вторник, 13 марта 2018 г.

Б. Прус Лялька том 2 раздзел 8 ШЭРЫЯ ДНІ І КРЫВАВЫЯ ГАДЗІНЫ


РАЗДЗЕЛ 8
ШЭРЫЯ ДНІ І КРЫВАВЫЯ ГАДЗІНЫ

На працягу чвэрці гадзіны пасля выезду з Варшавы чыгункай Варшаўска-Быдгошскай Вакульскі спазнаў два незвычайныя, хаця  і зусім пэўныя пачуцці: яго агарнула свежае паветра, а ён сам паглыбіўся нібы ў дзіўны паўсон.
Рухаўся свабодна, быў цвярозы, разважаў ясна і хутка, толькі нічога яго не хвалявала: ні хто з ім едзе, ні калі ён едзе, ні куды едзе. Апатыя гэта расла па меры аддалення ад Варшавы. За Прушковам амаль усцешылі яго кроплі дажджу, якія праз адчыненае вакно вагона траплялі ўнутр; пазней крыху ажывіла яго раптоўная навальніца за Градзіскам; у яго нават было жаданне, каб яго забіла перуном. Але калі навальніца прайшла, ён зноў паглыбіўся ў абыякавасць і не цікавіўся нічым; нават тым, што яго сусед з правага боку спаў у яго на плячы, а сусед насупраць зняў гамашы і абапёрся на яго калені, зрэшты ў чыстых шкарпэтках.
Амаль апоўначы наваліўся на яго нібы сон, а можа толькі яшчэ большая абыякавасць. Ён засланіў фіранкай ліхтар вагона, прыкрыў вочы і думаў, што гэта асаблівая апатыя скончыцца з усходам сонца. Але не скончылася; наадварот, да раніцы вырасла і расла усё больш. Не было яму з ёй ні добра, ні дрэнна; так сабе.
Потым узялі ў яго пашпарт, потым ён з’еў сняданак, купіў новы білет, загадаў перанесці рэчы ў іншы цягнік і рушыў далей. Новая станцыя, новая змена цягнікоў, новы рух… Вагон дрыжаў і грукатаў, лакаматыў праз пэўны час выдаваў свіст, спыняўся… У купэ пачалі заходзіць людзі, якія размаўлялі па-нямецку, двое, трое… Потым зусім зніклі людзі, якія гаварылі па-польску і вагон напоўніўся аднымі немцамі.
Змяняўся таксама і пейзаж. З’явіліся лясы, абкружаныя пагоркамі і складзеныя з дрэў, што раслі на настолькі роўнай адлегласці, што нагадвалі салдат. Зніклі драўляныя хаты, крытыя саломай, і ўсё часцей пачалі з’ўляцца двухпавярховыя домікі, крытыя чарапіцай, у атачэнні садкоў. Зноў прыпынак, зноў падсілкаваўся. Нейкі вялікі горад… Ах! Гэта напэўна Берлін… Зноў рух па чыгунцы… У вагон заходзяць людзі, якія размаўляюць толькі па-нямецку, але як бы з пэўным акцэнтам. Потым ноч і сон… Не, гэта не сон, а ўсяго толькі апатыя.
З’яўляюцца два французы ў купэ. Пейзаж зусім мяняецца; шырокія гарызонты, узгоркі, вінаграднікі. Тут і там вялікія дамы: двухпавярховыя, старыя, але моцныя, закрытыя дрэвамі, нібы патанаючыя ў плюшчы. Зноў праверка чамадана. Змена цягнікоў, у вагон уваходзяць два французы і адна францужанка і ствараюць такі шум, нібы іх было дзесяць. Гэта людзі відавочна добра выхаваныя; нягледзячы на гэта смяюцца, некалькі разоў змяняюць месцы і перапрашаюць Вакульскага, але за што, ён і сам не ведае.
На адной са станцый Вакульскі піша картку  да Сузіна: “Парыж-Гран Атэль”, і дае яе кандуктару вагону разам з якойсьці банкнотай, не хвалюючыся ні пра тое, колькі даў, ні пра тое, ці дэпеша дойдзе. На наступнай станцыі хтосьці ўсоўвае яму ў руку цэлы скрутак банкнотаў і яны едуць далей. Вакульскі заўважае, што зноў ноч, і зноў ён трапляе ў стан, які можа быць сном, а можа толькі стратай прытомнасці.
У яго вочы закрытыя, нягледзячы на гэта носіцца думка, што ён спіць і што гэты дзіўны стан абыякавасці  пакіне яго ў Парыжы.
“Парыж!... Парыж!... (кажа ён сабе ў сне). Гэта ж столькі гадоў я марыў аб ім. Гэта пройдзе… Усё пройдзе!...”
Дзесяць гадзін раніцы, новая станцыя. Цягнік спыняецца пад дахам; шум, крык, беганіна. Вакульскага апаноўваюць адразу тры французы, якія прапануюць яму паслугі. Раптам хтосьці хапае яго за плячо.
-       Ну, Станіслаў Пятровіч, тваё шчасце, што ты прыехаў…
Вакульскі прыглядаецца на працягу хвіліны да якогасьці велікана з чырвоным тварам і барадой, падобнай да веніка з канапель, урэшце кажа:
-       Ах, Сузін!
Яны хапаюць адзін аднаго ў абдымкі. Сузіну таварышуюць яшчэ два французы, з якіх адзін забірае ў Вакульскага білет на рэчы.
-       Тваё шчасце, што прыехаў,  - кажа Сузін, цалуючы яго яшчэ раз. – Я думаў, што звар’яцею ў гэтым Парыжы без цябе…
“Парыж…” – думае Вакульскі.
- Справа не ўва мне, - працягвае далей Сузін. – Ты так зафанабэрыўся сярод вашай паршывай шляхты, што пра мяне ўжо не дбаеш. А для сябе самога шкода грошай… Ты патраціў бы каля пяцідзесяці тысяч рублёў…
Два французы, якія таварышуюць Сузіну, паказваюцца зноў і кажуць ім, што яны ўжо могуць ехаць. Сузін бярэ пад руку Вакульскага і выводзіць яго на пляц, дзе стаіць мноства омнібусаў і экіпажаў адна- і двуконных, з рамізнікамі, якія месцяцца спераду ці ззаду. Прайшоўшы больш за дзесятак крокаў трапляюць на двуконны экіпаж з лёкаем. Садзяцца і едуць.
- Глядзі, - кажа Сузін, - гэта вуліца Лафает, а вось бульвар Мажэнт. Мы паедзем увесь час па Лафаету аж да атэля каля ОперА. Я скажу табе, цуд, не горад! Ну, а калі ўбачыш Елісейскія Палі, а потым паміж Секванай і Рывалі… Эх! Я табе кажу, цуд, не горад… Жанчыны толькі крыху занадта фанабэрыстыя… Але тут іншы густ… У любым выпадку я ўсцешаны, што ты прыехаў; пяцьдзесят ці і больш тысячы рублёў гэта не нічога… Вось, бачыш, Опера, а вось бульвар Капуцынаў, а вось наш дом…
Вакульскі заўважае вялікі шасціпавярховы гмах, у форме кліна, на ўзроўні трэцяга паверха абкружаны жалезнай балюстрадай, на шырокай вуліцы, уздоўж якой растуць не вельмі старыя дрэвы, поўнай омнібусаў, экіпажаў, людзей конных і пешых. Рух такі вялікі, як калі б як найменш палова Варшавы бегла паглядзець на якісьці выпадак; вуліца такая гладкая як плантан. Ён бачыць, што знаходзіцца ў самым цэнтры Парыжа, але не адчувае ні ўзрушэння, ні цікавасці. Нічога яго не кранае.
Экіпаж заязджае пад прыгожую браму, лёкай адчыняе дзверцы, яны выходзяць. Сузін бярэ Вакульскага пад руку і праводзіць у малы пакойчык, які праз хвіліну пачынае ўзносіцца ўверх.
А вось - вінда, - кажа Сузін. – У мяне тут два пакоі. Адзін на другім паверсе за сто франкаў штодзень, другі на чацвёртым за дзесяць франкаў. І для цябе я зняў за дзесяць франкаў. Нялёгкая справа гэта выстава!...
Яны выходзяць з вінды на калідор і праз хвіліну апынаюцца ў элегантным салончыку, у якім  - махагонавая мэбля, шырокі ложак пад балдахінам і шафа, у якой заместа дзвярэй вялікае люстра.
- Сядай, Станіслаў Пятровіч. Ты хочаш есці ці піць, тут ці ў зале? Ну, пяцьдзесят тысяч твае… Я вельмі задаволены…
- Скажы мне, - упершыню адказаў яму Вакульскі, - за што ж я павінен атрымаць пяцьдзесят тысяч?...
- Можа і больш.
- Добра, але за што?
Сузін кідаецца на крэсла, складвае рукі на жываце і выбухае смехам.
- Вось, за гэта самае, што пытаешся!... Іншыя не пытаюцца, за што атрымліваюць грошы, толькі давай… А ты адзін хочаш бачыць, за што заробіш такія грошы. Ах, ты галубок!...
- Гэта не адказ.
- Зараз я табе адкажу, - кажа Сузін. – Найперш за тое, што ты мяне яшчэ ў Іркуцку на працягу чатырох гадоў розуму вучыў. Калі б не ты, я не быў бы тым Сузіным, які я зараз. Ну, а я, Станіслаў Пятровіч, я не ваш чалавек: за дабро плачу дабром…
- І гэта не адказ, - заўважыў Вакульскі.
Сузін павёў плячыма.
-       Ты ў гэтым памяшканні не жадай ад мяне тлумачэння; а там на нізе сам зразумееш. Можа быць, я куплю крыху парыжскай галантэрэі, а можа з дзесятак купецкіх караблёў. Я па-французску ані ў зуб нагой і па-нямецку таксама, таму патрэбен мне чалавек такі як ты…
-       Я не маю паняцця аб караблях.
-       Будзь спакойны. Знойдзем тут інжынераў чыгункі і марскіх, і вайсковых… Не ў іх справа, а ў чалавеку, які б гаварыў за мяне – для мяне. Зрэшты, кажу табе, як спусцімся на ніз, то няхай у цябе будзе дзве пары вачэй і дзве пары вушэй, але як выйдзем адсюль, то забудзься пра ўсё. У цябе гэта атрымаецца, Станіслаў Пятровіч, а пра астатняе не пытайся. Я зараблю дзесяць працэнтаў, табе дам дзесяць працэнтаў ад майго заробку і справа закончана. А навошта гэта, для каго і супраць каго – не пытайся.
Вакульскі маўчаў.
-       А чацвёртай прыйдуць да мяне фабрыканты амерыканскія і французскія. Можаш сысці? – спытаў Сузін.
-       Добра.
-       А цяпер праедзешся па горадзе?
-       Не. Цяпер я пайду спаць.
-       Ну, то і добра. Ідзі ж у свой пакой.
Ён пакінуў нумар Сузіна і праз больш чым за дзесяць крокаў увайшлі ў вельмі падобны салон: Вакульскі кінуўся на ложак, Сузін выйшаў на пальчыках і зачыніў дзверы.
Пасля таго, як Сузін пайшоў, Вакульскі прыкрыў вочы і паспрабаваў заснуць. Можа не столькі заснуць, колькі адагнаць ад сябе нейкую назойлівую думку, ад якой ён уцёк з Варшавы. Праз пэўны час яму здавалася, што яе ўжо няма, што засталася там і што толькі шукае яго заклапочаная, туляючыся ад Кракаўскага Прадмесця да Алеі Уяздоўскай.
“Дзе ён?... дзе ён?...”- шаптаў прывід.
“А калі паляціць за мной?... – спытаў самога сябе Вакульскі. – Ну, ужо хіба тут мяне не знойдзе ў такім вялікім горадзе, у такім вялікім атэлі…”
“А можа мяне ўжо шукае?...” – падумаў ён.
Ён заплюшчыў вочы яшчэ мацней і пачаў гайдацца на матрацы; які падаўся яму надзвычайна шырокім і выключна спружыністым. Ён быў заглыблены ў двух шумах. За дзвярыма, на атэльным калідоры, людзі размаўлялі і бегалі, нібы ў гэтую хвіліну адбылося штосьці; за вакном, на вуліцы, чуўся няпэўны шум, які складаецца з туркату шматлікіх экіпажаў, гукаў званоў, людскіх галасоў, труб, стрэлаў і Бог ведае чаго, а ўсё прыцішанае і адлеглае.
Потым яму падалося, што якісьці цень заглядвае ў яго вакно, а пазней, што па доўгім калідоры хтосьці ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, стукае і пытаецца:
“Ці няма яго тут?...”
Сапраўды хтосьці хадзіў, стукаў і нават пастукаў да яго ў дзверы; але не атрымаўшы адказу пайшоў далей.
“Не знойдзе мяне!... не знойдзе…” – думаў Вакульскі.
Тады ён адкрыў вочы і валасы ўзняліся на яго галаве. Насупроць сябе ён убачыў такі самы пакойчык як яго, такі самы ложак з балдахінам, а на ім… сябе!... Гэта было адно з наймацнейшых уражанняў, якія ён атрымаў у жыцці, убачыўшы на ўласныя вочы, што тут, дзе ён лічыў сябе цалкам самотным, таварышыць яму неадступны сведка… ён сам!...
“Што гэта за штукарскае шпіёнства… - мармытнуў ён. – Неразумныя гэтыя шафы з люстрамі.”
Ён усхапіўся з ложка, яго двайнік усхапіўся таксама хутка. Ён пабег да вакна – той таксама. Адчыніў ліхаманкава чамадан, каб пераапрануцца, і той таксама пачаў пераапранацца, відавочна маючы намер выйсці ў горад.
Вакульскі адчуваў, што павінен уцячы з гэтага пакою. Прывід, ад якога ён з’ехаў з Варшавы, быў ужо тут і стаяў за парогам.
Ён памыўся, апрануў чыстую бялізну, пераапрануў адзенне. Была ледзь палова першай.
“Палова чацвёртай, - падумаў ён. – Штосьці трэба з імі зрабіць…”
Ледзьве ён адчыніў дзверы, ужо знайшоўся служачы са зваротам:
-       Месьё?...
Вакульскі загадаў правесці сябе да лесвіцы, даў суправаджальніку франк і збег з трэцяга паверха на ніз так, як чалавек, якога даганяюць.
Ён выйшаў з брамы і затрымаўся на ходніку. Вуліца шырокая, абсаджаная дрэвамі. У адну хвіліну пралятае каля яго дзесьці шэсць экіпажаў і жоўты омнібус, запоўнены падарожнікамі ўнутры і на даху. Направа, дзесьці вельмі далёка, відаць плошча, налева – каля атэлю – невялікая маркіза, а пад ёй грамада мужчын і жанчын, якія сядзяць каля акруглых столікаў, амаль на ходніку, і п’юць каву. Мужчыны з расшпыленымі нізка каўнерамі, а ў дзірках ад гузікаў у іх кветкі ці стужачкі і закладваюць ногі на калены якраз так высока, як належыць у суседстве шасціпавярховых дамоў; жанчыны стройныя, малыя, смуглаватыя, з агністымі позіркамі, але вельмі сціпла апранутыя.
Вакульскі ідзе ў левы бок і за рогам таго самага атэля, у гэтым жа самым атэлі, бачыць другую маркізу і другую грамаду людзей, якія штосьці п’юць побач з ходнікам. Тут сядзіць чалавек сто, калі не больш; у мужчын выразы твару дзёрзкія, жанчыны паводзяць сябе ажыўлена, па-сяброўску і проста. Адна- і двухконныя экіпажы рухаюцца далей, грамады пешых ідуць штохвіліны ў адзін і другі бок, пасоўваюцца жоўты і зялёны омнібусы, а ім перпендыкулярна рухаюцца карычневыя омнібусы, усе запоўненыя, ды аблепленыя пасажырамі на дахах. Вакульскі знаходзіцца на сярэдзіне плошчы, ад якой разыходзіцца сем вуліц… Куды ісці? Хіба што ў накірунку да дрэў… Акурат дзве вуліцы, якія перасякаюцца пад  простым кутом, абсаджаныя дрэвамі…
“Я пайду ў накірунку сцяны атэлю”, - думае Вакульскі.
Робіць паўабарота ўлева і спыняецца ў задуменні.
У глыбіні налева бачны якісьці вялікі будынак.
На першым паверсе – шэраг аркад і статуй, на другім паверсе вялізныя калоны з каменя і крыху меншыя мармуровыя, з пазалочанымі капітэлямі. На вышыні даху ў кутах - арлы і пазалочаныя статуі, якія ўзносяцца над пазалочанымі фігурамі нястрымных коней. Дах бліжэй пакаты, далей капула, закончаная каронай, а яшчэ далей – трохвугольны дах, які таксама ўтрымлівае на даху групу фігур. Усюды мармур, бронза, золата, усюды калоны, статуі і медальёны…
“Опера?... – думае Вакульскі. – Але ж тут больш мармуру і медзі, чым ва ўсёй Варшаве!...”
Ён узгадвае сабе свой склеп, упрыгажэнне свайго горада, чырванее і ідзе далей. Ён адчувае, што Парыж на першым кроку сплюшчыў яго, і – што ён задаволены. Рух экіпажаў, омнібусаў і пешых людзей павялічваецца страшэнным чынам. Праз некалькі крокаў веранды, акруглыя столікі, людзі, якія сядзелі уздоўж дарогі. За экіпажам, у якога ззаду лёкай, цягнецца вазок, які цягнецца сабакам, мінае яго амнібус, потым два чалавекі з  чамаданамі, потым большы экіпаж на двух колах, потым дама і мужчына на кані і зноў бясконцы шэраг экіпажаў.
Бліжэй да тратуара – экіпаж з букетамі, другі з гароднінай, насупраць разносчык піражкоў, газет, гандляр старызнай, тачыльшчык, разносчык кніжак…
- Прадаецца адзенне…
- “Фігаро”!... – Выстава!...
- “Пуцевадзіцель па Парыжы”… тры франкі!... тры франкі!...
Хтосьці ўкладвае Вакульскаму гэту кніжку ў руку, ён плаціць тры франкі і пераходзіць на другі бок вуліцы. Ідзе хутка, але нягледзячы на гэта бачыць, што ўсё яго апераджае: экіпажы і прахожыя. Відавочна, гэта якоесьці вялізнае спаборніцтва; таму прыспешвае крок, і хоць яшчэ нікога не перагнаў, ужо звяртае на сябе паўсюдную ўвагу. Яго перадусім атакуюць разносчыкі газет і кніжак, на яго пазіраюць жанчыны, з яго смяюцца з кпінамі мужчыны. Ён адчувае, што Вакульскі, які столькі шуму рабіў у Варшаве, тут нясмелы як дзіця і… добра яму з гэтым… Ах, як жа б я хацеў бы зноў стаць дзіцем з гэтай эпохі, калі яго бацька раіўся з прыяцелямі: ці яго аддаць купцу, ці ў школу?
У гэтым месцы вуліца крыху збочвае ўправа. Вакульскі першы раз заўважае чаырохпавярховы дом і напаўняе яго нейкая чуласць. Дом чатырохпавярховы сярод шасціпавярховых!... што ж гэта за мілая неспадзяванка…
Раптам- абмінае яго экіпаж з рамізнікам на козлах, які вязе дзвюх жанчын. Адна цалкам яму невядомая, другая…
“Яна?... – шэпча Вакульскі. – Не можа быць!...”
Нягледзячы на гэта ён адчувае, што сілы яго пакідаюць. На шчасце, побач кавярня. Кідаецца на крэсла, тут жа побач з тратуарам; з’яўляецца гарсон, аб чымсьці пытаецца, а потым прыносіць мазагран. Адначасова нейкая кветачніца прышпільвае яму ружу да тужуркі, а разносчы газет кладзе перад ім “Фігаро”. Вакульскі той кідае дзесяць франкаў, гэтаму франк, п’е мазагран і пачынае чытаць: “Яе К.В. Каралева Ізабэла…”
Камечыць газету і хавае яе ў кішэню, не дапівае мазагран і плаціць за яго і – устае з-за стала. Гарсон пазірае з-пад ілба, два госці, якія забаўляюцца тонкімі кійкамі, закладваюць ногі яшчэ вышэй, а адзін з іх нахабна пазірае на яго праз манокль.
“Калі б я гэтага франта ўдарыў у твар? – кажа Вакульскі. – Заўтра паядынак і можа ён бы забіў мяне… Але калі б я яго забіў?...”
Прайшоў каля франта і паглядзеў яму ў вочы. Франту манокль упаў на камізэльку і пакінула яго ахвота да паўусмешак.
Вакульскі ідзе далей і з найбольшай увагай прыглядаецца да камяніц. Што ж тут за магазіны!... Самы дрэнны з іх лепш выглядае, чым яго, які самы прыгожы ў Варшаве. Дамы цясовыя; амаль на кожным паверсе вялікія балконы ці балюстрады, якія размяшчаюцца уздоўж усяго паверха. “Гэты Парыж выглядае, нібы ўсе жыхары адчувалі патрэбу пастаянных стасункаў, калі не ў кавярнях, то з дапамогай галерэй”, - думае Вакульскі.
І дахі нейкія арыгінальныя, высокія, абкружаныя комінамі, на версе бляшаныя комінкі і шпігелі. І на вуліцах штокрок вырастае ці дрэва, ці ліхтар, ці кіёск, ці калона, закончаная шарам. Жыццё кіпіць тут так моцна, што не можа апамятацца ў бясконцым руху экіпажаў, а падчас хуткага бегу людзей, у мільганні шасціпавярховых дамоў з камення, яшчэ праглядае са сцен у форме статуй ці барэльефаў, са спічастых дахаў і з вуліц, дзе шмат буцікаў.
Вакульскаму здаецца, што нібы дастаны са стаячай вады і змешчаны ў кіпень, які “булькоча, шуміць і пырскае…” Ён, чалавек спелы і ў сваім клімаце рухомы, адчуў сябе як флегматычнае дзіця, якому імпануе ўсё і ўсе. Тымчасам вакол яго увесь час “булькоча і кіпіць, і шуміць, і пырскае…” ; не бачна канца ні натоўпаў, ні экіпажаў, ні дрэў, ні бліскучых выстаў, ні нават самой вуліцы. Вакульскі паступова трапляе ў адурэнне. Ён перастае чуць шумную размову мінакоў, потым глухне на крыкі вулічных гандляроў, урэшце на туркаценне колаў. Потым яму здаецца, што ўжо дзесьці ён бачыў такія дамы, такі рух, такія кавярні; пазней ён думае, што канечне ж гэта нічога вялікага, і нарэшце абуджаюцца ў ім крытычныя здольнасці, і ён кажа сабе, што – паколькі ў Парыжы часцей можна чуць французскую мову, чым у Варшаве, то аднак акцэнт тутэйшы горшы і вымаўленне менш выразнае.
Так разважаючы, ён замаруджвае крок і пачынае не саступаць з дарогі. І калі думае, што толькі цяпер французы пачнуць паказваць на яго пальцамі, ён заўважае са здзіўленнем, што ўжо усё менш звяртаюць на яго ўвагу. Пасля аднагадзіннага знаходжання на вуліцы ён стаў звычайнай кропляй парыжскага акіяну.
“Гэта і лепш!” – думае ён.
Да гэтай хвіліны кожныя некалькі дзесяткаў крокаў, направа і налева, разыходзіліся дамы і відаць была нейкая бакавая вуліца. Цяпер маналітная сцяна дамоў цягнецца на працягу некалькіх дзесяткаў крокаў. Занепакоены, ён прыспешвае хаду і да вялікага свайго задавальнення даходзіць нарэшце да бакавой вуліцы; паварочвае крыху направа і чытае: Вуліца Св. Фіякра.
Усміхаецца, бо яму прыходзіць на думку нейкі раман Паўла Коцка. Зноў вуліца бакавая і зноў ён чытае: Вул. Санцье.
“Я не ведаю”, - кажа ён сабе. Праз некалькі крокаў ён бачыць: Вул. Пуазаньер, якая яму нагадвае нейкую крымінальную справу, а потым цэлы шэраг кароткіх вулічак, якія вядуць да тэатра “Жымназ”.
“Што ж гэта зноў?...” – думае ён, заўважыўшы налева вялікі будынак, непадобны ні да аднаго з тых, якія ведаў ён да гэтага часу. Гэта вялікі прамавугольнік з каменю, а ў ім брама з паўкружжам аркі. Відавочна брама, якая стаіць на перасячэнні двух вуліц. Каля яе нібы будан, дзе затрымліваюцца омнібусы; амаль насупраць кавярня і тратуар, аддзелены ад сярэдзіны вуліцы кароткай жалезнай балюстрадай.
Праз пару соцен крокаў іншая падобная брама, а паміж імі шырокая вуліца, якая цягнецца направа і налева. Рух раптам узмацняецца; якраз праязджаюць аж тры гатункі омнібусаў і трамваі.
Вакульскі пазірае направа і зноў бачыць два шэрагі ліхтароў, два шэрагі кіёскаў, два шэрагі дрэў і два шэрагі шасціпавярховых дамоў, якія цягнуліся на даўжыню Кракаўскага Прадмесця і Новага свету. Канца іх зусім не відаць, толькі дзесьці, далёка, вуліца ўзнімаецца да неба, дахі зніжаюцца да зямлі і ўсё знікае.
“Ну, хоць бы я памыліўся і спазніўся на сустрэчу, пайду ў той бок!…”- думае ён.
Тут на павароце ён бачыць маладую  жанчыну, рост якой і рухі робяць на Вакульскага моцнае ўражанне.
“Яна?... Не… Да таго ж, яна засталася ў Варшаве, а па-другое – я сустракаю ўжо другую такую… Трызненне…”
Але сілы пакідаюць яго, і нават памяць. Ён стаіць на перакрыжаванні дзвюх вуліц, абсаджаных дрэвамі і абсалютна не ведае, адкуль прыйшоў. Яго ахоплівае панічны страх, вядомы людзям, якія заблукалі ў лесе; на шчасце, прыязджае аднаконка, фурман якой усміхаецца да яго вельмі па-сяброўску.
-       Гран Атэль, - кажа Вакульскі, заходзячы ў экіпаж.
Фурман датыкаецца рукой да капелюша і крычыць:
-       Пайшла, Лізетка… Гэты шляхетны чужаземец паставіць табе за стомленасць кварту піва.
Потым, азіраючыся на Вакульскага, кажа:
-       Адно з двух, даражэнькі: ці  толькі сёння прыехалі, ці добра паснедалі…
-       Сёння я прыехаў, - адказвае Вакульскі, супакоены выглядам яго здаровага чырвонага твару без барады.
-       І пілі крыху, гэта бачна – заўважае рамізнік. – А таксу ведаеце?...
-       Усё роўна.
-       Пайшла, Лізетка!... Вельмі спадабаўся мне гэты чужаземец і я думаю, што толькі такія павінны стаяць на нашай выставе. Вы ўпэўнены, мсье, што мы павінны ехаць у Гран Атэль?... – звяртаецца ён да Вакульскага.
-       Як нельга больш.
-       Пайшла, Лізетка! Гэты чужынец пачынае мне падабацца. – Вы, мсье, не з Берліна?
-       Не.
Фурман прыглядаецца да яго хвіліну, нарэшце кажа:
-       Тым лепш для вас. У мяне няма прэтэнзій да прусакоў, хоць забралі ў нас Альзас і вялікі кавалак Латарынгіі, але усё  жыццё я не люблю немца за плячыма. Адкуль жа вы, мсье?
-       З Варшавы.
-       Ах, вось як… Прыгожая краіна… багатая краіна… Наперад, Лізетка!... Значыць вы паляк?... Я ведаю палякаў!... Гэта плошча Опера, мсье, а гэта Гран Атэль… Вакульскі аддаў тры франкі фурману, бягом забег пад браму, а з яе на трэці паверх. Ледзь стаў перад сваім нумарам, як ужо з’явіўся служка з усмешкай і аддаў яму білет Сузіна і пакет лістоў.
-       Шмат зацікаўленых мужчын… шмат зацікаўленых жанчын! – прамовіў служка, пазіраючы на  яго са здзекам.
-       Дзе ж яны?
-       Яны ў салоне для прыёмаў, яны ў чытэльні, у сталовай… Пан Юмарт не можа стрываць…
-       Хто ж такі пан Юмарт? – спытаў Вакульскі. – Маршалак прыдворны і пана Шыўзэ… Вельмі здольны чалавек і шмат ён мог бы вам аказаць паслугі, калі б быў упэўнены  ў дзесьці ...тысячы франкаў у падзяку.
-       Дзе ж ён?
-       На другім паверсе, у вашым салоне для прыёмаў. Пан Юмарт вельмі здольны чалавек, але і пэўна спатрэбіўся б вашай светласці, паколькі маё прозвішча Мілер. Сапраўды аднак я з Альзаса і да гонару, заместа таго, каб браць ад вас, я яшчэ плаціў бы дзесяць франкаў штодня, калі б назаўсёды скончыў справы з прусакамі.
Вакульскі ўвайшоў у нумар.
-       Перш за ўсё асцерагайцеся панове гэтай баранэсы… якая ўжо чакае ў чытэльні, хаця павінна была прыйсці толькі а трэцяй… Я прысягну – гэта немка…Я ж усё-такі альзасец… Апошні сказ Мілер прамовіў зніжаным голасам і адышоў у калідор.
Вакульскі адкрыў білет Сузіна і чытаў: “Сход толькі а восьмай, - пісаў Сузін, - у цябе шмат часу, таму разбярыся з гэтымі зацікаўленымі, а перад усім з жанчынамі. Я ўжо, далібог, занадта стары, каб ім усім дагадзіць.”
Вакульскі пачаў праглядаць лісты. З большага гэта былі прапановы купцоў, парыкмахераў, дантыстаў, просьбы аб падтрымцы, прапановы раскрыцця якіхсьці таямніц, адна адозва ад Арміі Збаўлення.
З усяго мноства гэтых карэспандэнцый уразіла Вакульскага наступная: “ Асоба маладая, элегантная і прыстойная вельмі жадае пабыць з вамі ў Парыжы за агульны кошт. Адказ пакінуць у швейцара атэля.”
“Арыгінальны горад!” – прабурчэў Вакульскі.
Другі, яшчэ больш цікавы ліст, напісаны той баранэсай… Якая ад трэцяй гадзіны павінна была чакаць сход у чытэльні.
“Значыць яшчэ паўгадзіны…”
Ён патэлефанаваў і загадаў прынесці ў нумар сняданне. Праз некалькі хвілін яму падалі шынку, яйкі, біфштэкс, нейкую невядомую рыбу, некалькі бутэлек розных напояў і млынок чорнай кавы. Ён еў з воўчым апетытам, піў не горш,  нарэшце загадаў Мілеру правесці яго у гэту залу для прыёмаў. Служка выйшаў з ім на калідор, датыкнуўся да званка, штосьці прамовіў у трубку і правёў Вакульскага ў вінду. Праз хвіліну Вакульскі быў на другім паверсе, а калі пакідаў вінду, то перайшоў яму дарогу нейкі элегантны пан, з невялікімі вусамі, у фраку і белым гальштуку.
-       Мсье Жумар… - прадставіўся гэты пан з паклонам.
Яны прайшлі некалькі дзесяткаў крокаў па калідоры і Жумар адчыніў дзверы прыгожага салону. Вакульскі амаль не адступіўся, убачыўшы пазалочаную мэблю, вялізныя люстры і сцены, аздобленыя барэльефамі. На сярэдзіне стаяў вялікі стол, пакрыты цудоўным абрусам і завалены стосам папер.
-       Я магу ўвесці зацікаўленых асоб?- спытаўся Жумар. – Наўрад ці з’яўляюцца, як мне здаецца, небяспечнымі. Толькі на баранэсу ... асмелюся звярнуць увагу... Чакае ў чытэльні.
Ён пакланіўся і выйшаў з павагай у іншы салон, які, здаецца, быў прыёмнай.
“Ці я, ліха бяры, не трапіў у нейкую авантуру?” – падумаў Вакульскі.
Ледзьве Вакульскі сеў на крэсла і пачаў пераглядаць паперы, увайшоў лёкай у блакітным фраку, аздобленым залатой вышыўкай і падаў яму візітоўку на падносе. На візітоўцы быў надпіс: “Палкоўнік”, і нейкае прозвішча, якое яму ні аб чым не гаварыла.
-       Запрасіце. 
Праз хвіліну з’явіўся мужчына ва ўзросце , з сівой іспанскай барадой, такімі ж вусамі і чырвонай стужачкай каля борта сурдута:
-       Я ведаю, што ў вас мала часу, - азваўся госць, лёгка кланяючыся. – Мая справа кароткая. Парыж – цудоўнае месца з усіх бакоў: ці гаворка пра забаву, ці пра навучанне; але тут спатрэбіцца прафесійны экскурсавод. Бо я ведаю усе музеі, галерэі, тэатры, клубы, помнікі, установы адміністрацыйныя і прыватныя, карацей кажучы, усё… таму калі вы жадаеце…
- Няхай пан пакіне свой адрас, - адказаў Вакульскі.
- Я павінен з’явіцца ці чакаць, калі вы паклічаце? – спытаў госць.
- Так, я адкажу вам лістом.
- Я давяраю памяці, - адказаў госць. Устаў з крэсла і, пакланіўшыся, выйшаў.
Лёкай прынёс другую візітоўку і неўзабаве з’явіўся другі госць. Гэта быў чалавек кругленькі і ружоватвары і выглядаў уладальнікам магазіна тэкстыльных  вырабаў. Ён кланяўся на ўсёй прасторы ад дзвярэй да стала.
- Што вы жадаеце? – спытаў Вакульскі.
- Як гэта, не адгадаў пан, прачытаўшы прозвішча Эскабо?... Ганібал Эскабо?... – здзівіўся той, што прыбыў. – Карабін Эскабо дае сямнаццаць стрэлаў у хвіліну; той жа які я павінен прадставіць вам, выдае трыццаць куль...
У Вакульскага была такая здзіўленая міна, што Ганібал Эскабо сам здзівіўся.
- Думаю, што не памыліўся? – спытаў госць.
- Памыліўся пан, - адказаў Вакульскі.  - Я галантарэйны купец і карабіны мяне не датычацца.
- Аднак мне казалі… давераныя асобы… - сказаў з націскам Эскабо, - што вы, панове…
- Вас дрэнна паінфармавалі.
- Ах, у такім выпадку перапрашаю… Гэта можа быць у іншым салоне… - сказаў госць, адступаючы і кланяючыся.
Зноў з’яўляецца блакітны фрак і белыя сподні і новы госць; на гэты раз малы, худы, чорны, з неспакойным позіркам. Гэты амаль прыбег да стала, упаў на стул, паглядзеў на дзверы і прысунуўшыся да Вакульскага пачаў прыцішаным голасам:
-       Пэўна здзіўляе гэта пана, але… важная рэч… вельмі важная… У гэтыя дні я зрабіў вялізнае адкрыццё што датычыцца рулеткі… Трэба толькі шэсць-сем разоў дубляваць стаўку…
-       Выбачайце, пане, але я гэтым не займаюся, - перапыніў яго Вакульскі:
-       Не давярае мне пан?... Гэта цалкам натуральна… Але ў мяне з сабой малая рулетка… Можам паспрабаваць…
-       Я перапрашаю, пане, у гэту хвіліну ў мяне няма часу.
-       Тры хвіліны, пане… хвілінку…
-       Ані паўхвіліны.
-       Дык калі ж я павінен прыйсці? – пытаў госць з мінай вельмі заклапочанай.
-       У любым выпадку няхутка.
-       Няхай жа пан мне як найменш пазычыць сто франкаў на афіцыйныя спробы…
-       Магу даць пяць, - адказаў Вакульскі, сягаючы ў кішэню.
-       О, не, пане, дзякую… Я не авантурнік… Зрэшты… дайце… заўтра вярну… Вы можа за гэты час перадумаеце…
Наступны госць, чалавек немалой вагі, з нізкай мініяцюрных ордэнаў на лацкане пінжака, прапанаваў Вакульскаму: дыплом доктара філасофіі, ордэн ці званне, і здаваўся вельмі здзіўленым, калі прапанова не была прынятая. Ён выйшаў нават не развітаўшыся.
Пасля яго наступіў хвілінны перапынак. Вакульскаму здавалася, што ў чакальнай зале ён чуе шэлест жаночай сукенкі. Ён напружыў слых… У гэту хвіліну лёкай абвясціў баранэсу…
Зноў доўгая паўза і з’явілася ў салоне кабета настолькі прыгожая і элегантная, што Вакульскі мімаволі прыўстаў з крэсла. Ёй магло быць дзесьці гадоў сорак; узрост немалы, рысы вельмі правільныя, постаць велічная.
Моўчкі ён прапанаваў ёй крэсла. Калі ж яна прысела, ён заўважыў, што яна ўзрушаная і змінае ў руках вышытую хустачку. Раптам яна азвалася, горда пазіраючы яму ў вочы:
- Вы мяне ведаеце?
- Не, пані.
- Не бачыў пан нават маіх партрэтаў?
- Не.
- Значыць вы ніколі не былі ні ў Берліне, ні ў Вене.
- Не быў.
Дама глыбока ўздыхнула.
- Тым лепш, - прамовіла яна, -   я буду больш смелая. Я не баранэса… я зусім іншая асоба. Але не ў гэтым справа. Часова я апынулася ў цяжкім становішчы… мне патрэбны дваццаць тысяч франкаў… А паколькі я не хачу ў тутэйшых ламбардах застаўляць мае каштоўнасці, таму… Разумееце, пане?
- Не, пані.
- Значыць так… я валодаю важнай таямніцай…
- У мяне няма права набываць таямніцы, - адказаў ужо збянтэжаны Вакульскі.
Дама паварушылася на крэсле.
- У вас няма права?... Дык навошта ж вы сюды прыехалі?... – прамовіла яна з лёгкай усмешкай.
- І ўсё ж няма…
Дама ўзнялася.
- Тут,- сказала яна ўзрушана, - ёсць адрас, па якім можна да мяне звярнуцца на працягу дваццаці чатырох гадзін, а тут… нататка, якая вас прымусіць крыху задумацца… Бывайце. І выйшла з шэлестам. Вакульскі паглядзеў на нататку і знайшоў у ёй падрабязнасці, якія датычыліся яго асобы і Сузіна, якія звычайна складаюць змест пашпартоў.
“ну так!... – думаў ён. – Мілер прачытаў май пашпарт і зрабіў з яго пераказ, нават без памылак… Ваклюскі… Што ж, чорт разбяры, ці яны мяне лічаць дзіцем?...”
Аднак ніхто з гасцей ужо не прыходзіў, Вакулькі паклікаў да сябе Жумара.
- Што загадаеце, пане? – спытаў элегентны прыдворны маршалак.
- Я хацеў бы з вамі паразмаўляць.
- Прыватна?... У такім выпадку дазволіце, пане, я прысяду. Прадстаўленне скончана, касцюмы ідуць на склад, акцёры становяцца падобныя самі на сябе.
Ён сказаў гэта амаль іранічным тонам і трымаўся, як належала чалавеку вельмі добра выхаванаму. Вакульскі дзівіўся ўсё больш.
- Скажыце мне, пане, што гэта за людзі?
- Гэтыя, што былі ў вас? – спытаў Жумар. –Людзі як людзі: праваднікі, даследчыкі, пасярэднікі... Кожны працуе, як умее, і стараецца сваю працу збыць як мага больш карысна. А што любяць зарабляць, калі атрымаецца, больш чым належыць, то гэта ўжо рыса французаў:
- А вы не француз?
- Я?...  нарадзіўся ў Вене, вучыўся ў Швейцарыі і ў Германіі, доўгі час жыў у Італіі, Англіі, Нарвегіі, Злучаных Штатах… Маё прозвішча найлепш бегла раскажа пра нацыянальнасць: я той, у чыёй стайні я жыву; вол паміж валамі, конь паміж коней. А паколькі ведаю, адкуль у мяне грошы, і на што я іх выдаткоўваю, то і людзі пра мяне ведаюць, значыць увогуле нічога мяне не датычыцца.
Вакульскі прыглядаўся да яго з увагай.
-       Я вас не разумею, - прамовіў ён.
Бачыце, пане, - сказаў Жумар, пастукваючы пальцамі па стале, - занадта шмат я бачыў свет, каб перажываць пра чыюсьці нацыянальнасць. Для мяне існуюць толькі чатыры нацыянальнасці не звяртаючы ўвагу на мовы. Нумар першы  гэта тыя, пра якія я ведаю: - адкуль бяруць грошы і на што іх выдаткоўваюць. Нумар другі – тыя, пра якіх я ведаю, адкуль бяруць, але не ведаю, на што выдаткоўваюць. Нумар трэці вядома на што выдаткоўвае, хаця не вядома, адкуль зарабляе, а нумар чацвёрты носяць тыя, якіх я не ведаю ні крыніцы даходаў, ні выдаткаў. Пра пана Эскабо я ведаю, што ў яго даходы з фабрыкі трыкатажу, а выдаткоўвае грошы на будаўніцтва нейкай пякельнай зброі, таму я паважаю яго… пра пані баранэсу:… не ведаю, ні адкуль бярэ грошы, ні на што выдаткоўвае, і таму я ёй не давяраю.
- Я купец, пане Жумар, - адказаў Вакульскі, непрыемна ўзрушаны выкладам гэтай тэорыі.
- Я ведаю пра гэта. І яшчэ вы сябар пана Сюзэна, што таксама дае пэўны працэнт даверу. Не да вас адносіліся мае ўвагі; я іх расказаў як лекцыю, які, я маю надзею, аплоціцца мне.
- Вы, пане, філосаф, - буркнуў Вакульскі.
- Нават доктар філасофіі нават двух універсітэтаў, - адказаў Жумар.
- І выконваеце ролю…
- Слугі?... вы хацелі сказаць, - перапыніў яго, смеючыся, Жумар. – Я працую, пане, каб жыць і забяспечыць сабе рэнту на старасць. А пра тытул не дбаю: столькі іх ужо ў мяне было!... Свет жа падобны да аматарскага тэатру: таму невыпадае ў ім пхнуцца на першыя ролі, і адкідваць спадручныя. Урэшце, кожная роля добрая, толькі б граць яе з артыстызмам і не адносіцца да яе вельмі сур’ёзна.
Вакульскі паварушыўся. Жумар узняўся са стула і пакланіўшыся элегантна, прамовіў:
- Я рэкамендую вам свае паслугі. 
І затым выйшаў з салону.
“У мяне трызненне ці што?... – прашаптаў Вакульскі,сціскаючы галаву рукамі. – Я ведаў, што Парыж дзіўны, але каб быў настолькі дзіўны…”
Калі Вакульскі паглядзеў на гадзіннік, была толькі палова чацвёртай.
“Прайшло чатыры гадзіны да сустрэчы”, - прабурчэў ён, адчуваючы, што агортвае яго трывога ад думкі: што рабіць з часам? Ён бачыў столькі новых рэчаў, размаўляў са столькімі новымі людзьмі і зараз толькі палова чацвёртай.
Яго ахапіў неакрэслены непакой, ён адчуваў, што яму чагосьці не хапае… “Можа б зноў што-небудзь з’есці? – не. Можа чытаць? – не. Можа размаўляць? – ужо досыць мне гэтых размоў”. Людзі надакучылі яму; найменш надакучлівымі былі гэтыя, хворыя на манію даследчыкаў і гэты Жумар са сваёй класіфікацыяй чалавечых кшталтаў.
Ён баяўся вяртацца ў свой нумар з вялікім люстрам; што ж яму засталося, калі не агляд парыжскіх асаблівасцяў. Ён загадаў правесці яго у залу да сталавання Гран Атэль. Усё тут раскошнае і вялікае, пачынаючы ад сцен, столі і вакон,  і да лічбы і даўжыні сталоў. Але Вакульскі не прыглядаўся; ён утапіў позірк у адным з вялізных пазалачоных павукоў-жырандоляў і думаў:
“Калі яна дасягне ўзросту баранэсы… яна, якая прывыкла да выдаткоўвання дзесяткаў тысяч рублёў штогод, хто ведае, ці не пойдзе таксама дарогамі баранэсы?... Хаця і гэтая жанчына была маладая, і за ёй мог паміраць такі вар’ят як я, і яна не пыталася, адкуль бяруцца грошы… Сёння ўжо ведае, адкуль: з гандлю таямніцамі… Праклятае асяроддзе, якая гадуе такую прыгажосць і такіх жанчын…”
У зале яму было цесна. Таму ён выбег перад атэлем заглыбіцца ў вулічны шум.
“Перш я ішоў налева, - думаў ён, - цяпер я пайду направа…”
Вандроўка ўсляпую у бязмежным горадзе была адзінай рэччу, якая мела для яго нейкае горкае прыцягненне.
“Калі б сярод гэтых натоўпаў я мог згубіць самога сябе…” – шапнуў ён.
Тады звярнуў направа. Прайшоў па невялікім пляцы і ўвайшоў на вельмі вялікі, густа абсаджаны дрэвамі. На сярэдзіне яго стаяў гмах прамавугольны, абкружаны калонамі, як грэцкі храм; вялікія дзверы падобныя да амбарных, пакрытыя барэльефамі, на шчыце франтона таксама барэльеф, які ўяўляе сабой, здаецца, апошні суд.
Вакол абышоў гмах, думаючы пра Варшаву. З якой цяжкасцю рухаюцца яе невялікія будоўлі, нетрывалыя і плоскія, тады як тут сіла людская, нібы для забавы, узводзіць веліканаў і так невычарпальная праца, што яшчэ дапаўняюць яе аздобамі.
Насупраць ён убачыў нядоўгую вуліцу, а за ёй вялізны пляц, на якім маячыла тонкая калона. Ён пайшоў у той бок. Чым больш ён набліжаўся, тым вышэй расла калона і пляц пашыраўся. Перад і за калонай білі вялікія фантаны; направа і налева цягнуліся ўжо пажаўцелыя купы дрэў як сады; у глыбіні відаць была рака, над якой штохвіліну разыходзіўся дым парахода, які хутка праходзіў.
На пляцы круцілася няшмат адносна экіпажаў; затое было шмат дзяцей з маці і бонамі. Кружылі вайскоўцы рознага роду войскаў і дзесьці іграў аркестр. Вакульскі наблізіўся да абеліску і яго агарнуў непакой. Ён знаходзіўся на сярэдзіне абшару, які меў з дзве вярсты даўжыні і з палову вярсты шырыні. За ім быў сад, перад ім вельмі вялікая алея. Па абодвух яе баках цягнуліся скверы і палацы, а далёка, на пагорку, узвышалася вялізная брама. Вакульскі адчуваў, што ў гэтым месцы можа яму не хапіць прыметнікаў і найвышэйшай ступені параўнання.
-       Гэта плошча Згоды, гэта абеліск з Луксора (арыгінальны, пане!), за намі Сад Цюілерыйскі, перад намі Елісейскія Палі, а там, на канцы… Арка Трыумфальная…
Вакульскі азірнуўся: каля яго круціўся нейкі мужчына ў цёмных акулярах і крыху падраных пальчатках.
-       мы можам туды падысці… Боскі шпацыр!... Ці бачыце, пане, гэты рух… - казаў незнаёмец. Раптам ён змоўк, хутка адышоў і знік паміж двума экіпажамі, якія праязджалі міма. Затое наблізіўся да яго нейкі вайсковец у кароткай накідцы, з капюшонам за плячыма. Вайсковец з хвіліну прыглядаўся да Вакульскага і прамовіў з усмешкай:
-       Вы чужаземец?... Будзьце асцярожным са знаёмствамі ў Парыжы.
Вакульскі машынальна дакрануўся да бакавой кішэні сурдута і ўжо не знайшоў там сярэбранага  партсігара. Ён зачырванеўся, падзякаваў вайскоўцу ў накідцы, але не прызнаўся, што партсігар знік. Яму прыйшлі на думку дэфініцыі Жумара і ён сказаў сабе, што ўжо ведае крыніцу даходаў пана ў падраных пальчатках, хоць не ведае яшчэ пра яго выдаткі.
“Жумар мае рацыю, - шапнуў ён. – Злодзеі менш няпэўныя, чым людзі, якія не вядома адкуль бяруць прыбыткі…”
І прыгадаў сабе, што ў Варшаве вельмі шмат такіх. “Можа таму няма там гмахаў і арак трыўмфальных…”
Ён ішоў па Елісейскіх Палях і вар’яцеў ад руху бясконцых вераніц карэт і экіпажаў, сярод якіх міналі наезнікі і амазонкі. Ішоў, адкідваючы ад сябе нядобрыя думкі, якія кружлялі над ім як стаі лятучых мышэй. Ён ішоў і баяўся азірнуцца; яму здавалася, што на гэтай дарозе, якая кіпела ад перанасычэння і вяселля, ён сам як прытаптаны чарвяк, за якім валакуцца яго вантробы.
Ён дайшоў да Аркі і паволі павярнуў назад. Калі зноў дасягнуў плошчы Згоды, то ўбачыў, за Цюільрыйскім Садам, вялізны чорны шар, які хутка ўзнімаўся ўверх, затрымаўся на пэўны час і паволі апаў на ніз.
“Ах, гэта тут шар Жыфарда? – падумаў ён. – Шкада, што няма ў мяне сёння часу!...”
З пляцу ён звярнуў на нейкую вуліцу, дзе направа цягнуўся сад, аддзелены жалезнымі штакецінамі і слупамі, на якіх стаялі вазоны, а на лева – шэраг камяніц з паўакруглымі дахамі, з безліччу комінаў і комінкаў, з бясконцымі балюстрадамі… Ён ішоў паволі і з трывогай думаў, што пасля крыху больш за восем гадзін знаходжання Парыж пачынае яму надакучаць…
“- Ба! – прашаптаў ён, - а выстава, а музеі, а шар?...”
Ідучы ўздоўж вуліцы Рывалі, каля сёмай гадзіны ён дайшоў да пляцу, на якім узвышалася, самотная, падобная на палец гатычная вежа, абкружаная дрэвамі і нізком плотам з жалезных прутоў. Адсюль зноў разбягалася некалькі вуліц; Вакульскі адчуў самотнасць, кіўнуў, каб пад’ехаў фіякр і праз паўгадзіны быў ужо ў атэлі, праехаўшы па дрозе праз ужо знаёмую яму браму Сэн Дэні.
Сустрэча з вытворцамі караблёў і адпаведнымі інжынерамі працягнулася да поўначы, пад выкарыстанне вельмі вялікай колькасці бутэлек шампанскага. Вакульскі, які павінен быў выручаць у размове Сузіна і рабіў нататкі, толькі падчас гэтай працы цалкам супакоіўся. Хутка ён пабег у свой нумар і замест баяцца люстра, узяў на падушку план Парыжа, змешчаны ў Экскурсаводзе.
-       Вось недарэчнасць! – буркнуў ён. – Каля ста квадратных вёрст паверхні, два мільёны жыхароў, некалькі тысяч вуліц і больш дзесятка тысяч транспарту публічнага…”
Потым ён прагледзеў доўгі спіс самых знакамітых будоўляў парыжскіх і з сорамам падумаў, што напэўна ніколі не зарыентуецца ў гэтым горадзе.
“Выстава… Нотр-Дам… Цэнтральны рынак… Плошча Бастыліі… Сабор святой Марыі Магдалены… каналізацыйныя калектары… Ну, супакойся ж!” – казаў ён.
Ён згасіў свечкі. На вуліцы было ціха; праз вакно наплываў шэры бляск святла, адбітага хіба ад аблокаў. Але ў Вакульскага шумела і званіла ўвушшу, а перад вачыма паказваліся то вуліцы, гладкія як паркет, то дрэвы, абкружаныя жалезнымі сеткамі, то гмахі, будаваныя з цёсавага камення, то зноў натоўп людзей і экіпажаў, якія з’яўляліся невядома адкуль і беглі невядома куды. Прыглядаючыся да гэтых знікаючых прывідаў, засынаў і думаў, што аднак гэты першы дзень у Парыжы запомніцца яму на ўсё жыццё.
Потым яму марылася, што гэта мора дамоў і безліч статуй, і бясконцыя шэрагі дрэў звальваюцца на яго і што ён сам ужо спіць ў бязмернай грабніцы самотны, ціхы, амаль шчаслівы. Спі, не думай ні аб чым, ні аб кім не памятай..., і так праспаў бы вякі, калі, ах! Не гэтая кропля жалю, якая ляжыць у ім ці побач з ім, такая малая, што яе не ўбачыць людское вока, а так горкая, што магла б атруціць цэлы свет.
Ад дня, у які першы раз заглыбіўся ў Парыжы, пачалося для Вакульскага жыццё амаль містычнае. Пасля некалькіх гадзін, якія ён прысвячаў сустрэчам Сузіна з вытворцамі караблёў, Вакульскі быў цалкам свабодны і ўжываў гэты час на самае найнеўпарадкаванае наведванне горада. Выбіраў якую-небудзь мясцовасць па алфавіце ў Экскурсаводзе і нават не пазіраючы на план ехаў туды адкрытым экіпажам. Узбіраўся на прыступкі, абыходзіў гмахі, прабягаў па залах, затрымліваўся перад найцікавейшым і тым самым фіякрам, які быў наняты на цэлы дзень, пераносіўся да іншай мясцовасці, зноў па алфавіце. А паколькі найбольшай небяспечнасцю, якой ён баяўся, быў недахоп занятку, таму вечарамі глядзеў план горада, выкрэсліваў ужо агледжаныя пункты і рабіў нататкі.
Некалі ў падарожжы таварышыў яму Жумар і праводзіў яго ў месцы, пра якія не ўзгадваюць праваднікі: на склады купецкія, на варштаты фабрычныя, у дамы рамеснікаў, у кватэры студэнтаў, у кавярні і рэстарацыі на вуліцах чацвёртага раду. І тут толькі Вакульскі даведваўся аб сапраўдным жыцці Парыжа.
Падчас гэтых вандровак уваходзіў на вежы: Сэн Жак, Нотр-Дам і Пантэон, уязджаў віндай на Тракадэро, сыходзіў у каналізацыйныя сцёкі парыжскія і ў "аздобленыя" чэрапамі катакомбы, наведваў выставу для ўсіх, Луўр і Клуны, Лясок Булонскі і могілкі, кавярні дэ ля Ратонд, дзю Гран балкон і фантаны, школы і шпіталі, Сарбону і залу фехтавання, рынкі і кансерваторыі музычныя, скатабойні і тэатры, біржу, Ліпеньскую калону ды заходзіў унутр храмаў. Усе гэтыя віды стваралі хаос вакол яго, якому і адпавядаў хаос, што панаваў ва ўласнай душы.
Неаднойчы прабягаючы ў думках агледжаныя прадметы: ад палацу выставы, які ў перыметры меў дзве вярсты, да жамчужыны ў кароне Бурбонаў, што не большая за зерне гароху, пытаўся: чаго я хачу?... І аказвалася, што ён не хацеў нічога. Нічога не прыцягвала яго ўвагу, не прыспешвала біццё сэрца, не пабуджала яго да дзеянняў. Калі б за цану пешага падарожжа ад могілак Монмартра да могілак Монпарнаса ахвяравалі яму цэлы Парыж пад умовай, каб яго гэта заняло і разагрэла, то не прайшоў бы гэтыя пяць вёрст. Праходзіць іх дзесяткі штодзень і толькі таму, каб заглушыць успаміны.
Неаднойчы яму здавалася, што ён з’яўляецца істотай, якая дзіўным збегам выпадкаў нарадзілася некалькі дзён таму тут, на парыжскім бруку, і што ўсё, што яму прыходзіла на памяць, мроі, гэта пэўны дачасны сон, які ніколі не існаваў у рэчаіснасці. Тады ён гаварыў сабе, што ён цалкам шчаслівы, ездзіў з аднаго  канца Парыжа на другі і як шалёны прыгаршчамі раскідваў луідоры.
“Усё адно!” – бурчаў ён.
Ах, калі б толькі не гэта кропля жалю, такая малая, а такая горкая!
Часам на фоне шэрых дзён, у якіх здавалася яму, што на яго галаву валіцца цэлы свет палацаў, фантанаў, разьбярства, абразоў і машын, трапляўся выпадак, які нагадваў яму, што ён не мроя, а сапраўдны чалавек, хворы на рак душы.
Ён быў аднойчы ў тэатры “Вар’етэ” на вуліцы Манмартр, за пару соцен крокаў ад свайго атэля. Павінны былі граць тры вясёлыя п’ескі, сярод іх адну аперэтку. Ён пайшоў туды, каб звар’яцець ад блазанства, і амаль у той жа час пасля ўзняцця заслоны ён пачуў на сцэне фразу, якая была прамоўлена з рыданнем:
“Каханак усё прабачыць каханцы, выключаючы іншага каханка…”
 – Некалі трэба прабачыць трох ці нават і чатырох!... – азваўся са смехам француз, які сядзеў побач з ім.
Вакульскаму стала не хапаць паветра, яму здавалася, што зямля расступаецца пад ім і столь падае на яго. Ён не мог вытрымаць у тэатры; ён узняўся з крэсла, якое на няшчасце знаходзілася аж дзесьці пасярод тэатру, і абліты халодным потам, топчучы ногі суседзяў, ён уцёк з прадстаўлення. Ён бег у бок атэля і забег у першую кавярню, што была на рагу вуліцы. Пра што яго пыталі, што адказаў, нічога не памятае. Ён ведаў толькі, што падалі яму каву і графін каньяку з пазначэннем крэскамі, якія адпавядалі аб’ёму кілішка.
Вакульскі піў і думаў;
“Старскі гэта той другі каханак, Ахоцкі трэці… А Росі?...  Росі, якому я ўладзіў авацыі і насіў яму ў тэатр прэзенты… Кім жа быў ён?... Дурны чалавеча, але ж гэта Месаліна, калі не целам, то душой… І я, я той, хто вар’яцее з-за яе?... Я!...”
Ён адчуваў,што абурэнне супакойвае яго; калі прыйшоў час для рахунку, то пераканаўся, што… графінчык быў пусты….
“А аднак жа гэты каньяк супакойвае”… - падумаў ён.
З таго часу, колькі разоў ён узгадваў Варшаву ці колькі разоў сустракаў жанчыну, у якой было штосьці агульнае ў рухах, у адзенні ці рысах твару, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Толькі ў той час ён смела ўзгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі як ён чалавек мог кахаць такую як яна жанчыну.
“Відаць я заслугоўваю гэтага, - думаў ён, - каб быў першым і апошнім…”
Графін каньяку апусташаўся, а ён абапіраў галаву на рукі і драмаў, на вялікую ўцеху гарсонаў і кліентаў.
І зноў цэлымі днямі ён наведваў выставу, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не таму, каб штосьці даведацца, а каб заглушыць успаміны. Паволі, на фоне глухіх, неакрэсленых пакут, пачало ў ім нараджацца пытанне: ці існуе які парадак ў пабудове Парыжа? Ці ёсць прадмет, з якім можна было б яго параўнаць, і лад, пад які ўдалося б яго падвесці?
Бачаны з Пантэону і з Тракадэро, Парыж уяўляўся аднолькава: было гэта мора дамоў, працятае тысяччу вуліц, няроўныя дахі выглядалі як хвалі, коміны як прыбярэжныя невялікія хвалі, а вежы і калоны як большыя хвалі на моры.
“Хаос! – казаў Вакульскі. Зрэшты не можа быць інакш там, дзе збягаюцца мільёны намераў. Вялікі горад як воблака пылу; у яго выпадковыя контуры, але не можа мець логікі. Калі яе меў, то ўжо даўно выкрылі б гэты факт аўтары праваднікоў; бо і для чаго ж яны існуюць?...”
І ён прыглядаўся да плану горада, высмейваючы ўласныя намаганні.
“Толькі адзін чалавек, і ў дадатак геніяльны чалавек, можа стварыць нейкі стыль, нейкі план, - думаў ён.
- Але каб мільёны людзей, што працуюць на працягу некалькіх стагоддзяў і не ведаюць адзін пра аднаго, стварылі нейкае лагічнае адзінства, то гэта папросту немагчыма.”
Паволі аднак, да найвялікшага здзіўлення, ён заўважыў, што гэты Парыж будаваўся на працягу больш дзесятка стагоддзяў, мільёнам людзей, якія не ведалі адзін аб адным і не думалі ні пра які план, аднак ёсць план, стварае адзінства, і нават вельмі лагічнае.
Уразіла яго найперш тое, што Парыж падобны да вялікай плоскай талеркі, на дзевяць вёрст шырынёй з поўначы на поўдзень і на адзінаццаць  - даўжынёй з усходу на захад. Талерка гэта ў паўднёвым баку трэснутая і падзеленая Секванай, якая перасякае яго лугам, што бяжыць ад кута паўднёва-усходняга праз сярэдзіну горада і паварочвае у кут паўднёва-заходні. Васьмігадовае дзіця магло б вымаляваць такі план.
“Ну добра, - думаў Вакульскі, - але дзе ж тут які-небудзь парадак у размяшчэнні асаблівых будынкаў… Нотр-Дам у адным баку, Тракадэро ў іншым баку, а Луўр, а Біржа, а Сарбона!... Хаос, і толькі…”
Але калі больш пільна пачаў разглядацца ў плане Парыжа, заўважыў тое, чаго не заўважылі сапраўдныя парыжане (што было б менш дзіўна) ані нават К. Бэдэкер, які валодае правам арыентавання па ўсёй Еўропе.
Парыж акрамя заўважнага хаосу мае план, мае логіку, хаця будавалі яго на працягу больш дзесятка стагоддзяў мільёну людзей, якія не ведалі адзін аб адным і як найменш нічога не плануючым наконт логікі і стылю.
Парыж валодае тым, што можна было б назваць хрыбтом, воссю крышталізацыі горада.
Лес Вінцэнаў знаходзіцца ў боку паўднёва-ўсходнім, а край Лесу Булонскага ў паўднёва-заходнім баку Парыжа. Значыцца гэтая вось крышталізацыі горада падобна да вялізнага вусеня (у якой амаль шэсць вёрстаў даўжыні), якая знудзіўшыся ў Лесе Вінцэнаў пайшла на шпацыр у Булонскі Лес.
Хвост яе абапіраецца на плошчу Бастыліі, галава на Арку Трыумфа, корпус амаль прылягае да Секваны. Шыю ўтвараюць Елісейскія Палі, карсет Цюільрыя і Луўр, хвастом з’яўляецца Ратуша, Нотр-Дам і нарэшце Калона Ліпеньская на плошчы Бастыліі.
У вусеня таго шмат ножак больш карацейшых і больш доўгіх. Ідучы ад галавы першая пара яго ножак абапіраецца злева: на Марсава Поле, палац Тракадэро і выставу, справа на могілкі Манмартр. Другая пара (ножкі карацейшыя) налева прылягае да Вайсковай Школы, Прытулку Інвалідаў, і Палаты дэпутатаў, направа касцёла Магдалены і Оперы. Потым ідзе (усё да хваста) налева Школа Мастацтваў, на права Палэ Руаяль, банк і біржа; налева Інстытут дэ Франс і Манетны двор, направа Цэнтральны Рынак; налева Палац Люксембургскі, музей Клюна і Медыцынская школа, на права плошча Рэспублікі, з казармамі князя Яўгенія.
Незалежна ад восі крышталізацыі і правільнасці ў агульным контуры горада Вакульскі пераканаўся яшчэ (пра што дарэчы гаварылі гіды), што ў Парыжы існуюць цэлыя галіны людскіх заняткаў і якісьці падзел пры іх упарадкаванні. Паміж плошчай Бастыліі і плошчай Рэспублікі сабраны прамысловасць і рамёствы; насупраць іх, па другім баку Секваны, ляжыць “Лацінскі квартал”, альма матэр навучэнцаў і навукоўцаў.
Паміж Операй, плошчай Рэспублікі і Секванай сабраны гандаль экспартны і фінансы; паміж Нотр-Дам, Французскім інстытутам і могілкамі Монпарнас месцяцца вяршкі родавай арыстакратыі. Ад Оперы да Аркі Трыумфу цягнецца раён багатых прадпрымальнікаў, а насупраць іх, па левым баку Секваны, каля Прытулку Інвалідаў і Вайсковай Школы сядзіба вайсковых і усясветных выстаў.
Агляд гэты абудзіў у душы Вакульскага новыя плыні, пра якія ён раней не думаў ці думаў неакрэслена. Да таго ж вялікі горад, як расліна і жывёла, мае ўласцівую толькі яму анатомію і фізіялогію. Да таго ж – праца мільёнаў людзей, якія так моцна крычаць аб сваёй свабодзе волі, паказвае тыя самыя вынікі, што праца пчол, якія будуюць вывераныя соты, мураўёў, якія ўзбудоўваюць востраканечныя муравейнікі ці хімічных рэчываў, якія складаюцца ў правільныя крышталі.
Значыць кіруе ў грамадстве не выпадак, а няўмольны закон, які нібыта на іронію з чалавечай пыхлівасці, так выразна выяўляецца ў жыцці найкапрызнейшага народу, французаў! Кіравалі імі Меровінгі і Карлавінгі, Бурбоны і Банапарты, былі тры рэспублікі і пара анархій, была інквізіцыя і атэізм, кіраўнікі і міністры змяняліся як крой сукенак ці аблокі на небе… Але нягледзячы на столькі змен, такіх на першы погляд глыбокіх, Парыж усё яскравей набіраў форму талеркі, падзеленай Секванай; усё выразней малявалася на ім вось крышталізацыі, якая бяжыць з плошчы Бастыліі да Аркі Трыумфу, усё больш вымалёўваліся раёны: вучоных і прамыслоўцаў, знакамітых родаў і гандляроў, вайскоўцаў і прадпрымальнікаў.
Гэты самы фаталізм заўважыў Вакульскі ў гісторыі некалькіх дзесяткаў найбольш гучных фамілій парыжскіх. Дзед, як сціплы рамеснік, працаваў на вуліцы Тэмпле па шаснаццаць гадзін на суткі; яго сын, выкупаўшыся ў лацінскім квартале, заклаў большы варштат на вуліцы Св. Антонія. Унук, які яшчэ лепш паглыбіўся ў навуковым раёне, перанёсся як вялікі гандляр, на бульвар Пуазоньер, праўнук жа, ужо як мільянер, пасяліўся ў суседстве з Елісейскімі Палямі для таго, каб… яго дочкі маглі хварэць на нервы на бульвары Сен-Жэрмен. І такім чынам род спрацаваны і разбагацелы каля Бастыліі, быў выкарыстаны каля Цюільры, узнімаўся паблізу Нотр-Дам. Тапаграфія горада адпавядала гісторыі жыхароў..
Вакульскі, раздумваючы пра гэту дзіўную правільнасць у фактах, якія лічылі няправільнымі, адчуваў, што калі што магло б яго вылечыць ад апатыі, то напэўна такога роду даследаванні.
“Я дзікі чалавек, - гаварыў ён сабе, -таму я вар’яцею, але выйду з гэтага стану з дапамогай цывілізацыі.” Зрэшты кожны дзень у Парыжы прыносіў яму новыя ідэі ці высвятляў таямніцу яго ўласнай душы. Аднойчы, калі ён сядзеў перад кавярняй, пад маркізамі, п’ючы мазагран, наблізіўся да веранды нейкі вулічны тэнар і пад акамапанемент арфы заспяваў:
Вясна, кветкі расцвітаюць
І лістота усё больш прыгажэе,
Тонкія карункі яе, ператвараючыся ў пену,
Становяцца рознакаляровымі матылямі.

Убачыш, як яны сядзяць на ружах;
Як яны, я хачу знаходзіцца таксама
Сваімі вуснамі на тваіх прыкрытых вуснах,
І ў цябе ўкрасці два пацалункі!

І тады некалькі наведвальнікаў кавярні паўтарылі апошнюю страфу:

Убачыш, як яны садзяцца на ружы;
Як яны, таксама я хачу знаходзіцца
Сваімі вуснамі на тваіх прыкрытых вуснах,
І ўкрасці ў цябе два пацалункі.

“Дурні! – прабурчаў Вакульскі. – Няма чаго ім паўтараць, акрамя гэтай блазноты.”
Ён узняўся, насупіўся і з болем у сэрцы пасоўваўся сярод плыні людзей, такой рухомай, крыклівай, гаваркой і спяваючай, як дзеці, якіх выпусцілі са школы.
“Дурні! Дурні!...” – паўтараў ён.
Раптам прыйшло яму на думку: а можа гэта ён хутчэй дурань?
“калі б усе гэтыя людзі, - гаварыў ён сабе, - былі падобныя да мяне, Парыж выглядаў бы як шпіталь сумных вар’ятаў. Кожны быў бы атручаны якім-небудзь відам, вуліцы ператварыліся б у калюжы, а дамы ў руіны. Тымчасам яны ўспрымаюць жыццё, якім яно ёсць, ставяць практычныя мэты, шчаслівыя, і ствараюць прадметы мастацтва.
А я за чым гнаўся? Спачатку – за перпетум мобіле і кіраваннем шарамі, потым за кар’ерай, да якой мяне не дапускалі мае ўласныя нібы саюзнікі, нарэшце за жанчынай, да якой амаль немагчыма мне набліжацца. І заўсёды я ці прысвячаў сябе, ці паддаваўся ідэям, створаным класамі, якія хацелі мяне зрабіць сваім слугой і нявольнікам.”
І ўяўляў сабе, як бы гэта было, калі б замест таго каб нарадзіцца ў Варшаве, ён нарадзіўся ў Парыжы. Перадусім дзякуючы мноству правіл мог бы большаму навучыцца яшчэ з дзяцінства. Пазней, нават стаўшы купцом, ён адчуваў бы менш прыкрасці, а больш дапамогі ў навучанні. Далей, не працаваў бы над перпетум мобіле, пераканаўшыся, што ў тутэйшых музеях існуе шмат падобных машын, якія ніколі не функцыянавалі.
Калі б цяпер узяўся за кіраванне шарамі, знайшоў бы гатовыя мадэлі, цэлыя групы падобных да яго летуценнікаў, і нават дапамогу ў выпадку практычнасці ідэй.
А калі б нарэшце, валодаючы маёнткам, закахаўся ў арыстакратычную панну, не напаткала б яго столькі перашкод для набліжэння да яе. Ён мог бы з ёй пазнаёміцца і ці працверазеў, ці здабыў бы яе ўзаемнасць. У любым выпадку не трактавалі б яго як афрыкана ў Амерыцы. Зрэшты, ці ў гэтым Парыжы можна закахацца так як ён, да шаленства?
Тут закаханыя не знаходзяцца ў стане роспачы, а танцуюць, спяваюць і ўвогуле як мага весялей праводзяць сваё жыццё. Калі не могуць ажаніцца афіцыйна, ствараюць грамадзянскі шлюб; калі не могуць утрымліваць дзяцей, аддаюць іх мамкам. Тут каханне ніколі пэўна не прывяло да вар’яцтва разумнага чалавека.

“Два апошнія гады майго існавання, - сказаў Вакульскі, -  засяроджаны на тым, каб дагнаць жанчыну, ад якой можа нават бы і адмовіўся, калі б пазнаў яе дакладней. Адна мая энергія, навука, здольнасці і такі вялікі набытак патанаюць у адным пачуцці толькі таму, што я купец, а яна якаясьці там арыстакратка… Ці ж гэтая прыкмета ў выглядзе маёй жа асобы не крыўдзіць мяне самога …”
Тут Вакульскі дасягнуў найвышэйшага пункту самакрытыкі: ён спазнаў недарэчнасць свайго становішча і вырашыў з яго выйсці.
“Што рабіць, што рабіць?... – думаў ён. – Хаця б тое, што робяць іншыя.”
А што ж яны робяць?... Перадусім – незвычайна працуюць, па шаснаццаць гадзін у суткі, не звяртаючы ўвагу на нядзелі і святы. Дзякуючы чаму спаўняецца закон выбару, паводле якога выжываюць наймацнейшыя і найздольнейшыя. Тыя ж дзякуючы працы цэлых пакаленняў такіх як яны змагароў знаходзяць тут задавальненне ўсіх патрэб.
Вялізная каналізацыйныя сцёкі ахоўваюць іх ад хвароб, шырокія вуліцы аблягчаюць дасягненне да іх паветра; Цэнтральныя Гандлёвыя рады забяспечваюць ежай, тысячы фабрык – адзеннем і прыладамі. Калі парыжанін хоча ўбачыць прыроду, ён едзе за горад ці ў “сад”, калі хоча парадавацца мастацтву, ідзе ў галерэю Луўр, а калі прагне здабыць веды, то ёсць у яго музеі і кабінеты.
Праца над шчасцем па ўсіх напрамках – гэта змест парыжскага жыцця. Тут супраць стомы існуюць тысячы экіпажаў, супраць суму – сотні тэатраў і відовішчаў, супраць няведання – сотні музеяў, бібліятэк і лекцый. Тут клапоцяцца не толькі пра чалавека, але нават пра каня, даючы яму гладкае зерне; тут дбаюць нават пра дрэвы, перавозяць іх у спецыяльных вазах на новыя месцы знаходжання, ахоўваюць іх жалезнымі агароджамі ад шкоднікаў, аблягчаюць спажыванне ім вільгаці, даглядаюць падчас хваробы.
Дзякуючы клопатам пра ўсе прадметы, якія знаходзяцца  ў Парыжы, гэта прыносіць разнастайную карысць. Дом, прылады працы, посуд не толькі ўжыткоўныя, але і прыгожыя, не толькі не нагружаюць мускулы, але і розум не загружаюць І наадварот – прадметы мастацтва не толькі прыгожыя, але і ўжыткоўныя. Ля трыўмфальных арак і вежаў касцёлаў знаходзяцца прыступкі, якія дапамагаюць узысці на вяршыню і агледзець горада з вышыні. Статуі і карціны даступныя не толькі для аматараў, але і для мастакоў і рамеснікаў, якія ў галерэях могуць ствараць копіі.
Француз, калі штосьці стварае, дбае найперш пра тое, каб стварэнне яго адпавядала сваёй мэце, а потым – каб было прыгожае. І яшчэ не скончыўшы з гэтым, клапоціцца пра яго трываласць і чысціню. Праўду гэту пацвярджаў Вакульскі на кожным кроку і на кожнай рэчы, пачынаючы ад калымажак, на якіх вывозілася смецце, да абкружанай бар’ерам Венерай Мілоскай. Ён адгадаў таксама вынікі падобнага гаспадарства, што не марнуецца тут праца: кожнае пакаленне аддае сваім наступнікам самыя выдатныя творы папярэднікаў, дапаўняючы іх уласным густам.
Такім чынам Парыж гэта арка, у якой змяшчаецца здабытак больш дзесятка, калі не некалькіх дзесяткаў стагоддзяў цывілізацыі… Усё тут ёсць, пачынаючы ад агідных яму асірыйскіх статуй і егіпецкіх мумій, заканчваючы апошнімі дасягненнямі механікі і электратэхнікі, ад жбанкоў, у якіх чатырыста стагоддзяў таму егіпцянкі насілі ваду, да вялізных кол гідраўлічных с Сен-Мар.
“Тыя, хто стварылі гэтыя цуды, - думаў Вакульскі,  -  ці збіралі іх у адным месцы, наўрад ці былі шалёнымі як я пустэчамі…”
Так сабе кажучы, адчуваў, што сорам яго ахоплівае.
І зноў вырашаў на працягу пары гадзін інтарэсы Сузіна, потым бадзяўся па Парыжу. Блукаў па невядомых вуліцах, патанаў сярод тлуму мінакоў, паглыбляўся ў відавочны хаос рэчаў і выпадкаў і на дне яго знаходзіў парадак і закон. І зноўку, каб штосьці змяніць, піў каньяк, гуляў у карты і ў рулетку ці аддаваўся распусце.
Яму здавалася, што ў гэтым вулканічным агні цывілізацыі напаткае яго штосьці незвычайнае, што тут пачнецца новая эпоха яго жыцця. Разам з гэтым адчуваў, што рассеяныя да гэтага часу звесткі і погляды збіраюцца ў пэўнае адзінства, у якуюсьці сістэму філасофіі, якая растлумачвала яму шмат таямніц свету і яго ўласнага быцця.
“Хто я?” – пытаўся ён неаднойчы і паступова фармуляваў сабе адказ:
“Я чалавек змарнаваны. У мяне былі вялізныя здольнасці і энергія, але – не зрабіў нічога для цывілізацыі. Тыя знакамітыя людзі, якіх я тут сустракаю, не валодаюць нават паловай маіх сіл і нягледзячы на гэта пакідаюць пасля сябе машыны, гмахі, творы мастацтва, новыя погляды. А я што пакіну?... Хіба што мой склеп, які сёння знік бы, калі б яго не пільнаваў Жэцкі… А дарэчы я не марнатравіў: працаваў за трох і калі б мне не дапамог выпадак, не было б у мяне нават таго багацця, якім валодаю зараз!...”

Пазней прыйшло яму на думку: на што ён гэта змарнаваў сілы і жыццё?...
На вайну з атачэннем, да якога не мог прыбіцца. Калі ў яго было жаданне вучыцца, не мог, паколькі ў яго краіне патрабаваліся не вучоныя, а слугі і распарадчыя аддзелаў ў магазіны. Калі хацеў служыць грамадству, хоць бы ахвярай уласнага жыцця, яму падсунулі фантастычныя мары замест праграмы, а потым – забыліся пра яго. Калі ён шукаў працу, яму яе не далі, а паказалі шырокі гасцінец для жаніцьбы са старэйшай за яго жанчынай па разліку. Калі нарэшце ён закахаўся і хацеў стаць законным бацькам сям’і, жрацом хатняга вогнішча, святасць якога ўсе навокал ухвалялі б, паставілі яго ў становішча бязвыйсцевае. Так, што не ведае нават, ці жанчына, за якой ён млеў, з’яўляецца звычайнай какеткай з перавернутым розумам, ці можа такой як ён заблуканай істотай, якая не знайшла патрэбнай ёй дарогі. Мяркуючы па яе дзеяннях, гэта панна на выданні, якая шукае найлепшай партыі; пазіраючы ў яе вочы, гэта анёльская душа, якой чалавечыя клопаты знішчылі крылы.
“Калі б мне аднаму, то хапіла б больш за дзесяць тысяч штогод і камплект да віста, і я быў бы ў Варшаве самым шчаслівым чалавекам, - гаварыў ён сам сабе. – але паколькі апрача страўніка ў мяне ёсць душа, якая прагне ведаў і кахання, то я павінен быў бы там загінуць. У такой атмасферы не даспяваюць ані пэўнага кшталту расліны, ані пэўнага кшталту людзі…
Атмасфера!... Аднойчы будучы ў абсерваторыі, ён кінуў позірк на кліматычную карту Еўропы і запомніў, што сярэдняя тэмпература Парыжа на пяць градусаў вышэйшая, чым у Варшаве. Значыць, што гэты Парыж штогод мае больш на дзве тысячы цяпла чым Варшава. А што цяпло гэта сіла, і настолькі моцная, калі не адзіная творчая сіла, значыць… загадка разгадана…
“На поўначы халадней,  -думаў ён, - раслінны і жывёльны свет менш разнастайны, а значыць ежу здабыць чалавеку цяжэй. Гэта не ўсё: той самы чалавек павінен яшчэ ўкладаць мноства працы ў пабудову цёплых памяшканняў для жыцця і нарыхтаваць цёплае адзенне. Француз у параўнанні з жыхаром поўначы мае больш вольнага часу  і сіл, і не мае патрэбы выкарыстоўваць іх на заспакаенне матэрыяльных патрэб і накіроўвае іх на духоўную творчасць. Калі ж да цяжкіх умоў кліматычных дадаць яшчэ арыстакратыю, якая апанавала ўсе заробкі народа і патанула ў бяздумнай распусце, то зараз высветліцца, чаму людзі незвычайна здольныя не толькі не могуць развівацца там, але папросту вымушаны гінуць”. “Ну, ужо я не згіну!...” – прабурчаў ён з глыбока жаданнем.
У гэтую хвіліну, у першы раз, яскрава вымаляваўся яму праект невяртання на Радзіму.
“Прадам склеп, - думаў ён, - адмоўлюся ад капіталаў сваіх і асяду ў Парыжы. Я не буду весці справы з тымі, якія мяне не хочуць… Я буду тут вывучаць музеі, можа займуся якой-небудзь спецыяльнай навукай і жыццё сплыве, калі не ў шчасці, то як найменш без болю!...”
Вярнуць яго на Радзіму і затрымаць у ёй мог толькі адзін выпадак, адна асоба… Але гэты выпадак не надыходзіў, а затое здараліся іншыя, якія ўсё больш адсоўвалі яго ад Варшавы і усё больш моцна прыкоўвалі да Парыжа.