воскресенье, 8 февраля 2015 г.

Баляслаў Прус Лялька (кавалак перакладу, які цалкам выкананы ў 2009-2010 гг.)

TOM III

РАЗДЗЕЛ 1
ДЗЁННІК СТАРОГА ПРЫКАЗЧЫКА

“На двары 1879 год. Калі б я быў прымхлівы, а больш за тое, калі б не разумеў, што пасля найгоршых часін надыходзяць добрыя, то я баяўся б гэтага 1879 года. Бо калі яго папярэднік скончыўся дрэнна, то ён пачаўся яшчэ горш.
Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўвязалася ў вайну з Афганістанам і ў снежні было з імі дрэнна. У Аўстрыі было шмат клопату ў Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на каралёў Альфонса іспанскага і Гумберта італьянскага. Абодва ўцалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзэф Замойскі, вялікі сябар Вакульскага. Я думаю нават, што яго смерць не па адной справе перакрыжавала планы Стаха.
Год 1879 толькі што пачаўся, але няхай ліха б яго узяло!... Англічане, яшчэ не выбраўшыся з Афганістана, ужо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрай Надзеі, з нейкімі зулусамі. Тут жа, у Еўропе, ні менш, ні больш, толькі – выбухнула чума ў ваколіцах Астрахані і з дня на дзень можа да нас зазірнуць. Што ў нас робіцца з-за гэтае чумы!... Каго спаткаю, кажа: “Што, добра вам прывозіць паркальчыкі з Масквы? Убачыце, пане, што разам з імі прывязеце заразу змору”. А колькі ж з’ЯВІЛАСЯ ананімак, у якіх лаюць нас на чым свет стаіць! Мне здаецца аднак, што аўтарамі іх з’ЯЎЛЯЮЦЦА найперш купцы, нашы супольнікі, ці таксама магчыма, што вытворцы паркальчыкаў з Лодзі. Гэтыя ўвогуле ўтапілі б нас у лыжцы вады, толькі б ніякай чумы не было. Натуральна, што нават сотай часткі гэтых зласлоўяў я не перадаю Вакульскаму; думаю, аднак, што ён сам чуе іх і чытае больш, чым я.
Дарэчы кажучы, я хацеў на гэтым вось месцы напісаць гісторыю нечуванай справы, крымінальнага іску, які пані баранэса Кшэшоўска прад’явіла і каму?... Ніхто б не здагадаўся!... Вось гэтай прыгожай, гэтай паважанай, гэтай любай пані Хелене Стаўскай. Але ж такое мяне шаленства ахоплівае, што я не магу думкі сабраць. Таму для таго, каб заняць сваю увагу, я напішу пра нешта іншае.
Яна прад’явіла пані Стаўскай іск аб крадзяжы!... Так, аб крадзяжы… Натуральна, што мы выйшлі з гэтага балота як трыўмфатары. Але чаго нам гэта каштавала… Я напрыклад, далібог, не мог спаць па начах амаль два месяцы. А калі цяпер люблю вечарам зайсці на піва, чаго ніколі не рабіў, і нават сяджу ў шынку да апоўначы, то папросту раблю гэта ад таго, што непакоюся. Ёй, гэтай святой жанчыне, прад’явіць іск аб крадзяжы!...Для гэтага, Бог мне сведка, трэба быць такой паўвар’яткай, як пані баранэса.
За гэта таксама нам заплаціла дзікунка-баба дзесяць тысяч рублёў… Ах, калі б гэта ад мяне залежала, я выціснуў бы ўсе сто тысяч. Няхай бы плакала, няхай бы аж заходзілася з плачу, няхай бы нават памерла… Нягодная жанчына! Але думайма пра што-небудзь іншае, не пра чалавечую нягоднасць.
Уласна кажучы, хто ведае, ці шаноўны Стах не быў міжвольнай прычынай няшчасця пані Стаўскай; і нават можа не столькі ён, колькі я… Я яго да яе сілком прывёў, я параіў Стаху, каб не наведваў гэтую пачвару, пані баранэсу, я урэшце пісаў да Вакульскага, калі той быў у Парыжы, каб атрымаў там звесткі пра Людвіка Стаўскага. Карацей кажучы: я, ніхто іншы, толькі я, растрывожыў гэтую вядзьмарку Кшэшоўску. Адпакутаваў на працягу двух месяцаў!...
Так, цяжка. Пане Божа, калі ты ёсць, збаў нягледзячы на гэта, душу маю, калі яна ў мяне ёсць, як сказаў пэўны салдат часу французскай рэвалюцыі.
(Ах, як жа я старэю, як я старэю!... замест таго, каб адразу прыступіць да сутнасці, то нешта баю, кручу, надакучаю… Хаця, далібог, заліўся б напэўна чырванню, калі б павінен быў адразу напісаць аб гэтым агідным, аб гэтым ганебным іску…) Зараз, толькі збяру думкі.
Стах на працягу верасня быў у вёсцы у старшынёвай Заслаўскай. Чаго ён туды ездзіў, што рабіў?... дадумацца я не магу. Але з пары лістоу, якія да мяне напісаў, я бачу, што было яму займацца справамі некалі. Які чорт прынёс туды панну Ізабэлу Ленцку?... Эх! Але ж ён ёй ужо пэўна не заняты. І я буду недалугам, калі яго не высватаю з пані Стаўскай. Я высватаю, праводжу да алтара, дапільную, каб пабраліся, як належыць, а потым… Можа пальну сабе ў лоб, адкуль я ведаю?...
(Стары дурань!... і табе гэта думаць аб такім анёле?... Зрэшты я аб ёй зусім не думаю; асабліва ад часу, калі пераканаўся, што яна кахае Вакульскага. Няхай жа сабе кахае яго, толькі б абое былі шчаслівыя. А я?... Гэй, Кац, мой стары прыяцель, ты можа больш адважны, чым я?...)
У лістападзе, якраз у гэты самы дзень, калі разваліўся дом на вуліцы Вспульнай, Вакульскі вярнууся з Масквы. І зноў я не ведаю, што ён там рабіў, досыць таго, што зарабіў каля сямідзесяці тысяч рублёў… такія прыбыткі не для майго разумення, але я прысягну, што справа, якой Стах займаўся, павінна быць прыстойная.
Праз пару дзён пасля таго, як ён вярнуўся, прыходзіць да мяне адзін вядомы купец і кажа:
- Любы пане Жэцкі, у мяне няма звычкі ўмешвацца ў чужыя справы, але – перасцеражыце, пане, Вакульскага (не ад мяне, а як бы гэта вы самі скажаце), што гэты яго супольнік Сузін - вялікі гультай і пэўна хутка збанкрутуе: Перасцеражыце яго, пане, бо шкада чалавека… Усё ж Вакульскі, хоць і ступіў на няправільны шлях, заслугоўвае суперажывання…
- Што вы, пане, называеце няправільным шляхам? – пытаюся я.
- Ну, ведаеце, пане Жэцкі, - кажа ён, - хто ездзіць у Парыж, купляе караблі падчас непаразуменняў з Англіяй і гэтак далей, той, пане Жэцкі, не вызначаецца грамадзянскімі цнотамі.
- Пане даражэнькі, - кажу я, - а чым жа закуп караблёў адрозніваецца ад закупу хмелю? Хіба толькі большым заробкам…
- Ну, - кажа зноу ён, - пане Жэцкі, не будзем разважаць пра гэтыя матэрыі. Калі б гэта зрабіў хто іншы, то ў мяне не было нічога супраць гэтага, але Вакульскі!... Абодва мы ведаем усё ж яго мінулае, а я можа нават лепш, чым вы, бо неаднойчы святой памяці Хопфер рабіў у мяне праз яго закупы.
- Пан, - кажу я гэтаму купцу, - вы падазраеце Вакульскага?
- Не, пане, - кажа зноў ён, - я толькі перадаю, аб чым гаворыць увесь горад. Я не думаю, як найменш, шкодзіць Вакульскаму, асабліва праз вас, бо вы яго сябар (і слушна, бо я бачыў гэтага чалавека, калі ён быў іншы, чым цяпер), але… Прызнайцеся, пане, што гэты чалавек шкодзіць нашай прамысловасці… Я не раблю высновы пра яго патрыятызм, пане Жэцкі, але… шчыра вам скажу (бо з вамі я вымушаны быць шчырым), што гэтыя паркальчыкі з Масквы… Вы разумееце?..
Я быў разгневаны. Я усё ж экс-паручнік венгерскай пяхоты, але не магу аднак зразумець: чым паркаль нямецкі лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом не было як згаварыцца. Так, бестыя, узнімаў бровы, так паводзіў плячыма, ды так раскідваў рукі, што ў канцы я падумаў, што ён вялікі патрыёт, а я - галган, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі і імперыяламі, у мяне пару соцен куль праляцела над галавой…
Натуральна, што я расказаў аб гэтым Стаху, які выслухаў мяне і адказаў:
-          Супакойся, мой любы. Тыя самыя людзі, якія мяне асцерагаюць, што Сузін гультай, месяц таму пісалі Сузіну, што я збанкрутаваў, што я ашуканец і экс-паўстанец.
Пасля размовы з гэтым шаноўным купцом, якога я нават не успомню прозвішча, і пасля усіх ананімаў, якіх выслухаў, я вырашыў для сябе запісваць розныя выказванні, сказаныя добрымі людзьмі пра Вакульскага.
Дык вось тады на першае: Стах дрэнны патрыёт, бо таннымі паркалікамі сапсаваў крыху справы фабрыкантам з Лодзі. … Добра!... Паглядзім, што будзе далей.
У кастрычніку, якраз у той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (гэта вялікая карціна і багатая, толькі не трэба яе паказваць салдатам, якія прымалі удзел у бітвах), заходзіць у магазін Марушэвіч, той, што сябар пані баранэсы Кшэшоускай. Бачу – магнат як скінуць вокам! На жываце, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей звычайна жывот, залаты ланцужок ад гадзінніка таўшчынёй на паўпальца, а доўгі - што хоць сабаку на яго саджай. У гальштуку брыльянтавая шпілька, на руках новыя пальчаткі, на нагах новыя чаравікі, на усім целе (мізэрнае гэтае цельца, пашкадуй Божа!) новы гарнітур. Пры гэтым выраз твару, нібы адной ніткі не мае крэдыту, толькі усё за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве ў гэтым жа доме, растлумачыў мне, што Марушэвіч - гулец у карты і што ад пэўнага часу яму шчасціць).
Дык заходзіць жа мой франт у магазін у капелюшы на галаве, з эбенавай лясачкай у руцэ і, агледзеўшыся з непакоем (бо ў яго нейкі няўпэўнены позірк), пытаецца:
-          Пан Вакульскі ёсць?... Ах, пан Жэцкі!... На слоўца…
Мы зайшлі за шафы.
-          З выключнай навінай прыходжу, - кажа ён, чула паціскаючы мне руку. – Вы, пане, можаце прадаць сваю камяніцу, тую, пасля Ленцкага… Баранэса Кшэшоуска яе купіць. Ужо адсудзіла ад мужа свае капіталы і (калі здолееце старгавацца) дасць дзевяноста тысяч рублёў, і нават можа колькі адступнога…
Ён  пэўна заўважыў задавальненне на маім твары (мне гэта купля камяніцы ніколі не была па густу), бо сціснуў маю руку яшчэ мацней, наколькі такі здыхаль можа штосьці моцна зрабіць, і салодка ўсміхаючыся (млосна мне ад гэтай слодычы) пачаў шаптаць:
- Я магу вам, пане, аказаць паслугу… важную паслугу… Пані баранэса вельмі прыслухоўваецца да майго меркавання і… калі я… Тут ён злёгку закашляўся.
- Я разумею, - азваўся я, успамінаючы, з кім маю справу. – Пан Вакульскі напэўна не будзе пярэчыць адносна даручыцельства…
- Але ж, шаноўны пане, - усклікнуу ён, - што ж, тым хутчэй са станоўчай прапановай прыйдзе да вас  адвакат баранэсы. Зрэшты справа не ўва мне. Таго, што маю, мне хапае… Але я ведаю пэўную бедную сям’ю, якой па маёй рэкамендацыі вы, панове, захочаце штосьці…
- Калі ласка, пане, - перапыніў я яго, - мы абіраем выдаць  пэўную суму проста вам у рукі, калі натуральна справа дойдзе да выніку.
- О, калі дойдзе, я магу лічыць гэта сваім гонарам! – запэўніў пан Марушэвіч.
Паколькі аднак я насамрэч не даў яму слова, што ён атрымае даручыцельства, то ён хвіліну яшчэ пакруціўся па магазіне і пакінуў яго, пасвістваючы.
Вечарам ён паведаміў пра гэта Стаху; але ён пазбавіўся ад мяне маўчаннем, з-за чаго я задумаўся. Таму на другі дзень я пабег да нашага адваката (які разам з тым і адвакат князя) і паведаміў яму інфармацыю Марушэвіча.
-          Дае дзевяноста тысяч рублёў… - здзівіўся адвакат (гэта вельмі знакаміты чалавек). – Але ж, дарагі пане Жэцкі, цяпер камяніцы падвышаюцца ў цане, і нават на будучы год пабудуюцца амаль дзвесце новых дамоў… У гэтых умовах, дарагі пан Жэцкі, калі мы прададзім ім наш дом за сто тысяч рублёў, то зробім ім ласку: Пані баранэса вельмі рвецца да гэтай камяніцы (калі падобны выраз можна ўжываць аб дамах, настолькі тонкіх) і мы можам выцягнуць з яе нашмат большую суму, дарагі пане Жэцкі.
-          Я развітаўся са знакамітым адвакатам і вярнууся ў магазін, цвёрда вырашыўшы не умешвацца ў продаж камяніцы. Цяпер толькі, зрэшты не першы раз, прыйшло мне на думку, што Марушэвіч гэта вялікі франт. Цяпер жа я, супакоіўшыся настолькі, што магу сабраць думкі, апішу непрыемны працэс пані баранэсы з гэтым анёлам, з гэтай дасканалай жанчынай, пані Стаўскай: калі б я яго не апісаў, то праз год ці два не верыў бы ужо уласнай памяці, што магло здарыцца штосьці настолькі агіднае.
Запомні ж сабе тады, каханы Ігнацы, што пані баранэса  Кшэшоўска даўно ужо не магла зносіць пані Стаўскую, думаючы, што ўсе ў яе закаханыя, а па-другое, што тая ж пані баранэса хацела як мага танней купіць у Вакульскага камяніцу. Гэта два важныя факты, якіх значнасць толькі цяпер разумею. (Як я старэю, Божа міласэрны, як я старэю!...)
У пані Стаўскай ад часу знаёмства з ёй я бываў досыць часта. Не скажу, што кожны дзень. Часам раз у некалькі дзён, а часам і два разы на працягу дня. Я якраз і быў апекуном гэтай камяніцы, але гэта адно. Далей, я павінен быў давесці пані Стаўскай, што пісаў да Вакульскага ў справе адшукання яе мужа. Далей, выпала мне быць у яе з паведамленнем, што Вакульскі не даведаўся нічога станоўчага. Потым я наведаў яе, каб з вакон яе жытла даведацца аб звычаях  Марушэвіча, які наймаў флігель насупраць яе. Потым я павінен быў праверыць пані Кшэшоўску і яе стаўленне да тых студэнтаў, што жывуць над ёй і на якіх яна ўвесь час скардзілася.
Хтосьці чужы мог бы падумаць, што я бываю ў пані Стаўскай надта часта. Аднак я пасля глыбокай развагі дайшоу да пераканання, што бываў вельмі рэдка. У яе жытле у мяне быў дасканалы пункт агледзінаў усёй камяніцы, а пры гэтым мяне прыязна прымалі. Пані Місевічова (вядомая нам як маці пані Хелены), колькі разоў я ні прыходзіў, вітала мяне з распрасцёртымі абдымкамі, малая Хелечка ускоквала мне на калены, а сама пані Стаўска ажыўлялася, калі бачыла мяне, і гаварыла, што ў гэтыя гадзіны, якія я ў іх праводжу, забывае пра свае клопаты!...
Ці, бачачы падобную прыязнасць, мог я не бываць часта? Далібог, я думаю, што бываў надта рэдка і што калі б у мяне было менш рыцарскіх рысаў, то я вымушаны быў бы сядзець там ад ранку да вечара. Няхай бы нават пані Стаўская апраналася пры мне. Мне б гэта не шкодзіла.
Падчас гэтых візітаў я зрабіў некалькі важных заўваг.
Найперш тыя студэнты, з чацвёртага паверха фасаднай часткі, то былі сапраўды людзі неспакойнага духу. Да гадзіны другой пасля апоўначы  спявалі і крычалі, часам нават чуўся рык і ўвогуле імкнуліся выдаваць як мага больш гукаў нечалавечых. На працягу дня, калі хаця б адзін з іх быў дома, дарэчы, заўсёды быў які-небудзь з іх, калі толькі пані баранэса Кшэшоўска выхіляла галаву праз фортку (рабіла гэта больш дзесяці разоу на дзень), дык вось заўсёды ёй хто-небудзь патрапляў выліць зверху ваду на галаву.
Скажу нават, што паміж ёй і студэнтамі, што жылі над ёй, адбываліся пэўнага кшталту спаборніцтвы; яны грунтаваліся на тым, што яна, выглянуўшы праз фортку, імкнулася як найхутчэй схаваць галаву, а яны імкнуліся выліваць на яе ваду як найчасцей і як мага больш.
Вечарамі ж гэтыя маладыя людзі, над якімі ужо ніхто не жыў і ніхто не мог абліваць іх вадой, вечарамі яны склікалі да сябе прачак і служанак з усёй камяніцы. У гэты час у пакоі пані баранэсы чуліся крыкі і рыданні.
Другая мая заўвага адносілася да Марушэвіча, які жыў амаль візаві з пані Стаўскай. Чалавек гэты вядзе вельмі асаблівы лад жыцця, які вызначаецца незвычайнай рэгулярнасцю. Рэгулярна не плаціць арэнду. Рэгулярна кожную пару тыдняў выносяць мноства рэчаў з яго пакою: нейкія статуэткі, люстры, дываны, гадзіннікі… Але што найбольш цікава – таксама рэгулярна у пакой да яго прыносяць новыя люстры, новыя дываны, новыя гадзіннікі і статуэткі…
Пасля кожнага факту вынасу рэчаў пана Марушэвіча на працягу некалькіх наступных дзён можна бачыць ля аднаго са сваіх акон. Голіцца каля яго, прычэсваецца, напамажвае валасы фіксатуарам, нават апранаецца, кідаючы вельмі двузначныя позіркі у накірунку вокнаў пані Стаўскай. Але калі яго пакой напаўняецца новымі прадметамі выгоды і раскошы, у гэты час Марушэвіч зашторвае свае вокны на некалькі дзён.
Тады (не паверыце) паліцца ў яго днём і ноччу святло, а ў пакоі чутныя галасы вялікай колькасці мужчын, часам нават і жанчын…
Але што мне тыя чужыя справы!
Аднойчы, у пачатку лістапада, сказаў мне Стах:
-          Ты пэўна бываеш у гэтай пані Стаўскай?
Мне зрабілася горача.
-          Прабач, - усклікнуу я, - як мне гэта разумець?...
-          Звычайна, - адказаў. – Ты ж не робіш ёй візіты праз вакно, а праз дзверы. Зрэшты хадзі, як хочаш, і пры першай магчымасці скажы гэтым пані, што я атрымаў ліст з Парыжа…
-          Адносна Людвіка Стаўскага? – спытаў я.
-          Так.
-          Яго знайшлі нарэшце?
-          Яшчэ не, але ужо вось-вось, і спадзяюцца хутка вырашыць пытанне яго побыту.
-          Можа бядак памёр! – усклікнуу я, прыабдымаючы Вакульскага. – Я прашу цябе, Стах, - дадаў я, калі крыху астыў ад узрушэння, - зрабі ж мне ласку, наведай гэтых пані і сам паведамі ім навіну…
-          А што гэта я, магільшчык ці што, каб рабіць людзям такога кшталту прыемнасці? – абурыўся Вакульскі.
Калі аднак пачаў выкладаць, якія гэта прыемныя жанчыны, як дапытваліся: ці не наведае іх калі-небудзь?... а калі я яшчэ нагадаў, што варта акінуць вокам камяніцу, пачаў здавацца.
-          Так, мала я клапачуся пра гэту камяніцу, - сказаў ён, паводзячы плячыма, - прадам яе з дня на дзень…
Але даў сябе угаварыць, і мы паехалі туды каля першай апоўдні. На падворку я заўважыў, што вокны ў пакоі Марушэвіча старанна заштораныя. Відавочна ў яго ужо быў новы гартнітур мэблі.
Стах без увагі зірнуў на вокны дому і таксама без найменшай увагі слухаў маю справаздачу аб паляпшэннях.
Мы паслалі новую падлогу ў браме, падлаталі дахі, пафарбавалі сцены, мылі сходы штотыдня.
Словам, з закінутай зрабілі даволі прыстойную камяніцу. Усё было ў парадку, не выключаючы дзядзінец і вадаправод; усё – апрача аплаты каморных .
-          Зрэшты, - скончыў я, - большую інфармацыю пра каморныя раскажа табе твой распарадчы, пан Вірскі, за якім я зараз пашлю вартаўніка…
-          А не чапай ты мяне з гэтымі каморнымі ды з распарадчым, - буркнуў Стах. – Пойдзем ужо да гэтай самай пані Стаўскай ды вернемся ў магазін.
Мы зайшлі на другі паверх левага флігеля, дзе чуваць быў пах варанай каляровай капусты; Стах зморшчыўся, а я пастукаў да кухні.
-          Ёсць пані? – спытаў я ў пульхненькай кухаркі.
-          Яшчэ б іх не было, як вы прыходзіце, - адказала яна, прыжмурваючы вочы.
-          Ты бачыш, як нас прымаюць!... – шапнуў па-нямецку я Стаху.
У адказ той кіўнуу галавой і адставіў губу.
У салончыку маці пані Стаўскай, як звычайна, вязала панчоху; убачыўшы нас, узнялася крыху з крэсла і здзіўлена прыглядалася да Вакульскага.
З другога пакою выглянула Хелечка.
- Мама, - шапнула яна так гучна, што напэўна чуваць яе было на дзядзінцы, - прыйшоу пан Жэцкі і яшчэ якісьці пан.
У гэтую хвіліну  выйшла да нас і пані Стаўска.
Бачачы абедзвюх дам, я прамовіў:
- Наш гаспадар, пан Вакульскі, прыйшоў выказаць вам сваю павагу і расказаць пра навіну…
- Пра Людвічка?... – падхапілася пані Місевічова. – Ён жывы?...
Пані Стаўска пабляднела, а потым таксама хутка зачырванелася. Яна была ў гэтую хвіліну настолькі прыгожая, што нават Вакульскі вельмі уважліва пазіраў на яе, калі не з захапленнем, то, як найменш, з прыязнасцю. Я упэўнены, што у гэты момант ён закахаўся б у яе, калі б не той подлы пах каляровай капусты, што даносіўся з кухні.
Мы селі. Вакульскі запытаў іх, ці яны задаволены пражываннем тут, а потым паведаміў ім, што Людвік Стаўскі быў два гады таму ў Нью-Йорку, а потым пераехаў у Лондан пад чужым прозвішчам. Узгадаў таксама, што Стаўскі на той час быў хворы і што праз пару тыдняў магчыма атрымаць аб ім станоўчыя звесткі.
Слухаючы гэта, пані Місевічова некалькі разоў даставала хустачку… Пані Стаўска была больш спакойная, толькі пару слязін сцекла ў яе па твары. Каб прыхаваць узрушэнне, яна звярнулася з усмешкай да дачкі і прамовіла напаўголас:
-          Падзякуй, Хелечка, пану, што нам прынёс навіну пра татку.
Зноў слёзы ў яе бліснулі, але яна стрымалася. Тымчасам Хелечка зрабіла рэверанс перад Вакульскім, а потым прыгледзеўшыся да яго вялікімі вачыма, раптам абхапіла яго за шыю і пацалавала ў самыя вусны.
Я няхутка забуду пра тыя змены, якім падлегла фізіяномія Стаха ад такіх неспадзяваных пяшчот. Таму што, наколькі мне вядома, яшчэ ніколі не пацалавала яго ніводнае дзіця, таму ў першую хвіліну ён адхіснууся здзіўлены; потым абняў Хелечку за плечы, углядаўся ў яе з узрушэннем і пацалаваў яе галаву. Я пакляўся б, што вось-вось ён узнімецца з крэсла і звернецца да пані Стаўскай:
- “Дазвольце, пані, каб я замяніў бацьку гэтаму любаму дзіцяці…”
Але… не сказаў гэтага; апусціў галаву і паглыбіўся ў звычайны для яго роздум. Я аддаў бы палову майго гадавога заробку, каб даведацца: аб чым ён тады думаў? Можа аб панне Ленцкай?... Эх, зноў старасць… Што ж тая панна Ленцкая? нават параўноуваць з пані Стаўскай нельга!
Пасля пары хвілін маўчання Вакульскі спытаў:
-          Вы задаволеныя суседзямі?...
-          Гледзячы якімі, - адказала пані Місевічова.
-          Так, вельмі, - заўважыла пані Стаўская. Пры гэтым яна глянула на Вакульскага і зачырванелася.
-          Ці пані Кшэшоўска таксама добрая суседка? – спытаў Вакульскі.
-          О, пане!... – усклікнула пані Місевічова, узнімаючы палец уверх.
-          Гэта нешчаслівая жанчына, - перапыніла пані Стаўска. – Яна страціла дачку.
Гаворачы гэта, яна пакручвала ў пальцах ражок хустачкі і з-пад сваіх цудоуных вейкаў імкнулася пазіраць… ніяк не на мяне. Але павекі яе былі цяжкія, як волава, таму пані толькі чырванела усё мацней і рабілася усё больш сур’ёзнай, як калі б яе хто з нас абразіў.
-          А хто ж такі гэты пан Марушэвіч? – працягваў далей Вакульскі, нібы не думаючы нават пра прысутных дам.
-          Прайдзісвет, легкадумны чалавек… - хутка  адказала пані Місевічова.
-          Але ж не, мамачка, ён усяго толькі арыгінал! – паправіла яе дачка. У гэтую хвіліну ў яе былі вочы такія вялікія і зрэнкі такія расшыраныя, як пэўна ніколі раней не былі.
-          Ну а гэтыя студэнты, падобна, зусім невыносныя, - спытаў Вакульскі , пазіраючы на фартэпіяна.
-          Звычайная моладзь, - адказала пані Місевічова і гучна выцерла нос.
-          Ты бачыш, Хелечка, зноў адшпільваецца какардка, - прамовіла пані Стаўска, нахіляючыся да дачушкі, можа каб схаваць пэўнае пачуццё ад самой згадкі аб невыноснасці студэнтаў.
Надакучыў мне ужо Вакульскі сваёй размовай. Істотна, трэба быць напаўразумным, ці дрэнна выхаваным чалавекам, каб такую прыгожую жанчыну дапытваць аб суседзях! Я перастаў яго таксама слухаць і машынальна пачаў выглядваць на падворак.
І вось, што я убачыў… У адным з вакон Марушэвіча адхілілася ралета і праз аканіцу з боку можна было ўбачыць, што хтосьці пазірае на нас.
“Шпіёніць за намі гэты шаноўны пан!” – падумаў я. Я накіраваў позірк на трэці паверх фасада. Памерці ад смеху! … У найдалейшым пакоі пані баранэсы Кшэшоўскай абедзве форткі адчынены, а ў глыбіні відаць… яна сама, як прыглядаецца да пакою пані Стаўскай праз тэатральны ларнет.
“І не пакарае ж вось Пан Бог гэтую ведзьму…” – сказаў я сабе, упэўнены, што з гэтага ларнетавання вынікне некалі скандал. Я маліўся не дарэмна. Кара боская ужо вісела над галавой інтрыганкі, у выглядзе селядца, які з’яўляўся з-за форткі на чацвёртым паверсе. Селядца гэтага трымала якаясьці таямнічая рука, апранутая ў сіні рукаў з сярэбраным галонам, а над рукой праз некалькі секунд выхіляўся мізэрны твар са злоснай усмешкай.
Не патрабавалася мая прадбачлівасць, каб здагадацца, што быў гэта адзін з тых студэнтаў, хто не аплачвае каморных, які толькі і чакаў, каб з’ЯВІЛАСЯ баранэса ў фортцы і каб на яе скінуць селядзец.
Але баранэса была асцярожная, таму худы студэнт нудзіўся. Ён перакладаў падрыхтаванага селядца з адной рукі ў другую і пэўна для таго, каб забіць час, рабіў вельмі непрыстойныя міны, адрасаваныя дзяўчатам з парыжскай пральні.
Якраз, калі я думаў, што замах, які рыхтаваўся на баранэсу студэнтам з селядцом, нічым не скончыцца, Вакульскі ўзняўся з крэсла і пачаў развітвацца з дамамі.
-          Так хутка вы ужо пойдзеце! – прашаптала пані Стаўска і ў гэтую хвіліну вельмі збянтэжылася.
-          Можа, панове, будзеце так ласкавы бываць часцей…- дадала пані Місевічова.
Але вахлак Стах, замест таго, каб папрасіць пані, каб дазволілі яму бываць штодзень ці нават каб яго сталавалі (што я абавязкова сказаў бы, каб быў на яго месцы), гэты… гэты дзівак, спытаў, ці не патрэбны ім які рамонт у пакоі…
-          О, ужо усё, што было патрэбна, зрабіў шаноўны пан Жэцкі, - адказала пані Місевічова, звяртаючыся да мяне з прыязнай усмешкай. (Шчыра кажучы, нават  і не люблю я такіх усмешак ад асоб у пэўным веку).
У кухні Стах затрымаўся на секунду, відаць, раздражняў яго пах каляровай капусты, таму ён сказаў мне:
- Трэба было б тут усталяваць які-небудзь вентылятар ці што…
На сходах я не мог ужо вытрымаць і закрычаў:
- Калі б ты тут бываў часцей, то сам бы пазнаў, якія паляпшэнні належала б зрабіць у гэтым доме. Але якая табе справа да дому ці нават да такой пекнай жанчыны!
Вакульскі стаў у сенях і, пазіраючы на вадасцёкавую трубу, буркнуу:
- Гм!... калі б я пазнаў яе раней, то можа б і ажаніўся з ёй.
Пачуўшы гэта, я спазнаў дзіўнае адчуванне: быў задаволены і адначасова як бы мяне хто ў сэрца кальнуў.
- А так, дык ужо нават і не ажэнішся? – спытаў я.
- Хто ведае?... – адказаў ён. – Можа і ажанюся… Але не з ёй.
Пачуўшы гэта, я спазнаў яшчэ больш дзіўнае пачуццё; мне было шкада, што пані Стаўска не атрымае Стаха як мужа, і адначасова нібыта мне хто зняў цяжар з грудзей.
Ледзьве мы выйшлі на дзядзінец, гляджу, а пані баранэса выхіляецца са сваёй форткі і кліча, відавочна, нас:
-          Панове!... Калі ласка!...
Раптам душараздзіраючым голасам крыкнула: “Ах, нігілісты…”, і знікла ў глыбіні пакою.
Адначасова за некалькі крокаў ад нас упаў на падворак селядзец, на якога вартаўнік кінууся з такой драпежнасцю, што нават мяне не заўважыў.
-          Вы не зайдзеце да пані баранэсы? – спытаў я Стаха. – Яна, здаецца, мае да цябе справу.
-          Няхай яна толькі мяне не чапае! – адказаў ён, махнуўшы рукой.
На вуліцы ён паклікаў дрожкі і мы вярнуліся ў магазін, не размаўляючы адзін з адным. Аднак я быў перакананы, што ён думаў пра пані Стаўску і што калі б не гэтая подлая каляровая капуста…
Я быў сам не свой, такі заклапочаны, што зачыніў магазін і пайшоу на піва. Сустрэў там саветніка Вэнгровіча, які увесь час вешае сабак на Вакульскага, але мае вельмі шчаслівыя планы палітычныя… і мы спрачаліся з ім да апоўначы. Вэнгровіч мае рацыю: істотна відаць з газет, што ў Еўропе штосьці закручваецца. Хто ведае, ці пасля Новага Года малы Напалеончык (называюць яго Лулу, зробіць ён вам лулу!) не пераедзе з Англіі ў Францыю… Прэзідэнт Макмахон за ім, ксёндз Бралье за ім, народу большасць за ім… Можна было б зрабіць заклад, што застанецца царом як Напалеон IV, а на вясну пачне танец з Германіяй. Цяпер жа Германія не пойдзе на Парыж; не ўдаецца два разы адзін і той жа спектакль.
Дык вось жа… Што я хацеў сказаць?... Ага! На працягу трох, можа чатырох дзён пасля нашага візіту да пані Стаўскай прыходзіць Стах у магазін і падае мне ліст, але адрасаваны яму.
- Ну, прачытай, - сказаў ён са смехам.
Я адкрыў – чытаю:
“Пане Вакульскі! Выбачай, што не называю цябе шаноўным, але цяжка называць так чалавека, ад якога ужо усе адварочваюцца з агідай. Няшчасны чалавек! Вы яшчэ не рэабілітаваліся па сваіх ранейшых учынках, а ужо ганьбіце сябе новымі. Сёння ні аб чым больш не гаворыць увесь горад, толькі пра вашы візіты да такой жанчыны, якая так дрэнна сябе паводзіць… пані Стаўскай. Ужо не толькі сустракаешся з ёй у горадзе, не толькі закрадаешся да яе па начах, што б яшчэ даказвала, што не цалкам сорам страціў, але нават наведваеш яе белым днём, нягледзячы на слуг, моладзь і прыстойных жыхароў гэтай скампраметаванай камяніцы.
Не думай, аднак, няшчасны, што адзін толькі ты раман з ёй круціш. Дапамагае табе яшчэ твой распарадчы, гэты жабрак Вірскі, і гэты ссівелы ў распусце твой павераны ў справах Жэцкі.
Я павінна дадаць, што Жэцкі не толькі зводзіць у цябе тваю каханку, але яшчэ абкрадае цябе ў даходах з дому: бо пазніжаў каморныя некаторым жыхарам, а перадусім гэтай Стаўскай. У выніку гэтага дом твой ужо нічога не варты, ты сам стаіш над берагам бездані і сапраўды вялікую б зрабіў табе ласку высакародны дабрадзей, які б захацеў купіць гэтыя руіны пасля Ленцкіх з малой для сябе стратай.
Калі б усё ж знайшоўся такі дабрадзей, то пазбудзься ж цяжару, вазьмі з удзячнасцю, што табе даюць, і уцякай за мяжу, перш, чым справядлівасць чалавечая закуе цябе ў кайданы і кіне ў падзямелле: Глядзі за сабой!... будзь асцярожны!... і паслухай парады добрага сябра”.
-          Ну і экземпляр, згадзіся? – запытаў Вакульскі, заўважыўшы, што я ужо скончыў чытанне.
-          Няхай яе чэрці возьмуць! – усклікнуу я, скеміўшы, што ён кажа пра аўтарку ліста. – Я, паводле яе слоў, ссівеў у распусце!... Я злодзей!... Я кручу раман!... Праклятая ведзьма…
-          Ну, ну, супакойся, бо я ўжо бачу яе адваката, - прамовіў Стах.
Сапраўды, у гэтую хвіліну увайшоу у магазін чалавек у старым футры, вылінялым цыліндры і вялізных калошах.
Ён увайшоу, разгледзеўся як агент следчы, спытаў пра Клейна, калі будзе пан Вакульскі, потым раптам паказаў нам, што нас па меншай меры заўважае, і наблізіўшыся да Стаха, шапнуў:
-          Вы пан Вакульскі? Ці магу я з вамі караценька перамовіцца з вока на вока? Стах міргануў мне, і мы пайшлі утрох у мой пакой. Госць распрануўся, пры чым я заўважыў, што яго сподні яшчэ больш выцертыя, а барада яшэ больш паедзена моллю, чым футра.
-          Я прадстаўлюся панам, - прамовіў ён, выцягваючы да Вакульскага правую, а да мяне левую руку.  – Я адвакат…
Тут ён вымавіў прозвішча і – так і застаўся з рукамі ў паветры. Бо дзіўным чынам так супала, што ані Стах, ані я не мелі ахвоты паціскаць яму руку.
Ён зразумеў гэта, але не збянтэжыўся. Да таго ж, з выразам найлепшага настрою ён пацёр рукі і прамовіў, смеючыся:
-          Вы нават не пытаецеся: якая мяне сюды справа прывяла.
-          Мы здагадваемся, што вы сам скажаце, пане, - адказаў Вакульскі.
-          Праўда! – усклікнуў госць. – Дык вось жа скажу коратка. Ёсць тут адзін багаты, але вельмі скупы ліцвін (ліцвіны вельмі скупыя!), які прасіў мяне, каб я яму нагледзеў для набыцця якую-небудзь камяніцу. На ўвазе іх у мяне з пятнаццаць, але з-за павагі да вас, пане Вакульскі, бо ведаю, што вы робіце для краіны, нагледзеў яму вашу, гэтую, што пасля Ленцкага, і пасля двухтыднёвай працы над ім столькі зрабіў, што гатовы даць… Здагадайцеся, панове: колькі?... Восемдзесят тысяч рублёў… Ну што?... Выгадная справа. Ці няпраўда?...
Вакульскі зачырванеўся ад гневу, і я з хвіліну думаў, што ён выкіне госця за дзверы. Аднак Стах стрымаўся і  адказаў, але ужо тым сваім тонам, вядомым як востры і непрыязны:
-          Я ведаю гэтага ліцвіна, ён завецца баранэса Кшэшоўска.
-          Што?... – здзівіўся адвакат.
-          Гэты скупы ліцвін дае не восемдзесят, але дзевяноста тысяч за мой дом, вы ж прапануеце мне больш нізкую цану, каб больш зарабіць…
-          Хе! Хе! Хе!... – пачаў смяяцца адвакат. –Хто ж бы інакш рабіў, шаноўны пане Вакульскі?
-          Скажыце пане свайму ліцвіну, - перапыніў яго Стах, што я прадам камяніцу, але за сто тысяч рублёў. І гэта да Новага Года. Пасля Новага Года цану я падніму.
-          Але ж гэта не па-людску, тое, што вы кажаце!... – выбухнуў госць. Вы хочаце з гэтай няшчаснай жанчыны садраць апошні грош… Што свет на гэта скажа, падумайце, пане!...
-          Што скажа свет, пра гэта я не думаю, - прамовіў Вакульскі.  – А калі захоча мяне павыхоўваць, так як вы, пане, то я скажу: вось Бог, а вось парог. Вось там і парог, і дзверы, бачыце, пане адвакат?
-          Я даю вам дзевяноста дзве тысячы рублёў і ані гроша больш, - адказаў адвакат.
-          Дык можа апраніце футра, бо змерзнеце на дзядзінцы…
-          Дзевяноста пяць… - выпаліў адвакат і хутка пачаў апранацца.
-          Што ж, бывайце, пане… - прамовіў Вакульскі, адчыняючы дзверы. Адвакат нізка пакланіўся і выйшаў, з-за парога ж дадаў салодкім голасам:
-          То я прыйду праз пару дзён. Можа шаноўны пан будзе ў лепшым гуморы...
Стах зачыніў дзверы ў яго перад носам.
Пасля візіту надакучлівага адваката я ужо ведаў, што думаць. Пані баранэса з пэўнасцю купіць камяніцу Стаха, але спачатку выкарыстае усе сродкі, каб штосьці ўтаргаваць. Ведаю я гэтыя сродкі! Адным з іх быў гэты вось ананімны ліст, у якім яна узводзіць паклёп на пані Стаўску, а пра мяне кажа, што я ссівеў у распусце!..
Калі купіць камяніцу, то перадусім выганіць з яе студэнтаў, а напэўна і бедную пані Хелену. Калі ж бы хоць на гэтым абмежавала сваю нянавісць…
Цяпер я ужо магу расказваць хутка пра ўсе падзеі, якія пазней наступілі.
Дык вось пасля візіту гэтага адваката у мяне узнікла дрэннае прадчуванне. Я вырашыў яшчэ сёння наведаць пані Стаўску і перасцерагчы яе, каб яна была падрыхтавана адносна баранэсы. Як найменш, каб радзей сядзела ля вакна.
Бо гэтыя ж пані, нягледзячы на ўсе аздабляючыя іх даброці, маюць фатальную звычку увесь час сядзець ля вакна. Пані Місевічова сабе, пані Стаўска сабе, Хелечка сабе і нават кухарка Марыяна таксама сядзіць. І не дастаткова таго, што сядзяць увесь дзень, дык яшчэ сядзяць вечарамі пры лямпах і нават не закрываюць ралетаў, хіба толькі перад тым, як пайсці адпачываць. Таму відаць усё, што адбываецца ў іх пакоі, як у ліхтары.
Для прыстойных суседзяў такі спосаб правядзення часу быў бы найлепшым доказам іх шляхетнасці: паказваюцца усім увесь дзень, бо не маюць чаго хаваць. Калі сабе аднак прыгадаў, што гэтыя жанчыны увесь час пад наглядам Марушэвіча і пані баранэсы, і калі яшчэ падумаў, як баранэса ненавідзіць пані Стаўску – ахапілі мяне найгоршыя прадчуванні.
У той самы вечар я хацеў пабегчы да маіх шляхетных сябровак і папрасіць дзеля ўсіх святых, каб так доўга не сядзелі ля вакон і не падпадалі такім чынам пад высочванне баранэсы. Тымчасам  акурат а палове дзевятай я захацеў піць і – замест ісці да маіх сябровак, я пайшоу на піва.
Быў ужо там распарадчы Вэнгровіч і Шпрот, гандлёвы агент. Якраз гаварылі штосьці аб гэтым доме, што разваліўся на вуліцы Вспульнай, калі раптам Вэнгровіч ударае сваім куфлем па маім куфлі і кажа:
-          Не адзін яшчэ дом разваліцца перад Новым Годам!
І Шпрот падміргнуў.
Мне не падабалася яго падміргванне, бо я ніколі не любіў пераміргвацца з амаль што блазнамі, таму я пытаюся:
-          Што ж гэта, пане, мусяць азначаць вашы грымасы?
Ён смяецца нібы прыдуркавата і кажа:
-          Дык вы ж ведаеце лепш, чым я, што гэта значыць. Вакульскі прадае магазін…
Пакуты Хрыста!... Як я яму не трэснуў куфлем па ілбе, дзіўлюся з сябе самога. На шчасце, я стрымаў першае пачуццё, выпіў два куфлі піва адзін за адным і пытаюся ў яго зусім спакойным голасам:
-          А навошта ж Вакульскаму магазін прадаваць і каму?
-          Каму?... – выкрыквае Вэнгровіч. – Ці ж мала яўрэяў у Варшаве? – Складуцца утрох, а бадай і удзесяцёх, і запаршывяць Кракаўскае Прадмесце з ласкі яснавяльможнага пана Вакульскага, які валодае уласным экіпажам і ездзіць да арыстакратаў на летнія вакацыі. Мой Божа!... я памятаю, як гэтае бядацтва мне падавала разбратэль у Хопфера… Няма як цяпер ездіць на вайну і вытрасаць турэцкія кішэні.
-          Але чаму б яму прадаваць магазін? – пытаю я, шчыплючы сваё калена, каб амаль што не вылаяць гэтага дзеда.
-          Добра робіць, што прадае! – адказаў Вэнгровіч, узяўшыся за ўжо не ведаю які па ліку куфаль піва. – Што яму рабіць сярод купцоў, такому пану, такому… дыпламату, такому… наватару, што нам сюды новыя тавары пастаўляе?...
-          Мне падаецца, што ёсць іншая прычына, - заўважыў Шпрот. -  Вакульскі клапоціцца аб панне Ленцкай, і хоць адразу атрымаў адварот-паварот, аднак сёння зноў там бывае, таму напэўна мае планы… А што панна Ленцка не пайшла б за галантэрэйнга купца, хоць бы ён быў дыпламатам і наватарам…
Перад вачыма маімі пачалі праносіцца маланкі. Я ударыў куфлем аб стол і крыкнуў:
- Вы хлусіце, пане, усё, пане, хлусіце, пане Шпрот!... А вось гэта мой адрас… - дадаў я, кідаючы яму візітоўку на стол.
- Што вы, пане, даеце мне адрас? – адказаў Шпрот. – Я павінен вам даслаць партыю корту ці што?...
- Я жадаю ад вас сатысфакцыі, - крыкнуў я, увесь час лупячы па стале.
- Шахер-махер! – кажа Шпрот і круціць пальцам у паветры. – Лёгка вам жадаць сатысфакцыі, бо вы венгерскі афіцэр. Забіць чалавека ці нават двух ці самому даць сябе пасячы, то вось у вас і  хлеб з маслам… Але я , пане, гандлёвы агент, у мяне жонка, дзеці і тэрміновыя справы…
- Я прымушу вас да паядынку!
- Што мне тое ваша “прымушу”?... Пугай мяне, пане, пагоніце ці што?... А калі б вы, пане, мне штосьці падобнае сказалі на цвярозую галаву, то я пайшоу бы ва ўчастак і далі б тады вам, пане, такі паядынак…
- У вас няма гонару! – усклікнуў я.
Цяпер ён пачаў лупіць па стале.
-          У каго няма гонару?... Вы каму гэта кажаце?... Ці я не плачу па вэкслях ці даю дрэнны тавар, ці можа я банкрут?... Паглядзім у судзе, у каго ёсць гонар!...
-          Супакойцеся! – прасіў распарадчы Вэнгровіч. – Паядынкі былі модныя раней, не цяпер… Падайце адзін аднаму рукі…
Я узняўся з-за стала, які быў заліты півам, заплаціў у буфеце і выйшаў. Нага мая не ступіць у гэту подлую трушчобу…
Натуральна, што пасля такога ўзрушэння я не мог ужо пайсці да пані Стаўскай. Спярша думаў нават, што усю ноч спаць не буду. Але неяк заснуў. А калі Стах прыйшоу на другі дзень у магазін, я спытаў яго:
-          Ведаеш, што кажуць?... Што ты магазін прадаеш?...
-          А хоць бы і прадаў, што ў гэтым дрэннага?
(Праўда! Што ж у гэтым было дрэннага?... Што ж гэта мне такая простая думка не прыйшла на розум.)
-          Але ж бачыш, - прашаптаў я, - кажуць яшчэ, што ты жэнішся з паннай Ленцкай…
-          Калі б і так… Дык і што ж? – адказаў ён.
(Насамрэч, мае рацыю! Што ж гэта, яму нельга ажаніцца з кім хоча, нават з пані Стаўскай?... Вось зноў я не зарыентаваўся і без патрэбы зрабіў авантуру гэтаму Шпроцішчу.)
Натуральна, паколькі гэтым вечарам я павінен пайсці не так на піва, але каб пагадзіцца з незаслужана абражаным Шпротам, таму зноў не быў у пані Стаўскай і не перасцярог яе, каб не сядзела увесь час ля вакна. Таму не без прыкрасці я даведаўся, што да Вакульскага сярод купцоў узрастае непрыязнасць, што магазін наш будзе прададзены і што Стах жэніцца з пані Ленцкай. Гэта я кажу: жэніцца, бо ён, не маючы на гэты конт пэўнасці, не выказваўся б так станоўча, нават пры мне.
Сёння я ужо пэўна ведаю, па кім ён сумаваў у Балгарыі, для каго зубамі і кіпцюрамі здабываў уласнасць… Так, воля боская!...

Ну і паглядзіце, як я адыходжу ад прадмету расповеду. Але цяпер вось ужо дбайным чынам займуся авантурай пані Стаўскай і раскажу з хуткасцю бліскавіцы.

ЭПІЛОГ QUO VADIS? Г.Сенкевіч (пераклад з польскай мовы на беларускую мову)

Спачатку бунт гальскіх легіенаў на чале з Віндэксам не здаваўся надта пагрозлівым. Цэзар пражываў толькі трыццаць першы год жыцця, і ніхто не асмельваўся спадзявацца, што свет павінен стаць ужо вольным ад здані, якая яго душыла.
Успаміналі, што сярод легіенаў ужо неаднойчы, яшчэ пры былых імператарах, адбываліся хваляванні, якія праходзілі не цягнучы за сабой змены ўлады. Так пры Тыберыі Друсу супакоіў бунт панонскіх легіенаў, а Германікус – надрэнскіх. “Хто б дарэчы, - казалі людзі, - мог прыняць пасля Нярона ўладу, калі ўсе нашчадкі боскага Аўгуста загінулі па яго ж загаду?” Іншыя, пазіраючы на Калосы, у вобразах якіх цэзар прадставаў як Геркулес, міжволі ўяўлялі сабе, што ніякая сіла такой моцнасці не пераадолее. Былі і такія, хто ад часу, як ен выехаў ў Ахаю, сумавалі па ім, бо Геліус і Палітэт, якім ен пакінуў кіраванне Рымам і Італіяй, кіравалі яшчэ больш крывава, чым ен.
Ніхто не быў упэўнены ў жыцці і сваім маентку. Закон перастаў абараняць. Згасла годнасць людская і цнота, паразвязваліся вузлы сямейныя, а змізарнелыя сэрцы баяліся быць адкрытымі нават надзеі. З Грэцыі даходзіла рэха аб нечуваных трыумфах цэзара, аб тысячах вянцоў, якія ен здабыў, і тысячах паплечнікаў, якіх ен перамог. Свет здаваўся адной оргіяй, крывавай і блазанскай, але разам з тым шырылася такое меркаванне, што прыйшоў канец цноце, значным рэчам, што прыйшоў час танцаў, музыкі, распусты, крыві і што ад гэтага часу так жыцце і павінна ісці. Сам цэзар, якому бунт адчыняў дарогу для новых пакаранняў, не вельмі хваляваўся аб бунце легіенаў і Віндэкса, і нават часта выказваў сваю радасць наконт гэтага. З Ахаі не хацеў ад’язджаць і толькі калі Геліус давеў да яго, што далейшы ход бунту можа прывесці да страты краіны, рушыў да Неапаліса. Там ізноў іграў і спяваў, прапускаючы міма вушэй звесткі аб усе больш пагрозлівым ходзе здарэнняў. Безвынікова Тыгелін тлумачыў яму, што былыя бунты легіенаў былі без кіраўніка, цяпер жа на чале іх стаіць годны муж з белых каралеў аквітанскага паходжання і пры гэтым слаўны і дасведчаны воін. “Тут, - адказаў Нярон, - слухаюць мяне грэкі, якія адзіныя толькі і ўмеюць слухаць і адзіныя толькі годныя майго спеву.” Ен гаварыў, што першы яго абавязак – гэта мастацтва і слава. Але калі нарэшце да яго дайшла звестка, што Віндэкс абвясціў яго дрэнным артыстам, сарваўся і выехаў у Рым. Раны, якія ен атрымаў ад Пятронія, і якія загаіў побыт у Грэцыі, адкрыліся ў яго сэрцы наноў і ен хацеў у сената шукаць справядлівасці за такую нечуваную крыўду.
Па дарозе ен убачыў скульптурную групу, адлітую з бронзы: воіна-гала, пераможанага рымскім рыцарам, - і палічыў гэта за добрае прадказанне і ад гэтага часу, калі ен успамінаў пра ўзбунтаваныя легіены і Віндэкса, то таму толькі, каб з іх панасміхаца. Уязджаў ен у горад так, што пераўзышоў усе, што дасюль бачылі. Ехаў на тым самым возе, на якім некалі Аўгуст адбываў трыумф.Нават разбурылі адну арку ў цырку, каб адкрыць уваход працэсіі. Сенат, воіны і незлічоныя натоўпы людзей выйшлі яго сустрэць. Сцены дрыжалі ад воклічаў: “Вітаем, Аўгуст! Вітаем, Геркулес! Вітаем, боскі, адзіны, алімпійскі, бессмяротны!” За ім неслі здабытыя вянцы, назвы гарадоў, у якіх ен трыумфаваў і выпісаныя на табліцах імены майстроў, якіх ен перамог. Нярон сам быў задаволены і пытаў з узрушэннем акаляючых яго аўгустыянаў, чым быў трыумф Цэзара ў параўнанні з яго трыумфам? Думка, каб хто-небудзь са смяротных пасмеў узняць руку на такога майстра-паўбога, не змяшчалася ў яго галаве. Ен адчуваў сябе сапраўды алімпійцам і ад гэтага бяспечным. Запал і шаленства натоўпаў абуджалі яго ўласны шал. Як магло падацца ў дзень гэтага трыумфа, што не толькі цэзар і горад, але і ўвесь свет страціў розум.
Пад кветкамі і стосамі вянцоў ніхто не бачыў бездані. Аднак яшчэ ў той жа вечар калоны і муры храмаў пакрыліся надпісамі, у якіх выкрываліся злачынствы імператара, дзе яму пагражалі блізкай смерцю і высмейвалі яго, як артыста. З вуснаў у вусны пераходзіў выраз: “Спяваў датуль, пакуль пеўняў не абудзіў!” Трывожныя звесткі пачалі разносіцца па горадзе і раслі да небывалых памераў. Непакой ахапіў аўгустыянаў. Людзі у няўпэўнасці, што пакажа будучае, не смелі выказваць жаданняў, надзей, не смелі амаль чуць і думаць!
Ен жа жыў далей толькі тэатрам і музыкай. Яго займалі вынайдзеныя новыя музычныя інструменты і новы водны арган, на якім спрабавалі іграць на Палатыне. У здзяцінелым і няздольным да адной хаця б парады ці дзеяння розуме ен уяўляў сабе, што намеры да прадстаўленняў і відовішчаў, якія далека сягаюць у будучыню, адвернуць тым самым небяспеку. Найбліжэйшыя асобы бачылі, што замест таго, каб знаходзіць сродкі і войскі, ен намагаецца адно толькі трапна выказаць пагрозу, таму пачалі страчваць розум. Іншыя ж думалі, што ен толькі заглушае сябе і іншых цытатамі, а ў душы яго жывуць трывога і непакой. Усе ж учынкі яго сталі ліхаманкавыя. Штодзень тысячы намераў праносіліся праз яго розум. Хвілінамі ен парываўся збегчы ад небяспекі, загадваў пакаваць на вазы цытры і лютні, узбройваць маладых нявольніц, як амазонак, а разам з тым падцягваць легіены з Усходу. Часам ен зноў думаў, што не вайной, а спевам скончыць бунт гальскіх легіенаў. І душа яго радавалася ад такога відовішча, якое павінна было адбыцца пасля аб’яднання песняй воінаў. Вось легіянеры абкружаюць яго са слязьмі на вачах, а ен заспявае ім эпініцый, пасля якога залаты век пачнецца для яго і для Рыма. Часам ен зноў жадаў кровапраліцця, часам сведчыў, што спыніцца на панаванні ў Егіпце, успамінаў варажбітоў, якія прадказвалі яму панаванне ў Іерусаліме ці расчульваўся ад думкі, што як вандроўны спявак ен будзе зарабляць на хлеб, а гарады і краіны будуць шанаваць яго не як імператара, гаспадара зямнога свету, а як песняра, якога дасюль не чуў род людскі.
І так ен кідаўся, шалеў, іграў, спяваў, змяняў намеры, цытаты, свае жыцце і жыцце свету ў нейкі недарэчны сон, фантастычны і страшны, у крыклівую звадку, якая складалася з пустых выразаў, дрэнных вершаў, стогнаў, слез крыві, а ў гэты час хмара на Захадзе расла і мацнела з кожным днем. Мера была перабраная, блазнаватая камедыя павінна была скончыцца. Калі звесткі аб Гальбе і далучэнні Іспаніі да бунту дайшлі да яго вушэй, ен стаў злосны і шалены. Паразбіваў чары, перавярнуў стол на піры і аддаў загады, якіх ні Геліус , ні сам Тыгелін не маглі выканаць. Пазабіваць усіх галаў, якія жывуць у Рыме, пасля падпаліць яшчэ раз горад, выпусціць жывел з арэнарыяў, а сталіцу перанесці ў Александрыю, - і гэта ўсе падалося яму вялікай справай, годнай здзіўлення і легкай разам з тым. Але ўжо дні яго ўсемагутнасці прайшлі, і нават паплечнікі па былых злачынствах пачалі на яго пазіраць, як на вар’ята.
Смерць Віндэкса і няўзгодненасць узбунтаваных легіенаў здавалася зноў пераважвалі шалі на яго бок. Ужо новыя піры, новыя трыумфы і новыя прысуды былі абвешчаны ў Рыме, калі аднойчы ўночы з атраду прэтарыянцаў прыбыў пасланец з весткай, што ў самім горадзе салдаты ўзнялі сцяг бунту і абвясцілі Гальбу імператарам.
Цэзар спаў у гэту хвіліну, але прачнуўся і дарэмна клікаў стражнікаў-целаахоўнікаў, якія не спалі начамі ля дзвярэй яго пакояў. У палацы было ўжо пуста. Толькі нявольнікі рабавалі ў далейшых закутках, што можна было забраць. Але яго выгляд напужаў іх, ен жа блукаў самотна па доме, напаўняючы яго крыкам трывогі і роспачы.
Нарэшце яго вызваленцы Фаон, Спірус і Эпафрадыт прыйшлі яму на дапамогу. Яны хацелі, каб ен уцякаў, кажучы, што ен не мае зусім часу, але усе яшчэ чакаў. А калі б прыбраны ў жалобнае адзенне звярнуўся да сенату, наўжо б сенат адмовіў слязам і пакаянню? Калі б ен ужыў усе мастацтва красамоўства і акторскія здольнасці, дык хіба хто-небудзь у свеце здолеў бы яму адмовіць? Ці не далі б яму хаця б прэфектуру ў Егіпце? А яны прывыклі да ўсхваленняў і не смелі проста яму запярэчыць, толькі засцераглі, што пакуль ен здолее дайсці да Форума, люд раздзярэ яго на часткі, і пагражалі, што калі ен зараз жа не сядзе на каня, то яны яго пакінуць таксама. Фаон ахвяраваў яму схованку на сваей віле, якая была за Наментанскай брамай. Праз хвіліну яны селі на коней і, абкрыўшы галовы плашчамі, паімчаліся да ускраін горада. Ноч ужо мінала. Аднак на вуліцах панаваў рух, які гаварыў аб надзвычайнасці моманту. Салдаты то па аднаму, то малымі групкамі рассейваліся па горадзе. Недалека ад лагера конь імператара скочыў раптам убок ад выгляду трупа. У гэты час плашч ссунуўся з галавы вершніка, і салдат, які ў гэты ж момант ехаў побач, пазнаў імператара, але спужаны неспадзяваным спатканнем, аддаў яму вайсковы паклон. Праязджаючы каля лагера прэтарыянцаў, яны пачулі вокрыкі ў гонар Гальбы. Нярон нарэшце зразумеў, што набліжаецца гадзіна смерці. Яго апанаваў жах і пакуты ад апошняга сумлення. Ен казаў, што бачыць перад сабой цемру накшталт цемнай хмары, а з яе выхіляюцца да яго твары, у якіх ен пазнае маці, жонку, брата. Зубы яго стукалі ад страху, аднак яго камедыянцкая душа знаходзіла нібы нейкае прадказанне ў страшную хвіліну. Быць усемагутным валадаром зямлі і страціць ўсе здавалася яму вяршыняй трагедыі. І верны сабе, ен іграў у ей першую ролю да канца. Яго ахапіла ліхаманка цытавання і жаданне, каб прысутныя запомнілі гэтыя цытаты для нашчадкаў.
Часам ен гаварыў, што хоча памерці і клікаў Спікулуса, які забіваў лепш за астатніх гладыятараў. Часам крычаў: “Маці, жонка, бацька на смерць мяне клічуць!” Пробліскі надзеі абуджаліся ў ім час ад часу, годныя і дзіцячыя. Ен ведаў, што ідзе паміраць і не верыў у гэта. Наментанская брама была адчынена. Едучы далей, яны мінулі Астрыянум, дзе прапаведаваў і хрысціў Петр. На світанні яны былі на віле Фаона. Там вызваленцы ўжо не хавалі ад яго, што час паміраць, таму ен загадаў капаць для сябе дол і лег на зямлю, каб маглі дакладна яго памераць. Але ад выгляду выкідваемай з яміны зямлі апанаваў яго страх. Тлусты твар збялеў, а на ілбе, нібы кроплі ранішняй расы, з’явіліся кроплі поту. Пачаў хітраваць. Дрыжачым і акцерскім голасам ен паведаміў, што час яшчэ не прыйшоў, пасля зноў пачаў цытаваць. У канцы ен прасіў, каб яго спалілі.”Які артыст гіне!” – паўтараў ен нібы са здзіўленнем. У гэты час прыбыў пасланец Фаона з данясеннем, што сенат вынес ужо прысуд, і што парысіда павінен быць пакараны паводле былога звычая.
-          Які гэта звычай? – спытаў збялелымі вуснамі Нярон
-          Шыю тваю возьмуць у вілы і заб’юць цябе да смерці, а цела выкінуць у Тыбр, - адказаў з’едліва Эпафрадыт.
Цэзар жа раскрыў плашч на грудзях:
-          І значыць час прыйшоў! – сказаў ен, паглядзеўшы на неба. І яшчэ раз паўтарыў: “Які артыст гіне!”
У гэту хвіліну раздаўся тупат коней. Гэта цэнтурыен на чале салдат прыбываў па галаву Вогнебародага.
-           Спяшайся! – закрычалі вызваленцы
Нярон прыклаў нож да шыі, але калоў сябе баязліва далонню і відаць было, што ніколі не асмеліцца заглыбіць вастрые. У гэты час неспадзявана Эпафрадыт падапхнуў яго руку, і нож прайшоў  аж праз усю шыю, а вочы вылезлі наверх, страшныя, вялікія, спужаныя.
-          Я прынес табе жыцце! – закрычаў уваходзячы цэнтурыен.
-          Надта позна, адказаў хрыплым голасам Нярон. Пасля дадаў: - Гэта факт!
У імгненне вока смерць пачала абдымаць яго за галаву. Кроў з тоўстага карку пырскала чорным струменем на садовыя кветкі, а ногі яго пачалі капаць зямлю – і ен сканаў.
Верная Акта абкрыла яго назаўтра каштоўнымі тканінамі і спаліла на стосе з пахамі.
І так мінуў Нярон, як мінае віхура, бура, пажар, вайна ці мор, а базіліка Пятра пануе дасюль з Ватыканскіх вышынь гораду і свету.

Побач з былой Капенскай брамай узносіцца цяпер невялікая каплічка з крыху зацёртым надпісам : “Quo vadis, Domine?”