РАЗДЗЕЛ 2
ДЗЁННІК СТАРОГА РАСПАРАДЧАГА
“Аднаго вечара, адразу пасля васьмі, я пайшоў да гэтых пані. Пані Стаўска, як звычайна, у апошнім пакоі праводзіла заняткі з якімісьці паненкамі, а пані
Місевічова з Хелечкай… зноў, як звычайна, сядзелі ля вакна. Я не разумею, што яны
маглі бачыць у цемры, але што іх усе бачылі, то пэўна. Нават я прысягнуў бы,
што пані баранэса ў адным са сваіх неасветленых вакон сядзіць з ларнетам і аглядае
другі паверх, бо ралеты, ізноў жа, як звычайна не былі апушчаны.
Я адхіснуўся тады за фіранку, каб хоць мяне гэтая пачвара не бачыла, і
проста ў лоб запытваю пані Місевічову:
- Без абразы пані дабрадзейкі, чаму вы так увесь час сядзіце ля вакон?...
Гэта нядобра…
- Я скразнякоў не баюся, - адказала шаноўная пані, - і атрымліваю ад гэтага вялікую прыемнасць. Бо
ўявіце сабе пане, што Хелечка заўважыла. Часам вокны бываюць у такім парадку
асветленыя, што складваецца з іх нібы алфавіт… Хелечка! – звярнулася яна да
дзіцяці, - а ці не бачная там якаясьці літарка?...
- Ёсць, бабулечка, і нават дзве. Там Н і Т.
- Праўда! – пацвердзіла старая. – Ёсць і Н,і Т. Паглядзіце, пане…
Я паглядзеў. Сапраўды, насупраць нас былі асветленыя два вакны на чацвёртым
паверсе, тры на трэцім і два на другім такім чынам, што стваралі літару: Н.
У тыльным жа флігелі пяць вакон чацвёртага паверха, адно трэцяга, адно
другога і адно на партэжы, таксама асветленыя, стваралі літару: Т.
- З-за гэтых вокнаў, пане, - казала бабуля, - (хоць і рэдка складваюцца з
іх літаркі) Хелечка зацікавілася алфавітам, а цяпер знайшла яшчэ найлепшае
займішча, калі атрымліваецца, то складвае з асветленых вакон якуюсьці форму.
Таму нават не апускаем ралеты вечарам.
Я павёў плячыма, бо як жа тут забараняць дзяўчынцы выглядваць праз вакно,
калі яна гэтым так цудоўна бавіцца!
- Як жа тут не выглядваць праз вакно, - уздыхнула пані Місевічова, - калі гэта наша адно задавальненне. Ці мы дзе
бываем? Ці бачым каго?... Ад часу, як Людвік выехаў, спыніліся нашы стасункі з
людзьмі. Для адных мы надта бедныя, для іншых – падазроныя…
Яна выцерла хусткай вочы і гаварыла далей:
-
О, Людвічак
дрэнна зрабіў, што з’ехаў; бо хоць бы яго нават тут пасадзілі ў турму, то
даказалі б яго невінаватасць і зноў бы мы былі разам. А цяпер ён Бог ведае дзе,
а Стаўска… Кажаце, каб не выглядалі ў
вокны! Яна ж, бядачка, увесь час чакае, прыслухоўваецца і выглядае, ці не
вяртаецца Людвік, а як найменш ці не нясуць ад яго ліст? Няхай толькі хто
бяжыць хутка праз дзядзінец, яна зараз жа да вакна, думаючы, што гэта лістаноша.
А калі раптам да нас зойдзе лістаноша (мы, пане Жэцкі, вельмі рэдка атрымліваем
лісты), то калі б вы, пане, бачылі Хеленку!... мяняецца з твару, бялее,
дрыжыць…
Я не смеў вуснаў адкрыць, а старэча, адпачыўшы крыху, працягвала:
- І я сама люблю сядзець ля вакна, асабліва калі прыгожы дзень і чыстае
неба, бо тады паўстае мне ў памяці мой муж-нябожчык як жывы…
- Так, - шапнуў я, - нагадвае яго
вам, пані, неба, дзе ён жыве зараз.
- Не так вы зразумелі, пане Жэцкі, - перапыніла яна. – Што ён у небе, то
ведаю, бо дзе ж бы мог быць такі спакойны чалавек? Але як пазіраю на неба і на
сцяну гэтай камяніцы, адразу прыходзіць мне на думку шчаслівы дзень нашага
шлюбу… Клеменс, нябожчык, насіў тады сіні фрак і жоўтыя сподні з нанкі, зусім
таго ж колеру, што і наша камяніца…
О, пане Жэцкі, - сказала старая праз слёзы, - вер мне, што
для такіх як мы неаднойчы акно становіцца і тэатрам, і канцэртам і знаёмствам.
Бо і на што ўжо мы павінны пазіраць?
Я не здолею апісаць, як мне зрабілася сумна, калі з
прычыны чыйго-небудзь марнага пазірання праз вакно я пачуў такую драму… Раптам у другім пакоі
пачулася шалясценне… Вучаніцы пані Стаўскай, пасля сканчэння заняткаў збіраліся
дадому, а іх цудоўная настаўніца ашчаслівіла мяне сваім выглядам.
Калі я яе вітаў, у яе былі халодныя рукі, а на падобным
да боскага твары выраз стомленасці і суму. Убачыла мяне і аднак усміхнулася.
(Дарагі анёле! Нібы дадумалася, што яе салодкая ўсмешка на цэлы тыдзень асвятляе
цемру майго жыцця.)
- Ці казала вам мама,- прамовіла пані Стаўска, - які нас
сёння спаткаў гонар?
- Ага, і праўда, забылася… - заўважыла пані Місевічова.
Тымчасам дзве паненкі выйшлі, паўкланяючыся, і мы засталіся
адны, нібы ў сямейным коле.
- Уявіце сабе, пане, - сказала пані Стаўска, - што сёння
да нас наведвалася баранэса… У першую хвіліну я амаль спужалася, бо яна,
бядачка, выглядае дрэнна, такая бледная, так заўсёды ў чорнае апранута, такі
якісьці позірк у яе да таго ж…Але яна раззброіла мяне ў адзіны момант, калі ўбачыла Хелечку, расплакалася і ўпала
перад ёй на калены, наўсхліп: такое ж было маё малое бядацтва і ўжо няма
яе!...
Мяне нібы ветрам халодным абдавала, калі я гэта слухаў. Не хацеў аднак можа і дарэмна ўражваць
пані Стаўску, то і не смеў расказаць ёй пра мае перажыванні. Я запытаўся толькі:
- І чаго яна хоча ад пані?
- Яна прыйшла мяне прасіць, каб я дапамагла ёй
папарадчыць бялізну, сукенкі, карункі, словам, усё гаспадарства. Яна спадзяецца,
што хутка муж да яе вернецца, і хоча адсвяжыць адны дробязі, іншыя закупіць. А
што, як кажа, не мае густу, то просіць мяне дапамагчы і абяцае мне плаціць па
два рублі за тры гадзіны штодзень.
- А вы што на гэта?
- Мой Божа, што ж я павінна рабіць?... Натуральна, што я
прыняла гэта з падзякай. Гэта папраўдзе не той занятак, але вельмі своечасова,
бо якраз заўчора (не разумею нават з якой прычыны) я страціла адзін занятак па
музыцы, за пяць злотых за гадзіну…
Я ўздыхнуў, здагадваючыся, што прычынай страты занятку
мог быць такі ананімны ліст, у напісанні якіх пані Кшэшоўска вызначаецца
вялікім майстэрствам. Але - я не сказаў нічога. Бо ці мог я раіць пані Стаўскай,
каб яна адмовілася ад двух рублёў штодзень?
Ой, Стах, Стах!... чаму б табе з ёй не ажаніцца?... Панна
Ленцка запала табе ў розум… Толькі б ты аб гэтым не пашкадаваў.
Ад гэтага часу, колькі разоў я прыходзіў да маіх мілых
сябровак, пані Стаўска расказвала мне як мага падрабязней гісторыю сваіх
стасункаў з баранэсай Кшэшоўскай, у якой бывала штодзень і зразумела, замест
трох, працавала пяць і шэсць гадзін, але за гэтыя два рублі.
Пані Стаўска вельмі паблажлівая жанчына, аднак тым не
менш, наколькі я мог зрабіць высновы з яе асобных выказванняў, і само жытло
баранэсы, як і ўсё яго напаўненне здзіўляла і рабіла прыкрасць пані Стаўскай.
Перадусім баранэса зусім не выкарыстоўвае свой немалы апартамент. Салон, будуар, спальны пакой, пакой сталовы, пакой барона, усё
стаіць пусткай. Мэбля і люстры пазавешваны заслонамі; з раслін, якія там былі
некалі, сёння толькі сцябліны ці толькі вазоны, поўныя попелу замест зямлі; на
каштоўных абабіццях пыл. Есць таксама Бог ведае як, не беручы часам на працягу
пары дзён нічога цёплага ў вусны, і трымае на такі вялікі дом толькі адну
служанку, якую ў дадатак лае як распусніцу і злодзейку.
Калі яе запытала пані Стаўска, ці ёй не сумна жыць у
гэтай пустцы, - яна адказала:
-
Што ж я магу зрабіць, няшчасная сірата
і амаль удава? Хіба калі майго збеглага мужа натхніць добры Бог, каб раскаяўся
ў сваіх недарэчных дзеяннях і вярнуўся да мяне, можа хіба тады зменіцца крыху
маё жыццё пустэльніцы. Наколькі я магу карыстацца прадказаннямі сваіх сноў і
прадчуванняў, якія на мяне спасылае неба падчас гарачых малітваў, мой муж
павінен бы вярнуцца з дня на дзень, бо ўжо і грошай, і крэдыту не мае гэты
няшчасны заблуканы…
Пані Стаўска, чуючы гэта, зрабіла ў
душы заўвагу, што лёсу барона, пасля яго вяртання, нельга пазайздросціць.
Асобы, якія наведваюць баранэсу,
таксама не абуджалі даверу ў пані
Стаўскай. Найчасцей былі там якіясьці старыя, непрыгожыя жанчыны, з якімі ў
пярэднім пакоі напаўголас яна размаўляла аб сваім мужу. Некалі з’яўляўся
Марушэвіч ці які-небудзь адвакат у старым футры. Гэтых паноў баранэса забірала ў сталовы пакой, але, размаўляючы з
імі, плакала і прычытвала так гучна, што ва ўсім доме было чуваць.
На нясмелую заўвагу пані Стаўскай,
чаму тая не жыве з сям’ёй, баранэса адказала:
-
З якой, любая пані? У мяне ўжо няма
нікога, а хоць бы нават і быў хто, дык не магла б трымаць у сябе людзей настолькі
хцівых і простых. Сям’я майго мужа цураецца мяне, бо я не паходжу са шляхты;
што зрэшты ім не перашкаджала выцыганіць ад мяне з дзвесце тысяч рублёў.
Паколькі я пазычала ім на вечнае неадданне, стасаваліся са мной; а калі я агледзелася,
спынілі стасункі і нават яны так падгаворавалі майго няшчаснага мужа, каб спаклаў арышт на маю ўласнасць. О, што я перажыла з гэтымі людзьмі!... – дадала
яна праз слёзы.
Адзіны пакой (кажа пані Стаўска), у якім баранэса цэлы
дзень ходзіць, гэта пакойчык яе памерлай дачушкі. Гэта вельмі сумны і дзівачны
закуток, бо ўсё ў ім засталося як пры жыцці нябожчыцы. Ёсць маленькі ложак, на
якім праз кожных некалькі дзён мяняецца бялізна, шафка з адзеннем, якое таксама
часта выбіваецца ад пылу і чысціцца ў салоне парыжскай пральні, бо на дзядзінец
не дазволіла б баранэса вынесці гэтыя святыя памятныя рэчы. Ёсць малы столік з
кнігамі і са сшыткам, які адкрыты на той старонцы, на якой беднае дзіця пісала
апошні раз: “Найсвяцейшая Панна, фарм…” І нарэшце ёсць палічка, поўная лялек
малых і вялікіх, іх ложкаў і іх жа гардэробаў.
Пані Стаўска ў гэтым якраз пакоі пераглядае
карункі ці ядваб, якіх у баранэсы поўна. Ці будзе калі-небудзь іх апранаць? –
пані Стаўска не можа ведаць.
Аднойчы баранэса запытала пані
Стаўску, ці ведае тая Вакульскага. Але хоць атрымала адказ, што пані Хелена
ведае яго вельмі няшмат, пачала гаварыць:
-
Зробіце мне, даражэнькая, вялікую
ласку, сапраўднае дабро, калі сходзіце са мной да гэтага пана па важнай для
мяне справе. Я хачу купіць гэтую
камяніцу і даю яму ўжо дзевяноста пяць тысяч рублёў, а ён упіраецца, інакш не
назавеш, і хоча сто тысяч. Ён мяне хоча зруйнаваць, гэты чалавек!... Дык
скажыце вы яму, што ён мяне так заб’е… што накліча на сябе кару боскую за такую
хцівасць… - крычала і плакала пані баранэса.
Пані Стаўска, вельмі збянтэжаная,
адказала баранэсе, што ніякім чынам не можа размаўляць аб гэтым з Вакульскім.
-
Я яго не ведаю… Можа адзін раз быў у
нас… Зрэшты, ці выпадае мне займацца падобнымі рэчамі?
-
О, пані ўсё магла б з ім зрабіць,-
адказала баранэса. – Але калі пані не хоча ўратаваць мяне ад смерці – воля
боская… Выканайце тады як найменш хрысціянскі абавязак і скажыце гэтаму
чалавеку, наколькі я да вас з прыхільнасцю стаўлюся…
Пані Стаўска, пачула гэта і ўзнялася з
крэсла, каб выйсці. Але баранэса кінулася ёй на шыю і так перапрошвала, так
прасіла, каб яе прабачылі, што ў добрай пані Хелены слёзы закруціліся ў вачах і
яна згадзілася.
Сказала гэта і скончыла пытаннем, якое мела тон просьбы:
-
Дык пан Вакульскі не хоча прадаць
гэтую камяніцу?
-
Наадварот, - адказаў я раздражнёны, -
ён прадае камяніцу, прадае магазін… Усё прадае…
Моцны румянец заліў твар пані
Стаўскай; яна павярнула крэсла спінкай да лямпы і спытала ціхім голасам:
-
Чаму?...
-
А ці я ведаю! – прамовіў я, адчуваючы тое
жорсткае задавальненне, якое прыносіць непакой бліжніх. – А ці ж я ведаю!...
Кажуць, што хоча ажаніцца…
-
Ага, - дадала пані Місевічова. –
Пагаворваюць штосьці аб панне Ленцкай.
-
Ці праўда гэта?... – шапнула пані
Стаўска. Раптам прыціснула рукой грудзі, як бы ёй не хапіла паветра, і выйшла ў
другі пакой.
“Добрая справа! – падумаў я. – Бачыла яго аднойчы, і ўжо млее…”
- Нават не ведаю, навошта яму жаніцца, - прамовіў я
да пані Місевічовай. –Бо яму ніяк не шчасціць з жанчынамі.
- Ах, што вы кажаце, пан Жэцкі! –
абурылася старая. – Яму не шчасціць з жанчынамі?
- Ну, ён жа не прыгажун…
- Ён?... Але ж ён даволі прыгожы
чалавек!... Як складзены, які шляхетны твар, а што за вочы!... Вы напэўна не
заўважалі, пане Жэцкі. А я скажу (бо мне можна ў маім узросце), што шмат бачыла
прыгожых мужчын (Людвік быў таксама вельмі прыстойны), але ж такога як
Вакульскі я бачу ўпершыню. Ён сярод тысячы звярнуў бы на сябе ўвагу…
Я дзівіўся ў душы з гэтых пахвал. Бо
хоць і ведаю, што Стах вельмі прыстойны, але каб аж настолькі…
Але, я ж не жанчына!
Калі каля дзесятай вечарам я
развітваўся з маімі дамамі, пані Стаўска была сама не свая, сумная і
скардзілася, што ў яе баліць галава. Вось, асёл Стах! Такая жанчына вар’яцее па
ім ад аднаго позірку, а ён, дурань, валочыцца за паннай Ленцкай. І ці ёсць які
парадак на гэтым свеце?
Калі б я быў Панам Богам… Але што
гаварыць дарэмна.
Кажуць штосьці пра каналізацыю
Варшавы. Быў у нас нават князь і запрасіў Стаха на нараду па гэтым пытанні. Скончыў размову пра каналізацыю і ўзгадаў аб камяніцы. Я быў пры гэтым і ўсё добра
памятаю.
-
Ці праўда (перапрашаю, што пытаю пра
падобныя рэчы), ці праўда, пане Вакульскі, што за свой дом вы хочаце ад
баранэсы Кшэшоўскай сто дваццаць тысяч?...
-
Няпраўда, - адказаў Стах. – Я хачу сто
тысяч і не адступлюся ад гэтай цаны.
-
Баранэса гэта нейкая дзівачка, хістэрычка, але… няшчасная жанчына, - сказаў князь. – Яна хоча купіць гэты дом
асабліва таму, што ў ім памерла яе любая дачушка, а па-другое, каб забяспечыць
рэшту фондаў свайму мужу, які любіць пускаць грошы на вецер… Можа б вы зрабілі
ёй якую саступку. Гэта ж так прыемна - рабіць дабро няшчасным!... – закончыў
князь і ўздыхнуў.
Я прызнаюся, што хоць з’яўляюся толькі распарадчыкам, але здзівіла мяне гэткая дабрачыннасць з чужой кішэні. Стах адчуў
гэта яшчэ мацней, бо адказаў цвёрдым тонам:
- Значыць таму, што барон пускае грошы
на вецер; а яго жонцы падабаецца мой дом, я павінен страчваць некалькі тысяч
рублёў. З якой нагоды?
- Ну, не абражайцеся, пане шаноўны, -
прамовіў князь, кранаючы Вакульскага за руку. – Усе мы жывём сярод людзей;
яны нам дапамагаюць у нашых мэтах, таму і мы маем нейкія абавязкі…
- Мне наўрад ці хто дапамагае, а па
большасці сваёй перашкаджаюць, - адказаў
Стах.
Развіталіся яны вельмі холадна. Я
заўважыў нават, што князь быў незадаволены.
Асаблівыя людзі! Не досыць таго, што
Вакульскі стварыў прадпрыемства для гандлю сумесна з князямі, даў ім нагоду
зарабіць пятнаццаць працэнтаў ад іх капіталаў, яны яшчэ хочуць, каб па іх слову
ён падараваў баранэсе некалькі тысяч рублёў. Але што гэта за франціха жанчына і
куды яна толькі не патрапіць!... Бо ўжо нават быў у Стаха нейкі ксёндз з
рэлігійнымі ўгаворамі, каб прадаў баранэсе камяніцу за дзевяноста пяць тысяч. А
паколькі Стах адмовіў, таму пэўна хутка пачуем, што ён бязбожнік.
Цяпер надыходзіць чарга галоўнага здарэння, аб якім я раскажу з хуткасцю перуна.
Калі я зноў зайшоў вечарам да пані
Стаўскай (гэта было ў дзень атрымання ўлады царом Вільгельмам, пасля гісторыі з
Нобілінгам), калі я ўвайшоў да іх, маё баство, гэта бясцэнная жанчына была з цудоўным настроем і поўная імпэту да … баранэсы…
- Уявіце сабе, пані, - казала яна, -
якая гэта пані Кшэшоўска, нягледзячы на свае дзівацтвы, добрая жанчына. Яна
заўважыла, што мне сумна без Хелечкі, і папрасіла мяне аднойчы і назаўсёды, каб
я брала Хелечку з сабой да яе на пару гадзін…
- На гэтыя шэсць гадзін за два рублі?
– запытаў я.
- Не, зусім не шэсць, найбольш на
чатыры… Хелечка бавіцца там з прыемнасцю, бо хаця ёй ні да чаго дакранацца
нельга, але затое яна так разглядае цацкі, што засталіся пасля нябожчыцы…
- Гэта такія прыгожыя цацкі? – спытаў я і намаляваў пэўны план у душы.
- Вельмі прыгожыя! – сказала з
ажыўленнем пані Стаўска. – Найпрыгажэйшая там адна вялікая лялька, якая мае цёмныя
валасы, а калі націснуць ёй… тут, пад грудзямі... – дадала яна зачырванеўшыся.
- Ці не ў жываток?... з дазвалення
пані, - зноў спытаў я.
- ...Так, - прамовіла яна хутка. – Тады
лялька адкрывае і закрывае вочы і кліча "мама"!... Ах, якая яна забаўляльная, я сама
хацела б, каб у мяне была такая. Клічуць яе Мімі. Калі Хелечка ўбачыла яе першы
раз, яна склала ручкі і стаяла як статуэтка. А калі пані Кшэшоўска дакранулася да
лялькі і тая пачала гаварыць, Хелечка ўсклікнула:
- Ах, мама, якая яна прыгожая, якая
разумная!... я магу яе пацалаваць?...”
І пацалавала яе ў насок лакіраванага
чаравічка.
З таго часу яна размаўляе ў сне пра
гэтую ляльку; ледзьве прачнецца, хоча ісці да пані баранэсы, а калі ўжо там
знаходзіцца, то гатова ўвесь
час пазіраць на ляльку, склаўшы рукі як падчас пацераў.
Сапраўды, - закончыла пані Стаўска
напаўголас (Хелечка бавілася ў другім пакоі) – я была б вельмі шчаслівая, калі магла ды купіць ёй такую ляльку…
З пэўнасцю, гэта будзе вельмі дарагая
цацка, - заўважыла пані Місевічова.
- Нічога, што дарагая, мамачка. Хто
ведае, ці калі-небудзь я змагу даць ёй столькі шчасця, колькі сёння адной гэтай
лялькай, - адказала пані Стаўска.
- Мне здаецца, - прамовіў я, - што ў
нас знойдзецца менавіта такая лялька. І калі б вы прыйшлі да нас…
Я не смеў
зрабіць прэзент, разумеючы, што маці будзе прыемней, калі яна сама будзе мець
дачыненне да радасці свайго дзіцяці. Хелечка, хоць мы размаўлялі прыцішаным
голасам, пачула відаць, што мы размаўляем аб ляльцы, і выбегла з другога пакою
з бліскучымі вачыма. Каб перавесці яе ўвагу на іншы прадмет, я спытаў:
- Дык ці падабаецца табе, Хелечка,
пані баранэса?
- Так сабе, - адказала дзіця,
абапіраючыся на маё калена і пазіраючы на маці. (Мой Божа, чаму я не яе
бацька?)
- І яна з табой размаўляе?
- Няшмат. Раз толькі дапытвалася ў
мяне, ці мяне вельмі любіць пан Вакульскі.
- Так?... І што ж ты адказала?
- Я сказала, што не ведаю, хто такі пан
Вакульскі. І тады пані баранэса кажа… Ах, як ваш гадзіннік гучна цікае.
Пакажыце, пане…
Я дастаў гадзіннік і падаў Хелі.
- Што ж тады кажа пані баранэса? –
спытаў я.
- Пані баранэса кажа:”Як гэта, ты не
ведаеш, хто такі пан Вакульскі? Гэта ж той, што ў вас бывае з тым рас… з гэтым свавольнікам
Жэцкім…” Ха! Ха! Ха!... вы свавольнік… Пакажыце мне, пане, гадзіннік у
сярэдзіне…
Я паглядзеў на пані Стаўску. Яна была
настолькі здзіўленая, што нават забылася зрабіць заўвагу Хелечцы.
Пасля гарбаты з нішчымнымі булачкамі
(бо як казала служанка, масла нельга было сёння дастаць), я развітаўся з маімі
добрымі дамамі, прысягаючы сабе, што калі я быў на месцы Стаха, то не аддаў бы
камяніцу баранэсе ніжэй чым за сто дваццаць тысяч рублёў.
Тымчасам гэтая ведзьма вычарпала розныя пратэкцыі і баялася, каб Вакульскі ці не падняў цану, ці нават зусім не
прадаў камяніцу каму іншаму, вырашыла абавязкова купіць яе за сто тысяч рублёў!
Была злосная падобна на працягу некалькіх дзён, моцна плакала, пабіла служанку, аблаяла
свайго адваката ў натарыяльнай канторы, але падпісала акт набыцця. На працягу
некалькіх наступных дзён пасля набытку нашай камяніцы было ціха. Гэта значыць
настолькі ціха, што ўжо не чулі мы нічога
аб пані баранэсе, толькі яе арандатары заходзілі да нас з прэтэнзіямі.
Найперш прыбег шавец, той з чацвёртага паверху ў флігелі тыльным, плакаў, што новая ўласніца павысіла яму каморныя на трыццаць
рублёў у год. Калі я яму за паўгадзіны патлумачыў, што нас гэта ніяк не датычыцца, ён выцер вочы, зморшчыўся і развітаўся са мною словамі:
- Пан Вакульскі відаць не мае Бога ў
сэрцы, каб прадаць дом такому, што крыўдзіць людзей!
Ці чулі вы, паньства, штосьці
падобнае?
На другі дзень з’яўляецца ўласніца парыжскай пральні. У яе
аксамітны салоп, шмат годнасці ў рухах і яшчэ больш станоўчасці ў твары. Сядае
ў магазіне на крэсле і аглядаецца, нібы мае намер набыць пару японскіх вазонаў, а
потым пачынае:
- А, дзякаваць пану!... Прыстойна вы са
мной абышліся, няма чаго сказаць… Вы купілі камяніцу ў ліпені, а збылі яе ў
снежні, як быццам спецыяльна для продажу, не папярэджваючы аб гэтым нікога…
Яна робіцца чырвоная і працягвае
далей:
-
Сёння гэтая плюндра прысылае да мяне
нейкага бамбізу па каморныя. Я не ведаю нават, што ёй у галаву стрэліла, бо сплочваю рэгулярна… А яна мяне дакарае адносна каморных, гэтая пустэча, і яшчэ
кідае цень на маё прадпрыемства… Кажа, што мае панны ўнадзіліся да студэнтаў, а
гэта хлусня і думае… Яна сабе думае, што я ў сярэдзіне зімы знайду жытло… што
выеду з дому, да якога прывыклі мае кліенты… Але ж я магу на гэтым страціць
некалькі тысяч рублёў, а хто мне гэта верне?...
Мне рабілася то холадна, то горача,
кали я слухаў гэтую прамову, што была выдадзена моцным кантральта пры
наведвальніках склепу. Я ледзьве выцяг гэтую пані са свайго пакою і ўпрасіў, каб
нам распачала справу аб шкодзе і стратах.
Праз пару гадзін пасля яе, - хоп!
Заходзіць студэнт, той барадаты, які прынцыпова не плаціць каморных.
-
А, як справы? – кажа. – Ці праўда, што
гэтая д’ябаліха Кшэшоўска купіла ў вас дом?
-
Праўда, - кажу я, а ў душы ўпэўнены,
што гэты відаць пачне мяне лупцаваць.
-
А да ліха!... – кажа барадаты,
шчоўкаючы пальцамі. – Такі быў добры гаспадар з гэтага Вакульскага (РS. Стах не бачыў
ад іх ні гроша за пакой) і прадаў дом… Значыць Кшэшоўска можа нас выдварыць з
гэтай дзіркі?
-
Гм! Гм!... – адказаў я.
-
І выдварыць, - дадаў ён ды ўздыхнуў. –
Ужо быў там у нас нейкі чалавек з пажаданнем, каб мы з’язджалі… Але чорта мы з’едзем, ці нас
выкінуць без працэсу, а калі крануць… Мы зробім прадстаўленне на ўвесь дом!
Бывайце, пане.
“Ну, - думаю я, - дзякуй Богу, што
хоць гэты не мае да нас прэтэнзій. Аднак падаецца, што яны сапраўды гатовы зрабіць прадстаўленне баранэсе…”
Нарэшце на наступны дзень заходзіць
Вірскі.
-
Ведаеш, калега, - кажа ён узрушаны,
- адмовіла гэтая дама мне ў распарадчыцтве і загадвае з’ехаць да Новага Года.
-
Вакульскі, - адказаў я, - ужо падумаў
аб вас: атрымаеце пасаду ў прадпрыемстве гандлю з імперыяй…
І гэтак слухаючы адных, супакойваў іншых, забаўляючы трэціх, неяк пратрымаўся падчас галоўнай атакі. Я зразумеў
таксама, што баранэса разбіраецца з жыхарамі як тамерлан, і адчуваў
інстынктыўны непакой аб прыгожай і прыстойнай пані Хелене.
У другой палове снежня гляджу,-
адчыняюцца дзверы і ўваходзіць пані Стаўска. Прыгожая як ніколі (яна заўсёды
прыгожая, і тады калі вясёлая, і калі мае заклапочаны твар). Пазірае яна на
мяне сваімі чароўнымі вачыма і кажа ціхім голасам:
- Ці можаце вы, пане, паказаць гэтую
ляльку?
Лялька (а нават тры падобныя) даўно
была прыгатавана, але я так збянтэжыўся, што на працягу пары хвілін я не мог
адчуць сябе ў норме. Смешны Клейн са сваімі грымасамі; ён гатовы думаць, што я кахаю пані
Стаўску. У канцы я дастаю скрынку – там тры вялікія лялькі: брунетка, бландынка
і шатэнка. У кожнай сапраўдныя валасы, кожная, калі ёй націснуць на жываток,
міргае вачыма і падае голас, які для пані Стаўскай гучыць як “мама”, для Клейна
як “тата”, а для мяне як “у-гу”…
-
Вельмі прыгожая! – кажа Стаўска, - але
істотна павінна быць вельмі дарагая…
-
Калі ласка! – адказваю я, - гэта
тавар, ад якога мы пазбаўляемся, таму можам яго прадаць вельмі танна. Зараз я
пайду да гаспадара…
Стах працаваў за шафамі, але калі я
яму паведаміў, што ў нас пані Стаўска і за чым прыйшла, ён пакінуў бухгалтэрыю
і ўбег у магазін у найлепшым настроі. Я заўважыў нават, што ён прыглядаецца да
пані Стаўскай так зычліва, як бы на яго яна аказвала моцнае ўражанне. Ну,
нарэшце! … хвала Богу.
Растлумачваючы кошт панне Хелене, мы мелі
на ўвазе, што лялька ў нас як выбракаваны тавар і не знаходзіць набыўцоў, то мы
можам аддаць за тры рублі: ці бландынку, ці брунетку.
-
Я вазьму гэту, - адказала яна, беручы
шатэнку, - паколькі яна зусім такая, як у баранэсы. Хелечка будзе ў захапленні.
Калі прыйшла справа да аплаты, на пані
Стаўску зноў наваліліся сумненні; ёй здавалася, што такая лялька павінна быць
вартая рублёў з пятнаццаць, і толькі дзякуючы нашым супольным намаганням: маім
і Вакульскага і Клейна нам удалося пераканаць яе, што беручы тры рублі мы нават
застаёмся з прыбыткам. Вакульскі вярнуўся да сваіх заняткаў, а я запытаў пані
Хелену: што новага ў доме і ў якіх яна стасунках з баранэсай.
-
Ужо ў ніякіх, - адказала тая, чырванеючы. – Пані Кшэшоўска зрабіла мне такую сцэну за тое, што вымушана была
заплаціць сто тысяч за камяніцу, што я не зрабіла ёй пратэкцыю ў пана
Вакульскага, і так далей, што… я развіталася з ёй і ўжо туды ніколі не пайду.
Натуральна, што адмовіла нам у каморных ад Новага Году.
-
А ці вярнула яна вам тое. Што
належыць?
-
Ах!... – уздыхнула пані Стаўска,
упусціўшы на зямлю муфтачку, якую Клейн адразу ж падняў.
-
Значыць не?
-
Не… сказала, што не мае цяпер ні
грошай, ні ўпэўненасці, ці мой падлік дакладны.
Пасмяяліся абодва з пані Стаўскай, з
дзівацтваў баранэсы і развіталіся поўныя бадзёрасці. Калі ж выходзіла, то Клейн
адчыніў ёй дзверы так галантна, што адно з двух: ці ён ужо лічыць яе нашай
гаспадыняй, ці – сам закахаўся ў яе. Дурань!... Ён таксама жыве ў доме баранэсы
і калі-нікалі бывае ў пані Стаўскай; але падчас візітаў сядзіць настолькі
страшна сумны, што Хелечка пэўнага вечару запыталася ў бабулі: ці пан Клейн не прымаў
рыцыну?... Летуценнік! Ці яму марыць аб такой жанчыне…
А цяпер я апішу трагедыю, пры ўзгадванні
якой мяне душыць гнеў
Напярэдадні Раства 1878 года сяджу
гэта я ў магазіне, калі раптам пасля абеда атрымліваю ліст ад пані Стаўскай, з
просьбай каб я прыйшоў вечарам. Почырк уразіў мяне – пазнаць па ім было ўзрушэнне;
таму я падумаў, што можа яна атрымала звесткі пра мужа. “Пэўна вяртаецца, -
падумаў я. – Д’яблы іх бяры, гэтых зніклых мужоў, якія праз некалькі гадоў
апамятваюцца”. К вечару прыходзіць Вірскі задыханы і збянтэжаны; цягне мяне ў мой пакой, зачыняе дзверы, не здымаючы футра кідаецца на крэсла і кажа:
- Ведаеш, пане, чаму ўчора Кшэшоўска
сядзела ў пакоі Марушэвіча да апоўначы?...
- Да апоўначы, у Марушэвіча?...
- Так, і яшчэ з гэтым прайдзісветам - сваім адвакатам?... Гультай Марушэвіч выглядзеў са сваіх вокнаў, што пані
Стаўска апранае ляльку, а баранэса пайшла да яго з ларнетам, каб гэта
праверыць…
- Ну і што ж?... – пытаюся я.
- А тое, што ў баранэсы некалькі дзён
таму знікла лялька, што засталася пасля нябожчыцы дачкі і што сёння гэтая
вар’ятка абвінавачвае пані Стаўску…
- У чым?
- У крадзяжы лялькі!...
Я перажагнаўся.
- Пасмейся, пане, з гэтага, - прамовіў я, - лялька ў нас куплена…
- Я ведаю, - адказаў ён. – З гэтым
усім сёння, а дзевятай, пані баранэса з’явілася з паліцэйскім у жытло пані
Стаўскай, загадала забраць ляльку і напісаць пратакол. Ужо пайшла скарга ў суд…
- Вы што, пане Вірскі. Лялька ж у нас
…
- Я ведаю, ведаю, але што гэта ўсё
значыць, калі ўжо вэрхал, - сказаў Вірскі. – А што найгорш (я ведаю гэта ад
паліцэйскага), што пані Стаўска не хоча, каб Хелечка даведалася аб ляльцы,
спачатку не хацела яе паказваць, прасіла, каб гаварылі ціха, расплакалася…
Паліцэйскі кажа, што сам быў занепакоены, бо перадусім не ведаў, навошта яго
баранэса цягне ў пакой пані Стаўскай. Але як пачала, ведзьма, верашчаць: “Яна
мяне абкрала!... лялька знікла ў той самы дзень, калі Стаўска апошні раз была ў
мяне… арыштуйце яе, бо я адказваю ўсёй уласнасцю за праўдзівасць скаргі!” – так
тады мой паліцэйскі ўзяў
ляльку ва ўчастак і папрасіў пайсці з ім пані Стаўску… Вэрхал, ну што ж,
страшэнны вэрхал!...
- І што ж вы на
гэта?... – закрычаў я, шалеючы ад гневу.
- Мяне не было ўжо ў доме. Служанка пані Стаўскай
пагоршыла справу, лаючы паліцэйскага на вуліцы, за што нават сядзіць ва
ўчастку… Гэтая ж таксама ўласніца парыжскай пральні, каб дагадзіць баранэсе,
нагаварыла на пані Стаўску… Столькі толькі ў нас сёння помсты, што шаноўныя
студэнты вылілі на галаву баранэсе штосьці такое агіднае, што не можа адмыць…
- Ну і суд!... ну і справядлівасць!... – крычаў я.
- Суд апраўдае пані Стаўску, - сказаў ён, - гэта ясная
справа. Але што скандал існуе, то праўда… Бедная жанчына загубленая; ужо нават
сёння паадпраўляла вучаніц і сама не пайшла на ўрокі… Плачуць абедзве з маці.
Зразумела, што не чакаючы, калі зачыніцца магазін (цяпер здараецца ў мяне гэта
ўсё часцей), я пабег да пані Стаўскай, і нават паехаў на дрожках.
Па дарозе мне на розум прыйшла адна з найшчаслівейшых думак,
каб пра справу паведаміць Вакульскаму, да якога я таксама забег, не будучы
пэўным, ці ён дома, бо ўсё часцей ён праседжваў на службе ў панны Ленцкай.
Вакульскі быў у сябе, але якісьці разладкаваны. Заляцанні
відавочна не ішлі яму на здароўе. Каля я аднак расказаў яму гісторыю пані
Стаўскай з баранэсай і з лялькай, хлопец ажывіўся, узняў галаву і вочы ў яго
заблішчэлі. (неаднойчы я заўважыў, што найлепшым лекам на нашы ўласныя клопаты
з’яўляецца чужое няшчасце).
Ён выслухаў мяне з зацікаўленасцю (сумныя думкі кудысьці
адляцелі) прамовіў:
-
Ну і чорт з гэтай баранэсы… але пані
Стаўска можа спаць спакойна; справа яе светлая як сонца. Ці гэта на яе адну
сыходзіць людская подласць!
-
Добра табе так гаварыць, - адказаў я,
- бо ты мужчына, і перадусім у цябе ёсць грошы… Тымчасам яна, бядачка, у выніку
гэтай авантуры ўжо
сёння страціла ўсе заняткі, а хутчэй сама ад іх адраклася. З чаго яна будзе
жыць?...
-
Ай!... – войкнуў Вакульскі, - удараючы
сабе па ілбе. – Я не падумаў аб гэтым…
Ён прайшоўся пару крокаў па пакоі (моцна
зводзячы бровы), закрануў стул, пабарабаніў па шыбе вакна і раптам спыніўся
перада мной.
-
Добра! – прамовіў ёню – Едзь жа да
гэтых пані, а я там буду праз гадзіну. Мне здаецца, што зробім справу з пані
Мілеровай…
Я паглядзеў на яго з любоўю. Пані Мілерова
страціла нядаўна мужа, галантэрэйнага купца такога, як і мы; увесь жа яе
магазін, уласнасць і крэдыт залежалі ад Вакульскага. Таму я амаль здагадваўся,
што Стах зробіць для пані Стаўскай…
Шпарка іду тады на вуліцу, бухаюся ў
дрожкі, еду з хуткасцю трох лакаматываў і залятаю як кангрэўская ракета да гэтай цудоўнай, гэтай шляхетнай, гэтай
няшчаснай, гэтай усімі пакінутай пані Хелены. У мяне поўныя грудзі вясёлых воклічаў
і адчыняючы дзверы я хачу закрычаць са смехам: “Кпіце, пане, з усяго свету!…”
Але ўваходжу і – увесь мой добры настрой застаецца за парогам. Бо прашу сабе
ўявіць, што я знайшоў. У кухні Марыяна з завязанай галавой з апухлым тварам,
несумніўны доказ, што была сёння ва ўчастку. На коміне цёмна, посуд пасля абеду
не памыты, самавар не пастаўлены, а над апухлай бядачкай сядзіць жонка
вартаўніка, дзве служанкі і малочніца, аднак з тварамі як на пахаванні.
Дрыжыкі працялі маё цела, але я
ўваходжу ў гасціную. Амаль той самы выгляд. На сярэдзіне сядзіць у крэсле пані
Місевічова, таксама з закручанай галавой, а каля яе пан Вірскі, пані Вірска,
уласніца парыжскай пральні, якая зноў паспрачалася з баранэсай, і яшчэ якіхсьці
пару дам, якія размаўляюць напаўголас, але за тое шморгаюць насамі на цэлую
актаву, вышэй чым у штодзённых акалічнасцях. Да ўсяго я заўважаю каля печы пані
Стаўску, якая сядзіць на стулічку белая, як крэйда.
Словам, атмасфера катакомбаў, твары
белыя ці жоўтыя, вочы ў слязах, насы чырвоныя. Толькі Хелечка трымаецца яшчэ
сяк-так. Сядзіць каля фартэпіяна са сваёй ранейшай лялечкай і яе рукамі ад часу
да часу ўдарае па клавішы, кажучы:
-
Ціха, Зося, ціха… Не грай, бо ў бабулі
галава баліць.
Дадайце да гэтага прыглушанае святло
лямпы, якая крыху хістаецца, і … адчыненыя ралеты, і кожны зразумее, якія
пачуцці мяне ахапілі.
Убачыўшы мяне, пані Місевічова пачала
выліваць пэўна ўжо рэшткі слёз.
-
Ах, дык вы прыйшлі, высакародны пане
Жэцкі?... не адцураліся бедных жанчын, што трапілі пад ганьбу?... О, не цалуйце
ж маю руку! Няшчасная наша сям’я… Нядаўна Людвічка пасадзілі, а цяпер на нас прыйшла
чарга… Мы вымушаны адсюль выехаць, хоць бы на край свету… У мяне пад Чанстаховай сястра, туды паедзем заканчваць зламанае жыццё…
-
Я шапнуў Вірскаму, каб той далікатна
папрасіў выйсці гасцей, і наблізіўся да пані Стаўскай.
-
Лепш бы мне не жыць… - сказала яна мне
на прывітанне.
Я прызнаюся, што пасля некалькіхвіліннага
побыту я нібыта цалкам звар’яцеў. Я пакляўся б, што пані Стаўска, яе маці, і
нават прысутныя тут яе сяброўкі сапраўды зганьбаваныя і што нам усім не
застаецца нічога іншага, толькі смерць. Жаданне памерці не перашкодзіла мне
аднак паправіць лямпу, што хісталася, якая пачала ўжо ўвесь
пакой засыпаць далікатнай, але вельмі чорнай сажай.
- Ну, мае пані, - азваўся раптам
Вірскі, - выходзьма адсюль, бо пан Жэцкі павінен пагаварыць з пані Стаўскай.
Прысутныя дамы, у якіх суперажыванне не аслабіла цікаўнасці, адказалі, шо і яны
з намі могуць пагаварыць. Але Вірскі так галантна пачаў падаваць ім салопы, што
занепакоеныя бядачкі, пацалаваўшы пані Стаўску, пані Місевічову, Хелечку і пані Вірску ( я думаў, што ў канцы пачнуць цалаваць стулікі) выйшлі нарэшце і амаль
вымусілі пару Вірскіх выйсці разам з імі.
- Як сакрэт, значыць сакрэт, -
прамовіла самая рашучая з іх. Вы таксама не патрэбныя тут.
Наступіла новая атака развітанняў;
пацалункаў, суцяшэнняў і ледзьве выйшлі хуценька ўсёй
бандай, цырымонячыся яшчэ на сходах і ў дзвярах. Ах, гэтыя жанчыны!... Я часам
думаю, што Пан Бог для таго стварыў Эву, каб пашкодзіць Адаму побыт у раі.
Мы засталіся нарэшце ў сямейным колку, але салонік быў ужо
так насычаны копаццю і сумам, што я сам страціў усялякую энергію. Молячым
голасам я папрасіў пані Стаўску, каб мне можна было адкрыць фортку, і тонам
міжвольнага прамаўлення я параіў ёй, каб як найменш ад гэтай пары зачыняла
ралеты ў вокнах.
-
Вы памятаеце, пані, - прамовіў я пані
Місевічовай, - як я даўно звяртаў увагу на гэтыя ралеты?... Калі б яны былі
закрытыя, то пані Кшэшоўска не магла б сачыць, што дзе адбываецца ў вашым
пакоі.
-
Праўда, але хто ж на гэта спадзяваўся?
– адказала пані Місевічова.
-
Такое ўжо наша шчасце, - шапнула пані
Стаўска.
Я сеў на крэсле, сплёў рукі так, што
аж косці ў іх трашчэлі, і са спакойнай роспаччу я прыслухоўваўся да расповяд
праз слёзы пані Місевічовай аб ганьбе, якая на іх сям’ю спадае кожныя некалькі
гадоў, аб смерці, якая з’яўляецца мяжой людскіх пакут, аб споднях з нанкі памерлага
Місевіча і мностве да гэтага падобных рэчаў. Перш чым прайшла гадзіна, я быў
упэўнены, што справа аб ляльцы скончыцца актам нейкага агульнага самазабойства,
падчас якога я, канаючы ля ног пані Стаўскай, асмелюся прызнацца, што я яе
кахаю.
Раптам хтосьці моцна зазваніў да
кухні.
-
Паліцэйскі! – крыкнула пані
Місевічова.
-
Вы прымаеце? – запытаў госць Марыяну
голасам настолькі ўпэўненым, што я адразу адчуў надзею.
-
Гэта Вакульскі, - сказаў я пані
Стаўскай і падкруціў вус.
На цудоўным твары пані Хелены
паказаўся румянец, падобны да пялёстка бледнай ружы на снезе. Боская жанчына!...
О, чаму я не Вакульскі… Толькі б…
Увайшоў Стах. Пані Хелена выйшла яму
насустрач, каб прывітаць.
-
Вы намі не пагарджаеце?... – спытала
яна ціхім голасам.
Вакульскі са здзіўленнем паглядзеў ёй
у вочы і… два разы, адзін за адным… два разы, каб ён быў здаровы, пацалаваў яе
ў руку. З якой жа зрабіў гэта чуллівасцю, найлепшы доказ, што не было чуваць
звычайнага ў такіх выпадках цмокання.
-
Ах, значыць вы прыйшлі, шляхетны пане
Вакульскі?... не саромеецеся няшчасных жанчын, пакрытых ганьбай… - пачала ўжо
не ведаю які раз пані Місевічова сваю прывітальную прамову.
-
З дазвалення, - перапыніў яе
Вакульскі. – Становішча ваша, дамы, без сумнення прыкрае, але я не бачу прычыны
каб перажываць. Праз пару тыдняў справа высветліцца, і толькі тады можна будзе
кідацца ў роспач, але не вам, а гэтай вар’ятцы баранэсе. Як справы, Хелечка, -
дадаў ён, цалуючы дзяўчынку.
Голас яго быў настолькі спакойны і
станоўчы, а самі паводзіны настолькі натуральныя, што пані Місевічова перастала
енчыць, а пані Стаўска нібы больш жыва зірнула на мяне.
- Дык што мы павінны рабіць, шляхетны
пане Вакульскі, што не пасаромеўся… - пачала пані Місевічова.
- Трэба пачакаць працэсу, - перапыніў
Вакульскі, - давесці ў судзе пані баранэсе, што яна хлусіць, выдаць ёй падазрэнне ў паклёпе, і калі пойдзе за гэта ў каталажку, то не дараваць аніводнай гадзіны. Якісьці месяц, што правядзе ў
камеры, пойдзе ёй на карысць. Зрэшты я размаўляў ужо з адвакатам, які заўтра
прыйдзе да вас.
- Бог цябе спаслаў, пане Вакульскі… -
закрычала ўжо зусім натуральным голасам пані Місевічова, зрываючы з галавы
хустку.
- Я прыйшоў сюды па найважнейшай
справе, - прамовіў Стах да пані Стаўскай (яму відаць хацелася хутчэй развітацца
з ёй, гэтаму аслу!). – Вы пакінулі свае заняткі.
-Так.
- Дык пакіньце іх аднойчы і назаўсёды.
Гэта дрэнная праца і неаплочваемая. Займіцеся гандлем.
- Я?..
- Так, пані. Вы ўмееце лічыць?
- Я вучылася бухгалтэрыі… - прашаптала
пані Стаўска. Яна чамусьці была такая ўзрушаная, што села.
- Выдатна. Дык вось тут на мяне
зваліўся яшчэ адзін магазін з яго ўласніцай, удавой. Паколькі амаль увесь
капітал належыць мне, то ў справе гэтай я вымушаны мець кагосьці свайго; я
абраў бы жанчыну, маючы на ўвазе ўласніцу магазіны. Дык ці возьмецеся, пані, за
працу касіркі з аплатай… на сёння семдзесят пяць рублёў у месяц.
- Ты чуеш, Хеленка?- звярнулася да дачкі пані Місевічова,
робячы пры гэтым вельмі здзіўлены выраз твар.
- Дык вы, пане,
даверылі б сваю касу мне, каму прад’яўлена… - прамовіла пані Стаўска і
расплакалася.
Цяпер аднак
абедзве дамы супакоіліся, а праз паўгадзіны мы пілі ўсе гарбату, не толькі
размаўляючы, але нават смеючыся…
Вакульскі гэта
ўладзіў… Адзіны ў свеце чалавек! І як яго тут не любіць? Што праўда, можа і я
меў бы таксама добрае сэрца, толькі не хапае мне да яго дробязі… паўмільёна
рублёў, якімі валодае даражэнькі Стах.
Адразу пасля
Божага Нараджэння я ўладкаваў
пані Стаўску ў магазіне Мілеровай, якая прыняла новую касірку вельмі сардэчна і
на працягу паўгадзіны тлумачыла мне, які гэты Вакульскі шляхетны, разумны,
прыстойны… Як гэта да таго ж ён склеп выратаваў ад банкруцтва, а яе і дзяцей ад жабрацтва, і як бы гэта было добра, калі б такі чалавек ажаніўся. Небяспечная
жанчынка, нягледзячы на свае трыццаць пяць гадоў!... Ледзьве аднаго мужа
адвезла на Павонзкі, а ўжо (дам сабе
адсячы руку) сама не супроць была б другі раз замуж, натуральна за Вакульскага.
Я не злічыў бы, далібог, колькі тых асоб жаночага полу ўлягаюць за Вакульскім
(ці ўсё
ж за яго тысячамі?).
Пані Стаўска са
свайго боку захапляецца ўсім: і пасадай, якая прыносіць ёй зарплату, якой не
мела ніколі, і новым пакоем, які ёй знайшоў Вірскі.
Насамрэч неблагое
жытло: ёсць пярэдні пакой, куханька з ракавінай і вадаправодам, тры пакоікі досыць
зграбныя, а перадусім садок. Тымчасам растуць у ім тры засохлыя пруты і ляжыць
куча цаглін; але пані Стаўска ўяўляе
сабе, што на працягу года зробіць з гэтага рай. Рай, які можна накрыць
хусцінкай да носа!...
Год 1879 пачаўся
перамогай англічан у Афганістане, якія на чале з генералам Робертсам увайшлі ў
Кабул. Пэўна соус "кабуль" уздаражэе!...
Але Робертс хват; без адной рукі і нягледзячы на гэта лупцуе афганцаў, аж пер’е
ляціць… Хаця такіх дзікуноў перамагаць няцяжка; але паглядзеў бы я на цябе,
пане Робертс, як бы ты сябе паводзіў, маючы справу з венгерскай пяхотай!...
У Вакульскага таксама была пасля новага года баталія з
гэтым прадпрыемствам, якое стварыў для гандлю з імперыяй. Я думаю, што яшчэ
адна сесія, і ён разгоніць сваіх супольнікаў на чатыры бакі. Што ж гэта за
дзіўныя людзі, хоць скрозь інтэлігенцыя: прамыслоўцы, купцы, шляхта, графства!
Ён ім стварыў прадпрыемства, а яны лічаць яго ворагам гэтага таварыства і сабе
толькі прыпісваюць заслугу. Ён дае ім
сем працэнтаў за паўгода, а яны яшчэ
крывяцца і хацелі б знізіць зарплаты працаўнікам.
А гэтыя дарагія працаўнікі, за якіх спрачаецца
Вакульскі!... Што яны на яго нагаворваюць, як называюць яго эксплуататарам (N.B. у нашай справе
найбольшыя заробкі і заахвочванні!), а як адны пад другімі капаюць ямы…
З сумам я бачу, што ад пэўнага часу паміж нашымі людзьмі
пачынаюць расцвітаць невядомыя да гэтага часу звычкі: мала працаваць, гучна
наракаць, і паціху снаваць інтрыгі і пускаць плёткі. Але што мне гэтыя чужыя
справы…
А цяпер з надзвычайнай хуткасцю я скончу расповед аб
трагедыі, якая павінна была ўскалыхнуць кожнае шляхетнае сэрца.
Я ўжо нават забыўся аб прыкрым працэсе пані Кшэшоўскай
супраць гэтай нявіннай, гэтай чыстай, гэтай цудоўнай пані Стаўскай, калі,
дзесьці ў канцы студзеня, зваліліся на нас два перуны: звестка аб тым, што ў
Ветлянцы – чума, і – позва з суда да Вакульскага і да мяне на заўтра. У мяне
ногі затрымцелі і так гэта адбывалася ад пятаў да кален, потым узнялося да
страўніка, кіруючыся відавочна ў бок сэрца. Я думаю: “Чума ці паралюш?...” Але паколькі
Вакульскі ўспрыняў
позву вельмі абыякава, то і я набраўся адвагі.
Іду я гэта вечарам, поўны надзеі, да гэтых пані, ужо на
новую іх кватэру, як раптам чую на сярэдзіне вуліцы: дзвонь-дзвонь…
дзвонь-дзвонь! … О раны божыя, але ж гэта арыштантаў вядуць!... Што за нядобрая
варажба… Ой, якія ж мяне сумныя думкі апанавалі: “А калі суд не паверыць нам
(бо памылкі магчымыя) і калі гэту найшляхетнейшую жанчыну арыштуюць, хаця б на
тыдзень, хаця б на адзін дзень – што ж тады?... Яна гэта не перажыве, і я
таксама… Калі б я і перажыў, то хіба
толькі – каб за беднай Хелечкай хто наглядаў…”
Так я вымушаны жыць… Але якое гэта будзе жыццё!...
Я ўваходжу да гэтых пані… А, зноў цэлая прыгода! Пані
Стаўска сядзіць бледная на стуліку, а пані Місевічова на галаве трымае хустку, намочаную ў супакойнай вадзе. Пахне ад старой на два локці камфарай і кажа яна
лямантуючым голасам:
- О, шляхетны пане Жэцкі, што не саромеецеся няшчасных,
зганьбаваных жанчын… Уявіце сабе, што за гора: заўтра справа Хеленкі… і толькі
падумайце: што будзе, калі суд памыліцца і гэтая няшчасная жанчына трапіць у
арыштанцкі дом?... Але супакойся, Хеленка, будзь смелая, можа Бог будзе
літасцівы… Хаця ў гэтую ноч сніўся мне нядобры сон…
(У яе быў сон, я спаткаў арыштантаў… Не абыдзецца без
катастрофы.)
- Але, - кажу я, -
што ж зноў! Справа наша як золата, мы яе выйграем… Зрэшты што там гэткая
справа; горшая гісторыя з чумой… - дадаў я, каб накіраваць увагу пані
Місевічовай у іншы напрамак. І добра патрапіў… Бо мая старэча як закрычыць:
- Чума?... тут?... у Варшаве?... А што, Хеленка, я не
казала?...Ааа… ужо канец нам усім!... Бо падчас чумы кожны зачыняецца ў доме… ежу падаюць сабе на жардзінах… трупы сцягваюць на
могілкі крукамі…
Ууу… я бачу, разгулялася фантазія пані, таму каб стрымаць яе ў
пытанні чумы, я нагадаў зноў пра працэс, на што гэтая дарагая пані адказала мне
доўгім выказваннем аб ганьбе, якая не пакідае яе сям’ю, аб магчымым зняволенні
пані Стаўскай, аб тым, што разлютаваўся самавар…
Карацей кажучы, апошні вечар перад разглядам справы, калі
якраз найпатрэбнейшая была энергія, апошні гэты вечар сыйшоў у нас паміж чумой
і смерцю ды ганьбай і крыміналам. У галаве маёй усё змяшалася так, што калі я
апынуўся на вуліцы, то не ведаў, куды ісці, у які бок?
На другі дзень (справа павінна была быць а дзесятай) ужо
а восьмай я паехаў да маіх пані і не застаў нікога.
Усе пайшлі на споведзь: маці, дачка, унучка і кухарка, і ядналіся
з Богам да паловы дзесятай, а я няшчасны ( быў усё ж студзень) шпацыраваў перад
брамай на марозе і думаў:
“Добрая справа! Спозняцца ў суд, калі яшчэ не спазніліся,
суд выдасць прысуд завочны і натуральна, не толькі пакарае пані Стаўску, але
яшчэ абвесціць яе збеглай, разашле лісты пераследу… Так заўсёды з гэтымі
жанчынамі!...”
Нарэшце прыйшлі ўсе чатыры з Вірскім (ці і той пабожны
чалавек хадзіў сёння на споведзь?) і – на двух дрожках мы паехалі на разгляд
справы: я з пані Стаўскай і Хелечкай, а Вірскі з пані Місевічовай і кухаркай.
Шкада яшчэ, што не ўзялі з сабой рондля, самавара і пліткі на салярцы!... Перад
судом мы спаткалі экіпаж Вакульскага, на якім прыехаў ён і адвакат. Яны чакалі
нас на сходах такіх забруджаных, нібы прайшоў там батальён пяхоты – і былі ў іх
твары досыць спакойныя. Я б нават пабіўся аб заклад, што яны размаўлялі аб чымсьці
іншым, не аб пані Стаўскай.
-
О, мілы пане Вакульскі, што не
саромеешся бедных жанчын, пакрытых… - пачала пані Місевічова.
Але Стах падаў ёй
руку, а адвакат пані Стаўскай, Вірскі ўзяў за ручку Хелечку, а я дапамагаў
Марыяне і так мы ўвайшлі ў пакой судовы.
Зала нагадвала мне школу; суддзя
сядзеў на ўзвышэнні як прафесар на кафедры, а насупраць яго, у двух шэрагах
лаваў, змяшчаліся абвінавачаныя і сведкі. У гэтую хвіліну так жыва паўсталі мне
ў памяці маладыя гады, што, міжволі, я кінуў вокам на печ, перакананы, што ўбачу
фурмана з розкаю і лаўку, на якой нас лупцавалі па скуры. Я хацеў нават расхваляваны
крыкнуць: “Пакуль жыву, то не буду больш, пане настаўнік!”, але ў час апамятаўся.
Мы пачалі рассаджваць нашых пані па
лаўках і спрачацца з гэтай нагоды з яўрэямі, якія, як мне гэта пазней
растлумачылі, з’яўляюцца самымі нецярплівымі слухачамі судовых спраў, асабліва
аб крадзяжы і махлярстве. Мы знайшлі нават месца для шаноўнай Марыяны, якая
ўсеўшыся, зрабіла такі выраз твару, нібы мела намер перахрысціцца і прачытаць
малітву.
Вакульскі, наш адвакат і я
размясціліся на першай лаўцы, каля ягамосця з разадраным паліто і падбітым
вокам, на якога з непрыемнасцю пазіраў адзін з прысутных паліцэйскіх.
“Пэўна зноў якаясьці спрэчка з
паліцыяй”, - падумаў я.
Раптам вусны самі раскрыліся ў мяне ад
здзіўлення; я ўбачыў перад кафедрай судовага пакою ўсю
грамаду знаёмых мне асоб. Налева ад стала – пані Кшэшоўска, яе чарвівы адвакат
і гэты лайдак Марушэвіч, а направа два студэнты. Адзін з іх вызначаўся вельмі
палінялым мундзірам і незвычайна насычанай гаворкай; у другога быў яшчэ больш
палінялы мундзір, каляровы шалік на шыі і выглядаў ён, далібог, як эмігрант з
перадпахавальнага дому.
Я прыгледзеўся да яго лепш. Так, гэта
ён, гэта значыць той самы худы малады чалавек, які падчас першага візіту Вакульскага
да пані Стаўскай скінуў баранэсе селядца на галаву. Любы хлопец!... Але ж не надаралася
мне ўбачыць раней нікога настолькі худога і жоўтага…
У першую хвіліну я думаў, што паміж
гэтымі прыемнымі маладымі людзьмі і баранэсай ідзе працэс якраз наконт гэтага
селядца. Аднак пазней пераканаўся, што справа ў чымсьці іншым, што менавіта
пані Кшэшоўска, як стала ўласніцай дому, то хоча з яго выкінуць сваіх заклятых
ворагаў, і разам з тых самых злосных неплацельшчыкаў за пражыванне.
Справа паміж баранэсай і маладымі людзьмі ў гэтую хвіліну дасягнула найвышэйшага пункту. Адзін са студэнтаў, прыгожы хлопец
з вусікамі і бакенбардамі, узнімаючыся на пальцах ці становячыся на абцасікі
расказваў штосьці суддзю; пры гэтым правай рукой ён выконваў акруглыя рухі, а
левай какетліва падкручваў вусік, высока ўзнімаючы мізінец, упрыгожаны
пярсцёнкам без каменя.
Другі маладзён маўчаў паважна і
хаваўся за калегу. У паставе яго я заўважыў пэўную асаблівасць: ён прыціскаў да
грудзй абедзве рукі, а далоні склаў такім чынам, нібы ў іх трымаў кнігу ці
абразок.
- Дык як вас, панове, клічуць? – спытаў
суддзя.
- Малескі, - адказаў з паклонам
уладальнік фаварытаў – і Паткевіч… - дадаў ён, паказваючы жэстам, поўным свецкага
густу на панурага таварыша.
- А трэці пан дзе?
- Ён хварэе. – адказаў манерна пан
Малескі. – Гэта наш паднаймальнік і зрэшты вельмі рэдка жыве з намі.
- Як гэта? Вельмі рэдка жыве? Дзе ж ён
сядзіць днём?
- Ва ўніверсітэце,
у прасекторыі, часам на абедзе.
- Ну, а ўночы?
- На гэты конт я магу пану суддзю даць
толькі сакрэтныя тлумачэнні.
- А дзе ж ён запісаны ў кнігі?
- О, запісаны ён увесь час у нашым
доме, паколькі не хацеў бы рабіць уладам клопатаў, - патлумачыў пан Малескі з
выразам твару лорда.
Суддзя звярнуўся да пані Кшэшоўскай.
-
Што ж, пані надалей не хоча трымаць
гэтых паноў?
-
Ні за якія скарбы! – праенчыла пані
баранэса. – Цэлымі начамі рыкаюць, тупаюць, спяваюць, свішчуць… Няма служкі ў
доме, якую б яны не звабілі да сябе… Ах, Божа!... – крыкнула яна, адварочваючы
галаву.
Суддзя быў здзіўлены выклічнікам, а я
дык не… Я заўважыў, бо ведаю, што пан Паткевіч, не адымаючы рук ад грудзей, раптам вывярнуў вочы і апусціў ніжнюю сківіцу такім чынам, што зрабіўся падобны
да паўсталага трупа. Яго твар і ўся пастава сапраўды магла ўразіць нават
здаровага чалавека.
-
Самае дрэннае – гэта тое, што гэтыя
панове выліваюць праз вакно нейкія вадкасці…
-
Што, на вас? – спытаў з’едліва пан
Малескі.
Баранэса пасінела ад гневу, але
змоўкла; сорам ёй было прызнацца.
-
Што ж далей? – прамовіў суддзя.
-
Але самае дрэннае з усяго (з-за чаго я
нават пакутую ад нервовай хваробы), што гэтыя панове па некалькі разоў на дзень
стукаюць у маё вакно чэрапам…
-
Гэта праўда, панове? – запытаў суддзя.
-
Буду мець гонар растлумачыць пану
суддзю, - адказаў Малескі, з паставай чалавека, які хоча станцаваць менуэт. –
Нам прыслужвае вартаўнік дому, які жыве на першым паверсе; каб не марнаваць час
сыходжаннем і ўзыходжаннем на чацвёрты паверх, у нас ёсць доўгая вяроўка, мы
вешаем на яго тое, што ёсць пад рукой (можа часам здарыцца і чэрап), і…
стукаем у яго вакно – закончыў ён такім салодкім голасам, што цяжка было
спужацца настолькі далікатнага стукання.
- Ах, Божа!... – крыкнула зноў пані
баранэса, адхіляючыся.
- Відавочна, жанчына хворая, - буркнуў
Малескі.
- Не хворая! – закрычала баранэса. –
Але выслухай мяне, пані суддзя!... Я не магу пазіраць на таго другога… бо ён
увесь час робіць такія міны як нябожчык… Я нядаўна страціла дачку!... –
скончыла яна са слязьмі.
- Слова гонару, што ў гэтай пані
галюцынацыі, - прамовіў Малескі. Хто тут падобны да нябожчыка?... Паткевіч?...
такі прыстойны хлопец!... – дадаў ён, папіхаючы наперад мізэрнага калегу, які… у гэтую хвіліну якраз можа
пяты раз удаваў трупа.
У зале выбухнуў смех; суддзя каб выратаваць
сітуацыю, заглыбіўся з галавой у паперы і праз доўгую паўзу строга паведаміў,
што смяяцца нельга і што кожны, хто парушае парадак, будзе пакараны грашова.
Карыстаючыся замаруджаннем Паткевіч крануў калегу за рукаў і прашаптаў сумна:
- Што ж ты, свіння, Малескі, кпіш з
мяне ў публічным месцы?
- Бо ты ж прыстойны, Паткевіч. Жанчыны
за табой аж млеюць.
- Дык жа не пагэтаму… - буркнуў
Паткевіч значна спакайнейшым тонам.
- Калі ж, панове, заплаціце дванаццаць
рублёў пяцьдзесят капеек за месяц студзень? – спытаў суддзя.
Пан Паткевіч на гэты раз паказваў
чалавека, у якога бяльмо на левым воку і левая частка твару паралізавана; пан
Малескі паглыбіўся ў глыбокі роздум.
- Калі б мы, - прамовіў ён праз
хвіліну, - маглі застацца да вакацый,
то… Але так!... Пані баранэса, забярыце ў нас мэблю.
- Ах, нічога я ўжо не хачу, нічога…
Толькі выбірайцеся, панове! У мяне нават ніводнай прэтэнзіі наконт каморных… -
закрычала баранэса.
- Як гэта жанчына сябе кампраметуе, -
шапнуў наш адвакат. Валочыцца па судах, бярэ такога нягодніка за дарадчыка…
- Але ў нас да вас, пані, прэтэнзіі адносна
шкоды і стратаў! – азваўся Малескі. – Хто гэта чуў, каб у гэтую пару прасіць у
нармальных людзей каморныя?... Калі б нават мы знайшлі пакой, то ён будзе такі непрыстойны,
што як найменш двое з нас памром ад сухот…
Пан Паткевіч пэўна з мэтай доказу
большай важкасці словам прамоўцы пачаў варушыць вухам і скурай на галаве; што ў
зале выклікала новы прыступ весялосці.
- Першы раз бачу штосьці падобнае! –
прамовіў наш адвакат.
- У сэнсе такую справу? – спытаў
Вакульскі.
- Не, але каб чалавек вухам варушыў.
Гэта ж артыст!...
Суддзя тымчасам напісаў і прачытаў
прысуд, паводле якога паны: Малескі і Паткевіч, былі пакараныя на выплату
дванаццаці рублёў пяцідзесяці капеек каморных а таксама на выезд з кватэры да 8
лютага. Тут адбыўся надзвычайны факт. Пан Паткевіч, пачуўшы прысуд, адчуў
такое моцнае ўзрушэнне маральнае, што твар у яго зрабіўся зялёны і – ён самлеў.
На шчасце, падаючы, ён трапіў у абдымкі пана Малескага; інакш страшна пабіўся
б, небарака.
Натуральна ў зале пачуліся галасы
суперажывання, кухарка пані Стаўскай заплакала. Яўрэйчыкі пачалі паказваць
пальцамі на баранэсу і закашлялася. Заклапочаны суддзя перапыніў пасяджэнне і
кіўнуў галавой Вакульскаму (адкуль яны ведаюць адзін аднаго?) ды пайшоў у свой
пакой, а два паліцыянты амаль вынеслі на руках няшчаснага маладога чалавека,
які на гэты раз быў сапраўды падобны да трупа.
Толькі ў пярэднім пакоі, калі паклалі
яго на лаўку, і адзін з прысутных гучна папрасіў, каб яго аблілі вадой, хворы
раптам падхапіўся і прамовіў грозна:
-
Ну, ну!... толькі без дурных жартаў…
Пасля тут жа сам апрануў паліто,
энергічна нацягнуў нянадта цэлыя калошы і лёгкім крокам пакінуў залу суда да
здзіўлення паліцыянтаў, абвінавачаных і сведкаў.
У гэтую хвіліну наблізіўся да нашай лавы якісьці судовы
чыноўнік і шапнуў Вакульскаму, што суддзя просіць яго на снеданне. Стах выйшаў,
а пані Місевічова пачала клікаць мяне роспачнымі знакамі.
- Езус! Марыя!... – прамовіла яна, -
ты не ведаеш, пане, навошта суддзя паклікаў гэтага найшляхетнейшага з людзей?
Пэўна, хоча яму паведаміць, што Хеленка загублена!... О, гэтая агідная баранэса
відаць мае вялікія сувязі… ужо адну справу выйграла і пэўна будзе тое ж самае з
Хеленкай… О, я няшчасная!... ці няма ў вас, пане Жэцкі, якіх кропелек каб
апамятацца?
- Вам млосна?
- Яшчэ не, хоць тут і няма паветра…
Але я страшна баюся за Хеленку… Калі яе пакараюць, яна самлее, і можа памерці, калі
мы яе не прывядзём у свядомы стан… Вы не думаеце, даражэнькі пане, што добра б
зрабіла, калі б упала ў ногі да суддзі і маліла яго…
- Але ж, пані, гэта ўсё непатрэбна…
Якраз казаў наш адвакат, што баранэса можа б і хацела адклікаць скаргу, толькі
ўжо нельга.
- Дык мы саступім! – усклікнула пані.
- О, што не, то не, шаноўная пані, -
азваўся я крыху нецярпліва. – Ці выйдзем зусім цалкам невінаватыя, ці…
- Памром, хочаце сказаць? – перапыніла старая. – О, не
кажы так... Вы, пане, нават не ведаеце, як прыкра ў маім узросце чуць аб
смерці...
Я адышоўся ад роспачу пані-старэчы і пайшоў да пані
Стаўскай.
- Ну як вы сябе адчуваеце?
- Выключна! – адказала яна гучна. – Яшчэ ўчора страшэнна
баялася; але ўжо пасля споведзі мне лягчэй дыхаць, а ад часу, як тут знаходжуся,
то адчуваю сябе зусім спакойнай.
Я паціснуў яе руку доўга...доўга...так, як умеюць
паціскаць толькі тыя, хто насамрэч любіць, і пабег да сваёй лавы, бо Вакульскі,
а за ім суддзя ўвайшлі ў залу.
Сэрца ў мяне лупанула як молат. Я паглядзеў навокал. Пані
Місевічова відавочна малілася з закрытымі вачыма, пані Стаўска была вельмі
бледная, але з рашучым выразам твару, пані баранэса шчыпала свой салоп, а наш
адвакат паглядаў на столь і стрымліваў пазяханне.
У гэтую хвіліну і Вакульскі зірнуў на пані Стаўску і –
няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не заўважыў у яго вачах выразу чуласці, які
вельмі рэдка там быў заўважны!...
Каб яшчэ пару такіх працэсаў, то я ўпэўнены, што ён
закахаўся б у яе насмерць.
Суддзя на працягу пары хвілін штосьці пісаў, а скончыўшы,
паведаміў прысутным, што цяпер будзе разглядацца справа Кшэшоўскай супраць
Стаўскай аб крадзяжы лялькі.
Адначасова ён заклікаў бакі і іх сведкаў на сярэдзіну.
Я стаў каля лаваў, дзякуючы чаму мог чуць размову двух
кумак, з якіх маладзейшая і чырвоная з твару тлумачыла старэйшай:
- Гэта, бачыце пані: гэтая прыгожая пані скрала ў той
пані ляльку…
- Было б на што спакушацца!...
- Ха, усё няпроста. Не кожны можа красці качалкі…
- Гэта вы ўкралі качалкі, - азваўся з-за спінаў кумак
грубы голас. – Не той злодзей, што забірае сваю ўласнасць, але той, хто дае
пятнаццаць рублёў задатку і думае, што ўжо купіў…
Суддзя ўвесь час пісаў, а я хацеў узгадаць сабе прамову,
якую я склаў учора ў абарону пані Стаўскай ад ганьбы з боку баранэсы. Але блыталіся
мне ў галаве выразы і сказы, таму я пачаў аглядаць залу. Пані Місевічова ўвесь
час малілася, пазіраючы на лаўку ды
паціху, а Марыяна, што сядзела за ёй, плакала. Пані Кшэшоўска была шэрая з
твару, з зацятымі вуснамі і апушчанымі вачыма; але з кожнай складкі яе адзення
выглядвала злосць… Каля яе стаяў Марушэвіч, які таксама ўглядаўся ў зямлю. А за
ім служанка баранэсы, такая спужаная, нібы яе павінны былі весці на эшафот…
Наш адвакат усё яшчэ стрымліваў пазяханне.
Вакульскі сціскаў кулакі, а пані Стаўска пазірала па
чарзе на ўсіх з такім лагодным спакоем, што калі б я быў разьбяром, то ўзяў бы
яе за мадэль для статуі абвінавачанай нявіннасці.
Раптам, нягледзячы на пратэст Марыяны, Хелечка выбегла на
сярэдзіну залы і схапіўшы маці за руку спытала напаўголас:
-
Мама, навошта гэты пан загадаў вам
сюды прыйсці?... Я штосьці скажу на вушка: пэўна мама паводзіла сябе
няправільна і зараз будзе стаяць у куце…
-
Гэта падвучылі!... – прамовіла
чырвоная кумка да старэйшай.
-
А каб вы, пані, так былі здаровы! –
буркнуў за ёй грубы голас.
- Вы, пан, будзеце здаровы за маю крыўду… - адказала з
гневам кумка.
- А вы пані будзеце канаць у канвульсіях і будуць вас у
пекле качаць маімі качалкамі, - адказаў ёй антаганіст.
- Цішэй! – закрычаў суддзя. – Што пані Кшэшоўска кажа аб
справе?
- Выслухайце мяне, пане суддзя! – пачала дэкламаваць пані
баранэса, выставіўшы нагу наперад.
– Пасля памерлага дзіцяці засталася ў мяне, як найдаражэйшая памяць, лялька,
якая вельмі падабалася гэтай вось пані, - паказала яна на Стаўску, - і яе
дачцэ…
- Абвінавачаная заходзіла да пані?
- Так, я наймала яе як швачку…
- Але нічога ёй не заплаціла! – выгукнуў з канца залы
Вірскі.
- Цішыня! – спыніў яго суддзя. – Дык і што ж?
- У дзень, калі гэтую пані я аддаліла ад сябе, - сказала
баранэса, - знікла і мая лялька. Я думала, што памру ад шкадавання, і зараз жа
пачала яе падазраваць… У мяне было добрае прадчуванне, бо праз некалькі дзён
мой сябар, пан Марушэвіч, убачыў праз вакно, што гэта пані (якая жыве насупраць яго)
трымае ў сябе маю ляльку і каб мы яе не пазналі, пераапранае ў іншую сукенку.
Тады я пайшла ў яго пакой з маім законным дарадцам і
ўбачыла праз ларнет, што мая лялька сапраўды ў гэтай пані. На другі дзень то я
пайшла да яе, забрала ляльку, якую тут бачу на стале, і падала скаргу.
- А пан Марушэвіч перакананы, што гэта тая самая лялька,
якая была ў пані Кшэшоўскай? – спытаў суддзя.
- Гэта значыць, уласна кажучы, пэўнасці не маю ніякай...
- Дык чаму ж вы пане Марушэвіч паведамілі гэта пані
Кшэшоўскай?
- Менавіта… я не ў тым сэнсе…
- Не хлусьце, пане! – закрычала баранэса. – Вы прыбеглі
да мяне, і са смехам паведамілі, што Стаўска скрала ляльку і што гэтая да яе
падобна…
Марушэвіч пачаў мяняцца ў твары, пацець і нават
перамінацца з нагі на нагу, што ёсць якраз доказам вялікай скрухі.
- Подлы, - буркнуў Вакульскі досыць гучна.
Я заўважыў аднак, што заўвага гэтая не дадала Марушэвічу адвагі. Увогуле, здавалася, быў яшчэ больш збянтэжаны.
Суддзя звярнуўся да служанкі пані Кшэшоўскай.
- У вас была гэта лялька?
- Я не ведаю, якая… - прашаптала запытаная.
Суддзя працягнуў ёй ляльку, але служанка, маўчала,
лыпаючы вачыма і заламваючы рукі.
- Ах, гэта Мімі!... – усклікнула Хелечка.
- О, пане суддзя! – крыкнула баранэса. – Дачка сведчыць
супраць маці…
- Табе знаёмая гэта лялька? – спытаў суддзя Хелечку.
- О так!... зусім такая ж была ў пані там у пакойчыку…
- Ці гэта тая самая?
- О не. Не тая… У той была шэраваценькая сукенка і чорныя
чаравічкі, а ў гэтай карычневыя чаравічкі!...
- Ну, так… - прабурчаў суддзя, кладучы ляльку на стол. –
Што пані Стаўска скажа?... – дадаў ён.
- Гэтую ляльку я купіла ў магазіне пана Вакульскага.
- А колькі пані аддалі за яе?... – прашыпела баранэса.
- Тры рублі.
- ха! Ха! Ха!... – засмяялася баранэса. – Гэтая лялька
каштуе пятнаццаць…
- хто пані прадаў гэтую ляльку? – запытаў суддзя
Стаўскай.
- Пан Жэцкі, - адказала яна, чырванеючы.
- Што скажаце, пан Жэцкі?... – прамовіў суддзя.
І тут якраз быў час выказаць маю прамову. І я пачаў:
- Шаноўны суддзя!... З сумным здзіўленнем прыходзіць мне…
тое самае… бачу перад сабой трыумф злосці і гэта… прыгнечанасць…
Раптам так мне пасмяглі вусны, што я не мог прамовіць
слова. На шчасце, азваўся Вакульскі:
- Жэцкі быў толькі прысутны падчас
куплі, а ляльку я прадаў.
-
За тры рублі? – спытала баранэса,
бліснуўшы вачыма яшчаркі.
-
Так, за тры рублі. Гэта тавар
выбракаваны, ад якога мы пазбаўляемся.
-
І мне б вы прадалі такую ляльку за тры
рублі? – дапытвалася баранэса.
-
Не! Вам ужо нічога і ніколі не
прададуць у маім склепе.
-
Які ў вас доказ, што гэтая лялька
куплёная ў вас? – спытаў суддзя.
-
Вось-вось! – усклікнула баранэса. –
Які доказ?...
-
Цішыня! – спыніў яе суддзя.
-
Дзе вы сваю ляльку купілі? – спытаў
баранэсу Вакульскі.
-
У Лесэра.
-
Значыць, у нас ёсць доказ, - прамовіў
Вакульскі. – Лялькі такія я прывозіў з-за мяжы па частках: асобна галовы,
асобна корпус. Няхай жа пан суддзя адкруціць галаву, а ўнутры знойдзе назву
маёй фірмы.
Пані баранэса пачала непакоіцца.
Суддзя ўзяў
у рукі ляльку, якая столькі нарабіла непрыемнасцяў, і казённым сцізорыкам
разрэзаў ёй спачатку верх адзення, а потым пачаў з вялікай увагай адкручваць
галаву ад тулава. Хелечка, спачатку здзіўленая, пазірала на гэтую аперацыю,
потым звярнулася да маці, кажучы напаўголас:
- Мама, навошта гэты дзядзечка распранае
Мімі? Ёй жа будзе сорамна…
Раптам зразумеўшы, у чым срава,
выбухнула плачам і ўкрываючы твар у сукенцы пані Стаўскай, закрычала:
-
Ах, мама, навошта ён яе рэжа?... Гэта
ж вельмі балюча… О мама, мама, я ўжо не хачу, каб Мімі рэзалі…
-
Не плач, Хелечка, Мімі будзе здаровая
і яшчэ больш прыгожая, - супакойваў яе Вакульскі, узрушаны не менш за Хеленку.
-
Тымчасам галава Мімі ўпала на паперы.
Суддзя зазірнуў унутр і падаючы маску пані баранэсе прамовіў:
-
Ну, прачытайце, пані, што там
напісана?
Баранэса прыкусіла вусны і маўчала.
-
То няхай пан Марушэвіч прачытае гучна,
што там.
-
Ян Мінцаль і Станіслаў Вакульскі… -
узвыў Марушэвіч.
-
Што, не Лесэр?
-
Не.
На працягу гэтага часу служанка
баранэсы паводзіла вельмі двузначным чынам: чырванела, бялела, хавалася паміж
лавак…
Суддзя пазіраў на яе з-пад вока;
раптам прамовіў:
-
Цяпер панна нам раскажа, што было з
лялькай? Толькі папрашу праўду. Бо панна будзе прысягаць…
Запытаная з найвышэйшай бояззю
схапілася за галаву і прыпала да стала ды хутка адказала:
-
Лялька разбілася, пане…
- Тая ваша лялька, ад пані Кшэшоўскай?...
- Тая…
-
Ну, то разбілася ў яе толькі галава, а
рэшта дзе?...
-
На гарышчы, пане… Ой, што мне будзе!
-
Нічога вам не будзе; горш было б не
сказаць праўду. А пані абвінаваўца чуе, у чым справа?
Баранэса апусціла позірк і скрыжавала
рукі на грудзях, як пакутніца.
Суддзя пачаў пісаць. Чалавек, што
сядзеў на другой лаве (відавочна катальшчык бялізны) звярнуўся да панны,
чырвонай з твару:
-
Ну што, скрала?... Вы бачыце, пані,
што цяпер стала з маной пані?... Гм?...
-
Калі жанчына прыгожая, то і з
крыміналу выйдзе сухой, - прамовіла чырвоная кумка сваёй суседцы.
-
Але вы, пані, то не выйдзеце сухой… -
буркнуў катальшчык.
-
Дурань вы, пане!
-
А вы яшчэ дурнейшая!
-
Цішыня!... – папрасіў суддзя.
Нам загадалі ўзняцца з лаваў і мы
пачулі прысуд які як мага больш здымаў віну з пані Стаўскай.
-
Цяпер, - скончыў суддзя пасля чытання,
- можа пані падаць скаргу аб паклёпе.
Ён сыйшоў у залу, паціснуў руку пані
Стаўскай і дадаў:
- Мне вельмі прыкра, што я вас судзіў,
і вельмі прыемна, што магу павіншаваць.
Пані Кшэшоўска зайшлася ад плачу, а пані з чырвоным тварам гаварыла сваёй суседцы:
- На прыгожы раток то і суддзя
палюбуецца… Але не так гэта будзе апошнім днём! – уздыхнула яна.
- Халера!... якое гэта блюзнерства… -
прабурчэў катальшчык.
Пачалі разыходзіцца. Вакульскі падаў
руку пані Стаўскай, з якой выйшаў наперад, я ж асцярожна пачаў дапамагаць
сыходзіць пані Місевічовай з брудных сходаў.
- Я казала, што так скончыцца, -
запэўнівала мяне старэча. – але вы не давалі веры…
- Я не даваў веры…
- Так, хадзіў, як атручаны… Езус! Марыя!… А гэта што?...
Апошнія гэтыя словы былі
скіраваныя на худога студэнта, які разам
са сваім таварышам чакаў перад брамай, відавочна пані Кшэшоўску, і думаючы, што
яна выходзіць, пераўвасобіўся ў трупа перад… пані Місевічовай!... Тут жа
зразумеў сваю памылку і засаромеўся так, што пабег на пару наперад.
- Паткевіч!... Стой жа… ужо ідуць… -
закрычаў пан Малескі.
- А няхай цябе д’яблы возьмуць!... –
выбухнуў пан Паткевіч. – Ты заўсёды патрапіш мяне скампраметаваць.
Пачуўшы аднак шум у браме вярнуўся і
яшчэ раз прадэманстраваў нябожчыка… Вірскаму!...
Гэта ўжо маладых людзей цалкам
узрушыла; таму пайшлі дадому вельмі злосныя адзін на аднаго і кожны па сваім
баку вуліцы.
Але пакуль мы іх дагналі на дрожках,
то ўжо зноў ішлі разам і пакланіліся нам з вялікай галантнасцю.