пятница, 30 января 2015 г.

Раздзел 8 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Раздзел VIII

Урса ніхто не затрымаў, ніхто нават не запытаў, што ён робіць. Тыя з гасцей, якія не ляжалі пад сталом, не пільнавалі ўжо сваіх месцаў, і слугі, бачачы велікана, які нёс на руках госцю, палічылі, што гэта нявольнік выносіць сваю уп'янелую гаспадыню. Дарэчы, Акта ішла з імі, і яе прысутнасць здымала падазрэнні.
Так яны выйшлі з трыклінія да прылеглага пакоя, а адтуль – на галерэю, што вяла да пакояў Акты.
Лігію сілы пакінулі настолькі, што ляжала, як мёртвая на плячы Урса. Але калі яе абдало халодным і чыстым ранішнім паветрам, яна адкрыла вочы. Станавілася ўсе святлей. Хвілінай пазней, ідучы каланадай, яны выйшлі ў бакавы портык, які вёў не на двор, а ў сады палацу, дзе вершаліны піній і кіпарысаў зачырванеліся ад ранішняга святла. У гэтай частцы палацу было пуста, і водгаласы музыкі і застольнага крыку станавіліся ўсё невыразней. Лігіі здавалася, што выцягнулі яе з пекла і вынеслі на светлы свет божы. Было штосьці і за сценамі гэтага агіднага трыклінія. Было неба, зара, святло і ціша. Дзяўчына раптоўна расплакалася і, тулячыся да пляча велікана, пачала паўтараць са слязьмі:
-        Дадому, Урс, дадому, да Плаўціяў!
-        Пойдзем, - адказаў Урс.
Тымчасам яны апынуліся ў малым атрыі, што належаў да пакояў Акты. Там Урс пасадзіў Лігію на мармуровую лаву недалёка ад фантана. Акта ж пачала яе супакойваць і угаворваць адпачыць, запэўніваючы, што цяпер ёй нічога не пагражае, бо п'яныя госці будуць спаць пасля балявання да вечара. Але Лігія доўгі час не магла супакоіцца і, сціскаючы рукамі скроні, толькі паўтарала, як дзіця:
-        Дадому, да Аўлаў!. . .
Урс быў гатовы. Каля брамы праўда стаяць прэтарыянцы, але ён і так пройдзе. Салдаты не затрымліваюць тых, хто выходзіць. Перад уваходнай аркай шмат паланкінаў. Людзі пачнуць выходзіць цэлымі натоўпамі. Ніхто іх не затрымае. Выйдуць разам з іншымі і пойдуць проста дадому. Дарэчы, што яму! Як яго царэўна загадае, так і павінна быць. Дзеля гэтага ён тут.
А Лігія паўтарала:
-        Так, Урс, выходзьма!
Але Акта павінна мець розум за абоіх. Выйдуць! Так!Ніхто іх не затрымае. Але з дому імператара нельга ўцякаць, і хто гэта робіць, учыняе злачынства, дзяржаўную здраду. Выйдуць, але вечарам цэнтурыён на чале салдат прынясе прысуд смерці Аўлу, Пампоніі Грэцыне, Лігію ж забярэ назад у палац, і тады ўжо не будзе для яе ратунку. Калі Плаўціі прымуць яе пад свой дах, іх чакае смерць напэўна.
У Лігіі апусціліся рукі. Не было рады. Павінна была выбіраць паміж пагібеллю Плаўціяў і ўласнай. Ідучы на баляванне, мела надзею, што Вініцый і Пятроній папросяць за яе ў імператара і аддадуць яе Пампоніі, цяпер жа ведала, што гэта яны самі падгаварылі імператара, каб забраў яе ў Аўлаў. Не было рады.  Хіба толькі цуд мог яе вырваць з гэтай бездані. Цуд і магутнасць Бога.
-         Акта, - прамовіла яна з роспаччу, - ці чула ты, як Вініцый гаварыў, што яму імператар мяне падарыў і што сёння вечарам прышле па мяне нявольнікаў і забярэ мяне ў свой дом?
-         Чула, - адказала Акта.
І развёўшы рукамі, змоўкла. Роспач, з якой гаварыла Лігія, не знаходзіла водгуку ў яе душы. Бо сама яна была раней каханкай Нярона. Сэрца яе, хоць і добрае, не магло адчуць спаўна сараматы такіх адносін. Як былая нявольніца, яна надта зжылася з законам няволі, а апроч гэтага кахала дасюль Нярона. Калі б ён захацеў да яе вярнуцца, прасцерла б да яго рукі, як да шчасця. Разумеючы цяпер ясна, што Лігія альбо павінна стаць каханкай маладога і прыгожага Вініцыя, альбо адправіць сябе і Аўлаў на пагібель, Акта папросту не разумела, як дзяўчына можа вагацца.
-         У доме імператара, сказала яна памаўчаўшы, - не было б табе бяспечней, чым у доме Вініцыя.
І не прыйшло ёй да галавы, што хаця і гаварыла праўду, словы яе азначалі: “Згадзіся з лёсам і стань наложніцай Вініцыя.” Але Лігіі, якая яшчэ адчувала на вуснах яго поўныя пажадлівасці і палаючыя, як вуголле, пацалункі, кроў прыліла да твару ад сораму пры адным успаміне пра іх.
-         Ніколі! – ускрыкнула яна. – Я не застануся ні тут, ні ў Вініцыя, ніколі!
Акту здзівіла гэта ўспышка.
-         Хіба, - спытала яна, - Вініцый табе такі ненавісны?
Але Лігія не магла адказаць, бо зноў расплакалася. Акта прытуліла яе да грудзей і пачала суцяшаць. Урс цяжка дыхаў і сціскаў моцныя кулакі, бо любячы з адданасцю сабакі сваю царэўну, ён не мог выносіць яе слёзы. У яго лігійскім, паўдзікім сэрцы расло жаданне вярнуцца ў залу і задушыць Вініцыя, а калі спатрэбіцца, то і імператара, але ён баяўся рызыкаваць сваей гаспадыняй не будучы ўпэўненым, ці такі ўчынак, просты на першы погляд, будзе адпаведным для прыхільніка распятага агнца.
А Акта, прытуліўшы Лігію, зноў спытала:
-         Хіба ён табе такі ненавісны?
-         Не, - сказала Лігія, - мне нельга яго ненавідзець, бо я хрысціянка.
-         Я ведаю, Лігія. Ведаю таксама з лістоў Паўла з Тарсу, што вам нельга ні мірыцца з ганьбай, ні баяцца смерці больш, чым грахоў, але скажы мне, хіба твае вучэнне дазваляе ўчыняць смерць?
-         Не.
-         Тады як жа ты можаш наклікаць помсту імператара на дом Аўлаў?
Настала цішыня. Бездань адкрывалася зноў перад Лігіяй. Маладая ж вызваленка працягвала:
-         Я пытаюся, бо шкада мне цябе і шкада добрай Пампоніі і Аўла, і іх дзіцяці. Я даўно жыву ў гэтым доме і ведаю, чым пагражае гнеў імператара. Не! Вы не можаце адсюль уцякаць. Адна табе дарога застаецца: маліць Вініцыя, каб вярнуў цябе Пампоніі.
Але Лігія апусцілася на калены, каб прасіць некага іншага. Урс таксама ўкленчыў, і абое пачалі маліцца ў доме імператара ў ранішнім святле.
Акта ўпершыню бачыла такую малітву і не магла адарваць вачэй ад Лігіі, якая, павернутая да яе ў профіль, з узнятай галавой і рукамі глядзела ў неба, нібы чакаючы адтуль ратунку. Зара асвяціла яе цёмныя валасы і белы пеплум, адбілася ў зрэнках і ўся ў бляску, сама яна была як святло. У яе пабледнеўшым твары, у адкрытых вуснах, ва ўзнятых да неба руках і вачах было нешта незямное, экстатычнае. І Акта цяпер зразумела, чаму Лігія не можа стаць нічыей наложніцай. Перад былой каханкай Нярона прыадчыніўся край заслоны, хаваючай свет зусім іншы, чым той, да якога прызвычаілася. Уражвала яе гэта малітва ў доме зла і сараматы. Раней ёй здавалася, што для Лігіі няма выйсця, цяпер жа пачала верыць, што можа адбыцца штосьці незвычайнае, што прыйдзе нейкае выратаванне настолькі магутнае, што і сам імператар не зможа яму супрацьстаяць, што з неба на дапамогу спусцяцца нейкія крылатыя войскі ці што сонца падсцеле пад яе праменне і падніме да сябе. Чула ўжо пра шматлікія цуды сярод хрысціян і думала цяпер, што відавочна ўсё гэта праўда, паколькі Лігія так моліцца.
Лігія ж узнялася нарэшце з тварам, прасветленым надзеяй. Урс узняўся таксама і, прысеўшы каля лавы, глядзеў на сваю гаспадыню, чакаючы яе слоў. А яе вочы затуманіліся, і праз момант дзве вялікія слязіны пацяклі міжвольна па яе шчоках.
-         Няхай бог благаслаўляе Пампонію і Аўла, - сказала яна, - нельга мне наклікаць пагібель на іх, таму я іх ніколі больш не ўбачу.
Пасля чаго звярнулася да Урса, кажучы, што ён адзін застаецца ў яе цяпер на свеце, што павінен быць цяпер ёй бацькам і апекуном. Яны не могуць шукаць сховішча ў Аўлаў, бо наклічуць на іх гнеў імператара. Але яна не можа застацца ні ў доме імператара, ні ў Вініцыя. Няхай жа тады Урс возьме яе, выведзе з горада, няхай схавае дзесьці, дзе не знойдзе яе ні Вініцый, ні яго слугі. Яна ўсюды пойдзе за ім, хоць за моры, хоць за горы, да варвараў, дзе не чулі слова “Рым”, і дзе ўлада імператара не распаўсюджваецца. Няхай яе возьме і ўратуе, бо ён у яе адзін застаўся. Лігіец быў гатовы і ў знак пакоры нахіліўся і абняў яе ногі. Але на твары Акты, якая спадзявалася на цуд, адбілася расчараванне. Толькі гэта выклікала малітва? Уцячы з дому імператара- гэта значыць ўчыніць злачынства, здраду дзяржаве, якую абавязкова адпомсцяць, і калі б нават Лігія здолела схавацца, то імператар адпомсціць Аўлам. Калі хоча ўцякаць, няхай уцякае з дому Вініцыя. У такім выпадку імператар, які не любіць займацца чужымі справамі, можа нават не захоча дапамагаць Вініцыю ў пагоні, але ва ўсякім разе не будзе здрады дзяржаве.
Але Лігія сама менавіта так думала. Аўлы не будуць нават ведаць, дзе яна, нават Пампонія.Уцячэ яна не з дому, а па дарозе да яго.Юнак сказаў ёй, што вечарам прышле па яе сваіх нявольнікаў. Гаварыў напэўна праўду, якой бы не сказаў, каб быў цвярозы. Відавочна ён сам ці можа разам з Пятроніем бачыліся перад баляваннем з імператарам і змаглі яго падгаварыць, што паслязаўтра вечарам ён яе аддасць. А калі б яны забыліся, то прыслалі б па яе заўтра. Але Урс яе ўратуе. Прыйдзе, вынясе з паланкіну, як вынес з трыклінія, і пойдуць у свет. Урсу ніхто не здолее супроцьстаяць. Яго б не адолеў нават той страшны атлет, які ўчора змагаўся ў трыклініі. Але ж Вініцый можа прыслаць вельмі шмат нявольнікаў, таму Урс зараз жа пойдзе да святара Ліна за парадай і дапамогай. Святар злітуецца над ёй, не пакіне ў руках Вініцыя і загадае хрысціянам ісці з Урсам, каб яе ўратаваць. Адаб'юць яе і забяруць, а потым Урс здолее яе вывесці з горада і схаваць дзесьці ад рымскай улады.
І твар яе пачаў ружавець і весялець. Яна зноў узбадзерылася, быццам надзея на выратаванне стала рэчаіснасцю. Раптам яна кінулася на шыю Акце і пацалаваўшы яе шчаку зашаптала:
-         Ты нас не выдасі, Акта, праўда?
-         Клянуся ценем сваей маці, - адказала вызваленка, - я не здраджу вам і прасі толькі свайго бога, каб Урс здолеў цябе адабраць.
Але блакітныя, дзіцячыя вочы велікана свяціліся шчасцем. Ен жа не змог нічога прыдумаць, хоць ламаў сваю бедную галаву, але гэта ўжо ен здолее. І ці ўдзень, ці ноччу, яму ўсе роўна!. . . Пойдзе да святара, бо той чытае ў небе, што трэба рабіць, а што не трэба. Але хрысціян і так змог бы сабраць. Мала ў яго знаёмых нявольнікаў-гладыятараў і вольных людзей на Субуры і за мастамі. Сабраў бы іх тысячу ці дзве. І ен забярэ сваю гаспадыню, а вывесці яе з горада таксама зможа і далей пойдзе з ёй. Пойдуць яны хоць на край свету ці хаця б туды, адкуль яны родам, дзе і не чуў ніхто пра Рым. Тут ён пачаў углядацца перад сабой, нібы хацеў убачыць нейкія даўно мінулыя рэчы і прамовіў:
-         Да бору? Гэй, які бор, які там бор!
Толькі праз хвіліну ен вярнуўся да рэчаіснасці. Вось зараз ен пойдзе да святара, а вечарам будзе ўжо з якою сотняю сяброў чакаць паланкін. І няхай бы яе суправаджалі не толькі нявольнікі, а нават прэтарыянцы! Тады ўжо лепш нікому не трапляць пад яго кулакі, хоць бы і ў жалезных даспехах. Бо хіба жалеза такое ўжо моцнае?Калі добра ўдарыць па жалезу, то і галава пад ім не вытрымае.
Але Лігія з глыбокай і разам з дзіцячай важнасцю ўзняла ўказальны палец:
-         Урс! “Не забі!” – прамовіла яна.
Лігіец закінуў за галаву вялізную, падобную да дубіны руку і стаў, мармычучы, паціраць карак з вялікім заклапочаннем. Ен павінен яе забраць, “сваё святло”. Сама сказала, што цяпер яго чарга. Будзе старацца, наколькі зможа. Але калі адбудзецца штосьці супраць яго волі? Павінен яе забраць! Ну, калі ўжо здарыцца, то ён будзе так каяцца, так прасіць нявіннага агнца, што распяты агнец злітуецца над ім , бедалагам. Ен бы канешне не хацеў агнца абразіць, толькі што рука ў яго такая цяжкая...
І вялікая ўсхваляванасць адбілася на яго твары, але прагнучы яе схаваць, ен пакланіўся і сказаў:
-         То я іду да святога айца.
Акта ж абняла Лігію за шыю і пачала плакаць. . .
Яшчэ раз яна зразумела, што есць нейкі свет, у якім нават у пакутах больш шчасця, чым ва ўсіх багаццях і раскошы дому імператара, яшчэ раз адчыніліся перад ёй дзверы да святла, але разам з тым яна ўсведамляла, што нягодная прайсці праз гэтыя дзверы.


Раздзел 7 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Раздзел VII

Перад Актай, былой каханкай Нярона, калісьці схілялі галовы  самыя , вядомыя людзі Рыма. Але яна і тады нават не хацела ўмешвацца ў публічнае жыцце, і калі і ўжывала свой уплыў на маладога ўладара, то хіба толькі для просьбаў аб літасці. Ціхая і сціплая, заслугавала сабе ўдзячнасць многіх, і нікога не зрабіла сваім ворагам. Нават Актавіі не было за што яе ненавідзець. Зайздроснікі не лічылі яе небяспечнай. Аб ёй ведалі, што кахае заўсёды Нярона каханнем сумным і балючым, якое жыве ўжо нават не надзеяй, а толькі ўспамінамі хвілін, калі Нярон быў не толькі маладзейшым і кахаў яе, але быў лепшым. Ведалі, што ад тых успамінаў не можа адарваць душу і думкі, але нічога ўжо не чакае, а так як цяпер не лічылася, што імператар да яе вернецца, глядзелі на яе як на безабаронную істоту і пакінулі яе ў спакоі. Для Папеі яна была толькі ціхай служкай, такой бясшкоднай, што першая нават не патрабавала адаслаць яе з палацу. Але ж так як імператар кахаў яе калісьці і пакінуў без знявагі, спакойна, нават прыязна, захавала яна пэўную павагу з боку іншых. Нярон вызваліў яе і даў ёй жытло ў палацы, а ў ім асобны кубікул і крыху людзей з прыслугі. А калі ў свой час Палас і Нарцыс, хоць і вызваленцы Клаўдзія, не толькі балявалі разам з Клаўдзіем, але і як сапраўдныя міністры займалі пачэсныя месцы, то і яе запрашалі часам да стала імператара. Рабілася гэта можа і таму, што яе прыгожая постаць была сапраўднай аздобай балявання. Зрэшты імператар ў выбары акружэння даўно ўжо перастаў кіравацца якім-небудзь прылікам. Зя яго столом была неверагодная мешаніна людзей усялякіх званняў і заняткаў. Былі між іх сенатары, але пераважна такія, якія маглі б быць разам з тым блазнамі. Былі старыя і маладыя патрыцыі, што жадалі раскошы, гульні і задавальненняў. Бывалі жанчыны са знакамітых фамілій, але якія маглі вечарам надзець бялявыя парыкі і адправіцца для забавы шукаць прыгод на цёмных вуліцах. Бывалі і высокія саноўнікі і жрацы, якія з поўнымі чарамі кпілі над сваімі багамі, каля іх ашываўся ўсялякі зброд – спевакі, мімы, музыкі, танцоры і танцоркі, паэты, якія дэкламуючы вершы думалі пра сястэрцыі, якія ім за хвалу вершаў імператара маглі ўпасці, галодныя філосафы , якія суправаджалі хцівымі поглядамі стравы, што падаваліся да стала, нарэшце вядомыя вазніцы, фокуснікі, чарадзеі, баечнікі, жартаўнікі, розныя выяўленыя модай ці дурнотай людзей знакамітасці-аднадзёнкі, сярод якіх хапала і такіх, што доўгімі валасамі прыкрывалі праколатыя як знак нявольніцтва вушы. Слыннейшыя сядалі проста за стол, менш знакамітыя служылі для забаў у час сілкавання, чакаючы моманту, калі прыслуга дазволіць ім кінуцца да стала на рэшткі страў і напояў. Гасцей такога кшталту дастаўлялі Тыгелін, Ватыній і Вітэлій, якія гэтым жа гасцям вымушаны былі даставаць адзенне, адпаведнае для пакояў імператара, які дарэчы любіў такое таварыства і адчуваў у ім сябе свабадней. Раскоша двара ўсё залаціла і пакрывала бляскам. Вялікія і малыя, патомкі вялікіх родаў і галота з гарадскога бруку, знакамітыя мастакі і падскробкі талентаў імкнуліся да палацу, каб насыціць свае хцівыя вочы асляпляльнай раскошай, амаль пераўзыходзячай чалавечыя паняцці, наблізіцца да падацеля ўсялякіх міласцей, багаццяў і даброт, капрыз якога мог прынізіць любога, а мог узвялічыць бязмерна.
У гэты дзень і Лігія павінна была прыняць удзел у падобным баляванні. Страх, няпэўнасць і ашаломленасць, не выклікаючыя здзіўлення пасля раптоўнага пераезду, змагаліся ў ёй з пэўным жаданнем супраціўлення. Яна баялася імператара, баялася людзей, палацу, шум якога пазбаўляў яе прытомнасці, баялася баляванняў, пра сарамату якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны і іх сяброў. 
Будучы юнай, яна аднак не была несвядомай, бо адгалоскі зла гэтых часоў рана даходзілі нават да дзіцячых вушэй. Яна ведала, што ў гэтым палацы ёй пагражае пагібель, пра якую папярэджвала яе ў хвіліну растання і Пампонія. Маючы маладую несапсаваную душу і спавядаючы вучэнне, да якога прызвычаіла  яе названая маці, прысягнула бараніцца ад гэтай пагібелі: маці, сабе і таму боскаму настаўніку, у якога яна не толькі верыла, але якога палюбіла сваім напаўдзіцячым сэрцам за слодыч яго вучэння і за пакутніцкую смерць, і за хвалу ўваскрасення.
Яна была ўпэўнена, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за яе ўчынкі, таму раздумвала, ці не лепш будзе супраціўляцца і не ісці на баляванне. З аднаго боку страх і непакой гаварылі ў яе душы, з другога – нарадзілася ў ёй жаданне прадэманстраваць адвагу, трываласць, гатоўнасць да пакут і смерці. Так вучыў боскі настаўнік. Сам жа даў таму прыклад. І Пампонія распавядала ей, што найлепшыя сярод яго прыхільнікаў пажадалі б сабе ўсёй душой такога выпрабавання і моляцца аб ім. І Лігію, калі яшчэ яна была ў доме Аўла, апаноўвала часам такое жаданне. Яна бачыла сябе пакутніцай з ранамі на далонях і ступнях, белай, як снег, светлай ад незямной прыгажосці, якую нясуць у блакіт такія ж белыя анёлы, і гэтымі карцінамі яна любавалася ў сваіх мараннях. Было ў гэтым шмат ад дзіцячых мар, але было і крыху самалюбавання, за што яе дакарала Пампонія. Цяпер жа, калі супраціўленне волі імператара магло пацягнуць за сабой якую-небудзь жорсткую кару, і калі бачаныя ў марах пакуты маглі стаць рэчаіснасцю, да прыгожых карцін, да гарачых памкненняў далучылася яшчэ перамешаная ся страхам якаясьці цікаўнасць да таго, як яе пакараюць, і якія пакуты для яе абяруць.
І так вагалася яе напаўдзіцячая душа на два бакі. Але Акта, даведаўшыся пра гэтыя ваганні, паглядзела на яе з такім здзіўленнем, нібы дзяўчына гаварыла ў гарачцы. Аказаць супраціўленне волі імператара? Падпасці з першых хвілін пад яго гнеў? Трэба быць сапраўдным дзіцем, якое не ведае, што гаворыць. З уласных слоў Лігіі бачна, што яна не заложніца, а дзяўчына, забытая сваім народам. Не абараняе яе ніводзін закон народаў, а калі б і абараняў, то імператар досыць моцны, каб у хвіліну гневу яе растаптаць. Імператару было пажадана забраць яе, і з таго часу ён ёй распараджаецца. З таго часу яна ў яго волі, над якой няма іншай волі на свеце...
-        Так, - гаварыла яна далей, - і я чытала лісты Паўла з Тарса, і я ведаю, што над зямлей есць Бог і Сын Божы, які ўваскрос, але на зямлі ёсць толькі імператар. Памятай пра гэта, Лігія! Я ведаю таксама, што тваё вучэнне не дазваляе табе быць тым, чым была я, і што вам, як і стоікам, пра якіх мне распавядаў Эпіктэт, калі прыходзіцца выбіраць паміж сорамам і смерцю, дазволена выбраць толькі смерць. Але ці можаш ты ведаць, што цябе чакае смерць, а не сорам? Хіба ты не чула пра дачку Сяяна, якая быля яшчэ малым дзяўчом, і якая па загаду Тыберыя павінна была для захавання закону, які забараняе караць цнатлівых дзяўчат, прайсці праз ганьбу перад сваей пагібеллю. Лігія, не дражні імператара! Калі прыйдзе хвіліна выбару паміж ганьбай і смерцю, зробіш так, як загадвае табе твая ісціна, але дабраахвотна не шукай згубы і не дражні па дробязях зямнога і пры тым жорсткага бога.
Акта гаварыла з вялікім шкадаваннем і нават з гарачынёй, а ад прырды блізарукая, наблізіла твар да твару Лігіі, нібы хацела ўбачыць, якое ўражанне робяць яе словы.
Лігія ж, абняўшы з даверлівасцю дзіцяці яе за шыю, сказала:
-        Ты добрая, Акта.
Акта, расчуленая пахвалой і даверлівасцю, прыціснула яе да сэрца, а потым, вызваліўшыся ад рук дзяўчыны, адказала:
-        Маё шчасце мінула, радасць мінула, але я не стала злой.
Пасля чаго пачала хадзіць хуткім крокам па пакоі, гаворачы сама сабе як бы з роспаччу:
-        Не! І ён не быў злым. Ен сам думаў у той час, што добры і хацеў быць добрым. Я гэта ведаю лепш за ўсіх. Гэта ўсё прыйшло пазней. . . Калі ен перастаў кахаць. . . Гэта іншыя зрабілі яго такім, які ён цяпер – гэта іншыя – і Папея! Тут на яе вейках заблішчалі слёзы. Лігія паводзіла за ёю нейкі час сваімі блакітнымі вачыма і нарэшце спытала:
-        Ты па ім сумуеш, Акта?
-        Сумую, - ціха адказала грачанка.
І зноў пачала хадзіць са сціснутымі, як ад болю, рукамі і з бязрадасным тварам. А Лігія пыталася нясмела далей:
-        Ты яго яшчэ кахаеш,Акта?
-        Кахаю, - і дадала, - яго ніхто апрача мяне не кахае.
Абедзве змоўклі, Акта змагла супакоіцца, і калі твар яе прыняў ізноў выраз ціхага смутку, прамовіла:
-        Пагаворым пра цябе, Лігія. Не думай нават пра тое, каб супраціўляцца волі імператара. Гэта было б шаленствам. І супакойся нарэшце. Я ведаю добра гэты дом і лічу, што з боку імператара табе нічога не пагражае. Калі б Нярон загадаў прывесці цябе для сябе, не прывялі б цябе на Палатын. Тут уладарыць Папея, а Нярон, ад часу, калі ў яго з'явілася дачка, яшчэ больш пад яе ўладай. Так, Нярон сапраўды загадаў, каб ты была на баляванні, але не бачыў цябе дасюль, не запытаў пра цябе, а значыць ты яму не патрэбна. Можа нават адабраў цябе ў Аўла і Пампоніі толькі ад злосці на іх. Мне пісаў Пятроній, каб апякала цябе, пра гэта пісала, як ведаеш, і Пампонія, дык можа яны паразумеліся між сабой. Можа ён зрабіў гэта па яе просьбе. А калі так, калі і ён па просьбе Пампоніі будзе цябе апякаць, то табе нічога не пагражае, і хто ведае, можа Нярон, намоўлены Пятроніем, адашле цябе да Аўлаў. Не ведаю, ці вельмі любіць яго Нярон, але ведаю, што рэдка прымае іншае рашэнне, чым Пятроній.
-        Ах, мілая Акта! – адказала Лігія. – Пятроній быў у нас перад тым, як мяне забралі, і мая маці была перакананая, што Нярон пажадаў мяне забраць пасля яго намовы.
-        Гэта было б дрэнна, - сказала Акта. Задумаўшыся на хвіліну, працягвала далей. – Можа Пятроній сказаў толькі пры Няроне на якой-небудзь вячэры, што бачыў у Аўлаў заложніцу лігійцаў, і Нярон, які вельмі аберагае сваю ўладу, запатрабаваў цябе таму, што заложніцы належаць імператару. Ен дарэчы не любіць Аўла і Пампонію. Не.  Не думаю, што Пятроній, каб хацеў забраць цябе ў Плаўція, выкарыстаў бы такі спосаб. Не ведаю, ці Пятроній лепшы, за тых, хто акружае імператара, але ён іншы. Можа нарэшце і апроч яго знойдзеш яшчэ каго-небудзь, хто хацеў бы за цябе заступіцца. Ты не пазнаёмілася ў Аўла з кімсьці з блізкага акружэння імператара?
-        Бачыла Веспасіяна і Тыта.
-        Імператар іх не любіць.
-        І Сенэку.
-        Досыць было б, каб Сенэка штосьці параіў, каб Нярон зрабіў інакш.
Светлы твар Лігіі пачаў пакрывацца румянцам.
-        І Вініцыя. . .
-        Я яго не ведаю.
-        Гэта сваяк Пятронія; ен нядаўна вярнуўся з Арменіі.
-        Думаеш, Нярон будзе рады яго бачыць?
-        Вініцыя ўсе любяць.
-        І ён захоча заступіцца за цябе?
-        Так.
Акта ласкава ўсміхнулася і сказала:
-        То напэўна ўбачыш яго на баляванні. Мусіш на ім быць, перадусім таму, што інакш нельга. . . Толькі такое дзіця, як ты, магло падумаць штосьці іншае. Па-другое, калі ты хочаш вярнуцца ў дом Аўлаў, там знойдзеш магчымасць папрасіць Пятронія і Вініцыя, каб сваім уплывам яны дабіліся для цябе права вярнуцца. Калі б яны тут былі, абодва сказалі б табе тое ж, што і я, што шаленствам і згубай было б спрабаваць супраціўляцца. Праўда, імператар можа і не заўважыць тваей адсутнасці, але калі б заўважыў і падумаў, што ты пасмела супраціўляцца яго волі, не было б табе ўжо ратунку. Пойдзем, Лігія. Ці чуеш гэты шум у доме? Сонца садзіцца, і госці хутка  ўжо пачнуць збірацца.
-        Ты маш рацыю, Акта, - адказала Лігія, - і я пайду, як ты раіш. Колькі ў гэтым рашэнні было жадання ўбачыць Вініцыя і Пятронія, колькі жаночай цікаўнасці раз у жыцці ўбачыць такое баляванне, на ім  імператара, двор, знакамітую Папею і іншых прыгажунь, усю гэту нечуваную раскошу, пра якую расказвалі ў Рыме, сама Лігія не магла сабе адказаць. Але Акта мела рацыю,  і дзяўчына гэта добра адчувала. Ісці было трэба, і калі неабходнасць і просты розум падмацавалі скрытую ў душы спакусу, Лігія перастала вагацца.
Акта ў той час праводзіла яе да ўласнага ўнктуарыя, каб яе ўмасціць і прыбраць, і хаця ў доме імператара хапала нявольніц і ў Акты было нямала асабістай прыслугі, адно з-за спачування дзяўчыне, цнота і прыгажосць якой кранулі яе сэрца, яна сама вырашыла яе апрануць і цяпер аказалася, што ў маладой грачанцы, акрамя яе смутку і захаплення лістамі Паўла з Тарсу, засталося яшчэ шмат ад былой элінскай душы, для якой прыгажосць цела значыла больш, чым усё іншае на свеце.
Распрануўшы Лігію, ад выгляду яе стана, гнуткага і мякка акругленага, створанага нібы з перлавай мары і пялёсткаў руж, Акта не магла ўтрымацца ад вокрыку захаплення і, адсступіўшы на некалькі крокаў, глядзела з замілаваннем на гэту непраўнальную вясновую прыгажосць.
-        Лігія! – азвалася нарэшце яна, - ты ў сто разоў прыгажэйшая, чым Папея.
Але дзяўчына, выхаваная ў суровым доме Пампоніі, дзе захоўвалі сціпласць нават, калі жанчыны заставаліся адны, стаяла цудоўная, як дзівосны сон, поўная гармоніі, як тварэнне Праксіцеля ці як дзіўная песня, ды збянтэжаная, ружовая ад сораму, са сціснутымі каленамі, з рукамі, прыкрываючымі грудзі, з апушчанымі вейкамі. Нарэшце яна раптоўным рухам узняла рукі і выняла шпількі, якія падтрымлівалі валасы, і ў адзін момант, страсянуўшы галавой, абкрылася імі, як плашчом.
Акта наблізілася і дакранаючыся да яе валасоў, сказала:
-        О, якія ў цябе валасы! Я не буду пасыпаць іх залатой пудрай, бо яны самі блішчаць то тут, то там золатам на завітках.  Хіба што можа вось тут дадам залатога бляску, але злёгку, ледзь-ледзь, нібы іх асвяціў прамень сонца. Дзівосным павінен быць ваш край, дзе нараджаюцца такія дзяўчаты.
-        Я яго не памятаю, - адказала Лігія. Урс толькі мне казаў, што ў нас лясы, лясы і лясы.
-        А ў лясах кветкі цвітуць – прыгаворвала Акта, апускаючы рукі ў вазу, поўную вербенавага настою і увільгатняючы ім валасы Лігіі.
Пасля сканчэння гэтай справы яна пачала ўмашчваць усе яе цела пахучымі алеямі з Аравіі.  А потым апранула яе ў мяккую, залатога колеру туніку без рукавоў, паверх якой трэба было накінуць яшчэ беласнежны пеплум. Але перад гэтым належала яшчэ прычасаць ёй валасы, таму Акта абкрыла яе шырокім адзеннем, што звалася сінтэзіс, і пасадзіўшы ў крэсла, перадала яе часова ў рукі нявольніц, каб здалёк наглядаць за іх працай. Дзве нявольніцы пачалі надзяваць на ножкі Лігіі белыя, расшытыя пурпурам чаравікі, абпаясваючы іх крыж-накрыж залатымі лентамі вакол алябастравых шчыкалатак. Калі прычоска была гатова, паўкладалі на ёй легкімі прыгожымі складкамі пеплум, пасля чаго Акта, зашчапіўшы перліны ёй на шыі і крануўшы валасы залацістым пылам, сама загадала прыбіраць сябе, не зводзячы ўвесь час захопленых вачэй з Лігіі. Але хутка яна была гатова, і калі перад галоўнай брамай пачалі з'яўляцца першыя паланкіны, абедзве пайшлі ў бакавы крыптапорцік, з якога было відаць галоўную браму, унутраныя галерэі і двор, акружаны каланадай з нумідыйскага мармуру. Гігант Геркулес, чыя галава яшчэ была асветлена, а торс ужо пакрыўся ценем ад калоны,. Пазіраў з вышыні на гэты натоўп. Акта паказвала Лігіі сенатараў у тогах з шырокім шлякам, у каляровых туніках і з паўмесяцамі на абутку, вершнікаў і знакамітых мастакоў, і рымскіх паненак, апранутых то на кшталт рымскі, то на кшталт грэчаскі, то ў фантастычныя ўсходнія строі, з прычоскамі ў выглядзе вежаў, пірамід ці з валасамі гладказачэсанымі, як у статуй багінь і аздобленымі кветкамі. Шмат мужчын і шмат жанчын называла Акта па імёнах, дадаючы да імён кароткія, часам жудасныя гісторыі, што поўнілі Лігію страхам, здзіўленнем і неразуменнем. Для яе гэта быў дзіўны свет, прыгажосцю якога ўпіваліся яе вочы, але чыіх кантрастаў не мог зразумець яе дзявочы розум. У гэтых зорках на небе, у гэтых шэрагах нерухомых калон, якія вялі некуды ўглыб і ў гэтых людзях, падобных да статуй багоў, быў нейкі вялікі спакой. Здавалася, што сярод гэтых мармураў павінны жыць якіясьці бесклапотныя, спакойныя і шчаслівыя напаўбогі, а між тым голас Акты адкрываў Лігіі адну за другой страшэнныя таямніцы і гэтага палацу, і гэтых людзей. Вось там, паводаль, бачны крыптапорцік, на калонах і падлозе якога яшчэ чырванеюць плямы крыві, пырснуўшай на белы мармур з цела Калігулы, калі той упаў, забіты нажом Касія Херэя, там забілі яго жонку, там яго дзіцяці разбілі аб камяні галаву, а пад тым вунь крылом есць падзем'е, у якім ад голаду грыз уласныя рукі малодшы Друз, там атруцілі старэйшага, там віўся ад страху Гемел, а там у сутаргах біўся Клаўдзій, там – Германік. Усе гэтыя сцены чулі енкі і хрыпенне паміраючых, а людзі, што зараз спяшаюцца на баляванне ў тогах і каляровых туніках, у кветках і каштоўных камянях - яны быць можа, заўтрашнія смяротнікі і быць можа у многіх з іх за ўсмешкай на твары хаваецца страх, непакой, няўпэўненасць у заўтрашнм дні; быць можа ў гэтыя хвіліны гарачка, хцівасць, зайздрасць грызуць сэрцы гэтых з выгляду бесклапотных, увенчаных кветкамі напаўбагоў. Зблытаныя думкі Лігіі не маглі паспець за словамі Акты , і хаця гэты чароўны свет прыцягваў са штораз большай моцай яе позірк, сэрца яе сціскалася ад страху, а ў душы раптам абудзіўся невыказальны і бязмежны сум па любай Пампоніі Грэцыне і па спакойным доме Аўлаў, у якім панавала любоў, а не зло.
Тым часам з боку вуліцы Апалона наплывалі ўсе новыя хвалі гасцей. З-за брамы даносіўся шум і вокрыкі кліентаў, што праводзілі сваіх патронаў. Па двары і каланадзе замільгала мноства нявольнікаў і нявольніц імператара, юнакоў і прэтарыянскіх салдат, што былі стражамі ў палацы. Дзе-нідзе між белымі і смуглымі тварамі чарнеліся твары нумідыйцаў у шлемах з пер'ем і з вялікімі залацістымі завушніцамі. Неслі лютні, кіфары, ахапкі штучна выгадаваных позняй восенню кветак, ручныя сярэбраныя, залатыя і медныя лямпы. Усе нарастаючы гул галасоў змешваўся з пошумам фантанаў, струмені якіх былі ружовыя ад вячэрняга святла і ападалі на мармур з вышыні, разбіваючыся на ім нібы з рыданнем.
Акта замоўкла, але лЛігія працягвала глядзець, быццам шукаючы кагосьці ў натоўпах. І раптам твар яе паружавеў. Паміж калон паказаліся Вініцый і Пятроній, яны ішлі да вялікага трыклінія, прыгожыя, спакойныя, падобныя ў сваіх тогах да белых багоў. Лігіі, калі сярод чужых людзей убачыла два знаёмыя, прыязныя твары, а асабліва , калі ўбачыла Вініцыя, здавалася, што вялікі цяжар зваліўся з яе душы. Яна адчула сябе менш самотнай. Гэты бязмежны  сум па Пампоніі і доме Аўлаў, які абудзіўся у ёй хвіліну таму, перастаў быць такім пакутлівым. Спакуса ўбачыць Вініцыя і пагаварыць з ім заглушыла іншыя галасы ў яе сэрцы. Марна ўспамінала сабе ўсе дрэннае, што чула пра дом імператара, і словы Акты, і перасцярогі Пампоніі. Насуперак гэтым словам і персцярогам яна адчула раптам, што не толькі павінна быць на гэтым баляванні, але і хоча на ім быць. Асабліва з думкаю, што праз хвіліну пачуе гэты мілы і ўпадабаны голас, які гаварыў ей пра каханне і пра шчасце, годнае багоў, і які гучаў дасюль у яе вушах, як песня, ахапіла яе радасць.
Але раптам спужалася гэтай радасці. Ей падалося, што ў гэтую хвіліну здраджвае і таму чыстаму вучэнню, у якім выхоўвалася, і Пампоніі, і самой сабе. Адна рэч – ісці пад прымусам, іншая ж – радавацца такой неабходнасці.
Адчула сябе вінаватай, нягоднай і загінуўшай. Яе апанавала роспач, і хацелася плакаць. Калі б была адна, то ўкленчыла б і пачала б біць сябе ў грудзі, паўтараючы: “Мая віна! Мая віна!”Акта ўзяла яе за руку і павяла праз унутраныя пакоі да вялікага трыклінія, дзе павінна было адбыцца баляванне. А ў Лігіі цямнела ў вачах, шумела ад унутранага ўзрушэння ў вушах, і сэрца так білася, што перашкаджала дыханню. Як праз сон, яна ўбачыла тысячы міргаючых лямпаў на сталах і на сценах, як праз сон пачула вокрыкі, якімі віталі імператара, як праз імглу ўбачыла яго самога. Вокрык аглушыў яе, бляск асляпіў, ад пахаў закружылася галава, і, страціўшы рэшту прытомнасці, яна ледзь магла распазнаць Акту, якая размясціла яе за сталом і сама ўзлегла побач.
Але праз хвіліну нізкі, знаёмы голас пачуўся з другога боку:
-        Вітаю цябе, найпрыгажэйшая сярод дзяўчын на зямлі і сярод зорак на небе. Вітаю цябе, боская Каліна!
Лігія крыху апрытомнела і агледзелася: каля яе ўзлягаў Вініцый. Ен быў без тогі, бо так было зручней, а апрача гэтага звычай прадугледжваў скідаць на баляванні тогі. Яго цела ўкрывала толькі чырвоная туніка без рукавоў, расшытая сярэбранымі пальмамі. Голыя рукі былі аздоблены паводле звычая двума шырокімі залатымі бранзалетамі вышэй локця, ніжэй старанна ачышчаныя ад валасоў, гладкія, але надта мускулістыя, сапраўдныя рукі воіна, створаныя для мяча і шчыта. На галаве ў яго быў вянок з руж. Са сваімі зрослымі бровамі, з ззяючымі вачыма і смуглай скурай быў як бы ўвасабленнем маладосці і моцы. Лігіі ён здаўся такім прыгожым, што яна пераадолеўшы амаль непрытомнасць, ледзь здолела адказаць:
-        Вітаю цябе, Марк!
Ен жа прамовіў:
-        Шчаслівыя вочы мае, якія бачаць цябе, шчаслівыя вушы, якія чулі твой голас, мілейшы для мяне, чым гук флейты і кіфар. Калі б мне прапанавалі выбіраць, хто павінен быць побач са мной на баляванні, ты, Лігія, ці Венера, я выбраў бы цябе, о боская!
І ён паглядзеў на яе так, нібы хацеў насыціцца яе вобразам, апрача таго літаральна спапяляў яе вачыма. Яго позірк скіроўваўся з яе твару на шыю і аголеныя плечы, песціў яе прыгожыя формы, любаваўся ёю, нібы абдымаў яе, паглынаў, але побач з жаданнем свяцілася ў ім шчасце і замілаванне, захапленне без межаў.
-        Я ведаў, што ўбачу цябе ў доме імператара, - працягваў ен, - але аднак калі ўбачыў цябе, ўсю маю душу захлынула такая радасць, быццам спаткала мяне неспадзяванае шчасце.
Лігія апрытомнела і адчуваючы, што ў гэтым натоўпе і ў гэтым доме ён – адзіная блізкая ёй істота, пачала гаварыць з ім і распытваць пра ўсё, што было ёй незразумела і што выклікала ў яе страх. Адкуль ён ведаў, што знойдзе яе ў доме імператара, і чаму яна тут? Чаму імператар адабраў яе ў Пампоніі? Ей тут страшна і хочацца вярнуцца дадому. Яна памерла б ад смутку і непакою, калі б не надзея, што Пятроній і ён заступяцца за яе перад імператарам. Вініцый тлумачыў ей, што аб тым, што яе забралі, даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тут, ён не ведае. Імператар нікому не тлумачыць свае распараджэнні і загады. Аднак няхай яна не баіцца. Вось ён, Вініцый, побач з ёй, і застанецца гэтак. Хацеў бы лепш страціць вочы, чым яе не бачыць, страціць лепш жыцце, чым яе пакінуць. Яна – яго душа, таму будзе аберагаць яе, як уласную душу. Збудуе ёй алтар у сваім доме, як свайму баству, якому будзе прыносіць у ахвяру міру і алоэ, а вясной – анямоны і квецень яблыні. А калі баіцца дому імператара, то ён прысягае ёй, што яна не застанецца ў гэтым доме.
І хаця гаварыў ён з пэўнай няшчырасцю і часам задумваўся, што сказаць, але ў голасе яго чуваць была праўда, бо пачуцці яго былі сапраўдныя. Апаноўваў яго таксама шчыры жаль да яе, а яе словы траплялі ў яго душу так, што калі яна пачала дзякаваць і запэўніваць яго, што Пампонія палюбіць яго за яго дабрыню, а яна сама будзе ўсё жыцце яму ўдзячна, ён не мог пазбыцца ўзрушэння і яму здавалася, што ніколі ў жыцці не зможа адмовіць ёй у просьбе. Сэрца растаплівалася ад пяшчоты. Яе прыгажосць уп'яняла, і ён жадаў яе, але адчуваў разам з тым, што яна для яго вельмі дарагая і што сапраўды мог бы яе ўшаноўваць, як багіню. Адчуваў таксама неабходнасць гаварыць ёй пра яе прыгажосць і пра сваю закаханасць, а паколькі шум балявання нарастаў, то ен прысунуўся бліжэй і пачаў ёй шаптаць пяшчотныя, салодкія словы, што плылі з глыбіні яго душы, гучалі, як музыка і ап'янялі, як віно.
І апаіў яе. Сярод гэтых чужых людзей, якія яе акружалі, Вініцый здаваўся ёй усё больш блізкім, усё больш мілым і адданым усёй душой. Ен супакоіў яе, абяцаў забраць з дому імператара, абяцаў, што яе не пакіне і што будзе ей слугаваць.
Апрача гэтага раней у Аўлаў гаварыў з ёй толькі крыху пра каханне і шчасце, якое яна можа даць, цяпер жа гаварыў ужо адкрыта, што кахае яе, што для яго яна мілейшая і даражэйшая за ўсіх. Лігія ўпершыню чула такія словы з вуснаў мужчыны і з цягам таго, як слухала, здавалася ёй, што нешта абуджаецца ў ёй, як пасля сну, што авалодвае ёй нейкае шчасце, у якім бязмежная радасць перамешваецца з непамерным непакоем. Шчокі яе запалалі, сэрца закалацілася, а вусны прыадчыніліся, як ад здзіўлення. Разбіраў яе страх, што яна слухае такія рэчы, але нізавошта ў свеце не хацела б яна праслухаць хоць адзінае слова. Часам апускала вочы, потым зноў узнімала на Вініцыя позірк, поўны святла, боязі і пытання, нібы прагнула яму сказаць: “Кажы далей!”. Шум, музыка, водар кветак і водар арабскіх курэнняў пачалі зноў пазбаўляць яе розуму. У Рыме было звычаем узлягаць за сталом, але ў доме Аўла Лігія займала месца між Пампоніяй і малым Аўлам, цяпер жа побач з ёй узлягаў Вініцый, малады, вялікі, закаханы, палаючы страсцю, яна ж адчуваючы гарачыню, якая ішла яд яго, адчувала і сорам, і асалоду. Авалодвала ёю якаясьці салодкая немач, нейкая млявасць і забыццё, быццам яна засынала.
Але яе блізкасць паўздзейнічала і на Вініцыя. Твар яго пабляднеў. Ноздры раздуваліся як у арабскага каня. Відаць і яго сэрца калацілася пад чырвонай тунікай з нязвыклай моцай, бо дыханне яго стала частым, а мова – перарывістай. Бо і ён першы раз быў так блізка каля яе. Думкі яго пачалі блытацца, у крыві адчуваў агонь, які марна намагаўся затушыць віном. Але не віно, а яе чароўны твар, яе аголеныя рукі, яе дзявочыя грудзі, што хваляваліся пад залатой тунікай і яе стан, схаваны ў белых складках пеплума, ап'янялі яго ўсё больш. Нарэшце ўзяў яе за руку вышэй запясця, як гэта раз рабіў ужо ў доме Аўлаў, і прыцягваючы яе да сябе, прашаптаў дрыжачымі вуснамі:
-        Я кахаю цябе, Каліна. . . боская мая!
-        Пусці мяне, Марк, - сказала Лігія.
Ен жа гаварыў далей і вочы яго затуманіліся
-        Боская мая! Кахай мяне. . .
Але ў гэты момант пачуўся голас Акты, якая ўзлягала з другога боку Лігііі:
-        Імператар глядзіць на вас.
Вініцыя ахапіў раптоўны гнеў і на імператара, і на Акту. Бо яе словы развеялі чар апаення. Маладому чалавеку нават прыязны голас падаўся б у такую хвіліну невыносным, цяпер жа ён лічыў, што Акта хоча наўмысна перашкодзіць яго размове з Лігіяй. Таму ўзняўшы галаву і паглядзеўшы на маладую вызваленку паверх плячэй Лігіі, прамовіў са злосцю:
-        Мінуў час, Акта, калі ты на баляваннях узлягала побач з імператарам, і кажуць, што табе пагражае слепата, дык як жа ты можаш яго бачыць?
А яна адказала з пэўным сумам у голасе:
-        Аднак я яго бачу. Ен таксама блізарукі і глядзіць на вас праз смарагд.
Усе, што рабіў Нярон, прабуджала чуйнасць нават у самых яго прыбліжаных, таму Вініцый занепакоіўся, астыў і пачаў употай паглядаць у бок імператара.
Лігія, якая на пачатку балявання бачыла яго ад збянтэжання нібы праз смугу, а потым, узрушаная прысутнасцю і размовай з Вініцыем, не глядзела на яго зусім, цяпер перавяла на яго цікаўны і спужаны позірк. Акта гаварыла праўду. Імператар, нахіліўшыся над сталом і прыкрыўшы адно вока, трымаў пальцамі перад другім вокам акруглы і адпаліраваны смарагд, якім заўсёды карыстаўся, і глядзеў на іх. На момант яго позірк сустрэўся з вачыма Лігіі, і сэрца дзяўчыны сціснулася ад страху. Калі яшчэ дзіцем бывала ў вясковай сіцылійскай сядзібе Аўлаў, то старая нявольніца егіпцянка расказвала ёй пра цмокаў, што жывуць у горных пячорах, і цяпер ёй здалося, што раптам зірнула на яе зеленаватае вока такога цмока. Схапіла Вініцыя за руку, як дзіця, якому страшна, а ў галаве замільгалі бязладныя і адрывістыя думкі. Дык гэта быў ён? Гэты страшны і ўсемагутны? Ніколі дасюль не бачыла яго, і думала, што выглядае інакш. Уяўляла сабе нейкае жудаснае аблічча са злосцю, застыглай у рысах, а тымчасам убачыла вялікую, пасаджаную на тоўстым карку галаву, сапраўды страшную, але і крыху смешную, бо здалёк падобную да дзіцячай галоўкі. Туніка аметыставага колеру, забароненага простым смяротным, кідала сіняваты водбліск на яго малы але шырокі твар. Валасы яго былі цёмныя, укладзеныя паводле моды, заведзенай Атонам, у чатыры рады локанаў. Бараду не насіў, і калі нядаўна прысвяціў яе Юпіцеру, за што ўвесь Рым яму дзякаваў, але шапталіся між сабой, што прысвяціў яе таму, што яна, як ва ўсіх з яго сям'і, была рудая. У яго надта выступаючым над бровамі ілбе было аднак штосьці алімпійскае. У зведзеных жа бровах было відаць усведамленне ўласнай ўсемагутнасці, але пад тым ілбом паўбога быў твар малпы, п'яніцы і камедыянта, пусты, поўны зменлівых жаданняў, тлусты, нягледзячы на малады ўзрост, хваравіты і плюгавы. Лігіі ён падаўся нядобрым, але перадусім – агідным.
Ен жа адклаў смарагд і перастаў пазіраць на яе. У гэты час убачыла яго выпуклыя, блакітныя вочы, прыкрытыя ад вялікай колькасці святла, шкляныя, без думак, падобныя да вачэй памерлых. Ен жа звярнуўся да Пятронія:
-        Гэта і есць тая заложніца, якую кахае Вініцый?
-        Так, гэта яна, - сказаў Пятроній.
-        Як завецца яе народ?
-        Лігійцы.
-        Вініцый лічыць яе прыгожай?
-        Прыбяры ў жаночы пеплум спарахнелы пень алівы, і Вініцый будзе лічыць яго прыгожым. Але па тваім твары, о непараўнальны знаўца, я чытаю ўжо ёй прысуд. Не трэба нічога гаварыць. Так! Надта худая! Хударлявая, сапраўдная макаўка на тонкай ножцы, а ты, боскі эстэт, цэніш у жанчыыне фігуру і тры, чатыры разы маеш рацыю! Адзін твар нічога не значыць. Я ўжо шмат узяў ад цябе, але такога пэўнага позірку яшчэ не маю. . .  І гатоў спрачацца з Туліем Сенецыенам на яго каханку, што за сталом, калі ўсе ўзлягаюць, цяжка гаварыць пра ўсю фігуру, але ты ўжо сабе сказаў: “Занадта вузкія бёдры.”
-        Занадта вузкія бёдры, - адказаў Нярон, прыкрываючы вочы.
На вуснах Пятронія з'явілася ледзь прыкметная ўсмешка, а Тулій Сенецыён, які быў заняты да гэтага часу размовай з Вестынам, а хутчэй ён кпіў над снамі, у якія верыў апошні, павярнуўся да Пятронія і хаця не меў паняцця, пра што гаворка, сказаў:
-        Памыляешся! Я заадно з імператарам.
-        Добра, - згадзіўся Пятроній. Я ўласна кажучы даказваў, што ў цябе ёсць крыху розуму, а вось імператар сцвярджае, што ты асёл без усялякай прымесі.
-        Habet! – сказаў Нярон, смеючыся, і апусціў уніз вялікі палец рукі, як гэта рабілася ў цырках у знак таго, што гладыятар пераможаны, і яго трэба дабіць. А Вестын палічыў, што гаворка пра сны і закрычаў:
-        А я веру ў сны, і Сенэка казаў мне калісьці, што таксама верыць
-        У мінулую ноч снілася мне, што стала вясталкай, - сказала перагнуўшыся праз стол Кальвія Крыспініла.
На гэта Нярон запляскаў у далоні, іншыя па яго прыкладу зрабілі тое ж, і хвіліну навокал раздаваліся апладысменты, бо Крыспініла, колькі разоў разведзеная, славілася на ўвесь Рым сваей нечуванай разбэшчанасцю. Але яна ніколькі не бянтэжачыся, працягвала:
-        Ну і што! Усе яны старыя і брыдкія. Адна Рубрыя падобна да чалавека, а так было б нас дзве, хоць летам Рубрыя і пакрываецца рабаціннем.
-        Дазволь аднак, прачыстая Кальвія, - сказаў Пятроній,- але вясталкай ты магла б стаць хіба толькі ў сне.
-        А калі б імператар загадаў?
-        Я паверыў бы, што спраўджваюцца нават самыя дзіўныя сны.
-        Бо сапаўды спраўджваюцца, - сказаў Вестын. Я разумею людзей, якія не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?
-        А варажбе? – спытаў Нярон. Наваражылі мне калісьці, што Рым перастане існаваць, а я буду панаваць над усім Усходам.
-        Варажба і сны звязаны паміж сабой, - прамовіў Вестын. – Аднаго разу праконсул, вельмі недаверлівы, паслаў да храма Мопсуса нявольніка з запячатаным лістом, які не дазволіў адкрываць, каб упэўніцца, ці зможа бог адказаць на пытанне, змешчанае ў лісце. Нявольнік праспаў ноч у храме, каб прысніўся яму прадвяшчальны сон, пасля чаго вярнуўся і сказаў так: “Сніўся мне юнак, светлы як сонца, які сказаў мне толькі адно слва: “Чорнага. ”. Праконсул, пачуўшы гэта, пабляднеў і звярнуўся да сваіх гасцей, такіх жа недаверлівых: “Ці ведаеце вы, што было ў лісце?”
Тут Вестын спыніўся і ўзняўшы чашу з віном, пачаў піць.
-        Што было ў лісце? – спытаў Сенецыен.
-        У лісце было пытанне: “Якога быка я павінен прынесці ў ахвяру: белага ці чорнага?”
Але ўражанне ад расповеду парушыў Вітэлій, які прыйшоўшы на баляванне ўжо падпітым, выбухнуў раптам беспрычынным, дурным смехам.
-        З чаго смяецца гэта бочка лою? – спытаў Нярон.
-        Смех адрознівае людзей ад жывёл, - сказаў Пятроній, - а ў яго няма іншага доказу, што ён не вяпрук.
Вітэлій жа спыніўся і цмокаючы блішчастымі ад соусаў і тлушчаў вуснамі, пачаў пазіраць на прысутных з такім здзіўленнем, быццам іх ніколі раней не бачыў. Потым падняў сваю падобную да падушкі далонь і сказаў ахрыпшым голасам:
-        Упаў у мяне з пальца вершніцкі пярсцёнак бацькі.
-        Які быў шаўцом, - дадаў Нярон.
Але Вітэлій выбухнуў зноў неспадзяваным смехам і пачаў шукаць пярсцёнак у складках пеплума Кальвіі Крыспінілы.
На гэта Ватыній пачаў крычаць голасам спужанай жанчыны, Нігідыя ж, сяброўка Кальвіі, маладая ўдава з дзіцячым тварам і разбэшчанымі вачыма сказала:
-        Шукае, чаго не згубіў.
-        І што яму ні для чаго не патрэбна, хоць бы і знайшоў, - дакончыў  паэт Лукан.
Баляванне станавілася ўсе больш вясёлым. Натоўпы нявольнікаў разносілі усё новыя стравы, з вялікіх ваз, нпоўненых снегам і абвітых плюшчом, даставалі штохвіліну меншыя кратэры з рознымі гатункамі він. Усе шмат пілі. Са столі ж на сталы і на гасцей падалі час ад часу ружы. Пятроній аднак пачаў прасіць Нярона, каб пакуль госці не спіліся, аздобіў баляванне сваім спевам. Хор галасоў падтрымаў яго словы, але Нярон пачаў аднеквацца. Гаворка не пра адну адвагу, хаця не хапае яму яе заўсёды. . . Адным багам вядома, колькі каштуюць яму вялікія выступленні. Не адмаўляецца, праўда , ад іх, бо трэба штосьці зрабіць для мастацтва, і дарэчы, калі Апалон надзяліў яго неблагім голасам, то божы дар не трэба марнаваць. Разумее нават, што гэта яго абавязак перад дзяржавай. Але сёння ён сапраўды ахрып. Ноччу паклаў сабе на грудзі алавянныя грузікі, але і гэта не дапамагло. Думае нават ехаць у Анцый, каб падыхаць марскім паветрам.
Але Лукан пачаў яго заклінаць у імя мастацтва і чалавецтва. Усім вядома, што боскі спявак і паэт склаў новы гімн ў гонар Венеры, побач з якім гімн Лукрэцыя – выццё гадавалага ваўчаняці. Няхай жа гэта баляванне будзе сапраўдным баляваннем. Такі добры валадар не павінен застаўляць так пакутваць сваіх падданых. “Не будзь жорсткім, імператар!”
-        Не будзь жорсткім! – паўтарылі ўсе, хто сядзеў бліжэй. Нярон развёў рукамі у знак таго, што павінен саступіць. У гэты момант твары ўсіх прынялі выраз удзячнасці, і вочы ўсіх звярнуліся да яго. Але ён загадаў перад гэтым яшчэ ўведаміць Папею, што будзе спяваць, прысутным жа засведчыў, што яна не прыйшла на баляванне, бо адчувала сябе нядобра, аднак жа ніводныя лекі не прыносілі ей такой палёгкі, як яго спеў, таму шкада яму было пазбаўляць яе гэтай магчымасці.
Неўзабаве з'явілася Папея. Валодала яна дасюль Няронам, як падданым, аднак ведала, што калі гаворка ішла пра яго самалюбства як спевака, вазніцы ці паэта, было б небяспечна яго зачапіць. Таму яна ўвайшла прыгожая, як багіня, прыбраная, як і Нярон, у адзенне аметыставага колеру з каралямі з вялікіх перлін, забраных некалі ў Масінісы, залатавалосая, пяшчотная і нягледзячы, што двойчы разведзеная, з тварам і позіркам цнатлівай дзяўчыны.
Яе віталі вокрыкамі, называючы “боскай Аўгустай”. Лігія ніколі ў жыцці не бачыла нічога прыгажэйшага, і ёй не хацелася верыць сваім вачам, бо ведала, што Папея Сабіна - адна з нягоднейшых у свеце жанчын. Яна ведала ад Пампоніі, што Папея давяла імператара да забойства маці і жонкі, ведала яе з расповедаў Аўлавых гасцей і слуг, чула, што яе статуі перакульвалі па начах, у горадзе чула пра надпісы, за якія вінаватым прысуджалі найцяжэйшыя пакаранні, але гэтыя надпісы з'яўляліся шторанне на сценах горада. У той момант, калі Лігія зірнула на гэту страшэнную Папею, якую прыхільнікі Хрыста лічылі ўвасабленнем зла і разбэшчанасці, ёй здалося, што так маглі б выглядаць анёлы ці нейкія нябесныя духі. Папросту не магла адвесці ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі сарвалася пытанне:
-        Ах, Марк, ці гэта можа быць?
Ен жа, разгарачаны віном і раздражнёны тым, што столькі рэчаў рассейвала яе ўвагу і адрывала яе ад яго і яго слоў, сказаў:
-        Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Ты проста сябе не ведаеш, інакш закахалася б у сябе, як Нарцыс. Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе напэўна Венера выкупала ва ўласным. Ты не ведаеш сябе, ocelle mi! Не глядзі ж на яе. Звярні свой позірк на мяне, ocelle mi! Дакраніся вуснамі да гэтай чашы віна, а потым я дакрануся да гэтага ж месца сваімі.
І ён набліжаўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Акты. Але ў гэты момант загадалі сціхнуць, бо імператар узняўся. Спявак Дыядор падаў яму лютню з тых, што звалася “дэльта”, другі спявак Тэрпнас падыйшоў са сваім інструментам набліем, Нярон жа, абапіраючы дэльту аб стол, узняў вочы ўгару і хвіліну ў трыклініі панавала ціша, якую парушаў толькі шоргат, з якім падалі пастаянна са столі ружы.
Нарэшце ён заспяваў, а лепш кажучы, пачаў гаварыць нараспеў і рытмічна пад акампанемент дзвюх лютняў свой гімн у гонар Венеры. Ні крыху прыглушаны голас, ні вершы не былі дрэннымі, таму бедную Лігію зноў ахапілі сумненні, бо гімн, што ўслаўляў нячыстую паганскую Венеру, здаўся ёй аж надта прыгожым, ды і сам імператар са сваім лаўравым вянцом на галаве і ўзведзенымі ўверх вачыма, больш вялікасным, нашмат менш страшным і менш агідным, чым на пачатку балявання. Тут застолле азвалася громам апладысментаў. Крыкі: “О нябесны голас!” пачуліся навокал; некаторыя з жанчын, узняўшы рукі ўверх, так і заставаліся ў знак захаплення нават пасля сканчэння спеваў; іншыя выціралі слезы з вачэй; ва ўсей зале загуло, як у вуллі. Папея, нахіліўшы сваю залатавалосую галоўку, паднесла да вуснаў руку Нярона і трымала яе так доўга моўчкі, малады ж Піфагор, грэк дзіўнай прыгажосці, той самы, з якім пазней напалову ўжо пазбаўлены розуму Нярон загадаў фламінам павянчаць сябе з захаваннем усіх абрадаў, укленчыў цяпер перад імператарам.
Але Нярон пільна глядзеў на Пятронія, пахвала якога для яго была самая жаданая, той жа сказаў:
-        Калі гаворка пра музыку, то Арфей павінен быць такі ж жоўты ад зайздрасці, як тут прысутны Лукан, а што тычыцца вершаў, яны не горшыя, бо я не знаходжу належныя словы, каб іх ухваліць.
Але Лукан не пакрыўдзіўся за напамін пра яго зайздрасць, увогуле ж глядзеў на Пятронія з удзячнасцю і, прытвараючыся засмучаным, пачаў бубнець:
-        Пракляты Фатум, які наканаваў мне жыць разам з такім паэтам. Так бы чалавек меў меца ў памяці людзей і на Парнасе, а так згасну, як свяцільнік пад сонцам.
Пятроній аднак, які меў выключную памяць, пачаў паўтараць кавалкі з гімну, цытаваць асобныя радкі, усхваляць і разбіраць лепшыя выразы. Лукан, нібы забыўшыся пра зайздрасць пад дзеяннем чар паэзіі, далучыў да яго слоў свае захапленні. На твары Нярона адбіліся раскоша і бязмежнае славалюбства, што межавала не толькі з дурноццем, але і было амаль роўнае з ім. Сам імператар падказваў ім радкі, якія лічыў найбольш удалымі, і нарэшце стаў суцяшаць Лукана, гаворачы яму, каб той не губляў дух, бо хто кім нараджаецца, той тым і ёсць, аднак пашана, якую людзі аддаюць Юпіцеру, не выключае пашаны да іншых багоў.
Пасля гэтага ён узняўся, каб адправіць Папею, якой сапраўды было дрэнна, і яна хацела пайсці. Усім жа ўдзельнікам застолля, якія заставаліся, ен загадаў заняць зноў свае месцы і паабяцаў, што вернецца. Хутка ен вярнуўся, каб удыхаючы дым ад курэнняў і глядзець на далейшыя відовішчы, якія ён сам, Пятроній ці Тыгелін падрыхтавалі да балявання.
Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогі, у якіх дзівацтва было больш, чым досціпу. Потым славуты мім Парыс прадстаўляў прыгоды Іо, дачкі Інаха. Гасцям, асабліва Лігіі, непрызвычаенай да падобных відовішчаў, здалося, што бачаць цуды і чары. Парыс рухамі рук і цела мог выказаць рэчы, якія немагчыма было выказаць у танцы. Рукі яго зварухнулі паветра, стварыўшы светлае, жывое, трапяткое воблака салодкага жадання, якое абкружыла напаўнепрытомную дзявочую фігуру, што сатрасалася ў асалодзе. Гэта была карціна, не танец, яркая карціна, якая адкрывала таямніцы кахання, чароўныя і бессаромныя, а калі ўсё скончылася, увайшлі карыбанты і пачалі з сірыйскімі дзяўчатамі пад гук кіфар, флейт, цымбал і бубнаў вакхічны танец, поўны дзікіх крыкаў і дзікіх распусных рухаў цела. Лігіі здалося, што яе спаліць жывы агонь ці пярун павінен ўдарыць у гэты дом, ці столь абрушыцца на галовы ўдзельнікаў застолля. Але з залатога неваду, падвешанага пад столлю, спадалі толькі ружы, а ў гэты час напаўп'яны ўжо Вініцый гаварыў ёй:
-        Я бачыў цябе ў доме Аўлаў каля фантана і пакахаў цябе. Было світанне, і ты думала, што ніхто цябе не бачыць, а я бачыў. . . І бачу цябе такой да гэтай пары, хоць гэты пеплум хавае цябе ад мяне. Скінь пеплум, як Крыспініла. Бачыш! Богі і людзі шукаюць кахання. Няма нічога ў свеце апрача яго! Пакладзі галаву мне на грудзі і закрый вочы
А яе кроў моцна пульсавала ў скронях і руках. Было ў яе ўражанне, што яна ляціць у нейкую бездань, а гэты Вініцый, які раней здаваўся ёй такім блізкім і надзейным, замест таго, каб ратаваць, цягне яе да гэтай бездані. І адчула да яго непрыязнасць. Пачала зноў баяцца і гэтага балявання, і Вініцыя, і сябе самой. Нейкі голас, падобны да голасу Пампоніі, клікаў ў яе душы: “Лігія, ратуйся!”. Але штосьці падказвала ёй, што ўжо надта позна, што той, каго абпальвала такім агнем, хто бачыў, што чынілася на гэтым баляванні, каго калаціла так, як яе, калі ён набліжаўся, той ужо лічы загінуў без ратунку.Ей рабілася дрэнна. Часам ёй здавалася, што вось-вось самлее, а потым адбудзецца штосьці страшнае. Яна ведала, што пад пагрозай гневу імператара нікому нельга ўставаць, пакуль не ўстане ён сам, але хоць бы так і было, у яе не было ўжо на гэта моцы. Тымчасам да канца балявння было яшчэ далёка. Нявольнікі прыносілі яшчэ новыя стравы і напаўнялі чашы віном, а перад сталамі з' явіліся два атлеты, каб прадэманстраваць гасцям відовішча барацьбы.
І вось яны пачалі змагацца. Моцныя, бліскучыя ад алею іх целы спляталіся ў адзіны вузел, косці трашчалі ў жалезных абдымках, сціснутыя сківіцы скрыгаталі. Часам чуліся хуткія, глухія ўдары іх ступней аб папырсканую шафранам падлогу, часам абодва заміралі, заціхалі, і гледачам здавалася, што бачаць перад сабой скульптурную групу з каменя. Вочы рымлян з задавальненнем наглядалі за гульней страшэнна напружаных мускулаў спіны, бёдраў, рук. Але барацьба не цягнулася доўга, бо Кратон, майстар і начальнік школы гладыятараў няпроста лічыўся мацнейшым чалавекам у дзяржаве. Яго супраціўнік пачаў дыхаць часцей, потым захрыпеў, потым твар яго пасінеў, нарэшце з вуснаў пайшла кроў, і ён абмяк.
Громам апладысментаў быў сустрэты канец барацьбы, Кратон жа паставіў нагу на спіну пераможанага, скрыжаваў магутныя рукі на грудзях і паглядаў на залу вачыма трыумфатара.
Потым увайшлі пацешнікі, што пераймалі жывёл і іх галасы, жанглёры і блазны, але на іх мала глядзелі, бо віно замуціла позіркі гледачоў. Баляванне паступова пераходзіла ў п'яную і распусную оргію. Сірыйскія дзяўчаты, якія раней танцавалі вакхічны танец, змяшаліся з гасцямі. Музыка змянілася ў бязладнае і дзікае гучанне кіфар, лютняў, армянскіх цымбал, егіпецкіх сістр, труб і рагоў, у той жа час некаторыя з гасцей хацелі размаўляць, таму пачалі крычаць музыкантам, каб тыя пайшлі прэч. Паветра, перанасычанае водарам кветак, поўнае пахаў алеяў, якімі прыгожыя хлопчыкі увесь час пырскалі сталы, перанасычанае пахам шафрана і людскімі выдыхамі стала душным, лямпы гарэлі тусклым полымем, пакрывіліся вянцы на галовах, твары пабляднелі і пакрыліся кроплямі поту
Вітэлій зваліўся пад стол. Нігідыя, распрануўшыся да пояса, паклала сваю п'яную, дзіцячую галоўку на грудзі Лукана, а той, таксама п'яны, пачаў здзьмухваць залатую пудру з яе валасоў, узнімаючы вочы ўгару з бязмежнай асалодай. Вестын з п'янай упартасцю паўтараў  дзесяты раз адказ Мопса на запячатаны ліст праконсула. Тулій жа, які кпіў з багоў, гаварыў голасам, што перарываўся ад ікаўкі:
-        Бо калі Сферас Ксенафана круглы, то ўяўляеш, такога бога можна каціць нагой перад сабой , як бочку.
Але Даміцый Афр, стары злодзей і даносчык, абурыўся ад такой гаворкі і ад абурэння паліваў сваю туніку фалернскім. Ен заўседы верыў у багоў. Людзі кажуць, што Рым згіне, і ёсць нават такія, што сцвярджаюць, што ён ужо гіне. І напэўна гэта так!. . . Але калі гэта настане, то ад таго, што ў моладзі няма веры, а без яе не можа быць дабрачыннасці. Забытыя таксама даўнія суровыя звычаі, і нікому не прыходзіць да галавы, што эпікурэйцы не змогуць супрацьстаяць варварам. А дарма! Што датычыць яго, дык шкадуе, што дажыў да гэтых часоў і што ва ўцехах павінен шукаць лекі ад засмучэнняў, якія інакш яго хутка даканалі б. Сказаўшы гэтак, прыгарнуў да сябе сірыйскую танцоўшчыцу і бяззубым ротам пачаў цалаваць яе шыю і спіну, а бачачы гэта, консул Мемій Рэгул рассмяяўся і, узняўшы сваю прыбраную вянком лысую галаву, заўважыў:
-        Хто кажа, што Рым гіне? Глупства! Я, консул, ведаю найлепш, Videant consules! Трыццаць легіёнаў сцерагуць наш pax romana!. . . Тут ен сціснуў кулакамі скроні і пачаў крычаць на ўвесь пакой:
-        Трыццаць легіёнаў! Трыццаць легіёнаў! Ад Брытаніі да межаў краіны парфян. Але раптам задумаўся і, дакрануўшыся пальцам да ілба, сказаў:
-        Бадай жа нават трыццаць два. . .
І зваліўся пад стол, дзе праз хвіліну пачаў ванітаваць языкамі фламінга, печанымі рыжыкамі, замарожанымі грыбамі, саранчой пад мёдам, рыбай, мясам – усім, што з'еў ці выпіў.
Аднак Даміцыя не супакоіла колькасць легіёнаў, што сцерагуць рымскі спакой:Не, не! Рым павінен загінуць, як загінула вера ў багоў і суровыя звычаі. Рым павінен загінуць, а шкада, бо жыцце аднак такое добрае, імператар ласкавы, а віно смачнае! Ах, як шкада! І схаваўшы галаву дзесьці ў лапатках сірыйскай вакханкі, расплакаўся:
-        Што мне тое будучае жыцце! Ахілес меў рацыю, што лепш быць парабкам на гэтым свеце пад сонцам, чым быць царом у кімерыйскіх краінах. Ды і гэта яшчэ пытанне, ці існуюць якія-небудзь богі, хаця бязвер'е губіць моладзь.
Лукан у гэты час раздзьмухаў усю залатую пудру з валасоў Нігідыі, якая, напіўшыся, заснула. Потым ён зняў некалькі сцяблін плюшчу з вазы, што стаяла перад ім, і абвіў імі Нігідыю, а пасля гэтага пачаў пазіраць на прысутных радасным і запытальным позіркам. Пасля чаго прыбраўся і сам у плюшч, паўтараючы тонам глыбокага пераканання:
-        Увогуле я не чалавек, я фаўн.
Пятроній не быў п'яны, затое Нярон, які спачатку аберагаючы свой нябесны голас піў мала, пад канец перакульваў чашу за чашай і напіўся. Хацеў нават далей спяваць свае вершы, цяпер ужо грэчаскія, але забыўся словы і памылкова заспяваў песеньку Анакрэонта. Яго падтрымалі Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але паколькі ва ўсіх не атрымлівалася, то супакоіліся. Нярон пачаў усхваляць як знаўца і эстэт прыгажосць Піфагора і ад захаплення цалаваць яго рукі. Такія прыгожыя рукі ён бачыў толькі некалі. . . але ў каго? І прыклаўшы далонь да мокрага ілба, пачаў успамінаць. Праз момант на твары яго адбіўся страх:
-        Ага! У маці! У Агрыпіны!
І раптам апанавалі яго змрочныя прывідныя карціны.
-        Кажуць, - прамовіў ен, - што па начах яна ходзіць пад месяцам па моры, каля Баямі і Баўлаў. Нічога, толькі ходзіць, нібы чагосьці шукае. А калі набліжаецца да чоўна, то паглядзіць і адыйдзе, але рыбак, на якога яна зірнула, памірае.
-        Неблагая тэма, - сказаў Пятроній.
Вестын жа выцягнуў шыю, як жораў, і таямніча шаптаў:
-        Я не веру ў багоў, але веру ў духаў. . . вой!
Але Нярон не зважаў на іх словы і працягваў:
-        Але ж я справіў Лемурыі. Я не хачу яе бачыць! Гэта ўжо пяты год. Я павінен, павінен быў яе пакараць, бо падаслала да мяне забойцу, і калі б я яе не апярэдзіў, то не чулі б сёння мой спеў.
-        Дзякуй, імператар ад імя горада і свету! – закрычаў Даміцый Афр. – Віна! І няхай удараць у тымпаны!
Зноў пачаўся шум. Лукан увесь у плюшчы, намагаючыся яго перакрычаць, узняўся і ўсклікнуў:
-        Я не чалавек, я фаўн і жыву ў лесе! Э. . ха. . аа!
Нарэшце спіўся імператар, паспіваліся мужчыны і жанчыны. Вініцый быў п'яны не менш, за іншых, а ў дадатак побач з жаданнем абуджалася ў ім прага да бойкі, што бывала з ім заўсёды, калі перабіраў меру. Яго смуглы твар стаў яшчэ больш бледным і язык заблытваўся ўжо, калі гаварыў хвалюючымся і загадным голасам:
-        Дай мне вусны! Сёння, заўтра, усё адно! Досыць гэтага! Імператар забраў цябе ад Аўлаў, каб падарыць мне, разумееш? Заўтра на змярканні я прышлю па цябе, разумееш? Імператар мне цябе абяцаў перад тым, як забраць. Ты павінна быць маёй! Дай мне вусны! Не хачу чакаць да заўтра. . . хутчэй жа дай вусны!
І ён абняў яе, але Акта пачала бараніць дзяўчыну, ды і яна сама баранілася з рэштай сіл, бо адчувала, што гіне. Марна аднак намагалася абедзвюма рукамі адарваць ад сябе яго рукі, марна голасам, які дрыжаў ад крыўды і страху, упрошвала яго не быць такім жорсткім, зжаліцца над ёй. Хмельное яго дыханне ўсё больш набліжалася, твар ужо быў побач з яе тварам. Але то быў не былы, добры, дарагі яе сэрцу Вініцый, а п'яны, злобны сатыр, што ўсяляў страх і агіду.
Сілы аднак пакідалі яе ўсё хутчэй. Дарэмна адхілялася і адварочвала твар, каб пазбегнуць яго пацалункаў. Ен узняўся, схапіў яе абедзвюма рукамі і прыціскаючы яе галаву да сваіх грудзей, цяжка дыхаючы, пачаў кранаць вуснамі яе пабляднеўшыя вусны.
Але ў гэту хвіліну нейкая страшэнная сіла адарвала яго рукі ад шыі дзяўчыны з такой лёгкасцю, як рукі дзіцяці, а яго самога адсунула ў бок, як сухую галінку ці завялы ліст. Што здарылася? Вініцый, уражаны, працёр вочы і раптам над сабой убачыў вялізную фігуру лігійца, якога звалі Урс і якога ён сустракаў у доме Аўлаў. Лігіец стаяў спакойны і толькі пазіраў на Вініцыя блакітнымі вачыма так дзіўна, што ў юнака застывала ў жылах кроў. Пасля Урс узяў на рукі сваю царэўну і роўным мяккім крокам выйшаў з трыклінія. Акта выйшла за ім.
Вініцый нейкае імгненне сядзеў, як скамянелы, потым усхапіўся і пабег да выйсця з крыкам:
-        Лігія, Лігія!
Аднак пажадлівасць, уражанасць, лютасць і віно звалілі яго з ног. Ен пахіліўся раз, другі і, ухапіўшыся за голыя плечы адной з вакханак, запытаў, лыпаючы вачыма:
-        Што здарылася?
А яна падала яму кубак з віном з усмешкай у затуманеных вачах.
-        Пі! – сказала вакханка.
Вініцый выпіў і зваліўся беспрытомны.
Большасць гасцей ужо ляжалі пад сталом, другія хадзілі няцвёрдым крокам па трыклінію, іншыя спалі на ложах, храпучы ці ікаючы ў сне ад лішка віна, а на п'яных консулаў і сенатараў, на ап'янелых вершнікаў, паэтаў, філосафаў, на п'яных танцоўшчыц і патрыцыянак, на ўвесь гэты свет, яшчэ ўсемагутны, але ўжо бяздушны, увенчаны кветкамі і які аддаваўся распусце, але ўжо губляў моц, з залатога неваду пад столлю сыпаліся і сыпаліся ружы.
Пачынала світаць.