суббота, 24 марта 2018 г.
суббота, 17 марта 2018 г.
Б.Прус лялька том 2 раздзел 12 Пад адным дахам
РАЗДЗЕЛ 12
ПАД АДНЫМ ДАХАМ
У той самы час, калі Вакульскі з пані Вансоўскай спрачаліся і насіліся галопам па лузе, з маёнтку графіні да Заслаўка пад’язджала панна Ізабэла. Учора яна атрымала ад старшыніхі ліст, адпраўлены таемным пасланцом, а сёння на выразнае жаданне сваёй цёткі паехала, але неахвотна. Яна была ўпэўнена, што ў Заслаўку ўжо знаходзіцца моцна пратэжыраваны старшыніхай Вакульскі; такое раптоўнае падарожжа, здавалася, было для яе не ўласцівым.
“Хоць бы нават павінна была калі-небудзь выйсці за яго, - сказала яна сабе, то і тады не маю права спяшацца на павітанне”.
Але паколькі рэчы спакаваліся, экіпаж прыбыў, і нават з пярэдняга сядзення выглядала ўжо яе пакаёўка, то панна Ізабэла вырашыла выехаць.
Развітанне яе з сям’ёй было поўнае значэння. Пан Ленцкі, увесь час разладавана паціраў вочы, а графіня, уклала ёй у руку аксамітны мяшэчак з грашыма і пацалавала ў лоб ды прамовіла:
- Я не раю, але і не адгаворваю. У цябе ёсць розум, ведаеш, якое становішча, таму сама павінна штосьці вырашыць і пры тым канчаткова.
Што вырашыць? Якое прыняць рашэнне? Пра гэта графіня не ўзгадвала.
Знаходжанне ў гэтым годзе на вёсцы глыбока змяніла некаторыя погляды панны Ізабэлы; не выправіла гэтага аднак ні свежае паветра, ні цудоўныя пейзажы, але выпадкі і мажлівасць спакойнага іх абдумвання.
- Прыехала сюды па выразным жаданні цёткі, дзеля Старскага, пра якога паўсюль гаварылі, што ён атрымае маёнтак пасля старшыніхі. Тымчасам старшыніха прыгледзеўшыся да свайго стрыечнага ўнука вырашыла, што як найбольш запіша яму тысячу рублёў прыжыццёвай рэнты, якая напэўна вельмі яму прыдасца на старасці. Цэлы маёнтак яна вырашыла запісаць на дзяцей парабкаў і іх нешчаслівых маці.
Ад гэтай хвіліны Старскі ў вачах графіні страціў усялякую вартасць. Страціў яе і для панны Ізабэлы, засведчыўшы, што ніколі не ажаніўся б з “паннай без пасагу”; хутчэй бы з кітаянкай ці японкай, толькі каб у яе было каля дваццаці тысяч рублёў штогод.
- За меншы даход не варта рызыкаваць будучыняй, - сказаў ён.
І як толькі так сказаў, то панна Ізабэла перастала яго лічыць істотным залётнікам.
Але ж, гаворачы гэтак, паціху ўздыхнуў, глянуў на яе хутка, таму панна Ізабэла падумала, што прыгожы Казя павінен мець нейкую сардэчную таямніцу і што, шукаючы багатую жонку, робіць ахвяру. Для каго?... Можа для яе… бедны хлопец, але цяжка. Калі-небудзь можа адшукае спосаб зменшыць яго пакуты, але сёння належыць трымаць яго ўдалечыні. Што вынікала тым лягчэй, таму што Старскі пачаў гвалтоўна заляцацца да багатай пані Вансоўскай і кружляць здалёк каля панны Эвеліны Яноцкай, напэўна каб сцерці да рэшты сляды, што некалі быў закаханы ў панну Ізабэлу.
“Бедны хлопец, але цяжка. Жыццё дадае свае абавязкі, якія трэба выканаць, хаця яны і надта цяжкія”.
Такім чынам Старскі, можа найбольш падыходзіў панне Ізабэле як кавалер, але быў выкрэслены са спіса канкурэнтаў на руку. Ён не мог ажаніцца з паннай беднай, павінен быў шукаць багатую жонку; былі гэта дзве непераадольныя паміж імі бездані. Другі яе канкурэнт, барон, выкрэсліўся сам; заручыўшыся з паннай Эвелінай. Панна Ізабэла адчувала агіднасць да барона, пакуль ён імкнуўся заваяваць яе; але калі так раптоўна яе пакінуў, то амаль затрывожылася. Як гэта, значыць на свеце ёсць жанчыны, дзеля каторых можна адрачыся ад яе?!... Як гэта, значыць можа надысці хвіліна, калі панну Ізабэлу пакінуць нават такога ўзросту прыхільнікі?... Ёй здавалася, што зямля дрыжыць у яе пад нагамі, і пад уплывам неакрэсленых страхаў, якія яе ў гэты час ахапілі, панна Ізабэла адазвалася старшынісе пра Вакульскага досыць прыязна. Хто ведае нават, ці не сказала нават такіх слоў:
- Што ж робіцца з панам Вакульскім? Мне вельмі шкада, што не ацаніла таго, што нешта ў ім можа мяне шкадаваць. Я не аднойчы выгаворвала сабе, што не стасавалася з ім так, як ён таго заслугоўваў.
Яна апусціла вочы і зачырванелася такім чынам, што старшынісе падалося абавязковым запрасіць Вакульскага ў вёску.
“Няхай сабе прыглядаюцца адзін да аднаго на свежым паветры, - думала старая, - а будзе, што Бог дасць. Ён брыльянт сярод мужчын, яна таксама добрае дзіця, дык можа паразумеюцца. Бо ў тым, што ў яго да яе слабасць, то амаль бы пабілася аб заклад”.
Праз некалькі дзён панна Ізабэла, калі адышла ад непрыемных уражанняў, пачала шкадаваць пра сваю згадку пра Вакульскага у прысутнасці старшыніхі.
“Яшчэ гатовы падумаць, што я выйшла б за яго… “ – прамовіла яна сама сабе.
Тымчасам старшыніха паведаміла пані Вансоўскай, што бавіла ў яе час, што прыедзе ў Заславак Вакульскі, вельмі багаты ўдавец, чалавек з усіх пунктаў гледжання няпросты, якога яна хацела б ажаніць і які хто ведае, ці не закаханы ў панну Ізабэлу…
Пані Вансоўска вельмі абыякава слухала пра багацце, удаўство і матрыманіяльныя кваліфікацыі Вакульскага. Але калі старшыніха назвала яго чалавекам няпростым, то Вансоўска зацікавілася; даведаўшыся ж, што можа кахаць панну Ізабэлу, кінулася як аргамак шляхетнай крыві, які незнарок быў закрануты шпорай.
Пані Вансоўска была найлепшай жанчынай, якая не думала паўторна выходзіць замуж, а тым менш забіраць у іншых паненак кавалераў. Аднак пакуль жыла на свеце, то не магла дазволіць таго, каб які-небудзь мужчына мог быць закаханы ў якую-небудзь іншую жанчыну, а не ў яе. Жаніцца дзеля справы мае права; пані Вансоўска гатова яму была нават дапамагаць, але кахаць – можна было толькі яе. Не таму нават, што лічыла сябе самай прыгожай, але што… такую ўжо мела слабасць.
Даведаўшыся, што панна Ізабэла сёння прыязджае, пані Вансоўска сілком забрала на шпацыр Вакульскага. Калі ж на гасцінцу каля лесу ўбачыла воблака пылу, узнятае экіапажам яе канкурэнткі, павярнула на луг і там учыніла знакамітую сцэну з сядлом, якая ёй не ўдалася.
Тымчасам панна Ізабэла даехала да двара. Усё грамадства сустрэла яе на ганку, вітаючы амаль аднымі і тымі соловамі.
- Ведаеш, - шапнула ёй старшыніха, - прыехаў Вакульскі.
- Толькі нам бракавала пані, - усклікнуў барон, - каб Заславак быў падобны да раю. Бо ўжо ёсць тут у нас вельмі прыемны таварыш знакамітага госця…
Панна Фелечка Яноцка адвяла убок панну Ізабэлу і са слязьмі ў голасе пачала ёй расказваць:
- Ведаеш, прыехаў сюды пан Вакульскі… Ах, калі б ты ведала, што гэта за чалавек!... Але я абіраю нічога табе не гаварыць, бо і ты яшчэ падумаеш, што я ім захоплена… Ну і ўяві сабе: пані Вансоўска загадала яму ехаць з сабой на шпацыр, адзін на адзін… Калі б ты ведала, як бядак чырванеў!... А я за яе. Бо і я хадзіла з ім на рыбалку, але толькі сюды, да става, і яшчэ быў з намі пан Юліян. Але калі б мне патрэбна было толькі з ім ехаць конна?... Нізавошта ў свеце!... я лепш бы памерла…
Вызваліўшыся ад прывітанняў, панна Ізабэла пайшла да прызначанага для яе пакою.
“Раздражняе мяне гэты Вакульскі!” – прашаптала яна.
Па сутнасці гэта не было раздражненне, але штосьці іншае. Ехала сюды і адчувала непрыязнасць да старшыніхі за яе раптоўныя запросіны, да цёткі, што ёй загадала адразу ж ехаць, а найперш да Вакульскага. “Значыць сапраўды, - казала яна сабе, - хочуць мяне аддаць гэтаму парвеню?... Ну, паглядзім жа, што з гэтага будзе!...”
Яна была ўпэўнена, што першым чалавекам, які яе прывітае, будзе Вакульскі, і вырашыла ўспрымаць яго з найвялікшай пагардай. Тымчасам Вакульскі не толькі не выбег яе спаткаць, але паехаў на шпацыр з пані Вансоўскай. Гэта прыкра закранула панну Ізабэлу і яна падумала:
“Увесь час яна какетнічае, хоць ужо ёй трыццаць гадоў!...”
Калі барон называў Вакульскага знакамітым госцем, панна Ізабэла адчула нібыта гордасць, але гэта было вельмі кароткачасовае адчуванне. Калі ж панна Феліцыя недвузначным чынам прызналася, што раўнуе Вакульскага, панну Ізабэлу ахапіў нібы непакой, але толькі на хвіліну.
“Наіўная гэтая Фелечка”, - сказала яна сабе.
Карацей кажучы: на працягу ўсёй дарогі планаваная пагарда да Вакульскага цалкам знікла з-за мешаніны такіх пачуццяў як лёгкі гнеў, лёгкае задавальненне і лёгкая асцярога. У гэтую хвіліну Вакульскі ўяўляўся панне Ізабэле інакш чым да гэтага часу. Не быў гэта ўжо нейкі там гандляр галантэрэйны, але чалавек, які вярнуўся з Парыжа, меў вялікае багацце і стасункі, якім захапляўся барон, з якім какетнічала Вансоўска…
Ледзьве панна Ізабэла мела час, каб прыбрацца, як у пакой увайшла старшыніха.
- Мая Бэла, - сказала старая, пацалаваўшы яе яшчэ раз, - чаму ж гэта Іаася не хоча прыехаць да мяне?
- Тата нездаровы, дык не хоча яго пакідаць.
- Калі ласка… калі ласка, толькі гэта ты мне не кажы. Яна не прыедзе, бо не хоча спаткацца з Вакульскім, вось і ўвесь сакрэт…, - сказала крыху ўзрушаная старшыніха. – Ён для яе тады добры, калі сыпле грошы на яе прытулак… Скажу табе, Бэла, што твая цётка ніколі ўжо не будзе мець розум…
У панне Ізабэле адазваліся ранейшыя пачуцці горычы.
- Можа цёця не лічыць стасоўным аказваць столькі ўвагі купцу, - прамовіла яна, чырванеючы.
- купец!... купец!... – выбухнула старшыніха. – Вакульскія такая ж добрая шляхта як Старскія, і нават Заслаўскія… А што тычыцца купецтва… мая Бэлачка, Вакульскі не прадаваў таго, што дзед тваёй цёткі… Можаш ёй гэта сказаць пры аказіі. Я абяру лепш прыстойнага купца чым дзесятак аўстрыйскіх графаў. Ведаю я добра вартасць іх тытулаў.
- Вы прызнаеце, пані, аднак, што паходжанне…
Старшыніха рассмяялася іранічна.
- Вер мне, Бэлачка, што паходжанне гэта найменшая заслуга тых, якія нараджаюцца. А што да чысціні крыві… Ах, Божа! Вялікае гэта шчасце, што не вельмі займаемся праверкай гэтых рэчаў. Я кажу табе, што пра чыёсьці паходжанне не варта размаўляць з людзьмі старымі, такімі як я. Бо гэтыя звычайна памятаюць дзядоў і бацькоў і неаднойчы дзівяцца: чаму ўнук характарам падобны да камердынера, а не да бацькі. Ну, шмат тлумачыцца выхаваннем.
- Аднак вы вельмі любіце пана Вакульскага, - прашаптала панна Ізабэла.
- Так, вельмі! – усклікнула моцна старая. – Я кахала яго дзядзьку па маці, усё жыццё была няшчасная толькі таму, што разлучылі мяне з ім, і то з тых самых пабуджэнняў, з-за якіх твая цётка намагаецца ігнараваць Вакульскага. Але ён не дасць сабой пагарджаць, о не!... – сказала старшыніха. – Хто з такога жабрацтва патрапіць выбрацца, хто без ценю злачынства зрабіў багацце, атрымаў адукацыю так як ён, той можа не дбаць пра меркаванне салонаў. Можа ты ведаеш, якую ён сёння іграе ролю і за чым ездзіць у Парыж… Дык вось запэўніваю цябе, што не ў салоны; але салоны да яго прыйдуць, а першай будзе твая цётка, калі атрымаецца справа. Я ведаю салоны лепш, чым ты, дзіцятка маё, і вер мне, што яны вельмі хутка апынуцца ў гасцёўні Вакульскага. Гэта не такі пустэча як Старскі і не летуценнік, як князь, і не такі несур’ёзны, як Кшэшоўскі… Гэта чалавек справы… Шчаслівая будзе жанчына, якую ён абярэ жонкай… На няшчасце, нашы панны маюць больш патрэбаў, чым вопыту сэрца. Хаця і не ўсе… Ну, але я перапрашаю цябе, калі сказала якое вострае слоўца. Зараз будзе абед.
Пасля гэтых слоў старшыніха выйшла, пакідаючы панну Ізабэлу заглыбленай у глыбокім роздуме.
- “З пэўнасцю ён мог бы замяніць барона, о, яшчэ і як… - гаварыла сабе панна Ізабэла. – То чалавек ужо вопытны і нават смешны, гэтага як найменш шануюць людзі. Казя Вансоўска разбіраецца ў гэтым, таму і ўзяла яго на конны шпацыр… Ха, паглядзім, ці пан Вакульскі здолее быць верным… Нішто сабе вернасць - ездзіць з іншай жанчынай на конныя шпацыры!... Гэта вельмі па-рыцарску…”
Амаль у гэтую хвіліну Вакульскі вяртаўся з пані Вансоўскай з паездкі і на фальваркавым дзядзінцы ўбачыўў экіпаж, ад якога адпрагалі коней. Яго кранула нейкае неакрэсленае пачуццё, але ён смеў запытацца; нават зрабіў выгляд, што не пазірае на экіпаж. Перад палацам аддаў каня хлопцу, а іншаму хлопцу загадаў прынесці вады ў свой пакой. І якраз калі меў запытацца, хто прыехаў? Штосьці сціснула яго горла і ён не мог прамовіць слоўца.
“Што за глупства! – думаў ён. – Хоць бы нават і яна, дык што ж гэтага? Яна такая ж жанчына як пані Вансоўска, панна Феліцыя, панна Эвеліна… А я зноў жа не такі, як барон…”
Але так гаворачы, ён адчуваў, што яна для яго іншая, чым іншыя жанчыны і што калі б пажадала, паклаў бы да яе ног багацце, нават жыццё.
“Глупства! Глупства!... – шаптаў ён, ходзячы па пакоі. – Тут знаходзіцца дарэчы яе адаратар, пан Старскі, з якім дамаўляліся, што весела правядуць вакацыі… Я памятаю гэтыя позіркі, ах…”
Гнеў у ім закіпеў.
“паглядзім, панна Ізабэла: хто ты і чаго вартая? Цяпер я буду тваім суддзёй…” – падумаў ён. Пастукалі ў дзверы, увайшоў стары лёкай, агледзеўся па пакоі і сказаў прыцішаным голасам:
- Ясна пані прасіла паведаміць, што тут панна Ленцка і што калі ясны пане гатовы, то калі ласка на абед…
- Скажыце, што буду зараз жа, - адказаў Вакульскі. Пасля выйсця служкі хвіліну стаяў ля вакна, пазіраючы на парк, асветлены коса падаючымі промнямі сонца на куст бэзу, на якім весела цвіркалі птушкі. Ён пазіраў, але сэрца непакоіла глухая асцярога ад думкі, як прывітаецца з паннай Ізабэлай…
“Што я ёй скажу і як буду выглядаць?” Яму здавалася, што ўсе позіркі будуць звернуты на іх і што ён вымушана будзе скампраметаваны нейкім незвычайным чынам.
“Ці ж я не сказаў ёй, што я для яе верны слуга… як сабака!... Трэба аднак ісці туды…”
Ён выйшаў, зноў вярнуўся да сябе і зноў выйшаў на калідор. Ён набліжаўся да дзвярэй паволі, ногі чапляліся адна за адну, адчуваў, што замірае ў ім усялякая энергія, што ён як просталюдзін, які павінен паўстаць перад каралём.
Ён узяўся за клямку. Але затрымаўся… У пакоі сталовым чуўся жаночы смех. У яго аж пацямнела ў вачах, ён хацеў уцячы і сказаць праз слугу, што захварэў. Раптам ён пачуў за сабой чыесьці крокі і падштурхнуў дзверы.
У глыбіні пакою ён убачыў усіх, а найперш панну Ізабэлу, якая размаўляла са Старскім. Яна таксама пазірала на Старскага, а ў яго быў той самы іранічны ўсмех як некалі ў Варшаве.
Вакульскі у адзін момант адчуў энергію; хваля гневу ўдарыла яму ў мозг. Ён увайшоў з узнятай галавой, прывітаў старшыніху і пакланіўся панне Ізабэле, якая, зачырванеўшыся, выцягнула да яго руку.
- Я вітаю пані. Як жа адчувае сябе пан Ленцкі?
- Тата крыху апрытомнеў… Перадае пану паклоны…
- Я вельмі абавязаны за ласкавую памяць. А пані графіня?
- Цёця вельмі добра сябе пачувае.
Старшыніха села на крэсла; прысутныя пачалі займаць месцы за сталом.
- Пане Вакульскі, сядайце каля мяне, - азвалася пані Вансоўска.
- З найвялікшай ахвотай, наколькі салдат мае права сядзець у прысутнасці свайго начальніка.
- А што, яна ўжо ўзяла вас пад начала, пане Станіславе? – запыталася з усмешкай старшыніха.
- Але яшчэ як! Нячаста адбываеш падобную муштру…
- Ён помсціць мне за тое, што я вадзіла яго па бездарожжы, - заўважыла пані Вансоўска.
- Па бездарожжы ездзіць вельмі прыемна, - адказаў Вакульскі.
- Я быў упэўнены, што так будзе, але не думаў, што так хутка… азваўся барон, паказваючы свой пекны набор штучных зубоў.
- Падайце мне соль, кузіне, - звярнулася панна Ізабэла да Старскага.
- Рады служыць… Ах, рассыпаў!... Паб’ёмся.
- Думаю, што нам гэта не пагражае. – адказала панна Ізабэла з камічнай паважлівасцю.
- Вы паабяцалі ніколі не сварыцца? – запытала пані Вансоўска.
- У нас ніколі няма намеру перапрашаць адзін аднаго, - адказала панна Ізабэла.
- Добра! – прамовіла пані Вансоўска. – На вашым месцы, пане Казімір, я зараз бы страціла ўсялякую надзею.
- Дык хіба ж мне дазволена было калі-небудзь яе мець! – уздыхнуў Старскі.
- Сапраўднае шчасце для нас абоіх, - шапнула панна Ізабэла. Вакульскі слухаў і назіраў. Панна Ізабэла размаўляла натуральна, вельмі спакойна, жартуючы са Старскім, які зусім здавалася гэтым не клапаціўся. Затое час ад часу пазіраў цішком на панну Эвеліну Яноцкую, якая шапталася з баронам і чырванела, і бляднела.
Вакульскі адчуў, што з сэрца сыходзіць ў яго вялізны цяжар.
“Канешне, - думаў ён, - калі ў гэтым таварыстве Старскага хтосьці займае, то толькі панна Эвеліна, а яна захоплена ім…”
У гэту хвіліну абудзілася ў ім радасць і вялікая зычлівасць да ашуканага барона.
“Я не буду яго перасцерагаць!” – сказаў ён сабе. А потым дадаў, што такое задавальненне ад чужой бяды аднак вельмі подлае пачуццё.
Абед скончыўся, панна Ізабэла наблізілася да Вакульскага.
- Вы ведаеце, пане, - прамовіла яна, - якое спазнала пачуццё, калі вас убачыла? Дык вось шкадаванне. Я прыгадала, што мы павінны былі ўтрох ехаць у Парыж: я, бацька і вы, і што з нашай тройкі лёс быў ласкавы толькі да вас. Вы хоць адпачылі?... за нас траіх?... Вы павінны мне перадаць трэцюю частку ўражанняў, якія вы атрымалі.
- А калі б яны былі невясёлыя?
- Чаму?
- Хаця б таму, што вас не было там, дзе мы павінны былі быць разам.
- Наколькі я ведаю, вы ўмееце аднак жа бавіцца добра там, дзе мяне няма, - адказала панна Ізабэла і адышла:
- Пане Вакульскі!... – паклікала пані Вансоўска. Але зірнуўшы на яго і на панну Ізабэлу яна прамовіла з неахвотай:
- Але не... ужо нічога... Даю вам на сёння адпачынак. Мае даражэнькія. Пойдзем у парк. Пане Ахоцкі...
- Пан Ахоцкі павінен мяне сёння вучыць метэаралогіі, - азвалася панна Феліцыя.
- Метэаралогіі?... – паўтарыла пані Вансоўска.
- А так... Якраз зараз ідзём на гарышча ў абсерваторыю...
- А пан толькі метэаралогію мае намер выкладаць? – спытала пані Вансоўска. – На ўсялякі аднак выпадак я раіла б запытацца ў бабулі, што яна думае пра гэтую метэаралогію...
- Пані заўсёды павінна мне ўчыніць які-небудзь скандал! – абурыўся Ахоцкі. – Вы можаце са мной ездзіць па вертэпах, а панне Феліцыі нельга нават заглянуць у абсерваторыю.
- Але ж заглядайце сабе, мае любыя, толькі пойдзем усё ж у парк. Барон... Бэла...
Выйшлі. У першай пары пані Вансоўска з паннай Ізабэлай, за імі Вакульскі, далей барон з нарачонай, а ўрэшце панна Феліцыя з Ахоцкім, які разводзіў рукамі і гаварыў:
- Ніколі нічога не даведаецеся, пані, новага, хіба ўбачыце смешны капялюш ці сёмую ці восьмую фігуру контрданса, калі які-небудзь дурань прыдумае яе. Ніколі і інічога!... – дадаў драматычным голасам, - Бо заўсёды знойдзецца якаясьці баба...
- Фу! Пане Юліян, хто ж так гаворыць?...
- Так, невыносная баба, якая будзе лічыць гэта непрымальным, што вы са мной пойдзеце ў лабараторыю...
- Бо магчыма гэта сапраўды дрэнна...
- Так, дрэнна!... Дэкалтэ да пояса – гэта добра, браць урокі спеваў у якогасьці італьянца, які не чысціць пазногці...
- Але бачыце, пане... Бо калі б маладыя панны увесь час сам-насам знаходзіліся з маладымі людзьмі, то магла б якая-небудзь з іх і закахацца...
- Дык што ж з гэтага? Няхай закахаецца... Ці лепш, каб і не закахалася, і была дурніцай?... Пані – дзікая жанчына, панна Феліцыя...
- О пане...
- Ну, няхай мне пані не дурыць галаву сваімі выклічнікамі. Ці пані хоча навучыцца метэралогіі, а ў такім выпадку пойдзем на гару…
- Але з Эвелінкай ці з пані Вансоўскай.
- Добра, добра… Супакойцеся ўжо з гэтай забавай, - закончыў Ахоцкі, у знак гневу кладучы рукі ў кішэні. Маладая пара размаўляла так гучна, што чуваць было яе ва ўсім парку, да вялікага задавальнення пані Вансоўскай, якая заходзілася ад смеху. Калі замоўклі, то да вушэй Вакульскага даляцеў шэпт барона і панны Эвеліны.
- Праўда, - сказаў барон, - як гэты Старскі трывае?... З кожным днём, пане, трывае. Пані Вансоўска жартуе з яго, панна Ізабэла здзекуецца ў найвышэйшай ступені, і нават не захоплена ім панна Феліцыя. Вы з заўважылі, пані?...
- Так, - ціха шапнула нарачоная.
- Гэта адзін з гэтых маладых людзей, якіх усю прыгажосць стваралі надзеі на вялікую спадчыну. Ці не так?
- Так.
- Калі ж знікла надзея водпісу старшыніхі, Старскі перастаў быць цікавы. Ці не праўда?... – так, - адказала панна Эвеліна з цяжкім уздыхам. – Я сяду тут, - дадала яна гучна, - а вы, пане, можа мне прынясеце шаль з пакою… Перапрашаю… Вакульскі адвярнуў галаву. Панна Эвеліна ўпала на лаўку бледная і замучаная, а барон завіхаўся ля яе.
- Я іду зараз жа, - прамовіў ён. – Пане Вакульскі… - дадаў ён, заўважыўшы Вакульскага, - можа вы захочаце мяне замяніць… Я бягу і вярнуся праз хвіліну…
Ён пацалаваў нарачоную ў руку і пайшоў да палаца. Толькі цяпер Вакульскі заўважыў, што ў барона вельмі тонкія ногі і ён не вельмі што імі валодае.
- Вы даўно ведаеце барона? – спытала панна Эвеліна Вакульскага. – Пройдзем крыху да альтанкі…
- Якраз толькі ў гэтыя дні я меў прыемнасць пазнаць яго бліжэй.
- Ён да вас ставіцца з вялікім захапленнем… Кажа, што першы раз спаткаў чалавека, настолькі прыемнага ў размове… Вакульскі ўсміхнуўся.
- Напэўна, - прамовіў ён, - таму, што ён сам увесь час гаворыць мне пра вас, пані.
Панна Эвеліна моцна зачырванелася.
- Так, гэта вельмі добры чалавек, вельмі мяне кахае… Праўда паміж намі розніца ва ўзросце, але гэта не шкодзіць. Вопытныя пані лічаць, што чым муж старэйшы, тым больш верны, а для жанчыны адданасць мужа гэта ўсё на свеце, праўда, пане? Кожная з нас шукае ў жыцці кахання, хто ж мне заручыцца, што я спаткаю другое, падобнае да гэтага?... Ёсць людзі, што маладзейшыя за яго, больш прыстойныя, можа нават больш здольныя; ні адзін з іх аднак не сказаў мне з такім сардэчным запалам, што апошняе шчасце яго жыцця ў маіх руках. Ці можна гэтаму пярэчыць, хоць бы нават дазвол з нашага боку вымагаў пэўнай ахвяры, скажыце самі?
Яна затрымалася ў алеі і пазірала яму ў вочы, з непакоем чакаючы адказу.
- Я не ведаю, пані. Гэта справа асабістых пачуццяў, - адказаў ён.
- Гэта дрэнна, што мне вы так адказваеце. Бабуля гаворыць, што вы чалавек моцнага характару; я ж да гэтага часу ніколі не сустракала людзей з моцным характарам, а ў самой мяне, дарэчы, вельмі слабы. Я не магу пярэчыць нічому, баюся адмовіць… Можа дрэнна раблю, і як найменш, некаторыя асобы даюць мне зразумець, што я дрэнна раблю, выходзячы замуж за барона. Ці і вы так лічыце? Ці вы здолелі б адмовіцца ад кагосьці, хто б сказаў, што вас, пане, кахае больш за ўласную душу, што без узаемнасці вашай, пане, невялікая рэшта жыцця, якая засталася, пройдзе ў яго ў самотнай роспачы? Калі б хтосьці ў вашых вачах падаў у бездань і прасіў аб ратунку, ці не падалі б вы яму рукі і такім чынам не прыкаваліся б да яго, пакуль бы не падышла дапамога?
- Я не жанчына і ніколі мяне не прасілі злучыць маё жыццё з чыімсьці на карысць апошняга, таму я не ведаю, што б я зрабіў, - адказаў узрушаны Вакульскі. – Тое толькі ведаю як мужчына, што не здолеў бы нават прасіць аб каханні. І яшчэ пані скажу – дадаў ён, калі яна пазірала на яго з прыадкрытымі вуснамі – не толькі не прасіў бы, але папросту не прыняў бы выпрашанай ахвяры з чыйгосьці сэрца. Такія дары звычайна бываюць толькі частковыя.
Па бакавой сцяжынцы бег да іх Старскі, вельмі заклапочаны, гаворачы:
- Пане Вакульскі, дамы шукаюць вас у ліпавай алеі… Там бая бабуля, пані Вансоўска…
Вакульскі завагаўся, разважаючы, што ён павінен зрабіць у гэтую хвіліну.
- О, няхай пан мяне не саромеецца, - прамовіла, мацней, чым звычайна зачырванеўшыся, панна Эвеліна. – Зрэшты зараз падыйдзе барон і ўтраіх дагонім паньства… Вакульскі разітаўся з імі і пайшоў. “Добрыя сабе справы! – думаў ён. – Панна Эвеліна з-за літасці выходзіць за барона і, напэўна, з-за літасці водзіць раман са Старскім… Я разумею жанчыну, якая выходзіць замуж з-за грошай, хаця гэта неразумны спосаб заробку… Я разумею нават замужнюю жанчыну, якая пасля шчаслівага пражыцця раптам закахаецца і ашуквае мужа… Часта змушае яе да гэтага боязь скандалу, дзеці, тысячы путаў… Але панна, якая ашуквае нарачонага – гэта нейкае новае з’явішча…”
- Панна Эвеліна!... Панна Эвеліна!... – клікаў барон, набліжаючыся да Вакульскага. Гэты ж раптам павярнуў і апынуўся сярод газонаў.
“Цікава мне, - шапнуў ён, - што я яму скажу, калі мы сустрэнемся?... Якога д’ябла я ўлез у гэтае балота?...”
- Панна Эвеліна!... Панна Эвеліна!... – крычаў барон ужо значна далей.
“Салавейчык прываблівае салавечыху, - думаў Вакульскі. – Уласна кажучы, ці можна абсалютна асуджаць нават гэтую жанчыну?... Сама прызнае ўголас, што ў яе няма характару, а паціху – што трэба ёй грошы, якімі яна зусім не валодае і без якіх, як рыба без вады, жыць не здолее. Значыць што ж яна павінна рабіць?... Выходзіць нешчаслівая замуж за багацце. А што ў той жа час сэрца адгукаецца ў ёй, каханак угаворвае яе, каб ішла замуж, і абое лічаць, што пяшчота старога мужа не сапсуе ім смаку, то робяць новае вынаходніцтва: здраду перад шлюбам, не стараючыся нават аб дазволе. Зрэшты можа яны аж настолькі цнатлівыя, што дамовіліся, што здрадзяць толькі пасля шлюбу… Вельмі цудоўнае таварыства!... Людзі вытвараюць некалі цікавыя прадукты… І падумаць, што, кожнаму з нас можа трапіцца падобны дэлікатэс!... Сапраўды, належала б крыху менш давяраць паэтам, калі ўхваляюць каханне як найвышэйшае шчасце…”
- Панна Эвеліна!... Панна Эвеліна!... – чуўся амаль плаксівы голас барона.
“Што ж гэта за подлая роля, - прашаптаў Вакульскі. – Я лепш бы стрэліў бы сабе ў лоб, чым выглядаць падобным блазнам”.
У бакавой алеі, пры фальварку, ён спаткаў некалькіх пані, з якімі была старшыніха і яе пакаёўка са сваім кошыкам.
- А, вось і ты, - звярнулася старая да Вакульскага, - то і добра. Пачакайце ж тут Эвелінку з баронам, які яе можа нарэшце знойдзе, - дадала яна, злёгку зводзячы бровы, - а мы з Казяй пойдзем бліжэй да коней.
- Пан Вакульскі мог бы таксама пачаставаць цукрам свайго каня, які яго сёння так добра насіў, - заўважыла крыху задыханая пані Вансоўска.
- Адчапіся ад яго, - перапыніла яе старшыніха. – Мужчыны любяць толькі ездзіць, але не песціць коней.
- Няўдзячныя! – прашаптала пані Вансоўска, падаючы руку старшынісе. Яны адышлі і хутка зніклі за каліткай. Пані Вансоўска агледзелася , але заўважыўшы, што Вакульскі пазіраў на яе, хутка адвярнула галаву.
- Ну што, шукаем нарачоных? – спытала панна Ізабэла.
- Як панна скажа, - адказаў Вакульскі.
- То можа лепш пакінуць іх у спакоі. Падобна, шчаслівыя не любяць сведкаў. – Вы, пані, ніколі не былі шчаслівай?...
- Ах, я!... Канечне… Але не такой як Эвелінка з баронам. Вакульскі уважліва паглядзеў на яе. Яна была ў задуменні і спакойная як статуі грэцкіх багінь. “Ну, ужо гэтая не будзе ашукваць”, - падумаў Вакульскі. Яны ішлі нейкі час у маўчанні у напрамку да самага дзікага боку парку. Калі-нікалі паміж старых дрэў мільгала вакно палацу, адбіваючы чырвоныя бляскі захаду.
- Вы былі першы раз у Парыжы? – спытала панна Ізабэла.
- Так, першы.
- Ці не праўда, які гэта цудоўны горад?!... – закрычала яна раптам, пазіраючы яму ў вочы. – Няхай кажуць, што хочуць, але Парыж, нават пераможаны, не перастаў быць сталіцай свету. Ці і на вас таксама зрабіў такое ж уражанне?...
- Імпануючае па меншай меры. Здаецца мне, што пасля некалькітыднёвага побыту дадалося мне сіл і адвагі. Сапраўды, там толькі я навучыўся быць гордым ад таго, што я працую.
- Патлумачце мне гэта.
- Вельмі лёгка. У нас людская праца дае мізэрныя вынікі: мы бедныя і недагледжаныя. А там праца свеціць што сонца. Што гэта за гмахі, якія ад дахаў да тратуараў пакрытыя аздабленнямі як каштоўныя шкатулкі. А гэтыя лясы карцін і статуй, цэлыя пушчы машын, а гэтыя рады фабрычных і рамесніцкіх вырабаў!... Толькі ў Парыжы я зразумеў, што чалавек толькі на першы выгляд істота дробная і слабая. У рэчаіснасці гэта геніяльны і бессмяротны велікан, які з аднолькавай лёгкасцю рухае скалы, як і выразае з іх штосьці нават танейшае чым карункі.
- Так, - адказала панна Ізабэла. – Арыстакратыя французская мела мажлівасць і час стварыць гэтыя прадметы мастацтва.
- Арыстакратыя?... – спытаў Вакульскі.
Панна Ізабэла затрымалася ў алеі.
- Пэўна не захоча пан сцвердзіць, што галерэі Луўра стварыла Канвенцыя ці прадпрымальнікі, што вырабляюць парыжскія тавары?
- З пэўнасцю, не, але таксама не стварылі іх і магнаты. Гэта агульная справа французскіх будаўнікоў, муляроў, цесляроў, нарэшце мастакоў і разьбяроў усяго свету, якія нічога агульнага не маюць з арыстакратыяй. Выключнае такое наданне пружна пражываючым заслуг і працы геніяльных людзей, нават хоць бы толькі – працоўных!...
- Пружна пражываючыя і арыстакратыя! – усклікнула панна Ізабэла. – Я думаю, што такое меркаванне хутчэй моцнае чым слушнае.
- Дазвольце, пані, мне задаць вам адно пытанне? – спытаў Вакульскі.
- Слухаю вас.
- Найперш, я забяру назад выраз: пружна пражываючыя, калі ён вас закранае, а потым… Няхай вы мне пакажаце чалавека з гэтай сферы, пра якую гаворым, які штосьці рабіў бы?... Я ведаю такіх паноў каля дваццаці, гэта і вашы знаёмцы таксама. Што ж яны ўсе робяць, пачынаючы ад князя, які найзнакаміцейшы ў свеце, што нарэшце можа тлумачыцца яго ўзростам, і заканчваючы… хаця б панам Старскім, які сваіх вакацый, што доўжацца вечна, не можа патлумачыць нават матэрыяльным становішчам.
- Ах, мой кузінчык!... Ён пэўна ніколі не меў намеру служыць кім-небудзь напрыклад. Зрэшты мы не гаворым пра нашу арыстакратыю, а – пра французскую.
- Ну, а тыя што робяць?
- О, пане Вакульскі, тыя шмат чаго рабілі. Найперш стварылі Францыю, былі яе рыцарамі, ваяводамі, міністрамі і капланамі. І нарэшце сабралі гэтыя скарбы мастацтва, якія вы там, пане, убачылі.
- Скажыце, пані: гэтыя "тыя" шмат загадвалі і выдаткоўвалі грошай, аднак Францыю і мастацтва яе стварыў хтосьці ўсё ж іншы. Стваралі яе салдаты з дрэнным жалаваннем і маракі, прыгнечаныя падаткамі сяляне і рамеснікі, і нарэшце вучоныя і мастакі. Я чалавек вопытны і хачу запэўніць вас, пані, што лягчэй праектаваць, чым выконваць, і лягчэй выдаткоўваць грошы, чым іх збіраць.
- Вы, пане, непрымірымы вораг арыстакратыі.
- Не, пані, я не магу быць ворагам тых, хто ні ў чым мне не перашкаджае. Толькі лічу, што яны займаюць прывілеяваныя месцы без заслугі і што для ўтрымання іх праводзяць у грамадстве пагарду да працы, і пашану да пружнячай раскошы.
- Вы пане, папярэджаны, што нават і гэтая, як вы, пане, кажаце, пружнуючая арыстакратыя адыгрывае важную ролю ў свеце. Тое, што вы, пане, называеце раскошай, гэта як раз выгода, прыемнасць і глянец, чаму ад арыстакратыі вучацца нават найніжэйшыя класы і такім чынам цывілізуюцца. Я чула ад вельмі ліберальных людзей, што ў грамадстве павінны быць класы, якія займаюцца навукай, мастацтвам і вытанчанымі традыцыямі, хаця б дзеля таго, каб іншыя мелі ў іх жывыя ўзоры, а па-другое, каб узнімаліся да шляхетных учынкаў. Так і ў Англіі, і Францыі не адзін чалавек, нават простага паходжання, як толькі здабудзе багацце, перадусім набывае сабе дом, каб можна было ў ім прымаць людзей з добрага грамадства, а потым імкнецца уладзіць так, каб і яго прымалі. Моцны румянец выступіў на твары Вакульскага. Панна Ізабэла краем вока заўважыла гэта і прадаўжала далей.
- Нарэшце тое, што вы называеце арыстакратыяй, і што я б назвала вышэйшым класам, утварае добрую нацыю. Можа быць, што пэўная частка яе зашмат пружнуе; але калі каторы возьмецца за што-небудзь, то адразу адзначаецца: энергіяй, розумам, ды хаця б толькі шляхетнасцю. Перапрашаю, што працытую тут словы, якія князь часта паўтараў мне пра вас: “Калі б Вакульскі не быў добрым шляхціцам, не быў бы і тым, кім ёсць цяпер…”
- Князь памыляецца, - адказаў суха Вакульскі. – таго, чым валодаю і што ўмею, не дало мне шляхецтва, а толькі цяжкая праца. Я рабіў больш, таму маю больш за іншых.
- Але ці мог бы пан рабіць больш, нарадзіўшыся кімсьці іншым? – спытала панна Ізабэла. – Мой кузін Ахоцкі – прыродазнаўца і дэмакрат, як і вы, а нягледзячы на гэта, верыць у добрыя і дрэнныя паходжанне, таксама як і князь. Ён таксама прыводзіў вас як доказ спадчыннасці. “Вакульскі, -гаварыў ён, - ад лёсу мае поспех, але цвёрдасць духу мае ад паходжання”.
- Я вельмі ўдзячны гэтым усім, якія робяць мне гонар, залічваючы мяне да якойсьці прывілеяванай расы, - прамовіў Вакульскі. – Нягледзячы на гэта я ніколі не паверу ў прывілеі без працы і заўсёды буду вышэй за ўсё ставіць заслугі слаёў нізкага паходжання чым прэтэнзіі шляхетнага паходжання.
- Значыць на вашу думку не з’яўляецца заслугай выхаванне найдалікатнейшых пачуццяў і найвыборнейшых традыцый?
- Так, канешне, але такую ролю ў грамадстве адыгрываюць жанчыны. Ім прырода дала чуллівыя сэрцы, рухомую фантазію, тонкія памкненні, і яны гэта, а не арыстакратыя, утрымліваюць у штодзённым жыцці тонкасць, у традыцыях лагоднасць, і нават умеюць абуджаць у нас самыя ўзнёслыя пачуцці. Той лямпай, водблескі якой залоцяць дарогу цывілізацыі, з’яўляецца жанчына. Яна таксама бывае нябачнай спружынай учынкаў, якія вымагаюць незвычайнага напружання сіл…
Цяпер панна Ізабэла зачырванелася.
Ішлі нейкі час моўчкі. Сонца ўжо схавалася за небакрай, а паміж дрэвамі парку на захадзе блішчэў серпік месяца. Вакульскі. Глыбока задумаўся і параўноўваў у думках дзве сённяшнія размовы, адну з пані Вансоўскай, другую з паннай Ізабэлай.
“Якія гэта розныя жанчыны!... І ці не меў рацыі, калі прывязаўся вось да гэтай…”
- Ці магу я задаць пану далікатнае пытанне? – звярнулася да яго раптам панна Ізабэла мяккім голасам.
- Хоць самае недапушчальнае.
- А ці праўда, што вы ад’язджалі ў Парыж вельмі абражаны на мяне?
Ён хацеў адказаць, што гэта было штосьці больш горшае за абразы, хутчэй падазрэнне ў крывадушнасці, але маўчаў.
- Я вінаватая ў дачыненні да вас… Я падазравала вас…
- Ці не ў камбінацыі з набыткам дому бацькі вашага з пасярэдніцтвам яўрэяў? – спытаў з усмешкай Вакульскі.
- О не! – адказала яна жыва. – Насупраць, я падазравала вас ва ўчынку у вышэйшай ступені хрысціянскім, якога аднак я нікому не магла прабачыць. На працягу хвіліны я думала, што наш дом вы купілі … надта дорага…
- Сёння пэўна вы супакоіліся.
- Так. Я ўжо ведаю, што баранэса Кшэшоўска хоча за яго даць дзевяноста тысяч.
- Сапраўды? Яна яшчэ не размаўляла са мной, хаця я прадбачыў, што гэта адбудзецца.
- Я вельмі усцешана, што так адбылося, што вы нічога не страцілі. Калі …толькі цяпер магу вам падзякаваць ад усяго сэрца, - сказала панна Ізабэла падаючы яму руку. – Я разумею шляхетнасць вашай паслугі. Мой бацька павінен быў пакрыўдзіцца, папросту абабраны баранэсай, а вы ўратавалі яго ад краху, можа нават ад смерці… Такіх рэчаў не забываюць…
Вакульскі пацалаваў ёй руку.
- Ужо вечар, - прамовіла яна збянтэжаная, - вяртаймася дадому. … Усе напэўна ўжо выйшлі з парку…
“Калі яна не анёл, то я сабака!...” – падумаў Вакульскі. Усе ўжо былі ў палацы, дзе хутка падалі вячэру, Вечар прайшоў весела. Каля адзінаццатай Ахоцкі правёў Вакульскага да пакою апошняга.
- Ну што? – прамовіў Ахоцкі. – Я чуў, што вы размаўлялі з кузінкай Ізабэлай пра арыстакратыю?... Вы пераканалі яе, пане, што гэта галота?...
- Не! Панна Ізабэла занадта добра абараняе свае тэзы. Як дасведчана яна размаўляе!... – адказаў Вакульскі, намагаючыся схаваць збянтэжанасць.
- Яна павінна была вам гаварыць, што арыстакратыя вывучае навукі і мастацтвы, што яна трымае вяршэнства ў сферы добрых традыцый, а яе становішча мэта, да якога імкнуцца дэмакраты, і такім чынам робяцца больш шляхетнымі… Я увесь час чую гэтыя аргументы; яны ўжо мне выліваюцца з вушэй.
- Самі ж вы аднак верыце ў блакітную кроў, - сказаў прыкра крануты Вакульскі.
- Зразумела… Але гэтая блакітная кроў павінна быць увесь час асвяжацца, бо інакш хутка псуецца, - адказаў Ахоцкі. – Ну, але дабаранач вам, пане. Я пагляджу, што кажа анероід, бо барону ломяць косці і заўтра мы можам атрымаць слату. Ледзьве выйшаў Ахоцкі, у пакоі Вакульскага з’явіўся барон, кашляючы, разгарачаны, але з усмешкай.
- а… а… добра! – сказаў ён, а павекі ўздрыгвалі ў яго невова, - добра… здрадзілі мне, пане… пакінулі маю нарачоную адну ў парку… Я жартую…. Жартую, - дадаў ён. Паціскаючы руку Вакульскага, - але… Хоць сапраўды мог бы мець да вас прэтэнзію, калі б не тое, што вярнуўся досыць рана і… акурат сутыкнуўся з панам Старскім, які з другога канца алеі ішоў у наш бок…
Вакульскі ужо другі раз за гэты вечар зачырванеўся як падлетак.
“Навошта я трапіў у гэтую сетку інтрыг і ашуканстваў!” – падумаў ён, увесь час яшчэ будучы раздражнёны словамі Ахоцкага. Барон закашляўся і, адпачыўшы, працягваў прыніжаным голасам:
- Аднак вы не дапускайце, што я раўную да нарачонай… Было б гэта вельмі нізка з майго боку… Гэта не жанчына, гэта анёл, якому б у любую хвіліну я даверыў бы усё багацце, жыццё. Што я кажу, жыццё?... я аддаў бы ў яе рукі жыццё вечнае, настолькі спакойны, настолькі ўпэўнены ў сабе, як тое, што заўтра ўзыдзе сонца… Сонца хаця магу і не ўбачыць, бо, мой Божа, кожны з нас смяротны, але… Але за яе я не баюся, нават ценю асцярогі няма, даю вам слова, пане Вакульскі… Вачам уласным я не паверыў бы, не толькі чыімсьці там падазрэнням ці недагаворкам… - закончыў ён больш гучна.
Але, бачыце, пане, - пачаў ён праз хвіліну, - гэты Старскі – то брыдкая фігура. Я нікому не сказаў бы гэтага, але, ведаеце, пане, як ён чыніць з жанчынамі?... Думаеце, пане, што ўздыхае, пакутуе, просіць ласкавага слоўца, поціску рукі?... Не, ён вытлумачвае іх як саміц, самым найбрутальным чынам… Дзейнічае ім на нервы размовай, позіркамі…
Барон замоўк, вочы яго пачырванелі; Вакульскі слухаў яго і раптам прамовіў гучным тонам:
- Хто ведае, мой барон, ці Старскі не мае рацыі. Нас навучылі бачыць у жанчынах анёлаў і мы так іх успрымаем. А калі яны перадусім саміцы, то мы падаёмся ў іх вачах яшчэ больш дурнымі і недалужнымі, чым з’яўляемся на самой справе, а Старскі павінен трыўмфаваць. Той з’яўляецца гаспадаром касы, хто валодае адпаведным ключом да замка, бароне! – закончыў ён са смехам.
- І вы гэта гаворыце, вы, пане Вакульскі?...
- Я , пане, і неаднойчы запытваўся, ці не занадта мы абагаўляем жанчын, ці ўвогуле не ўспрымаем іх з лішкам павагі; з большай павагай і ўрачыстасцю чым сябе саміх.
- Панна Эвеліна належыць да выключэнняў!... – усклікнуў барон.
- Існаванню выключэнняў я не пярэчу, хто ведае аднак, ці такі вось Старскі не з’яўляецца адкрывальнікам агульнага правіла.
- Можа быць, - адказаў раздражнёна барон, - але гэта правіла не стасуецца з паннай Эвелінай. І каля я ахоўваю яе… а прасцей кажучы не жадаю яе стасункаў са Старскім, калі яна сама бароніцца гэтага, то толькі таму, каб падобны чалавек не спаскудзіў яе чыстыя думкі якім –небудзь выразам… Ну, але вы стаміліся… Я перапрашаю за візіт у такую непадыходзячую пару.
Барон выйшаў, ціха зачыняючы дзверы; Вакульскі застаўся адзін, паглыблены ў невясёлыя думкі:
“Што гэты Ахоцкі гаварыў, што аргументы панны Ізабэлы ўжо ў яго выліваюцца праз вушы? Значыць тое, што я чуў ад яе, не было выбухам закранутага пачуцця, а ўсяго толькі даўно вывучанай лекцыяй? Значыць яе доказы, летуценні, і нават ўзрушэнні - гэта толькі спосабы, з дапамогай якіх добра выхаваныя панны чаруюць такіх як я дурнёў?...
А можа папросту ён закахаўся ў яе і хоча яе здыскрэдытаваць у маіх вачах?... Ну, калі кахае, то навошта ж павінен дыскрэдытаваць; няхай скажа, а яна няхай выбірае… Натуральна, што Ахоцкі мае больш шанцаў, чым я; добра яшчэ што не страціў розуму, каб гэта не ацэньваць… Малады, прыгожы, геніяльны… Ха!... няхай выбірае: славу ці панну Ізабэлу…
Зрэшты, - працягваў ён далей у думках, - што мяне закранае, што панна Ізабэла ўжывае заўсёды адны і тыя ж аргументы ў сваіх дыспутах. Яна далёка не Святы Дух, каб выдумляць штораз новыя, ні я не з’яўляюся такім асаблівым, каб для мяне варта было ствараць штосьці арыгінальнае. Няхай сабе гаворыць, як хоча… Найважнейшае ж тое, што пэўна да яе не стасуецца агульнае правіла аб жанчынах… Пані Вансоўска то перадусім прыгожая асобіна жаночага полу, але яна не…
Ці не таксама гаварыў барон пра сваю панну Эвеліну?...”
Лямпа згасала. Вакульскі задзьмухаў яе і паклаўся на ложак.
На працягу двух наступных дзён ішоў дождж і госці заслаўскія не пакідалі палац. Ахоцкі ўзяўся за кнігі і амаль не паказваўся, панна Эвеліна хварэла на мігрэнь, панны Ізабэла і Феліцыя чыталі французскія магазіны, а рэшта таварыства пад началам старшыніхі засела гуляць у віст. У гэтым выпадку Вакульскі заўважыў, што пані Вансоўска замест таго, каб какетаваць з ім, да чаго увесь час выяўляла здольнасць, трымаецца вельмі абыякава. Закранула яго тое, што калі Старскі хацеў аднойчы пацалаваць ёй руку, то выхапіла яе і абражаная забараніла яму, каб ніколі не меў намеру гэта рабіць. Гнеў яе быў настолькі шчыры, што сам Старскі здзівіўся і збянтэжыўся, а барон, хоць яму і не ішла карта, быў у найлепшым настроі.
- Ці і мне не дазволіце пані пацалаваць сваю ручку?... – прамовіў барон праз нейкі час пасля гэтага выпадку.
- Вам дазволю, - адказала яна, падаючы яму руку.
Барон пацалаваў яе як рэліквію, пазіраючы з трыўмфам на Вакульскага, які падумаў, што яго тытулаваны сябар можа не мае прычыны да вельмі вялікай уцехі. Старскі так заўзята глядзеў у карты, што здавалася не зважаў на тое, што адбылося.
На трэці дзень надвор’е палепшылася, а на чацвёрты было ўжо так прыгожа і суха, што панна Феліцыя прапанавала шпацыр па рыжыкі.
Старшыніха у гэты дзень загадала падаць раней другое снеданне, а пазней абед. Каля паловы першай перад палацам спынілася брычка і пані Вансоўска дала дабро рассаджвацца.
- Спяшаймася, бо шкада часу… Дзе твой шаль, Эвелінка?... Слугі няхай сядуць у брычку і забяруць кошыкі. А цяпер – дадала яна, цішком зірнуўшы на Вакульскага, - кожны з паноў выбера сабе даму…
Панна Феліцыя хацела пратэставаць, але ў гэтую хвіліну барон падскочыў да панны Эвеліны, а Старскі да пані Вансоўскай, якая прыкусваючы вусны прамовіла:
- Я думала, што ўжо ніколі мяне вы не выбераце… І даслала Вакульскаму бліскавічны позірк.
- Гэта мы, кузінка, будзем трымацца разам, - азваўся Ахоцкі звяртаючыся да панны Ізабэлы. – Але ў такім выпадку павінна пані сесці побач з сядзеннем фурмана, бо я буду кіраваць.
- Пані Вансоўска не дазваляе, бо можаце выкуліць! – усклікнула панна Феліцыя, якой лёс прызначыў Вакульскага.
- Так, канечне, няхай кіруе, няхай выкуліць… - прамовіла пані Вансоўска. – Я сёння ў такім настроі, што згаджаюся на ламанне нам ног… Бедны той рыжык, які апынецца ў маіх руках!...
- Я першы з іх, - азваўся Старскі, - калі гаворка аб тым, каб з’есці…
- Канечне, калі згодзіцеся, пане, на адразанне галавы, - адказала пані Вансоўска.
- Ужо даўно яе ў мяне няма…
- Не даўней, чым я гэта заўважыла… але сядайма і паехалі…