вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 5 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна-дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


5.ПОБЫТ У КРАМЯНЦЫ.  ВЫЕЗД МАЦІ ДА ВІЛЬНІ
Вярнуўшыся з Літвы, маці занялася неадкладна вырашэннем спраў з мэтай як мага хутчэйшага выезду ў Крамянец.  Паміж найбліжэйшых ваютынскіх суседзяў ніводзін не мог атрымаць у нашай маці столькі пашаны і даверу як Францішак Грахольскі, які валодаў Падбярэззем і некалькімі суседнімі вёскамі.  Ён прыйшоў да значнага багацця паважанай і разумнай працай, не саступаючы ніколі з правільнай дарогі, і ніколі яго розум яму не адмаўляў.  Такі ж просты, зразумелы і паслужівы ва ўласнай гаспадарцы, як быў некалі, калі кіраваў маёнткам пана Стэцкага, ён быў узорам добрага гаспадара і сапраўднага грамадзяніна, які ніколі не забывае, што ён толькі захавальнік даверанага яму багацця, з якога рахунак прыйдзецца атрымаць у свой час.  Таму самыя з’едлівыя языкі не маглі яму што-небудзь заганнае прыпісаць, бо ні адзін суд палюбоўны не абышоўся без яго пасярэдніцтва.
У час, пра які мы гаворым, гэта быў ужо у сталым веку стары, які ажаніўшы і даўшы пасаг свайму адзінаму сыну, жыў са сваёй таксама старой жонкай у Падбярэззі і цешыўся шчасцем сына, які сам сабе гаспадарыў у Адэрадах.  Пан Францішак жыў ужо шмат гадоў у самых прыязных стасунках з нашай сям’ёй, пасля смерці ж бацькі наша маці нічога не распачынала важнага, пакуль не атрымлівала ад яго параду.  Паколькі пра выезд у Крамянец нарэшце было вырашана, маці пакінула абедзве вёсачкі ў арэнду і папрасіла пана Грахольскага, каб той узяў галоўную апеку над маёнткам падчас яе адсутнасці.  Залатвіўшы такім чынам справы, мы выехалі ўсім домам ў дарогу.
Узрост і асабістыя клопаты пры заўсёды цяжкай працы так падарвалі здароўе нашай бабкі, што ў апошнім годзе яе побыту ў Ваютыне з ложка амаль не ўзнімалася.  Па гэтай прычыне мы вымушаны былі ехаць вельмі павольна, часта адпачываючы, каб дарога як найменш стамляла напалову спаралізаваную бабулю, а паколькі пара была вельмі прыгожая, то моладзь карысталася кожным прыпынкам і начлегам, каб зведаць пекныя ваколіцы.  Па меры нашага набліжэння да Крамянца краявіды розніліся то з-за праязджаных гор, то яроў, а паколькі мы дасюль ведалі толькі адны даліны, то выгляд скал і безданяў напаўняў нас здзіўленнем і захапленнем.  Меншую толькі частку Валыні ланцуг Карпатаў перасякае, але для нас горы гэтыя здаваліся велізарнымі.
Калі мы ўехалі ў горад, былі захоплены вялікай колькасцю мураваных дамоў, чаго па іншых павятовых гарадах мы не назіралі.  Сапраўды Крамянец, адносна большай часткі валынскіх гарадоў, вельмі ўпарадкаваны і прыгожа забудаваны , бо ўсе вельмі аздабляючыя яго ўзбудаваныя камяніцы ў знакамітай эпосе росквіту ліцэяў служылі для размяшчэння самых заможных сямей і насілі пячатку высокага густу гэтага класу грамадства, для якога былі прызначаны.  Пасля скасавання ліцэяў большая частка багацейшай шляхты, якая жыла там толькі для выхавання дзяцей, пакінула Крамянец, а займаныя ёй калісьці і тысячамі грошай аплачаныя дамы стаялі пустыя ці былі найманыя за бясцэнак, каб не ператвараліся ў руіны.  Мы напрыклад нанялі за чатырыста злотых увесь другі паверх вялікай камяніцы, але і гэта падалося нашай маці вельмі дорага, так што на наступны год яна наняла меншую папраўдзе сказаць, але двухпавярховую камянічку з усімі належнымі забудовамі за трыста злотых.  
Гады, якія мы правялі ў Крамянцы, вызначаліся надзвычайнай таннасцю прадуктаў, бо за карэц змеленай жытняй мукі мы плацілі чатыры злотых, а за фунт мяса ад трох да пяці грошаў.  Настаўнікі бралі ад пяцідзесяці грошаў да паўрубля за гадзіну, выключаючы двух ці трох самых вядомых ранейшых ліцэйных настаўнікаў, якія папрасілі ім плаціць па пяць злотых.  Паколькі аднак у час нашага прыбыцця Крамянец быў далёкі ад таго, якім яго памяталі ў ліцэйныя часы, аднак не пазбавіўся сваёй шляхетнасці, бо было яшчэ больш дзясятка сямей, якія стала там жылі, і пару мужчынскіх і жаночых пансіянатаў, якія мясцілі досыць вялікую частку моладзі.
Наша маці, пазнаёміўшыся ўжо з большасцю крамянецкага свету, хутка навяла стасункі і з рэштай, так што праз пару тыдняў пасля прыезду і наша сям’я ўвайшла ў кола гэтых сямейных дамоў, што маючы на мэце галоўным чынам выхаванне дзяцей, акрамя досыць значнай розніцы становішча матэрыяльнага, вялі амаль аднолькавы лад жыцця.  Увогуле мясцовы свет крамянецкі вызначаўся вялікай простасцю, памяркоўнасцю і прыхільнасцю да народных звычаяў, наперакор моднай яшчэ ў гэты час у Варшаве, як і ў правінцыі французжчыне. За выключэннем двух ці трох дамоў, якія стваралі нібыта сваё колца, не ўжываліся тут ні экіпажы, ні ліўрэі, ні нават візітоўкі.  Наведваліся адно да аднаго без аніякіх цырымоній, у штодзённым убранні, а паколькі моладзь збіралася ў якім-небудзь доме больш, то бавіліся весела, танцуючы пад фартэпіяна ці жыва ведучы гамонку пра самыя надзённыя пытанні ў грамадстве.
Хоць усё таварыства Крамянца стасавалася паміж сабой і кожны дбаў пра захаванне добрых адносін з усімі, існавалі апрача гэтага меншыя суполкі з асоб, якія лучыліся паміж сабой ці то па крыві, ці то па сяброўству, ці то паводле інтарэсаў.  У суполцы, да якой наша маці найбольш сардэчна адносілася, падмуркам стасункаў была агульнасць правіл і магчымасцяў.  Да яго дапускаліся толькі такія асобы, якія абіраючы агульную выгаду, а не свой ўласны інтарэс, былі гатовы не толькі пазбавіцца ад ранейшых недахопаў і прымхаў шляхецкіх, але прагнулі вельмі плённа над маральным дасканаленнем грамадства працаваць, абіраючы гэта сваім найгалоўнейшым абавязкам грамадскага жыцця.
Кожны з членаў гэтай суполкі святым абавязкам лічыў абыходзіцца па-братэрску з падданымі і слугамі, працуючы клапатліва над іх адукацыяй як маральнай, так і спецыяльнай, уздзейнічаючы на маладое пакаленне з дапамогай школак і апекі, на дарослых - з дапамогай кніжак, прамоў, і асабліва - уласнага прыкладу.  Адсюль жа пачалося адмаўленне ад піяцтва, распусты, падману, і нават усякай раскошы і дарэмнага правядзення часу.  Ашчаднасць жа ўзносілася да такога ўзроўню, што адмаўлялі сабе ва ўсім, што не было абавязковым, і то толькі з той мэтай, каб кожны зберажоны грош быў ужыты на публічныя патрэбы.  Моладзь вельмі паглыблялася ў навукі, імкнучыся перадусім спазнаць уласныя дзеянні і ўласныя літаратурныя вопыты.  Суполка гэта, маючы ў сабе некалькі людзей высокаадукаваных і здольных, немалы ўплыў аказвала на тых нават, што не ўваходзілі ў яе.  І якраз гэтаму ўплыву ўсё таварыства крамянецкае дзякавала за гэты характар простасці, годнасці і шляхетнасці, пра якія мы ўзгадвалі вышэй.
Што да стасункаў асабістых, то маці наша найбольш блізкая была з пані Саламеяй Бесю, з дому Янушэўскіх, якая ад першага мужа, Эўзбія Славацкага, мела сына, ужо вядомага ў гэты час паэта, Юліуша.  Паўлінка ж пасябравала найбольш з паннай Цэлестынай Прушынскай, адукаванай, паэтычнай і рэдкім музычным талентам надзеленай аднагодкай.
Адразу пасля прыезду маці замовіла для нас настаўнікаў і, распланаваўшы з імі час, далучыла нас да працы навуковай.  Паўлінка як і раней дапамагала наглядаць ёй за малодшымі ў сям’і, сама ж брала ўрокі французскай мовы і малявання, бо ў іншых прадметах не было патрэбы ў дапамозе, бо яна магла вучыцца самастойна, пры дастатку добрых кніжак, якія лёгка было набыць у Крамянцы.  Пасля штодзённай працы ўсе нашы блізкія знаёмыя збіраліся звычайна разам на агульную вячэрнюю бяседу, якая летам была на свежым паветры ў якім-небудзь з садоў ці навакольных лясочкаў, зімой жа ў жытле кожнага з нас па чарзе.
Так праходзіла наша жыццё, спакойнае і плённае, сярод працы навучання і нявінных забавак, і другі год нашага побыту ў Крамянцы хіліўся да канца, калі вельмі балючае і неспадзяванае гора зруйнавала ў адну хвіліну наша жыццё ціхага сямейнага шчасця.  Усе акалічнасці звязаныя з гэтым выпадкам так глыбока ўрэзаліся ў маю памяць, што яшчэ сёння стаяць у мяне перад вачыма, як калі б гэта адбывалася ўчора, нягледзячы на тое, што больш за чвэрць стагоддзя пранеслася над маёй галавой ад гэтай балеснай хвіліны.
У пачатку ліпеня 1838 года, ноччу, скралі ў нас куфэрачак, дзе захоўваліся грошы, пазыковае абавязацельства і іншыя важныя дакументы, і хаця рэальная вартасць скрадзеных рэчаў не была вельмі вялікай, для нас аднак страта была нязмерна адчувальная, бо пазбаўляла нас на некалькі месяцаў утрымання і рабіла нямала перашкод у справах.  Напужаная гэтым выпадкам маці паведаміла адразу паліцыі і зрабіла ўсё, што ў яе моцы было, каб знайсці страту, аднак, няшмат разлічваючы на плён у вышуку, напісала абодвум арандатарам, просячы як мага хутчэй даслаць належныя нам грошы.
Праз некалькі дзён пасля гэтага здарэння мы выйшлі цэлай сям’ёй на вячэрні шпацыр, і ўзабраўшыся на верхавіну адной з гор у ваколіцах горада, расселіся на камянях на месцы, адкуль самы прыгожы быў выгляд.  Вось з боку Каралеўскага маста чуюцца манатонныя гукі паштовага званка, і хутка сярод клубоў густога пылу паказалася хуткая кур’ерская тройка, на якой бачныя два жандарскія мундзіры.  Гэта насцярожлівая з’ява, яшчэ вельмі рэдкая ў гэты час, перашкодзіла спакою нашага сямейнага шпацыру, абуджаючы тысячы страхаў і домыслаў наконт мэты прыбыцця гасцей у блакітным. Ніхто з нас аднак не спадзяваўся, каб тое, чаго мы баяліся, магло трапіць наўпрост у нашыя сэрцы.
Але ж як мы былі моцна ўражаны, заўважыўшы за паваротам наш дом, абкружаны жаўнерамі, на дзядзінцы ж мясцовую паліцыю ў таварыстве толькі што на тракце ўбачаных жандараў.  Калі яны агледзелі, што мы вяртаемся, гараднічы паспяшаўся нас спаткаць і папярэдзіў маці, што гэта незвычайнае зборышча, якое яна бачыць перад сабой, мае адзіную мэту фармальнага следства па справе ўчыненага крадзяжа.  Калі ж аднак маці правяла няпрошаных гасцей у дом, жандар-афіцэр засведчыў, што мае жаданне зрабіць у нашым доме рэвізію і просіць адчыніць усе замкі.
Як толькі маці выканала яго просьбу, то пачалі рыцца па ўсіх куфрах, шафах і камодах, адкладваючы ўбок усе кнігі і паперы, каб больш падрабязна пазнаёміцца з іх зместам ў кабінеце гараднічага.  Ператрэслі ўвесь дом і забралі з сабой падазроныя рэчы, потым жандар з гараднічым сышлі, пакінуўшы ў доме ахову з квартальнага і некалькіх атрадных жаўнераў.  Абавязкам гэтай стражы было не выпускаць нікога з жыхароў і праводзіць у паліцыю кожнага, хто прыходзіў, каб убачыцца з маці.  Нават кухарка, якая ішла на кірмаш  суправаджалася узброеным жаўнерам, які не дазваляў ёй нікуды заходзіць ці з кім-небудзь на вуліцы размаўляць.  Асобы, якіх затрымлівалі на парозе нашага дому, правяраліся і з найменшым нават падазрэннем заставаліся пад арыштам, аж пакуль не давалі задавальняючыя тлумачэнні.  Такім чынам быў арыштаваны Севярын Такарскі, які прывёз маці некалькі соцен злотых ад ваютынскага арандатара, пасля доўгіх роспытаў яго адпусцілі, грошы ж вярнулі маці.
Гэтае становішча хатняга арышту трывала цэлы тыдзень, бо чакалі – як казаў квартальны – далейшых загадаў з Жытоміра.  Нарэшце прыбыў чаканы кур’ер і адразу абвясцілі маці, што яе неадкладна патрэбна адвезці ў Вільню, дзе следчая камісія будзе вырашаць яе далейшы лёс.  Назаўтра ж пад эскортам прыбыўшага з Жытоміра ўрадніка, яна адправілася ў дарогу, пакінуўшы нас шасцярых і паралізаваную бабку толькі на Боскую Апеку.
Дарэмна мне намагацца апісваць тую шчымлівую сцэну, якая адбылася пры развітанні.  Роспач дзяцей, якія заходзіліся ад плачу і чапляліся за рукі, ногі і адзенне адрыванай сілай і напалову жывой ад гора маці, была такая глыбокая, што самі выканаўцы страшнага прысуду ад узрушэння не маглі стрымацца.  Нават старая бабуля, якая рэдка прыходзіла ў прытомнасць, не была ў стане стрымацца ад енку і слёз, калі блаславіла апошні раз сваю адзіную дачку, якую ўжо напэўна не мела надзеі ўбачыць на зямлі.
Пасля ад’езду маці нам падалася б больш пустой магіла, чым гэты дом, які яна сваёй прысутнасцю ажыўляла, і дзе зараз усё яе адсутнасць нагадвала.  І паколькі сэрца мае таксама свой захавальны інстынкт і хапаецца за саломінку надзеі, каб ад роспачы стрываць, то і мы спадзяваліся на гэтую зорку, якую кожны абірае ганіць пасля атрыманай непрыемнасці, чым з ёй сябраваць.  Нам гаварылі, што арышт маці быў вынікам нейкага непаразумення, якое хутка высвятляць і яе адпусцяць.  Нас трымалі гэтай надзеяй, можа адно з-за шкадавання, а мы хапаліся за гэта тым больш, чым гарачэй сэрца палёгкі і суцяшэння патрабавала.
Дні і тыдні міналі, не прыносячы чаканага выніку, ды нават ніводнай весткі ад маці .  Матэрыяльнае ж наша становішча усё больш пагаршалася, бо малы запас, які быў у доме, хутка вычарпаўся, сталовае ж серабро, усе прадметы і нават адзенне і бялізна былі апісаныя паліцыяй, якая забараніла імі карыстацца.
Тымчасам сінія мундзіры насіліся усё больш па ваколіцы, і з кожным іх з’яўленнем знікаў хтосьці з кола блізкіх знаёмых нашай маці.  Да ўсяго прыйшла вестка аб выездзе ваютынскага арандатара, Вацлава Арэшкі, і абдзяржаўленні усяго ўраджаю і запасу тавараў на полі, збарашоўскі ж арандатар атрымаў такія  страты, што не быў у стане прыслаць нам нават грош.  З гэтай сумнай навіной апошняя надзея на грашовае папаўненне знікала, ці як найменш адсоўвалася на неабмежаваны тэрмін.  Здавалася, што Пан Бог, хочучы тым больш палепшыць апякунчую моц сваёй рукі, хацеў спачатку пазбавіць нас любой падпоры чалавечай, каб не было сумнення, адкуль прыходзіць ратунак.  У такіх акалічнасцях Паўлінка, якая раней не рабіла адзінага кроку без парады з маці, апынулася на чале нашай сям’і, і гэта слабая і недасведчаная дзяўчына, якая звычайна сама б яшчэ патрабавала самай клапатлівай апекі, была ўпадабаная Панам Богам для выкарыстання як сродка Яго Апекі.  Але паслухайма, як маці сама апісвае гэты важны перыяд у жыцці Паўлінкі і як ацэньвае яе характар.  Паводле слоў маці, я дазваляю сабе злучыць у адно дзве часткі з яе Успамінаў, якія змешчаны ў розных па часе запісах, але напоўненыя адным і тым жа пачуццём.
Паўлінка, старэйшая з дзяцей, была васемнаццацігадовай дзяўчынай падчас нашай разлукі.  Арганізм яе быў слабы; яшчэ неразвіты, але яна моцная была духам любові і святасці.  Прабягаючы ў думках усю стужку яе жыцця, такога кароткага, я не магу патлумачыць, як адбылося, што на вачах кахаючых яе бацькоў, сярод родных, якіх любіла і была любай і для іх, пераскочыла яна ў даросласць, не выкарыстаўшы ўзросту свабоды і вясёлых гульняў, якія пазней у кожнага ва ўспамінах ружовых праменяцца.  Яна ў дзесяць гадоў ужо была дарослая па розуму і па духу: усе яе думкі былі паважныя, была вельмі чулая, памяркоўная, глыбокі розум, які мог з першага погляду пры блізкіх стасунках адрозніць фальш ад праўды.  Часта я давала для яе дзіцячага розуму далікатныя пытанні, цяжкія, перад якімі задумалася б не адна разумная галава.  Сэрца яе несапсаваным інстынктам умела вырозніць тое, што правільнае, прыгожае, шляхетнае ці дзе хаваецца фальш.
З дванаццаці гадоў яна дапамагала мне выхоўваць малодшых дзяцей і так умела любоўю, бесстароннім поглядам з’яднаць сэрцы і ўзмацніць перакананні, што дзіцячыя фантазіі і неспакой, што ўскіпаў у маладосці, вельмі падлягалі уплыву гэтай кахаючай душы.  У яе ўласных учынках, ад самага дзяцінства, фармаваўся характар вельмі узнёслы: ніколі ні фальш, ні жарт не спляміў яе вуснаў, у галаве не прамільгнула непраўдзівая думка, у сэрцы не з’явілася пустата.  Ні ў якіх дзеяннях ніколі не мела сябе на мэце, не магла нават нічога ўжываць асабіста для сябе, толькі для іншых: што мела найлепшага, было адразу прызначана для каго-небудзь іншага.  Не ведаючы яе, нельга ўявіць такога поўнага адмаўлення сабе.
Сёння ж яе энергічная душа, хоць у слабым целе, чысты розум, любоў да сям’і, адрачэнне ад сябе, паставілі яе ўпоравень з важнымі акалічнасцямі, сярод якіх апынулася… Бог паставіў яе апякункай, другой маці для пакінутых малодшых сясцёр і братоў.  Яна не адступіла перад гэтай вялікай місіяй.  Выконвала яе коштам найвялікшых асабістых ахвяр, не лічачы іх нават прысвячэннем сябе іншым.  Бачна, што Бог, які апусціў на яе раней крыж, накіраваў яе да прызначэння, якое пазней павінна было стаць рэальнасцю.
У час, калі яна стала на чале сям’і, з якой жа колькасцю цяжкасцяў прыйшлося ёй змагацца! Тады як яе аднагодкі з вясёлай бесклапотнасцю віталі росквіт жыцця, Паўлінка, з душой, напоўненай балючым горам ( бо любіла мяне вельмі чулай любоўю), павінна была, абраўшы маўчанне ў час самых страшных нягод, змагацца штодзень з перашкодамі рознага кшталту, пра якія раней не ўяўляла.  Паколькі кожны яе ліст, што пісала ў гэты час, быў напоўнены слязьмі, у якія зліліся усе тоны параненай горам душы.  Пры такой маральнай горычы трэба было весці бойкі з нялёгкай рэальнасцю жыцця, якая цяжка часам перамагаецца нават у сталым узросце і людзьмі з вопытам.
Дададзім да гэтага вобразу тую важную акалічнасць, што на працягу некалькіх тыдняў пасля арышту маці Паўлінка не мела ад яе ніякай весткі, і будзем мець паняцце пра тое, якое цяжкае бярэмя дасталася ёй у жыцці.
Пасля доўгага чакання Бог усцешыў нас нарэшце жаданай весткай ад маці пры пасрэдніцтве урадніка (прыватнага прыстава), які суправаджаў маці, а пасля таварышыў іншаму вязню, а вяртаючыся, першы ліст нам прывёз.  Ад гэтага часу карэспандэнцыя паступала досыць рэгулярна падчас усяго побыту маці ў Вільні, а паколькі ўсе лісты за гэты час былі захваныя ў цэласці, змяшчаю іх тут даслоўна, бо яны найлепш паведамяць Чытачу пра кожныя адценні пачуццяў як маці, так і Паўлінкі.
Любыя дзеткі мае! З радасцю і сумам я ўбачыла прыватнага крамянецкага прыстава, з якім магла пра вас пагаварыць.  Ён гаварыў мне, што ты, любая Паўлінка, вельмі схуднела.  Жыццё маё! Шануй сваё здароўе і не хвалюйся пра мой лёс.  Памятай, што зараз ты - маці тваіх малодшых братоў і сясцёр, што ты з’яўляешся ўсім для іх, што на табе таксама і клопат пра хворую бабулю.  Вестка, што ты пакутуеш, што тваё здароўе слабне, ды яго ў цябе так мала, павялічвае мае ўласныя пакуты.  Колькі ж патрэбна мужнасці, колькі моцы духу, а перадусім ласкі Божай, каб не схіліцца перад цяжкасцямі, якімі нас Пан Бог надзяліў зараз! Я спадзяюся і чакаю ліста ад вас, дзе магла б знайсці почырк ручкі кожнага, дзе магла б прачытаць пра ўсе пачуцці вашы і даведацца, што робіце і як праводзіце час.
Пра мяне, як я жыву, раскажа вам дастаўца гэтага ліста.  Пішыце мне цалкам пра ўсё, будзе для мяне гэта адзінай прыемнай хвілінай, калі атрымаю ваш ліст.  Не паверыце, якая гэта пакута быць такой чужой усяму і ўсім, з цяжарам на душы, з сумам у сэрцы, з невыказальным непакоем.  
О, мае дарагія дзеткі! Я тулю кожнага з вас да сэрца майго, да сэрца, узрушэнняў якога зразумець цяпер яшчэ не можаце, і дай божа, каб ніколі іх не зведалі.  Пакуты мае маральныя пераходзяць мяжу таго ўсяго, пра што некалі магла толькі ўяўляць.  Маліцеся, дзеткі, за мяне, прамаўляйце штодзень пацер за мяне а восьмай гадзіне раніцай, а я ў тую ж пару буду маліцца за вас.  Такім чынам думкі нашы і пачуцці разам спаткаюцца праз Бога, а гэта адзіная радасць, якая нам зараз застаецца.  Дарагой мамы ножкі цалую.  Казаў мне прыстаў, што мама хворая, а я пра яе паклапаціцца нават не магу! Будзьце здаровыя, дарагія дзеткі мае, няхай вас Бог бласлаўляе, мацуе і радуе.  Тулю вас да майго сэрца.
Самая наша дарагая Мама! Пасля такога доўгага чакання нарэшце першая вестка пра цябе дайшла праз прыстава.  Сум глыбокі сціснуў маё сэрца, такі боль адчула я ў тваім лісце.  Кожнае слова трапляла мне ў душу, а дзеці ўвесь час пры чытанні плакалі.  О любая Мама! Ці можа быць, каб Бог не пачуў нашых малітваў? Ці ж ён не Бацька наш на Небе, як ты маці на зямлі? Няшмат вузлоў у мяне, якія прывязваюць да жыцця, няўжо Бог вырашыў пазбавіць мяне ад найвялікшай раскошы, якой валодаю на свеце? О не, не! З вялікай верай я кажу, што гэтага не можа быць.  Ты да нас вернешся, а з табой вернецца наша шчасце.
Я злавалася на прыстава, што Цябе занепакоіў, ды яшчэ непраўдзівай весткай, бо ніхто не гаворыць мне, што я так ужо схуднела.  Спачатку дык і нічога дзіўнага, што змянілася, але цяпер цалкам здаровая.  Толькі пасля твайго ад’езду, дарагая Мама, мы заўважылі, што Твая хустка і кніжачка для набажэнстваў засталіся на стале.  Цяпер мы заўсёды з гэтай кніжкі молімся ўсе разам: ранкам прамаўляем тваю ўлюбёную малітву, Узнясенне душы да Бога, вечарам жа Каронку да Перамянення Боскага і песню да Боскай Апекі.
Ты гаворыш, даражэнькая Мама, што мы не ў стане  зразумець таго, што адчувае Тваё сэрца з прычыны разлучэння нашага.  Можа быць, твой боль яшчэ глыбейшы за наш, але ж і маё сэрца так сціскаецца, што раней пра такі стан не мела ўяўлення.  Бо ці ж магла паверыць, калі б мне сказаў хто год таму, што я, што ад самага дзяцінства прывыкла падзяляць з Табой усе свае пачуцці, і нават самыя мімалётныя думкі, буду калісьці лічыць шчасцем, калі што-небудзь даведаюся хаця б пра Тваё здароўе? Але і гэта радасць якая ж рэдкая! Адзін толькі ліст атрымалі мы з часу Твайго ад’езду.
Калі б ты ведала, дарагая Мама, як часта я сню Цябе і заўсёды так яскрава, як бы на яве.  Чаму ж ніколі я не бачу Цябе вясёлай і шчаслівай? Ці ж і сны вымушаны падстройвацца пад сумную рэчаіснасць? Як бы мы хацелі мець на ўспамін што-небудзь пра Тваю працу! Можа ты магла б даслаць нам што-небудзь з месца твайго цяперашняга быцця? Я схавала стары кошык з саломкі, якім ты карысталася ў апошні час, ён мне так нагадвае пра цябе! Але хацелася б мець які-небудзь выраб тваіх уласна рук, і зроблены менавіта для нас.
Столькі ўжо напісала, а ўвесь час толькі сабой займаюся, нічога не расказала пра малодшых, пра справы.  Бабуля заўсёды ў адным стане: нічога не баліць у яе, але не валодае ні рукамі, ні нагамі.  Браты здаровенькія, працуюць пільна і не даюць мне ніводнай рычыны для клопату.  Зося таксама добра сябе адчувае, і настаўнкі ёю задаваолены, вырасла вельмі і схуднела.  Віктуся хварэла некалькі дзён на тыф, але месяц ужо адчувае сябе як мага найлепей і сама просіць, каб яе вучылі пісаць дробнымі літаркамі, бо хоча доўгія лісты сама пісаць да Цябе.
Што да спраў, міласэрная Ласка Божая так нам апякуе, што не толькі хлеба хапіла нам да гэтага часу, але і навука досыць нармальна можа ісці, так што амаль усе ўрокі па-ранейшаму праходзяць.  Пасля твайго ад’езду, бачачы беднасць нашых запасаў, я развіталася з усімі настаўнікамі, а ўрокі мы праводзілі самі, адно другому дапамагаючы.  Але калі я дзякавала Лакуру і расказала, што мы не ўстане карыстацца яго паслугамі, пачцівы француз са слязьмі на вачах прасіў, каб мы яго лічылі не нанятым настаўнікам, а сябрам, які яшчэ ахвотней дае свае паслугі ў нядолі, чым у шчасці.  Так мяне расчуліў сваёй шчырай зычлівасцю, што не маючы сілы адмовіць яго ахвяры, з удзячнасцю яе прыняла, і з таго часу гэты стары прыходзіць па-ранейшаму штодзень, з большай ахвотай выкладаючы бясплатна, чым іншыя робяць так звычайна за грошы.
Але яшчэ не канец хрысціянскай ахвярнасці Лакура: праз пару тыдняў, даведаўшыся ад іншых пра не надтна добры стан нашых спраў, уручыў мне пяцьдзесят рублёў і паведаміў з такой дабрынёй, як бы мы былі яго ўласнымі дзецьмі: “Прыміце, прашу вас, гэту маю дробную дапамогу.  Калі будзеце ў лепшых умовах, то вернеце мне грошы, а калі не ў стане будзеце аддаць, то паверце мне, што я шчаслівы, што магу на такі добры ўжытак лішні для мяне грош ўкласці”.  Я не рабіла адмовы, прымаючы так добры дар, будучы ўпэўненай, што і нам, і яму ахвяра гэта блаславенства Божае дасць.
Але і іншыя сэрцы Бог міласэрнасцю натхніў, так што ўсё новых знаходзім дабрадзеяў, што нам рознымі спосабамі дапамагаюць.  Нядаўна, напрыклад, былы прафесар кіеўскага ўніверсітэту, пан Выжэўскі, які ўжо на пенсіі, пасляіўся ў Крамянцы і зусім ужо не займаўся прыватнымі ўрокамі, калі даведаўся, што браты вымушаны былі спыніць урокі матэматыкі, падараваў ім бясплатна тры гадзіны на тыдзень і дзякуючы гэтаму гэты самы патрэбны для іх прадмет зусім не будзе закінутым.  Гэтым жа чынам пан Зажыцкі дае Зосі ўрокі музыкі, без ніякай аплаты, і нават за ўласны кошт ноты ёй купляе.  І так навука ідзе ранейшым ходам, хаця грошай на настаўнікаў і не маем.
Ды і маёнткавыя справы, спадзяюся, хутка пойдуць лепш, бо прызначаны нам апекуном пан маршалак Таншэўскі, які з бацькоўскай пяшчотай клапоціцца пра наш маёнтак і ўжо распачаў намаганні аб выплатах з Ваютына і Збарашова, дзе па прычыне выезду Арэшкі і часовага арышту Хенрыка досыць значныя непарадкі пачаліся.  Але Хенрык ужо вызвалены і абяцае выплаціць усё належнае.  Некалькі дзён таму пераехалі мы ў дом Тэцлава, памяшканне ў нас вельмі ўтульнае, толькі бабуля лічыць, што лепш у Лефорта.  Спяшаюся адаслаць гэты ліст, каб пошта яшчэ працавала, і таму сама толькі пішу.  Цалую Твае рукі, найдаражэйшая Мама, ад імя нас усіх.  Каб Бог міласэрны выслухаць нас абраў і Цябе як найхутчэй да нас вярнуў.
Найдаражэйшыя мае дзеткі! Учора якраз дайшоў твой ліст, Любая Паўлінка! Ужо было мне невыказальна сумна, не атрымліваючы на працягу некалькіх тыдняў ніводнай звесткі ад вас.  Але чаму ж  ніводнае з дзетак не напісала нават? Хіба вы мяне не любіце? Хіба няма нічога расказаць вашай маці? Калі б я была разам з вамі, то столькі б рэчаў знайшлося расказаць; чаму ж гэта вы не напішаце? Я ўпэўнена, што чакаеце апошняга моманту, калі адыходзіць пошта, не дзіва, што часу не хапае.  Таму зрабіце гэтак: няхай кожнае з вас абярэ адзін дзень у тыдні і напіша да мяне пра ўсё, а на прыканцы тыдня ўсе лісты дашлеце ўжо разам на пошту.  Калі б вы ведалі, з якой прагнасцю я чакаю кожнай вашай літарынкі, упэўнена, што вы б не шкадавалі іх так ужо надта.
Як вы ўладкаваліся ў новым доме? Ці жывеце адны, ці ёсць суседзі? Ці бегаюць дзеці па садзе, і ці падабаецца ім гэта? Нічога мне аб гэтым не пішаце, нібыта мяне гэта не цікавіць.  Чаму Зосечка схуднела? Яна ўжо і так была худзенькая, я непакоюся.  Не ведаю, чаму дом Тэцлава падаецца бабулі больш выгодным? Хіба можа дрэнны выбрала сабе пакой, хаця добра ітое, што ёсць з чаго выбраць.  Трэба было б так уладзіць, каб побач з яе пакоем быў пакой, у якім найчасцей бываеце, каб заўсёды магла яна каго-небудзь паклікаць.
Пра мяне не хвалюйцеся: здароўе маё добрае, апрача ціску ад доўгага сядзення; становішча ж, лад жыцця, працы, усё тое ж саме, толькі вечары штораз усё даўжэйшыя, а іх даўжыня павялічвае манатоннасцю сваёй сум па вас.  Мяне усцешваюць абяцаннем, што я вярнуся да вас, аднак жа я не спадзяюся, што гэта здарыцца да поўнага сканчэння следства.
Як жа мяне ўзрушыла тваё жаданне, Любая Паўлінка, каб я вам прыслала на ўспамін што-небудзь з маёй працы.  Бедные дзеткі! Вы далёка ад маці, хочаце парадавацца ўспамінам, а я ў гэтым нават не магу быць вам карыснай у гэты момант, бо нічога такога не зрабіла, што можна пераслаць.  Я таксама радуюся ўспамінам, цешуся, калі хоць у сне я разам з вамі; а паколькі сон – гэта частка жыцця, то і на яве успамінам сваім аддаём найбольшую частку нашай радасці.  Бяда тым, што халоднай рукой розуму хочуць адмовіць усе мары, якія паляпшаюць жыццё, і ў пагоні нібыта за рэчаіснасцю, марамі завуць усё, што ў сапраўднасці не існуе.
Бо што ж такое рэчаіснасць? Пункт толькі ў бегу жыцця, які ледзь заўважаны, які ўспрыняты, ужо патанае ў моры мінулага. Таму ўсё, што нас узрушвае, што ўздзейнічае прыемна ці непрыемна на нашы душы, не існуе ў сапраўднасці, а належыць да сферы мінулага ці будучага, і толькі таму з’яўляецца марамі.  Але аднак, калі б не памяць, што ў нас мінулае абуджае, і не фантазія, што нам адчыняе браму будучыні, мінаючая хвіліна была б нічым.  Не цяперашняя пакута так нам дакучае ў хвіліну нядолі, але памяць аб страчаным шчасці і страх ад доўгага шэрагу падобных трывог у будучым.  Таму не думаю, каб надзеі і ўспаміны належалі да каралеўства несапраўднасці, бо ў іх мы пражываем большую частку нашых пачуццяў, а што ж будзе з рэчаіснасцю, калі пачуцці будзем лічыць несапраўднасцю? Ці сярод выпрабаванняў лёсу сведчанне добра праведзенага мінулага - толькі пусты дым, а пакуты нячыстага сумлення з-за правільнага выхавання не што іншае як толькі нішто? Калі б так было, то і саму цноту да несапраўднасці залічыць бы патрэбна, бо яна звычайна дапаўняецца коштам мінаючых хутка хвілін, без аніякай узнагароды тут і зараз.  Гэта зерне, памылкова кінутае на зямлю, але яно павінна выдаць стокроць разоў большы плён у далёкай,праўда, будучыні.  Пакінем жа шчаслівым гэтага свету лёгкую радасць здзекавання з мараў і надзей, а мы ж не саромеймася працягнуць руку да гэтых самых верных сяброў і падчас бяды.
Што да мяне, то лічу, што самым неверагодным фантазіям браму майго сэрца не зачыняю, паколькі гэтым шляхам хоць праменьчык радасці патрапіць да яго можа.  Учора яшчэ ноч была ціхая, месяц нейкі пануры меў бляск, а я пазірала праз вакно на сонны горад, што патанаў у яго святле, адпусціла сваю фантазію і, прыстроіўшы пазычаныя ў яе крылы, як птушка праляцела прастору, што разлучае нас.  Спусцілася на бераг Іквы, адшукала ваш домік, вашы ложачкі, здаецца, нават чула ваша дыханне, а, нагледзеўшыся на вас, намілаваўшыся з вамі, калі днець пачало, адаслаўшы апошні пацалунак і крыжык на лобікі вашы, вярнулася да сябе ў турму, с радасным сэрцам і з умацаванай душой.  О калі ж, калі ж, дзеткі мае, прыйдзе той момант, калі вас жывых да жывога лона свайго змагу прытуліць! Але ўвесь час я з вамі душой і малітвамі імкнуся адагнаць любыя клопаты ад вас.  Каб Ласкавы Бог блаславіў вас на ўвесь час вашага жыцця, як вас бласлаўляю я кожную хвіліну.  Каб Маці Божая ўзяла над вамі апеку і засцерагала вас так клапатліва, як бы я засцерагаць была рада.
Калі б ты ведала, даражэнькая Мама, якія пекныя ўспаміны я мела ўчора на працягу хвіліны.  Прыходзяць да мяне знаёмцы і кажуць, як пра пэўную рэч, што ты ўжо свабодная і вось-вось вернешся да нас.  Не ведаю, што са мною рабілася: кроў ўдарыла мне ў скроні, у вачах пацямнела, была нібы ў непрытомнасці цэлую хвіліну.  Калі першае ўзрушэнне прайшло, я пайшла да маршалка, які – як сказалі – звестку тую атрымаў, і пераканалася, што гэта была вулічная навіна, пушчаная кімсьці без аніякай падставы, як шмат іншых, якія штодзень кружляюць па горадзе.
Але ж ужо тры месяцы мінае пасля нашага растання! Неаднойчы мяне агортвае такі сум, што гатова пешшу пайсці ў Вільню, каб з табой хоць на хвіліну ўбачыцца.  Але думка, што я зрабіла б табе непрыемнасць, што ты яшчэ больш непакоілася б за дзяцей і бабулю, касуе гэтыя намеры і да месца мяне прыкоўвае.  Часам зноў так жыва абуджаецца ў сэрцы маім надзея на тваё хутчэйшае вяртанне, што за кожным скрыпам павозкі, за кожным гукам адчыненых варот я выбягаю цябе сустракаць, але што ж бачу? Вароты адчыняў вецер ці незнаёмыя твары праезжых, з якімі ў мяне яшчэ менш агульнага, чым з гэтым асеннім ветрам, што так сумна завывае, як калі б ён боль майго сэрца хацеў выказаць.  І такі сум ахоплівае мяне ў гэты момант, такі непакой за Цябе , што калі б не прыходзіла палёгка, то доўга такога стану вытрымаць бы не магла.  Бо вось шттораз лепш разумею, што са стратай Цябе страціла ўсё на зямлі! Жыццё для мяне цяпер толькі суровая школа, дзе кожны крок прыносіць новыя веды.  Але якія ж гэтыя веды балючыя, бо ўсё дае мне адчуць, што яны ад свету, а не ад Маці паходзяць.
Не думай аднак, дарагая Мама, каб штосьці дрэннае ад людзей даведвалася.  Наадварот, паўсюдна я сустракаю як найменш літасць.  Але гэта так цяжка думаць, што мы чужыя для ўсіх, што ні з кім сэрца нас не лучыць.  Мне хацелася б, каб кожны пра цябе толькі думаў, пра цябе гаварыў, і такім мне дзіўным здаецца, што іншыя мае пачуцці да Цябе не падзяляюць.  Розум мне дыктуе, што імкненне гэта няслушнае, але што ж, калі маўчаць сэрца прымусіць нельга, нават каб чым іншым хацелася заняцца.  Таксама вельмі рэдка я выходжу з дому, хоць на мяне крычаць, што я здзівачэю, засумую і стану дзікункай. Бо што ж бы нарэшце дапамагло, калі б я сябе прымушала, бо стасункі са светам не дапамагаюць, а падвойваюць, наадварот, мой смутак?
Праца і занятак увесь час – выключна выніковыя лекі ад суму, бо гэта пастаянная патрэба роздуму пра розныя рэчы, з якімі сэрца не мае нічога агульнага, мяне неяк выводзіць з адчування рэчаіснасці і загадвае забыць на хвіліну пра тое, што для мяне найжывей у глыбіні душы.  Не трывожся, Найдаражэйшая Мама, надта сумнай барвай гэтага ліста, бо ён адно ад таго паходзіць, што пішу яго ноччу, калі ўжо ўся праца скончана.  Днём жа я зусім іншая: удзень ты ўбачыла б мяне такой, як заўсёды бачыць мяне хацела, занятую дзецьмі, справамі і гаспадаркай.  Вечарам жа па-іншаму, але ж гэта адно сапраўдныя мае хвіліны.  Калі дзеці ўжо адпачываюць, тады я адкладваю убок усе штодзённыя клопаты і знаходжуся толькі з Богам і з Табой.  У гэты час малюся свабодна, плачу і пішу да Цябе ці мару аб Табе.  Пра малодшых нашых нічога не кажу, бо кожнае з іх напісала ўжо справаздачу пра сябе і свае заняткі.  Бабуля хоча таксама хоць пару слоў паспрабаваць напісаць, бо стала крыху адчуваць сілы ў руцэ.
Справы нашы Божая Апека заўсёды па-свойму вядзе, г.  зн.  міласэрна і шчодра на дабрыню.   Казала Табе нядаўна, як з дапамогай яе наладзілася навуку, цяпер жа і штодзённыя патрэбы таксама ласкава заапекаваць вырашыла.  А дапамога прыйшла з боку, адкуль найменш спадзявацца мажліва было.  Ты памятаеш пэўна, любая Мама, што жонка купца Мендэля была нам вінаватая больш за дзясятак рублёў і што квіток на гэтую віннасць быў скрадзены разам з куфэркам.  Ты казала мне пра гэту суму як пра зніклую, бо і ў самой даўжнічкі немагчыма было дапытацца.  Але ж не так даўно яна вярнулася з Бярдычава, і як даведалася пра наша няшчасце, сама паспяшалася да мяне і засведчыла, што ўсю суму цалкам верне аж да гроша, толькі прасіла яшчэ крышку пачакаць, каб без страты для ўласных спраў магла свой доўг выплаціць.  “У мяне таксама дзеці – сказала паважаная яўрэйка,- якія могуць асірацець, і я не хачу, каб Пан Бог помсціў некалі ім за крыўду, што ўчыніла я сіротам”.  Я дамовілася з ёй так, што яна спачатку дала мне дзесяць рублёў, а на працягу пяці месяцаў будзе выплочваць рэгулярна па чатыры рублі на тыдзень; гэтага – я спадзяюся – нам хопіць не толькі на ежу, але і на іншыя патрэбы, тым больш што Хенрык прыслаў нам са Збарашова запас прадуктаў, што канешне зберажэ наяўныя грошы.  Апрача гэтага ў мяне ў запасе ёсць каля дваццаці рублёў, якія на аплату жытла прыгатаваныя.  Шкада толькі, што дасюль не маем суседа ў другой палове дому, якую павінны самі аплочваць.  Заканчваю, давяраючыся Твайму блаславенню, прагну, каб мы больш не мелі патрэбы пісаць адно адной, каб сардэчныя абдымкі і жывое слова былі, як раней, нашымі пасярэднікамі ў пачуццях, даражэнькая Мама.  Я.
Любыя мае дзеткі! Ужо дванаццаць, апоўнач, заснуць не магла, таму вырашыла ўзняцца і скараціць час бяссоння напісаннем ліста да вас.  Ваш апошні ліст прыйшоў якраз у час, каб спыніць мой сум па вас.  Некалькі дзён, як я адчуваю, што такі ціск, такі смутак сэрца маё разрывае, што нават выказаць не магу.  Баюся, каб гэта не было прадчуваннем пагражаючага мне няшчасця.  Толькі б не з вашага боку няшчасце! Бачыце, што стала прымхлівая, чаго вы пэўна не чакалі ад мяне.  Я не буду нават гэта тлумачыць, бо не магла б нават сказаць штосьці, каб апраўдацца.  Гэта рэчы, якія чалавек не можа сам сабе патлумачыць, але ад узрушэння не можа пазбавіцца.
Але досыць пра гэта.  Дзякуй вам, дарагія дзеткі, што ўсе да мяне напісалі, і так шмат, як я хацела, каб заўсёды так пісалі.  Калі я ведаю пра вашы патрэбы, то хаця і не магу адсюль вам дапамагчы, усе ж здаецца мне, што прымаючы ваша становішча, прыношу вам палёгку.  Але чаму ж твой ліст, мая Паўлінка, такі сумны, столькі рэчаў пакідае мне для здагадак? Якія гэта суровыя ўрокі ты атрымліваеш ад свету, жыццё ты маё любае! Я прадчуваю, што атрымаліся нейкія непрыемныя акалічнасці, пра якія ты мне не хочаш ці не можаш гаварыць.  О Божа, Апякуне і Суцяшыцелю сірот, адвядзі усялякі непакой і непрыемнасці ад дзяцей маіх!
Ці магла я калі-небудзь думаць, Паўлінка, што паміж намі будзе непераадольная перашкода.  Якая мне не дазволіць заглянуць углыб твайго сэрца? Адарваныя ад маці, бедныя дзеці, вы павінны цярпець усе цяжкасці суму і сіроцтва.
Гэты ліст я пішу да вас ужо з новага памяшкання.  Тыдзень таму я пакінула дом паліцмейсцера, і пераехала ў малую келлю ў кляштары Базыльянак.  Дасюль яшчэ нібы ніякавата мне на новым месцы.  Гэтыя краты, гэты званок, гэтыя калідоры робяць на мяне ўражанне, якога ніколі не адчувала, і хоць у маім становішчы змена памяшкання падаецца рэччу досыць звычайнай, прызнаюся, што растанне з жонкай паліцмейсцера, ад якой столькі атрымлівала прыхільнасці, сапраўдным сумам мяне напоўніла.  Павінна пэўна апісаць маё новае памяшканне.
Келля малая, бо ад ложка магу зрабіць два крокі да сцяны, а ўздоўж ад вакна да дзвярэй крокаў сем; але ж чыстая і з добрым паветрам.  Малы столік, адно крэсла і ложак складаюць усю маю хатнюю мэблю.  Дадам яшчэ невялікую палічку ля сцяны, якая служыць для размяшчэння самавара, гарбатніка і іншых дробязяў.  Праз адно вакно бачны дзядзінец кляштара, на якім не рухаецца ні адно жывое стварэнне, ён абкружаны высокім мурам, а за ім фруктовы сад, па якім сумніўна, што дазволяць мне шпацыр, хаця я ўжо прасіла аб гэтым.  Сталуюся ў законніц і не з’ядаю нават трэцяй часткі таго, што мне дасылаюць.  Хаця ежа і простая, але ж я не галодная па меншай меры, тым больш што добрая жонка паліцмейсцера прысылае мне што-небудзь больш далікатнае са свайго стала.  Да таго ж пані Вендорф пакінула мне самавар, а хтосьці з горада прыслаў млынарку да кавы.  Таму бачыце, што нічога мне не бракуе і калі б патрэбы маёй душы былі таксама задаволены, як патрэбы майго цела, то становішча было б больш чым прыймальным.
Учарашні дзень быў аднак падвойна плённы для мяне, бо атрымала пасля сумнага чакання вашы лісты, чаго сапраўды было досыць для маёй радасці.  Але на гэтым не канец, бо паліцмейстрыха, якая хацела дадаць мне радасці, прыехала па мяне і ўзяла з сабою на шпацыр.  Мы ездзілі на Пагулянку.  Сонца свяціла моцна, дзень быў марозны, але прыгожы.  Вы гэтага не разумееце, якое ўражанне дае выгляд шырокіх абшараў вольнай прыроды на чалавека, які вымушаны закрыць сваё жыццё у цеснай прасторы з некалькіх крокаў.  Я напаўняла ўсе грудзі чыстым паветрам з той вялікай масы яго, якая мяне абкружала.  Гэтыя дрэвы з малой колькасцю лістоты і апошнія справы гаспадынь па ўладкаванню сваіх гародзікаў завялі мае думкі ў тыя часы, калі я была занятая маёй улюбёнай працай у гародзе і не заўважала, як дзень мінаў.  А вы, гледзячы на мяне, стваралі свае клумбачкі і градкі з не меншым, чым маё, захапленнем.  Я моўчкі атрымлівала асалоду ад гэтых уражанняў, была нібы апоена імі, потым цэлы вечар правяла ў доме і з сям’ёй паліцмейсцера, якія атрымалі дазваленне забіраць мяне часам да сябе, што з’яўляецца значным выпадкам, які перапыняе звычайны спакой і самотнасць майго жыцця.
Пішыце да мяне часта, вашы лісты – ах, як жа яны патрэбны для майго сэрца! Вы бачыце, як я апісваю вам найменшыя падрабязнасці: што толькі магу напісаць, усім дзялюся з вамі; хачу і ад вас таксама падрабязнага апісання і частых лістоў.  Як вы там? Як вашае здаровейка? Зосю і Віктусю уяўляю сабе бледных і змарнелых.  Здаецца мне, што вы занядбалі маляванне – шкада.  Дашліце мне памеры чаравікаў, мне будзе вельмі прыемна паклапаціцца па вашых патрэбах.  Запасаў грошай мне яшчэ хапае, хвалююся толькі пра тое, што вам патрэбна на многіх рэчах эканоміць, я хацела б прадбачыць вашы патрэбы.  Што да мяне, то не турбуйцеся ніколькі: ведаеце, што я магу абыходзіцца малым і не ведаю, які павінен быць недастатак, які б мне перашкаджаў.  Але тут у мяне хапае ўсяго, бо якія ж у мяне могуць быць патрэбы ў турме? Мыла, чаравікі, цукар, кава і гарбата – вось і ўсё.  Якой жа ўдзячнасцю поўніцца маё сэрца адносна тых, хто так без выгады вам дапамагае.  Нічым апроч малітвы плаціць ім не магу пакуль, але Бог добры, і слёзы удзячнасці ў скарбонку сваю збірае, ды не праміне апекунам сірот звыш апекаванага імі адплаціць.  Будзьце здаровыя, дзеткі мае дарагія, з якой радасцю кожнага з вас да сэрца прытуліла б, і так зараз лячу да вас душой і блаславенне сваё вам нясу.  Мамы любай ручкі і ножкі цалую, дзякуючы ад усяго сэрца за яе любоў і малітвы.

Частка 4 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


4. ХВАРОБА ПАЎЛІНКІ. СМЕРЦЬ ГЕРАРДЫНЫ. ПОБЫТ У АЛЫЦЫ.  ПАДАРОЖЖА У ЛІТВУ.
Ці то з-за вычарпання сіл фізічных на працягу доўгай хваробы бацькі, якому ўвесь час дапамагала, ці з-за надта моцных  патрасеннняў маральных, якія заўсёды хацела перамагчы, ці нарэшце выпадкова, але ад часу пахавання бацькі Паўлінка рабілася усё слабейшай і мізарнейшай, аж нарэшце цалкам захварэла на гарачку.  Лёгка ўявіць, як глыбока трапіла ў сэрца маці гэтае новае выпрабаванне, якое самую чуллівую струну яе прывязанасці закранула.  Тым больш страшнай была хвароба, што ад самага пачатку даўнейшыя прадчуванні хуткай смерці пачалі адгукацца ў сэрцы Паўлінкі.  З вялікай простасцю і поўным спакоем размаўляла яна пра смерць, просячы каб ёй дазволена было прыняць апошнія Сакраменты, пакуль яна ў прытомнасці.  
Маці не адмаўляла хворай у спаўненні яе пабожных жаданняў, не забывалася і на сродкі ратунку.
Адразу паклікалі найлепшага ў ваколіцы доктара і пад яго кіраўніцтвам рабілі ўсё, на што дазвалялі вясковыя сродкі, каб выратаваць такое дарагое для ўсёй сям’і жыццё.  Доктар не губляў надзеі, але не хаваў, што небяспека вялікая, бо запас сіл жыватворных быў вычарпаны.  Сярод дарэмных захадаў і узрастаючага непакою праходзілі дні і тыдні, а звычайныя тэрміны крызісу праходзілі, не прыносячы чаканага паляпшэння.  Маленькія сілы Паўлінікі вычэрпваліся відавочна, а лямпа яе жыцця, здавалася, дагарала, бо не было чым падсілкаваць яе гаснучае полымя.  Бачачы, што звычайныя сродкі не дапамагаюць, маці пачала маліць Неба пра незвычайны ратунак: ахвяраванні на касцёл, пасты, набажэнствы, дабрачыннасць, - усё адным словам, што пабожнасць магла выкарыстаць, было ўжытае з мэтай абагульнення літасці Боскай.  Галоўная прамоўца была наша бабуля, евангельская сапраўдная жанчына, якой вера ў гэты час, якраз у гэты час з найгарачэйшым даверам да Бога ляцела, калі безвыніковасць простых сродкаў для ўсіх была відавочная.
Бачачы бясконцы боль маці і нявер’е доктара, яна ахвяравала старадаўнім звычаем, зрабіць на інтэнцыю хворай пабожную пелігрымку у Лысін, месца, што пачало станавіцца вядомым  з-за цудоўных выздараўленняў.  Лысін - гэта невялікае мястэчка ці нават вёска непадалёку ад Барэмля, нічым не знакамітая, але для гэтага часу валодала вялікім скарбам, капланам ад Сэрца Божага.  Гэтым рэдкім слугой Боскім быў святы ксёндз Завадскі , раней плябан Барэмельскі, а пасля забрання гэтага касцёла перанесены  пробашчам у Лысін.
Яго жывая вера ў Бога і пашана да бліжніх  стварылі яму такую павагу сярод вернікаў, што паўсюдна лічылі яго святым.  Пан Бог як узнагароду  за такія высокія цноты святара, абдарыў яго ласкай лячэння розных немачаў; і хоць пакорлівы святар рабіў гэта з дапамогай звычайных хатніх лекаў, выніковасць ужываных ім сродкаў прыпісвалі толькі цудоўнай літасці Божай.  Сам ксёндз Завадскі не пярэчыў, што надзвычайная сіла прыходзіла на дапамогу звычайнаму ўздзеянню лекарскіх сродкаў.  Аднак прычыну самага шчодрага дзеяння літасці Божай у Лысіне бачыў не ў заслугах і нават не ў малітвах сваіх, а толькі з-за прысутнасці  цудоўнага абраза Пана Езуса знакамітага здаўна ў Барэмлі, а пасля касацыі гэтага касцёла, перавезенага ў Лысін.  
Гэты невялікі абраз, змешчаны з асцярожнасцю у таемнай нішы пакою, дзе ён прымаў хворых, адкрываўся толькі ў час  самотных малітваў святара, і ў прысутнасці давераных асоб, пабожнасць якіх добра была яму вядомая.  Да гэтай асцярожлівасці прымушала яго боязь, каб злыя людзі не пазайздросцілі яму наконт такога скарбу і не пазбавілі  цэлую ваколіцу цудоўнай дапамогі, якую падабалася Богу падаваць шчодрай рукой з гэтым здаўна шанаваным абразам.  Выздараўленні, якія адбываліся ў Лысіне, зусім не былі выключным і рэдкім выпадкам, а былі, наадварот, штодзённай з’явай, з якім жыхары так звыкліся, што амаль перасталі здзіўляцца цудатворнасці.  Не было дому на адлегласці амаль што некалькіх міль , жыхары якога б не дзякавалі за выздараўленне каторага-небудзь з членаў сваёй сям’і з пасярэдніцтвам святара.  Не толькі з суседніх вёсак, але і з далёкіх  нават ваколіц прыходзілі ў Лысін шматлікія пілігрымы, шукаючы здароўя  для сябе ці сваіх блізкіх, і імя кс.  Завадскага паўсюдна паўтаранае было з любоўю, як сапраўднага слугі Божага.  Лад жыцця яго быў просты, але суровы.  Не зважаючы на тое, што Імшу святую ён служыў штодзень толькі аб адзінаццатай, прачынаўся і зімой, і ўлетку а чацвёртай, і, прачытаўшы свае звычайныя малітвы, ішоў а шостай у касцёл, дзе сядаў за канфесіянал і не ўзнімаўся, пакуль усіх, хто прыйшоў да яго, не паспавядае.  Колькасць спавядаючыхся была звычайна вялікая, да таго ж ён прывіў такі звычай, што без споведзі і прычасця нікому не даваў лекарскай парады.  Таму вернікі звярталіся толькі да яго, а звычай гэты нікога не абцяжарваў, колькасць жа душ, вылечаных гэтым чынам кс.  Завадскім была роўнай колькасці выздараўленняў цялесных.
Пасля прыбыцця ў Лысін наша бабка далучылася з такой жа пашанай да ўстаноўленых правіл і толькі пасля скончанага набажэнства падалася разам з іншымі пілігрымамі ў касцёл, дзе гасцінны святар пачаставаў спачатку ўсіх простым снеданнем, і толькі калі належным чынам падсілкаваліся, падаўся ў пакой, дзе быў цудатворны абраз, і там паасобку выслухоўваў кожнага, даючы не толькі парады, але і прапісваў лекі, якія з аптэчкі хатняй даставаў.  Кансультаванні гэтыя трывалі часта па некалькі гадзін, але хоць бы і тлум быў вялікі, святар выслухоўваў кожнага з глыбокай цярплівасцю і датуль не выходзіў з пакою, пакуль усім не дапамагаў.
Калі прыйшла чарга бабкі, яна прыняла параду кс.  Завадскага з верай рэлігійнай, а атрымаўшы дазвол убачыць цудатворны абраз, перад якім яна ўзнавіла свае малітвы аб выздараўленні Паўлінкі, вярнулася ў Ваютын.  Увайшоўшы ў пакой хворай, яна ўзрадавалася крыху, калі ўбачыла што твар маці павесялеў, і калі даведалася, што крызіс адбыўся якраз у той час, калі яна аб здароўі хворай малілася, упала са словамі ўдзячнасці на калены, дзякуючы Нябеснаму Айцу за гэты выразны цуд яго ласкі.  Хоць небяспека мінула, хворая вельмі павольна вярталася да здароўя, так што некалькі месяцаў прайшло, пакуль да звычайнай працы вярнулася.  Для звычайнага вока выздараўленне Паўлінкі здавалася натуральным, яна ж сама і ўся наша сям’я лічыла гэтае выздараўленне  праявай цудоўнай ласкі Божай, малітвай і цнотамі святога пробашча праведзенай.
Побыт наш у Галіцыі, хвароба бацькі, доўгая хвароба самой Паўлінкі так моцна абцяжарвалі яе навуку, што яна, хаця і была на некалькі гадоў больш за сваіх аднагодкаў у вучобе мацнейшая, цяпер была абагнаная імі.  І калі яна пачала вяртацца да звычайнага жыцця, маці з падвойнымі клопатамі ўзялася за яе адукацыю.  Аднак, відаць, Пан Бог меў намер правесці гэту душу праз шматлікія і цяжкія выпрабаванні і не хацеў ні на хвіліну пакінуць яе без крыжа.  Таму як толькі пачалі ў доме усталёўвацца спакой і парадак, як новы дрот трапіў у сэрца гэтай непараўнальнай маці з боку Герардыны.  Гэтае шасцігадовае дзіця, поўная жыцця і здароўя, была радасцю усёй сям’і з-за свайго вясёлага характару і сваёй сардэчнай прывязанасці да ўсіх.
Пасля надыходу вакацый ваютынскі дом ажывіўся больш, чым звычайна, бо і мы, старэйшыя дзеці, прыбылі са школ і ўдзельнічалі ў вясёлых дзіцячых гульнях, напаўняючы ўсе куткі смехам і гоманам.
Аднойчы мы выправіліся ўсёй сям’ёй наведаць Блудаў, дзе нядаўна адбыліся значныя змены, калі ўдава генерала Блэндоўскага выйшла паўторна замуж за пана Ротэрмунда.  Апрача абоіх гаспадароў і дзесяцігадовай Віці Блэндоўскай бавіў час тут і брат пані Ротэрмунд, граф Зыгмунт Дзялыньскі, з малым сынам Бронікам.  Карыстаючыся такім вялікім сабраннем, дзятва пачала бавіцца ў розныя гульні, а паколькі на двары дажджыла, то бегалі па гасцёўнях, ганяючыся і пераганяючы адно аднаго без памяці.  Герардынка, малая яшчэ для падобных гульняў і непрызвычаеная да навошчанага паркету, упала і моцна ўдарылася галавой.  На яе моцны крык збегліся ўсе, пачалі абкладаць выцятае месца халоднай вадой і здавалася, што  боль прайшоў, і нават добры настрой вярнуўся да дзіцяці.  Але назаўтра раптоўныя болі аднавіліся, і пачалося запаленне мозгу з моцнай гарачкай і сутаргамі, і праз тыдзень хваробы яе чыстая душа пакінула гэту зямлю.  Радасць вакацый змянілася на жалобу, і хаця для ўсіх быў гэта невыказальны боль, зноў маці і Паўлінка адчувалі яго найбольш і найдаўжэй.
У гэты якраз час перанеслі гімназію з Луцка ў Клявань, мястэчка за восем міль  ад  Ваютына, а паколькі дарога ішла праз Алыку, маці вырашыла выкарыстаць гэты выпадак, каб наведаць ранейшую сваю знаёмую пані Казіміру Брынк, якая калі яшчэ была пані  Стахоўскай, займалася выхаваннем дачок нашай цёткі Зубковай.  Любая і паважаная для ўсёй сям’і яна вызвалілася ад свайго нялёгкага пасланніцтва, і калі выйшла пасля замуж за пана Ежы Брынка, на рэдкасць правільнага чалавека, пасялілася з ім разам на Валыні, у ардынацыі Алыцкай, дзе пан Ежы займаў пасаду рахмістра.  Жытло паньства Брынк было недалёка ад мястэчка, на прыгожым лузе, дзе вада, лес і поле, гэтыя улюбёныя віды прыроды Паўлінкі, былі аздобай для ўсёй ваколіцы.  Там наша маці, везучы нас у Клявань, наведала пані Казіміру, а калі размаўляючы з ёй пра выхаванне дзяцей, скардзілася на перашкоды, якія былі ў Ваютыне, пані Казіміра прапанавала ёй, каб тая пакінула ў яе на пэўны час Паўлінку ў Алыцы, абяцаючы займацца з ёй навукай як мага больш клапатліва.  Маючы на ўвазе вялікую карысць, якую Паўлінка магла атрымаць пад апекай такой паважанай і светлай асобы, маці з удзячнасцю прыняла зробленую ёй прапанову і калі вярнулася ў Ваютын, занялася як мага больш хуткім выпраўленнем Паўлінкі ў Алыку.  Няма патрэбы гаварыць, якім глыбокім сумам гэта рашэнне маці напоўніла сэрца беднай дзяўчынкі, якая ніколі даўжэй, чым на некалькі дзён, з маці не разлучалася.  Аднак адданне на волю Бога і ахвота дагадзіць ва ўсім любай маці былі так важкія, што насуперак голасу сэрца, гэта душа, што ўвесь час забывалася на сябе, цалкам паглыбілася ў мары маці і ўсёй сілай волі да яе намераў далучылася.  Захаваны з таго часу ліст Паўлінкі да нас абодвух, што былі ў школах, найлепшы доказ, як з павагай яна ставілася да абавязкаў сваіх, і ўсе свае ўласныя інтарэсы для спаўнення абавязку прысвяціць была гатова.
Вось гэты ліст:
Вы пэўна ведаеце, дарагія браты, што мама пасяляе мяне ў пані Казіміры, каб яна дапамагла мне нагнаць маю навуку.  Апрача суму ад такога доўгага растання з мамай, моц якога вы самі добра разумееце, непакоіць мяне яшчэ, ці змагу я чаканням мамы адпавядаць.  Я ведаю, як яна клапоціцца аб тым, каб я належным чынам выкарыстала навукі, якія я буду спасцігаць, і я хачу з самым шчырым жаданнем вывучыць іх усёй душой.  Але ці атрымаецца ў мяне, ці здолею я? За гэта вельмі перажываю.
Найпершы клопат мой аб будучыні, які я адчула душой сваёй, бо да гэтага часу я не клапацілася ніколі пра заўтрашні дзень, таму што Бог быў заўсёды са мной.  З дзяцінства жывучы з мамай, я нічога не жадала і не баялася нічога, бо яе любові хапала для майго шчасця, а яе апека адганяла кожную трывогу ад мяне.  Адзінай маёй трывогай было, каб не засмуціць нічым маму, а калі я магла ёй дапамагчы ці зрабіць якую-небудзь прыемнасць, то была такая шчаслівая, што вышэйшага шчасця  на зямлі жадаць не магла.  І лічыла, што так будзе заўжды, бо мне не прыходзіла такая думка, што маё становішча можа змяніцца.  Але нядаўна мама сказала мне, што кожнае з нас павінна мець такую адукацыю, каб яна магла запэўніць у будучыні незалежнае жыццё на падмурку ўласнай працы, а не на тым, што пасля бацькоў можа атрымаць.
З таго часу я пачала думаць над сваёй будучыняй і са смуткам заўважыла, што мала чаго магу, што ўвесь час мне патрэбна дапамога і апека іншых людзей, а ўзаемнасцю пакуль адплаціць не магу.  З ахвотай я папраўдзе пайшла б на працу, калі б мама гэтага хацела.  
Мае патрэбы матэрыяльныя абмежаваныя, мае жаданні лёгка выканаць, так што калі б я апынулася ў цяжкім становішчы, то ніколі б на нястачу не паскардзілася.  Але на якую працу я магу пайсці, калі я нічога не ўмею? Служба, да якой падрыхтаваны зараз усе незаможныя паненкі, гэта гувернёрства.  Я ж амаль не ведаю навук, а гаварыць па-французску, што  зараз вельмі важна сярод гувернантак, не магу, пра музыку і маляванне паняцця не маю.  Адным словам я нічога не ўмею, так што трэба ўсё з пачатку вывучаць, шмат гадоў на навукі аддаваць, у маім жа ўзросце ці не позна думаць пра гэта? Аднак я не страчваю надзеі і спадзяюся, што хутка вазьмуся за працу, і калі Пан Бог у блаславенстве мне сваім не адмовіць, то дазволіць скарыстаны час кампенсаваць.  Думка, што я не здольная да навук, і буду праблемай  для самых дарагіх мне людзей, дадасць мне сілы для сапраўднай працы, а дапамога пані Казіміры здыме не адну цяжкасць.  О Божа! Засцеражы мяне ад таго, каб я калі-небудзь стала прычынай клопатаў мамы, аб гэтым перадусім я прашу Цябе ў гэты момант…
І яна была вернай сваім рашэнням, а з-за выезду пані Брынк у Літву толькі паўтара года ў доме іх правесці змагла.  Аднак за гэты час зрабіла вельмі шмат для свайго навуковага выхавання, бо не толькі пазнаёмілася з элементарнымі прадметамі і са знакамітымі творамі літаратуры айчыннай і замежнай, але і атрымала шмат практыкі ў польскім правапісу а таксама французскім і вялікія поспехі паказала ў маляванні, да чаго пані Казіміра адкрыла ў ёй талент.  Музыкай не займалася, хаця і любіла яе, бо маці лічыла, што музыка  надта шмат забірае часу і грошай, каб невялікія поспехі маглі кампенсаваць значныя страты.  А паколькі Паўлінка не паказвала высокіх здольнасцяў да музыкі, маці не хацела страчваць дарагі час закошт іншых прадметаў, асабліва таму што адукацыя Паўлінкі і так была спозненая.  
Пасля звесткі пра хуткі выезд паноў Брынк наша маці прыехала забраць Паўлінку, і калі пераканалася ў яе поспехах, такая была шчаслівая, што абдымала пані Казіміру з усёй любоўю мацярынскага сэрца, з падзякай ёй за такую клапатлівую і адпаведную апеку.  Слёзы ўдзячнасці, што з’явіліся ў гэты момант на яе вачах, былі найлепшай для Паўлінкі ўзнагародай за яе працу і такі доўгі сум.  Маці праўда не сказала ні слова пахвалы, толькі прытуліла яе да грудзей, і абодва сэрцы зразумелі гэту нямую мову шчасця і адначасова падзякавалі Богу за гэту хвіліну раскошы для духу.
Хаця пазней вопыт Паўлінкі ўзбагаціўся яшчэ шмат якімі набытымі ведамі, можна аднак сказаць, што палёт і спеласць яе думкі дасягнулі ужо ў гэты час усёй паўнаты свайго развіцця.  Развагі яе і меркаванні ўражвалі, асабліва сваёй важкасцю і – так бы мовіць – дасягальнасцю заключанай у іх праўды, не кажучы пра тое, што не патрэбна было даходзіць да сутнасці іх шляхам доўгага роздуму, і тым больш звяртацца да прачытаных па гэтым прадмеце кніг.  У яе размовах не было нават ценю педантызму, і гэта дазваляла думаць, што без ніякіх навуковых вывадаў і цытавання яна вырашала самыя значныя маральныя і агульныя пытанні з такой простасцю і сціпласцю, не закранаючы чыйго-небудзь самалюбства, ясна і грунтоўна прадстаўляла прадмет, як быццам у душы насіла беззаганную норму сутнасці ўсяго.  Абаронца прыроджаных ідэй знайшоў бы ў размовах з Паўлінкай шмат новых доказаў у пацверджанне сваёй тэорыі, бо здаралася неаднойчы, што ў пытаннях, пра якія не чытала, не чула перад гэтым, такія правільныя давала рашэнні, як быццам даследавала раней грунтоўна гэты прадмет.  Я б сказаў, што сам Пан Бог першаасновы сваіх спраў ёй давёў і ўсе маральныя ісціны на скрыжалях яе сэрца напісаў, так адчуванні прыгажосці, дабра і справядлівасці здавалася былі складнікамі яе душы.  Калі яе запытвалі аб прычынах сказанага ёй, яна адказвала звычайна, што гэты прадмет сам уяўляўся ёй такім чынам, так што немагчыма было па-іншаму на яго глядзець.  І аднак у гэтых пачутых ці адгаданых меркаваннях столькі было праўды і святла, што нават самы тонкі сафіст не мог бы лагічна пярэчыць ёй.
Знешнасць Паўлінкі таксама дайшла ўжо ў Алыцы да патрэбнай нормы і набыла рысы, што адзначалі яе ўсё жыццё.  Гэта не быў тып прыгажосці, якую  класічныя творы мастацтва сваім выглядам нагадваюць, і аднак яе фігура, прыгожая і стройная, рысы, дробныя і выразныя, ажыўленыя вялікімі і блакітнымі вачыма, нарэшце, белая скура і празрыстая амаль каля чорных вейкаў, стваралі такі цэльны вобраз, што кожны, хто на яе пазіраў, атрымліваў глыбокае ўражанне і адчуваў у глыбіні сэрца, што перад вачыма ў яго анёл.  Сярод аднагодак Паўлінка была ні да каго не падобная, нельга было яе не заўважыць і не зацікавіцца ёю.  Але ёй ніхто не зайздросціў, ні сярод прыгожых, ні сярод не надта прыгожых, бо тое, што ў ёй прываблівала, замест таго, каб асмяляць і прыцягваць адаратараў, акрэслівала вакол яе нібыта чарадзейнае кола, якое без узбраення ў найвышэйшую простасць і сціпласць, ніхто не мог бы асмеліцца перайсці.  Яна абуджала хутчэй годнасць, а не інтарэс, што для маладых асоб, якія не пазбаўлены пустаты, звычайна не пажадана.  
Галоўнай рысай твару Паўлінкі была рухомасць яго выразу: кожнае ўражанне, кожнае пачуццё, кожная няўлоўная думка адбіваліся на яе твары, як на люстры, і гэта адухоўленасць яе аблічча вылучала яе ў любым атачэнні.  Яе прыгажосць не была вынікам барваў і рыс, што з-за знешняй прывабнасці прыкоўвае позірк да выбранага чалавека і загадвае любавацца яго прыгажосцю забываючы пра цэлы свет.  Яе прыгажосць была чымсьці агульным са святлом промня, які толькі акрэслівае дарогу да Неба, прыцягвае зрок і на аблічча сонца глядзець загадвае.  Пазіраючы на яе, не думалася зусім пра рысы яе твару, але за гэтай знешняй абалонкай адчувалася анёльская душа, якая апраменьвала незямным бляскам яе твар, і закрывала яе рысы ад позірку таго, хто глядзеў, як брыльянтавы бляск купальскага светлячка яго абрысы ад цікаўнага вандроўніка хавае.  У яе блакітных вачах не рай зямны з яго невыказальнымі раскошамі, але Неба з хвалой Стваральніка адбівалася; бо ў іх позірку было штосьці такое чыстае, такое высокае, такое святое, што спатканне з яе позіркам не абуджала ніякага зямнога полымя, але гасіла усялякую не да часу думку і ў дзіўны роздум пра нешта вышэйшае, незямное паглыбляла.
Такой паўстала Паўлінка пасля свайго вяртання з Алыкі, на сціплым ваютынскім гарызонце, такою заставалася аж да смерці ва ўсіх праявах свайго кароткага жыцця.  Яе любілі паўсюдна, але найбольш умелі ацэньваць яе рысы там, дзе найглыбей знаёмілася з людзьмі, і тыя толькі, хто не адно сэрца спазнаў, ведалі якое гэта рэдкае з’явішча на нашым бедным свеце.  Сапраўдным яе прыхільнікам быў некалі вядомы паэт, а зараз сівы ўжо стары, генерал Людвік Крапіньскі, які пасля пражывання па ўсім свеце ў час маладосці цяпер пад старасць пасяліўся з жонкай і дзецьмі ў ціхім, але прыгожым Варончыне.
Паколькі некалі стасункі генерала з нашым дзядзькам Алоізам былі цесныя, паміж Варончынам і нашай сям’ёй была добрая сувязь, так што нават пасля смерці бацькі наша маці наведвала час ад часу самотнае жытло сівага аўтара “Людгарды”.  Менавіта ў гэтым годзе, калі Паўлінка вярнулася з Алыкі, няшчасце прыйшло да Крапіньскіх: смерць забрала вясной жыццё старэйшай дачкі генерала, Марыі, з-за чаго пакінула абоіх бацькоў у жалобе бясконцай.  Ад смутку бацька выплакаў старыя вочы, так што з гэтага часу пачаў пакрыху страчваць зрок, і нарэшце зусім аслеп.  Добразычлівасць паньства Крапіньскіх да Паўлінкі і прыязнасць, якую аказвала ёй другая іх дачка Сафія, былі прычынай, што старыя муж і жонка прасілі нашу маці, каб для суцяшэння іх гора пакінула ім Паўлінку на некалькі месяцаў, на што маці ахвотна пагадзілася.
Падчас свайго побыту ў Варончыне Паўлінка пазнаёмілася з ксёндзам Віктарам Ажароўскім, у той час яшчэ маладым, але вядомым паўсюль з-за сваёй адданасці і пабожнага жыцця, пробашча.  Сын заможных бацькоў і адпаведна выхаваны са сваім тытулам граф Віктар пакінуў звычайнае жыццё ва ўзросце, калі яго захапляльны вір найбольш моцны і прывабны.  Скончыў у Рыме навуку тэалогіі, вярнуўся ў краіну і пайшоў на працу ў луцка-жытомірскую дыяцэзію, дзе хутка пайшоў па ступенях духоўнай іерархіі, і стаў у хуткім часе прэлатам аліцкай капітулы і рэктарам семінарыі ў Луцку.  Усё, што было найсвяцейшым і пабожнейшым як сярод духавенства, так і сярод свецкіх, імкнулася з усёй правінцыі ў Луцк, каб знаходзіцца пад яго светлым пастырствам; а прыклад суровага і пазбаўленага любой свецкасці яго жыцця, якое вёў  у адзіноце, яшчэ больш прабуджаў жаданне вернікаў да навучання цноце, больш нават, чым яго поўныя святасці яркія набажэнствы.  Па парадзе кс.  Ажароўскага маці адразу пасля вяртання Паўлінкі з Варончына, змясціла яе ў Луцку ў Сястрыцтве Міласэрнасці, каб яна прыгатавалася належным чынам да Другога Прычасця? Сам ксёндз Віктар кіраваў гэтым прыгатаваннем, якое доўжылася пару тыдняў, і сам даваў дзяўчатам парады.  Пасля споведзі за ўсё жыццё сваё Паўлінка ўступіла ў сястрыцтва і прыняла імя Марыі, тлумачачы гэта найбольшай блізкасцю да Найсвяцейшай Панны, да якой усё больш звярталася ў гарачых малітвах.
Хутка пасля вяртання з Луцка Паўлінка зрабіла першае сваё падарожжа ў Літву.  Ужо шмат гадоў маці не мела магчымасці наведаць сваякоў на Случчыне, хаця была ўсім сэрцам да іх прывязаная, сюды далучаючы роднага брата Юльяна Вендорфа і найлепшую сяброўку сваю Зубкову, якая якраз выдавала сваю старэйшую дачку Сафію за Яўстафія Межаеўскага.  З жаданнем сустрэцца ў гэты дзень з усёй сваёй сям’ёй, цётка маліла нашу маці ў гонар трыццацігадовага сяброўства, каб таксама наведала Зубковых, а паколькі і маці вельмі хацела ўбачыць літоўскіх сваякоў, то без доўгіх збораў адправілася з Паўлінкай і Зосяй на Случчыну.  
Не буду апісваць гэтыя некалькі сем’яў, што былі родныя для маці, з якімі чытачы яе дзённікаў добра знаёмыя.  Скажу толькі, што калі маці пасля столькіх гадоў апынулася сярод іх, то аджыла і нават памаладзела, абагрэтая іх зычлівасцю і суперажываннем.
Агульнасць уяўленняў, пачуццяў і схільнасцяў разам з агульнымі ўспамінамі такой моцнай сувяззю збірала ўсіх членаў гэтай сям’і, што малая нават думка, малое жаданне, кожны боль і кожная радасць ва ўсіх прыгожых гэтых душах адгукаліся рэхам.  Ні час, ні адлегласць, ні проза клопатаў жыцця не здолелі зменшыць моц гэтага духоўнага саюза, які грунтаваўся на аднолькавай шляхетнасці характару і пабожным выхаванні, не баяўся быць разбітым аб скалы хцівасці, гордасці і самалюбства, аб якія звычайныя прыязнасці маглі разбівацца.  Апынуўшыся сярод сваіх любых, маці забылася крыху на ўсе атрыманыя страты і адчуты боль, і дыхаючы тым жа паветрам, пазіраючы на тыя ж пейзажы, і асабліва стасуючыся з тымі ж людзьмі, як і некалі, адчула сябе такой шчаслівай, як у хвіліны прыгожай маладосці.  Праўда, гэтае забыццё не магло доўга доўжыцца, бо тыя самыя мясціны, што напаўнялі розум і ўяўленне, адсылалі ў лепшыя часіны, нагадвалі таксама не менш дарагіх адсутных ужо, што ніколі з магільнай цішы не змогуць выбрацца.  Аднак бальзам сяброўства умеў суцяшаць нават боль ад гэтых адкрытых ран, амываючы іх агульнымі слязьмі.
Не аднаго суцяшэння сэрца аднак шукала маці ў падарожжы сваім па Літве, яе займала не менш важнае практычнае пытанне, па якім яна хацела атрымаць параду ў больш дасведчаных членаў сваёй сям’і.  Справа была менавіта ў тым, як выхоўваць сыноў і да якой кар’еры ў наступстве іх рыхтаваць, бо пры змененых умовах у краіне, пры поўнай рэарганізацыі публічных школ усе ранейшыя звычаі і доказы не маглі ўжо служыць падмуркам, так што хочучы ці не хочучы, бацькі мусілі пракладваць новыя сцежкі для сваіх дзяцей.  Найпершым пытаннем да вырашэння было: ці нас дваіх старэйшых, якія перайшлі ў чацвёрты клас, пакідаць далей у гімназіі кляваньскай, ці забраць адтуль і зноў узяць пад мацярынскае крыло?
У агульным суджэнні маці не толькі не была супраць публічнага выхавання для хлопцаў, але наадварот прызнавала вялікую яго карысць.  Яна лічыла, што мужчына павінен быць загартаваны, адважны, знаёмы з людзьмі і самастойны, каб у розных выпадках жыцця здолеў выжыць, што ў хатнім выхаванні нялёгка даецца набыць.  Ужо сама разнастайнасць навук, патрэбных выхаванаму мужчыну, так шмат патрабуе настаўнікаў, што невялікая, адмераная плата недастатковая для гэтай мэты.  І нарэшце, стасункі з сябрамі, знойдзенымі ў школах, звычайна вельмі моцныя для жыцця і з’яўляюцца дапамогай у будучым.  Бо школьныя таварышы, калі растуць разам і развіваюцца пад уплывам адных педагагічных і грамадскіх умоў, нашмат лягчэй могуць паразумецца пазней, калі са школьнай лавы разам у жыццё пойдуць, і наўрад ці гэта магло б адбыцца, каб кожны грамадзянін дзяржавы з розных крыніц жыцця свайго досвед атрымліваў.
Аднак для таго, каб выхаванне публічнае магло даць жаданы вынік, трэба абавязкова добрае настаўніцтва ў школах і належная маральная падрыхтоўка з боку моладзі.  Бо там, дзе школьная рэчаіснасць не адпавядае свайму высокаму пасланніцтву, моладзь будзе як статак што пусцілі на самапас, без аніякага забеспячэння ад паступаючых адусюль небяспек, так што калі грунтоўных правіл не вынесла з сям’і, хутка здзічэе, чым адукуецца ў школах.
Маці наша таксма лічыла, што пры цяперашніх умовах не належала распачынаць публічнае выхаванне моладзі да пятнаццаці гадоў, бо рэдка здараецца, каб хлопчык да гэтага ўзросту быў настолькі свядомы, каб мог змагацца з небяспечнасцю недарэчных школ.  Душа ў хлопцаў развіваецца нашмат пазней, чым у дзяўчат, пры гэтым абуджэнню гэткага развіцця душы, якое выходзіць за межы сямейных стасункаў, спрыяе маці сваім апякунчым уплывам, каб замест здаровых і выніковых пачуццяў часовыя жаданні ў маладога чалавека не перамаглі.  Самалюбства, непастаянства характару, цвёрдасць і нячуласць да чужых пакут бываюць часта вынікам ранняга спынення жаночага ўплыву на хлопчыкаў а залішняя чуллівасць і невялікая сіла волі – вынік недахопу мужчынскай рукі пры выхаванні.
А што ж гаварыць пра ўплыў рэлігіі? Хто не ведае, што вера і пабожнасць толькі ад маці перадаюцца і ў першыя гады дзяцінства толькі і жывяцца што сэрцам маці? Немаўля, якога цёплае дыханне мацярынскай любові да Бога дастаткова сагравала, можа канечне потым нікога не любіць і нават на хвілінну пайсці супраць сумлення, але паколькі мае іскру шляхетнасці ў душы і камень у грудзях замест сэрца не носіць, раней ці пазней на дарогу цноты вярнуцца здолее, бо як толькі сляпы шал страсці пройдзе, тут жа абудзіцца сумленне, а памяць пра мацярынскую любоў да Бога мацней, чым самыя моцныя забароны, да сэрца марнатраўнага сына прыйдзе і да стоп Нябеснага Айца яго прывядзе.
У дачыненні да нас маці вымушана была адступіць  ад сваіх педагагічных правіл, бо перамагла выразная воля паміраючага бацькі наконт  нашай навукі ў школах.  Вопыт таксама пераканаў, што яна не памылялася ў сваіх поглядах на выхаванне, бо надта ранняе наша аддаленне ад сям’і найгоршыя вынікі давала.  Бацька меў на ўвазе галоўным чынам наша навуковае выхаванне, калі баяўся што страцім час дома.  Не валодаючы такой трапнасцю, як маці, наконт ацэнкі характарў дзяцей, якой адзначаецца мацярынскі далікатны інстынкт, бачыў нас такімі, якімі мы выглядалі, і таму не лічыў, што нас школа сапсуе.  Маці, наадварот, глядзела хутчэй на схільнасці чым на нашы ўчынкі, і бачачы, што ніва сэрца яшчэ не досыць апрацавана, каб кінутае ў яго зерне без далейшага клопату аб ім расло і каласілася, абірала нават страціць штосьці з навукі, чым рызыкаваць нашай маральнасцю.
Адбылося паводле жадання бацькі, але вопыт некалькіх гадоў даказаў, што сэрца маці больш прадчувае.  Замест таго, каб набрацца сіл і далей развіваць сваю дабрыню, з кожным годам мы пазбываліся цнот, раней прышчэпленых, а да недахопаў дзяцінства дадавалі яшчэ недахопы падлеткавага ўзросту.  Уражаная гэтым маці знайшла сілу процістаяць злу, але пасля безвыніковых спроб яна нарэшце пераканалася, што толькі хіба змяшчэннем нас пад мацярынскім крылом можа здолела б выправіць гэтыя маральныя хібы, якіх набраліся ў школе.  Каб жа навукі нашы пасля забрання нас са школы не пацярпелі, маці займела намер пераехаць жыць у Крамянец, дзе пасля закрыцця ліцэя засталося некалькі ранейшых настаўнікаў, якія ахвотна займаліся прыватным выкладаннем.  Каля дзесятка сямей выкарысталі ўжо раней гэтыя абставіны для выхавання сыноў паводле толькі што спыненай нацыянальнай традыцыі, не выключаючы школьныя метады, і таму вынікі, якія атрымалі тым больш заахвочвалі нашу маці пайсці па іх шляху.
Пражыванне ў Крамянцы таксама адпавядала поглядам маці і па выхаванні дачок, якія не пакідаючы яе падкрылля, маглі мець неблагіх настаўнікаў і прысвячаць увесь час навукам.  У грамадскія пансіёны, а тым больш дзяржаўныя інстытуты, якія пачалі арганізоўваць якраз у нашай краіне, не хацела аддаваць сваіх дачок, не толькі з-за тэндэнцыйнага напрамку  гэтых устаноў, але і таму што яна лічыла найлепшым выхаванне для паненкі пад наглядам маці.  У выпадку недастатковай яе адукацыі ці немажлівасці займацца выключна справай выхавання дзяцей хацела б, каб дочкі былі у далёкіх, нешматлікіх і закрытых выхаваўчых установах, дзе пад апекай светлых і пабожных майстрых яны маглі праводзіць ціхае, прысвечанае навуцы жыццё.  У той час праблема выхавання жанчын яшчэ не мела таго пагрозлівага для грамадства характару, які носіць ад часу з’яўлення эмансіпацыйных павеваў, калі абранне вышэйшай адукацыі сродкам раўнапраўя жанчын, заахвочвае маладых паненак часцей хадзіць на ўніверсітэцкія заняткі, хоць бы і разам з маладымі хлопцамі, каб атрымаўшы роўныя веды з мужчынамі, яны маглі супернічаць з імі на арэне грамадскага жыцця.
У эпоху, аб якой тут гаворыцца, усе згаджаліся на тое, што сфера дзейнасці жанчыны знаходзіцца ў межах хатняга жыцця, і хваляваліся  пра тое,  ці сапраўды для дзяўчат, каб аблегчыць набыццё больш шырокага кола навуковых звестак, трэба карыстацца ўсё больш пашыранымі выхаваўчымі жаночымі школамі, і гэта пад непасрэднай апекай дзяржавы, як інстытуты, пад апекай яе і наглядам, як узорныя пансіёны, дзе праграму прымала дзяржаўная інспекцыя.  Па гэтым пытанні мая маці была сапраўды супраць грамадскіх адукацыйных устаноў для жанчын, у якіх, як яна лічыла, паненкі больш страчваюць, чым набываюць.  Асабліва, калі частыя і вядомыя вечарыны з удзелам вайсковай і цывільнай моладзі ўваходзілі ў выхаваўчую праграму як сродак знаёмства маладых паненак са звычаямі свету, членамі якога павінны хутка былі стаць.  
Аргумент, які ужывалі у той час шматлікія абаронцы грамадскага выхавання  для жанчын, што маладыя паненкі, асабліва небагатыя, наведваючы адкрытыя навучальныя установы, маглі за невялікую цану вывучаць вялікую колькасць прадметаў, аб якіх у доме бацькоў паняцця б не мелі, у вачах маёй маці быў беспадстаўны.  Ужо таму, што гэта павярхоўнае знаёмства з алгебрай, геаметрыяй, фізікай, хіміяй і г. д.  мала для чаго ў практычным жыцці жанчыне прыдацца можа.  Яна лічыла, што гэты вопыт вучонасці развівае толькі пустату ў гэтых  няспелых галоўках, якія навучыліся пэўным тэрмінам з навук і лічаць, што могуць тое ж, што сапраўдныя навукоўцы, і не хочуць раздумваць і вырашаць найцяжэйшыя праблемы.
 Аднак, якой жа цаной яны аплочваюць гэтыя бедныя крупіны ведаў, якія праз пару гадоў так лёгка вылятаюць з памяці іх, што тая, што нядаўна лічыла, што годная засядаць у арэапагу мудрацоў, сёння назваў нават некаторых з вывучаных нібыта навук успомніць не можа! З пункту гледжання маральнасці маладыя паненкі рызыкуюць  падпасці тысячам небяспек, ад якіх пад наглядам вопытнай маці ці настаўніцы былі б лёгка засцярожаныя, а не выкарыстоўваючы ніводнай з выгод, якія мужчыны атрымліваюць з грамадскім выхаваннем, непараўнальна больш адчувальныя страты нясуць, чым прадстаўнікі моцнага полу.  
Мужчына, які самой прыродай рэчаў прызначаны быць ініцыятыўным, да  арміі павінен абавязкова свет спазнаць і кожнай небяспецы смела пазіраць у вочы.  Ён павінен выхаваць у сабе дзелавітасць, адвагу і пэўную самастойнасць характару, без чаго ў грамадскім жыцці выбітнага становішча заняць нельга, а калі ў гэтых спробах і атрымае фіяска, то дапаможа нават і тады яму ў значнай ступені атрыманы вопыт і выхаваная мужнасць.
Але якую карысць падобнае выхаванне характару можа мець для жанчыны, якая па прыродзе сваёй павінна ці саступаць, ці хаця б стасавацца з чужым меркаваннем па абавязку кахання? Развіццё незалежнасці характару стала б для яе ў далейшым жыцці хутчэй перашкодай і пакутай, чым дапамогай.  А і фізічная адвага не шмат да чаго можа спатрэбіцца.  Абкружаная увесь час чулай апекай бацькі, брата, мужа ёй не пат рэбна мужнасць рыцара, якую дарэчы ніякія вымаганні супраць прыроджанага характара не здолеюць развіць, так што за выключэннем рэдкіх выпадкаў, жанчына заўсёды будзе баязлівай.  Паколькі гэта не змяншае яе маральнай годнасці, з гэтага вынікае, што баязлівасць не памяншае павагі да яе, паколькі ўласцівымі для свайго полу прыкметамі можа быць набыткам для каго-небудзь.  Падчас, калі мужчына баіцца, хоць бы пры гэтым самыя прыгожыя меў рысы, не будзе паважаны нават тымі ж баязлівымі жанчынамі.  Тым менш прыдатнай можа быць для маладой паненкі падрабязнае знаёмства з сапсаваным светам, з якім бы мужчына не мог вынікова змагацца, калі б не пазнаў яго раней.  Сціпласць і неўсведамленне зла, схаванага ў жыцці, - больш моцны шчыт для яе, чым выклікаючая смеласць, якая з’яўляючыся нібыта небяспекай, кідае самохаць у пашчу зла.
Вызваленыя нават ад любых рэлігійных уплываў мужчыны, якія ўсё покрыва зла сарвалі для свайго навучання і якія тэарэтычна з’яўляюцца прыхільнікамі эмансіпацыі жанчын, пры выбары жонкі шукаюць перадусім сціпласць, пакору і выкананне абавязкаў ды ахвотнае паслушэнства, бо гэта непярэчанне лічаць асновай шчасця ў шлюбе.   Тыя ж цноты, што пад бацькоўскім дахам ці ў кляштарнай цішыні развіваюцца свабодна, як расліна на роднай глебе, у школах грамадскіх вянуць і марнеюць, як экзатычная кветка у пясчаным і спаленым сонцам стэпе.  Нешматлікія і закрытыя пансіёны настолькі ўсяго могуць адпавядаць свайму прызначэнню, наколькі кіруючыя імі асобы духам любові, святасці і чуласці набліжаюцца да пачуццяў мацярынскіх, якія ў выхаванні застануцца заўсёды ідэалам.  Чым больш навучаных  паненак, тым горш з пункту гледжання маральнасці, прынесенай з сям’і, а чым менш нарэшце сумленнасці ў апецы выхаванак, тым больш небяспекі пагражае несвядомым дзяўчаткам.  Бо ў вялікай грамадзе нагляд робіцца настолькі цяжкім, стасункі таварыскія такія лёгкія, што як толькі знойдзецца адна хворая авечка, так адразу зло шырыцца, як гангрэна, што падтрымліваецца цікаўнасцю і прыхаванае фальшывым сорамам.  Маладая паненка – гэта белая лілея, якая аднойчы стаптаная, ніколі ўжо першай сваёй красы не верне, з чаго вынікае, што, як далікатная кветка, з найбольшым клопатам павінна быць апекавана, каб ні холад нявер’я, ні зло, ні цяжкасці снежных намётаў яе пялёсткаў бы не замарозілі.
Пры чым гэтае жыццё, такое шумлівае, крыклівае, гэтыя такія шматлікія стасункі і вясёлыя забавы, адвучваючы маладых паненак ад дамашняй цішыні, павольна таксама і любоў да вясковага пейзажа руйнуюць.  Выхаванкі грамадскіх вучэльняў, асабліва ў сталіцах і вялікіх гарадах, сумуюць звычайна пасля замужства па гарадскіх імпрэзах, балях, відовішчах,-адным словам, па вялікім свеце, дзе маглі б з’яўляцца і падабацца маглі.  Аднак гонарам нашага краю з’яўляюцца вясковыя матроны, што сваімі сямейнымі цнотамі, нібыта мурам абкружаныя, нават у часы разбэшчаныя васемнаццатага стагоддзя, нашы сямейныя вогнішчы ад разбурэння і сораму выратавалі.  Мудрыя гэтыя і пабожныя кабеты не інакш, як на відавоку цнатлівых маці ці ў ціхіх сценах кляштараў раслі, больш у жывых прыкладах і прамовах сваіх настаўніц, а не ў мёртвых кнігах практычную мудрасць пачэрпваючы.
Вось якія, без сумнення, надта важныя ад грамадскага для жанчын выхавання шкоды.  Калі такая справа з установамі, дзе адны паненкі выхоўваюцца, то што ж сказаць пра агульныя жаноча-мужчынскія ўніверсітэты, пра якія мараць наватары і якія ўжо існуюць нават то тут, то там? Гэткая спроба нават паганскаму свету невядомая.  Бо прыроджаны інстынкт чалавечнасці праз усе стагоддзі ахоўваў жанчын, асабліва маладых, ад непасрэднага сутыкнення з мужчынскім натоўпам.  Хрысціянства ж паставіла жанчыну як на высокі п’едэстал, дзе ўзносячыся прыгажосцю сціпласці і анёльскай нявіннасці, звысоку належную павагу цноце атрымлівала.  Тыя, хто хоча змясціць маладую дзяўчыну  без аніякай апекі ў вір разбэшчанай у сваёй большасці моладзі, садзячы яе на тую ж школьную лаву і гэта ва ўзросце, калі выбар сяброў абавязковая патрэба для дзявочай годнасці, тыя, скажу я, несапраўдныя абаронцы дзявочых правоў, зводзяць, нібы сляпыя, хрысціянскую Вясталку з вышыні ў страшнае балота, якое яе бялюткае покрыва змяняе ў брыдкія лахманы.
Хто  падумаў, што ў вельмі яскравых колерах я прадстаўляю гэты вобраз, няхай загляне ў тыя навучальныя ўстановы, дзе дарослыя паненкі разам з мужчынскай часткай моладзі наведваюць лекцыі. Няхай зірне асабліва на жытло гэтых студэнтак, якія прыехалі ў горад адны, жывуць у шматнаселеных, нанятых кватэрах, без аніякай апекі, і калі пэўную пару абярэце для наведвання, страціце, скажу я вам, назаўсёды ахвоту адпраўляць ва ўніверсітэт сваю сястру ці дачку.  Я не пярэчу, што выключныя характары і сярод такіх невыгодных умоў ад поўнага знішчэння могуць захавацца, мажлівасць жа выключэнняў не касуе правіла, так што заўсёды застанецца несумненным, што толькі коштам таго, што для жанчыны павінна быць самым дарагім, г. зн.  коштам сумлення, маладая паненка можа сёння ўніверсітэцкую навуку спасцігаць.
Дык падумаем, ці той самы набытак каштоўны для жанчыны,  у той час як валодання ім пазбягаць варта.  Карыфеі эмансіпацыі злучаюць у адно пытанне вышэйшай адукацыі з пытаннем грамадскага жыцця, у якое навука павінна на іх погляд адчыніць браму жанчынам.  Калі б так насамрэч было, каб пасля заканчэння спецыяльных курсаў кожная паненка мела перад сабой адкрытай грамадскую працу, то і тады патрэбна было б усё прадугледзець, не выключаючы рэальную карысць для жанчын; тым больш сціслы разбор тут патрэбны, паколькі і само гэтае сцверджанне ўсяго толькі дапушчэнне.  Я лічу, што абедзве гэтыя праблемы найхутчэй вырашаны быць могуць практычна,ці праз непрадузятае вывучэнне спярша прыроды мужчынскай, як і жаночай, і далейшае апекаванне крок у крок паненкі, якая прагне пасля заканчэння ўніверсітэцкіх курсаў адкрыць сабе дарогу ў жыццё грамадства.
Вось як яно, што да першага, досыць простага позірку, каб пераканацца, што прырода так фізічная, як і маральная мужчыны і жанчыны такая розная, што адным спосабам тымі ж сродкамі і ў тым жа накірунку навучаная, зусім не можа у далейшым да адных і тых жа абавязкаў быць накіраванай. Мужчына, які фізічна мацнейшы, радзей хварэе, менш уражлівы і таму нашмат большай валодае рыцарскай адвагай, кіруецца розумам найперш, чым пачуццём, з мысленнем, якое здольнае да ўсеабдымнасці і абагуленасці ў поглядах, самой існасцю прызначаны быць абаронцам і апекуном сям’і, сваёй краіны.  Таму жыццё грамадскае для яго натуральнае, дзе ен павінен змагацца, не абавязкова са зброяй у руцэ, каб пазбегнуць знешняга варагавання, але словам ды пяром, каб абараніць ад бяды настаўнікаў грамадскіх і рэлігійных, ды натуральныя правілы, на якіх трымаецца свет маральнасці і стасункаў.
Жанчына наадварот: больш слабая і далікатная, а пры гэтым уражлівая і чулая, кіруецца пераважна сэрцам, больш здольная да самаахвярнасці, чым да халоднага вымярэння справядлівасці, не ў стане быць са зброяй у руцэ, ні прысуджаць цяжкія кары вінаватым, ні нават пераносіць парламентарных дыспутаў на трыбуне, бо яе арганізм не для атакавання, так што пры першым падобным намаганні змагання з прыродай бліснуў бы пры барацьбе з мужчынам, як бліскае крышталь, што сустракаецца са сталлю.  Нават выключна моцныя здароўем жанчыны, калі хочуць прысвяціць сябе жыццю грамадскаму, павінны былі б адмовіцца ад радасці сям’і, бо самі ўмовы мацярынства не дазволілі б жанчыне быць салдатам, матросам, ахоўнікам грамадскага парадку ці якім бы то ні было кіраўніком.  Нават абавязкі евангельскага апостальства не зусім адпаведныя для  іх з-за прыродных здольнасцей, паколькі сам Збавіцель ад пастырскага служэння іх выбаўляе.  Калі ж грамадская праца не адпавядае  прыродзе жанчыны, то якую мэту магла б мець для яе вышэйшая спецыяльная адукацыя, якая з’яўляецца толькі прыгатаваннем да працы ў грамадстве.  Але можна б атрымаць пэўную кар’еру, дзе слабы і далікатны жаночы арганізм не быў бы перашкодай, як у медыцыне, офіснай працы, занятках тэхнарствам і інжынерыяй. Пойдзем далей і паглядзім, наколькі атрыманне такога кшталту пасад праз спецыяльную адукацыю практычна ажыццявіма і пажадана для жанчын?
Найперш паглядзім, якім коштам такая кожная пасада здабываецца, і чаго яна вартая потым? Паводле сённяшніх педагагічных спроб можна лічыць, што патрэбна як найменш дзесяць гадоў працы ў гімназіі для атрымання спецыяльнасці і пяць для атрымання ўніверсітэцкага атэстату.  Пачынаючы вывучаць ў адзінаццаць гадоў навукі класічныя, заканчваюць іх наўпрост каля дваццаці шасці.  Досыць прагледзець універсітэцкія справаздачы, каб пераканацца, што гэта сапраўды ўзрост межавыдля моладзі, што заканчвае вышэйшую адукацыю.  Калі б паненкі хацелі ісці далей гэтай дарогай, павінны былі б займацца столькі ж часу цяжкай і суровай навуковай працай, і гэта, маючы арганізм нашмат слабейшы, чым мужчынскі.  Але ці ж на гэтым канец? О не.  Атрымаўшы ўніверсітэцкі дыплом, яны амаль што не атрымліваюць права да распачынання стасоўнай са здольнасцямі працы, але ніхто не абавязаны даць ім сродкі для жыцця і адпаведны занятак: самі вымушаныя думаць пра сябе.
Калі каторая з іх, апантаная жаданнем ведаў, захоча далей на навуковым полі працаваць, то зноў уласныя сродкі будзе здабываць вымушана, бо грамадскасць толькі ў выключных выпадках прадугледжвае фонды на гэта.  Гэта праца доўгая і мазольная, бо хто не ведае, што ўніверсітэцкія заняткі толькі адчыняюць дзверы да святыні ведаў, так што праз шмат яшчэ гадоў па дарогах навукі трэба ісці, пакуль каля абяцанай ёй вяршыні станеш? Калі ж гэтыя гады мы дададзім да адпаведнай чвэрці стагоддзя, якую правялі над кніжкай, то хутка зразумеем, што хіба толькі якая выключная жанчына захоча прысвяціць усю сваю маладосць для таго, каб доктарскім лаўрам пасівелую скронь увенчыць.
А і тых, што захочуць выкарыстаць набытую ва ўніверсітэце навуку на ніве дзейнай службы дзяржаўнай, не меншыя цяжкасці напаткаюць.  Бо будуць вымушаны распачаць захады наконт пасады ў падвойнай з-за жанчын канкурэнцыі, так што за шчаслівую можна палічыць кожную , якая пасля пяці гадоў працы здолела б знайсці сабе пасаду, якая дала ёй хаця б сціплае існаванне. Але спыніўшыся каля гэтага крэсу ў трыццаць гадоў, што ж яна павінна рабіць далей, наша раўнапраўная пані, якая сярод шматлікіх равесніц выбранкай лёсу назвацца б магла? У гэтым узросце ўжо нялёгка стаць замужняй, бо калі трыццацігадовы жаніх ў самым росквіце маладосці, панна, што пачынае чацвёрты дзесятак лічыцца паўсюдна старой, пасля чаго застаецца адмовіцца на ўсё жыццё ад сямейнага жыцця.  
Але дапусцім, што лёс зрабіў ёй падарунак яшчэ раз, так што павінна зрабіць адпаведны выбар, то і ў гэты час апынецца неўзабаве перад дылемай, бо калі Бог адорыць яе дзецьмі, будзе вымушана або сысці з займаемай пасады, каб сябе прысвяціць абавязкам маці, абоі аддаць дзіця ў чужыя рукі, дзелячыся з памагатай цяжка атрыманымі грашыма.  Дададзім абавязковыя слабасці, падчас якіх трэба, каб хтосьці дапамагаў падчас кіравання.  Пераканаемся, што ў большай частцы выпадкаў гэта слаўная спецыяльная адукацыя, што столькі непатрэбных вымагае ахвяр, не дапамагае паляпшэнню матэрыяльнага дабрабыту.
Я ведаю, што прыхільнікі аднаго з накірункаў выхавання лічаць, што ў любым выпадку ўніверсітэцкая адукацыя ўзнімае без сумнення маральную годнасць жанчыны; робіць яе нашмат больш карыснай грамадству і нашмат мілейшай мужу, якога зразумець і падзяліць працу ў стане.  Паглядзім жа, наколькі і гэта справядліва.
Што да маральнай годнасці жанчыны, досыць хвіліны роздуму, каб прызнаць, што знаёмства з анатоміяй, механікай ці ўсходнімі мовамі нічога агульнага не мае з маральнай годнасцю, якая перадусім на багацці прынцыпаў і сталым характары грунтуецца.  Праўда, што набыццё грунтоўных маральных прынцыпаў і пазбаўленне ад хібаў прыроджаных высокага выхавання вымагае.  Але няхай чытач не забываецца, што тут размова толькі пра навукі спецыяльныя, на розных факультэтах універсітэту выкладаных, а не пра агульную адукаванасць, якой бы я не толькі не забараняў жанчынам, а і рад быў бы як найбольш развіваць, каб не ў навучальных установах і не з касаваннем хрысціянскіх цнот, якія ў кожным разе я вышэй за навуковую адукацыю для сябе лічу.
Дык вось для набыцця маральнай годнасці ні спецыяльныя навуковыя, ні агульныя прадметы, але агульная інтэлігентнасць патрэбная; і гэта не толькі розуму, але сэрца і волі, так, каб душа ўсімі сваімі апекунамі вышэй звычайнага ўзроўню ўзнялася.  Хто ж не ведае, што пэўныя спецыяльнасці навуковыя замест таго, каб рухаць дух да Неба, хутчэй да зямлі яго зводзяць, надаючы яму замест выключнага жыўлення найніжэйшыя функцыі матэрыяльныя, што ў аніякім разе не можа зрабіць дадатнага ўплыву на сумленне і маральнасць жанчыны, што складаюць менавіта яе чалавечую годнасць.
Што да карысці для грамадства, то не разумею, чаму маці, якая добра выхоўвае сваіх дзяцей і ўзорна вядзе хатнюю гаспадарку, менш карысная для грамадства, чым бухгалтарка, тэлеграфістка ці дырэктарка пральні? Наадварот, я лічу, што для грамадства нашмат больш карысная тая паслуга, якой мужчына займацца не патрапіць, чым тая, у якой жанчына не толькі заменена, але і пераўзыдзеная быць можа мужчынам.  Грамадства ж ёсць  шматколькасным целам, у якім кожная частка іншую выконвае функцыю, дзейнасць жа кожнай для ўсяго цела карысная.  Хто б замест вучыць кожную частку адпаведнай ёй функцыі, хацеў бы ўсе астатнія гэтай функцыі навучыць, той сапраўдную шкоду б усяму целу зрабіў бы, бо некаторыя арганічныя функцыі зусім не былі б даступныя ўсяму целу, і астатнія часткі былі б непаўнацэнныя.  
Місія жанчыны ў сям’і і грамадстве зусім адваротная, але не менш важная, чым у мужчыны.  Пазбавіць яе ўласцівай ёй місіі і правесці яе мужчынскай дарогай, гэта скасаваць прызначэнне жанчыны, гэта нанесці ёй ўласна і ўсяму грамадству шкоду.  У што ператварыўся б , пытаюся я, наш край, калі б на месцы цнатлівых хрысціянак, грамадзянак і ўзорных маці, вучоныя і ўсялякага кшталту спецыялісткі апынуліся. Ды зірнем яшчэ на гэтае пытанне з пункту гледжання мужчын.
Наватары лічаць, што кожны адукаваны мужчына хоча знайсці ў будучай палове свайго жыцця памагатую ў занятках свайго прызвання, каб яна магла яго ацаніць і зразумець.  Такой памочніцай адно тая жанчына можа быць , якая такое ж, як і муж, выхаванне навуковае атрымала.  Няхай ласкавы Чытач забудзе на хвіліну пра адлеглыя тэорыі і няхай кіне позірк навокал сябе, на знаёмых сабе навукоўцаў.  Які – пытаюся – астраном, юрыст, філолаг кіраваўся пры выбары жонкі сімпатыямі навуковымі? Хто  ў штодзённым жыцці ахвотней размаўляе з разумным навукоўцам, якая мае прэтэнзіі, прадставіць яго зроку новыя далягляды ведаў, чым са сціплай і зусім да вучонасці без прэтэнзіі жанчынай, але з узнёслым уяўленнем і шляхетным характарам, якая б кожную патрэбу блізкага хацела вырашыць, кожную нядолю супакоіць бы рада?
Мужчына, які атрымаў вышэйшае выхаваннне, патрабуе знайсці сапраўды ў будучай жонцы адукаваную сяброўку, якая б яго зразумець была ў стане, але яго  душу, яго сэрца, а не спецыяльную яго адукацыю.  Ён жадае, каб з ім аб’ядналася як мага цясней, але не пры чытанні збуцвелых фаліянтаў ці агляданні дагістарычных рарытэтаў, а толькі ў яго самых палкіх жаданнях і магчымасцях як чалавека і грамадзяніна.  Не аб тым гаворка, каб працавала з ім разам, рыючыся ў алгебраічных формулах, пандэктах ці рунічных пісьмёнах, але каб таксама звяртала ўвагу на грунтоўныя пытанні быцця і прызначэння чалавека, тымі ж дарогамі да адной з ім мэты ідучы.
Спецыяльная праца мужчыны трымае яго звычайна выключна ў галіне інтарэсаў надзённых,  ніякага жыўлення для душы, так што жыццё ўнутранае непамерна б цярпела, калі б і па-за гадзінамі працы па спецыяльнасці ніхто ў ім гэтага жыцця не абуджаў.  Каму ж уласцівай можа быць такая ўзнёслая роля, як не гэтай існасці іншага складу, што як быццам другую палову яго душы стварае? Жанчына, як чысцейшая і свяцейшая ад прыроды, павінна быць зямным анёлкам, які на сваіх несумніўных крылах узносіць мужчынскі дух да Неба, і бяда ёй, калі ператварыцца захоча ў строгую капланку навукі, якая замест таго, каб раздзьмухаць святы агонь, сама розум мужа вязьмом чалавечых ведаў спінае і ў забальзамаваную мумію пераўтвараецца.
Мужчынская існасць інстынктыўна гэтую патрэбу духа свайго адчувае, так што на сто мужчын аднаго пэўна не знойдзеш, які б вярнуўшыся вечарам у кола сям’і, хацеў бы яшчэ і з жонкай гаварыць пра той занятак, які яго звычайна вычэрпвае, таму мужчына абавязкова патрабуе новай крыніцы, з якой бы мог зачэрпнуць іншае, больш прыдатнае для існавання духа.  
Зрэшты сама высокасць розуму нічога агульнага з вучонасцю не мае, так што вельмі шмат глыбокіх эрудытаў даволі звычайны розум маюць, падчас калі асобы без аніякай навуковай спецыяльнасці могуць мець непамерна высокі палёт духу, і ў стане самыя ўзнёслыя ідэі падаць, і нават далей развіць.  І такіх вось вершалін розуму, якія вельмі часта сустракаюцца ў жанчын, адукаваны мужчына шукае ў таварышцы свайго жыцця.
Мы ж бачым, што для інтарэсаў мужчын спецыяльная навука зусім не пажаданая ў жанчынах, так што падчас найбліжэйшага разгляду гэтага пытання кожны безпасярэдні суддзя вымушаны будзе прызнаць, што выхаванне жанчын, каб адпавядала рэальным інтарэсам грамадства, павінна грунтавацца на цалкам іншых поглядах, чым выхаванне мужчын, гэта значыць патрэбна ўлічваць рознасць палоў, як і прызначэнне кожнага з іх для стасункаў чалавецтва.  У адносінах, якія стварыла на працягу доўгіх стагоддзяў і сама сутнасць свету, як і хрысціянская рэлігія, што грунтуецца  на прыроджаным парадку, паміж дзвюмя паловамі чалавечага роду, няма нічога крыўднага, ні нізкага для жанчыны: бо муж – галава сям’і, а жонка – яе сэрца, якая ж з дзвюх гэтых  частак больш значная для паўнаты быцця? Нават акрэсліць немагчыма, наколькі глыбокая іх значнасць.
Ад галавы ідуць канешне кірункі, але сэрца разлівае па істоце тое дабрачыннае цяпло, якое ёсць першапрычынай жыцця.  Абавязковасць агульнага і ўзгодненага дзеяння абодвух гэтых падстаў для жыцця чалавецтва найлепш выказваецца ў сям’і, дзе недахоп якога-небудзь з адной з іх вядзе да нешчаслівасці.  Падчас смерці бацькі сям’я страчвае начэльніцтва і апеку, падчас смерці маці – унутраную злучанасць, якой адзіным талісманам з’яўляецца любоў, у кожным з выпадкаў дзеці напаўсіротамі застаюцца.  Таму адкінуўшы тэндэнцыйныя погляды, кожны, каму дарагая памяць пра бацькоў, прызнае без вагання, што мужчына і жанчына - гэта дзве высокія маральныя сілы, якія наўзаем дапаўняюцца, але абедзве аднолькава самадастатковыя, і ў гэтай якраз самадастатковасці сваёй існасці і сваіх абавязкаў аднолькава для дабра чалавецтва абавязковыя.
Але вернемся ўжо да перарванага апавядання.  Пасля роздуму над недахопамі нашага выхавання і над сродкамі апекавання яго, наша маці прыйшла да таго пераканання, што нічога больш карыснага для нас зрабіць не зможа, як пасяліцца ўсёй сям’ёй у Крамянцы.  Матэрыяльны бок гэтага праекту не ўяўляўся складаным, бо надзвычайная таннасць жыцця і жытла, якой славіўся Крамянец, дазваляла матцы крыху мець дастатак, нягледзячы на вельмі невялікія даходы.  Але паколькі справа была вельмі значная, маці не хацела распачынаць рэалізацыю сваіх намераў, не атрымаўшы перш парады ад сваіх родных.  Паколькі самыя паважаныя сваякі сабраліся ў Зубках, маці падала для разгляду складзены ёй праект, і толькі калі план яе атрымаў падтрымку ўсіх, яна рашылася нарэшце на давядзенне яго да канца.
Падарожжа ў Літву з’яўляецца з пэўнага пункту гледжання важным у жыцці Паўлінкі часам, бо тут яна спаткала першую ў сваім жыцці аднагодку, якая стала яе сяброўкай.  Гэтай абранніцай яе сэрца была малодшая дачка цёткі Зубковай, Міхалінка, пятнаццацігадовая дзяўчынка.  Але аднак нічога няма больш супярэчлівага, чым гэтыя два характары!
Міхаліна была прыгожая брунетка, з выразным глыбокім позіркам, з высокім і крыху гордым ілбом, на тварыку ж і на вуснах такі панаваў спакой, як у мармуровай статуі.
Наколькі па вачах Паўлінкі можна было чытаць, без аніякіх таямніц, настолькі чорныя і праніклівыя вочы Міхаліны, здавалася, углыб душы траплялі, сама ж пры гэтым заставалася неразгаданым сфінксам. Яе хуткі і крыху экзальтаваны розум нялёгка паддаваўся звонкай манеце няхітрых выслоўяў ці бліскучых сафізмаў.  Ён шукаў, наадварот, сапраўднага золата мудрасці і цноты, і не знаходзячы вакол сябе поўнага заспакаення сваіх пажаданняў, пераносіў яе на крылах уяўлення да вялікіх гарадоў і святых краін, дзе спадзяваўся лягчэй уцелясніць свае мары.
Не ведаючы іншага свету, чым той, што яе абкружаў з дзяцінства, улюбёная ў Міцкевіча, Шэкспіра і Таса, яна стварала свае ідэалы на ўзор герояў, якіх яе абраныя паэты падавалі.  Чуючы пры гэтым увесь час пахвалу заходняй цывілізацыі, яна ўяўляла сабе, што гэтыя так шчасліва існуючыя краіны павінны змяшчаць у сабе ўсё тое, да чаго яе сэрца ў вясковай цішы імкнулася.  Але паколькі чуйнасць бацькоўская засцерагала яе ад спраў, ад якіх магла б атрымаць спалох вогнішча святасці, свет цывілізаваны ўяўляўся ёй толькі з прыгожага і шляхетнага боку, а гэта памылковае пра яго паняцце абуджала ў яе душы пэўны род прыхільнасці да гэтай шырокай арэны, на якой столькі знакамітых людзей векапомнай абкружаны хвалой.  Вірлівыя сталіцы ўяўляліся Міхаліне нібы нейкім Эльдарада, да якога нібы збіраюцца адусюль самыя знакамітыя людзі рэгіёна, начэльнікі, вучоныя і ўсе геніяльныя паэты і артысты, так што было гэта ў яе ўяўленні шырокае поле для заслугі, для шляхетных прысвячэнняў і высокіх грамадзянскіх цнот.
Асобы, якія не пасвечаныя ў яе спосаб мыслення, чуючы яе размовы з захапленнем пра ваяжы і сталіцы, лічылі яе асобай парожняй і свецкай, якая толькі пра строі, баляванні і відовішчы думае.  Але Паўлінка, са звыклай ёй трапнасцю розуму, адразу ж гэтыя ілюзіі разгадала, і пераканаўшыся, што Міхаліна любіла на самой справе тое ж самае, што і яна сама, не вагалася, абіраючы яе за сваю давераную, з усёй любоўю душу перад ёй адкрываючы.  Увесь час свайго побыту ў Зубковых Паўлінка была неадступнай таварышкай Міхаліны, і, шпацыруючы па крутых сцежках шырокага саду ці сеўшы пад ценем дрэў над рачулкай, праводзілі яны доўгія гадзіны у самотнай размове, разумеючы адна адну ўсё лепш з кожным днём.  І хаця Міхаліна не адступала без змагання ад сваіх улюбёных  перакананняў, аднак радасна слухала грунтоўныя ўвагі Паўлінкі, мадыфікуючы паволі ўласныя паняцці, так што паяднанне гэтых душ родных усё цяснейшым рабілася.