пятница, 30 января 2015 г.

Раздзел 7 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Раздзел VII

Перад Актай, былой каханкай Нярона, калісьці схілялі галовы  самыя , вядомыя людзі Рыма. Але яна і тады нават не хацела ўмешвацца ў публічнае жыцце, і калі і ўжывала свой уплыў на маладога ўладара, то хіба толькі для просьбаў аб літасці. Ціхая і сціплая, заслугавала сабе ўдзячнасць многіх, і нікога не зрабіла сваім ворагам. Нават Актавіі не было за што яе ненавідзець. Зайздроснікі не лічылі яе небяспечнай. Аб ёй ведалі, што кахае заўсёды Нярона каханнем сумным і балючым, якое жыве ўжо нават не надзеяй, а толькі ўспамінамі хвілін, калі Нярон быў не толькі маладзейшым і кахаў яе, але быў лепшым. Ведалі, што ад тых успамінаў не можа адарваць душу і думкі, але нічога ўжо не чакае, а так як цяпер не лічылася, што імператар да яе вернецца, глядзелі на яе як на безабаронную істоту і пакінулі яе ў спакоі. Для Папеі яна была толькі ціхай служкай, такой бясшкоднай, што першая нават не патрабавала адаслаць яе з палацу. Але ж так як імператар кахаў яе калісьці і пакінуў без знявагі, спакойна, нават прыязна, захавала яна пэўную павагу з боку іншых. Нярон вызваліў яе і даў ёй жытло ў палацы, а ў ім асобны кубікул і крыху людзей з прыслугі. А калі ў свой час Палас і Нарцыс, хоць і вызваленцы Клаўдзія, не толькі балявалі разам з Клаўдзіем, але і як сапраўдныя міністры займалі пачэсныя месцы, то і яе запрашалі часам да стала імператара. Рабілася гэта можа і таму, што яе прыгожая постаць была сапраўднай аздобай балявання. Зрэшты імператар ў выбары акружэння даўно ўжо перастаў кіравацца якім-небудзь прылікам. Зя яго столом была неверагодная мешаніна людзей усялякіх званняў і заняткаў. Былі між іх сенатары, але пераважна такія, якія маглі б быць разам з тым блазнамі. Былі старыя і маладыя патрыцыі, што жадалі раскошы, гульні і задавальненняў. Бывалі жанчыны са знакамітых фамілій, але якія маглі вечарам надзець бялявыя парыкі і адправіцца для забавы шукаць прыгод на цёмных вуліцах. Бывалі і высокія саноўнікі і жрацы, якія з поўнымі чарамі кпілі над сваімі багамі, каля іх ашываўся ўсялякі зброд – спевакі, мімы, музыкі, танцоры і танцоркі, паэты, якія дэкламуючы вершы думалі пра сястэрцыі, якія ім за хвалу вершаў імператара маглі ўпасці, галодныя філосафы , якія суправаджалі хцівымі поглядамі стравы, што падаваліся да стала, нарэшце вядомыя вазніцы, фокуснікі, чарадзеі, баечнікі, жартаўнікі, розныя выяўленыя модай ці дурнотай людзей знакамітасці-аднадзёнкі, сярод якіх хапала і такіх, што доўгімі валасамі прыкрывалі праколатыя як знак нявольніцтва вушы. Слыннейшыя сядалі проста за стол, менш знакамітыя служылі для забаў у час сілкавання, чакаючы моманту, калі прыслуга дазволіць ім кінуцца да стала на рэшткі страў і напояў. Гасцей такога кшталту дастаўлялі Тыгелін, Ватыній і Вітэлій, якія гэтым жа гасцям вымушаны былі даставаць адзенне, адпаведнае для пакояў імператара, які дарэчы любіў такое таварыства і адчуваў у ім сябе свабадней. Раскоша двара ўсё залаціла і пакрывала бляскам. Вялікія і малыя, патомкі вялікіх родаў і галота з гарадскога бруку, знакамітыя мастакі і падскробкі талентаў імкнуліся да палацу, каб насыціць свае хцівыя вочы асляпляльнай раскошай, амаль пераўзыходзячай чалавечыя паняцці, наблізіцца да падацеля ўсялякіх міласцей, багаццяў і даброт, капрыз якога мог прынізіць любога, а мог узвялічыць бязмерна.
У гэты дзень і Лігія павінна была прыняць удзел у падобным баляванні. Страх, няпэўнасць і ашаломленасць, не выклікаючыя здзіўлення пасля раптоўнага пераезду, змагаліся ў ёй з пэўным жаданнем супраціўлення. Яна баялася імператара, баялася людзей, палацу, шум якога пазбаўляў яе прытомнасці, баялася баляванняў, пра сарамату якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны і іх сяброў. 
Будучы юнай, яна аднак не была несвядомай, бо адгалоскі зла гэтых часоў рана даходзілі нават да дзіцячых вушэй. Яна ведала, што ў гэтым палацы ёй пагражае пагібель, пра якую папярэджвала яе ў хвіліну растання і Пампонія. Маючы маладую несапсаваную душу і спавядаючы вучэнне, да якога прызвычаіла  яе названая маці, прысягнула бараніцца ад гэтай пагібелі: маці, сабе і таму боскаму настаўніку, у якога яна не толькі верыла, але якога палюбіла сваім напаўдзіцячым сэрцам за слодыч яго вучэння і за пакутніцкую смерць, і за хвалу ўваскрасення.
Яна была ўпэўнена, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за яе ўчынкі, таму раздумвала, ці не лепш будзе супраціўляцца і не ісці на баляванне. З аднаго боку страх і непакой гаварылі ў яе душы, з другога – нарадзілася ў ёй жаданне прадэманстраваць адвагу, трываласць, гатоўнасць да пакут і смерці. Так вучыў боскі настаўнік. Сам жа даў таму прыклад. І Пампонія распавядала ей, што найлепшыя сярод яго прыхільнікаў пажадалі б сабе ўсёй душой такога выпрабавання і моляцца аб ім. І Лігію, калі яшчэ яна была ў доме Аўла, апаноўвала часам такое жаданне. Яна бачыла сябе пакутніцай з ранамі на далонях і ступнях, белай, як снег, светлай ад незямной прыгажосці, якую нясуць у блакіт такія ж белыя анёлы, і гэтымі карцінамі яна любавалася ў сваіх мараннях. Было ў гэтым шмат ад дзіцячых мар, але было і крыху самалюбавання, за што яе дакарала Пампонія. Цяпер жа, калі супраціўленне волі імператара магло пацягнуць за сабой якую-небудзь жорсткую кару, і калі бачаныя ў марах пакуты маглі стаць рэчаіснасцю, да прыгожых карцін, да гарачых памкненняў далучылася яшчэ перамешаная ся страхам якаясьці цікаўнасць да таго, як яе пакараюць, і якія пакуты для яе абяруць.
І так вагалася яе напаўдзіцячая душа на два бакі. Але Акта, даведаўшыся пра гэтыя ваганні, паглядзела на яе з такім здзіўленнем, нібы дзяўчына гаварыла ў гарачцы. Аказаць супраціўленне волі імператара? Падпасці з першых хвілін пад яго гнеў? Трэба быць сапраўдным дзіцем, якое не ведае, што гаворыць. З уласных слоў Лігіі бачна, што яна не заложніца, а дзяўчына, забытая сваім народам. Не абараняе яе ніводзін закон народаў, а калі б і абараняў, то імператар досыць моцны, каб у хвіліну гневу яе растаптаць. Імператару было пажадана забраць яе, і з таго часу ён ёй распараджаецца. З таго часу яна ў яго волі, над якой няма іншай волі на свеце...
-        Так, - гаварыла яна далей, - і я чытала лісты Паўла з Тарса, і я ведаю, што над зямлей есць Бог і Сын Божы, які ўваскрос, але на зямлі ёсць толькі імператар. Памятай пра гэта, Лігія! Я ведаю таксама, што тваё вучэнне не дазваляе табе быць тым, чым была я, і што вам, як і стоікам, пра якіх мне распавядаў Эпіктэт, калі прыходзіцца выбіраць паміж сорамам і смерцю, дазволена выбраць толькі смерць. Але ці можаш ты ведаць, што цябе чакае смерць, а не сорам? Хіба ты не чула пра дачку Сяяна, якая быля яшчэ малым дзяўчом, і якая па загаду Тыберыя павінна была для захавання закону, які забараняе караць цнатлівых дзяўчат, прайсці праз ганьбу перад сваей пагібеллю. Лігія, не дражні імператара! Калі прыйдзе хвіліна выбару паміж ганьбай і смерцю, зробіш так, як загадвае табе твая ісціна, але дабраахвотна не шукай згубы і не дражні па дробязях зямнога і пры тым жорсткага бога.
Акта гаварыла з вялікім шкадаваннем і нават з гарачынёй, а ад прырды блізарукая, наблізіла твар да твару Лігіі, нібы хацела ўбачыць, якое ўражанне робяць яе словы.
Лігія ж, абняўшы з даверлівасцю дзіцяці яе за шыю, сказала:
-        Ты добрая, Акта.
Акта, расчуленая пахвалой і даверлівасцю, прыціснула яе да сэрца, а потым, вызваліўшыся ад рук дзяўчыны, адказала:
-        Маё шчасце мінула, радасць мінула, але я не стала злой.
Пасля чаго пачала хадзіць хуткім крокам па пакоі, гаворачы сама сабе як бы з роспаччу:
-        Не! І ён не быў злым. Ен сам думаў у той час, што добры і хацеў быць добрым. Я гэта ведаю лепш за ўсіх. Гэта ўсё прыйшло пазней. . . Калі ен перастаў кахаць. . . Гэта іншыя зрабілі яго такім, які ён цяпер – гэта іншыя – і Папея! Тут на яе вейках заблішчалі слёзы. Лігія паводзіла за ёю нейкі час сваімі блакітнымі вачыма і нарэшце спытала:
-        Ты па ім сумуеш, Акта?
-        Сумую, - ціха адказала грачанка.
І зноў пачала хадзіць са сціснутымі, як ад болю, рукамі і з бязрадасным тварам. А Лігія пыталася нясмела далей:
-        Ты яго яшчэ кахаеш,Акта?
-        Кахаю, - і дадала, - яго ніхто апрача мяне не кахае.
Абедзве змоўклі, Акта змагла супакоіцца, і калі твар яе прыняў ізноў выраз ціхага смутку, прамовіла:
-        Пагаворым пра цябе, Лігія. Не думай нават пра тое, каб супраціўляцца волі імператара. Гэта было б шаленствам. І супакойся нарэшце. Я ведаю добра гэты дом і лічу, што з боку імператара табе нічога не пагражае. Калі б Нярон загадаў прывесці цябе для сябе, не прывялі б цябе на Палатын. Тут уладарыць Папея, а Нярон, ад часу, калі ў яго з'явілася дачка, яшчэ больш пад яе ўладай. Так, Нярон сапраўды загадаў, каб ты была на баляванні, але не бачыў цябе дасюль, не запытаў пра цябе, а значыць ты яму не патрэбна. Можа нават адабраў цябе ў Аўла і Пампоніі толькі ад злосці на іх. Мне пісаў Пятроній, каб апякала цябе, пра гэта пісала, як ведаеш, і Пампонія, дык можа яны паразумеліся між сабой. Можа ён зрабіў гэта па яе просьбе. А калі так, калі і ён па просьбе Пампоніі будзе цябе апякаць, то табе нічога не пагражае, і хто ведае, можа Нярон, намоўлены Пятроніем, адашле цябе да Аўлаў. Не ведаю, ці вельмі любіць яго Нярон, але ведаю, што рэдка прымае іншае рашэнне, чым Пятроній.
-        Ах, мілая Акта! – адказала Лігія. – Пятроній быў у нас перад тым, як мяне забралі, і мая маці была перакананая, што Нярон пажадаў мяне забраць пасля яго намовы.
-        Гэта было б дрэнна, - сказала Акта. Задумаўшыся на хвіліну, працягвала далей. – Можа Пятроній сказаў толькі пры Няроне на якой-небудзь вячэры, што бачыў у Аўлаў заложніцу лігійцаў, і Нярон, які вельмі аберагае сваю ўладу, запатрабаваў цябе таму, што заложніцы належаць імператару. Ен дарэчы не любіць Аўла і Пампонію. Не.  Не думаю, што Пятроній, каб хацеў забраць цябе ў Плаўція, выкарыстаў бы такі спосаб. Не ведаю, ці Пятроній лепшы, за тых, хто акружае імператара, але ён іншы. Можа нарэшце і апроч яго знойдзеш яшчэ каго-небудзь, хто хацеў бы за цябе заступіцца. Ты не пазнаёмілася ў Аўла з кімсьці з блізкага акружэння імператара?
-        Бачыла Веспасіяна і Тыта.
-        Імператар іх не любіць.
-        І Сенэку.
-        Досыць было б, каб Сенэка штосьці параіў, каб Нярон зрабіў інакш.
Светлы твар Лігіі пачаў пакрывацца румянцам.
-        І Вініцыя. . .
-        Я яго не ведаю.
-        Гэта сваяк Пятронія; ен нядаўна вярнуўся з Арменіі.
-        Думаеш, Нярон будзе рады яго бачыць?
-        Вініцыя ўсе любяць.
-        І ён захоча заступіцца за цябе?
-        Так.
Акта ласкава ўсміхнулася і сказала:
-        То напэўна ўбачыш яго на баляванні. Мусіш на ім быць, перадусім таму, што інакш нельга. . . Толькі такое дзіця, як ты, магло падумаць штосьці іншае. Па-другое, калі ты хочаш вярнуцца ў дом Аўлаў, там знойдзеш магчымасць папрасіць Пятронія і Вініцыя, каб сваім уплывам яны дабіліся для цябе права вярнуцца. Калі б яны тут былі, абодва сказалі б табе тое ж, што і я, што шаленствам і згубай было б спрабаваць супраціўляцца. Праўда, імператар можа і не заўважыць тваей адсутнасці, але калі б заўважыў і падумаў, што ты пасмела супраціўляцца яго волі, не было б табе ўжо ратунку. Пойдзем, Лігія. Ці чуеш гэты шум у доме? Сонца садзіцца, і госці хутка  ўжо пачнуць збірацца.
-        Ты маш рацыю, Акта, - адказала Лігія, - і я пайду, як ты раіш. Колькі ў гэтым рашэнні было жадання ўбачыць Вініцыя і Пятронія, колькі жаночай цікаўнасці раз у жыцці ўбачыць такое баляванне, на ім  імператара, двор, знакамітую Папею і іншых прыгажунь, усю гэту нечуваную раскошу, пра якую расказвалі ў Рыме, сама Лігія не магла сабе адказаць. Але Акта мела рацыю,  і дзяўчына гэта добра адчувала. Ісці было трэба, і калі неабходнасць і просты розум падмацавалі скрытую ў душы спакусу, Лігія перастала вагацца.
Акта ў той час праводзіла яе да ўласнага ўнктуарыя, каб яе ўмасціць і прыбраць, і хаця ў доме імператара хапала нявольніц і ў Акты было нямала асабістай прыслугі, адно з-за спачування дзяўчыне, цнота і прыгажосць якой кранулі яе сэрца, яна сама вырашыла яе апрануць і цяпер аказалася, што ў маладой грачанцы, акрамя яе смутку і захаплення лістамі Паўла з Тарсу, засталося яшчэ шмат ад былой элінскай душы, для якой прыгажосць цела значыла больш, чым усё іншае на свеце.
Распрануўшы Лігію, ад выгляду яе стана, гнуткага і мякка акругленага, створанага нібы з перлавай мары і пялёсткаў руж, Акта не магла ўтрымацца ад вокрыку захаплення і, адсступіўшы на некалькі крокаў, глядзела з замілаваннем на гэту непраўнальную вясновую прыгажосць.
-        Лігія! – азвалася нарэшце яна, - ты ў сто разоў прыгажэйшая, чым Папея.
Але дзяўчына, выхаваная ў суровым доме Пампоніі, дзе захоўвалі сціпласць нават, калі жанчыны заставаліся адны, стаяла цудоўная, як дзівосны сон, поўная гармоніі, як тварэнне Праксіцеля ці як дзіўная песня, ды збянтэжаная, ружовая ад сораму, са сціснутымі каленамі, з рукамі, прыкрываючымі грудзі, з апушчанымі вейкамі. Нарэшце яна раптоўным рухам узняла рукі і выняла шпількі, якія падтрымлівалі валасы, і ў адзін момант, страсянуўшы галавой, абкрылася імі, як плашчом.
Акта наблізілася і дакранаючыся да яе валасоў, сказала:
-        О, якія ў цябе валасы! Я не буду пасыпаць іх залатой пудрай, бо яны самі блішчаць то тут, то там золатам на завітках.  Хіба што можа вось тут дадам залатога бляску, але злёгку, ледзь-ледзь, нібы іх асвяціў прамень сонца. Дзівосным павінен быць ваш край, дзе нараджаюцца такія дзяўчаты.
-        Я яго не памятаю, - адказала Лігія. Урс толькі мне казаў, што ў нас лясы, лясы і лясы.
-        А ў лясах кветкі цвітуць – прыгаворвала Акта, апускаючы рукі ў вазу, поўную вербенавага настою і увільгатняючы ім валасы Лігіі.
Пасля сканчэння гэтай справы яна пачала ўмашчваць усе яе цела пахучымі алеямі з Аравіі.  А потым апранула яе ў мяккую, залатога колеру туніку без рукавоў, паверх якой трэба было накінуць яшчэ беласнежны пеплум. Але перад гэтым належала яшчэ прычасаць ёй валасы, таму Акта абкрыла яе шырокім адзеннем, што звалася сінтэзіс, і пасадзіўшы ў крэсла, перадала яе часова ў рукі нявольніц, каб здалёк наглядаць за іх працай. Дзве нявольніцы пачалі надзяваць на ножкі Лігіі белыя, расшытыя пурпурам чаравікі, абпаясваючы іх крыж-накрыж залатымі лентамі вакол алябастравых шчыкалатак. Калі прычоска была гатова, паўкладалі на ёй легкімі прыгожымі складкамі пеплум, пасля чаго Акта, зашчапіўшы перліны ёй на шыі і крануўшы валасы залацістым пылам, сама загадала прыбіраць сябе, не зводзячы ўвесь час захопленых вачэй з Лігіі. Але хутка яна была гатова, і калі перад галоўнай брамай пачалі з'яўляцца першыя паланкіны, абедзве пайшлі ў бакавы крыптапорцік, з якога было відаць галоўную браму, унутраныя галерэі і двор, акружаны каланадай з нумідыйскага мармуру. Гігант Геркулес, чыя галава яшчэ была асветлена, а торс ужо пакрыўся ценем ад калоны,. Пазіраў з вышыні на гэты натоўп. Акта паказвала Лігіі сенатараў у тогах з шырокім шлякам, у каляровых туніках і з паўмесяцамі на абутку, вершнікаў і знакамітых мастакоў, і рымскіх паненак, апранутых то на кшталт рымскі, то на кшталт грэчаскі, то ў фантастычныя ўсходнія строі, з прычоскамі ў выглядзе вежаў, пірамід ці з валасамі гладказачэсанымі, як у статуй багінь і аздобленымі кветкамі. Шмат мужчын і шмат жанчын называла Акта па імёнах, дадаючы да імён кароткія, часам жудасныя гісторыі, што поўнілі Лігію страхам, здзіўленнем і неразуменнем. Для яе гэта быў дзіўны свет, прыгажосцю якога ўпіваліся яе вочы, але чыіх кантрастаў не мог зразумець яе дзявочы розум. У гэтых зорках на небе, у гэтых шэрагах нерухомых калон, якія вялі некуды ўглыб і ў гэтых людзях, падобных да статуй багоў, быў нейкі вялікі спакой. Здавалася, што сярод гэтых мармураў павінны жыць якіясьці бесклапотныя, спакойныя і шчаслівыя напаўбогі, а між тым голас Акты адкрываў Лігіі адну за другой страшэнныя таямніцы і гэтага палацу, і гэтых людзей. Вось там, паводаль, бачны крыптапорцік, на калонах і падлозе якога яшчэ чырванеюць плямы крыві, пырснуўшай на белы мармур з цела Калігулы, калі той упаў, забіты нажом Касія Херэя, там забілі яго жонку, там яго дзіцяці разбілі аб камяні галаву, а пад тым вунь крылом есць падзем'е, у якім ад голаду грыз уласныя рукі малодшы Друз, там атруцілі старэйшага, там віўся ад страху Гемел, а там у сутаргах біўся Клаўдзій, там – Германік. Усе гэтыя сцены чулі енкі і хрыпенне паміраючых, а людзі, што зараз спяшаюцца на баляванне ў тогах і каляровых туніках, у кветках і каштоўных камянях - яны быць можа, заўтрашнія смяротнікі і быць можа у многіх з іх за ўсмешкай на твары хаваецца страх, непакой, няўпэўненасць у заўтрашнм дні; быць можа ў гэтыя хвіліны гарачка, хцівасць, зайздрасць грызуць сэрцы гэтых з выгляду бесклапотных, увенчаных кветкамі напаўбагоў. Зблытаныя думкі Лігіі не маглі паспець за словамі Акты , і хаця гэты чароўны свет прыцягваў са штораз большай моцай яе позірк, сэрца яе сціскалася ад страху, а ў душы раптам абудзіўся невыказальны і бязмежны сум па любай Пампоніі Грэцыне і па спакойным доме Аўлаў, у якім панавала любоў, а не зло.
Тым часам з боку вуліцы Апалона наплывалі ўсе новыя хвалі гасцей. З-за брамы даносіўся шум і вокрыкі кліентаў, што праводзілі сваіх патронаў. Па двары і каланадзе замільгала мноства нявольнікаў і нявольніц імператара, юнакоў і прэтарыянскіх салдат, што былі стражамі ў палацы. Дзе-нідзе між белымі і смуглымі тварамі чарнеліся твары нумідыйцаў у шлемах з пер'ем і з вялікімі залацістымі завушніцамі. Неслі лютні, кіфары, ахапкі штучна выгадаваных позняй восенню кветак, ручныя сярэбраныя, залатыя і медныя лямпы. Усе нарастаючы гул галасоў змешваўся з пошумам фантанаў, струмені якіх былі ружовыя ад вячэрняга святла і ападалі на мармур з вышыні, разбіваючыся на ім нібы з рыданнем.
Акта замоўкла, але лЛігія працягвала глядзець, быццам шукаючы кагосьці ў натоўпах. І раптам твар яе паружавеў. Паміж калон паказаліся Вініцый і Пятроній, яны ішлі да вялікага трыклінія, прыгожыя, спакойныя, падобныя ў сваіх тогах да белых багоў. Лігіі, калі сярод чужых людзей убачыла два знаёмыя, прыязныя твары, а асабліва , калі ўбачыла Вініцыя, здавалася, што вялікі цяжар зваліўся з яе душы. Яна адчула сябе менш самотнай. Гэты бязмежны  сум па Пампоніі і доме Аўлаў, які абудзіўся у ёй хвіліну таму, перастаў быць такім пакутлівым. Спакуса ўбачыць Вініцыя і пагаварыць з ім заглушыла іншыя галасы ў яе сэрцы. Марна ўспамінала сабе ўсе дрэннае, што чула пра дом імператара, і словы Акты, і перасцярогі Пампоніі. Насуперак гэтым словам і персцярогам яна адчула раптам, што не толькі павінна быць на гэтым баляванні, але і хоча на ім быць. Асабліва з думкаю, што праз хвіліну пачуе гэты мілы і ўпадабаны голас, які гаварыў ей пра каханне і пра шчасце, годнае багоў, і які гучаў дасюль у яе вушах, як песня, ахапіла яе радасць.
Але раптам спужалася гэтай радасці. Ей падалося, што ў гэтую хвіліну здраджвае і таму чыстаму вучэнню, у якім выхоўвалася, і Пампоніі, і самой сабе. Адна рэч – ісці пад прымусам, іншая ж – радавацца такой неабходнасці.
Адчула сябе вінаватай, нягоднай і загінуўшай. Яе апанавала роспач, і хацелася плакаць. Калі б была адна, то ўкленчыла б і пачала б біць сябе ў грудзі, паўтараючы: “Мая віна! Мая віна!”Акта ўзяла яе за руку і павяла праз унутраныя пакоі да вялікага трыклінія, дзе павінна было адбыцца баляванне. А ў Лігіі цямнела ў вачах, шумела ад унутранага ўзрушэння ў вушах, і сэрца так білася, што перашкаджала дыханню. Як праз сон, яна ўбачыла тысячы міргаючых лямпаў на сталах і на сценах, як праз сон пачула вокрыкі, якімі віталі імператара, як праз імглу ўбачыла яго самога. Вокрык аглушыў яе, бляск асляпіў, ад пахаў закружылася галава, і, страціўшы рэшту прытомнасці, яна ледзь магла распазнаць Акту, якая размясціла яе за сталом і сама ўзлегла побач.
Але праз хвіліну нізкі, знаёмы голас пачуўся з другога боку:
-        Вітаю цябе, найпрыгажэйшая сярод дзяўчын на зямлі і сярод зорак на небе. Вітаю цябе, боская Каліна!
Лігія крыху апрытомнела і агледзелася: каля яе ўзлягаў Вініцый. Ен быў без тогі, бо так было зручней, а апрача гэтага звычай прадугледжваў скідаць на баляванні тогі. Яго цела ўкрывала толькі чырвоная туніка без рукавоў, расшытая сярэбранымі пальмамі. Голыя рукі былі аздоблены паводле звычая двума шырокімі залатымі бранзалетамі вышэй локця, ніжэй старанна ачышчаныя ад валасоў, гладкія, але надта мускулістыя, сапраўдныя рукі воіна, створаныя для мяча і шчыта. На галаве ў яго быў вянок з руж. Са сваімі зрослымі бровамі, з ззяючымі вачыма і смуглай скурай быў як бы ўвасабленнем маладосці і моцы. Лігіі ён здаўся такім прыгожым, што яна пераадолеўшы амаль непрытомнасць, ледзь здолела адказаць:
-        Вітаю цябе, Марк!
Ен жа прамовіў:
-        Шчаслівыя вочы мае, якія бачаць цябе, шчаслівыя вушы, якія чулі твой голас, мілейшы для мяне, чым гук флейты і кіфар. Калі б мне прапанавалі выбіраць, хто павінен быць побач са мной на баляванні, ты, Лігія, ці Венера, я выбраў бы цябе, о боская!
І ён паглядзеў на яе так, нібы хацеў насыціцца яе вобразам, апрача таго літаральна спапяляў яе вачыма. Яго позірк скіроўваўся з яе твару на шыю і аголеныя плечы, песціў яе прыгожыя формы, любаваўся ёю, нібы абдымаў яе, паглынаў, але побач з жаданнем свяцілася ў ім шчасце і замілаванне, захапленне без межаў.
-        Я ведаў, што ўбачу цябе ў доме імператара, - працягваў ен, - але аднак калі ўбачыў цябе, ўсю маю душу захлынула такая радасць, быццам спаткала мяне неспадзяванае шчасце.
Лігія апрытомнела і адчуваючы, што ў гэтым натоўпе і ў гэтым доме ён – адзіная блізкая ёй істота, пачала гаварыць з ім і распытваць пра ўсё, што было ёй незразумела і што выклікала ў яе страх. Адкуль ён ведаў, што знойдзе яе ў доме імператара, і чаму яна тут? Чаму імператар адабраў яе ў Пампоніі? Ей тут страшна і хочацца вярнуцца дадому. Яна памерла б ад смутку і непакою, калі б не надзея, што Пятроній і ён заступяцца за яе перад імператарам. Вініцый тлумачыў ей, што аб тым, што яе забралі, даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тут, ён не ведае. Імператар нікому не тлумачыць свае распараджэнні і загады. Аднак няхай яна не баіцца. Вось ён, Вініцый, побач з ёй, і застанецца гэтак. Хацеў бы лепш страціць вочы, чым яе не бачыць, страціць лепш жыцце, чым яе пакінуць. Яна – яго душа, таму будзе аберагаць яе, як уласную душу. Збудуе ёй алтар у сваім доме, як свайму баству, якому будзе прыносіць у ахвяру міру і алоэ, а вясной – анямоны і квецень яблыні. А калі баіцца дому імператара, то ён прысягае ёй, што яна не застанецца ў гэтым доме.
І хаця гаварыў ён з пэўнай няшчырасцю і часам задумваўся, што сказаць, але ў голасе яго чуваць была праўда, бо пачуцці яго былі сапраўдныя. Апаноўваў яго таксама шчыры жаль да яе, а яе словы траплялі ў яго душу так, што калі яна пачала дзякаваць і запэўніваць яго, што Пампонія палюбіць яго за яго дабрыню, а яна сама будзе ўсё жыцце яму ўдзячна, ён не мог пазбыцца ўзрушэння і яму здавалася, што ніколі ў жыцці не зможа адмовіць ёй у просьбе. Сэрца растаплівалася ад пяшчоты. Яе прыгажосць уп'яняла, і ён жадаў яе, але адчуваў разам з тым, што яна для яго вельмі дарагая і што сапраўды мог бы яе ўшаноўваць, як багіню. Адчуваў таксама неабходнасць гаварыць ёй пра яе прыгажосць і пра сваю закаханасць, а паколькі шум балявання нарастаў, то ен прысунуўся бліжэй і пачаў ёй шаптаць пяшчотныя, салодкія словы, што плылі з глыбіні яго душы, гучалі, як музыка і ап'янялі, як віно.
І апаіў яе. Сярод гэтых чужых людзей, якія яе акружалі, Вініцый здаваўся ёй усё больш блізкім, усё больш мілым і адданым усёй душой. Ен супакоіў яе, абяцаў забраць з дому імператара, абяцаў, што яе не пакіне і што будзе ей слугаваць.
Апрача гэтага раней у Аўлаў гаварыў з ёй толькі крыху пра каханне і шчасце, якое яна можа даць, цяпер жа гаварыў ужо адкрыта, што кахае яе, што для яго яна мілейшая і даражэйшая за ўсіх. Лігія ўпершыню чула такія словы з вуснаў мужчыны і з цягам таго, як слухала, здавалася ёй, што нешта абуджаецца ў ёй, як пасля сну, што авалодвае ёй нейкае шчасце, у якім бязмежная радасць перамешваецца з непамерным непакоем. Шчокі яе запалалі, сэрца закалацілася, а вусны прыадчыніліся, як ад здзіўлення. Разбіраў яе страх, што яна слухае такія рэчы, але нізавошта ў свеце не хацела б яна праслухаць хоць адзінае слова. Часам апускала вочы, потым зноў узнімала на Вініцыя позірк, поўны святла, боязі і пытання, нібы прагнула яму сказаць: “Кажы далей!”. Шум, музыка, водар кветак і водар арабскіх курэнняў пачалі зноў пазбаўляць яе розуму. У Рыме было звычаем узлягаць за сталом, але ў доме Аўла Лігія займала месца між Пампоніяй і малым Аўлам, цяпер жа побач з ёй узлягаў Вініцый, малады, вялікі, закаханы, палаючы страсцю, яна ж адчуваючы гарачыню, якая ішла яд яго, адчувала і сорам, і асалоду. Авалодвала ёю якаясьці салодкая немач, нейкая млявасць і забыццё, быццам яна засынала.
Але яе блізкасць паўздзейнічала і на Вініцыя. Твар яго пабляднеў. Ноздры раздуваліся як у арабскага каня. Відаць і яго сэрца калацілася пад чырвонай тунікай з нязвыклай моцай, бо дыханне яго стала частым, а мова – перарывістай. Бо і ён першы раз быў так блізка каля яе. Думкі яго пачалі блытацца, у крыві адчуваў агонь, які марна намагаўся затушыць віном. Але не віно, а яе чароўны твар, яе аголеныя рукі, яе дзявочыя грудзі, што хваляваліся пад залатой тунікай і яе стан, схаваны ў белых складках пеплума, ап'янялі яго ўсё больш. Нарэшце ўзяў яе за руку вышэй запясця, як гэта раз рабіў ужо ў доме Аўлаў, і прыцягваючы яе да сябе, прашаптаў дрыжачымі вуснамі:
-        Я кахаю цябе, Каліна. . . боская мая!
-        Пусці мяне, Марк, - сказала Лігія.
Ен жа гаварыў далей і вочы яго затуманіліся
-        Боская мая! Кахай мяне. . .
Але ў гэты момант пачуўся голас Акты, якая ўзлягала з другога боку Лігііі:
-        Імператар глядзіць на вас.
Вініцыя ахапіў раптоўны гнеў і на імператара, і на Акту. Бо яе словы развеялі чар апаення. Маладому чалавеку нават прыязны голас падаўся б у такую хвіліну невыносным, цяпер жа ён лічыў, што Акта хоча наўмысна перашкодзіць яго размове з Лігіяй. Таму ўзняўшы галаву і паглядзеўшы на маладую вызваленку паверх плячэй Лігіі, прамовіў са злосцю:
-        Мінуў час, Акта, калі ты на баляваннях узлягала побач з імператарам, і кажуць, што табе пагражае слепата, дык як жа ты можаш яго бачыць?
А яна адказала з пэўным сумам у голасе:
-        Аднак я яго бачу. Ен таксама блізарукі і глядзіць на вас праз смарагд.
Усе, што рабіў Нярон, прабуджала чуйнасць нават у самых яго прыбліжаных, таму Вініцый занепакоіўся, астыў і пачаў употай паглядаць у бок імператара.
Лігія, якая на пачатку балявання бачыла яго ад збянтэжання нібы праз смугу, а потым, узрушаная прысутнасцю і размовай з Вініцыем, не глядзела на яго зусім, цяпер перавяла на яго цікаўны і спужаны позірк. Акта гаварыла праўду. Імператар, нахіліўшыся над сталом і прыкрыўшы адно вока, трымаў пальцамі перад другім вокам акруглы і адпаліраваны смарагд, якім заўсёды карыстаўся, і глядзеў на іх. На момант яго позірк сустрэўся з вачыма Лігіі, і сэрца дзяўчыны сціснулася ад страху. Калі яшчэ дзіцем бывала ў вясковай сіцылійскай сядзібе Аўлаў, то старая нявольніца егіпцянка расказвала ёй пра цмокаў, што жывуць у горных пячорах, і цяпер ёй здалося, што раптам зірнула на яе зеленаватае вока такога цмока. Схапіла Вініцыя за руку, як дзіця, якому страшна, а ў галаве замільгалі бязладныя і адрывістыя думкі. Дык гэта быў ён? Гэты страшны і ўсемагутны? Ніколі дасюль не бачыла яго, і думала, што выглядае інакш. Уяўляла сабе нейкае жудаснае аблічча са злосцю, застыглай у рысах, а тымчасам убачыла вялікую, пасаджаную на тоўстым карку галаву, сапраўды страшную, але і крыху смешную, бо здалёк падобную да дзіцячай галоўкі. Туніка аметыставага колеру, забароненага простым смяротным, кідала сіняваты водбліск на яго малы але шырокі твар. Валасы яго былі цёмныя, укладзеныя паводле моды, заведзенай Атонам, у чатыры рады локанаў. Бараду не насіў, і калі нядаўна прысвяціў яе Юпіцеру, за што ўвесь Рым яму дзякаваў, але шапталіся між сабой, што прысвяціў яе таму, што яна, як ва ўсіх з яго сям'і, была рудая. У яго надта выступаючым над бровамі ілбе было аднак штосьці алімпійскае. У зведзеных жа бровах было відаць усведамленне ўласнай ўсемагутнасці, але пад тым ілбом паўбога быў твар малпы, п'яніцы і камедыянта, пусты, поўны зменлівых жаданняў, тлусты, нягледзячы на малады ўзрост, хваравіты і плюгавы. Лігіі ён падаўся нядобрым, але перадусім – агідным.
Ен жа адклаў смарагд і перастаў пазіраць на яе. У гэты час убачыла яго выпуклыя, блакітныя вочы, прыкрытыя ад вялікай колькасці святла, шкляныя, без думак, падобныя да вачэй памерлых. Ен жа звярнуўся да Пятронія:
-        Гэта і есць тая заложніца, якую кахае Вініцый?
-        Так, гэта яна, - сказаў Пятроній.
-        Як завецца яе народ?
-        Лігійцы.
-        Вініцый лічыць яе прыгожай?
-        Прыбяры ў жаночы пеплум спарахнелы пень алівы, і Вініцый будзе лічыць яго прыгожым. Але па тваім твары, о непараўнальны знаўца, я чытаю ўжо ёй прысуд. Не трэба нічога гаварыць. Так! Надта худая! Хударлявая, сапраўдная макаўка на тонкай ножцы, а ты, боскі эстэт, цэніш у жанчыыне фігуру і тры, чатыры разы маеш рацыю! Адзін твар нічога не значыць. Я ўжо шмат узяў ад цябе, але такога пэўнага позірку яшчэ не маю. . .  І гатоў спрачацца з Туліем Сенецыенам на яго каханку, што за сталом, калі ўсе ўзлягаюць, цяжка гаварыць пра ўсю фігуру, але ты ўжо сабе сказаў: “Занадта вузкія бёдры.”
-        Занадта вузкія бёдры, - адказаў Нярон, прыкрываючы вочы.
На вуснах Пятронія з'явілася ледзь прыкметная ўсмешка, а Тулій Сенецыён, які быў заняты да гэтага часу размовай з Вестынам, а хутчэй ён кпіў над снамі, у якія верыў апошні, павярнуўся да Пятронія і хаця не меў паняцця, пра што гаворка, сказаў:
-        Памыляешся! Я заадно з імператарам.
-        Добра, - згадзіўся Пятроній. Я ўласна кажучы даказваў, што ў цябе ёсць крыху розуму, а вось імператар сцвярджае, што ты асёл без усялякай прымесі.
-        Habet! – сказаў Нярон, смеючыся, і апусціў уніз вялікі палец рукі, як гэта рабілася ў цырках у знак таго, што гладыятар пераможаны, і яго трэба дабіць. А Вестын палічыў, што гаворка пра сны і закрычаў:
-        А я веру ў сны, і Сенэка казаў мне калісьці, што таксама верыць
-        У мінулую ноч снілася мне, што стала вясталкай, - сказала перагнуўшыся праз стол Кальвія Крыспініла.
На гэта Нярон запляскаў у далоні, іншыя па яго прыкладу зрабілі тое ж, і хвіліну навокал раздаваліся апладысменты, бо Крыспініла, колькі разоў разведзеная, славілася на ўвесь Рым сваей нечуванай разбэшчанасцю. Але яна ніколькі не бянтэжачыся, працягвала:
-        Ну і што! Усе яны старыя і брыдкія. Адна Рубрыя падобна да чалавека, а так было б нас дзве, хоць летам Рубрыя і пакрываецца рабаціннем.
-        Дазволь аднак, прачыстая Кальвія, - сказаў Пятроній,- але вясталкай ты магла б стаць хіба толькі ў сне.
-        А калі б імператар загадаў?
-        Я паверыў бы, што спраўджваюцца нават самыя дзіўныя сны.
-        Бо сапаўды спраўджваюцца, - сказаў Вестын. Я разумею людзей, якія не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?
-        А варажбе? – спытаў Нярон. Наваражылі мне калісьці, што Рым перастане існаваць, а я буду панаваць над усім Усходам.
-        Варажба і сны звязаны паміж сабой, - прамовіў Вестын. – Аднаго разу праконсул, вельмі недаверлівы, паслаў да храма Мопсуса нявольніка з запячатаным лістом, які не дазволіў адкрываць, каб упэўніцца, ці зможа бог адказаць на пытанне, змешчанае ў лісце. Нявольнік праспаў ноч у храме, каб прысніўся яму прадвяшчальны сон, пасля чаго вярнуўся і сказаў так: “Сніўся мне юнак, светлы як сонца, які сказаў мне толькі адно слва: “Чорнага. ”. Праконсул, пачуўшы гэта, пабляднеў і звярнуўся да сваіх гасцей, такіх жа недаверлівых: “Ці ведаеце вы, што было ў лісце?”
Тут Вестын спыніўся і ўзняўшы чашу з віном, пачаў піць.
-        Што было ў лісце? – спытаў Сенецыен.
-        У лісце было пытанне: “Якога быка я павінен прынесці ў ахвяру: белага ці чорнага?”
Але ўражанне ад расповеду парушыў Вітэлій, які прыйшоўшы на баляванне ўжо падпітым, выбухнуў раптам беспрычынным, дурным смехам.
-        З чаго смяецца гэта бочка лою? – спытаў Нярон.
-        Смех адрознівае людзей ад жывёл, - сказаў Пятроній, - а ў яго няма іншага доказу, што ён не вяпрук.
Вітэлій жа спыніўся і цмокаючы блішчастымі ад соусаў і тлушчаў вуснамі, пачаў пазіраць на прысутных з такім здзіўленнем, быццам іх ніколі раней не бачыў. Потым падняў сваю падобную да падушкі далонь і сказаў ахрыпшым голасам:
-        Упаў у мяне з пальца вершніцкі пярсцёнак бацькі.
-        Які быў шаўцом, - дадаў Нярон.
Але Вітэлій выбухнуў зноў неспадзяваным смехам і пачаў шукаць пярсцёнак у складках пеплума Кальвіі Крыспінілы.
На гэта Ватыній пачаў крычаць голасам спужанай жанчыны, Нігідыя ж, сяброўка Кальвіі, маладая ўдава з дзіцячым тварам і разбэшчанымі вачыма сказала:
-        Шукае, чаго не згубіў.
-        І што яму ні для чаго не патрэбна, хоць бы і знайшоў, - дакончыў  паэт Лукан.
Баляванне станавілася ўсе больш вясёлым. Натоўпы нявольнікаў разносілі усё новыя стравы, з вялікіх ваз, нпоўненых снегам і абвітых плюшчом, даставалі штохвіліну меншыя кратэры з рознымі гатункамі він. Усе шмат пілі. Са столі ж на сталы і на гасцей падалі час ад часу ружы. Пятроній аднак пачаў прасіць Нярона, каб пакуль госці не спіліся, аздобіў баляванне сваім спевам. Хор галасоў падтрымаў яго словы, але Нярон пачаў аднеквацца. Гаворка не пра адну адвагу, хаця не хапае яму яе заўсёды. . . Адным багам вядома, колькі каштуюць яму вялікія выступленні. Не адмаўляецца, праўда , ад іх, бо трэба штосьці зрабіць для мастацтва, і дарэчы, калі Апалон надзяліў яго неблагім голасам, то божы дар не трэба марнаваць. Разумее нават, што гэта яго абавязак перад дзяржавай. Але сёння ён сапраўды ахрып. Ноччу паклаў сабе на грудзі алавянныя грузікі, але і гэта не дапамагло. Думае нават ехаць у Анцый, каб падыхаць марскім паветрам.
Але Лукан пачаў яго заклінаць у імя мастацтва і чалавецтва. Усім вядома, што боскі спявак і паэт склаў новы гімн ў гонар Венеры, побач з якім гімн Лукрэцыя – выццё гадавалага ваўчаняці. Няхай жа гэта баляванне будзе сапраўдным баляваннем. Такі добры валадар не павінен застаўляць так пакутваць сваіх падданых. “Не будзь жорсткім, імператар!”
-        Не будзь жорсткім! – паўтарылі ўсе, хто сядзеў бліжэй. Нярон развёў рукамі у знак таго, што павінен саступіць. У гэты момант твары ўсіх прынялі выраз удзячнасці, і вочы ўсіх звярнуліся да яго. Але ён загадаў перад гэтым яшчэ ўведаміць Папею, што будзе спяваць, прысутным жа засведчыў, што яна не прыйшла на баляванне, бо адчувала сябе нядобра, аднак жа ніводныя лекі не прыносілі ей такой палёгкі, як яго спеў, таму шкада яму было пазбаўляць яе гэтай магчымасці.
Неўзабаве з'явілася Папея. Валодала яна дасюль Няронам, як падданым, аднак ведала, што калі гаворка ішла пра яго самалюбства як спевака, вазніцы ці паэта, было б небяспечна яго зачапіць. Таму яна ўвайшла прыгожая, як багіня, прыбраная, як і Нярон, у адзенне аметыставага колеру з каралямі з вялікіх перлін, забраных некалі ў Масінісы, залатавалосая, пяшчотная і нягледзячы, што двойчы разведзеная, з тварам і позіркам цнатлівай дзяўчыны.
Яе віталі вокрыкамі, называючы “боскай Аўгустай”. Лігія ніколі ў жыцці не бачыла нічога прыгажэйшага, і ёй не хацелася верыць сваім вачам, бо ведала, што Папея Сабіна - адна з нягоднейшых у свеце жанчын. Яна ведала ад Пампоніі, што Папея давяла імператара да забойства маці і жонкі, ведала яе з расповедаў Аўлавых гасцей і слуг, чула, што яе статуі перакульвалі па начах, у горадзе чула пра надпісы, за якія вінаватым прысуджалі найцяжэйшыя пакаранні, але гэтыя надпісы з'яўляліся шторанне на сценах горада. У той момант, калі Лігія зірнула на гэту страшэнную Папею, якую прыхільнікі Хрыста лічылі ўвасабленнем зла і разбэшчанасці, ёй здалося, што так маглі б выглядаць анёлы ці нейкія нябесныя духі. Папросту не магла адвесці ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі сарвалася пытанне:
-        Ах, Марк, ці гэта можа быць?
Ен жа, разгарачаны віном і раздражнёны тым, што столькі рэчаў рассейвала яе ўвагу і адрывала яе ад яго і яго слоў, сказаў:
-        Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Ты проста сябе не ведаеш, інакш закахалася б у сябе, як Нарцыс. Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе напэўна Венера выкупала ва ўласным. Ты не ведаеш сябе, ocelle mi! Не глядзі ж на яе. Звярні свой позірк на мяне, ocelle mi! Дакраніся вуснамі да гэтай чашы віна, а потым я дакрануся да гэтага ж месца сваімі.
І ён набліжаўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Акты. Але ў гэты момант загадалі сціхнуць, бо імператар узняўся. Спявак Дыядор падаў яму лютню з тых, што звалася “дэльта”, другі спявак Тэрпнас падыйшоў са сваім інструментам набліем, Нярон жа, абапіраючы дэльту аб стол, узняў вочы ўгару і хвіліну ў трыклініі панавала ціша, якую парушаў толькі шоргат, з якім падалі пастаянна са столі ружы.
Нарэшце ён заспяваў, а лепш кажучы, пачаў гаварыць нараспеў і рытмічна пад акампанемент дзвюх лютняў свой гімн у гонар Венеры. Ні крыху прыглушаны голас, ні вершы не былі дрэннымі, таму бедную Лігію зноў ахапілі сумненні, бо гімн, што ўслаўляў нячыстую паганскую Венеру, здаўся ёй аж надта прыгожым, ды і сам імператар са сваім лаўравым вянцом на галаве і ўзведзенымі ўверх вачыма, больш вялікасным, нашмат менш страшным і менш агідным, чым на пачатку балявання. Тут застолле азвалася громам апладысментаў. Крыкі: “О нябесны голас!” пачуліся навокал; некаторыя з жанчын, узняўшы рукі ўверх, так і заставаліся ў знак захаплення нават пасля сканчэння спеваў; іншыя выціралі слезы з вачэй; ва ўсей зале загуло, як у вуллі. Папея, нахіліўшы сваю залатавалосую галоўку, паднесла да вуснаў руку Нярона і трымала яе так доўга моўчкі, малады ж Піфагор, грэк дзіўнай прыгажосці, той самы, з якім пазней напалову ўжо пазбаўлены розуму Нярон загадаў фламінам павянчаць сябе з захаваннем усіх абрадаў, укленчыў цяпер перад імператарам.
Але Нярон пільна глядзеў на Пятронія, пахвала якога для яго была самая жаданая, той жа сказаў:
-        Калі гаворка пра музыку, то Арфей павінен быць такі ж жоўты ад зайздрасці, як тут прысутны Лукан, а што тычыцца вершаў, яны не горшыя, бо я не знаходжу належныя словы, каб іх ухваліць.
Але Лукан не пакрыўдзіўся за напамін пра яго зайздрасць, увогуле ж глядзеў на Пятронія з удзячнасцю і, прытвараючыся засмучаным, пачаў бубнець:
-        Пракляты Фатум, які наканаваў мне жыць разам з такім паэтам. Так бы чалавек меў меца ў памяці людзей і на Парнасе, а так згасну, як свяцільнік пад сонцам.
Пятроній аднак, які меў выключную памяць, пачаў паўтараць кавалкі з гімну, цытаваць асобныя радкі, усхваляць і разбіраць лепшыя выразы. Лукан, нібы забыўшыся пра зайздрасць пад дзеяннем чар паэзіі, далучыў да яго слоў свае захапленні. На твары Нярона адбіліся раскоша і бязмежнае славалюбства, што межавала не толькі з дурноццем, але і было амаль роўнае з ім. Сам імператар падказваў ім радкі, якія лічыў найбольш удалымі, і нарэшце стаў суцяшаць Лукана, гаворачы яму, каб той не губляў дух, бо хто кім нараджаецца, той тым і ёсць, аднак пашана, якую людзі аддаюць Юпіцеру, не выключае пашаны да іншых багоў.
Пасля гэтага ён узняўся, каб адправіць Папею, якой сапраўды было дрэнна, і яна хацела пайсці. Усім жа ўдзельнікам застолля, якія заставаліся, ен загадаў заняць зноў свае месцы і паабяцаў, што вернецца. Хутка ен вярнуўся, каб удыхаючы дым ад курэнняў і глядзець на далейшыя відовішчы, якія ён сам, Пятроній ці Тыгелін падрыхтавалі да балявання.
Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогі, у якіх дзівацтва было больш, чым досціпу. Потым славуты мім Парыс прадстаўляў прыгоды Іо, дачкі Інаха. Гасцям, асабліва Лігіі, непрызвычаенай да падобных відовішчаў, здалося, што бачаць цуды і чары. Парыс рухамі рук і цела мог выказаць рэчы, якія немагчыма было выказаць у танцы. Рукі яго зварухнулі паветра, стварыўшы светлае, жывое, трапяткое воблака салодкага жадання, якое абкружыла напаўнепрытомную дзявочую фігуру, што сатрасалася ў асалодзе. Гэта была карціна, не танец, яркая карціна, якая адкрывала таямніцы кахання, чароўныя і бессаромныя, а калі ўсё скончылася, увайшлі карыбанты і пачалі з сірыйскімі дзяўчатамі пад гук кіфар, флейт, цымбал і бубнаў вакхічны танец, поўны дзікіх крыкаў і дзікіх распусных рухаў цела. Лігіі здалося, што яе спаліць жывы агонь ці пярун павінен ўдарыць у гэты дом, ці столь абрушыцца на галовы ўдзельнікаў застолля. Але з залатога неваду, падвешанага пад столлю, спадалі толькі ружы, а ў гэты час напаўп'яны ўжо Вініцый гаварыў ёй:
-        Я бачыў цябе ў доме Аўлаў каля фантана і пакахаў цябе. Было світанне, і ты думала, што ніхто цябе не бачыць, а я бачыў. . . І бачу цябе такой да гэтай пары, хоць гэты пеплум хавае цябе ад мяне. Скінь пеплум, як Крыспініла. Бачыш! Богі і людзі шукаюць кахання. Няма нічога ў свеце апрача яго! Пакладзі галаву мне на грудзі і закрый вочы
А яе кроў моцна пульсавала ў скронях і руках. Было ў яе ўражанне, што яна ляціць у нейкую бездань, а гэты Вініцый, які раней здаваўся ёй такім блізкім і надзейным, замест таго, каб ратаваць, цягне яе да гэтай бездані. І адчула да яго непрыязнасць. Пачала зноў баяцца і гэтага балявання, і Вініцыя, і сябе самой. Нейкі голас, падобны да голасу Пампоніі, клікаў ў яе душы: “Лігія, ратуйся!”. Але штосьці падказвала ёй, што ўжо надта позна, што той, каго абпальвала такім агнем, хто бачыў, што чынілася на гэтым баляванні, каго калаціла так, як яе, калі ён набліжаўся, той ужо лічы загінуў без ратунку.Ей рабілася дрэнна. Часам ёй здавалася, што вось-вось самлее, а потым адбудзецца штосьці страшнае. Яна ведала, што пад пагрозай гневу імператара нікому нельга ўставаць, пакуль не ўстане ён сам, але хоць бы так і было, у яе не было ўжо на гэта моцы. Тымчасам да канца балявння было яшчэ далёка. Нявольнікі прыносілі яшчэ новыя стравы і напаўнялі чашы віном, а перад сталамі з' явіліся два атлеты, каб прадэманстраваць гасцям відовішча барацьбы.
І вось яны пачалі змагацца. Моцныя, бліскучыя ад алею іх целы спляталіся ў адзіны вузел, косці трашчалі ў жалезных абдымках, сціснутыя сківіцы скрыгаталі. Часам чуліся хуткія, глухія ўдары іх ступней аб папырсканую шафранам падлогу, часам абодва заміралі, заціхалі, і гледачам здавалася, што бачаць перад сабой скульптурную групу з каменя. Вочы рымлян з задавальненнем наглядалі за гульней страшэнна напружаных мускулаў спіны, бёдраў, рук. Але барацьба не цягнулася доўга, бо Кратон, майстар і начальнік школы гладыятараў няпроста лічыўся мацнейшым чалавекам у дзяржаве. Яго супраціўнік пачаў дыхаць часцей, потым захрыпеў, потым твар яго пасінеў, нарэшце з вуснаў пайшла кроў, і ён абмяк.
Громам апладысментаў быў сустрэты канец барацьбы, Кратон жа паставіў нагу на спіну пераможанага, скрыжаваў магутныя рукі на грудзях і паглядаў на залу вачыма трыумфатара.
Потым увайшлі пацешнікі, што пераймалі жывёл і іх галасы, жанглёры і блазны, але на іх мала глядзелі, бо віно замуціла позіркі гледачоў. Баляванне паступова пераходзіла ў п'яную і распусную оргію. Сірыйскія дзяўчаты, якія раней танцавалі вакхічны танец, змяшаліся з гасцямі. Музыка змянілася ў бязладнае і дзікае гучанне кіфар, лютняў, армянскіх цымбал, егіпецкіх сістр, труб і рагоў, у той жа час некаторыя з гасцей хацелі размаўляць, таму пачалі крычаць музыкантам, каб тыя пайшлі прэч. Паветра, перанасычанае водарам кветак, поўнае пахаў алеяў, якімі прыгожыя хлопчыкі увесь час пырскалі сталы, перанасычанае пахам шафрана і людскімі выдыхамі стала душным, лямпы гарэлі тусклым полымем, пакрывіліся вянцы на галовах, твары пабляднелі і пакрыліся кроплямі поту
Вітэлій зваліўся пад стол. Нігідыя, распрануўшыся да пояса, паклала сваю п'яную, дзіцячую галоўку на грудзі Лукана, а той, таксама п'яны, пачаў здзьмухваць залатую пудру з яе валасоў, узнімаючы вочы ўгару з бязмежнай асалодай. Вестын з п'янай упартасцю паўтараў  дзесяты раз адказ Мопса на запячатаны ліст праконсула. Тулій жа, які кпіў з багоў, гаварыў голасам, што перарываўся ад ікаўкі:
-        Бо калі Сферас Ксенафана круглы, то ўяўляеш, такога бога можна каціць нагой перад сабой , як бочку.
Але Даміцый Афр, стары злодзей і даносчык, абурыўся ад такой гаворкі і ад абурэння паліваў сваю туніку фалернскім. Ен заўседы верыў у багоў. Людзі кажуць, што Рым згіне, і ёсць нават такія, што сцвярджаюць, што ён ужо гіне. І напэўна гэта так!. . . Але калі гэта настане, то ад таго, што ў моладзі няма веры, а без яе не можа быць дабрачыннасці. Забытыя таксама даўнія суровыя звычаі, і нікому не прыходзіць да галавы, што эпікурэйцы не змогуць супрацьстаяць варварам. А дарма! Што датычыць яго, дык шкадуе, што дажыў да гэтых часоў і што ва ўцехах павінен шукаць лекі ад засмучэнняў, якія інакш яго хутка даканалі б. Сказаўшы гэтак, прыгарнуў да сябе сірыйскую танцоўшчыцу і бяззубым ротам пачаў цалаваць яе шыю і спіну, а бачачы гэта, консул Мемій Рэгул рассмяяўся і, узняўшы сваю прыбраную вянком лысую галаву, заўважыў:
-        Хто кажа, што Рым гіне? Глупства! Я, консул, ведаю найлепш, Videant consules! Трыццаць легіёнаў сцерагуць наш pax romana!. . . Тут ен сціснуў кулакамі скроні і пачаў крычаць на ўвесь пакой:
-        Трыццаць легіёнаў! Трыццаць легіёнаў! Ад Брытаніі да межаў краіны парфян. Але раптам задумаўся і, дакрануўшыся пальцам да ілба, сказаў:
-        Бадай жа нават трыццаць два. . .
І зваліўся пад стол, дзе праз хвіліну пачаў ванітаваць языкамі фламінга, печанымі рыжыкамі, замарожанымі грыбамі, саранчой пад мёдам, рыбай, мясам – усім, што з'еў ці выпіў.
Аднак Даміцыя не супакоіла колькасць легіёнаў, што сцерагуць рымскі спакой:Не, не! Рым павінен загінуць, як загінула вера ў багоў і суровыя звычаі. Рым павінен загінуць, а шкада, бо жыцце аднак такое добрае, імператар ласкавы, а віно смачнае! Ах, як шкада! І схаваўшы галаву дзесьці ў лапатках сірыйскай вакханкі, расплакаўся:
-        Што мне тое будучае жыцце! Ахілес меў рацыю, што лепш быць парабкам на гэтым свеце пад сонцам, чым быць царом у кімерыйскіх краінах. Ды і гэта яшчэ пытанне, ці існуюць якія-небудзь богі, хаця бязвер'е губіць моладзь.
Лукан у гэты час раздзьмухаў усю залатую пудру з валасоў Нігідыі, якая, напіўшыся, заснула. Потым ён зняў некалькі сцяблін плюшчу з вазы, што стаяла перад ім, і абвіў імі Нігідыю, а пасля гэтага пачаў пазіраць на прысутных радасным і запытальным позіркам. Пасля чаго прыбраўся і сам у плюшч, паўтараючы тонам глыбокага пераканання:
-        Увогуле я не чалавек, я фаўн.
Пятроній не быў п'яны, затое Нярон, які спачатку аберагаючы свой нябесны голас піў мала, пад канец перакульваў чашу за чашай і напіўся. Хацеў нават далей спяваць свае вершы, цяпер ужо грэчаскія, але забыўся словы і памылкова заспяваў песеньку Анакрэонта. Яго падтрымалі Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але паколькі ва ўсіх не атрымлівалася, то супакоіліся. Нярон пачаў усхваляць як знаўца і эстэт прыгажосць Піфагора і ад захаплення цалаваць яго рукі. Такія прыгожыя рукі ён бачыў толькі некалі. . . але ў каго? І прыклаўшы далонь да мокрага ілба, пачаў успамінаць. Праз момант на твары яго адбіўся страх:
-        Ага! У маці! У Агрыпіны!
І раптам апанавалі яго змрочныя прывідныя карціны.
-        Кажуць, - прамовіў ен, - што па начах яна ходзіць пад месяцам па моры, каля Баямі і Баўлаў. Нічога, толькі ходзіць, нібы чагосьці шукае. А калі набліжаецца да чоўна, то паглядзіць і адыйдзе, але рыбак, на якога яна зірнула, памірае.
-        Неблагая тэма, - сказаў Пятроній.
Вестын жа выцягнуў шыю, як жораў, і таямніча шаптаў:
-        Я не веру ў багоў, але веру ў духаў. . . вой!
Але Нярон не зважаў на іх словы і працягваў:
-        Але ж я справіў Лемурыі. Я не хачу яе бачыць! Гэта ўжо пяты год. Я павінен, павінен быў яе пакараць, бо падаслала да мяне забойцу, і калі б я яе не апярэдзіў, то не чулі б сёння мой спеў.
-        Дзякуй, імператар ад імя горада і свету! – закрычаў Даміцый Афр. – Віна! І няхай удараць у тымпаны!
Зноў пачаўся шум. Лукан увесь у плюшчы, намагаючыся яго перакрычаць, узняўся і ўсклікнуў:
-        Я не чалавек, я фаўн і жыву ў лесе! Э. . ха. . аа!
Нарэшце спіўся імператар, паспіваліся мужчыны і жанчыны. Вініцый быў п'яны не менш, за іншых, а ў дадатак побач з жаданнем абуджалася ў ім прага да бойкі, што бывала з ім заўсёды, калі перабіраў меру. Яго смуглы твар стаў яшчэ больш бледным і язык заблытваўся ўжо, калі гаварыў хвалюючымся і загадным голасам:
-        Дай мне вусны! Сёння, заўтра, усё адно! Досыць гэтага! Імператар забраў цябе ад Аўлаў, каб падарыць мне, разумееш? Заўтра на змярканні я прышлю па цябе, разумееш? Імператар мне цябе абяцаў перад тым, як забраць. Ты павінна быць маёй! Дай мне вусны! Не хачу чакаць да заўтра. . . хутчэй жа дай вусны!
І ён абняў яе, але Акта пачала бараніць дзяўчыну, ды і яна сама баранілася з рэштай сіл, бо адчувала, што гіне. Марна аднак намагалася абедзвюма рукамі адарваць ад сябе яго рукі, марна голасам, які дрыжаў ад крыўды і страху, упрошвала яго не быць такім жорсткім, зжаліцца над ёй. Хмельное яго дыханне ўсё больш набліжалася, твар ужо быў побач з яе тварам. Але то быў не былы, добры, дарагі яе сэрцу Вініцый, а п'яны, злобны сатыр, што ўсяляў страх і агіду.
Сілы аднак пакідалі яе ўсё хутчэй. Дарэмна адхілялася і адварочвала твар, каб пазбегнуць яго пацалункаў. Ен узняўся, схапіў яе абедзвюма рукамі і прыціскаючы яе галаву да сваіх грудзей, цяжка дыхаючы, пачаў кранаць вуснамі яе пабляднеўшыя вусны.
Але ў гэту хвіліну нейкая страшэнная сіла адарвала яго рукі ад шыі дзяўчыны з такой лёгкасцю, як рукі дзіцяці, а яго самога адсунула ў бок, як сухую галінку ці завялы ліст. Што здарылася? Вініцый, уражаны, працёр вочы і раптам над сабой убачыў вялізную фігуру лігійца, якога звалі Урс і якога ён сустракаў у доме Аўлаў. Лігіец стаяў спакойны і толькі пазіраў на Вініцыя блакітнымі вачыма так дзіўна, што ў юнака застывала ў жылах кроў. Пасля Урс узяў на рукі сваю царэўну і роўным мяккім крокам выйшаў з трыклінія. Акта выйшла за ім.
Вініцый нейкае імгненне сядзеў, як скамянелы, потым усхапіўся і пабег да выйсця з крыкам:
-        Лігія, Лігія!
Аднак пажадлівасць, уражанасць, лютасць і віно звалілі яго з ног. Ен пахіліўся раз, другі і, ухапіўшыся за голыя плечы адной з вакханак, запытаў, лыпаючы вачыма:
-        Што здарылася?
А яна падала яму кубак з віном з усмешкай у затуманеных вачах.
-        Пі! – сказала вакханка.
Вініцый выпіў і зваліўся беспрытомны.
Большасць гасцей ужо ляжалі пад сталом, другія хадзілі няцвёрдым крокам па трыклінію, іншыя спалі на ложах, храпучы ці ікаючы ў сне ад лішка віна, а на п'яных консулаў і сенатараў, на ап'янелых вершнікаў, паэтаў, філосафаў, на п'яных танцоўшчыц і патрыцыянак, на ўвесь гэты свет, яшчэ ўсемагутны, але ўжо бяздушны, увенчаны кветкамі і які аддаваўся распусце, але ўжо губляў моц, з залатога неваду пад столлю сыпаліся і сыпаліся ружы.
Пачынала світаць.


Раздзел 6 Quo vadis? Г.Сенкевіч

РАЗДЗЕЛ VI

Пятроній быў дома. Брамнік не пасмеў затрымаць Вініцый, які ўварваўся у атрый, як бура, і даведаўшыся, што гаспадара трэба шукаць у бібліятэцы, ен так жа імкліва ўварваўся ў бібліятэку. Пятроній штосьці пісаў, і Вініцый выхапіў стыль з яго рукі, зламаў яго, кінуў на падлогу, потым схапіў Пятронія за плечы і, наблізіўшы твар да яго твару, спытаў хрыплым голасам:
-        Што ты з ёй зрабіў? Дзе яна?
Але тут адбылося нешта неверагоднае. Гэты вытанчаны і распешчаны Пятроній схапіў далонь маладога атлета, потым схапіў і другую і, трымаючы іх абедзве ў сваёй адной з моцай жалезных абцугоў, сказаў : - Я толькі зранку недалуга, а вечарам да мяне вяртаецца былая моц. Паспрабуй-ка вырвацца. Напэўна, гімнастыцы вучыў цябе ткач, а манерам – каваль.
На твары яго не бачна было нават і ценю гневу, толькі ў вачах прамільгнулі іскрынкі былой адвагі і энергіі. Пасля адпусціў рукі Вініцыя, які стаяў перад ім прыніжаны, збянтэжаны і раз'юшаны.
-        У цябе сталёвая рука, - сказаў ён, - але клянуся ўсімі пякельнымі багамі, што калі ты мне здрадзіў, я ўсаджу нож табе ў горла, хоць бы і ў пакоях імператара.
-        Пагаворым спакойна, - адказаў Пятроній.  – Сталь мацнейшая, як бачыш, чым жалеза, хаця з тваёй адной рукі можна было б зрабіць дзве маіх, але я цябе не баюся. Затое засмучае мяне твая грубасць, а калі б людская няўдзячнасць магла мяне яшчэ здзіўляць, то здзівіўся б з тваёй няўдзячнасці.
-        Дзе Лігія?
-        У лупанарыі, гэта значыць, у доме імператара.
-        Пятроній!
-        Супакойся і сядзь! Я прасіў імператара пра дзве рэчы, якія ен мне абяцаў выканаць: спачатку здабыць Лігію з дома Аўла, а потым аддаць яе табе. Часам няма  ў цябе нажа дзе-небудзь у складках тогі? Можа праткнеш мяне? Але я табе раю пачакаць з гэтым пару дзён, інакш цябе арыштуюць, а тым часам Лігія будзе сумаваць у тваім доме.
Наступіла маўчанне. Вініцый пазіраў нейкі час здзіўленымі вачыма на Пятронія, пасля чаго сказаў:
-        Выбачай мяне.  Я кахаю яе, і каханне памуціла мне розум.
-        Захапляйся мной, Марк. Тры дні таму я сказаў імператару наступнае: “Мой пляменнік Вініцый закахаўся ў нейкую хударлявую дзяўчыну, якая выхоўваецца ў Аўла, і што яго дом ад гарачых уздыхаў стаў падобны да паравой лазні. Ні ты, імператар, сказаў я, ні я, знаўцы сапраўднай прыгажосці, не далі б за яе і тысячу сястэрцыяў, але гэты хлопец заўседы быў дурны, як трыножнік, а цяпер здурнеў канчаткова.”
-        Пятроній!
-        Калі ты не разумееш, што я сказаў гэта з мэтай аберагчы Лігію ад небяспекі, я гатоў паверыць, што сказаў яму праўду. Я ўсяліў Меднабародаму думку, што такі эстэт, як ён, не можа лічыць такую дзяўчыну прыгожай, і Нярон, які дасюль не смее глядзець інакш, чым праз мае вочы, не знойдзе ў ёй прыгажосці, а не знайшоўшы, не захоча яе мець. Трэба было засцерагчыся ад малпы і ўзяць яе на павадок. Цяпер Лігію будзе ацэньваць не ён, а Папея, а тая ўжо пастараецца як найхутчэй адаслаць яе з палацу. Я ж, нібы з неахвотай, гаварыў далей Меднабародаму: “Вазьмі і аддай Лігію Вініцыю! У цябе ёсць права зрабіць гэта, бо яна заложніца, а калі так зробіш, дапячэш Аўлу. ” І ён згадзіўся. У яго не было ніводнай прычыны не пагадзіцца, тым больш што даў яму магчымасць дапячы добрым людзям. Цябе прызначаць дзяржаўным стражам заложніцы, аддадуць табе ў рукі гэты лігійскі скарб, ты ж як саюзнік доблесных лігійцаў і як верны слуга імператара, не толькі нічога са скарбу не страціш, а пастараешся яго памножыць. Імператар для прыліку патрымае яе некалькі дзён у палацы, а потым адашле да твайго дому, ты шчаслівец!
-        Гэта праўда? Ей там нічога не пагражае ў доме імператара?
-        Калі б яна там збіралася жыць, то Папея пагаварыла б аб тым з Лукустай, але ў гэтыя некалькі дзён ей нічога не пагражае. У палацы імператара дзесяць тысяч людзей. Можа быць, што Нярон увогуле яе не ўбачыць, тым больш што ён даверыў усё мне да такой ступені, што хвіліну назад цэнтурыён быў у мяне з навінай, што праводзіў дзяўчыну да палацу і перадаў яе ў рукі Акты. Гэта добрая душа  - Акта, таму я загадаў ёй даручыць Лігію. Пампонія Грэцына відавочна таксама так мяркуе, бо пісала да яе. Заўтра у Нярона баляванне. Я выпрасіў для цябе месца побач з Лігіяй.
-        Выбачай мяне, Гай, маю гарачнасць, - сказаў Вініцый. Я думаў, што ты загадаў яе прывесці для сябе ці для імператара.
-        Я магу дараваць табе гарачнасць, але цяжэй мне дараваць табе грубыя жэсты, бесцырымонныя крыкі, і голас, які нагадвае галасы гульцоў у мору. Я не люблю гэтага, Марк, і ты гэтак больш не рабі. Ведай, што зводня імператара – Тыгелін, і ведай таксама, што калі б я хацеў узяць дзяўчыну для сябе, то цяпер бы гледзячы табе проста ў вочы сказаў бы наступнае: “Вініцый, я забіраю ў цябе Лігію і буду яе трымаць датуль, пакуль мне не надакучыць.”
Так кажучы, глядзеў у вочы Вініцыя сваімі арэхавага колеру вачыма з выразам халодным і пыхлівым, вынікам чаго была поўная збянтэжанасць Вініцыя.
-        Я вінаваты, сказаў ен.  – Ты добры, высакародны, і я ўдзячны табе ад усёй душы. Дазволь толькі задаць табе адно пытанне. Чаму ты загадаў адаслаць Лігію проста ў мой дом?
-        Бо імператар хоча захаваць прылік. Будуць гаварыць аб тым людзі ў Рыме, што, маўляў, забіраем Лігію, як заложніцу, а так пагавораць аб гэтым, пакуль яна будзе ў палацы імператара. Потым адашлем яе табе ўпотай і канец. Меднабароды – баязлівы сабака. Ведае, што ўлада яго бязмежная, аднак намагаецца прыстойна абставіць кожны свой крок. Ты ўжо астыў, каб крыху пафіласаваць? Мне самому не раз прыходзіла на думку, чаму зладзейства, хоць бы і з боку такіх вялікіх людзей, як імператар і да яго падобных, абстаўляецца заўсёды  прылікам, справядлівасцю і дабрачыннасцю. . . Навошта ім гэта ? Я лічу, што забіць брата, маці і жонку  - рэч, годная якога-небудзь азіяцкага царка, але не рымскага імператара; але калі б такое адбылося са мной, то не пісаў бы да сенату апраўдальных лістоў. Нярон жа піша. Ен дбае пра прылік, бо ен баязлівец. Тыберый жа не быў такім баязліўцам, а аднак апраўдваў кожны свой крок. Чаму так? Што за дзіўная мімавольная даніна, якую аддае зло дабрачыннасці? І ведаеш, што мне здаецца? Што робіцца гэта таму, што ўчынкі гэтыя пачварныя, а дабрачыннасць прыгожая. Ergo, сапраўдны эстэт і ёсць той самы дабрачынны чалавек. Трэба мне сёння выліць крыху віна ценям Пратагора, Прадзіка і Горгія. Аказваецца, што і сафісты могуць да чаго-небудзь быць прыдатнымі. Слухай, што я табе скажу далей. Забраў Лігію ў Аўлаў, каб аддаць табе. Добра. Лісіп стварыў бы з вас цудоўную скульптурную групу. Вы абое прыгожыя, але і мой учынак прыгожы, а будучы такім, не можа быць дрэнным. Глядзі, Марк, вось перад табой сядзіць дабрачыннасць у выглядзе Пятронія! Клі б Арыстыдэс жыў, то ён павінен быў бы прыйсці да мяне і ахвяраваць мне сто мін за кароткі выклад аб дабрачыннасці.
Але Вініцый, якога рэчаіснасць больш хвалявала, чым выклады пра дабрачыннасць сказаў:
-        Заўтра я ўбачу Лігію, а потым яна будзе кожны дзень у маім доме, заўсёды і да смерці.
-        У цябе будзе Лігія, а ў мяне Аўл – цяпер мой злейшы вораг. Ен выкліча на мяне помсту ўсіх падземных багоў. І хоць бы гэты дурань узяў перад гэтым урок сапраўднай дэкламацыі. . . Дык жа не, ён будзе праклінаць мяне так, як некалі мой брамнік слаў праклёны маім кліентам, за што я яго адправіў у вёску да эргастула.
-        Аўл быў у мяне. Я абяцаў прыслаць яму навіну аб Лігіі.
-        Напішы яму, што воля боскага імператара –найвышэйшы закон і што першы твой сын будзе мець імя Аўл. Трэба хоць як суцешыць старога. Я гатоў прасіць Меднабародага, каб пазваў яго заўтра на баляванне. Няхай бы ўбачыў цябе ў трыклініі побач з Лігіяй.
-        Не рабі гэтага, - сказаў Вініцый, - мне іх аднак шкада. І сеў, каб напісаць той ліст, які ў старога воіна адабраў рэшткі надзеі.


четверг, 29 января 2015 г.

Раздзел 3, 4, 5 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Раздзел ІІІ

Яна верыць у бога, які есць адзіны, усемагутны і справядлівы, - паўтарыў Пятроній у хвіліну, калі зноў апынуўся ў паланкіне сам-насам з Вініцыем. Калі яе Бог усемагутны, тады значыць, што ен валодае жыццем і смерцю, а калі ен справядлівы, тады справядліва пасылае смерць. Чаму ж Пампонія носіць жалобу па Юліі? Сумуючы па Юліі, пярэчыць свайму богу. Я мушу гэта разважанне паўтарыць нашай меднабародай малпе, бо лічу, што ў справе дыялектыкі я роўны з Сакратам. Што ж датычыць жанчын, дык згаджаюся, што кожная з іх мае тры ці чатыры душы, але ніводная не мае душы разумнай. Няхай бы Пампонія разважала сабе з Сенэкам ці з Карнутам над тым, што такое есць іх вялікі логас. Няхай бы разам яны выклікалі цені Ксенафана, Пармяніда, Зянона ці Платона, якія сумуюць там, у кімерыйскіх краінах, як чыжы ў клетцы. Я хацеў бы пагаварыць з ей і з Плаўціем зусім пра іншае. Клянуся святым лонам егіпецкай Ісіды! Калі б я ім так папросту сказаў, чаго мы прыйшлі, дапускаю, што дабрачыннасць іх зазвінела б, як медны дыск, у які хтосьці ўдарыў кіем. І я не пасмеў! Ці дасі веры, Вініцый, што я не пасмеў. Павы- прыгожыя птушкі, але крычаць вельмі пранізліва. Я спужаўся крыку. Аднак я мушу ўхваліць твой выбар. Сапраўдная ружоваперстая Аўрора. І ведаеш, што яна мне нагадала? Вясну! І то не нашу, у Італіі, дзе ледзь-ледзь там ці сям яблыня ўкрыецца квеценню, а аліўкавыя гаі такія ж шэрыя, як былі зімою, а тую вясну, якую я калісьці бачыў у Гельвецыі, маладую, свежую, ярказяленую. Клянуся бледнай Селенай, - я не дзіўлюся  з цябе, Марк, - ведай аднак, што кахаеш Дыяну і што Аўл і Пампонія гатовы цябе разарваць, як некалі сабакі разарвалі Актэона. Вініцый, не ўзнімаючы галавы, хвіліну маўчаў, пасля чаго загаварыў перарывістым ад хвалявання голасам:
-        Я прагнуў яе раней, а цяпер прагну яшчэ больш. Калі я ўзяў яе за руку, мяне апанаваў агонь. . Я мушу яе мець. Калі б я быў Зеўсам, абкружыў бы яе воблакам, як некалі ен абкружыў Іа, ці апаў бы на яе дажджом, як ен апаў на Данаю. Хацеў бы цалаваць яе вусны аж да болю. Хацеў бы чуць яе крык у маіх абдымках. Я хацеў бы забіць Аўла і Пампонію, а яе ўкрасці і занесці на руках да свайго дому. Я сення не буду спаць. Загадаю катаваць якого-небудзь нявольніка і буду слухаць яго енкі.
-        Супакойся, - сказаў Пятроній. – Уцябе жаданні як у цесляра з Субуры.
-        Мне усе адно. Я мушу яе мець. Я звярнуўся да цябе за парадай, але калі ты не знойдзеш выйсце, ясам яго знайду. Аўл лічыць Лігію дачкой, чаму ж я павінен глядзець на яе, як на нявольніцу? Калі няма ў яе іншай дарогі, няхай жа абаўе кудзеляй дзверы майго дому, намажа іх воўчым тлушчам і сядзе як жонка ля майго хатняга вогнішча.
-        Супакойся, шалены патомак консулаў! Не дзеля таго мы водзім варвараў на вяроўках за нашымі калясніцамі, каб мець за жонак іх дачок. Сцеражыся ўсяго канчатковага. Знайдзі простыя, годныя спосабы і пакінь сабе і мне час для роздуму. Мне таксама Хрысатэміда здавалася дачкой Юпіцера, але я аднак не ўзяў яе за жонку, як і Нярон не ўзяў шлюб з Актай, хоць і была яна дачкой цара Атала. Супакойся. Падумай, што калі яна захоча пакінуць дом Аўлаў дзеля цябе, яны не маюць права яе ўтрымліваць, ведай жа і пра тое, што не толькі ты адзін палаеш, але і ей Эрас развеў полымя. Я гэта бачыў, і мне трэба верыць. Май жа ты цярпенне! З усяго есць выйсце, але сення я і так шмат ужо думаў, а гэта мне шкодзіць. Я табе абяцаю, што заўтра падумаю яшчэ пра твае каханне, і хіба я буду не я, калі якое-небудзь выйсце не адшукаю. Зноў змоўклі абодва, нарэшце праз нейкі час Вініцый сказаў ужо спакайней:
-        Дзякуй табе, і няхай Фартуна будзе да цябе шчодрай.
-        Будзь цярплівым.
-        Куды ты загадаў сябе аднесці?
-        Да Хрысатэміды.
-        Шчаслівы ты, што валодаеш той, якую кахаеш.
-        Я? Ведаеш, што мяне яшчэ бавіць у Хрысатэмідзе?Тое, што яна мне здраджвае з маім уласным вызваленцам, лютністам Тэоклам, і думае, што я гэтага не бачу. Калісьці я кахаў яе, а цяпер забаўляюць мяне яе мана і яе дурнота. Пайшлі са мной да яе. Калі яна пачне цябе баламуціць і крэсліць табе на стале літары пальцам, намочаным у віне, ведай, што я не раўнівы.
І яны загадалі несці іх абодвух да Хрысатэміды. Але ў прыхожай Пятроній паклаў руку на плячо Вініцыя і сказаў:
-        Пачакай, мне здаецца, што я прыдумаў выйсце.
-        Няхай усе богі цябе ўзнагародзяць.
-        Так, так, канешне! Мяркую, спосаб будзе верны, чуеш, Марк?
-        Слухаю цябе, мая Афіна. . .
-        Праз колькі дзен боская Лігія будзе спажываць у тваім доме зерне Дземетры.
-        Ты больш вялікі, чым імператар, - усклікнуў з узрушэннем Вініцый.

Раздзел ІV

І Пятроній стрымаў абяцанне.
Наступным ранкам пасля наведвання да Хрысатэміды ён спаў амаль увесь дзень, але вечарам загадаў занесці яго на Палатын, дзе меў з Няронам давяральную размову, вынікам якой на трэці дзень перад домам Плаўція з'явіўся цэнтурыен на чале паўтара дзесятка прэтарыянскіх воінаў.
         Час быў няпэўны і страшны. Пасланцы такога кшталту былі найчасцей вешчунамі смерці. Таму калі цэнтурыен ударыў малатком у дзверы Аўла, і калі наглядчык дома паведаміў, што ў прыхожай знаходзяцца воіны, ва ўсім доме запанаваў спалох. Сям'я абкружыла старога Аўла, бо ніхто не сумняваўся, што небяспека навісла менавіта над ім. Пампонія, абняўшы яго рукамі за шыю, прытулілася да яго з усей моцы, а пасінелыя вусны хутка варушыліся, вымаўляючы нейкія ціхія словы; Лігія з тварам бледным, як палатно, цалавала яго руку, малы Аўл чапляўся за тогу, а з калідораў, з пакояў верхняга паверха і прызначаных для прыслугі, з чаляднай, з лазняў, з ніжніх памяшканняў, з усяго дома пачалі збягацца нявольнікі і нявольніцы.Былі чутныя вокрыкі: “Heu, heu, me miserum” – жанчыны кінуліся ў плач, некаторыя пачалі дрэпаць сабе шчокі ці ўкрываць галовы хусткамі.
Толькі адзін стары воін, прызвычаены здаўна глядзець смерці ў твар, заставаўся спакойны, толькі яго невялікі, з арліным профілем, твар стаў нібы з каменя. Хвілінай пазней ен суцішыў рыдаючых і загадаў слугам разысціся, потым сказаў :
-        Пусці мяне, Пампонія. Калі надыйшоў мой канец, будзе ў нас час, каб развітацца, - і адштурхнуў яе злегку.
Яна ж сказала:
-        Няхай бы бог даў, каб твой лес быў і маім, о Аўл !
Пасля чаго, укленчыўшы, яна пачала маліцца з такой гарачыней, якую можа выклікаць толькі страх за дарагую істоту. Аўл выйшаў да атрыя, дзе яго чакаў цэнтурыен. Гэта быў стары Гай Хаста, даўнейшы яго падначалены і таварыш з брытанскіх войнаў.
-        Прывітанне, Аўл, - павітаўся ён. – Я прынес табе загад і прывітанні ад імператара, а гэта табліцы і знак, што я з'явіўся ад яго імя.
-        Я ўдзячны імператару за прывітанні, а загад выканаю, - адказаў Аўл. – Вітаю цябе, Хаста, і кажы , з якім даручэннем ты прйшоў.
-        Аўл Плаўцій, - пачаў Хаста, - імператару стала вядома, што ў тваім доме жыве дачка цара лігійцаў, якую той яшчэ пры жыцці Клаўдзія аддаў у рукі рымлян у доказ таго, што межы імперыі ніколі не будуць парушаны лігійцамі. Богападобны Нярон удзячны табе, о Аўл, за тое, што столькі гадоў даваў ты ёй у сябе прытулак, але ен не хоча далей абцяжарваць твой дом і памятае, што дзяўчына, як заложніца, павінна заставацца пад апекай самога імператара і сената, таму загадвае табе аддаць яе ў мае рукі.
Аўл быў сапраўдным воінам і сапраўдным мужам.  Загартаваным нягодамі, каб пачуўшы загад, дазволіць сабе шкадаваць, марнасловіць ці скардзіцца. Аднак жа змаршчка раптоўнага гневу і болю адбілася на яго ілбе. Перад такім звядзеннем броваў калісьці дрыжалі брытанскія войскі – і нават у гэты момант яшчэ на твары Хасты з'явіўся страх. Але цяпер, перад загадам, Аўл Плаўцій адчуў сябе безабаронным. Нейкі час ён пазіраў на табліцы, на знак, а потым узняў вочы на старога цэнтурыёна і сказаў ужо спакойна:
-Хаста, пачакай у атрыі, пакуль табе аддадуць заложніцу.
Пасля гэтых слоў ен перайшоў у другі канец дома да залы, дзе Пампонія Грэцына, Лігія і малы Аўл чакалі яго з непакоем і трывогай.
-        Нікому не пагражае смерць ці выгнанне на далекія выспы, -прамовіў ен, - аднак пасланец імператара – усе ж вястун  няшчасця. Лігія, аб табе гаворка!
-        Аб Лігіі? – ускрыкнула ўражаная Пампонія
-        Так, -адказаў Аўл. І павярнуўшыся да дзяўчыны, пачаў гаварыць:
-        Лігія, ты выхоўвалася ў нашым доме, як уласнае наша дзіця, і мы абое любім цябе, як дачку. Але ты ведаеш і пра тое, што ты не наша дачка. Ты заложніца, аддадзеная тваім народам Рыму , і апека над табой належыць імператару. Таму імператар і забірае цябе з нашага дому.
Ен гаварыў спакойна, але нейкім дзіўным, нязвыклым голасам. Лігія слухала яго словы, міргаючы вачыма і не разумеючы, пра што гаворка. Шчокі Пампоніі пабялелі, а ў дзвярах, што вялі да залы з калідора, паказваліся усхваляваныя твары нявольніц.
-        Воля імператара павінна быць выканана, - сказаў Аўл Плаўцій.
-        О Аўл! – закрычала Пампонія, абдымаючы дзяўчыну, нібы хацела яе абараніць, - лепш бы ей было памерці!
-        Мама! Мама! – паўтарала Лігія, тулячыся да яе грудзей і не знаходзячы з-за слёз іншых слоў. 
На твары Аўла зноў адбіліся гнеў і боль.
- Калі б я быў адзін на свеце, - сказаў ен панура, - не аддаў бы яе жывой – а родныя мае яшчэ б сёння маглі прынесці за нас ахвяры Юпіцеру Вызваліцелю. Але я не маю права губіць цябе і наша дзіця, якое можа дажыць да лепшых дзен. . . Схаджу яшчэ сёння да імператара і буду яго прасіць, каб адмяніў свой загад. Ці выслухае ен мяне, не ведаю. А пакуль будзь здарова, Лігія, і ведай, што і я , і Пампонія блаславілі той дзень, у які ты прыйшла ў наш дом. Сказаўшы гэта, ен паклаў руку  на  галаву Лігіі, але хоць і намагаўся захаваць спакой, усе ж у момант, калі   дзяўчына ўзняла да яго вочы, поўныя слёз, а потым, схапіўшы яго руку, пачала прыкладаць яе да вуснаў, у яго голасе задрыжаў жаль па-бацькоўску глыбокі.
-        бывай, радасць наша і святло нашых вачэй, - сказаў ён.  І хутка выйшаў, каб вярнуцца ў атрый і не дазволіць апанаваць сябе нягоднаму рымляніна і ваеначэльніку ўзрушэнню.
У гэты час Пампонія праводзіла Лігію да кубікулу, дзе пачала яе супакойваць, суцяшаць і падбадзерваць, кажучы словамі, якія дзіўна гучалі ў гэтым доме, дзе тут жа побач, у святліцы,  існавалі яшчэ ларарый і вогнішча, на якім Аўл Плаўцій, верны даўняму звычаю, прыносіў ахвяры хатнім багам. Вось і надыйшоў час выпрабавання. Некалі Вяргіній прабіў грудзі ўласнай дачкі, каб вызваліць яе з рук Апія, даўней яшчэ Лукрэцыя дабраахвотна заплаціла жыццем за ганьбу. Дом імператара поўны ганьбы, зла і злачынстваў. Але мы, Лігія, ведаем, чаму ў нас няма права ўзняць на цябе руку! Так! Гэта права, пад якім абедзве жывуць, іншае, большае, свяцейшае, якое аднак дазваляе бараніцца ад зла і ганьбы, хаця б гэта абарона і каштавала жыцця і пакут. Хто чыстым выходзіць з месца сапсаванасці, тым большая яго заслуга.  Зямля і есць   такое месца, але на шчасце жыццё – адно толькі імгненне, а ўваскрасенне чакае нас толькі на тым свеце, якім Нярон ужо не валодае, а валодае Міласэрнасць, і там замест гора – радасць, а замест слёз – весялосць.
    Пасля яна пачала гаварыць пра сябе.  Так. Яна спакойная знешне, але і ў яе душы хапае балючых ран. Вось і з вачэй яе Аўла яшчэ не знікла заслона, яшчэ не праліўся на яго прамень святла.  Нельга ёй таксама выхоўваць сына ў ісціне. Таму калі падумае, што так можа быць да канца жыцця, і што надыйдзе хвіліна растання з імі, у сто разоў большага і страшнейшага, чым гэта, часовае, над якім абедзве яны цяпер плачуць, - не можа нават зразумець, як яна будзе без іх, нават і ў небе, шчаслівая. І шмат ужо начэй праплакала, шмат правяла ў малітвах, просячы аб міласці і дапамозе.Але свой боль яна павярае Госпаду і чакае, і спадзяецца. А калі цяпер яе чакае новае выпрабаванне, калі загад акрутніка забірае дарагую ей істоту, тую, што Аўл назваў святлом вачэй, яна спадзяецца яшчэ, што есць моц большая, чым у Нярона і Міласэрнасць мацнейшая, чым яго злосць.
І яна яшчэ мацней прыціснула да сваіх грудзей галаву дзяўчыны, тая ж схілілася да яе кален, схаваўшы твар у складках пеплума і доўгі час маўчала, але калі ўзнялася нарэшце, то твар яе быў ужо больш спакойны:
-        Шкада мне цябе ,маці, і бацьку, і брата, але я ведаю, што супраціўленне не прывяло б ні да чаго, а загубіла б вас усіх. Але я табе прысягаю, што слоў тваіх не забуду ніколі ў доме імператара. Лігія яшчэ раз абняла Пампонію, а потым, каді абедзве яны выйшлі ў эўкус, стала развітвацца з малым Плаўціем, са старэнькім грэкам-настаўнікам, са сваёй пакаёўкай, былой нянькай і з усімі нявольнікамі.
Адзін з іх, высокі, плячысты лігіец, якога ў доме звалі Урс, і які у свой час разам з маці Лігіі і з ёю самой прыбыў з іншымі слугамі ў лагер рымлян, упаў цяпер да яе ног, а потым нахіліўся да кален Пампоніі, кажучы:
-        О даміна! Дазвольце мне ісці з маей гаспадыняй, каб ей служыць і аберагаць яе ў доме імператара.
-        Ты не наш слуга, а Лігіі, - адказала Пампонія Грэцына, - але ці дапусцяць цябе ў палац імператара? І як ты зможаш яе ахоўваць?
-        Не ведаю, даміна, але ведаю адно, што жалеза крышыцца ў маіх руках, як дрэва.
Аўл Плаўцій, які падыйшоў у гэты момант, даведаўшыся, у чым справа, не толькі не стаў перашкаджаць жаданню Урса, а нават засведчыў, што яны не маюць права яго затрымліваць. Адсылаюць Лігію як заложніцу, аб якой клапоціцца імператар – а таму абавязаны адаслаць і яе прыслугу, што разам з ей пераходзіць пад апеку імператара. Тут ен шапнуў Пампоніі, што пад выглядам слуг Пампонія можа даць Лігіі столькі нявольніц, колькі палічыць патрэбным, бо цэнтурыён не зможа адмовіцца іх прыняць.
Для Лігіі ў гэтым было пэўнае суцяшэнне. Пампонія ж таксама была рада, што можа яе акружыць слугамі на свой выбар. Апрача Урса, яна прызначыла дзяўчыне старую пакаёўку, дзвюх кіпрскіх прычэсвальшчыц, дзвюх германак для купальных паслуг. Ею выбраны былі выключна прыхільнікі новага вучэння, якое спавядаў і Урс ужо гадоў колькі, так што Пампонія магла разлічваць на вернасць гэтых слуг, а разам з тым цешыцца думкай, што зерне ісціны будзе пасеяна і ў доме імператара.
Напісала яна таксама колькі слоў, перадаючы апеку над Лігіяй вызваленай Няронам Акце. Пампонія не бачыла яе праўда на сабраннях прыхільнікаў новага вучэння, аднак чула ад іх, што Акта не адмаўляецца дапамагаць ім і што чытае з гарачыней лісты Паўла з Тарса. Вядома ей было зрэшты і тое, што маладая вызваленка жыве даўно ў смутку, што яна адрозная ад усіх наложніц Нярона і што ўвогуле яна – добры анёл у палацы.
Хаста паабяцаў асабіста ўручыць ліст Акце. Прымаючы як натуральную рэч, што царская дачка павінна мець світу слуг, ен не чыніў малейшага пярэчання, каб забраць іх у палац, дзівячыся хутчэй іх малой колькасці. Але ен прасіў паспяшацца, каб не быць асуджаным за недахоп хуткасці ў выкананні загадаў. Надыйшла хвіліна растання. Вочы Пампоніі і Лігіі зноў напоўніліся слязьмі. Аўл яшчэ раз паклаў далонь на галаву дзяўчыны, хвілінай жа пазней воіны, за якімі бег малы Аўл з крыкам і пагражаючы ім кулакамі, павялі Лігію у палац імператара.
Стары палкаводзец між тым загадаў падрыхтаваць сабе паланкін, і застаўшыся з Пампоніяй у пінакатэцы, сказаў:
-        Паслухай мяне, Пампонія. Я адпраўляюся да імператара, хаця думаю, што марна і хаця словы Сенэкі ўжо не маюць для яго важкасці, пабуду таксама і ў Сенэкі. Цяпер больш уплывовыя Сафроній, Тыгелін, Пятроній,Ватыній. Што ж да імператара, дык ен, магчыма, ніколі і не чуў пра народ лігійцаў, і калі захацеў каб аддалі яму Лігію, дык гэта таму, што хтосьці яго падбухторыў і легка здагадацца, хто мог гэта зрабіць.
І яна раптоўна ўзняла вочы: - Пятроній?
-        Так.
Яны памаўчалі, пасля чаго Аўл гаварыў далей:
-        Вось што значыць пусціць цераз свой парог каго-небудзь з тых,  хто без годнасці і сумлення. Нязай будзе праклятая хвіліна, у якую Вініцый увайшоў у наш дом. Гэта ен прывеў да нас Пятронія. Гора Лігіі,бо патрэбна ім не заложніца, а наложніца.
І голас яго ад гневу, ад бяссільнай лютасці і болю па адабранаму дзіцяці стаў  з яшчэ большым прысвістам. Пэўны час змагаўся з сабою, і толькі сціснутыя кулакі сведчылі, якая цяжкая тая ўнутраная барацьба.
-        Дасюль я шанаваў багоў, -прамовіў ен, - але ў гэту хвіліну я думаю, што іх няма, а есць толькі адзін злы, шалены, пачварны, імя якога Нярон.
-        Аўл! – уздыхнула Пампонія, - Нярон у параўнанні з богам – усяго прыгаршча згніўшага праху.
Ен жа пачаў хадзіць шырокім крокам па мазаіцы пінакатэкі. У ягожыцці былі вялікія ўчынкі, а вось вялікіх няшчасцяў не было, таму ен быў да іх непрызвычаены. Стары салдат прывязаўся да Лігіі больш, чым сам пра тое ведаў і цяпер не мог пагадзіцца з думкай, што страціў яе. Апроч таго адчуваў сябе прыніжаным. Ім распараджалася сіла, якою ен пагарджаў, разумеючы ў той жа час, што супраць яе ен – нішто. Але калі нарэшце ен перамог у сабе гнеў, які перашкаджаў яго думкам, то сказаў:
-        Мяркую, што Пятроній адняў яе ў нас не для імператара, бо напэўна не хацеў бы ўсердзіць Папею. Значыць – ці для сябе, ці для Вініцыя. . . Сення я яшчэ даведаюся пра гэта.
А хвілінай пазней яго панеслі ў паланкіне да Палатыну, а Пампонія, застаўшыся адна, пайла да малога Аўла, які не пераставаў плакаць па сястры і пагражаць імператару.

Раздзел V

Аўл аднак не памыліўсяў тым, што яго не дапусцяць да Нярона. Яму адказалі, што імператар заняты спевамі з лютністам Тэрпнасам і што ўвогуле ен не прымае тых, каго сам не выклікаў. Іншымі словамі гэта азначала, каб Аўл не спрабаваў і ў будучым шукаць сустрэчы з ім. Затое Сенэка, хварэючы гарачкай, прыняў старога воіна з пашанай, належнай яму, але калі выслухаў, пра што той дбае, то горка ўсміхнуўся і сказаў:
-        Магу табе аказаць толькі адну паслугу, шляхетны Плаўцій, гэта значыць – ніколі не паказваць імператару, што сэрца мае адчувае твой боль і што я хацеў бы табе дапамагчы, бо калі б у імператара зявілася найменшае падазрэнне пра гэта, ведай,што ен не аддаў бы табе Лігію нават без адзінай прычыны ці хутчэй адной толькі – каб зрабіць мне на злосць.
Сенэка не раіў яму таксама хадзіць да Тыгеліна, Ватынія ці Вітэлія. Можа грашыма і можна было б штосьці з імі ўладзіць;можа яны таксама б хацелі зрабіць што-небудзь на злосць Пятронію, уплывы якога стараюцца падкапаць, але хутчэй за ўсе расказалі б імператару, наколькі дарагая Лігія для Плаўціяў,  а з прычыны гэтага імператар тым больш бы яе не аддаў. Тут стары філосаф загаварыў са з'едлівай іроніяй у дачыненні да сябе самога:
-        Ты маўчаў Плаўцій, маўчаў усе гады, а імператар не любіць тых, хто маўчыць. Як жа ты не захапляяўся яго прыгажосцю, дабрачыннасцю, спевамі, дэкламавннем, уменнем кіраваць калясніцай і яго вершамі. Як жа ты не ўслаўляў смерць Брытаніка, не казаў пахвальную прамову у гонар матказазабойцы і не прынес віншаванняў , калі задушылі Актавію. Не хапае табе абачлівасці, Аўл, якой мы, хто жыве шчасліва пры двары, валодаем у належнай ступені.
Так кажучы, ен узяў кубак, які насіў на поясе, зачэрпнуў вады з фантана імплювіума, асвяжыў запекшыяся вусны і працягваў:
-        Ах, у Нярона ўдзячнае сэрца. Любіць цябе, бо ты служыў Рыму, і імя яго праслаўляў па ўсяму свету, і мяне любіць, бо я быў яго настаўнікам у маладосці, таму, ці бачыш, ведаю, што гэта вада не атручаная, і п'ю яе спакойна. Віно ў маім доме было б менш бяспечнае, але калі ты хочаш піць, дык напіся смела гэтай вады. Па вадаправодах цячэ яна ажно з Албанскіх гор і каб яе атруціць, трэба атруціць усе фантаны ў Рыме. Як бачыш, можна яшчэ і на гэтым свеце быць бяспечным і мець спакойную старасць. Я сапраўды хварэю, але хутчэй хварэе мая душа, а не цела.
Гэта было праўдай. Сенэку не хапала той моцы духу, якой валодаў напрыклад Карнут ці Тразея, таму жыцце яго было шэрагам саступак перад зладзействамі. Сам гэта адчуваў, разумеў, што прыхільнік правіл Зянона з Кітыена павінен быў ісці іншаю дарогай таму і пакутаваў з гэтай прычыны больш, чым ад страху самой смерці.
Але ваеначэльнік перапыніў яго цяпер згрызотныя разважанні:
-        Шляхетны Аней, - прамовіў Аўл, - я ведаю, як імператар адплаціў табе за апеку, якой ты акружаў яго ў маладыя гады. Але гэта Пятроній вінаваты ў тым, што Лігію адабралі. Падкажы мне, як на яго паўздзейнічаць, і хто гэта можа зрабіць. Але ж і ты таксама мог бы прымяніць тут усе сваеё красамоўства, на якое здольна цябе натхніць даўняе сяброўскае пачуццё да мяне.
-        Пятроній і я, -адказаў Сенэка, - мы людзі з двух супрацьлеглых лагераў. Спосабаў, як на яго паўздзейнічаць, я не ведаю, ды і ўплывам нічыім ен не падлягае. Можа быць пры ўсей сваей сапсаванасці ен варты большага, чым тыя нягоднікі, якімі Нярон зараз акружае сябе. Але даказваць яму, што ен зрабіў дрэнны ўчынак, гэта толькі марнаваць час. Пятроній даўно страціў тое пачуцце, якое адрознівае дрэннае і добрае. Трэба даказаць яму, што яго ўчынак пачварны, і тады яму стане сорамна. Калі я яго ўбачу, то скажу яму: твой учынак годны вызваленца. Калі гэта не дапаможа, то нічога не дапаможа.
-        Дзякуй і за гэта, - адказаў стары ваеначальнік.
Пасля чаго загадаў несці яго да Вініцыя, якога застаў за фехтаваннем з яго дамашнім настаўнікам-фехтавальшчыкам.
Ад выгляду маладога чалавека, які спакойна практыкаваўся ў фехтаванні у той час, як ўжо здзейснены быў замах на Лігію, Аўла разабраў страшэнны гнеў, які ,як толькі заслона апусцілася за настаўнікам, выбухнуў патокам горкіх папрокаў і зневажанняў.
Але Вініцый даведаўшыся, што Лігію забралі з дому, пабляднеў так страшна, што Аўл ні на хвіліну нават не мог яго падазраваць у пасобніцтве. Лоб хлопца пакрыўся кроплямі поту; кроў, што на момант прыліла да сэрца, нкакціла зноў гарачай хваляй да твару, вочы запалалі агнем, вусны вымаўлялі бязладныя пытанні. Рэўнасць і лютасць наляталі на яго папераменна, як віхор. Яму здавалася, што Лігія,  як толькі  пераступіць парог дому імператара, будзе страчана для яго назаўсёды. Калі ж Аўл вымавіў імя Пятронія, падазрэнее, нібы бліскавіца пранеслася ў думках маладога воіна, што Пятроній пасмяяўся з яго і што магчыма, падарыўшы Лігію імператару, хацеў такім чынам атрымаць новыя міласці або хацеў утрымаць яе дзеля сябе. Тое, што кожны, убачыўшы Лігію не захоча адразу яе мець, не змяшчалася ў яго галаве. Гарачнасць, спадчынная рыса яго роду, панесла яго як раз'юшаны конь і пазбавіла яго магчымасці разважаць.
-        Аўл!- сказаў ен перарывістым голасам, - вяртайся дадому і чакай мяне. . . Ведай, што калі б нават Пятроній быў маім бацькам, я і тады адпомсціў бы яму за крыўду Лігііі. Вяртайся і чакай мяне. Ні Пятроній, ні імператар яе мець не будуць.
І  ўзняўшя сціснутыя кулакі да васковых масак, што стаялі ў шафах атрыя, выгукнуў:
-        Клянуся гэтымі пасмертнымі маскамі! Перш заб'ю яе і сябе! Сказаўшы гэта, ен усхапіўся і кінуўшы Аўлу:”Чакай мяне”, - выбег, як шалёны з атрыя і паспяшаўся да Пятронія, штурхаючы па дарозе мінакоў. Аўл жа вярнуўся дадому з пэўным суцяшэннем. Меркаваў, што калі Пятроній падбухторыў імператара забраць Лігію, каб аддаць яе Вініцыю, то Вініцый адправіць яе да іх назад. Немалой уцехай служыла яму думка, што Лігія, калі і не будзе выратавана, то будзе адпомшчана і абаронена такім чынам смерцю ад ганьбы. Верыў, што Вініцый выканае ўсе, што абяцаў. Бачыў яго гнеў і ведаў запальчываць усяго іх роду. Ен сам, хоць і любіўЛігію, як родны бацька, лепш забіў бы яе, чым аддаў імператару, і каб не думка пра сына, апошняга патомка роду, то напэўна гэта ўчыніў бы гэта.
Аўл быў салдатам, пра стоікаў толькі чуў, але характарам быў да іх падобны і паводле яго думкі, смерць была лепшай і лягчэйшай, чым ганьба. Вярнуўшыся дадому, ен супакоіў Пампонію, падзяліўся з ёй сваёй бадзёрасцю, і абое пачалі чакаць навін ад Вініцыя. Часам, калі ў атрыуме раздаваліся крокі якога-небудзь з нявольнікаў, яны думалі, што гэта магчыма Вініцый вяртае ім іх любімае дзіцятка і гатовы былі ў глыбіні душы блаславіць маладую пару. Але час ішоў, а ніякіх навін не было. Толькі вечарам азваўся малаток ля брамы. Пасля ўвайшоў нявольнік і аддаў Аўлу ліст:
Стары палкаводзец, хоць і любіў паказаць валоданне сабой, узяў яго аднак дрыжачай рукой і пачаў чытаць яго так спешна, нібы справа ішла пра лёс усяго яго дому. Раптам твар яго спахмурнеў, нібы на яго ўпаў цень ад пралятаючай хмары.
-        Чытай, - сказаў ен, звяртаючыся да Пампоніі.
Тая ўзяла ліст і прачытала наступнае: “ Марк Вініцый вітае Аўла Плаўція. Тое, што адбылося, адбылося па волі імператара, перад якой схіліце галовы, як схіляем я і Пятроній. “
Пасля чаго ўсе надоўга замаўчалі.


В человеке должно быть все прекрасно: и лицо, и одежда, и душа, и мысли... А.П.Чехов

Прекрасное высказывание А.П. Чехова привыкли использовать как шутл.-ироничное по отношению к кому-либо согласно словарям, а если видеть его как текстовую голограмму, то смысл видится гораздо шире: если ты видишь в человеке - человека, то должен видеть прекрасное в том, что его отличает от других: и в лице, и в одежде, и в душе, и в мыслях


Ко дню рождения А.П. Чехова