з вас люблю, але паколькі ніякім чынам не магу быць разам з вамі, то хацела як найменш, то ведаць пра ваш кожны крок, нават пра кожную думку.  Так рада была б ведаць вашы пачуцці і вашы фантазіі, якія выхоўвала, не толькі з-за патрэб уласнага сэрца, але і для спакою дарагой нашай мамы, для якой дакладныя весткі пра нас адзіная радасць цяпер.  Бог не адмовіў табе ў здольнасцях, а цяпер ты маеш сродкі да навучання, і калі б захацеў працаваць, то можаш хутка стаць адукаваным і прызвычаеным да жыцця чалавекам.  Ды ці магу я сумнявацца ў тваёй добрай волі, калі апошнія парады любай мамы яшчэ свежыя ў тваёй памяці?
Я ведаю, што ў цябе добрае сэрца, і ты ніколі не хацеў бы ні маму, ні нас усіх засмуціць.  Памятай, што мы - сіроты, без спадчыны, сувязяў і пратэкцыі, што нічым не валодаем, толькі нашымі найлепшымі сямейнымі рысамі.  Стараймася ж адпавядаць нашаму сямейнаму духу, бо няшчасце не прыніжае чалавека, а наадварот, маральна ўзвышае і робіць больш шляхетным.  Будзем жа імкнуцца так працаваць над сабою, каб наш а ўнутраная вартасць змагла даць забыцца пра недахоп тых выгод, набытак якіх зусім ад нас і не залежыць.  Будзем жа імкнуцца асабліва, каб атрыманыя намі ў такім маладым узросце выпрабаванні  тым цясней злучылі нас з Богам, узбагачаючы нашы душы хрысціянскімі каштоўнасцямі, якія так лёгка набыць у няшчасці, і так цяжка захаваць у рэчаіснасці.
Калі ты ад’язджаў, я не магла табе даць больш за тры рублі на кнігі, цяпер дасылаю яшчэ чатыры, спадзяюся, што хаця б на нейкі час табе іх хопіць.  Ты ведаеш стан нашага маёнтку і нашых спраў, ведаеш колькі абавязковых выдаткаў на наша ўтрыманне і на дапамогу для мамы, калі будзе чаго не хапаць, узгадай наш лад жыцця на працягу апошняга года, падумай, што мама трывае яшчэ большую нястачу, і я ўпэўнена, што без цяжкасці перажывеш гэтую непрыемнасць, хаця б і вельмі шкодную.  Лёгка зразумееш, што для мяне кожная ваша нястача больш балючая, чым для вас саміх, і што зраблю усё, што будзе ў маёй моцы, каб вашы патрэбы задавольніць, але калі ж нельга будзе, то прымі і гэта, што рабіць? Трэба мець моц трываць без наракання.  Я ведаю, што ты ашчадны, таму прашу, каб вёў падрахаванне усяго, што бярэш у сям’і Малцужынскіх, каб я магла аплочваць доўг, хаця б за цябе, бо не ў стане адплаціць нічым за іх апеку і сардэчную прыязнасць да цябе.  
 Можа кагосьці здзівіць, што Паўлінка, хоць і была ў такім крытычным матэрыяльным становішчы, змясціла Юліка ў Жытоміры і абавязалася аплочваць за яго дамоўленую належную суму з уласнай кішэні.  Гэта не было легкадумным крокам, бо хаця ў гэты момант яе запасы былі зусім невялікія, аднак у душы была ўпэўнена, што з цягам часу справы пойдуць лепш, а паколькі нашы правы на ўласнасць бацькі былі несумніўныя, то хутка будуць пацверджаныя і таму забяспечаць пастаянны хаця і невялічкі прыбытак.  Ведаючы, якую вагу надавала маці грунтоўнаму выхаванню сыноў, хацела сэканоміць на чым іншым, а не пусціць на самацёк адукацыю дванаццацігадовага хлопчыка, якому хапала здольнасцяў і добрай волі да навукі.  Зрэшты, калі б нават надзея на спадчыну і страцілася, мела яшчэ сродак для аплочвання патрэб Юліка яго апекунам, прадаючы брыльянтавы фермуар, адзіную фамільную каштоўнасць, якую маці, выязджаючы з Крамянца, даручыла Паўлінцы, просячы, каб выкарыстала яе ў самы цяжкі момант.
Але вернемся да нашага апавядання.  З дарэмным чаканнем пашпартоў прайшлі цэлы ліпень і жнівень, а становішча рабілася з кожным днём усё больш крытычным, не толькі з-за мізарнеючых запасаў грошай, але яшчэ і з-за набліжаючыхся асенніх халадоў, пасля надыходу якіх такое далёкае падарожжа для хворай бабулі стала б немажлівым.  Зімаванне ж на Валыні пераварочвала ўсе планы Паўлінкі.  Не кажучы пра грашовыя цяжкасці.  Нібы ўзнагароду за гэтыя, такія пакутлівыя чаканні, Пан Бог даслаў у канцы жніўня змучанай сямейцы нашай сардэчную радасць, па якой так доўга сумавала дарэмна: прыйшоў першы ліст ад Маці.  Па змешчаным на пачатку яго нумары быў ён аказваецца чацвёртым па чарзе, але першыя тры дзесьці заблукалі, відаць, па дарозе і ніколі да нас не трапілі.  Але вось чаканы ліст:
Любыя мае дзеткі! Чацвёрты ліст пішу да вас, але да гэтага часу ваша слоўца, вашыя навіны хаця б з пасярэдніцтвам каго не даляцелі да маёй пусткі, няма вестак пра здароўе, пра жыццё ваша.  Дарэмна супакойваю сябе думкай, што столькі тысяч міль нас аддаляюць, што не ведаеце, нават, магчыма, куды, якой дарогай лісты вашы павінны накіроўваць.  Сэрца адмаўляецца ведаць гэта, бо яго турботы толькі выглядам вашага ліста знікнуць могуць.  Дзе вы зараз, дзеці мае любыя, куды мне накіроўваць свае думкі да вас? Штохвіліны душа мая імкнецца вызваліцца ад акаляючых яе ўражанняў, такіх халодных, такіх далёкіх для яе, каб адправіцца ў мінулае ці ўяўленнем хаця здолець апынуцца побач з кожным з вас паасобку? Але і тады нейкія чорныя думкі мяне пераследуюць, нейкія прадчуванні мучаць.  Мне здаецца, што вы зусім у нішчымніцы, што ўсё ў вас забралі, што рассыпаліся па свеце і руку па хлеб працягваеце, а страх адганяе ад вас усіх і сэрцы перад вамі замыкае.
Пішыце да мяне, дзеткі мае любыя, пішыце як мага часцей, толькі лісты вашы могуць разагнаць гэтыя цёмныя думкі, якія так мяне мучаць і даць мне яшчэ спазнаць сапраўдную , адно для мяне мажлівую радасць спалучанасці сэрцам з вамі.  Пакуль вы разам і сярод сваіх, то цяжка вам зразумець, што такое быць зусім чужой, самотнай і пакінутай, нягледзячы, што вакол людзі, і нават сустракаюцца з добрымі тварамі.  Дадайце да гэтага боль ад незагойных ран, што паходзяць ад раптоўнага адрывання частак, прырослых наўпрост да сэрца, што складаюць адну з ім істоту.  А да таго ж старасць, падчас якой пачуцці губляюць моц жыўлення, не даюць загаіцца ранам, а параненае сэрца не можа запоўніцца пачуццямі іншага кшталту.  Кожны дзень адчуваю пацверджанне гэтага на сабе.  Нядаўна тутэйшы фельчар, кіеўскі яўрэй, прывёў да нас сваю дачушку, прыгожанькую дзяўчынку ва ўзросце Віктусі.  Чырвань шчочак, нясмелы выраз тварыка, пагляд з-пад ілба, нават, рысы твару так яскрава мне нагадалі Віктусю, што я ўзяла яе на калены і слёзы паліліся, калі яе прытуліла; але адразу яўрэечка пачала шмат гаварыць, распытваць, расказваць – і ўвесь сум прайшоў.  “Не, гэта не яна! – падумала я.  Не брала ўжо яе на рукі і, ці паверыце такому дзівацтву сэрца, нават не спадабалася мне яна, як бы я абвінавачвала яе ў гэты момант за хвіліну майго забыцця, якое яна мяне вымусіла адчуць, і якое тым больш балюча дало мне ўсвядоміць адсутнасць ўласнай дачушкі насамрэч.
Чую тут неаднойчы школьны званок, бачу хлопцаў, што гуртам выбягаюць з класу, гэта мяне вядзе да ўспамінаў і слёз на вачах, але ніякага ўзрушэння, ніякага, нават, параўнання.  Часам мне падаецца, што прывязалася б нават да сабакі, але трэба, каб гэты сабака быў як найменш, то з пакалення тых, што раней я ведала, бо да новага прывязацца так ужо не магла б, хаця іх у доме тут некалькі, але ніводнага не люблю.  Адным словам, мае пачуцці могуць быць толькі працягам ранейшых, але як старое дрэва, якое ўжо не выпускае маладых галін, сэрца маё не народзіць новыя пачуцці.  Пра мае патрэбы не турбуйцеся: засталіся ў мяне яшчэ грошы з Кіева, да таго ж ад дзяржавы мне выплочваюць амаль сем рублёў на месяц, што мяне цалкам засцерагае ад нястачы, бо жыццё ў гэтым краі надта таннае.  З адзення буду толькі павінна што-небудзь сабе набыць, бо адзіная мая ваўняная сукенка ўжо вынасілася.  Дарэчы ўсяго ў мяне хапае нават пра запас.  Пішу вам гэтыя падрабязнасці, каб не турбаваліся пра мяне і каб сумам сваім ад растання нашага не павялічвалі непакой аб маім утрыманні.  Будзьце здаровенькія, дзеткі мае дарагія, тулю вас да сэрца свайго.  Уся душа мая толькі з вамі побач, і так будзе заўсёды.  Мамы любай ручкі і ножкі цалую і блаславення яе прашу.  Няхай Бог дзеля вас мацуе яе сілы.
Ранейшыя лісты павінны былі ўтрымліваць больш падарабязнасцяў, бо два месяцы амаль доўжылася падарожжа на санях аж да Табольска, а адтуль водным шляхам да Беразова, а таксма апісанне Беразова і першых уражанняў сваіх пасля прыбыцця на гэты край абжытага свету, але аб гэтым мы даведаліся толькі пазней з “Успамінаў” маці і вусных яе расповядаў.
Праз пару тыдняў пасля атрымання ліста прыйшлі нарэшце чаканыя пашпарты, і паколькі ўсё ўжо было падрыхтавана для падарожжа, мы рушылі неадкладна ў дарогу.