Раздзел XIV
Некалькі дзен Хілон нідзе не паказваўся. Вініцый жа , які ад моманту,
калі даведаўся ад Акты, што Лігія яго кахала, у сто разоў больш прагнуў яе
знайсці, пачаў пошукі сам, бо не хацеў і не мог прасіць дапамогі ў імператара,
які быў устрывожаны здароўем малой Аўгусты.
Калі ж не дапамаглі ахвяры, прынесеныя ў храмах, маленні, абеты, лекары
і ўсялякія чарадзейскія сродкі, якіх з лішкам хапала. Праз тыдзень дзіця
памерла. Жалоба была ў імператарскім двары і ў Рыме. Імператар, які пры
нараджэнні дзіцяці шалеў ад шчасця, цяпер губляў розум ад гора і роспачы і,
замкнуўшыся ў сабе, два дні нічога не еў, а паколькі ў палацы было мноства
сенатараў і аўгустыянаў, што спяшаліся выказаць жальбу і спачуванні, не хацеў
нікога бачыць.
Сенат сабраўся на надзвычайнае паседжанне, на якім памерлае дзіця было
абвешчана багіняй, вырашылі пабудаваць ёй храм і прызначыць для служэння ў ім
асобнага жраца. У іншых жа храмах у гонар яе прыносіліся ахвяры, адлівалі яе
статуі з каштоўных металаў, а пахаванне стала вялікай урачыстасцю, на якой
людзі бачылі невыказальны жаль, які адчуваў імператар, народ плакаў з ім разам,
прасцягваў рукі за падаяннем і бавіўся ад нязвыклага відовішча.
Пятронія занепакоіла гэта смерць. Вядома было ўжо ва ўсім Рыме, што
Папея прыпісвае яе чарам. Паўтаралі за ёй гэта і лекары, якія такім чынам маглі
апраўдаць безвыніковасць сваіх намаганняў, і жрацы, ахвяры якіх аказаліся
бяссільнымі, і знахары, якія дрыжалі за сваё жыццё, і ўвесь народ. Пятроній быў цяпер рады, што Лігія ўцекла, бо
не жадаў зла сям’і Аўлаў, гэтаксама сабе і Вініцыю. Калі ж знялі кіпарыс,
пастаўлены ў знак жалобы перад Палатынам, Пятроній падаўся на прыём,
прыгатаваны для сенатараў і аўгустыянаў, каб даведацца, наколькі Нярон узяў да
галавы плётку аб чарах і прадухіліць мажлівыя наступствы.
Ен дапускаў таксама, ведаючы імператара, што той хоць і не паверыць у
чары, будзе прыкідвацца, што верыць і каб ашукаць уласны боль і каму-небудзь
адпомсціць, і, нарэшце, каб пазбегнуць думак, што богі пачынаюць яго караць за
зладзействы. Пятроній не лічыў, што Нярон мог нават уласнае дзіця любіць
па-сапраўднаму глыбока, але быў упэўнены, што той будзе доўга перажываць. І не
памыліўся. Нярон слухаў спачуванні сенатараў і воінаў з каменным тварам, з
вачыма, што пазіралі ў адну кропку, і было відаць, што калі нават ен і сапраўды перажывае, то разам з тым думае пра тое, якое ўражанне робіць яго боль на
прысутных і разам з тым хоча быць падобным да Ніобы і прадстаўляе сцэну бацькоўскага гора,
нібы камедыянт на сцэне. Не ўмеў пры
гэтым доўга маўчаць і смуткаваць, бо часам рабіў жэсты, нібы пасыпаў галаву
зямлёю, а часам глуха енчыў, убачыўшы ж Пятронія, усхапіўся і трагічным голасам
закрычаў так, каб усе маглі пачуць:
-
Шкада! І ты павінен у яе смерці!
Па тваей парадзе з’явіўся ў гэтых сценах злы дух, які адным позіркам дастаў
жыццё з яе грудзей…гора мне! І лепш бы вочы мае не глядзелі на святло
Геліяса…гора мне!
І, узвышаючы голас усе больш, перайшоў на роспачны крык, але Пятроній у
той жа момант вырашыў дзейнічаць, рызыкуючы, пасля чаго высцягнуў руку і хутка
сарваў ядвабную хустачку, што Нярон насіў заўседы на шыі і прыкрыў яму ей вусны.
-
Пане! – сказаў ен з павагаю. – Спалі Рым і свет ад гора, але захавай для
нас свой голас!
Задумаліся прысутныя і сам Нярон, адзін Пятроній заставаўся спакойным. Ен
добра ведаў, што робіць. Бо памятаў, што Тэрпнасу і Дыядору было загадана
закрываць рот імператару, калі ён занадта павышаў голас.
-
Імператар, - казаў ён далей з той
жа павагай і смуткам – мы панеслі непамерную страту, дык няхай нам застаецца на
суцяшэнне хоць гэты скарб!
Твар Нярона задрыжаў, і праз хвіліну з яго вачэй паліліся слезы, раптам
паклаў руку на плечы Пятронія, а галаву паклаў яму на грудзі і загаварыў праз
слезы
-
Ты адзін з усіх падумаў аб гэтым,
адзін ты. Пятроній! Ты адзін!
Тыгелін пажаўцеў ад зайздрасці, а Пятроній прамовіў:
-
едзь у Анцый! Там яна з’явілася на
свет, там сышла на цябе радасць, там сыйдзе і спакой. Няхай марское паветра
асвяжыць твае боскае горла, няхай твае грудзі насыціць саленая вільгаць Мы ж,
верныя твае сябры, пойдзем усюды за табой і калі твой боль мы будзем суцяшаць
сяброўствам, ты суцешыш нас песняй.
-
Так! – адказаў Нярон. - Напішу ў
яе гонар гімн і да яго - музыку.
-
А потым пашукаеш цёплае сонца ў
Баях.
-
А потым – забыцця ў Грэцыі
-
На радзіме паэзіі і песень!
І каменны цяжкі пануры настрой імператара паступова знікаў, як знікаюць
хмары, што закрываюць сонца. так і пачалася размова, яшчэ поўная смутку, але з
доляй спадзяванняў ужо на будучае, пра падарожжы, выступленні,і нават пра
ўрачысты прыём, якога патрабавала прыбыцце Тырыдата, цара Арменіі. Тыгелін
праўда намагаўся ўспамінаць пра чары, але Пятроній упэўнены ужо ў перамозе, проста спытаў яго:
-
Тыгелін! Ці лічыш ты, што чары
могуць пашкодзіць багам?
-
Сам імператар гаварыў аб іх –
адказаў прыдворны.
-
Гэта гаварыў смутак, а не
імператар, але што ты пра гэта думаеш?
-
Богі вельмі моцныя, каб паддавацца
сурокам
-
Ты будзеш адмаўляць боскасць
імператара і яго сям’і?
-
Peractum est! (Гатовы!) – буркнуў Эпрый Марцэл, што стаяў побач і паўтараў вокрык,
які звычайна гучаў, калі гладыятар на арэне атрымліваў такі ўдар, што дабіваць
яго ужо не трэба было.
Тыгелін перамагаў у сабе гнеў Паміж ім і Пятроніем даўно існавала
суперніцтва за ласку Нярона, і перавага Тыгеліна была ў тым, што перад ім Нярон
ні ў чым не абмяжоўваў сябе, але пры ўсялякай сутычцы Пятроній перамагаў яго
розумам і дасціпнасцю.
Так адбылося і зараз. Тыгелін змоўк і толькі адзначаў сабе твары
сенатараў і пасаднікаў, якія ў хвіліну, калі Пятроній падаўся ў глыбіню залы,
абкружалі яго, памятаючы, што пасля гэтага выпадку ён будзе напэўна першым
чалавекам імператара.
Пятроній жа выйшаў з палацу і накіраваўся да Вініцыя, дзе расказаў яму
пра наведванне імператара і пра Тыгеліна.
-
Я не толькі адвёў небяспеку ад
Аўла Плаўція і Пампоніі, але і ад нас абодвух, і ад Лігіі, якую не будуць цяпер
шукаць хаця б таму, што я запэўніў гэту меднабародую малпу, каб ехаў у Анцый, а
адтуль у Неапаліс ці ў Баі. І ён паедзе, бо ў Рыме не асмельваўся дасюль
публічна выступаць у тэатры, я ж ведаю, што даўно мае намер выступіць у
НЕАПАЛІСЕ. Потым ён марыць пра Грэцыю, дзе яму хочацца спяваць ва ўсіх самых
значных гарадах, а потым з усімі лаўрамі, што ахвяруюць яму грэкі, трыумфальна
ўехаць у Рым. Увесь час мы зможам
свабодна шукаць Лігію і бяспечна яе схаваць. А што? Ці не было яшчэ нашага высакароднага філосафа?
-
Твой
высакародны філосаф - ашуканец. Не было, не паказваўся і болей не пакажацца.
-
А ў мяне лепшае ўражанне , калі не
пра яго сумленне, то пра яго розум. Ен ужо панадзіўся да твайго мяшэчка з
грашыма, і прыйдзе хаця б таму, каб патрэсці яго ў другі раз.
-
Няхай
сцеражэцца, каб я яму кроў не пусціў.
-
Не рабі гэтага і будзь з ім
цярплівы, пакуль не пераканаешся ў яго ашуканстве. Не давай яму больш грошай, а
паабяцай шчодра ўзнагародзіць, калі прынясе табе надзейную звестку. Сам што-небудзь будзеш прадпрымаць?
-
Два маіх вызваленцы, Німфідый і
Дэмас, шукаюць яе на чале шасці дзесяткаў людзей. Таму з нявольнікаў, які
знойдзе яе, я абяцаў волю. Паслаў акрамя гэтага ганцоў на ўсе дарогі, што
вядуць з Рыма, каб у прыдарожных гасцініцах распытвалі пра лігійца і дзяўчыну. Сам
жа я даследую горад удзень і ўночы, разлічваючы на шчаслівы выпадак.
-
Калі аб чым
даведаешся, дай мне знак, бо я павінен ехаць у Анцый.
-
Добра.
-
А калі пэўным ранкам прачнешся і
скажаш сабе, што з-за адной дзяўчыны не варта так перажываць і рабіць столькі
намаганняў, то прыязджай у Анцый. Там хопіць і жанчын, і ўцех.
Вініцый пачаў хутка крочыць, Пятроній жа назіраў за ім нейкі час,
нарэшце сказаў:
-
Скажы мне шчыра, не як ашалелы
юнак, які штосьці сабе прыдумаў і сам сябе распаляе, а як разумны чалавек, які
давярае сябру: табе заўседы дарагая аднолькава гэта Лігія?
Вініцый затрымаўся на хвіліну і
так зірнуў на Пятронія, нібы ніколі не бачыў дасюль, пасля зноў пачаў хадзіць. Відавочна
было, што стрымлівае ў сабе выбух. Нарэшце на вачах яго ад пачуцця ўласнага
бяссілля, ад жалю, гневу і непамернага суму з’явіліся слезы, якія сказалі
Пятронію больш, чым самыя выразныя словы. Задумаўшыся на хвіліну, Пятроній прамовіў:
-
Свет нясе на
сваіх плячах не атлант , а жанчына, і часам гуляе з ім, як з мячыкам.
-
Так!
– сказаў Вініцый.
І яны пачалі развітвацца. Але ў гэты час нявольнік даў знаць, што Хілон
Хіланід чакае ў прыхожай і просіць дапусціць яго да пана. Вініцый загадаў
упусціць яго, а Пятроній сказаў:
-
Га? Хіба я табе
не казаў?Клянуся Геркулесам!Толькі захоўвай спакой, інакш ён табой завалодае, а не ты ім.
-
Прывітанне і пашана, высакародны
трыбун і табе, пане, - гаварыў, уваходзячы, Хілон. – Няхай ваша шчасце будзе роўным з вашай
славай, а слава няхай абляціць увесь свет – ад слупоў Геркулеса да межаў зямлі Аршакідаў.
-
Прывітанне, заканадаўца цноты і
мудрасці – адказаў Пятроній.
Але Вініцый спытаў спакойна:
-
Што прынёс?
-
У першы раз я прынёс табе надзею,
а цяпер і ўпэўненасць, што дзяўчына будзе знойдзена.
-
Гэта значыць, што дасюль ты яшчэ
яе не знайшоў?
-
Так, пане, але знайшоў, што
значыць знак, які табе накрэсліла. Ведаю, хто тыя людзі, якія яе адбілі і
ведаю, сярод шанавальнікаў якога баства трэба яе шукаць.
Вініцый амаль не ўсхапіўся з крэсла, на якім сядзеў, але Пятроній
паклаў руку яму на плечы і звярнуўся да Хілона:
-
Кажы далей!
-
Ты цалкам упэўнены, што дзяўчына
накрэсліла на пяску рыбу?
-
Так! – выбухнуў Вініцый.
-
Значыць яна хрысціянка, і адбілі яе
хрысціяне.
Наступіла хвіліна маўчання.
-
Слухай, Хілон, - сказаў нарэшце
Пятроній, - мой сваяк паабяцаў табе за адшуканне дзяўчыны добрыя грошы, але і
не менш розак, калі ты захочаш яго ашукаць. У першым выпадку купіш не аднаго, а
трох пісцоў, у іншым жа – філасофія ўсіх
сямі мудрацоў з дадаткам тваёй уласнай не стане табе гаючым бальзамам.
-
Дзяўчына – хрысціянка, пане! –
усклікнуў грэк.
-
Падумай, Хілон! Ты чалавек не
дурны. Мы ведаем, што Юлія Сілана разам з Кальвіяй Крыспінілай абвінавацілі
Пампонію Грэцыну у шанаванні хрысціянскай прымхі, але мы ведаем і тое, што
хатні суд апраўдаў яе. Ты хацеў бы гэта
цяпер зноў узнавіць? цІ хочаш нас запэўніць, што Пампонія, а з ёй і Лігія могуць
належаць да ворагаў роду людскога, да атручвальнікаў фантанаў і студняў, да
шанавальнікаў аслінай галавы, да людзей, што забіваюць дзяцей і аддаюцца
найпаганейшай распусце. падумай, Хілон, як бы гэты тэзіс, што ты нам агучыў, не
адбіўся антытэзісам на тваёй спіне.
Хілон развёў рукамі, маўляў, гэта не яго віна і сказаў:
-
Пане! Скажы па-грэцку наступныя
словы: Ісус Хрыстос, Сын Божы, Збавіцель.
-
Добра. Ну, гавару, і што з гэтага?
-
А цяпер вазьмі першыя літары
кожнага са слоў і складзі з іх адно слова.
-
Рыба – са здзіўленнем сказаў
Пятроній
-
Таму рыба стала сімвалам хрысціян,
- з гордасцю адказаў Хілон. Усе замоўклі У вывадах грэка было штосьці такое
ашаламляльнае, што абодва не маглі справіцца са здзіўленнем
-
Вініцый, ты не памыляешся,
сапраўды Лігія накрэсліла табе рыбу? – спытаў Пятроній.
-
Клянуся ўсісмі падземнымі багамі,
можна ашалець, - закрычаў запальчыва малады чалавек. – калі б яна накрэсліла птушку, я б сказаў,
што птушку!
-
А значыць яна хрысціянка –
паўтарыў Хілон. - гэта значыць, сказаў Пятроній, што Пампонія і Лігія
атручваюць студні, забіваюць скрадзеных на вуліцах дзяцей і аддаюцца распусце!
Глупства! Ты, Вініцый, даўжэй быў у іх доме, я не так доўга, але добра ведаю і
Аўла, і Пампонію, нават Лігію, каб сказаць – абгавор і глупства. Калі рыба – сімвал хрысціян, чаму сапраўды
цяжка запярэчыць, і калі яны хрысціянкі, то клянуся Празерпінай, відавочна
хрысціяне не тыя, за каго мы іх прымаем.
-
Ты гаворыш, як Сакрат, пане, -
адказаў Хілон. Хто і калі ведаў
хрысціяніна? Хто даследаваў іх вучэнне? Калі я вандраваў тры гады таму з
Неапаліса да Рыма (чаму я там не застаўся?), далучыўся да мяне чалавек, лекар,
якога звалі Глаўк,пра якога казалі, што ён хрысціянін, але нягледзячы на гэта,
я пераканаўся, што ён быў добры і цнатлівы чалавек.
-
А ты часам не ад яго даведаўся
цяпер, што за знак рыба?
-
Не. Па дарозе ў адным гасцінным двары яго ткнуў
хтосьці нажом, а ягоных жонку і дзіця забралі гандляры нявольнікамі, я ж ,
абараняючы іх, страціў гэтыя два пальцы. Але паколькі сярод хрысціян хапае, як
кажуць, цудаў, я спадзяюся, што яны зноў вырастуць.
-
Як гэта? Ты стаў хрысціянінам?
-
З учарашняга дня, пане! З
учарашняга! Зрабіла мяне ім гэта рыба. Глядзі, якая ў ёй сіла! І праз некалькі дзен я
буду самым рэўнасным, каб яны дапусцілі мяне да ўсіх сваіх таямніц, а калі мяне
туды дапусцяць, ужо буду ведаць, дзе хаваецца дзяўчына. Можа маё хрысціянства
лепш акупіцца, чым мая філасофія. Паабяцаў Меркурыю, што калі мне дапаможа
адшукаць Лігію, то ахвярую яму дзвюх цёлачак аднаго ўзросту і аднолькавай вагі,
якім загадаю вызалаціць рогі.
-
Але як твае аднадзённае
хрысціянства і твая даўнейшая філасофія дазваляюць табе верыць у Меркурыя?
-
Я заўседы веру ў тое, у што верыць
есць патрэба, і гэта мая філасофія, дарэчы, Меркурыю павінна быць па густу. Да
жалю, ведаеце, годныя паны, які гэта падазроны бог. Ен не верыць абетам нават вядомых філосафаў і
хацеў бы спачатку атрымаць цёлачак, а гэта вялікія выдаткі. Не кожны з’яўляецца
Сенекам, і мне ім не стаць, але калі б высакародны Вініцый даў бы мне хоць
частку той сумы, што абяцаў…хоць што-небудзь. .
-
Ні абола, Хілон! – сказаў Пятроній.
- Ні абола! Шчодрасць Вініцыя перавысіць твае спадзяванні, але тады толькі,
калі Лігія будзе знойдзена, калі ты пакажаш нам яе сховішча. Меркурый павінен
табе крэдытаваць дзвюх цёлачак, хаця я не дзіўлюся, што ў яго няма ахвоты гэта
рабіць, і пазнаю яго розум.
-
Паслухайце мяне, годныя паны!
Адкрыццё, што я зрабіў, вялікае, і хоць я не знайшоў дзяўчыну, знайшоў шлях, як
трэба яе шукаць. Вось вы разаслалі вызваленцаў і нявольнікаў па ўсяму гораду і
ў правінцыі, а ці адзін з іх хоць прынёс вам якую вестку? Не! Адзін я прынёс. І скажу больш: сярод вашых нявольнікаў могуць
быць хрысціяне, пра якіх вы не ведаеце, бо вера тая ўжо паўсюдна, і тыя, замест
дапамогі, будуць вам шкодзіць. Дрэнна нават, што мяне бачаць тут і таму ты,
высакародны Вініцый, распаўсюдзь звестку, што я табе прадаю мазь, якой калі
намазаць коней, то яны перамогуць у цырку…Я адзін буду шукаць і я адзін знайду
беглых, вы ж давярайце мне і ведайце, што калі я атрымаю хоць колькі грошай
наперад, то для мяне гэта будзе стымулам, калі я буду спадзявацца на большае і
буду ўпэўнены, што абяцаная ўзнагарода мяне не абміне. О, так! Як філосаф я пагарджаю
грашыма, хаця не пагарджае імі ні Сенэка, ні Музоній, ні Карнут, які аднак не
страціў пальцаў, абараняючы каго-небудзь, і якія самі пішуць і імёны свае могуць
перадаць патомкам. Але апроч нявольніка, якога я хачу купіць, і апроч Меркурыя,
якому я абяцаў цёлачак (а ведаеце, як яны ўздаражалі апошім часам), самі пошукі
патрабуюць шмат затрат. толькі паслухайце цярпліва. За гэтыя некалькі дзён на
маіх нагах з’явіліся раны ад пастаяннай хады. Я хадзіў у вінную лаўку, каб
пагаварыць з людам, да пекараў, да мяснікоў, да прадаўцоў масла з алівы, да
рыбакоў. Абыйшоў усе вуліцы і завулкі, быў у сховішчах збеглых нявольнікаў,
прайграў каля сотні асаў у мору, быў у пральнях, сушыльнях, харчэўнях,
пагаварыў з пагоншчыкамі мулаў, сустракаўся з людзьмі, якія лечаць мачавы пухір
і вырываюць зубы, размаўляў з перакупшчыкамі сушаных фіг, быў на могілках, і
усе гэта для чаго? Каб крэслячы рыбу, глядзець людзям у вочы і слухаць, што яны
скажуць на гэты знак. Доўгі час не мог заўважыць што-небудзь, але аднойчы
сустрэў старога нявольніка, які з фантана чэрпаў ваду вёдрамі і плакаў. Я
наблізіўся і спытаў яго аб прычыне слёз. На гэта ён мне адказаў, што збіраў усе
жыцце сестэрцый да сестэрцыя, каб выкупіць любага сына, але гаспадар таго,
нейкі Панса, калі ўбачыў грошы, адабраў іх у яго, а сына пакінуў у няволі. ”І
так я плачу, бо хоць і паўтараю на ўсе воля божая, не магу, бедны грэшнік,
стрымаць слезы. ” У гэты час нібы падштурхнула мяне нейкае пачуцце. Я памачыў
палец у вядры і накрэсліў яму рыбу, а ен адказаў:”І мая надзея на Хрыста!” А я
спытаў “Ты пазнаў мяне па знаку?” Ен адказаў:”Так, мір табе!” тады я пачаў яго
распытваць і асцярожна аб усім даведаўся.
Яго гаспадар, той Панса, сам вызваленец вялікага пансы і перавозіць
камяні па Тыбру ў Рым, а нявольнікі і наемнікі выгружаюць іх з плытоў і
пераносяць да дамоў, што будуюцца па начах, каб удзень не перашкаджаць руху на
вуліцах. І між іх працуе шмат хрысціян, а таксама яго сын, і паколькі гэта
праца цяжкая, то ён хацеў бы яго выкупіць. Але Панса хацеў атрымаць і грошы, і нявольніка.
Кажучы гэтак, ён зноў расплакаўся, і я таксама, бо ў мяне добрае сэрца і ногі
баляць ад доўгай хады. Я пачаў пры гэтым наракаць, што прыйшоў з Неапаліса і
нікога не ведаю з братоў, не ведаю, дзе яны збіраюцца, каб маліцца разам. Ен здзівіўся, што хрысціяне з Неапаліса не
далі мне лістоў да рымскіх братоў, але я яму сказаў, што іх скралі па дарозе. Тады ён сказаў, каб ноччу я прыйшоў да ракі, а ён пазнаеміць мяне з братамі, тыя правядуць мяне да малітоўных дамоў і да
старэйшых, якія кіруюць хрысціянскай абшчынай. Што пачуўшы я усцешыўся так, што
даў яму тую суму, што патрэбна была для выкупу сына з надзеяй, што вялікадушны
Вініцый верне мне яе ўдвая.
-
Хілон! – перапыніў яго Пятроній, у
тваім расповедзе хлусня плавае па
паверхні праўды, як аліўкавы алей па
вадзе. Так, ты прынес важныя звесткі,
гэтаму няма пярэчання. Нават сцвярджаю, што на дарозе пошукаў Лігіі зроблены
вялікі крок, але не змяншай сваей хлуснёй значнасці гэтых навін. Як імя гэтага
старога, што расказаў табе, як хрысціяне пазнаюць адзін аднаго па знаку рыбы?
-
Эўрыцый, пане. Бедны, няшчасны
стары! Ен нагадаў мне лекара Глаўка, якога я абараняў ад забойцаў і гэтым мяне усхваляваў!
-
Я веру, што ты з ім пазнаёміўся і
што ты зможаш выкарыстаць гэта знаёмства, але вось грошай ты яму не даваў. Разумееш
мяне? Не даў анічога!
-
Затое дапамог яму насіць вёдры і
пра яго сына гаварыў з вялікім спачуваннем. Так, пане! Што ж можа схавацца ад
праніклівага Пятронія? Так на самай справе не даў яму грошай, але даў іх яму ў душы, у думках, чаго, каб ён быў сапраўдным
філосафам, павінна б было яму хапіць…Даў таму, што лічыў такі ўчынак
абавязковым і выгадным, бо падумай, як ён злучыць мяне з хрысціянамі, якую
дарогу адкрыў і які давер пасее ў іх.
-
Праўда, сказаў Пятроній, - і ты
быў павінен гэта зрабіць.
-
Толькі таму сюды і прыходжу, каб
мець магчымасць рабіць гэта.
Пятроній звярнуўся да Вініцыя:
-
Загадай адлічыць яму 5 тысяч
сестэрцыяў, але ў душы і ў думках…
Але Вініцый прамовіў:
-
Дам табе хлопчыка, які панясе
патрэбную суму, ты ж скажаш Эўрыцыю, што хлапчук – твой нявольнік і пры ім
адлічыш старому грошы. Паколькі прынёс важную вестку, атрымаеш такую ж суму і
для сябе. Прыходзь за хлопчыкам і за грашыма сёння вечарам
-
Вось сапаўдны імператар! –
усклікнуў Хілон. - ты дазволіш, пане, каб я прысвяціў табе свае сачыненні, і
дазволь каб сёння я атрымаў толькі грошы, бо Эўрыцый сказаў мне, што ўсе плыты
разгружаны, а новыя будуць з Остыі толькі праз два дні Мір вам! Так
развітваюцца хрысціяне…Я куплю сабе нявольніцу, ці, я хацеў сказаць,
нявольніка Рыбы трапляюць на вуду, а хрысціяне на рыбу. Мір вам! Мір! Мір! Мір!