четверг, 15 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 раздзел 11 Вясковыя забавы

Раздзел 11
Вясковыя забавы

Чвэрць гадзіны сплыла, пакуль паўкладалі рэчы ў экіпажы. Нарэшце Вакульскі і барон уладкаваліся, фурман у бежавай ліўрэі махануў пугай у паветры і пара добрых шэрых коней рушыла вольнай рыссю.
-       О, пані Вансоўску я рэкамендую пану, - сказаў барон. – дыямент, не жанчына, а якая арыгінальная!... Ані думкі ісці другі раз, хоць любіць дужа, каб вакол яе круціліся. Цяжка яе, пане, не любіць, а любіць -небяспечная рэч. Старскаму плоціць зараз за ўсе яго баламуцтвы. Вы ведаеце Старскага?
-       Бачыў яго аднойчы…
-       Шляхетны чалавек, але непрыемны, - сказаў барон, - антыпатыя маёй нарачонай. Так дзейнічае ёй на нервы, што бядачка страчвае настрой у яго таварыстве. І не дзіўлюся, бо гэта вельмі процілеглыя натуры: яна разважная – ён легкадумец, яна чуллівая, нават сінтэментальная – ён цынік. 
Вакульскі, слухаючы расповеды барона, разглядаў ваколіцу, якая паволі змяняла відарыс. Праз паўгадзіны за станцыяй з'явіліся на гарызонце лясы, бліжэй – пагоркі; дарога вілася між імі, узнімалася на іх вяршыні ці сыходіла на ніз.
На адным з такіх уздымаў фурман павярнуўся да іх і, паказваючы батам перад сабой, прамовіў:
-       О, паньства там едзе на брычцы…
-       Дзе? Хто? – закрычаў барон, амаль узлазячы на козлы. – А так, гэта яны… Жоўтая фурманка і гнядая чацвёрка… Мне цікава, хто едзе? Паглядзіце вы, пане…
-       Мне здаецца, што я бачу штосьці пунсовае, - адказаў Вакульскі.
-       А, гэта пані Вансоўска. Мне цікава, ці там і мая нарачоная?... - дадаў ён цішэй.
-       Там пэўна іх некалькі, - прамовіў Вакульскі, якому ў гэтую хвіліну ўзгадалася панна Ізабэла. “Калі яна едзе з імі, то добра ўсё атрымліваецца”, - падумаў ён.
Абедзве возкі хутка набліжаліся адна да адной. На фурманцы моцна стралялі пугай, крычалі, махалі хустачкамі, у экіпажы барон усё больш выхіляўся і аж дрыжаў ад узрушэння.
Экіпаж спыніўся, але разагнаная брычка праляцела каля яго, як бура смеху і вокрыкаў і затрымалася на некалькі крокаў далей. Відавочна смяяліся з чагосьці ды вельмі гучна і напэўна штосьці вырашылі, бо седакі выйшлі, а фурманка паляцела далей.
-       Дзень добры, пане Вакульскі, - закрычаў з козлаў хтосьці, машучы доўгай пугай. Вакульскі пазнаў Ахоцкага.
Барон пабег у бок гурта. Насустрач яму выйшла дама ў белай пелерыне, з белым карункавым парасончыкам і рухалася паволі з выцягнутай да яго рукой, з якой, здавалася, нібы ападаў шырокі рукаў. Барон ужо здалёк зняў капялюш і, дакрануўся да нарачонай, амаль патанаючы ў гэтым рукаве. Пасля выбуху пачуццяў, які наколькі быў кароткім для яго, настолькі падаўся вельмі доўгім для гледачоў, барон раптам апрытомнеў і прамовіў:
-       Вы дазволіце пані, я прадстаўлю пана Вакульскага, майго найлепшага сябра... Паколькі ён забавіцца тут някоратка, то ў гэту хвіліну я вазьму ў яго абяцанне па даручэнні, каб падчас маёй адсутнасці займаў пры пані маё месца…
Ён зноў зрабіў некалькі пацалункаў пад рукавом, адкуль да Вакульскага выцягнулася прыгожанькая ручка. Вакульскі паціснуў яе і адчуў ледаваты холад; паглядзеў на даму ў белай пелерынцы і ўбачыў збялелы твар з вялікімі вачыма, у якіх быў заўважны сум і непакой.
“Сапраўдная нарачоная!” – падумаў ён.
-       Пан Вакульскі, прошу паньства!... – гучна прадставіў барон, звяртаючыся да дзвюх астатніх жанчын і мужчыны, які наблізіўся да іх. – Пан Старскі… - дадаў ён.
-       Я ўжо меў прыемнасць… - азваўся Старскі, нахіляючы капялюш.
-       І я, - адказаў Вакульскі.
-       Як жа цяпер рассядземся? – спытаў барон пры выглядзе пад’язджаючай брычкі.
-       Паедзем усе разам! – закрычала маладая бландынка, у якой Вакульскі пазнаў панну Феліцыю Яноцкую.
-       Бо ў нашым экіпажы ёсць два месцы… - салодкім голасам зазначыў барон.
-       Я разумею, але гэта не іграе ролі,  - азвалася прыгожым кантральтам дама ў пунсовай сукенцы. – Нарачоныя паедуць з намі, а ў экіпаж няхай сядуць, калі хочуць, пан Ахоцкі з панам Старскім.
-       Чаму я? – закрычаў з вышыні козлаў Ахоцкі.
-       Ці я? – дадаў Старскі.
-       Бо вы, пан Ахоцкі, дрэнна сябе паводзіце, а пан Старскі – увогуле невыносны, - адказала рашучая ўдоўка. Цяпер Вакульскі заўважыў, што ў гэтай дамы пышныя каштанавага адцення чорныя валасы, а сам твар вясёлы і энергічны.
-       Вы, пані, ужо даеце мне адстаўку! – уздыхнуў камічна Старскі.
-       Вы ведаеце, пане, што я заўсёды даю адстаўку адаратарам, якія мяне нудзяць. Ну, але ж сядайма, паньства. Нарачоныя наперад. Феля каля Эвелінкі.
-       О не! – запратэставала бландынка. – Я сяду ззаду, бо бабуля мне не дазваляе садзіцца побач з нарачонымі.
Барон больш з элегантнасцю, чым са зручнасцю падсадзіў нарачоную і сам сеў насупраць яе. Потым удоўка заняла месца каля барона, Старскі каля нарачонай, а панна Феліцыя – каля Старскага.
-       Калі ласка, - азвалася ўдоўка  да Вакульскага, збіраючы ў фалды сваю пунсовую сукенку, якая разаслалася на палову лавы.
Вакульскі сеў насупраць панны Феліцыі і заўважыў, што дзяўчына пазірае ня яго з поўным захаплення здзіўленнем, штохвіліны чырванеючы.
-       Ці не маглі б мы прасіць пана Ахоцкага, каб лейцы аддаў  фурману? – прамовіла ўдоўка.
-       Мая пані, што ж вы мне вечна ствараеце нейкія прыгоды! – абурыўся Ахоцкі. – Якраз я і буду кіраваць коньмі.
-       То я даю слова гонару, што паб’ю пана, калі нас вывернеце.
-       Я вам яшчэ пакажу, - адказаў Ахоцкі.
-       Вы чулі, паньства, гэты чалавек мне пагражае! – усклікнула ўдоўка. – Ці няма тут каго, хто б за мяне заступіўся?
-       Я вам адпомшчу, - заўважыў Старскі на досыць крэпкай польскай мове. – Перасядзьма ўдвох у той экіпаж.
Прыгожая ўдава павяла плячыма, барон зноў цалаваў ручкі сваёй нарачонай, якая ўсміхаючыся размаўляла з ім напаўголас, але ні на хвіліну не страціла выразу суму і асцярогі.
Падчас, калі Старскі сварыўся з удавой, а панна Феліцыя чырванела, Вакульскі пазіраў на нарачоную. Яна заўважыла гэта, адказала яму пагардлівым позіркам і раптам ад бязмежнага суму перайшла да дзіцячай весялосці. Сама падала руку барону для новага пацалунку, і нават нібы незнарок дакранулася да яго ножкай. Яе адаратар быў такі ўзрушаны, што пабляднеў і вусны ў яго пасінелі.
-       Але ж у вас няма паняцця, як кіраваць коньмі! – крыкнула ўдава, намагаючыся паштырхаць Ахоцкага дроцікам парасончыка.
У гэтую хвіліну Вакульскі выскачыў. Адначасова коні, па напрамку лейцаў, павярнулі на сярэдзіну дарогі, дышлі пайшлі за імі і брычка моцна пахілілася ўлева. Вакульскі падправіў яе, і коні, спыненыя кіроўцам, сталі.
- Ці я не гаварыла, што гэта страшыдла нас выверне! – закрычала ўдава. – Што вы гэта зноў, пане Старскі?...
Вакульскі паглядзеў на брычку і за адну хвіліну стаў сведкам такой сцэны: панна Феліцыя падала ад смеху, Старскі ўпаў на калены перад прыгожай удоўкай, барон хапаў за карак вазніцу, а яго нарачоная, бледная ад занепакоенасці, адной рукой схапілася за шворан сядзення, другой упілася ў плячо Старскага.
Імгненне вока – брычка выраўнялася і ўсё вярнулася да парадку. Толькі панна Феліцыя зайшлася ад смеху.
-       Я не разумею, Фелечка, як можна смяяцца ў такую хвіліну, - азвалася нарачоная барона.
-       Чаму б мне не пасмяяцца?... Што ж магло здарыцца дрэннага?... Едзе ж з намі пан Вакульскі... – сказала паненка. Аднак схамянулася і чырвоная больш, чым калі-небудзь, спачатку схвала твар у далонях, а потым паглядзела на Вакульскага такім позіркам, які павінен быў азначаць, што яна вельмі абражаная. 
– Што да мяне, то я гатовы прадбачыць некалькі падобных выпадкаў, - азваўся Старскі, са значэннем пазіраючы на ўдоўку.
-       Пад умовай, што я буду забяспечана доказамі вашай прыязнасці. Феля, сядзь на маё месца, - адказала ўдава, зводзячы бровы і сядаючы насупраць Вакульскага.
-       Што ж зноў, сама пані сёння сказала, што ўдовам усё дазволена.
-       Але ўдовы не ўсё дазваляюць. Не, пане Старскі, вы мусіце адвучыцца ад сваіх японскіх звычак.
-       Гэта звычаі ўсяго свету, - адказаў Старскі.
-       У кожным выпадку не з гэтай паловы свету, да якой я прызвычаілася, - адрэзала ўдоўка, крывячы мінку і пазіраючы на дарогу.
У брычцы ўсе заціхлі. Барон з задвальненнем парушаў сіваватымі вусікамі, а яго нарачоная пасумнела яшчэ больш. Панна Феліцыя, заняўшы месца ўдоўкі каля Вакульскага, адвярнулася да свайго суседа амаль спіной, час ад часу кідаючы яму праз плячо пагардлівыя і меланхалічныя позіркі. Але за што? Гэтага ён не ведаў.
- Пан добра ездзіць конна? – запытала Вакульскага пані Вансоўска.
- Чаму пані так непакоіцца?
- Ах, Божа! Так вам і адкажы! Перш няхай пан адкажа на маё пытанне.
- Недасканала, але так.
- Пэўна то павінны добра ездзіць, калі адразу здагадаліся, што зробяць коні ў руках такога майстра як пан Юліян. Мы будзем ездзіць разам… Пане Ахоцкі, ад сённяшняга дня я даю вам адпачынак ад шпацыраў.
- Я вельмі гэтым задаволены, - адказаў Ахоцкі.
- А, нядобра такім чынам адказваць дамам! – закрычала панна Феліцыя.
- Я абіраю лепш так адказваць, чым адбываць з імі шпацыр. Калі мы ў апошні раз ездзілі з пані Вансоўскай, то на працягу дзвюх гадзін шэсць разоў я злазіў з каня, і нават пяці хвілін не меў спакою. Няхай цяпер пан Вакульскі спрабуе.
- Фелечка, скажы гэтаму чалавеку, што я з ім не размаўляю, - азвалася ўдоўка, паказваючы на Ахоцкага.
- Чалавек, чалавек!... – закрычала Феліцыя. – Гэта пані з вамі не размаўляе… Гэта пані кажа, што вы нецікавы.
- А што, пані ўжо засумавала па таварыству людзей з добрымі манерамі, - азваўся Старскі. – Няхай пані паспрабуе, можа я паддамся на перапрашэнне.
- Вы даўно з Парыжа? – запытала ўдоўка Вакульскага.
- Заўтра будзе тыдзень як.
- А я ўжо не бачыла яго чатыры месяцы. Любімы горад…
- Заславак!... – крыкнуў Ахоцкі і замахнуўся пугай, каб добра-ткі шчоўкнуць, што яму аднак не ўдалося, паколькі пуга, не вельмі паспяхова закінутая назад, заблыталася паміж парасончыкаў дам і капелюшоў паноў.
- Не, паньства маё, - закрычала ўдоўка, - калі хочаце, каб я з вамі раскатвала, то выдаліце гэтага чалавека. Ён папросту небяспечны…
На брычцы, як раней, усчаўся шум, паколькі Ахоцкі меў заступніка ў асобе панны Феліцыі, якая лічыла, што як пачаткоўца, дык добра кіруе і што нават ў вельмі прафесійных фурманаў здараюцца выпадкі.
-       Мая Фелечка, - адказала ўдоўка, - ты знаходзішся ў тым узросце, што ў цябе кожны будзе добрым фурманам, у каго прыгожыя вочы.
-       Пэўна сёння ў мяне будзе добры апетыт… - сказаў барон сваёй нарачонай, але заўважыўшы, што кажа надта гучна, пачаў зноў шаптаць.
-       Ён знаходзіўся ўжо на тэрыторыі, якая належала удаве і якраз Вакульскі прыглядаўся да рэзідэнцыі. На досыць высокім, хоць пакатым пагорку узносіўся двухпавярховы палац з двума аднапавярховымі крыламі. За ім зелянелі старыя дрэвы парку, перад ім расцілаўся вялікі луг, перасечаны сцежкамі, тут і там аздоблены клумбамі, статуямі ці альтанкай. Каля падножжа пагорка паблісквала даволі шырокая водная паверхня, відавочна ставок, на якім гайдаліся чоўны і застыглі нібы лебедзі. На фоне зеляніны палац светла-жоўтага колеру з белымі калонамі выглядаў да месца і нават вясёленька. Направа і налева ад яго відаць былі паміж дрэвамі мураваныя гаспадарскія будынкі. Пад рэха ад страляніны пугай, што на гэты раз атрымлівалася ў Ахоцкага, брычка па мармуровым мосце заехала да фасаду палаца, закрануўшы толькі адным колам клумбу. Падарожныя выйшлі, Ахоцкі аднак не аддаў лейцаў, бо яшчэ павінен быў даставіць экіпаж на стайню.
-       Дык памятайце, пані, што а першай снеданне! – усклікнула панна Феліцыя. 
Да барона наблізіўся  стары слуга ў чорным сурдуце.
-       Ясны пан, - прамовіў ён, - цяпер у амбары. Можа панове дазволіце правяду да вашага жытла.
І правёў іх да правага флігеля ды паказаў Вакульскаму досыць шырокі пакой, адчыненыя вокны якога выходзілі  на парк. Праз хвіліну забег хлопец у ліўрэйнай куртцы, прынёс вады і заняўся распакаваннем валізкі.
Вакульскі вызірнуў праз адчыненае вакно. Перад ім разлягаўся траўнік, аздоблены купамі старых ялін, лістоўніц, ліп, за якімі далёка былі бачныя лясістыя пагоркі. Тут жа ля вакна рос куст бэзу, а ў ім было гняздо, да якога зляталіся вераб’і. Цёплы вецер вераснёвы штохвіліну залятаў у пакой, сеючы ў ім амаль няўлоўныя пахі.
Госць пазіраў на аблокі, якія нібы датыкаліся да верхавін дрэў, на снапы святла, якія праплывалі паміж цёмнымі лапінамі ялін і яму было добра. Ён не думаў пра панну Ізабэлу. Яе вобраз, які спапяляў яму душу, развейваўся паводле простых чараў прыроды; хворае сэрца замоўкла і першы раз за шмат часу з’явіліся ў ім спакой і ціша.
Успомніў аднак, што ён тут з візітам, і хутка пачаў апранацца. Ледзьве паспеў закончыць, як далікатна пастукалі ў дзверы і ўвайшоў стары слуга.
-       Ясная пані просіць да стала. 
Вакульскі пайшоў за ім… Ён прамінуў калідор і праз хвіліну апынуўся ў досыць шырокай сталовай зале, сцены якой да паловы былі абабітыя плітамі з цёмнага дрэва. Панна Феліцыя размаўляла каля вакна з Ахоцкім, а каля стала паміж пані Вансоўскай і баронам сядзела ўдава на крэсле з высокімі парэнчамі.
Убачыўшы свайго госця, яна ўзнялася і выйшла на пару крокаў наперад.
-       Я вітаю цябе, пане Станіслаў, - прамовіла яна, - і дзякуй, што ты паслухаўся маёй просьбы. 
Калі ж  Вакульскі нахіліўся да яе рукі, яна пацалавала яго ў лоб, што на прысутных зрабіла пэўнае ўражанне.
-       Сядай жа вось тут, каля Казі. А ты, калі ласка, не забывайся пра яго.
-       Пан Вакульскі заслугоўвае гэтага, - адказала ўдоўка. – Калі б не яго ўменне, пан Ахоцкі паламаў бы нам косці.
-       Што ж, зноў?...
-       Ён не ўмее кіраваць нават парай коней, а рвецца кіраваць чацвёркай. Я ўжо клікала яго, калі цэлымі днямі лавіў рыбу.
-       Божа, якое шчасце, што я не жанюся з гэтай жанчынай, - уздыхнуў Ахоцкі, сардэчна вітаючы Вакульскага.
-       О пане, пане!... Толькі калі захочаш стаць маім мужам, то лепш стань фурманам, - закрычала пані Вансоўска.
-       Гэтыя увесь час ніяк не паладзяць! – сказала удава, - ёсць такі звычай, што сыходзімся  ўсе абавязкова толькі вакол стала. Таму кожны робіць потым, што яму падабаецца. Я раю табе таму, што калі ты баішся суму, пільнавацца Казі Вансоўскай.
-       Я таксама адразу бяру ў палон пана Вакульскага, - адказала удоўка.
-       Ох!...- шапнула удава, хутка глянуўшы на госця.
 Панна Феліцыя зачырванелася, невядома які ўжо раз сёння, і папрасіла Ахоцкага, каб наліў ёй віна.
-       Не, не… я прашу вады, - паправілася яна. Ахоцкі выканаў пажаданне, паводзячы пры гэтым галавой і раскідваючы з роспаччу рукі.
Пасля снедання, на працягу якога панна Эвеліна размаўляла толькі з баронам, а Старскі заляцаўся да чарнавокай удавы, госці, развітаўшыся з гаспадыняй, разышліся. Ахоцкі пайшоў на гарышча палацу, дзе ў пакойчыку, які спецыяльна з гэтай мэтай збудаваны, была абсталявана абсерваторыя метэаралогіі, барон з нарачонай выправіліся ў парк, а ўдава затрымала Вакульскага.
-       Скажы мне нарэшце, - прамовіла яна, - бо першыя ўражанні бываюць самыя трапныя, як табе гэта пані Вансоўска?
-       Выглядае энергічнай і вясёлай жанчынай.
-       Маеш рацыю. А барон?
-       Я мала яго ведаю. Гэта стары чалавек.
-       О... стары..., вельмі стары..., - уздыхнула удава, і нягледзячы на гэта я хачу яго ажаніць. А што скажаце пра яго нарачоную?
-       Зусім яе не ведаю, хаця здзіўляе мяне, што ўпадабала барона, які зрэшты  можа і быць надзвычай высакародным чалавекам.
-       Так, гэта цудоўная дзяўчына, - сказала удава, - і скажу табе, што пачынае мне падабацца. У яе шлюб не ўмешваюся, хаця не адна панна ёй зайздросціць, і ўсе кажуць, што стварае добрую партыю. Але тое, што яна павінна была атрымаць пасля маёй смерці, застанецца іншым. У каго ёсць сотні тысяч баронавых, не мае патрэбы ў маіх дваццаці тысячах.
Чуваць было раздражненне ў голасе пані. Неўзабаве яна развіталася з Вакульскім, раячы яму прайсціся па парку.
Вакульскі выйшаў на дзядзінец і каля левага флігеля, дзе была кухня, павярнуў у парк. Пазней вельмі часта прыходзілі яму на думку два найгалоўнейшыя перасцеражэнні, якія ён зрабіў у Заслаўку.
Перадусім непадалёк ад кухні ён убачыў будку, а перад ёй на ланцугу сабаку, які пачуўшы чужога, пачаў так гаўкаць, падвываць і кідацца, нібы шалёны. Бачачы, што нягледзячы на гэта ў сабакі вясёлыя вочы і ён пакручвае хвастом, Вакульскі пагладзіў яго, што злога звера прывяло ў такі настрой, што не дазволіў госцю адысці ад сябе. Скавытаў, хапаў за адзенне, клаўся на зямлю, нібы дамагаючыся пяшчот, а як найменш прысутнасці побач чалавечага твару.
“Дзіўны ланцуговы сабака!” – падумаў Вакульскі.
У гэтую хвіліну з кухні выйшла новае дзіва: стары здаравенны парабак. Вакульскі, які яшчэ ніколі не сустракаў мажнага селяніна, загаварыў з ім.
- Чаму вы гэтага сабаку трымаеце на ланцугу?
- Каб быў злосны і не пускаў у дом злодзеяў, - адказаў з усмешкай парабак.
- А чаму адразу не возьмеце злога кундля?
- Бо пані не ўтрымала б злога сабаку. У нас і сабака павінен быць ласкавы.
- А вы, мілейшы, што тут робіце?
- Дык я пасечнік, але раней быў араты. А як мне вол зламаў рабрыну, то ясная пані загадала мне займацца пасекай.
- І добра вам?
- Спачатку дык сумаваў па працы, але потым прызвычаіўся ды так ўжо і маюся.
Развітаўшыся з селянінам, Вакулькі павярнуўда парку і доўгі час шпацыраваў па ліпавай алеі не думаючы ні пра што. Яму здавалася, што ён прыехаў сюды насычаны, атручаны раскошай Парыжа, шумам Варшавы, гучаннем чыгунак і што ўсе тыя непакоі, усе клопаты, якія перажыў, у гэтую хвіліну выпараюцца з яго. Калі б яго запыталі: што такое вёска? Адказаў бы, што гэта ціша. Тады пачуў хуткі бег за сабой. Даганяў яго Ахоцкі, несучы на плячы дзве вуды.
-       Тут не было пані Феліцыі? – запытаў ён. – Яна павінна была прыйсці а палове трэцяй і ісці са мной на рыбалку. Але такая вось жаночая пунктуальнасць. Можа вы пойдзеце з намі? Ці ў вас няма ахвоты? То можа вы захочаце лепш пагуляць са Старскім у пікет? Для гэтага ён заўсёды гатовы, за выключэннем, калі знойдзе камплект для прэферанса.
-       Што ж тут робіць гэты пан Старскі?
-       Як жа што? Жыве ў сваёй стрыечнай бабулі і разам з тым хроснай маці, старшыніхі Заслаўскай, і якраз клапоціцца пэўна атрымаць пасля яе маёнтак. Неблагія грошы, каля трохсот тысяч рублёў!... Але старшыніха лічыць, што лепш дапамагчы падкідышам чым касе Манака. Бедны хлопец!
-       Што ж дрэннага?
-       Ну што вы!... Пасля бабулі бадай ці застанецца, з Казяй не атрымалася, то хоць у лоб сабе страляй. Ведаеце, пане, - працягваў Ахоцкі, штосьці напраўляючы ў вудах, - што некалі прысутная тут пані Вансоўска, яшчэ будучы незамужам, мела слабасць да Старскага. Казя і Казя, якая добрая пара, ці не так?... Здаецца, што нават пад уплывам гэтай ідэі пані Казя прыехала да нас тры тыдні таму ( а таксама мае грошы пасля нябожчыка, бадай што не столькі ж, колькі старшыніха!) Былі нават разам некалькі дзён і хораша і нават ён на рахунак пасагу выдаткаваў новы вексель праз арандатара. А потым… штосьці не атрымалася. Пані Вансоўска папросту кпіць з Казі, а ён не звяртае на гэта ўвагі. Словам, дрэнна! Трэба будзе адмовіцца ад падарожжа і асесці на пясчаным фальварку, пакуль не памрэ дзядзька, бо ўжо даўно хварэе на каменне.
-       Але што ж да гэтага часу рабіў пан Старскі?
-       Ну, найперш ён рабіў даўгі. Трохі гуляў, трохі падарожнічаў (аднак мне здаецца, што галоўным чынам пасля парыжскіх ды лонданскіх кавярняў, бо ў яго той Кітай нешта мне не верыцца), але спецыяльна займаўся баламуцтвам маладых замужніх жанчын. У тым, што ён майстар і ўжо мае ўсталяваную рэпутацыю, што замужнія ніколі яму не адмаўляюць, а незамужнія вераць, што за якой пачне валачыцца Старскі, у хуткім часе выйдзе замуж. Такі ж добры занятак, што ж, як і любы іншы!...
“Пэўна, - шапнуў Вакульскі, ужо крыху спакайнейшы ў адносінах да сябра. – Гэты не збаламуціць панну Ізабэлу. “ Даходзілі яны ўжо да канца парку, па-за штакецінамі якога відаць быў шэраг мураваных будынкаў.
- О, пацвердзіце пане, якая гэта арыгінальная жанчына з гэтай старшыніхі! – прамовіў Ахоцкі, паказваючы на штакеціны. – Вы бачыце гэтыя палацыкі?... Гэта ўсё жытло на чатыры памяшканні, для парабкаў. А гэты дом – гэта дом апекі для парабчанят; гуляе іх тут каля трыццаці , усе памытыя і апранутыя як маленькія князі… А гэта віла – то прытулак для старых, якіх у гэту хвіліну чацвёра; яны паляпшаюць сабе вакацыі, чысцячы волас з матарсу для гасцінных пакояў. Я блукаў па розных ваколіцах краю і ўсюды бачыў, што парабкі жывуць як свінні, а іх дзеці носяцца па гразішчы як парасяты… Але калі я сюды першы раз заехаў, то не верыў сваім вачам. Мне здавалася, што я на востраве Утопіі ці на малюнку сумнага, але добрага рамана, у якім аўтар апісвае, якімі павінны быць шляхцічы, але якімі ніколі не будуць. Імпануе мне гэтая старэча… А калі б вы яшчэ ведалі, якая ў яе бібліятэка, што чытае… Я выглядаў дурнем, калі аднойчы яна пажадала, каб я ёй растлумачыў пэўныя палажэнні трансфармізму, якім  і таму не толькі не захапляецца, што ў ім бітва за побыт лічыцца асноўным законам прыроды. 
У канцы алеі з’явілася панна Феліцыя.
- Што ж, пойдзем, пане Юліяне? – звярнулася яна да Ахоцкага.
- Пойдзем, ды і пан Вакульскі з намі.
- Ааа? – здзівілася паненка.
- Пані не жадае? – спытаў Вакульскі.
- Ды не зусім, але… я думала, што вам будзе больш прыемна ў таварыстве пані Вансоўскай.
- Мая панна Феліцыя! – усклікнуў Ахоцкі. – толькі калі ласка не гуляйце ў з’едлівасць, бо ў вас гэта не атрымліваецца.
Абражаная панна пайшла наперад у бок стаўка, панове за ёй. Яны лавілі рыбу да пятай вечара, на спякоце, бо дзень быў гарачы. Ахоцкі злавіў двухцалёвага печкура, а панна Феліцыя абарвала сабе карункі з рукава. У выніку гэтага паміж імі ўсчалася спрэчка пра тое, што маладыя панны не маюць паняцця як трымаць вудку, а паны не могуць і адной хвіліны ўседзець без размовы. Пагадзіў іх толькі звон, які склікаў на абед.
Пасля абеду барон падаўся ў свой пакой ( у такі час ён заўсёды хварэў на мігрэнь), рэшта ж таварыства павінна была сабрацца ў парку, у альтанцы, дзе звычайна елі садавіну.
Вакульскі прыйшоў туды на працягу паўгадзіны. Ён думаў, што будзе першы, тымчасам застаў ужо ўсіх паненак, якім Старскі штосьці расказваў. Ён сядзеў, разваліўшыся на бярозавым крэсле і гаварыў з сумным выразам твару, пастукваючы прутом па носе чаравіка:
-       Калі ў гісторыі адыгралі якуюсьці ролю жаніцьбы, то як найменш, не тыя па прыхільнасці, а тыя, што па разліку. Наўрад ці мы ведалі б сёння пра Ядвігу ці Марыю Ляшчынскую, калі б тыя не ўмелі вырашаць па разліку? Кім быў бы Стэфан Баторый ці Напалеон І, калі б не ажаніліся з жанчынамі, якія мелі ўплывы? Жаніцьба – гэта вельмі сур'ёзнае дзеянне, каб прыступаючы да яго можна было слухацца толькі сэрца. Гэта не паэтычны саюз дзвюх душ, гэта важны выпадак для мноства асоб і спраў. Няхай я сёння ажанюся з пакаёўкай, хоць бы з гувернанткай, а ўжо заўтра я буду згублены для сваёй сферы. Ніхто мяне не запытаецца: якая была тэмпература маіх пачуццяў? Але якія ў мяне даходы на ўтрыманне дому і каго я прыводжу ў сям’ю?
-       Што такое жаніцьбы палітычныя, і ужо зусім іншае жаніцьба дзеля грошай з чалавекам, якога не кахаеш, - адказала старшыніха. Пазіраючы ў зямлю і барабанячы пальцамі па стале. – Гэта гвалт у дачыненні да самых святых пачуццяў.
-       Ах, любая бабуля, - адказаў Старскі, уздыхаючы, - лёгка гаварыць пра свабоду пачуццяў, калі маеш дваццаць тысяч рублёў у год. “Подлыя грошы! Брыдкія грошы!” – крычаць усе. Але чаму гэта ўсе, пачынаючы ад парабка, заканчваючы міністрам, абмяжоўваюць сваю вольнасць абавязковай працай? За што шахцёр і марак рызыкуюць жыццём? Натуральна, за гэтыя подлыя грошы, бо подлыя грошы даюць свабоду хоць на працягу пары гадзін у дзень, хоць на працягу пары месяцаў у год, хоць на некалькі гадоў у жыцці. Усе крывадушна пагарджаем грашыма, але кожны з нас ведае, што гэта ўрадлівая глеба, з якой вырастае ўласная свабода, адукацыя, мастацтва, нават ідэальнае каханне. Дзе ж гэта ўрэшце нарадзілася каханне рыцараў і трубадураў? Пэўна не сярод шаўцоў і кавалёў, і нават не паміж дактарамі і адвакатамі. Выняньчылі яго класы заможных, якія ўтварылі жанчыну з далікатнай скурай і бела-блакітнымі рукамі, якія далі мужчыну, у каторага шмат часу, каб абагаўляць жанчын.
-       Ёсць тут дарэчы паміж намі прадстаўнік людзей справы, пан Вакульскі, які, як кажа сама бабуля, неаднаразова прыводзіў доказы геройства. Што яго цягнула на небяспеку?... Натуральна грошы, якія сёння ў яго руках сталі сілай…
 Зрабілася ціха, усе пані зірнулі на Вакульскага. Той адказаў праз хвіліну маўчання:
-       Так, вы маеце рацыю, я здабыў сваё багацце сярод цяжкіх прыгод, але ці ведаеце, пане... Навошта я яго здабываў?
-       З дазвалення, - перапыніў Старскі, - я не раблю вам папрок, а наадварот, лічу што гэта добры прыклад для ўсіх. Адкуль жа пан аднак ведае, ці чалавек, які жэніцца ці выходзіць замуж з-за грошай, не мае на ўвазе высакародныя мэты? Мае бацькі падобна пабараліся па чыстым каханні; аднак на працягу ўсяго жыцця яны не былі шчаслівыя, а пра мяне, плод іх пачуццяў, то ўжо няма чаго і гаварыць… Тым часам мая шаноўная бабуля, якая тут прысутнічае, выйшла замуж без кахання і сёння яе бласлаўляе ўся ваколіца. Нават лепш – дадаў ён, цалуючы старшыніху ў руку, -  бо , папраўляе памылкі маіх бацькоў, якія так былі занятыя каханнем, што забыліся пра спадчыну для мяне… Зрэшты – у мяне другі доказ у асобе шаноўнай пані Вансоўскай…
-       О, мой пане, - перапыніла зачырванелая ўдава, - ты гаворыш так, быццам пракурор апошняга суда. Я таксама адкажу як пан Вакульскі: ці ведаеш ты, для чаго я гэта зрабіла?...
-       Але пані гэта зрабіла і бабуля гэта зрабіла, і мы ўсе гэтае самае зробім, -  сказаў з іранічным халадком Старскі. – За выключэннем, зразумела, пана Вакульскага, у якога акурат столькі грошай, колькі патрэбна для таго каб аддацца пачуццям…
-       І я таксама зрабіў, - азваўся сцішаным голасам Вакульскі.
-       Вы ажаніліся дзеля багацця? – спытала яго ўдоўка, шырока раскрываючы вочы.
-       Не для багацця, а дзеля таго, каб мець працу і не памерці ад голаду. Я добра ведаю гэты закон. Пра які гаворыць пан Старскі…
-       А што? – уставіў Старскі, пазіраючы на бабулю.
-       І таму, што ведаю, шкада мне тых, якія павінны гэтаму закону падначальвацца, -закончыў Вакульскі. – Гэта напэўна самае найбольшае няшчасце ў жыцці.
-       Маеце рацыю, - прамовіла старшыніха.
-       Вы пачынаеце мяне цікавіць, пане Вакульскі, - дадала пані Вансоўска, высцягваючы да яго рукі. Панна Эвеліна на працягу ўсяго часу размовы была схіленая над вышыўкай. У гэтую хвіліну ўзняла галаву і паглядзела на Старскага з такім выразам роспачы, што Вакульскі здзівіўся… Але Старскі увесь час стукаў па носе свайго чаравіка, грыз цыгару і ўсміхаўся напалову з’едліва, напалову сумна. За альтанкай раздаўся голас Ахоцкага:
-       Бачыш, я ж казаў табе, што тут пані…
-       Ну, то ў альтанцы, а не ў кустах, - адказала маладая дзяўчына з кошыкам у руках.
-       Ах, дурніца ты! – буркнуў Ахоцкі, уваходзячы і неспакойна пазіраючы на дам.
-       Ого! Пан Юліян зноў ўваходзіць да нас як трыўмфатар, - прамовіла ўдоўка.
-       Але ж слова гонару даю, што толькі для скарачэння дарогі я ішоў праз кветнікі, - тлумачыў Ахоцкі.
-       Ну, слова гонару даю…
-       Ужо лепш падвядзі мяне, чым апраўдвацца, - перапыніла яго старшыніха. 
Ахоцкі падаў ёй руку, але ў яго была такая заклапочаны твар і капялюш так звернуты на бок, што пані Вансоўска не магла стрымаць прыкмет весялосці,  і што на твары панны Феліцыі выклікала новую серыю чырвані, але Ахоцкага вымусіла кінуць на ўдоўку некалькі гнеўных позіркаў. Усё таварыства павярнула налева і бочнай алеяй ішло да будынкаў фальварку. Наперадзе старшыніха з Ахоцкім, за імі дзяўчына з кошыкам. Потым удоўка з паннай Феліцыяй, Вакульскі, а за ім панна Эвеліна са Старскім. Каля каліткі шум наперадзе ўзмацніўся, і ў гэтую хвіліну Вакульскаму здалося, што ён чуе за сабой ціхую размову.
-       Часам здаецца мне, што я лепш бы абрала ў магіле ляжаць…- шапнула панна Эвеліна.
-       Адвагі… адвагі… - адказаў ёй тым самым тонам Старскі.
Вакульскі цяпер толькі зразумеў мэту выезду ў фальварак, калі з дзядзінцу выбегл да старшыніхі цэлы вывадак курэй, якім яна кідала зерне з кашаля. За курамі з’явілася іх наглядчыца, старая Матэўшава, расказваючы пані, што ўсё ў парадку, толькі што зранку кружляў над дзядзінцам ястраб, а пасля апоўдні адна з курэй крыху ўдавілася каменнем, але ўжо ўсё прайшло.
Пасля праверкі птушак старшыніха агледзела аборы і стайні, дзе парабкі, па большай частцы людзі ва ўзросце, давалі ёй справаздачы. Тут амаль не здарыўся выпадак. Са стайні раптам выбегла імклівае жарабя і кінулася на старшыніху пярэднімі нагамі як сабака, які становіцца на дзве лапы. На шчасце, Ахоцкі неяк стрымаў жывёліну, а старшыніха дала жарабяці звычайную порцыю цукру…
-       Ён бабулю калі-небудзь скалечыць, - адазваўся незадаволены Старскі. – Хто гэта бачыў : прызвычаіць да такіх пяшчот жарабят, з якіх пазней вырастаюць коні!
-       Заўсёды ты гаворыш разумна, - адказала старшыніха яму, гладзячы тымчасам жарабя, якое клала галаву на яе плячо, а потым бегла за ёй так, што парабкі павінны былі вяртаць яго да стайні. Нават некаторыя каровы пазнавалі сваю гаспадыню і віталі яе прыглушаным рыканннем, падобным да гучнага муркатання.
“Дзіўная жанчына”, - падумаў Вакульскі, пазіраючы на старую, якая ўмела абуджаць любоў да сябе не толькі ў сэрцах жывёл, але і людзей.
Пасля снеданні старшыніха пайшла спаць, а пані Вансоўска прапанавала шпацыр па парку. Барон, крыху неахвотна, згадзіўся на праект; апрануў тоўстае паліто, шыю абкруціў хусткай і, ўзяўшы пад руку нарачоную, выйшаў з ёю наперад. Аб чым гаварылі? Ніхто не ведае, тое толькі бачылі, што яна была бледная, а ён з плямамі на твары.
Каля адзінаццатай уночы ўсе разышліся, а барон , пакашліваючы, правёў Вакульскага да яго пакою.
-       Ну што. Паглядзелі, пане, на маю нарачоную?... Якая яна прыгожая!... Вобраз вясталкі, пане, праўда? А яшчэ калі на яе тварыку з’явіцца гэты выраз дзіўнай меланхоліі, вы заўважалі, пане, што яна тады чароўная, што… аддаў бы за яе жыццё. Нікому б гэтага не сказаў, за выключэннем пана, але ведаеце, яна робіць на мяне такое ўражанне, што я не ведаю, ці асмелюся калі-небудзь песціць яе… хачу толькі маліцца на яе… Па-просту пане, я кленчыў бы ля яе ног і пазіраў у вочы, шчаслівы, калі б мне дазволіла пане, пацалаваць край сваёй сукенкі… Але ці я не надакучаю вам?
-       Раптам ён закашляўся, так, што аж вочы ў яго пачырванелі. Адпачыўшы, прадаўжаў далей:
      - Я нячаста кашляю, але сёння крыху падстыў… і нават не заўсёды я схільны падстываць, толькі восенню і на маладзік. Ну, але гэта пройдзе, бо якраз заўчора запрасіў на кансыліум Халубіньскага І Бараноўскага і тыя мне сказалі, каб я за сабой глядзеў, то буду здаровы… Я запытваў у іх таксама  (скажу гэта толькі вам), што думаюць пра маю жаніцьбу. Але яны паведамілі, што жаніцьба гэта такая асабістая рэч… Я звярнуў іх увагу, што лекары берлінскія даўно ўжо загадвалі мне ажаніцца. Гэта навяло іх на думку, і хтосьці з іх сказаў: “А гэта шкода, вельмі шкода, што вы да гэтага часу не выканалі іх прадпісанні…” Вось жа, скажу я пану, цяпер я вырашыў скончыць перад адвентам… Зноў наваліўся на яго кашаль. Ён адпачыў і раптам спытаў Вакульскага змененым голасам:
-       Вы верыце ў жыццё пасля смерці?
-       Чаму вы гэта спыталі?
-       Бо, ці разумееце, гэтая вера захоўвае чалавека ад роспачы. Я напрыклад разумею, што ані сам не буду ўжо такі шчаслівы, як бы мог быць некалі, ані ёй не дам поўнага шчасця. Адну пацеху маю ў гэтай думцы, што спаткаемся на іншым, лепшым свеце, дзе абое будзем маладыя. Бо яна, - дадаў ён у задуменні, - будзе і там належаць да мяне, бо Біблія святая вучыць: “Што звяжаце на зямлі, будзе звязана і ў небе…” Вы можа не верыце ў тое, так як і Ахоцкі; аднак прызнайцеся, што часам… верыце пане і ўвогуле ці не далі  б слова, што так не будзе?...
-       Гадзіннік за сцяной прабіў поўнач, барон падхапіўся спужаны і развітаўся з Вакульскім. Праз некалькі хвілін яго прыступы кашлю былі чуваць у другім баку флігеля.
Вакульскі адчыніў вакно. Каля кухні пелі гучнымі галасамі пеўні калакуцкія, у парку спяваў пушчык; на небе сарвалася адна зорка і ўпала недзе за дрэвамі. Барон увесь час кашляў.
“Ці ўсе закаханыя такія сляпыя, як ён? – думаў Вакульскі. – Бо для мяне, і напэўна для кожнага тут, зразумела, што гэтая панна зусім яго не кахае. Можа нават кахае Старскага…
Я не разумею яшчэ сітуацыі, - працягваў ён далей,  - але найпраўдападобней то так: панна ідзе замуж з-за грошай, А Старскі сваімі тэорыямі ўмацоўвае яе ў гэтым намеры. А можа і ён крыху закаханы ў яе?... Непадобна. Раней ужо яна яму надакучыла, і сілком падгаворвае яе да замужства. Хаця… Не, гэта была б жудасная камбінацыя. Толькі жанчыны публічныя маюць каханкаў, якія вядуць з імі гандаль. Што за дурное дапушчэнне!... Старскі можа сапраўды быць яе сябрам і раіць тое, у што сам верыць. Ён жа гаворыць адкрыта., што сам ажэніцца толькі з багатай жанчынай. Правіла такое добрае як любое іншае, сказаў Бы Ахоцкі. Слушна старшыніха гаварыла некалі, што сённяшняе пакаленне мае моцныя галовы і халодныя сэрцы. Наш прыклад адвярнуў іх ад сентыменталізму, таму вераць у сілу грошай, што дарэчы дадае розуму. Не, гэты Старскі спрытны чалавек; можа трохі гуляка, пуставаты, але спрыту яму не бракуе. Цікава мне толькі, за што так ім цікавіцца пані Вансоўска?... Пэўна мае да яго слабасць, а яшчэ мае і грошы, то ў выніку пабяруцца. Зрэшты – якая мне справа…
Мне цікава, чаму старшыніха сёння не ўспомінала пра панну Ізабэлу? Ну, я-ткі пытацца не буду… Адразу пачалі б нам перамываць костачкі…”
Ён заснуў і яму марылася, што ён закаханы, бы хворы барон, а Старскі адыгрывае пры ім ролю сябра дому. Апамятаўся і рассмяяўся… Ужо гэта дык вылечыла б мяне адразу”, - шапнуў ён.
Ранак ізноў прайшоў у яго ў ловах рыбы з паннай Феліцыяй і Ахоцкім. Калі ж а першай ўсе сабраліся на сняданне, пані Вансоўска азвалася:
-       Бабуля дазволіць нам асядлаць двух коней: мне і пану Вакульскаму, праўда?- А потым, звярнуўшыся да Вакульскага, дадала:
-       Праз паўгадзіны паедзем. Ад гэтай хвіліны вы пачынаеце службу пры мне.
-       Вы толькі ўдвох паедзеце? – спытала зачырванеўшыся панна Феліцыя.
-       І ты хочаш паехаць з панам Юліянам?
-       Толькі калі ласка… без аніякіх распараджэнняў маёй асобай, - запратэставаў Ахоцкі.
-       Феліцыя застанецца са мной,  - заўважыла старшыніха.
У панны Феліцыі вочы сталі чырвоныя і ў іх заблішчалі слёзы. Яна зірнула на Вакульскага спачатку з гневам, потым з пагардай, і нарэшце выбегла з пакою як быццам знайсці хусцінку. Калі вярнулася, то выглядала як Марыя Сцюарт, якая прабачае сваім катам і ў яе быў чырвоны носік.
Роўна а другой прывялі двух прыгожых верхавых коней. Вакульскі стаў каля свайго, а праз пару хвілін паказалася пані Вансоўска. У яе была абціслая амазонка, накшталт як у Юноны, каштанаватыя валасы былі сабраныя ў адзін вузел. Наском нагі абаперлася на руку фурмана і як спружына апусцілася ў сядло.
-       Давай, пане, хутчэй,  - крычала яна, сцягваючы лейцы каню, які хадзіў па кругу і прысядаў на задніх нагах. – За брамай паедзем галопам… Аванці, Савоя!...
Нарэшце Вакульскі сеў на каня, пані Вансоўска нецярпліва ўдарыла свайго прутком і выехала за фальварак. Дарога цягнулася ліпавай алеяй каля вярсты даўжынёй. Па абодва бакі ляжала старое, як сама Зямля, поле, а на ім тут і там відаць былі скірды пшаніцы, падобныя да крэпкіх хацін. Неба чыстае, сонца вясёлае, некалькі хвілін ехалі рыссю. Потым пані Вансоўска паклала рукаятку прутка ў вусны. Нахілілася і панеслася галопам. Вуаль капелюша разляталася за ёй як шэрае крыло.
-       Аванці! Аванці!
Зноў беглі некалькі хвілін. Раптам пані асадзіла каня на месцы, зачырванелая і задыханая.
-       Досыць, - прамовіла яна, - цяпер паедзем спакойна.
 Яна прыўзнялася на сядле і ўважліва пазірала ў бок блакітнага лесу, які было відаць далёка на ўсходзе. Алея скончылася; ехалі па полі, на якім зелянелі грушы і ўжо шарэлі скірды.
-       Скажыце мне, пані, - прамовіла яна, - ці гэта вялікая прыемнасць – зарабляць багацце?
-       Не, - адказаў Вакульскі пасля хвіліннага роздуму.
-       Але выдаткоўваць прыемна?
-       Не ведаю.
-       Не ведаеце? Аднак дзівосы гавораць пра ваша багацце. Кажуць, што ў вас амаль шэсцьдзесят тысяч у год…
-       Сёння у мяне значна больш, але выдаткоўваю вельмі мала.
-       Колькі ж гэта?
-       Каля дзесяці тысяч.
-       Шкада. Я ў мінулым годзе рашыла выдаткаваць шмат грошай. Павераны ў справах і касір запэўніваюць мяне, што я выдаткаала дваццаць сем тысяч… Я вар’яцела, але – не сумавала… Сёння, думаю, спытаю ў вас: якое ўражанне робіць шэсцьдзесят тысяч, выдаткаваных на працягу года? Але вы столькі не выдаткоўваеце. Шкада. Ведаеце што?... Выдаткуйце некалі шэсцьдзесят, ці нават сто тысяч у год і скажыце мне: робіць гэта сенсацыю для сябе і якую? Добра?...
-       Наперад магу вам сказаць, што не робіць.
-       Не?... Дык навошта грошы?... Калі сто тысяч рублёў штогод не даюць шчасця, што тады яго дасць?
-       Можна яго мець і пры тысячы рублёў. Шчасце кожны носіць у сабе.
-       Але яго адкульсьці бярэ да сябе.
-       Не, пані.
-       І гэта кажа пан, такі незвычайны чалавек?
-       Калі б нават быў незвычайным, то толькі з-за пакут, не ад шчасця. І тым менш не з дапамогай растраты грошай. 
Каля лесу з’явілася воблачка пылу. Пані Вансоўска з хвіліну паглядзела, потым раптам спыніла каня і павярнула направа, у поле без дарогі.
-       Аванці!...аванці!...
-       Ехалі дзесьці дзесяць хвілін, і цяпер Вакульскі затрымаў каня. Стаў на пагорку, над лугам, такім прыгожым, як мара. Што ў ім было прыгожым, ці зеляніна травы, ці круты бераг рачулкі, ці дрэвы, якія нахіляюцца над ім, ці пагодлівае неба? Вакульскі не ведаў.  Але пані Вансоўска не захаплялася. Яна неслася з гары на злом галавы, нібы хочучы спадабацца свайму таварышу адвагай. Калі Вакульскі паволі з’ехаў з гары, яна павярнула да яго каня і закрычала нецярпліва:
-       Ах, пане, вы заўсёды такі маўклівы? Я ж не дзеля таго ўзяла вас на конны шпацыр, каб пазяхаць. Я прашу вас мяне забавіць, толькі цяпер…
-       Цяпер?... Добра. Пан Старскі – вось вельмі займальны чалавек.
  Яна пахілілася ад сядла, нібы падаючы назад, і доўгі час пазірала Вакульскаму ў вочы.
-       Ах! – закрычала яна са смехам, - я не спадзявалася пачуць такую банальную фразу ад пана… Пан Старскі займальны… Для каго?... Хіба для такіх…. Такіх… лебядзіц як панна Эвеліна, бо напрыклад ужо для мяне перастаў быць такім…
-       Аднак жа…
-       Не аднак жа. Быў такім калісьці, калі ў мяне быў намер стаць  пакутніцай шлюбу. На шчасце. Мой муж павёў сябе так добра, што хутка памёр, а пан Старскі настолькі нескладаны, што нават пры сваім кшталце знаёмства я ведала аб ім усё праз тыдзень. У яго заўсёды такая самая барада а-ля арцыкнязь Рудольф і адзін і той жа спосаб заляцання да жанчын. Яго позіркі, паўслоўі, таямнічасць ведаю так добра як пакрой яго жакету. Заўсёды так сама пазбягае паненак без пасагу, цынічны з замужнімі, і ўздыхае пры паннах, якія прагнуць выйсці замуж. Мой Божа, колькі я падобных спаткала ў жыцці!... Сёння патрэбна мне штосьці новае…
-       У такім выпадку пан Ахоцкі…
-       О так, Ахоцкі займальны, і магчыма нават небяспечны, але – для гэтага я павінна была б другі раз нарадзіцца. Гэта чалавек не гэтага свету, да якога я належу сэрцам і душой… Ах, які ён наіўны, а які цудоўны! Верыць у ідэальнае каханне, з якім зачыніўся б у сваёй лабараторыі і быў пэўны, што яму ніколі не здрадзяць… Не, ён не для мяне… -   Што ж зноў з гэтым сядлом! – закрычала яна раптам. – Мой пане. Папруга ў мяне адшчапілася… зірніце калі ласка…
 Вакульскі саскочыў з каня.
-       Вы злезеце? – спытаў ён.
-       І не падумаю. Паглядзіце так.
 Ён зайшоў з правага боку, - папруга была моцна прывязана.
 -  Але ж не там… Вось тут… Тут штосьці не так, каля стрэмя. 
Ён завагаўся, але адсунуў яе амазонку, і праверыў папругу рукой пад сядлом. Раптам кроў ударыла яму ў галаву: удоўка такім чынам паварушыла нагой, што яе калена дакранулася  да яго твару.
-       Ну што ж там?... Што там?... – пыталася яна нецярпліва.
-       Нічога, - адказаў ён. – Папруга моцная…
-       Вы пацалавалі маю нагу?!... – усклікнула яна.
-       Не.
Тады яна лупцанула каня пугай і паляцела галопам з шэптам:
“дурань ці камень!”…
Вакульскі паволі ўзлез на каня. Невыказальнае шкадаванне сціснула яму сэрца, калі ён падумаў:
“Ці і панна Ізабэла ездзіць конна?... І хто тады папраўляе ёй сядло?...”
Калі ён даехаў да пані Вансоўскай, яна рассмяялася:
-       Ха! Ха!ха!... Вы бясцэнны!... – А потым пачала гаварыць нізкім, металічным голасам: - На карце маёй гісторыі з’явіўся прыгожы дзень, - я сыграла ролю Путыфары і знайшла Ёзэфа… Ха! Ха! Ха!... Адна толькі рэч мяне пужае: што вы нават не здолееце ацаніць, як я ўмею круціць галаву. У такую хвіліну сто іншых на вашым месцы сказалі б, што жыць без мяне не могуць, што  я забрала іх спакой і гэтак далей… А гэты адказвае хутка: не!... За гэтае адно: “не” вы павінны атрымаць у каралеўстве нябесным крэсла сярод анёлаў. Такое высокае крэсліца з парэнчай спераду… ха! Ха! Ха!... Хісталася на сядле ад смеху.
-       І што б пані з гэтага было, калі б я сказаў, як іншыя?
-       У мяне было б на адзін трыумф больш.
-       А з гэтага што вам будзе?
-       Запаўняю сваю пустку жыцця. З дзесятка тых, што за мной носяцца, я выбіраю аднаго, які здаецца мне найбольш цікавым, забаўляюся з ім, мару пра яго…
-       А потым?
-       Раблю агляд наступнага дзесятку і выбіраю новага.
-       І так часта бывае?
-       Дзесьці штомесяц. А што вы хочаце – дадала паводзячы плячыма, -  гэта каханне стагоддзя пары і электрычнасці.
-       А так. Нават пэўна нагадвае чыгунку.
-       Ляціць як бура і сыпле іскры?...
-       Не. Ездзіць хутка і бярэ пасажыраў, колькі магчыма.
-       О, пане Вакульскі!...
-       Я не хацеў абразіць пані: я сфармуляваў толькі тое, што я чуў. Пані Вансоўска прыкусіла вусны. Ехалі нейкі час моўчкі. Праз хвіліну зноў азвалася пані Вансоўска.
 - Я ўжо акрэсліла для сябе пана: вы педант. Штовечар, не ведаю а якой, але напэўна каля дзесятай, вы робіце рахункі, потым кладзецеся спаць, але перад тым як заснуць – прамаўляеце пацер, гучна паўтараючы: Не пажадай жонкі бліжняга свайго. Ці не так?...
- Гаварыце далей.
- Не буду нічога гаварыць, бо мяне ўжо і размова з вамі раздражняе. Ах, гэты свет дае нам адны іспыты!... Калі апранаем першую сукенку з трэнам, калі ідзем на першы баль, калі першы раз кахаем, - здаецца нам, што вось нарэшце штосьці новае… Але праз хвіліну мы пераконваемся, што гэта ўжо было ці што гэта – нішто… Я памятаю, у мінулым годзе, у Крыме, мы ехалі, некалькі чалавек, вельмі дзікай дарогай, па якой некалі шасталі разбойнікі. І менавіта калі мы размаўляем пра гэта, з’яўляюцца з-за скалы два татары… Хвала Богу! Я думала, яны захочуць нас забіць, бо выразы твару ў іх былі страшэнныя, хаця вельмі прыстойныя аказаліся людзі. А яны, ці ведае пан, з якой выступілі прапановай?... Каб мы купілі ў іх вінагарад!... Пане! Яны нам прадавалі вінаград, калі я думала што яны бандыты. Я хацела іх пабіць ад злосці, праўда. Вось жа, - пан сёння нагадаў мне гэтых татар… Старшыніха на працягу некалькіх тыдняў тлумачыла мне, што вы арыгінальны чалавек, зусім іншы чым астатнія, а я тымчасам бачу, што вы проста самы звычайны педант. Ці не так?
- Так.
- Вы бачыце, як я разбіраюся ў людзях. Можа б мы яшчэ паехалі галопам. Альбо – не, ужо мне не хочацца, я стамілася. Ах… Калі б хоць раз у жыцці я спаткала сапраўды новага чалавека…
- А што б ад гэтага вы мелі?
- Ён бы меў новы нейкі кшталт паводзін, гаварыў бы мне новыя рэчы, часам гневаў бы мяне да слёз, потым сам смяртэльна абразіўся б на мяне, а потым – натуральна павінен быў бы перапрашаць мяне. О, гэты закахаўся б у мяне да шаленства! Упілася б у яго сэрца і памяць так, што нават у магіле не забыўся б пра мяне… Вось, такое каханне – разумею.
- А пані што б дала яму ўзамен? – спытаў Вакульскі, якому рабілася ўсё цяжэй і сумней.
- Адкуль мне ведаць? Можа і я рашылася б на якое-небудзь вар’яцтва…
- Цяпер я скажу, што гэты новы чалавек атрымаў бы ад вас, пані, - сказаў Вакульскі. Адчуваючы, што збіраецца ў ім горыч. – Спачатку, атрымаў бы доўгі спіс каханкаў ранейшых, потым, другі спіс каханкаў, якія будуць пасля яго, а ў часе антракту у яго быў бы час праверыць… ці на кані добра ляжыць сядло…
- Гэта нікчэмна, тое што вы зараз сказалі! – крыкнула пані Вансоўска, сціскаючы пугу.
- Я толькі паўтарыў тое, што пачуў ад вас: Калі аднак гавару занадта смела за такі кароткі час знаёмства…
- Так, слухаю… Можа ваша грубасць будзе больш цікавай, чым тая халодная выхаванасць, якую здаўна ведаю на памяць. Натуральна, такі чалавек, як вы, пагарджае такімі жанчынамі, як я… Ну, смялей…
- З дазвалення. Найперш не будзем ужываць занадта моцных выразаў, якія зусім не адпавядаюць сітуацыі гэтага шпацыру. Паміж намі няма гаворкі пра пачуцці, толькі пра  погляды. Вось жа, паводле майго меркавання, у вашых поглядах на каханне існуюць кантрасты, што не даюць пагадзіцца.
- Калі ласка? – здзівілася ўдоўка: - тое, што вы называеце кантрастамі, я вельмі добра спалучаю ў жыцці.
- Кажа пані пра частую змену каханкаў…
- Калі ласка, будзем называць іх маімі прыхільнікамі.
- І такім чынам, хочаце знайсці нейкага новага і незвычайнага чалавека, які б нават у магіле не забыўся на пані. Вось, наколькі я ведаю чалавечую прыроду, гэта не лепшая мэта для дасягнення. Ні вы, разбэшчаная ў сваіх поглядах, не станеце больш ашчадная. Ні чалавек незвычайны не захоча заняць месца сярод такой колькасці…
- Ён можа пра гэта не ведаць, - перапыніла удоўка.
- Ах, значыць у нас і містыфікацыя прысутная, для спраўджвання якой патрэбна, каб герой ваш быў сляпы і дурны. Але няўжо вы такога абярэце, ці ў вас самой была б адвага зводзіць чалавека, які б аж такую пані кахаў?...
- Добра, значыць я расказала б яму ўсё, закончыўшы такім чынам: памятай, што Хрыстос прабачыў Магдалене, за якую я усё ж менш грэшная, ну і як найменш - у мяне таксама прыгожыя валасы…
- І гэтага б яму хапіла?
- Я думаю, так.
- А калі б яму не хапіла?
- Я пакінула б яго ў спакоі і адышлася б.
 - Але перш упілася б яму пані ў сэрца і ў памяць так, каб  на пані нават у магіле не забыўся!... – выбухнуў Вакульскі. – Цудоўны свет, гэты ваш свет… І мілыя гэтыя жанчыны, пры якіх, калі ім чалавек па шчырай веры аддае ўласную душу, яшчэ павінен паглядаць на гадзіннік, каб не спаткаць сваіх папярэднікаў і не перашкаджаць наступнікам. Пані, нават цеста, каб вырасці, патрабуе больш доўгага часу; ці ж магчыма вялікія пачуцці выгадаваць у такой спешцы, на такім кірмашы?...
Няхай пані расквітаецца з вялікімі пачуццямі, гэта пазбаўляе ад сну і апетыту. Навошта атручваць жыццё нейкаму чалавеку, якога пэўна сёння яшчэ пані не ведае? Навошта сабе самой шкодзіць добры настрой? Лепш трымацца праграмы хуткіх і частых перамог, якія іншым не шкодзяць, а вам неяк напаўняюць жыццё.
-       Вы скончылі, пане Вакульскі?
-       Напэўна, што скончыў…
-       Таму цяпер я вам скажу. Вы ўсе подлыя…
-       Зноў моцны выраз.
-       Вашы былі мацнейшыя. Вы ўсе жабракі. Калі жанчына у пэўную пару жыцця марыць пра ідэальнае каханне, вы высмейваеце яе мары і дамагаецеся какецтва, без якога панна для вас надакучлівая, а замужняя жанчына дурніца. А толькі калі дзякуючы агульным намаганням дазволіць сабе рабіць банальную прапанову, пазіраць салодка ў вочы, паціскаць руку, у гэты час з цёмнага кута выпаўзае нейкі арыгінальны экзэмпляр у каптуры Пятра з Аменсу і ўрачыста праклінае жанчыну, створаную паводле вобраза і падабенства да сыноў Адама. “Табе ўжо нельга кахаць, ты ўжо ніколі не будзеш па-сапраўднаму каханая, бо мела няшчасце знахозіцца пасярод базару, бо страціла мары!” А хто ж яе іх пазбавіў, калі не вашы родныя браты?... І што ж гэта за свет, які спачатку пазбаўляе ідэалаў, а потым праклінае пазбаўленага?...
Пані Вансоўска дастала хустачку з кішэні і пачала яе грызці. На вейках бліснула сляза і ўпала на конскую грыву.
-       Едзьце ўжо, - закрычала яна, - вы вельмі раздражняльна павярхоўны. Едзьце, пане… едзьце і прышліце мне Старскага; яго пуставатасць больш забаўляльная чым ваша каралеўская павага…
Вакульскі пакланіўся і паехаў наперад. Ён быў у згрызотах і занепакоены.
- Куды вы едзеце?... не туды… ах, праўда, вы гатовы заблудзіцца, а пазней расказваць усім за абедам, што я вас звяла з правільнай дарогі.
За мной, калі ласка…
Ехаў праз некалькі крокаў за пані Вансоўскай і раздумваў: “значыць такі вось свет? Адны ў ім прадаюцца людзям, што амаль адной нагой у магіле, а іншыя ўяўляюць людскія сэрцы ў выглядзе паляндвіц. Дзіўная гэта жанчына усё ж такі!... не дрэнная, нават са шляхетнымі парывамі…” Праз паўгадзіны ён уз’ехаў зноў на пагоркі, з якіх бачны быў двор старшыніхі. Пані Вансоўска раптам павярнула каня і хутка пазіраючы на Вакульскага, спытала:
- Паміж намі спакой ці вайна?...
- Ці магу я быць шчырым?
- Калі ласка.
- Я вельмі ўдзячны вам. За адну гадзіну я даведаўся ад вас больш, чым за ўсё жыццё.
- Ад мяне?... Вам здаецца. У мяне пара кропель крыві венгерскай, але калі сядаю на каня, то вар’яцею і пляту недарэчнасці. Заўважце – не адступаюся ад таго, што сказала, але памыляецеся, пані, калі лічыце, што мяне ўжо ведаеце цалкам. А цяпер пацалуйце мне, пан,  руку; вы, пане,  сапраўды цікавы. Яна працягнула руку, якую Вакульскі пацалаваў, шырока адкрываючы вочы ад здзіўлення.



вторник, 13 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 раздзел 10 Чалавек, што шчаслівы ў каханні


Раздзел 10
Чалавек, што шчаслівы ў каханні

Вярнуўшыся з Парыжа ў Варшаву, Вакульскі знайшоў ужо другі ліст ад ўдавы па старшыні.
Пані настойвала, каб ён зараз жа прыязджаў і правёў у яе пару тыдняў.
“Не думай, пане Станіславе, - заканчвала яна сваё дасланне, - што запрашаю цябе з-за свежых кампліментаў у твой бок ці для таго, каб пахваліцца знаёмствам з табой. Так часам бывае, але не са мной. Я хачу толькі, каб ты адпачыў пасля сваёй цяжкай працы, а можа і забавіўся ў маім доме, дзе апрача гаспадыні, старой нуды, ты знойдзеш яшчэ таварыства маладых і прыгожых жанчын.”
Вельмі патрэбныя мне маладыя і прыгожыя жанчыны! – буркнуў Вакульскі. У наступную ж хвіліну прыйшло яму на думку: пра якія гэта кампліменты піша ўдава? Ці гэта ўжо нават у правінцыі ведаюць пра яго заробак, хаця сам я нікому пра гэта не гаварыў?
Словы ўдавы перасталі яго аднак здзіўляць, калі найперш разгледзеўся ў справах. Ад дня выезду ў Парыж абароты яго гандлю зноў узраслі і ўзрасталі з тыдня на тыдзень. У стасункі з ім увайшлі некалькі дзесяткаў новых купцоў, а адышоў магчыма адзін, стары, які напісаў пры гэтым востры ліст, што ў яго няма арсеналу, толькі звычайны скляпок тэкстыльных вырабаў, таму не бачыць цікавасці далей ўтрымліваць стасункі з фірмай Вакульскага, з якім на Новы Год мусіць урэгуляваць ўсе рахункі. Рух тавараў быў такі вялікі, што пан Ігнацы на ўласную адказанасць наняў новы склад, узяў восьмага падраспарадчага і двух экспедытараў. Калі Вакульскі нарэшце перагледзеў бухгалтарскія кнігі (па настойлівай просьбе Жэцкага ўзяўся за іх праз пару гадзін пасля вяртання з падарожжа чыгункай), пан Ігнацы адчыніў вогнетрывалую шафу-касу і з урачыстым выразам твару дастаў адтуль ліст Сузіна.
-       Што ж гэта за цырыманіял? – спытаў са смехам Вакульскі.
-       Карэспандэнцыя ад Сузіна павінна быць выключна пільнаваная, - адказаў Жэцкі з націскам. Вакульскі павёў плячыма і прачытаў ліст. Сузін прапанаваў яму на зімовыя месяцы новую справу, амаль той жа самай прыбытковасці, што і парыжская.
-       Ну і што ты адкажаш? – запытаў ён пана Ігнацыя, растлумачыўшы, у чым справа.
-       Мой Стах, - адказаў распарадчы, апускаючы вочы, - я так табе давяраю, што калі б ты нават спаліў горад, я яшчэ і тады быў бы ўпэўнены, што зрабіў гэта з шляхетнай мэтай.
-       Ты невыпраўны летуценнік, стары! – уздыхнуў Вакульскі і перапыніў размову. Ён не меў сумнення, што Ігнацы зноў далучыць яго да нейкіх палітычных пытанняў.
     Не адзін Жэцкі думаў такім чынам. Зайшоўшы ў сваё жытло, Вакульскі знайшоў цэлы пачак візітовак і лістоў. За час адсутнасці наведала яго мо сотня ўплывовых людзей, што мелі тытул і багацце, з якіх як найменш палову да гэтага часу не ведаў… Яшчэ большай асаблівасцю былі лісты. Гэта былі просьбы аб прыёме, ці просьба пратэкцыі ў дачыненні да розных улад цывільных і вайсковых ці таксама ананімы, якія як найменш то выгаворвалі яму… Адзін называў яго здраднікам, іншы падраспарадчым, які так паглыбляўся ў службу падчас працы ў Хопфера, а сёння добраахвотна апранае на сябе ліўрэю арыстакратыі, і нават больш чым арыстакратыі. Іншы ананім абяцаў яму апеку над жанчынай дрэнных паводзін, іншы даносіў, што пані Стаўска какетка і авантурніца, а Жэцкі – махляр, які ў набытым доме выкрадае ў яго аплату за пражыванне і дзеліцца з распарадчым, нейкім Вірскім.
-       “Відаць, шмат плётак пра мяне ходзіць…” – падумаў ён, пазіраючы на стос папераў.
На вуліцы таксама, наколькі меў час звяртаць увагу, заўважыў, што ён прадмет усеагульнай цікаўнасці. Мноства асоб кланяліся яму; часам зусім чужыя людзі ківалі на яго, калі праходзілі непадалёку; былі аднак і такія, што з відавочнай неахвотай адварочвалі ад яго галаву. Сярод іх ён заўважыў двух знаёмых, яшчэ з Іркуцка, што яго закранула не лепшым чынам.
“Што ж яны зноў, - прашаптаў ён, - звар’яцелі?...”
На другі дзень свайго побыту ў Варшаве ён адпісаў Сузіну, што прымае прапанову і што ў палове кастрычніка будзе ў Маскве. Познім жа вечарам ён паехаў да ўдавы, маёнтак якой знаходзіўся ў некалькіх мілях ад нядаўна пабудаванай чыгункі.
На вакзале ён заўважыў, што і тут яго асоба усіх уражвае. Сам начальнік цягніка прадставіўся і загадаў даць яму асобнае купэ; галоўны кандуктар, праводзячы яго ў вагон, сказаў, што гэта ён менавіта меў намер даць яму зручнае месца, дзе можна спаць, працаваць ці размаўляць без перашкод.
Доўгі час цягнік стаяў а потым паволі крануўся з месца. Была ўжо глыбокая ноч, безмесяцовая і бясхмарная, а на небе больш зорак, чым звычайна. Вакульскі адчыніў вакно і прыглядаўся да пейзажаў. Прыйшлі яму на думку сібірскія ночы, дзе неба бывае некалі амаль чорнае, засеянае зоркамі, як сняжынкамі, дзе Малая Мядзведзіца кружляе амаль над галавой, а Геркулес, чатырохкутнік Пегаса, Блізняты свецяць ніжэй, чым у нас над гарызонтам.
“Калі б я сёння займаўся астраноміяй, я, былы кельнер Хопфера, то ў тым выпадку, калі б там не слугаваў... – падумаў ён з горыччу. – А чуў бы што пра адкрыцці Геіста, калі б мяне Сузін пад прымусам не зацягнуў у Парыж?”
І вачыма душы ён бачыў шырокае і незвычайнае сваё жыццё, нібы размешчанае паміж далёкім Усходам і далёкім Захадам. “Усё, што  я ўмею, усё, што ў мяне ёсць, усё, што я яшчэ магу зрабіць, не паходзіць адсюль. Тут я знаходзіў толькі прыгнёт, зайздрасць ці сумніўнай вартасці воплескі, калі мне шанцавала; але калі б мне не пашанцавала, растапталі б мяне тыя самыя ногі, якія сёння згінаюцца ў каленах…”
“Я з’еду адсюль, - шаптаў ён, - з’еду!... Хіба толькі яна мяне затрымае… бо што мне дасць нават гэта багацце, калі я не магу яго ўжыць такім чынам, які мне найлепш пасуе? Чаго вартае жыццё, якое плеснявее сярод тавараў, склепаў і прыватных салонаў, дзе трэба граць у прэферанс, каб не абгаворваць, ці абгаворваць, каб не гуляць у прэферанс?...” “Цікава мне, - сказаў ён сабе праз хвіліну, - з якой мэтай настолькі важна запрашаць мяне ўдаве? А можа гэта панна Ізабэла?...” Яму зрабілася горача і пакрысе ён адчуў пэўную перамену ў душы. Ён прыгадаў сабе свайго бацьку і дзядзьку, Касю Хопфер, якая яго так кахала, Жэцкага, Леона, Шумана, князя і шмат, шмат іншых людзей, якія прадэманстравалі яму доказы несумненнай прыязнасці. Чаго вартая ўся яго навука і багацце, калі б вакол сябе не адчуваў любоў блізкіх яму сэрцаў; навошта было б найбольшае вынаходніцтва Геіста, калі б яно не павінна было стаць зброяй, якая запэўніць абавязковую перамогу расе чалавечай, найшляхетнейшай і найлепшай?
“Ёсць і ў нас нямала чаго рабіць, - шапнуў ён. – Ёсць і ўнас людзі, якіх варта вылучыць ці падмацаваць… Я занадта стары, каб рабіць вынаходніцтвы эпохі, няхай гэтым займаюцца Ахоцкія… Я абіраю іншым прынесці шчасце і самому быць шчаслівым…”
Ён прымружыў вочы і яму здавалася, што бачыць панну Ізабэлу, якая пазірае на яго дзіўным, толькі ёй уласцівым чынам і лагоднай усмешкай ухваляе яго намеры.
У дзверы купэ пастукалі і праз хвіліну з’явіўся галоўны кандуктар, гаворачы:
- Пан барон Дальскі пытаецца, ці можа ён да вас прыйсці. Едзе ў гэтым жа вагоне.
- Пан барон?... – паўтарыў Вакульскі. – Так, калі ласка, няхай заходзіць…
Галоўны кандуктар адышоўся і прычыніў дзверы, а Вакульскі прыгадаў, што барон член таварыства гандлю з Усходам і адзін з нямногіх ужо адаратараў панны Ізабэлы. “Чаго ён хоча ад мяне? – думаў Вакульскі. – Можа і ён едзе да ўдавы, каб на свежым паветры прывітаць панну Ізабэлу?... Калі яго не перагнаў гэты Старскі…”
У вагонным калідоры чутныя былі крокі і размовы; дзверы купэ зноў адчыніліся і з’явіўся галоўны кандуктар, а побач з ім вельмі худы пан, з маленькімі сіваватымі вусікамі, яшчэ меншай бародкай амаль сівай і добра сівой галавой.
“Пэўна гэта не ён? – думаў Вакульскі. – Той быў зусім чорны…”
-       Вельмі перапрашаю, што вас непакою, - прамовіў барон, хістаючыся ад руху цягніка. – Вельмі… Я не асмеліўся б перапыняць вашу самоту, калі б не тое, што я хачу запытаць: ці вы не едзеце часам да нашай шаноўнай удавы, якая вас ужо тыдзень чакае?
-       Якраз да яе еду. Вітаю вас, пане барон. Сядайце.
-       Вось і добра! – усклікнуў барон, - бо і я туды еду. Амаль два месяцы я там жыву. Гэта значыць… пане… не столькі жыву, колькі часта прыязджаю. То ад сябе, дзе мой дом аднаўляюць, то з Варшавы… Цяпер я вяртаюся з Вены, дзе я купляў мэблю, але правяду тут толькі пару дзён, бо, пане, павінен замяніць усё абабіццё ў палацы, якое замянілі не раней як два тыдні таму. Але што ж рабіць… не спадабалася, таму будзем аддзіраць, няма рады!...
Ён смяяўся і лыпаў вачыма, а Вакульскага прабралі дрыжыкі. “Для каго ж гэтая мэбля?... Каму не спадабалася абабіццё?...” – пытаў сам сябе з трывогай.
-       Шаноўны пане, - працягваў барон, - ужо скончыў сваю місію. Віншую!... – дадаў, паціскаючы яму руку. – З першага, пане, позірку вока я адчуў да вас прыхільнасць і сімпатыю, якая цяпер ператварылася ў сапраўдную пашану... Так, пане. Наш адыход ад палітычнага жыцця зрабіў нам шмат шкоды. Вы, пане, першы зламалі неразумнае правіла ўстрымання і за гэта, пане, павага... Мы павінны цікавіцца справамі дзяржавы, у якой знаходзіцца наша ўласнасць, дзе знаходзіцца наша будучае...
-       Я не разумею вас, пан барон, - перапыніў яго раптам Вакульскі.
Барон так збянтэжыўся, што на працягу хвіліны сядзеў без руху і голасу. Нарэшце прагаварыў:
- Перапрашаю!... Сапраўды, я не меў намеру... Але лічу, што мая прыхільнасць да шаноўнай удавы па старшыні, якая, пане, так...
- Скончым, пане, з высвятленнямі, - прамовіў са смехам Вакульскі, паціскаючы яго руку. – Вы задаволены венскімі справамі?
- Вельмі... пане... вельмі... Хаця, ці паверыце, была хвіліна, што паводле парад шаноўнай пані ўдавы я меў намер непакоіць вас у Парыжы...
- Ахвотна служыў бы вам... У чым жа была справа?
- Я хацеў адтуль брыльянтавы камплект, - сказаў барон. – Але ў Вене трапіліся мне прыгожыя сапфіры…
Якраз яны ў мяне пры сабе і калі вы дазволіце… Вы знаўца каштоўных камянёў?...
“Для каго гэтыя сапфіры?” – думаў Вакульскі. Ён хацеў пасунуцца на сядзенні, але адчуў, што не можа падняць ні рукі, ні выпрастаць ногі.
Барон тымчасам выняў з розных кішэняў чатыры саф’янавыя скрыначкі, паставіў іх на лаўцы і па чарзе пачаў адкрываць.
-       Вось бранзалет, - сказаў ён – праўда, такі сціплы, адзін камень… Брошка і завушнічкі ўжо больш прыгожыя; я папрасіў нават змяніць аправу… А гэта калье… Простае, але вельмі густоўнае і можа таму прыгожае… Але бляск ёсць, ці не так, пане?...
Кажучы так, ён перасоўваў сапфіры перад вачыма Вакульскага пад міргатлівы бляск свечкі.
-       Не падабаецца вам? – спытаў раптам барон, заўважыўшы, што яго таварыш не адказвае.
-       Так, вельмі прыгожа. Каму ж гэта вы вязеце такі падарунак?
-       Маёй нарачонай, - адказаў барон з тонам здзіўлення. – Я лічыў, што ўдава гаварыла вам пра наша сямейнае шчасце…
-       Нічога…
-       А менавіта сёння пяць тыдняў, як я зрабіў прапанову і яна была прынятая.
-       Каму ж вы зрабілі прапанову?... Удаве?... – прамовіў ён ужо іншым голасам.
-       Ды не!... – закрычаў барон, адсоўваючыся. -  Я зрабіў прапанову панне Эвеліне Яноцкай, унучцы ўдавы… Вы яе не памятаеце? Яна была ў графіні ў гэтым годзе на прыёме ў гонар Вялікадня, вы не заўважылі яе, пане?...
Доўгая паўза працягнулася, перш чым Вакульскі ўцяміў, што панна Эвеліна Яноцкая гэта не панна Ізабэла Ленцкая, што барон не рабіў прапанову панне Ізабэле і што не для яе ён вязе сапфіры.
- Я перапрашаю вас, - звярнуўся ён да занепакоенага барона, - але я такі разладаваны, што папросту не ведаў, што гавару...
Барон сарваўся з сядзення і хутка пачаў хаваць скрыначкі.
- Што за няўвага з майго боку! – усклікнуў ён. – Якраз я заўважыў у вачах вашых стому і нягледзячы на гэта я асмеліўся патрывожыць ваш сон…
- Не, пане, спаць я не збіраюся і прыемна мне будзе быць рэшту дарогі ў вашым таварыстве. Гэта хвілінная слабасць, якая ўжо прайшла.
Барон спачатку развітваўся і хацеў выходзіць, але бачачы, што Вакульскі істотна ажывіўся, прысеў, запэўніваючы, што толькі на пару хвілін. Ён адчуваў патрэбу расказаць камусьці аб сваім шчасці.
- Бо што гэта за жанчына! – гаварыў барон з усё большай жэстыкуляцыяй. Калі я, пане, з ёй пазнаёміўся, яна мне падалася халоднай як статуя і занятая толькі строямі. Толькі цяпер я бачу, якія гэта скарбы пачуццяў… Апранацца любіць як кожная жанчына, але што за розум!... Нікому б гэтага не сказаў, што цяпер скажу вам, пане Вакульскі. Я вельмі маладым пачаў сівець і не без таго, каб ад часу да часу не кранаў вусы фіксатуарам. Ну і хто б, пане, падумаў: ледзь заўважыла гэта, раз і назаўсёды забараніла мне фіксатуаравацца; сказала, што ёй вельмі падабаюцца сівыя валасы і што для яе сапраўды прыгожым можа быць толькі сівы мужчына. “А пра сіваватых што вы думаеце?”, - спытаў я. “Што яны толькі крыху мне цікавыя!” – адказала яна… А як яна гэта гаворыць!... Я вам не надакучваю, пане Вакульскі?
- Але ж, пане!... Вельмі мне прыемна спаткаць шчаслівага чалавека.
- Сапраўды я шчаслівы, і то такім чынам, які для мяне самога з’яўляецца неспадзяванкай, - працягваў барон. – Бо пра жаніцьбу я заўсёды думаў, ужо некалькі гадоў мне раяць яе дактары. Ну і планаваў, што вазьму сабе пані, прыгожую жанчыну, добра выхаваную з прозвішчам і якая можа сябе падаць, и як найменш не вымагаючы ад яе пэўнага рамантычнага кахання. Тымчасам маеце: само каханне заступае мне дарогу і адным позіркам разводзіць пажар у сэрцы... Сапраўды, пане Вакульскі, я закаханы... не – я вар’яцею... Я б нікому гэтага не сказаў, але вам, да каго ад першай хвіліны я адчуў ледзь не братэрскую сімпатыю... Я звар’яцеў...Я думаю толькі пра яе, калі сплю – яна мне сніцца, калі яе не бачу – то, пане, нібыта хварэю. Няма апетыту, сумныя думкі, нейкае бясконцае разладаванне…
Тое, што вам зараз скажу, пане Вакульскі, малю, каб вы не паўтаралі нават самому сабе. Я хацеў яе ўзяць з сабой на спробу; гэта нізка, ці не так, пане? Але цяжка, чалавек амаль не верыць у шчасце. Хочучы яе тады ўзяць на спробу (але нікому ані слоўца пра гэта, пане!), я загадаў напісаць праект інтэрна, паводле якога, калі б шлюб не дайшоў да вянца па чыёй-небудзь віне (вы разумееце?) – я заплаціў бы пяцьдзесят тысяч рублёў панне за працу. Сэрца ў мяне дранцвела ад страху, што… а ну як пакіне мяне?... Але што вы скажаце? Калі ёй удава узгадала пра гэты праект, панна ў плач… “Што ж гэта, - сказала яна, - ён думае, што я адракуся ад яго дзеля нейкіх пяцідзесяці тысяч рублёў? Бо калі разлічвае на зацікаўленасць і не знаходзіць ніякіх вышэйшых пабуджэнняў у сэрцы жанчыны, то канечне павінен разумець, што за пяцьдзесят тысяч я не аддам мільён…”
Калі мне гэта паўтарыла удава, я забег у пакой панны Эвеліны і не сказаўшы ні слоўца, упаў да яе ног… цяпер у Варшаве я зрабіў запавет, а ў ім назваў яе адзінай і выключнай спадкаемніцай, хоць бы я і памёр перад шлюбам. Уся мая сям’я на працягу ўсяго жыцця не дала мне столькі шчасця, колькі гэтае дзіця на працягу некалькіх тыдняў. А што будзе пазней?... Што будзе пазней, пане Вакульскі?... Я нікому не задаў бы падобнага пытання, -  закончыў барон, моцна торгаючы яго за руку. – Ну, дабранач…
“Забаўная гісторыя! – буркнуў Вакульскі пасля таго як барон пайшоў. – Гэты стары сапраўды загруз па шыю…” І не мог адкінуць вобраз барона, які як цень то выплываў на амарантавым фоне сядзення. Таму пазіраў на яго худы твар, на якім палаў румянец колеру цэглы, на валасы, нібы пасыпаныя мукой, на вочы вялікія і запалыя, у якіх цяпліўся нездаровы бляск. Камічнае і разам з тым сумнае ўражанне рабілі выбухі моцнага пачуцця ў чалавеку, які без супынку замотваў сабе шыю, правяраў, ці добра зачынена вакно, і сядаў у купэ кожны раз на іншае месца з-за скразнякоў.
“Ну і вопратка! – думаў Вакульскі. – Ці магчыма, каб маладая панна магла закахацца ў такую мумію? З пэўнасцю, ён на дзесяць гадоў старэйшы за мяне, а які недалуга, які да таго наіўны!...
Добра, але калі гэтая панна сапраўды яго кахае?... Бо цяжка дапусціць, каб яна яго ашуквала. Увогуле, жанчыны больш шляхетныя, чым мужчыны; не толькі менш робяць дрэнных учынкаў, але і прысвячаюць сябе нашмат часцей за нас. Калі ж з цяжкасцю знайшоўся б настолькі подлы мужчына, які ад раніцы да ночы маніў бы ёй з-за грошай, то ці можна меркаваць што-небудзь падобнае пра жанчыну, маладую панну, выхаваную сярод шляхетнай сям’і?
Відавочна штосьці ёй стрэліла да галавы і павінна быць таксама крыху вар’яткай, калі не яго ўзроўню, то стану. Інакш яна павінна была б згадзіцца, што грае камедыю, а барон павінен бы быў заўважыць гэта, бо каханне пазірае праз мікраскоп. А калі маладая дзяўчына можа пакахаць такога дзеда, то чаму ж бы мяне не магла б пакахаць тая?...”
“Заўсёды я вяртаюся да свайго! – шапнуў ён. – Гэтая думка стала ўжо кшталтам навязлівай ідэі…”
Ён падняў вакно, зачыненае баронам і для таго, каб адкінуць клопатныя ўспаміны, пачаў зноў прыглядацца да неба. Квадрат Пегаса апускаўся ўжо на захад, а на ўсходзе ўзнімаўся Бык, Арыён, Малы Сабака і Блізняты. Ён прыглядаўся да шматлікіх зорак, які былі густа рассеяны у гэтай частцы неба, і прыйшла яму на думку гэта дзіўная, нябачная прыцягальная сіла, якая далёкія прасторы звязвае ў адно мацней, чым гэта маглі б зрабіць якія-небудзь матэрыяльныя ланцугі.
“Прыцягненне – прывязанасць, гэта ж па сутнасці адно і тое ж самае: сіла настолькі вялікая, што ўсё за сабой вядзе, і такая плённая, што нараджаецца з яе ўсялякае жыццё. Калі мы пазбавім Зямлю ад яе прыцягнення да Сонца, то яна адляціць кудысьці ў касмічную прастору і праз пару гадоў стане крышталем лёду. Змесцім жа нейкую зорку, якая туляецца, у сферу Сонечнай сістэмы. І хто ведае, ці і на ёй не абудзіцца жыццё? Чаму ж тады барону выходзіць з-пад закону прыцягнення, якое пранізвае ўсю прыроду? І ці паміж ім і яго паннай Эвелінай большая бездань, чым паміж Зямлёй і Сонцам? Што тут дзівіцца з вар’яцтва людзей, калі такім жа чынам вар’яцеюць іншыя прасторы…”
Тымчасам цягнік ішоў павольна, падоўгу затрымліваючыся на станцыях. Паветра зрабілася халодным, на ўсходзе пачалі блякнуць зоркі. Вакульскі зачыніў акно і лёг на квяцістай канапе.
“Калі, - думаў ён, - магла закахацца ў барона, то чаму ж бы я … Бо яго ж я не ашукваю… Жанчыны ўвогуле больш шляхетныя за нас… менш хлусяць…”
-       Калі ласка, тут вам выходзіць… Пан барон ужо п’е гарбату.
Вакульскі падхапіўся: над ім стаяў кандуктар і абуджаў яго вельмі ашчадным чынам. – Як гэта, ужо дзень?- спытаў ён здзіўлены. – О, ужо дзевятая гадзіна і амаль паўгадзіны мы стаім на станцыі. Я не абуджаў вас, бо пан барон не загадваў, але ж вось цягнік зараз рушыць далей…
Вакульскі хутка выйшаў. Станцыя была новая, яшчэ не цалкам завершаная. Нягледзячы на гэта далі яму вады для ранішняга туалету і пачысцілі аддзенне. Ён прачнуўся ўжо цалкам і ўвайшоў у малы буфет, дзе барон, прамянеючы ад шчасця, піў ужо трэцюю шклянку гарбаты.
-       Дзень добры! – закрычаў барон, з фамільярным пацісканнем рукі Вакульскага. – Пане гаспадар, гарбаты для пана… Прыгожы дзень, праўда, акурат для шпацыру коннага. Але ж і ўчынілі нам фокус!
-       Што зрабілася?
-       Мы павінны чакаць коней, - працягваў барон. – Шчасце, што а другой уночы адаслаў дэпешу пра ваш прыезд. Бо раней таксама выслаў да ўдавы дэпешу з Варшавы, але кажа мне распарадчы, што я памыліўся і замовіў коней на заўтра. Шчасце, пане, што я тэлеграфаваў  сёння дарогаю. А трэцяй даслалі адтуль нарачнага, а шостай удава атрымала тэлеграму, а восьмай самае позняе выслалі коней. Пачакайма яшчэ з гадзіну, але затое лепш пазнаеце ваколіцу. Вельмі, пане, прыгожая мясцовасць…
Пасля снедання выйшлі яны на перон. Ваколіца з гэтага пункту здавалася плоскай і амаль без лесу; тут і там відаць былі купы дрэў, а сярод іх групы мураваных будынкаў.
-       Гэта дваранскае жытло? – спытаў Вакульскі.
-       А так… шмат шляхты жыве ў гэтай ваколіцы. Зямля дбайна дагледжана; вось люпін, канюшына…
-       Вёскі я не бачу, - заўважыў Вакульскі.
-       Бо гэта дваранскія землі, а вы ж ведаеце прыказку: На дваранскім полі шмат сціртаў, на сялянскім – шмат людзей...
-       Чуў, - прамовіў раптам Вакульскі, - што ва ўдавы збіраецца шмат гасцей.
-       Ах, пане! – закрычаў барон, - калі трапіцца добрая нядзеля, то як бы вам патрапіць на баль дваран: з’язджаецца каля дваццаці асоб. І нават сёння мы маглі б знайсці  суквецце пастаянных гасцей. Ну, перадусім там бавіцца мая нарачоная. Далей – пані Вансоўска, міленькая ўдоўка, гадоў трыццаці, з вялікім багаццем. Мне здаецца, што ўвіваецца за ёй Старскі. Вы ведаеце Старскага?... Непрыемная постаць: нахабнік, пане, вялікі нахабнік… Я дзіўлюся, далібог, што жанчына з такім розумам і густам як пані Вансоўска можа знаходзіць прыемнасць у таварыстве падобнага легкадумніка.
-       Хто ж больш? – пытаў Вакульскі.
-       Ёсць яшчэ Феля Яноцкая, стрыечная сястра маёй пасіі; вельмі мілае дзіця, дзесьці гадкоў  васемнаццаць ёй. Ну, ёсць Ахоцкі…
-       Ёсць?... Што ж ён там робіць?
-       Калі я выязджаў, то цэлымі днямі лавіў рыбу. Але паколькі густ змяняецца ў яго часта, то я не ўпэўнены, што не ўбачу яго цяпер як паляўнічага… Але што ж гэта за шляхетны малады чалавек, што за розум!... Ну і заслугі ўжо мае; зрабіў некалькі вынаходніцтваў.
-       Так, гэта няпросты чалавек, - прамовіў Вакульскі. – Хто ж яшчэ бавіцца ва ўдавы?
-       Ды вось здаецца і ўсё, але  вось яшчэ вельмі часта прыязджаюць на некалькі дзён, часам на тыдзень, пан Ленцкі з дачкой. Вытанчаная асоба, - гаварыў далей барон, - поўная рэдкіх  рысаў. Пэўна ж вы іх ведаеце? Шчаслівы той, каму яна аддасць сэрца і руку! Што там, пане, за манеры, што за розум; далібог, пакланяцца ёй можна як сапраўднай багіні... Ці не так?
Вакульскі аглядаўся па баках, бо не мог знайсці адказу. На шчасце, выбег у гэтую хвіліну служка станцыйны, паведамляючы барону, што прыбыў экіпаж.
- Выключна! – закрычаў барон і даў яму пару залатовак. – Аднясі, кахане, нашы рэчы, а мы, пане, паедзем... Праз дзве гадзіны вы пазнаёміцеся з маёй нарачонай.