воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 раздзел 1 Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і як – розум


TOM II

Раздзел 1

Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і  як – розум



Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег са свайго склепа на вуліцу. Цесны пакой душыў яго, а размова з Жэцкім, на працягу якой распарадчы перасцярагаў яго і рабіў заўвагі, здавалася яму незвычайна неразумнай; ці не смешна, каб стары і астылы нежанаты чалавек, які верыць толькі ў склеп і ў Банапартаў, папракаў яго ў шаленстве!...
“Што ж я раблю дрэннага, - думаў Вакульскі, - што кахаю?... Можа крыху позна, але за ўсё жыццё я не дазваляў сабе падобнай раскошы. Кахаюць мільёны людзей, кахае увесь свет, які адчувае, чаму ж мне аднаму гэта павінна быць забаронена? Калі гэты асноўны пункт мае сэнс быцця, то мае яго ўсё, што раблю. Хто хоча ажаніцца, павінен валодаць багаццем, значыць – я здабыў багацце. Павінен наблізіцца да абранай жанчыны – я ужо наблізіўся. Павінен клапаціцца пра яе матэрыяльны быт і ахоўваць ад ворагаў – а я раблю і адно, і другое. Ці ў гэтым дамаганні шчасця я пакрыўдзіў каго? Ці не выконваю абавязкі у адносінах да грамадства і блізкіх?... Ах, гэтыя любыя блізкія і гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і рабіла мне ўсялякія перашкоды, і заўсёды ўзгадвае пра ахвяры з майго боку… Але менавіта гэта, што яны сёння называюць шаленствам, штурхае мяне да выканання нейкіх фікцыйных абавязкаў. Калі б не яно, я сядзеў бы сёння як моль у кніжках і некалькі соцен асоб мелі б меншыя заробкі. Дык чаго яны хочуць ад мяне? – пытаў ён сам сябе раздражнёны.
Рух на свежым паветры супакоіў яго; ён дайшоў да Алеі Іерусалімскай і павярнуў па ёй да Віслы. Абвеяў яго свежы вецер з усходу і разбудзіў тыя неакрэсленыя пачуцці, якія так жыва нагадваюць дзяцінства. Яму здавалася, што яшчэ на Новым Свеце быў дзіцем і што яшчэ адчувае ў сабе дрыжанне хваляў маладой крыві. Ён усміхаўся развозчыку пяску, які вёз свой тавар на бедалагу-кані ў паўдаўгаватай срыні, а жабрачка, падобная да вядзьмачкі, падалася яму вельмі мілай старэчай; радаваў яго свіст, які чуўся на фабрыцы і ён хацеў пагутарыць з грамадкай свавольнікаў-хлапчукоў, якія стаўшы на натуральным узвышэнні кідалі каменнем па праходзячых яўрэях. Упарта адганяў ад сябе думкі пра сённяшні ліст і заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў быць цвярозым, але гарачае пачуццё перамагло.
“Чаму яны мяне запрасілі? – пытаў ён, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ўнутры сябе. – Панна Ізабэла хоча са мной пазнаёміцца… Але ж відавочна даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!... Былі б напэўна сляпыя ці ідыёты, калі б не заўважылі, што са мной робіцца з-за яе…”
Ён пачаў так дрыжаць, што зуб на зуб не трапляў; тады ў ім адазваўся прыглушаны розум.
“З дазвалення. Ад аднаго абеду і аднаго візіту яшчэ вельмі далёка да больш блізкага знаёмства. На тысячу бліжэйшых знаёмстваў ледзь ці адно прыводзіць да шлюбнай прапановы; на дзесяць прапаноў – ледзьве ці адна прымаецца, а і з гэтых ледзьве палова заканчваецца шлюбам. Трэба быць поўным вар’ятам, каб нават пры бліжэйшым знаёмстве думаць пра шлюб, за які ледзьве адзін, а супраць якога з дваццаць шанцаў… Зразумела ці незразумела?”
Вакульскі мусіў прызнаць, што зразумела. Калі б любое знаёмства прыводзіла да шлюбу, кожная жанчына павінна была б мець больш дзесятка мужоў, кожны мужчына больш дзесятка жонак, каралі не справіліся б са шлюбамі, а ўвесь свет ператварыўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў.
Ён жа, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмцам  панны Ленцкай, але толькі знаходзіўся напярэдадні выпадку іх знаёмства.
“Што ж я атрымаў, - спытаў ён, - пасля балгарскіх небяспек і тутэйшых скачак ці дуэляў?...”
“Ты атрымаў большы шанц, - патлумачыў розум, - год таму ў цябе быў можа адзін са сто ці адзін з дваццаці мільёнаў верагоднасці, што ты з ёй ажэнішся, а праз год можа будзе адна дваццацітысячная…”
“праз год?... – паўтарыў Вакульскі і зноў ахапіў яго якісьці жорсткі холад. Аднак ён з яго выбраўся і запытаў: - А калі панна Ізабэла пакахае мяне ці ўжо кахае?...”
“Напярод, - належала б ведаць, ці панна Ізабэла ўвогуле можа кахаць каго-небудзь…”
“Дык ці ж яна не жанчына?”
“Трапляюцца жанчыны з дэфектам маральным, няздольныя кахаць увогуле нікога, апрача сваіх мімалётных капрызаў; гэта такі ж недахоп, як: глухата, слепата ці параліч, толькі менш відавочная.”
“Дапусцім…”
“Добра, - гаварыў далей голас, які Вакульскаму нагадваў сварлівае бурчанне доктара Шумана, - і калі гэтая пані ўвогуле магла кагосьці кахаць, то надыходзіць іншае пытанне: ці пакахае цябе?”
“ Я ж не такі агідны.”
“Але, можаш ім быць, як самы прыгожы леў агідны для каровы ці арол для гусыні. Бачыш, гавару табе нават кампліменты: параўноўваю цябе з ільвом і арлом, якія нягледзячы на ўсе свае станоўчыя рысы абуджаюць аднак агіду ў самак іншага віду. Таму пазбягай жанчын іншага гатунку чым твой…”
Вакульскі прачнуўся і пачаў азірацца. Ён быў ужо недалёка ад Віслы, каля драўляных свіранаў, а праязджаючыя фурманкі засыпалі яго чорным пылам. Хутка павярнуў да горада і пачаў разважаць.
“Ува мне два чалавекі – гаварыў ён – адзін цалкам разумны, другі вар’ят. Хто ж пераможа?... Ах, пра гэта я не клапачуся. Але што я зраблю, калі выйграе той, разумнік?... Што ж гэта за дрэнная рэч: валодаючы вялікім капіталам пачуццяў аддаць яго самцы іншага віду: карове, гусыні ці камусьці яшчэ больш горшаму?... Што ж гэта за прыніжэнне смяяца з трыўмфаў якогасьці быка ці гусака, і адначасова плакаць над уласным сэрцам, якое так балюча разадранае, так ганебна патаптанае?... Ці варта жыць далей у падобных умовах?”
І пры адной думцы аб гэтым Вакульскі адчуў прагу смерці, але такой поўнай , каб нават рэшткі яго праху не засталіся на зямлі. Паступова аднак ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў задумвацца ужо зусім холадна над наступным: ці на заўтрашні абед апрануць фрак, ці сурдут?... Або ці да заўтра не здарыцца якаясьці непрадбачаная перашкода, якая зноў не дазволіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым яшчэ зрабіў рахаванне апошніх гандлёвых абаротаў, выслаў пару тэлеграм у Маскву і Санкт-Пецярбург, і нарэшце напісаў ліст да старога Шлангбаума, прапануючы, каб яму пазычыў сваё прозвішча з мэтай набыцця дому Ленцкіх.
“Мецэнат мае рацыю, - думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужым імем. Інакш яны маглі б мяне падазраваць у жаданні выкарыстання іх ці – што горш – палічыць, што ў мяне намер аказаць ім ласку!...” Аднак жа пад покрывам звычайных заняткаў кіпела ў ім бура. Розум гучна прамаўляў, што заўтрашні абед нічога не азначае і не прадказвае. А надзея ціха… ціха шаптала, што – можа яго кахаюць, а можа толькі пачнуць кахаць. Але ціха… так ціха, што Вакульскі з найвялікшай увагай павінен прыслухоўвацца да яе шэпту. Наступны дзень, поўны значэння для Вакульскага, не адзначыўся ніякай асаблівасцю ні ў Варшаве, ні ў прыродзе.
Тут і там на вуліцы клубіўся пыл, узняты мётламі дворнікаў, фурманкі рухаліся без памяці ці затрымліваліся без прычыны, а бясконцы паток прахожых цягнуўся у адзін і другі бок толькі дзеля таго, напэўна, каб падтрымліваць рух у горадзе. Некалі каля сцен дамоў прасоўваліся людзі абадраныя, сагнутыя, з рукамі, уцягнутымі ў рукавы, як бы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам на сярэдзіне вуліцы паказваўся сялянскі воз, напоўнены бляшанымі бідонамі, і якім кіравала ўдалая жанчына ў сінім каптане і чырвонай хустцы на галаве.
Усё гэта раілася паміж дзвюмя доўгімі сценамі камяніц, пярэстабарвовых, над якімі ўзвышаліся ўзнесеныя фасады храмаў. На абодвух канцах вуліцы, нібы пільнуючы горад як вартавыя, узнімаліся два помнікі. З аднаго боку кароль Зыгмунт, які стаяў на вялізнай свечцы, нахіляўся да Бернардынцаў, відавочна жадаючы штосьці расказаць прахожым. З другога канца нерухомы Капернік, з нерухомым глобусам у руцэ, павярнуўся спіной да сонца, якое на дзень выходзіла з-за дома Карася, узнімалася над палацам Таварыства Сяброў Навук і хавалася за дом Замойскіх нібы наперакор афарызму: “Затрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым менавіта кірунку выглядаў са свайго балкону, мімаволі ўдыхнуў, узгадаўшы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома былі насільшчыкі і пільшчыкі, якія не вызначаліся, як вядома, вельмі дакладным знаёмствам з заслугамі Каперніка.
“Што яму ад таго, - думаў ён, - што ў некалькіх кнігах называюць яго гонарам народу… Працу для шчасця – разумею, але працы для фікцыі, якая называецца грамадскім дабром ці славай… я б не кранаў грамадства, няхай само пра сябе думае, а слава… Што мне перашкаджае ўяўляць сабе, што я ўжо валодаю славай напрыклад на Сірыусе? А Капернік жа не знаходзіцца сёння ў лепшым становішчы адносна зямлі і столькі яму справы да ўласнай статуі ў Варшаве, як мне да піраміды на планеце Вега!... Тры стагоддзі славы я аддам за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі з маёй дурноты, што некалі думаў інакш”. Як бы ў адказ на гэта заўважыўна другім баку вуліцы Ахоцкага; вялікі апантаны ішоў свабодна, с пахіленай галавой і рукамі ў кішэнях. Просты гэты збег выпадкаў глыбока закрануў Вакульскага; праз хвіліну паверыў нават у прадчуванне і падумаў з радаснай гордасцю:
“Ці не прадказвае мне гэта, што ў яго будзе слава Каперніка, а ў мяне – шчасце?... Дык будуй жа сабе лятальныя апараты, толькі пакінь мне сваю кузінку!... – Што гэта зноў за прымхі?... – апамятаўся ён праз хвіліну.   Я і прымхі!... У любым выпадку падабалася яму думка, што ў Ахоцкага будзе бессмяротная слава, а ў яго – жывая панна Ізабэла. Сэрца напоўніла яму бадзёрасць. Ён жартаваў над сабой, але нягледзячы на гэта адчуваў, што неяк больш у яго спакою і адвагі.
“Ну дапусцім, - сказаў ён, - што ў выніку пасля ўсіх маіх намаганняў – адмовіць мне… Ну?... слова гонару, што тут жа вазьму ўтрыманку і буду з ёй сядзець у тэатры каля ложы сям’і Ленцкіх. Слаўная пані Мелітон, а можа і гэты… Марушэвіч знойдуць мне жанчыну, з падобнымі да яе рысамі ( за больш дзесяці тысяч рублёў можна і гэта нават знайсці). Ад стоп да галавы апрану яе ў карункі, засыплю каштоўнасцямі, і тады пераканаемся, што перад ёй  памеркне панна Ізабэла. – Няхай жа сабе потым ідзе замуж хоць за маршалка, хоць за барона…”
Але ад думкі пра замуства панны Ізабэлы яго апанавала злосць і роспач. У такую хвіліну – ён хацеў бы увесь свет набіць дынамітам і ўзарваць. Але зноў апрытомнеў.
“Ну і што ж бы я зрабіў, калі б падабалася ёй выйсці замуж?... Не, нават калі б падабалася ёй мець каханкаў: аднойчы майго прыказчыка, другі раз якога-небудзь афіцэра, трэці раз фурмана ці лёкая… Ну і што б я меў зрабіць?...” Павага да чужой асобы і свабоды была ў ім настолькі вялікая, што перад ёй згіналася нават яго вар’яцтва.
“Што ж я зраблю…што ж зраблю?...” – паўтараў ён, сціскаючы далоньмі гарачую галаву.
На гадзіну забег у склеп, зрабіў некалькі спраў і вярнуўся да сябе; а чацвёртай слуга дастаў яму з камоду бялізну і прыйшоў фрыз’ер пагаліць яго і прычасаць.
-       Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаў ён у фрыз’ера.
-       Нічога, а будзе горш; кангрэс берлінскі думае як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а яўрэі – як давесці нас да рэшты… адказваў малады мастак, прыгожы як серафім, спрытны – нібы збег з часопісу для краўцоў.
Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і намыльваючы яму шчокі з хуткасцю бліскавіцы, казаў далей:
- У горадзе, пане, ціха да часу, а зрэшты нічога. Я быў учора з таварыствам на Кэмпе Саскай, але што ж гэта, пане, за ардынарная моладзь!... Яны патаўкліся ў танцы і калі ласка, мой пане, уявіце сабе… Галаву трохі вышэй, сіль ву пле…
- Патаўкліся ў танцы, - працягваў франт, бліскаючы ў яго перад вачамі лязом,  - і ўявіце сабе, што адзін хацеў ударыць другога ў твар, - а ўдарыў даму!... Пачаўся шум… дуэль… Мяне натуральна абралі секундантам і як раз быў сёння заклапочаны, бо ў мяне быў  толькі адзін пісталет, калі паўгадзіны таму прыходзіць да мяне крыўдзіцель і кажа, што ён не дурны страляцца і што пакрыўджаны  - можа яго перапрасіць, каб толькі адзін раз… Галаву направа. Сіль ву пле… Але ці ведаеце, пане, я быў так абураны (паўгадзіны таму), што схапіў хлоца за каўнер, каленам пад зад і – вон! За дзверы! З такім блазнам страляцца нельга, нэспа?... Цяпер налева, сіль ву пле. – Скончыў галіць, абмыў Вакульскаму твару і абхінуўшы яго ў строй, падобны да смяротнай кашулі дэліквентаў, працягваў далей:
- Я дарэчы ніколі у пана дабрадзея не заўважыў ні следу жанчыны: хоць прыходжу ў розны час…
Узяў у рукі грэбень і шчотку і пачаў прычэсваць.
-       Я прыходжу у розны час, а вока, пане, маю на гэтыя рэчы… ну!... Нягледзячы на гэта ані рубчыка спаднічкі, ні пантофельчыка, ні кавалачка стужкі! А нават аднойчы ў аднаго каноніка здарылася мне бачыць гарсэт; праўда, што знайшоў яго на вуліцы і якраз хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А, пане, у афіцэраў, асабліва ў гусараў!... (галаву ўніз, сіль ву пле…) Цэлая процьма!... У аднаго, пане, я сустрэў аж чатыры маладыя дамы і ўсе смяяліся… З таго часу, даю слова гонару, заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён мяне пакінуў і павінен мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна я мог даць шэсць рублёў, то хіба мне шкада пяці рублёў для такога віртуоза… Можа крыху падчарніць валасы, je suppose pue oui? (мяркую, што так)?
-       Вельмі вам удзячны, - адказаў Вакульскі.
-       Я дадумаўся да таго, уздыхнуў фрыз’ер. – Што ў шаноўным пане няма следу прэтэнзіі, а гэта дрэнна!... Я ведаю некалькіх балерынак, якія ахвотна завязалі з панам адносіны, і слова гонару даю, што варта! Цудоўна складзены, мускулы дубовыя, бюст як матрац на спружынах, рухі поўныя грацыі і зусім не перабольшаныя жаданні, асабліва па маладосці. Бо жанчына, пане, чым старэйшая, тым даражэйшая, напэўна і таму ніхто не западае на шасцідзесяцігадовых, бо ўжо няма ёй цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!... Пачаткоўцы ж дасць пан тры тысячы рублікаў у год, некалькі прэзенцікаў і будзе пану верная… Ах, гэтыя жанчынкі!... Я з-за іх неўралгію прыдбаў, але не магу на іх злавацца…
      Скончыў сваё мастацтва, пакланіўся паводле самых прыгожых правіл і выйшаў з усмешкай; пазіраючы на яго цудоўны выраз твару і партфель, у якім насіў шчоткі і лёзы, можна было яго прыняць за чыноўніка з міністэрства.
      Вакульскі пасля яго адыходу нават не падумаў пра маладых і непатрабавальных балерынак; займала яго вялікай важнасці пытанне, якое ён выражаў двума словамі: фрак ці сурдут? “Калі апрану фрак, буду падобны да элеганта, які прытрымліваецца правіл, да якіх мне ўвогуле няма справы. А калі апрану сурдут, магу абразіць Ленцкіх. Зрэшты няхай знойдзецца хто-небудзь нейтральны. Няма рады, калі я дайшоў да такога блазанства, як уласны экіпаж і конь на скачках, то ўжо фрак павінен апрануць!”
Так медытуючы, ён смяяўся з гэтай бездані дзяцінстваў, да якой штурхала яго знаёмства з паннай Ізабэлай.
“Ах, мой стары Хопфер! – сказаў ён – о вы, мае сябры універсітэцкія і сібірскія, ці хто з вас уяўляў сабе мяне, займаючымся падобнымі пытаннямі?...”
Ён апрануўся ў фракавы гарнітур і стаўшы перад люстрам адчуў задавальненне. Гэты абціслы строй найлепш падкрэсліваў яго атлетычныя формы.
Коні чакалі ужо чвэрць гадзіны і было ўжо палова шостай. Вакульскі апрануў лёгкае паліто і пакінуў жытло. Сядаючы ў экіпаж, ён быў вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, які ідзе насустрач небяспецы.

суббота, 10 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том1 раздзел 14 Дзявочыя мары


Раздзел 14
Дзявочыя мары


Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх роздумах уражвала яе незвычайная дэталь: чалавек гэты уяўляўся штораз інакш.
Панна Ізабэла мела шмат знаёмых і немалую здольнасць характарызаваць людзей.  Дык вось кожны з яе ранейшых знаёмых валодаў той асаблівасцю, што можна яго было апісаць адным сказам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – вельмі спрытны, граф Ліціньскі падобны да англічаніна, яе цётка была гордая, удава старшыні – добрая, Ахоцкі – дзівак, а Кшэшоўскі – карцёжнік. Словам: чалавек – была гэта якаясьці рыса ці якасць , часам заслуга, найчасцей тытул ці багацце, у якога была галава, рукі, ногі і апранаўся ён больш ці менш модна.
Толькі ў Вакульскім яна вынайшла не толькі новую асаблівасць, але неспадзяваную з’яву. Яго немагчыма было акрэсліць адным словам, і нават сотняй слоў. Ён таксама не быў ні да каго падобны, а калі ўвогуле можна яго было з чымсьці параўноўваць, то хіба з якойсьці ваколіцай, праз якую едзеш увесь дзень і дзе сустракаюцца раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе яшчэ, з-за туману гарызонта, з’яўляюцца нейкія няпэўныя віды, ужо непадобныя да ніводнай вядомай рэчы. Ахоплівала яе здзіўленне і яна пытала ў сябе: ці гэта гульня узрушанай імажынацыі, ці сапраўды нечалавечая істота, і як найменш – не салонная?
Тады яна пачала сабе узгадваць уражанні, якія адчула. Першы раз – увогуле яго не бачыла, адчула толькі, што набліжаецца нейкі вялізны цень.
Быў хтосьці, хто кінуў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі; потым хтосьці гуляў з яе бацькам у карты ў клубе і штодзень прайграваў; потым хтосьці, хто выкупіў векселі бацькі (можа гэта не Вакульскі?...), потым яе сервіз, а затым даставіў розныя рэчы для аздаблення касцёла.
Гэты хтосьці быў дзёрзкі нуварыш, які ужо год як лавіў яе позіркі ў тэатрах і на канцэртах. Гэта быў цынічны нахабнік, які зрабіў багацце на падазроных спекуляцыях для таго, каб купіць сабе рэпутацыю ў людзей, а яе, панну Ізабэлу Ленцкую, у бацькі!...
З гэтага часу яна памятала толькі яго груба выцесаную фігуру, чырвоныя рукі і суровае абыходжанне, якое побач з далікатнасцю іншых купцоў здавалася невыносным, а на фоне веераў, сакваяжаў, парасонаў, кіёў і падобных да таго галантэрэйных рэчаў – па-просту смешным. Гэта быў хітры і нахабны купчык, які ў сваім магазіне хацеў быць падобным да адстаўнога міністра. Ён бый ёй агідны, нават смяротна ненавісны, асабліва калі палічыў годным аказваць ім дапамогу ў выглядзе пакупкі сервізу ці прайграных грошай у карты з бацькам.
Сёння яшчэ думаючы пра гэта, панна Ізабэла надрывала на сабе сукенку.
Часам, упаўшы на шэзлонг, яна біла кулакамі спружыны і шаптала:
-       Нікчэмнік!... нікчэмнік!...
Сам від нястачы, у якой знаходзіўся яе дом, ужо напаўняў яе роспаччу.
А што ж, калі хтосьці трапіў за заслону яе самых схаваных таямніц і смеў залечваць раны, якія схавала б перад самім Богам. Усё магла б прабачыць, апрача гэтага ўдару, які нанесены яе гордасці.
Тут адбылася змена дэкарацыі. Выступіў іншы чалавек, які без ценю двузначнасці сказаў ёй у вочы, што купіў сервіз, каб зрабіць на ім прыбытак. Бо ён адчуваў, што панну Ізабэлу падтрымліваць нельга, і калі б гэта нават зрабіў, то не толькі не шукаў бы розгаласу ці ўдзячнасці, але нават – не смеў бы думаць пра гэта.
Гэты самы чалавек выгнаў з магазіна Мрачэўскага, які дазволіў сабе зласліва пра яе гаварыць. Дарэмна ворагі панны Ізабэлы, барон і баранэса Кшэшоўскія, заступаліся за гэтага юнака; дарэмна клапацілася пра яго графіня цётка, якая рэдка была ўдзячная, і яшчэ радзей прасіла. Вакульскі не саступіў… Толькі адно слоўка яе, панны Ізабэлы, пераканала неўгінальнага чалавека; не толькі адступіўся, але нават даў Мрачэўскаму лепшую пасаду. Не робяць такіх саступак для жанчыны, якую не паважаюць.
Шкада толькі, што амаль у гэтую самую хвіліну у яе прыхільніку прачнуўся нязграбны нуварыш, які на паднос ахвяраванняў кінуў скрутак паўімперыялаў. Ах, як жа гэта было па-купецку!... І як ён нічога не разумее па-ангельску, не мае ўяўлення пра мову, якая зараз модная!...
Трэцяя стадыя. Убачыла Вакульскага ў салоне цёткі ў першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на цэлую галаву вышэйшы за свецкіх. Самыя арыстакраты хацелі пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны парвеню, адмежаваўся ад іх як агонь ад дыму. Хадзіў нязграбна, але смела, як бы гэты салон быў яго бясспрэчнай уласнасцю і ўважліва слухаў кампліменты, якімі яго засыпалі. Потым яго паклікала да сябе самая паважаная з матрон, удава старшыні, і праз некалькі хвілін размовы з ім сентыментальна расплакалася… І гэта той з чырвонымі рукамі парвеню?...
Цяпер толькі заўважыла панна Ізабэла, што ў Вакульскага няпросты твар. Рысы выразныя і станоўчыя, валасы нібыта наёжыліся ад гневу, маленькія вусы, след бародкі, формы манументальныя, позірк ясны і хвалюючы…
Калі б гэты чалавек замест магазіну валодаў вялікімі багаццем – быў бы вельмі прыстойным; калі б нарадзіўся князем – быў бы станоўчы і прыгожы. У любым выпадку ён нагадваў Тросці, палкоўніка стралкоў, і – папраўдзе – статую гладыятара-пераможцы.
У гэты час ад панны Ізабэлы адступіліся амаль усе.
Праўда старэйшыя мужчыны яшчэ абсыпалі яе кампліментамі аб яе прыгажосці і элегантнасці, затое маладыя, тытулаваныя ці багатыя адносіліся да яе холадна і стрымана; калі ж, стомленая самотай і банальнымі фразамі, крыху жывей звярталася да якога-небудзь, пазіраў на яе з выразным страхам, нібы баючыся, што яна схопіць яго за шыю і адразу ж пацягне да алтара.
Свет салонаў любіла панна Ізабэла, як жыццё, да смерці, выйсці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, і нават месяцам, мацней пагарджала людзьмі; зразумець не магла, каб жанчыну, такую як яна прыгожую, добрую і выхаваную, свет пакідаў толькі таму, што не мае багацця!...
“Што ж гэта за людзі, Божа літасцівы!...” – шаптала яна неаднойчы, пазіраючы з-за фіранак на праязджаючыя экіпажы франтаў, якія пад рознымі выдуманымі прычынамі адварочвалі галаву ад яе вакон, каб не кланяцца. Ці лічылі, што яна іх выглядае?...
А яна сапраўды іх выглядала!...
У гэты час гарачыя слёзы наплывалі ёй на вочы; яна кусала ад гневу прыгожыя вусны і, ірвучы стужкі, засланяла вокны фіранкамі.
“Што ж гэта за людзі!... Што ж гэта за людзі!...” – паўтарала яна, саромеючыся аднак сама перад сабой кінуць на іх які-небудзь вастрэйшы эпітэт, бо яны належалі да вышэйшага свету.
Нікчэмнікам, паводле яе ўяўленняў, можна было назваць толькі Вакульскага.
Да ўсяго здзеку лёсу з цэлай некалі фалангі засталося ў яе толькі два прыхільнікі. Ахоцкім не суцяшалася: ён больш займаўся нейкай лятальнай машынай (што за вар’яцтва), чым ёй. Затое суправаджалі яе, зрэшты не надакучаючы вельмі, маршалак і барон. Маршалак нагадваў ёй у думках забітага і апаранага вепрука, якіх часам бачыла ў фургонах скатабойцаў на вуліцы; барон ізноў жа здваўся ёй падобным да невырабленай скуры, якой цэлыя стосы можна бачыць на  вазах.
Абодва стваралі сёння апошняе яе атачэнне, нават крылы, калі як казалі, была сапраўды анёлам!... Дрэнная камбінацыя двух гэтых старых  пераследвала панну Ізабэлу днём і ноччу. Часам здавалася ёй, што яна асуджана і што ўжо пры жыцці пачалося для яе пекла.
У падобныя хвіліны як тапелец, які звяртае позірк да святла на далёкім беразе, панна Ізабэла думала пра Вакульскага. І ў нязмернай горычы адчувала цень палёгкі, ведаючы, што ставіцца неабыякава да яе чалавек няпросты, аб якім шмат гаварылі ў свеце. Тады прыходзілі ёй на думку знакамітыя падарожнікі ці багатыя прамыслоўцы амерыканскія, якія на працягу шэрагу гадоў цяжка працавалі ў капальнях, і якіх ад часу да часу здалёк паказвалі ёй на парыжскіх прыёмах.
“Бачыце гэтага, - шчабятала нейкая графіня, нядаўна выпушчаная з кляштара, нахіляючы веер у пэўным кірунку – бачыце гэтага пана, які выглядае як вадзіцель омнібусаў… Гэта падобна нейкі вялікі чалавек, які штосьці адкрыў, толькі я не ведаю, што: капальні золата ці паўночны полюс… Нават не памятаю, як яго клічуць, але запэўніў мяне адзін маркграф з акадэміі, што гэты чалавек жыў дзесяць гадоў на полюсе, не… жыў пад зямлёй… Жахлівы чалавек!... Я, будучы на яго месцы, памерла б ад аднаго страху… А вы таксама памерлі б?
Калі б Вакульскі быў такім падарожнікам, ці як найменш капальнікам, які зрабіў мільёны, дзесяць гадоў жывучы пад зямлёй!... Але ён быў толькі купцом, у дадатак – галантэрэйным!... Не ведаў нават англійскага, штохвіліны адчуваўся ў ім нуварыш, які ў маладыя гады рэстарацыйным гасцям прыносіў ежу з кухні. Такі чалавек, самае большае, мог бы быць добрым саветнікам, нават бясцэнным сябрам (у кабінеце, калі няма гасцей). Нават… мужам,  сустракаюць жа людзей страшныя няшчасці. Але каханкам… Ну, гэта было б папросту смешна… У выпадку патрэбы самыя арыстакратычныя дамы купаюцца ў балотных ваннах; але бавіцца ў балоце мог бы толькі вар’ят.
Чацвёртая стадыя. Панна Ізабэла некалькі разоў  спаткала Вакульскага ў Лазенках і нават абрала адказваць на яго паклоны. Паміж зялёнымі дрэвамі і побач са статуямі гэты грубіян падаўся ёй іншым, чым за прылаўкам магазіна. Калі б у яго былі памешчыцкія ўгоддзі, з паркам, палацам, ставам?...
Праўда, што нуварыш, але падобна шляхціц, пляменнік афіцэра… Побач з маршалкам і баронам выглядае як Апалон, арыстакратыя усё больш гаворыць пра яго, а гэты град слёз удавы старшыні?...
Вельмі ж удава відавочна падтрымлівала Вакульскага ў сваёй сяброўкі графіні і яе пляменніцы, панны Ізабэлы. Парагадзінныя шпацыраванні з цёткай па Лазенках былі такія сумныя, а размовы пра моду, прытулкі і плануемых у вышэйшым свеце шлюбах так надакучлівыя, што панна Ізабэла крыху мела жалю у дачыненні да Вакульскага, што не набліжаецца да іх падчас шпацыру і хоць з чвэрць гадзіны не паразмаўляе. Для асобы з вышэйшага свету цікавая размова з такога роду людзьмі, а панне Ізабэле сяляне напрыклад здаваліся нават забаўнымі сваёй адрознай мовай і логікай. Хаця галантэрэйны купец, і да таго ж які ездзіць на ўласным экіпажы, не мусіць быць такі забаўны як селянін…
Як бы то ні было, панна Ізабэла не адчула прыкрай неспадзяванасці, пачуўшы пэўнага дня ад удавы старшыні, што паедзе з ёй і з графіняй у Лазенкі і – што сустрэне Вакульскага.
-       Сумна нам, дык няхай нас бавіць, - сказала старая.
Калі амаль а першай гадзіне, уязджаючы у лазенкаўскі парк удава са значнай усмешкай прамовіла панне Ізабэле:
-       У мяне прадчуванне, што яго тут дзесьці спаткаем…
Панна Ізабэла злёгку зачырванелася і вырашыла зусім не размаўляць з Вакульскім, а як найменш назіраць за ім звысоку, каб сабе нічога не ўяўляў. Пра каханне, натуральна, у гэтым “уяўленні сабе” мовы быць не магло. Панна Ізабэла аднак не жадала сабе нават знаку сяброўскай прыхязнасці.
“І агонь прыемны, асабліва зімой, - думала яна, - але… на пэўнай адлегласці”.
Тымчасам Вакульскага ў Лазенках не было.
“Як гэта, ён не чакаў? – гаварыла сабе панна Ізабэла, - можа ён хварэе…”
Не дапускала, каб у Вакульскага была больш пільная справа, чым сустрэча з ёй; калі б ён спазніўся, то вырашыла не толькі ставіцца да яго звысоку, але нават выказаць яму незадавальненне.
“Калі пунктуальнасць, - гаварыла яна сабе далей, - ветлівасць каралёў, дык ужо як найменш павінна быць абавязкам купцоў!...
Прайшло паўгадзіны, гадзіна, дзве – належала вяртацца дадому, а Вакульскі не прыходзіў; нарэшце пані селі ў карэту: графіня халодная як звычайна, удава крыху узрушаная, а панна Ізабэла раззлаваная. Абурэнне не зменшылася, калі вечарам бацька паведаміў ёй, што з апоўдня быў на сходзе ў князя, дзе Вакульскі прадставіў праект буйнога гандлёвага таварыства і ў перанасычаных магнатах абудзіў непадробны інтарэс.
-       Я даўно прадчуваў, - закончыў пан Ленцкі, - што з дапамогай гэтага чалавека я пазбаўлюся ад клопатаў маёй сям’і і зноў стану, якім павінен быць!
-       Але для таварыства, бацька, патрэбныя грошы, - адказала панна Ізабэла, злёгку паціскаючы плячыма.
-       Таму таксама я дазваляю прадаць наш дом; праўда, даўгі паглынуць з шэсцьдзесят тысяч рублёў, але заўсёды мне яшчэ застанецца – як найменш – сорак.
-       Цётка казала, што за дом ніхто не дасць больш за шэсцьдзесят…
-       Ах, цётка!... – абурыўся пан Томаш. – Яна заўсёды кажа тое, што магло б мяне заклапаціць ці прынізіць. Шэсцьдзесят тысяч дае Кшэшоўская, якая ўтапіла  б нас у лыжцы вады… мяшчанка!... Але, зразумела, цётка ёй патакуе, бо справа ў маім доме, аб маім становішчы…
Ён зачырванеўся і пачаў сапці; але не хочучы злавацца пры дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і пайшоў у свой кабінет.
“А можа бацька мае рацыю?... – думала панна Ізабэла. – Можа ён сапраўды больш практычны за ўсіх, якія яго так сурова асуджаюць? Усё ж ён першы разгледзеў гэтага… Вакульскага…
Але аднак што за грубіян гэты чалавек. Ён не прыйшоў у Лазенкі, хоць удава з пэўнасцю павінна была яго запрасіць да размовы. Зрэшты можа і лепш: прыгожа б мы выглядалі, калі б сустрэў нас хто знаёмы на шпацыры з галантэрэйным купцом!”
На працягу дзён наступных панна Ізабэла чула толькі пра Вакульскага. Салоны гулі ад яго прозвішча. Маршалак кляўся, што Вакульскі відаць паходзіць са старажытнага роду, а барон, знаўца мужчынскай прыгажосці (па паўдня праводзіў перад люстрам), сцвярджаў, што Вакульскі – “нішто сабе… нішто…” Граф Саноцкі біўся аб заклад, што гэта першы разумны чалавек у краіне – граф Ліціньскі сцвярджаў, што гэты купец браў урокі ў англійскіх прамыслоўцаў, а князь – толькі паціраў рукі і ўсміхаючыся, гаварыў: “Ага?...”
Нават Ахоцкі, наведаўшы пэўнага дня панну Ізабэлу, паведаміў ёй, што яны былі з Вакульскім на шпацыры ў Лазенках.
-       Пра што ж вы размаўлялі? – запытала яна здзіўленая. – Бо напэўна не пра лятальныя апараты…
-       Ба! – адгукнуўся задумлівы кузін. – Вакульскі напэўна адзіны чалавек у Варшаве, з якім можна пра гэта гаварыць. Гэта нумар…
“Адзіны разумны… адзіны купец… адзіны, які можа дагаварыцца з Ахоцкім?... – думала панна Ізабэла. – Хто ж ён на самой справе, гэты чалавек?... Ах! Ужо ведаю…”
Ёй здавалася, што разгадала Вакульскага. Гэта славалюбны спекулянт, які хоча трапіць у салоны ды прыдумаў ажаніцца з ёй, збяднелай паннай знакамітага роду. Не з іншай мэтай прывабліваў погляды яе бацькі, графіні цёткі і ўсёй арыстакратыі. Пераканаўшыся аднак, што і без яе ўціснецца паміж высокіх паноў, раптам астыг у каханні і… нават не прыйшоў у Лазенкі!...
“Можна яго павіншаваць, - гаварыла яна сабе. – У яго ўсе рысы, патрэбныя для пабудовы кар’еры: прыгожы, здольны, энергічны, а перадусім нахабны і нікчэмны… Як ён смеў прыкідвацца закаханым у мяне і з якой лёгкасцю… Сапраўды, што гэтыя парвеню апераджаюць нас нават у крывадушнасці… Што за нягоднік!...”
Абураная яна хацела загадаць Мікалаю, каб ніколі не ўпускаў Вакульскага за парог салону… Найбольш у кабінет пана, калі б да іх прыйшоў са справай. Але ўзгадаўшы сабе, што Вакульскі зусім не запрашаўся да іх, зачырванелася ад сораму.
Потым даведалася ад пані Мелітон аб новай спрэчкай барона Кшэшоўскага з жонкай і аб тым, што баранэса купіла ў яго кабылу за васемсот рублёў, але што пэўна яе верне, бо праз некалькі дзён павінен адбыцца забег, а барон зрабіў вялікія заклады.
-       Можа нават сям’я барона пагодзяцца з гэтай нагоды, - заўважыла пані Мелітон.
-       Ах, што б я аддала за тое, каб барон не атрымаў кабылу і прайграў заклады!... – закрычала панна Ізабэла.
У пару дзён давелалася пад вялікім сакрэтам ад панны Фларэнтыны, што барон не атрымае сваю кабылу назад, бо яе купіў Вакульскі…
Таямніца была яшчэ так захаваная, што калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, застала графіню і удаву раіўшыміся як пагадзіць сям’ю барона Кшэшоўскага з дапамогай гэтай кабылы.
-       Нічога з гэтага не будзе, - заўважыла са смехам панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу назад.
-       Можа зробіш заклад? – спытала холадна графіня.
-       Так, калі выйграю ў цёці гэты бранзалет з сапфіраў…
Заклад адбыўся, дзякуючы чаму графіня і панна Ізабэла былі у найвышэйшай ступені зацікаўленыя ў скачках.
На працягу хвіліны панна Ізабэла баялася: ёй паведамілі, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога і што граф Ліціньскі узяўся быць паміж імі пасярэднікам. Нават шапталіся ў салоне графіні, што Вакульскі не з-за грошай, а з-за графа мусіць згадзіцца на гэты дагавор. А ў гэты час панна Ізабэла падумала:
“Згодзіцца, калі не хцівы парвеню, але не згодзіцца, калі…”
Не смела закончыць фразу. Выручыў яе Вакульскі.
Ён не прадаў кабылу і сам пусціў яе ў спаборніцтва.
“Аднак жа ён не такі ўжо нікчэмны”, - прамовіла яна сабе.
І пад уплывам гэтага меркавання яна размаўляла з Вакульскім на скачках вельмі ласкава.
Аднак жа нават за гэту дробную прыкмету прыязнасці панна Ізабэла рабіла сабе ў душы папрокі:
“Навошта яму ведаць, што нас цікавяць яго скачкі?... Не больш за іншых. А навошта я яму сказала, што ён павінен выйграць. Ці што азначаў яго адказ: “Раз вы хочаце – я выйграю”. Ён ужо забываецца, хто ён такі. Але мне няма справы, калі з-за пару ветлівых словак Кшэшоўскі захварэе ад злосці”.
Кшэшоўскага панна Ізабэла ненавідзела. Калісьці ён заляцаўся да яе, а калі яму адмовілі, стаў помсціць. Яна ведала, што за вочы называў яе – старая дзева, якая выйдзе за свайго лёкая. Гэтага было дастаткова, каб памятаць яму ўсё жыццё. Але барон, не спыняючыся на цынічнай фразе, нават у дачыненні да яе паводзіў сябе цынічна, кпіў са старых залётнікаў і рабіў выпады у дачыненні да іх збяднення.
Але ж і панна Ізабэла у нянавісці прыгадвала яму яго жонку, мяшчанку, з якой ён ажаніўся дзеля грошай, але нічога ад яе не мог здабыць, таму адбывалася паміж імі сапраўдная вайна, часам нават непрыемная.
Дзень скачак быў для панны Ізабэлы трыумфам, для барона – паражэннем і сорамам. Праўда ён прыехаў на плошчу і прыкідваўся вельмі вясёлым, але ў сэрцы яго кіпеў гнеў. Калі ж да таго ўбачыў, што Вакульскі плату і цану каня аддаў у рукі панны Ізабэлы, страціў валоданне сабой і прыбегшы да экіпажу, учыніў скандал.
Для панны Ізабэлы нахабныя позіркі барона і адкрытае называнне Вакульскага яе прыхільнікам былі страшным ударам. Яна забіла б барона, калі б гэта дазвалялася добра выхаваным жанчынам. Мучэнне яе было тым больш пакутлівым, бо графіня слухала яго выбух спакойна, удава з заклапочаннем, а бацька нават не абзываўся, даўно лічачы Кшэшоўскага вар’ятам, якога належыць не дражніць, а ставіцца да яго з паблажлівасцю.
У такую хвіліну (калі ўжо пачалі пазіраць на іх з іншых экіпажаў) прыйшоў на дапамогу панне Ізабэле Вакульскі. І не толькі спыніў баронаў фантан незадавальнення, але выклікаў яго на дуэль. У гэтым ніхто з іх не сумняваўся; удава проста спалохалася за свайго фаварыта, а графіня заўважыла, што Вакульскі не мог паступіць інакш, паколькі барон, набліжаючыся да экіпажу, штурхнуў яго і не папрасіў прабачэння.
- Ну самі скажыце, - сказала ўзрушаным голасам удава, - ці прымальна страляцца з-за такой дробязі? Мы ж усе ведаем, што Кшэшоўскі неўраўнаважаны і дурнаваты… Найлепшы доказ – тое, што ён нам нагаварыў…
- Гэта праўда, - азваўся пан Томаш, - але ж Вакульскі не абавязаны ведаць пра гэта, а зрабіць заўвагу быў павінен.
- Пагодзяцца! – заўважыла спакойна графіня і загадала ехаць дадому.
Вось тады панна Ізабэла дапусціла самае дрэннае парушэнне супраць сваіх прынцыпаў і… з вялікім значэннем паціснула Вакульскаму руку.
Ужо пад’язджаючы да шлаагбаума, яна не магла сабе гэтага дараваць.
“Ну як можна было зрабіць штосьці падобнае?... Што падумае такі чалавек?...” – гаварыла яна ў душы. Але тут прачнулася ў ёй пачуццё справядлівасці і яна мусіла прызнаць, што гэты чалавек не абы-які.
“Каб зрабіць мне прыемнасць (бо з пэўнасцю ў яго не было іншых прычын), падставіў барону нагу, купуючы каня… Увесь выйгрыш (станоўчы доказ бескарыслівасці) аддаў на прытулак, і гэта ў мае рукі (барон бачыў гэта). А перадусім, нібы адгадваючы мае думкі, выклікаў яго на дуэль… Ну, сённяшнія дуэлі заканчваюцца звычайна шампанскім; але усё ж барон пераканаецца, што яшчэ я не такая старая… Не, у гэтым Вакульскім штосьці ёсць… Шкада толькі, што ён галантэрэйны купец. Прыемна было б мець такога прыхільніка, калі б… калі б займаў іншае становішча ў свеце.” Вярнуўшыся дадому, панна Ізабэла паведаміла панне Фларэнтыне пра прыгоды на скачках, а праз гадзіну – ужо не думала пра іх. Калі ж бацька позна ўночы расказаў ёй, што Кшэшоўскі выбраў секундантам графа Ліціньскага, які безумоўна жадае, каб Вакульскага барон перапрасіў, панна Ізабэла зрабіла пагардлівую грымасу вуснамі.
“Шчаслівы чалавек! – думала яна. – Мяне абражаюць, а ў яго будуць прасіць прабачэння. Я, калі хтосьці пры мне абразіў каханую, не дазволіла б сябе перапрасіць. Ён, натуральна, згодзіцца…”
Калі ўжо легла ў ложак і пачала засынаць, раптам прыйшла да яе новая думка:
“А калі Вакульскі не захоча, каб яго перапрашалі? Гэта ж той самы граф Ліціньскі дамаўляўся з ім пра кабылу і нічога не дабіўся!... Ах, Божа, што мне лезе ў галаву”, - адказала яна сабе, паёжваючыся і заснула.
На другі дзень да апоўдня бацька, яна і панна Фларэнтына былі ўпэўнены, што Вакульскі пагодзіцца з баронам і што нават па-іншаму не выпадае яму паступіць. Толькі пасля апоўдня пан Томаш выйшаў у горад і вярнуўся на абед вельмі занепакоены.
-       Ну што, тата? – спытала яго панна Ізабэла, уражаная выразам яго твару.
-       Фатальная гісторыя! – адказаў пан Томаш, кідаючыся ў скураное крэсла.- Вакульскі праігнараваў прабачэнне, а яго секунданты паставілі вострыя ўмовы.
-       І калі гэта?... – спытала яна цішэй.
-       Заўтра каля дзевятай, - адказаў пан Томаш і абцёр пот з ілба. – Фатальная гісторыя, - працягваў ён далей. – Паміж нашымі кампаньёнамі паніка, бо Кшэшоўскі страляе  выключна добра… Калі б гэты чалавек загінуў, усе мае разлікі сыйшлі б на нішто. Я страціў бы ў ім правую руку… адзінага мажлівага выканаўцу маіх планаў… Яму аднаму я даверыў бы капіталы і ўпэўнены, што меў бы як найменш восем тысяч рублёў штогод… Лёс пераследуе мяне не на жарты!...
Дрэнны настрой гаспадара дому дрэнна адбіўся на іншых; абеду ніхто не еў. Пасля абеду пан Томаш зачыніўся ў кабінеце і хадзіў шырокімікрокамі, што было доказам незвычайнага ўзрушэння.
Панна Ізабэла таксама пайшла да свайго кабінета і як звычайна ў хвіліны нервавання легла на шэзлонг. Апанавалі яе сумныя думкі.
“Нядоўга трываў мой трыўмф, - сказала яна сабе. – Кшэшоўскі сапраўды добра страляе… Калі заб’е адзінага чалавека, які сёння заляцаецца да мяне, то што? Дуэль гэта на самай справе варварскі перажытак. Бо Вакульскі (беручы з маральнага боку) больш варты за Кшэшоўскага, а аднак… можа загінуць!... Апошні чалавек, на якога ўскладаў надзеі мой бацька”.
Тут адазвалася ў панне Ізабэле радавая гордасць.
“Ну – майму бацьку не патрабуецца ласка Вакульскага; даверыў бы яму свой капітал, абкружыў бы яго пратэкцыяй, а ён плаціў бы яму працэнты; у любым выпадку шкада яго…”
Прыйшоў ёй на думку стары саветнік іх некалі багацця, які служыў у іх трыццаць гадоў і якога вельмі любіла, вельмі яму давярала; можа Вакульскі абоім ім замяніў бы ім нябожчыка, і яе разумнага сардэчнага сябра і – згіне!...
Нейкі час яна ляжала з закрытымі вачамі не думаючы ні пра што; потым прыйшлі ёй на думку нечуваныя дзіўныя камбінацыі.
“Што за незвычайнае супадзенне! – сказала яна сабе. – Заўтра страляцца з-за яе будуць два чалавекі, якія яе смяротна абразілі: Кшэшоўскі зласлівымі кпінамі, Вакульскі – ахвярамі, якія ён асмеліўся прыносіць для яе. Яна яму ўжо амаль даравала і пакупку сервізу, і тыя веселі, і тыя прайграныя ў карты бацьку, на якія на працягу некалькіх тыдняў утрымліваўся увесь дом… (Не, яшчэ яму не прабачыла і не прабачыць ніколі!...) Але хоць бы нават, то аднак – за яе абразу праявілася боская справядлівасць… І хто заўтра загіне?... Можа абодва. У любым выпадку той, які адважыўся панне Ізабэле Ленцкай ахвяраваць дапамогу грашовую. Такі чалавек, як каханак Клеапатры, жыць не можа…”
Так думала яна, заходзячыся ад плачу; шкада ёй было адданага слугу, а можа сардэчнага сябра; але скаралася прадказаннямі Вышэйшай волі, якая не прабачае абразы, учыненай панне Ленцкай.
Калі б Вакульскі мог зазірнуць у гэту хвіліну ёй у душу, уцёк бы са страхам і вылечыўся б ад свайго вар’яцтва.
Такім чынам панна Ізабэла не спала ўсю ноч. Увесь час стаяў у яе перад вачыма карціна нейкага французскага мастака, якая адлюстроўвала дуэль. Пад купай зялёных дрэў два апранутыя ў чорнае мужчыны цэліліся адзін у аднаго з пісталетаў.
Потым (чаго ўжо не было на карціне) адзін з іх упаў, паранены куляй у галаву. Гэта быў Вакульскі. Панна Ізабэла нават не пайшла на яго пахаванне, не хочучы выдаць сваё хваляванне. Але ноччу пару разоў плакала. Шкада ёй было незвычайнага парвеню, гэтага вернага нявольніка, які свае злачынствы у дачыненні да яе адпакутаваў смерцю з-за яе.
Заснула яна толькі а сёмай ранкам і спала як забітая да апоўдня. Амаль перад самай дванаццатай разбудзіла яе нервовы стук у дзверы спальні.
-       Хто там?
-       Я – адказаў яе бацька радасным голасам. – Вакульскі некрануты, барон паранены ў твар!
-       Сапраўды?...
-       У яе была мігрэнь, таму яна засталася ў ложку да чацвёртай па апоўдні. Была радасная, што барон паранены, і здзіўлена, што аплаканы ёй вакульскі не загінуў.
Устаўшы так позна панна Ізабэла выйшла перад абедам на кароткі шпацыр у Алеі.
Выгляд чыстага неба, прыгожых дрэў, пралятаючых птушак і вясёлых людзей сцерлі сляды яе начных прывідаў; калі ж яшчэ з некалькіх праязджаючых экіпажаў яе заўважылі і прывіталі, у сэрцы яе прачнулася задавальненне.
“Аднак жа Гасподзь Бог ласкавы – думала яна, - калі збярог чалавека, які можа нам спатрэбіцца. Бацька так разлічвае на яго, і я набіраю даверу. Наколькі ж менш у жыцці спазнала б праблем, маючы разумнага і энергічнага сябра”.
Слова “сябар” не падабалася ёй. Сябрам панны Ізабэлы мог бы быць чалавек як найменш валодаючы памесцем. Але купца галантэрэйнага хапіла толькі на саветніка і выканаўцу.
Пасля вяртання дадому яна адразу даведалася, што яе бацька ў выключна добрым настроі.
-       Ведаеш, - сказаў ён, - я быў з віншаваннем у Вакульскага. Гэта стойкі чалавек, сапраўдны джэнтльмен! Ужо ані думкі пра дуэль і нават здаецца шкадуе барона. Нічога не дапаможа, шляхецкая кроў павінна ў яго адазвацца, нягледзячы на становішча…
А потым адправіўшы дачку у кабінет і кінуўшы пару разоў вокам у люстра дадаў:
- Ну і скажы сама, ці можна не верыць у апеку боскую? Смерць гэтага чалавека была б для мяне цяжкім ударам – і – ён уратаваны! Я павінен з ім завязаць бліжэйшыя стасункі, і тады ўбачым, у каго лепш атрымаецца: ці ў князя з яго вялікім адвакатам, ці ў мяне з маім Вакульскім. Як лічыш?
- Гэта самае думала хвіліну таму, - адказала панна Ізабэла, уражаная згаоднасцю пачуццяў яе ўласных і бацькі – татачка абавязкова павінен мець пры сабе здольнага і вернага чалавека.
- Які ў дадатак сам гарнецца да мяне, - дадаў пан Томаш. – Разумны чалавек! Ён гэта разумее, што больш зробіць і лепшую рэпутацыю атрымае дапамагаючы пасоўвацца старажытнаму роду, чым калі б адзін вырываўся наперад.Вельмі разумны чалавек, - паўтарыў пан Томаш. – Хоць у адну хвіліну здабыў сабе князя і ўсю арыстакратыю, мне аднак жа аказвае найбольш прыязнасці. І я не буду пра гэта шкадаваць, калі аднаўлю становішча…
Панна Ізабэла пазірала на цацкі, расстаўленыя на пісьмовым століку і думала, што усё ж падманвае сябе крыху, лічачы, што Вакульскі гарнецца да яго. Не выпраўляла памылку, а наадварот, прызнавалася ўдушы, што належыць крыху больш зблізіцца з гэтым купцам і прабачыць яму яго простае становішча. Адвакат… купец… гэта амаль адно і тое ж: калі адвакат можа быць давераным князя, чаму ж бы… купец (ах, як гэта негустоўна!) не мог стаць павераным дому Ленцкіх?
Абед, вечар і некалькі дзён наступных прайшлі ў панны Ізабэлы вельмі прыемна. Заставіла яе задумацца адна акалічнасць, што на працягу такога кароткага часу наведала іх больш асоб чым раней на працягу месяца. Бывалі гадзіны, што ў пустым некалі салоне чуліся смех і размовы, аж адпачнутая мэбля дзівілася з колькасці людзей, а ў кухні шапталіся, што пан Ленцкі напэўна атрымаў нейкія вялікія грошы. Нават дамы, якія яшчэ на скачках не пазнавалі панну Ізабэлу, прыйшлі цяпер да яе з візітамі; маладыя ж мужчыны, хоць і не прыходзілі, віталі яе на вуліцы і кланяліся з павагай.
І ў пана Томаша былі зараз госці. Наведаў яго граф Саноцкі, заклінаючы, каб Вакульскі перастаў бавіцца скачкамі і дуэлямі, а заняўся таварыствам. Быў граф Ліціньскі і расказваў дзівосы пра джэнтльменства Вакульскага. Але галоўнае, што прыязджаў сюды пару разоў князь з просьбай да пана Томаша, каб Вакульскі не звяртаючы ўвагі на інцыдэнт з баронам, не цураўся арыстакратыі і памятаў пра няшчасце Айчыны.
- І яшчэ, кузін, - закончыў князь, - адгаварыце яго ад дуэляў. Гэта непатрэбна; гэта добра для маладых людзей, але не для паважаных і заслужаных грамадзян...
Пан Томаш быў захоплены, асабліва калі падумаў, што ўсе гэтыя авацыі адбываюцца напярэдадні продажу дому; год таму блізкасць падобнага выпадку пужала людзей...
“Я пачынаю аднаўляць належнае становішча”, - шапнуў пан Томаш і раптам агледзеўся. Яму здавалася, што за ім стаіць Вакульскі. Таму для супакою паўтарыў пару разоў:
“Я аддзячу яго...аддзячу... можа быць упэўненым у маёй падтрымцы”.
Трэцяга дня пасля дуэлі Вакульскага панне Ізабэле прынеслі каштоўную скрыначку і ліст, які яе ўразіў. Яна пазнала почырк барона.
“Любая кузіначка! Калі ты прабачыш мне маё няшчасную жаніцьбу, я ўзамен дарую табе маю жонку, якая ўжо мне самому надакучыла. Як матэрыяльны доказ заключанага паміж намі міру назаўсёды, пасылаю табе зуб, які мне выстраліў Вакульскі, здаецца мне – затое, што я асмеліўся сказаць табе на скачках. Я запэўніваю цябе, любая кузінка, што гэта той самы зуб, якім я цябе да гэтага часу кусаў і ўжо кусаць ніколі не буду.
Можаш выкінуць яго на вуліцу, але скрыначку захавай на памяць. Прымі гэту дробязь ад чалавека сёння крыху хворага і вер – не найгоршага, і я буду мець надзею, што некалі забудзеш на мае недарэчныя зласлівасці. Любячы цябе, поўны глыбокай павагі.
Кузін Кшэшоўскі.” 
P. S. Калі ты мой зуб не выкінеш праз вакно, прышлі мне яго назад, каб я мог ахвяраваць яго маёй незабыўнай жонцы. Ёй будзе пра што клапаціцца на працягу некалькіх дзён, што падобна бядачцы забаронена дактарамі. Гэты ж пан Вакульскі вельмі мілы і добра выхаваны чалавек і прызнаюся, што сардэчна яго палюбіў, хоць мне зрабіў такую крыўду”.
У каштоўнай скрыначцы знаходзіўся сапраўды зуб, закручаны ў тонкую паперу.
Панна Ізабэла нядоўга думаючы адпісала вельмі ветлівы ліст барону пацвярджаючы, што ўжо не злуецца і што прымае скрыначку, а зуб з належнай павагай адсылае яго ўладальніку.
Тут ужо нельга было сумнявацца, што толькі дзякуючы Вакульскаму барон памірыўся з ёй і прасіў прабачыць. Панна Ізабэла ледзь не расчулілася ад свайго трыўмфу, а да Вакульскага адчула нібыта ўдзячнасць. Зачынілася ў сваім кабінеце і пачала марыць.
Яна марыла, што Вакульскі прадаў свой магазін, а купіў зямельныя ўгоддзі, але застаўся кіраўніком гандлёвага таварыства, якое прыносіць вялізныя прыбыткі. Уся арыстакратыя прымала яго ў сябе, яна ж, панна Ізабэла, зрабіла яго сваім сардэчным сябрам. Ён падняў іх багацце  да ранейшага становішча; ён выконваў усе яе пажаданні; ён рызыкаваў, колькі разоў была патрэба. Ён нарэшце адшукаў ёй мужа, адпаведнага знакамітасці дому Ленцкіх.
Усё гэта рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш чым уласнае жыццё. І адчуваў сябе цалкам шчаслівым, калі яна ўсміхалася яму, больш прыязна пазірала ці па нейкай выключнай заслузе сардэчна паціскала яго руку. Калі Гасподзь Бог даў ёй дзяцей, то ён адшукваў ім бонаў і настаўнікаў, павялічваў іх багацце, і нарэшце, калі яна памерла (у гэтым месцы слёзы з’явіліся ў прыгожых вачах панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле…
...Не, з-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, застрэліўся на некалькі магіл далей.
Уваход бацькі перапыніў ход яе фантазіі.
-       Падобна табе напісаў Кшэшоўскі? – запытаў з цікаўнасцю пан Томаш.
Дачка паказала яму ліст, які ляжаў на пісьмовым століку і залатую скрыначку. Пан Томаш круціў галавой, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:
-       Поўны вар’ят, хаця добры хлапец. Але… Вакульскі аказаў табе сапраўдную паслугу: ты перамагла смяротнага ворага.
-       Я думаю, тата, што трэба было б гэтага пана запрасіць некалі на абед… Хацела б з ім пазнаёміцца бліжэй.
-       Як раз некалькі дзён таму я хацеў цябе пра гэта самае прасіць!... – адказаў узрадаваны пан Томаш, - нельга трымацца на занадта этыкетнай стапе з чалавекам настолькі карысным.
-       Натуральна,  - заўважыла панна Ізабэла – бо нават верных слуг дапускаем да пэўных вольнасцяў.
-       Паважаю твой розум і тактоўнасць, Бэла!... – усклікнуў пан Томаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, потым у лоб.