четверг, 22 октября 2020 г.

***

  Магу глядзець у вочы людзям,

Бо толькі з праўдай і жыву,

Без крывадушша, без ілюзій

Я то маўчу, то гавару

Бо пасля доўгага маўчання

Няма нат страху гаварыць

Як жыць усё жыццё з адчайнай

Маўклівасцю, то ці патрэбна жыць?

Даўно напісана ў вышніх

Што "не жыву, як не пішу"

А я жыву, бо й нехта праўду піша,

А я выношваю, нашу,

Каб у свой час, са сваім Словам

Прыйсці ды не спазніцца ў свет,

А як паэт  дзе  - там аблога,

А ты бясстрашны - бо  паэт.

вторник, 6 октября 2020 г.

Б.Прус. Лялька. Том 3 Раздзел 4 ДАМЫ І ЖАНЧЫНЫ

У карнавале, што прайшоў, і падчас бягучага вялікага паста фартуна трэці ці чацвёрты раз ізноў ласкавым вокам зірнула на дом пана Ленцкага.
Яго салоны былі поўныя гасцей, а ў пярэдні пакой сыпаліся, як снег, білеты-візітоўкі. І зноў пан Томаш апынуўся ў той шчаслівай пазіцыі, што не толькі было каго прымаць, але нават мог рабіць выбар паміж наведвальнікамі.
- Пэўна што хутка памру, - гаварыў ён неаднойчы дачцэ. – У мяне аднак задавальненне, што людзі ацанілі мяне хоць перад смерцю.
Панна Ізабэла слухала яго з усмешкай. Яна не хацела рассейваць бацькоўскіх ілюзій i была ўпэўнена, што рой наведвальнікаў сведчыць аб пашане ёй – не бацьку.
Вось пан Нівіньскі, вытанчаны аранжатар, найчасцей з ёй танцаваў, натуральна, не з бацькам. Пан Мальборг, узор добрага выхавання і модных густаў, з ёй размаўляў, не з бацькам, а пан Шастальскі, прыяцель вышэй згаданых, не з-за бацькі , а толькі з-за яе адчуваў сябе няшчасным і несуцешным. Пан Шастальскі выразна ёй гэта засведчыў, і хаця сам не быў ні  тонкім танцорам як пан Нівіньскі, ні паслядоўнікам моды як пан Мальборг, быў аднак таварышам паноў Нівіньскага і Мальборга. Ён жыў блізка ад іх, з імі сталаваўся, з імі прывозіў сабе англійскія ці французскія гарнітуры, дамы ж сталыя не маглі ў ім разгледзець ніякіх іншых прывабных рыс, называючы яго як найменш - паэтычным.
Толькі дробны факт адзін выраз змусіў панну Ізабэлу шукаць у іншым накірунку таямніцы ўвагі да яе. Падчас  балю яна звярнулася да панны Пантаркевічоўны:
-       Ніколі так добра не бавілася ў Варшаве так, як сёлета.
-       Бо ты выклікаеш захапленні, - адказала коратка панна Пантаркервічоўна, закрываючыся веерам, нібы хацела схаваць міжвольнае пазяханне…
-       Панны “вядомага ўзросту” ўмеюць выклікаць захапленні, - азвалася на ўвесь голас пані з дэ Гінсаў Упадальска, скіроўваючы рэпліку да пані з Фертальскіх Выўратніцкай.
Рух веера панны Пантаркевічоўны і слоўца пані з дэ Гінсаў Упадальскай абудзілі  роздум панны Ізабэлы. Зашмат у яе было розуму, каб не зарыентавацца ў сітуацыі, ды яшчэ так яскрава асветленай.
“Што гэта за вядомы ўзрост? – думала яна. – Дваццаць пяць гадоў яшчэ не ўзрост… Што ж яны плятуць?...”
Яна глянула ўбок і ўбачыла накіраваны на сябе позірк Вакульскага. Паколькі мела на выбар: ці прыпісаць свае трыумфы “вядомаму ўзросту”, ці Вакульскаму... значыць… яна пачала задумвацца што да Вакульскага. Хто ведае, ці не быў ён міжвольным творцам захапленняў, якія яе з усіх бакоў атачалі?...
Яна пачала ўзгадваць сабе: перадусім бацька пана Нівіньскага меў капіталы ў прадпрыемстве, якое заснаваў Вакульскі і якое (аб чым было вядома нават панне Ізабэле) прыносіла вялікія прыбыткі. Затым жа і пан Мальборг, які скончыў якуюсьці  тэхнічную школу ( у навуках якой сябе асабліва ніколі не выяўляў), за пасярэдніцтвам Вакульскага (што захоўваў у найвялікшай таямніцы) стараўся аб пасадзе пры чыгунцы. І, відавочна, атрымаў такую, якая прываблівала тым, што не вымагала працы, але валодала адным страшэнным недахопам, што не давала трох тысяч рублёў зарплаты. Пан Мальборг нават шкадаваў Вакульскага; але з-за таго, што ўсё ж яны мелі стасункі, абмяжоўваўся вымаўленнем яго прозвішча з іранічнай напаўусмешкай.
Пан Шастальскі не меў капіталаў у прадпрыемстве і пасады пры чыгунцы. Але паколькі яго два таварышы, панове Нівіньскі і Мальборг, мелі прэтэнзіі да Вакульскага, то і ў яго была прэтэнзія да Вакульскага, якую ён фармуляваў з прыдыханнем побач з паннай Ізабэлай, прамаўляючы:
-       Існуюць шчаслівыя людзі, якія…
Аб тым, як выглядаюць тыя, “якія…”, панна Ізабэла ніколі не магла даведацца. Толькі пры выразе “якія” прыходзіў ёй на думку Вакульскі. Тады яна сціскала дробныя кулачкі і гаварыла сабе:
“Дэспат… тыран…”
Хоць Вакульскі не выказваў найменшай схільнасці ні да тыраніі, ні да дэспатызму. Толькі прыглядаўся да яе і думаў:
“Ты гэта ці… не ты?...”
Часам ад выгляду кола маладзейшых і старэйшых франтаў, што атачала панну Ізабэлу, вочы якой блішчалі як брыльянты ці як зоркі, па небе яго захапленняў пралятала воблака і кідала яму на душу цень неакрэсленага сумнення. Але Вакульскі на цені закрываў вочы. Панна Ізабэла была яго жыццём, шчасцем, сонцам, якога не маглі зацямніць якіясьці пралятаючыя хмаркі, можа нават крыху ўяўныя.
Некалі прыходзіў яму на думку Гейст, разумны чалавек, здзічэлы сярод вялікіх задум, які паказваў яму іншую мэту, а не ўзаемнае каханне панны Ленцкай. Але ў гэты час хапала Вакульскаму аднаго позірку панны Ізабэлы, каб яго вярнуць з летуценняў.
“Што мне тое грамадства! – казаў ён, паводзячы плячыма, - За ўсё чалавецтва і за ўсю будучыню свету, за маю ўласную вечнасць… не аддам аднаго пацалунку…” І ад думкі пра гэты пацалунак рабілася з ім штосьці незвычайнае. Воля ў ім слабела, адчуваў, што страчвае прытомнасць, і каб яе вярнуць, павінен быў зноў убачыць панну Ізабэлу ў таварыстве франтаў. І толькі у той час, калі ён чуў яе шчыры смех і станоўчыя выказванні, калі бачыў яе агністыя позіркі, якія яна кідала на паноў: Нівіньскага, Мальборга і Шастальскага, праз імгненне вока яму здавалася, што ападае перад ім заслона, за якой ён бачыць нейкі іншы свет і нейкую іншую панну Ізабэлу. Тады, невядома адкуль, запальвалася перад ім яго маладосць, поўная тытанічных  намаганняў. Ён бачыў сваю працу над перамаганнем беднасці, чуў свіст стрэлаў, якія некалі праляталі ў яго над галавой, а потым бачыў лабараторыю Гейста, дзе нараджаліся бясконцыя сенсацыі, і пазіраючы на паноў: Нівіньскага, Мальборга і Шастальскага; думаў:
“Што я тут раблю?... Чаму я малюся да аднаго з імі ўсімі алтара?”
Ён хацеў рассмяяцца, але зноў трапляў у моц мараў. І зноў здавалася яму, што такое як яго жыццё варта скласці да ног такой як панна Ізабэла жанчыны.
Будзь што будзе, пад уплывам неасцярожнага слоўца пані з дэ Гінсаў Упадальскай, у панне Ізабэле пачала адбывацца перамена на карысць Вакульскага. З увагай яна прыслухоўвалася да размоў паноў, якія наведваюць яе бацьку і ў выніку заўважыла, што кожны з іх мае ці капітальчык, які хоча змясціць у Вакульскага; “бадай хоць на пятнаццаць працэнтаў”, ці стрыечніка, якому патрэбна зрабіць пасаду, або прагне пазнаёміцца з Вакульскім для якіхсьці іншых мэтаў. Што ж тычыцца дам, тыя таксама ці хацелі кагосьці пратэгаваць, ці ў іх былі дочкі на выданні і нават не хавалі, што прагнуць адбіць Вакульскага ў панны Ізабэлы, альбо, паколькі не былі надта старымі, рады былі ашчаслівіць яго самі.
-       Вось жа быць жонкай такога чалавека! – гаварыла з Фертальскіх Выўратніцка.
-       Хоць бы нават і не жонкай! – адказвала з усмешкай баранэса фон Плес, муж якой пяць гадоў быў паралізаваны.
“Тыран… дэспат”, - паўтарала панна Ізабэла, адчуваючы, што адвергнуты ёй гандляр звяртае на сябе шмат позіркаў, надзей і зайздрасці.
Акрамя рэштак пагарды і агіды, якія ў ёй яшчэ тлелі, яна мусіла прызнаць, што гэты шорсткі і пануры чалавек больш значыць і лепш выглядае, чым маршалак, барон Дальскі, і нават, магчыма, паны: Нівіньскі, Мальборг і Шастальскі.
Наймацней аднак паўплываў на яе рашэнні князь.
Князь, на просьбу якога Вакульскі не толькі ў снежні мінулага года не хацеў ахвяраваць пані Кшэшоўскай дзесяці тысяч рублёў, але нават у студзені і лютым бягучага года не даў ані гроша на пратэгаваных ім бедных людзей, на момант страціў прыязнасць да Вакульскага. Вакульскі зрабіў князю прыкрую паслугу. Князь лічыў і верыў, што мае права так лічыць, што чалавек кшталту Вакульскага, раз пакарыстаўшыся княжацкай прыхільнасцю, павінен адрачыся не толькі ад сваіх густаў і спраў, але нават ад капіталу і асобы.
Што ён павінен любіць тое, што і князь, ненавідзець тое, што ненавідзіць князь, служыць толькі мэтам князя і дагаджаць толькі яго прыхільнасцям. Тымчасам гэты парвеню (хаця несумненна добры шляхціц) не толькі не думаў быць слугой князя, але нават адважыўся быць цэльным чалавекам; неаднойчы ён спрачаўся з князем, і што найгорш, увесь час адмаўляў яго жаданням.
“Шорсткі чалавек…карыслівы… эгаіст!...” – думаў князь, але усё мацней дзівіўся нахабству дарабкевіча.
Яму пашэнціла, што пан Ленцкі не мог ужо хаваць інтарэсу Вакульскага да панны Ізабэлы, i запытаў, што той думае аб Вакульскім і што параіць.
Дык вось жа князь, нягледзячы на розныя слабасці, быў у аснове сваёй годным чалавекам. Мяркуючы аб людзях, ён не кіраваўся ўласнымі прыхільнасцямі, але выносіў рашэнне.
Тады папрасіў пана Ленцкага на пару тыдняў прадмет уласнага даследавання “ для ўкладання меркавання аб ім”, і паколькі меў розныя сувязі і нават уласную паліцыю, то выведаў шмат розных рэчаў.
Найперш ён заўважыў, што шляхта аб Вакульскім агукаецца з’едліва як аб дарабкевічу і дэмакраце, але паціху аднак жа ўхваляе яго:
Знаць, што наша кроў, хоць і прыстаў да купцоў!
Як толькі справа была ў супроцьпастаўленні кагосьці яўрэйскім банкірам, нават самыя закамянелыя шляхціцы называлі першым Вакульскага.
Купцы, а найперш, фабрыканты, ненавідзілі Вакульскага, самыя цяжкія аднак абвінавачанні, якія яму прад’яўлялі, былі такія: “Гэта шляхціц… вялікі пан… палітык!...”, чаго зноў жа князь не мог ніякім чынам лічыць дрэннымі характарыстыкамі…
Самыя цікавыя аднак звесткі даставілі князю магдаленкі. Быў нейкі фурман у Варшаве і яго брат дарожны рабочы на чыгунцы Варшаўска-Венскай, якія бласлаўлялі Вакульскага. Былі нейкія студэнты, якія гучна расказвалі, што Вакульскі дае ім стыпендыю; былі рамеснікі, якія дзякавалі яму за варштаты, былі крамнікі, якім Вакульскі дапамог заснаваць склепы.
Хапала нават (аб чым сёстры гаварылі з пабожнай пагрозай і чырванеючы), была нават распусная жанчына, якую Вакульскі выбавіў з жабрацтва, аддаў яе магдаленкам і апошнім часам зрабіў з яе годную жанчыну, наколькі (гаварылі сёстры) такая асоба можа быць годнай жанчынай.
Звесткі гэтыя не толькі здзівілі, але проста спужалі князя. І адразу Вакульскі ўзрос ў яго ўспрыняцці. Ён быў чалавекам, у якога ёсць свая ўласная праграма, ды! Нават вядзе палітыку ўласнай рукой і мае вялікае значэнне сярод простага люду…
Таксама ж калі князь у азначаны тэрмін прыйшоў да пана Ленцкага, то не прамінуў адначасова ўбачыцца з паннай Ізабэлай. Са значэннем абняў яе і паведаміў такія загадкавыя словы:
-       Шаноўная стрыечніца, трымаеце ў руцэ незвычайную птушку… Трымайце ж яе і кулачок так, каб вырасла на карысць няшчаснаму краю…
Панна Ізабэла вельмі пачырванела; здагадалася, што той незвычайнай птушкай з’яўляецца Вакульскі.
“Тыран… дэспат!...” – падумала яна.
Нягледзячы на гэта ў дачыненні Вакульскага да панны Ізабэлы першы лёд крануўся. Ужо вырашала выйсці за яго…
Пэўнага дня, калі пан Ленцкі быў крыху нездаровы, а панна Ізабэла чытала ў сваім кабінеце, ёй паведамілі, што ў салоне чакае пані Вансоўска. Панна Ізабэла выбегла туды і застала, апрача пані Вансоўскай, стрыечніка Ахоцкага, які быў вельмі сумны:
Абедзве сяброўкі пацалаваліся з дэманстрацыйнай чуласцю, але Ахоцкі, які бачыў не пазіраючы, заўважыў, што ці адна з іх, ці абедзве маюць адна да адной якуюсьці прэтэнзію, зрэшты невялікую.
“Няўжо я прычына?... – падумаў ён. – Не трэба надта ангажаваць…”
- А, і стрыечнік тут! – прамовіла панна Ізабэла, падаючы яму руку, - чаго ж вы такі сумны?
- Ён павінен быць вясёлы, - заўважыла пані Вансоўска, - бо на працягу ўсёй дарогі, ад банку да вас, заляцаўся да мяне, і трэба сказаць з добрым вынікам. На павароце Алеі я дазволіла яму расшпіліць два гузічкі ў рукавічкі і пацалаваць маю руку. Калі б ты ведала, Бэлачка, як ён не ўмее цалаваць…
      - Так?... – усклікнуў Ахоцкі, чырванеючы да каранёў валасоў. - Добра! Ад гэтага часу я ніколі не пацалую вашай рукі… Клянуся…
- Яшчэ сёння да вечара , пане, пацалуеце іх абедзве , - адказала пані Вансоўска.
- Ці я магу засведчыць пашану пану Ленцкаму? – спытаў урачыста Ахоцкі і не чакаючы адказу панны  Ізабэлы выйшаў з гасцінай.
- Ты яго прысароміла, - прамовіла панна Ізабэла.
- То няхай не заляцаецца, калі не ўмее. У падобных выпадках нязручнасць – смяротны грэх. Ці не так?
- Калі ж ты прыехала?
- Учора ранкам, - адказала пані Вансоўска. – Але два разы я ўжо вымушана быць у банку, у склепе, зрабіць парадак у сябе. Тымчасам асістуе мне Ахоцкі, пакуль не знайду каго больш вясёлага. Калі мне каго аддасі… - дадала яна з напаўнамёкам.
- Што зноў за пагалоскі! – прамовіла, чырванеючы, панна Ізабэла.
- Якія дайшлі аж … да мяне на вёску. Старскі расказваў мне, не без зайздрасці, што ў гэтым годзе, як заўсёды зрэшты, ты была каралевай. Падобна да таго, што Шастальскі зусім галаву згубіў.
- І абодва яго аднолькава надакучлівыя таварышы, - дадала панна Ізабэла з усмешкай. – Усе тры заляцаліся да мяне штовечара, кожны з іх запрашаў мяне ў такія гадзіны, каб не перашкаджаць іншым, а пазней усе трое давяралі адзін аднаму свае пакуты. Гэтыя паны ўсё робяць разам.
- А ты што на гэта?
Панна Ізабэла паціснула плячамі.
- Ты ў мяне пытаешся? – прамовіла яна.
- Я чула таксама, - сказала пані Вансоўска, - што Вакульскі зрабіў прапанову…
Панна Ізабэла пачала бавіцца какардай сваёй сукенкі.
- Ага, зараз жа: прапанову!... Ён робіць мне прапанову, колькі разоў мяне бачыць: пазіраючы на мяне, не пазіраючы, размаўляючы, не размаўляючы… як звычайна яны.
- А ты?
- Тымчасам я праводжу сваю праграму.
- Можна ведаць, якую?
- Канечне, нават хацела б, каб не была таямніцай. Найперш, яшчэ ў старшынёвай… Як яна сябе адчувае?
- Вельмі дрэнна, - адказала пані Вансоўска. – Старскі ўжо амаль не выходзіць з яе пакою, а рэгент прыязджае штодзень, але здаецца, дарэмна… дык што там за праграма?
- Яшчэ ў Заслаўку, - працягвала панна Ізабэла, - я ўспамінала аб пазбыцці гэтага склепу (тут заліў яе румянец); які павінен быць прададзены як найпазней, то ў чэрвені.
- Выдатна. Што ж далей?
- Потым у мяне клопаты з гэтым гандлёвым прадпрыемствам. Ён, зразумела, пакінуў бы яго зараз жа, але я сумняваюся. Пры існаванні прадпрыемства даходы складаюць каля дзевяноста тысяч рублёў, без яго толькі трыццаць тысяч, таму ты разумееш, можна і паразважаць.
- Я бачу, што ты пачынаеш разумець у лічбах.
Панна Ізабэла пагардліва махнула рукой.
- Ах, ужо напэўна ніколі не навучуся працаваць з імі. Але ён мне гэта ўсё растлумачвае, таксама крыху бацька… і крыху цётка.
- І размаўляеш з ім так проста?...
- Ну, не… Але паколькі нам нельга пытацца пра многія рэчы, то вымушаны так весці размову, каб нам усё расказалі. Ці не зразумела?
- Канешне. І што ж далей? – дапытвалася пані Вансоўска не без адцення нецярплівасці.
- Апошняя ўмова датычылася чыста маральнага. Я даведалася, што не мае ніякай сям’і, што ёсць яго найбольшай перавагай, і забяспчыла сабе тое, што ўтрымліваю ўсе свае ранейшыя стасункі…
- А ён згадзіўся без пярэчання?
Панна Ізабэла трохі звысоку паглядзела на сяброўку.
-       Ты сумнявалася? – прамовіла.
-       Ані хвіліны. Значыць Старскі, Шастальскі…
-       Але ж Старскі, Шастальскі, князь, Мальборг… ну ўсе, усе, якіх падабаецца мне выбраць сёння, на будучае, усе павінны бываць у маім доме. Ці можа быць інакш?...
-       Вельмі слушна. І не баішся сцэн рэўнасці?
Панна Ізабэла засмяялася.
-       Я і сцэны!... Рэўнасць і Вакульскі… Ха! ХА! ХА!... Але ж няма на свеце чалавека, які асмеліўся б зрабіць мне сцэну, а тым больш ён… Ты не маеш паняцця аб яго пачуцці, маім уплыве на яго… А яго бязмежны давер, нават адрачэнне ад усялякай асабістасці сапраўды мяне  раззбройвае… І хто ведае, ці гэта адно не прывяжа мяне да яго.
Пані Вансоўска крыху прыкусіла вусны.
-       Вы будзеце вельмі шчаслівыя, і як найменш – ты, - прамовіла яна. Стрымліваючы ўздых. – Хаця…
-       Ты бачыш якоесьці хаця…? – спытала панна Ізабэла з непадробным здзіўленнем.
-       Я скажу табе штосьці,  - працягвала пані Вансоўска тонам незвычайнага для яе спакою. - Старшынёва вельмі любіць Вакульскага, здаецца мне, што вельмі добра яго ведае, хоць я не ведаю адкуль, і часта размаўляла са мной аб ім. І ведаеш, што мне аднойчы паведаміла?...
-       Цікава? – адказала панна Ізабэла, усё больш здзіўляючыся.
-       Яна сказала мне: я баюся, што Бэла зусім не разумее Вакульскага, мне здаецца, што з ім іграе, а з ім іграць нельга. І яшчэ здаецца мне, што ацэніць яго занадта позна…
-       Так сказала старшынёва? – прамовіла халодна панна Ізабэла.
-       Так! Зрэшты скажу табе ўсё. Сваю размову закончыла словамі, якія дзіўна мяне ўзрушылі… “Успомніш мае словы, Казя, што так будзе, бо тыя, хто памірае, бачаць ясней…”
-       Што - з ёй так дрэнна?
-       У любым выпадку нядобра, - суха закончыла пані Вансоўска, адчуваючы, што размова пачынае абрывацца.
Настала хвіліна цішыні, якую на шчасце спыніў прыход Ахоцкага. Пані Вансоўска зноў вельмі сардэчна развіталася з паннай Ізабэлай і кідаючы на свайго таварыша агністыя позіркі, прамовіла:
- Значыць цяпер мы едзем да мяне на абед.
Ахоцкі зрабіў вялікую грымасу, якая азначала, што не паедзе з пані Вансоўскай. Насупіўшыся аднак жа яшчэ больш, ён узяў капялюш і выйшаў.
Калі яны ўселі ў экіпаж, ён адвярнуўся бокам ад пані Вансоўскай і, пазіраючы на вуліцу, пачаў:
-       Каб жа гэтая Бэла аднойчы і назаўсёды вырашыла што з Вакульскім: так ці інакш…
-       Пэўна вы б хацелі, пане: так, каб стаць адным з сяброў дому? Але гэта нікому не патрэбна – прамовіла пані Вансоўска.
-       Вельмі папрашу, мая пані, - адказаў ён з абурэннем. – Гэта не мой стыль… Пакідаю гэта Старскаму і да яго падобным…
-       Дык што ж вам ад таго, каб Бэла вырашыла?
-       Вельмі шмат. Я даў бы сабе галаву адсекчы, што Вакульскі ведае якуюсьці важную навуковую таямніцу, але я ўпэўнены, што не адкрые мне яе, пакуль сам будзе ў такой гарачцы… Ах, гэтыя жанчыны з іх надакучлівым какецтвам…
-       А ваша менш надакучлівае? – спытала пані Вансоўска.
-       Нам можна.
-       Вам можна… нічога сабе!... – абурылася яна. – І гэта кажа чалавек сучасны, у стагоддзе эмансіпацыі!...
-       Няхай ліха возьме эмансіпацыю! – адказаў Ахоцкі. – Прыгожая эмансіпацыя. Вы хацелі б мець усе прывілеі: мужчынскія і жаночыя, і ніякіх абавязкаў… Дзверы ім адчыняй, саступай месцы, за якія заплаціў, кахай іх, а яны…
-       Бо мы –  ваша шчасце, - адказала здзекліва пані Вансоўска.
-       Што гэта за шчасце?... Сто пяць жанчын на сто мужчын, дык чым тут даражыць?
-       Дык вашы каханкі, швачкі, пэўна не даражуюцца.
-       Натуральна! Але самыя невыносныя вялікасвецкія дамы і служкі з рэстарацыі. Што гэта за вымаганні, якія грымасы!...
-       Вы забываецеся, пане, - прамовіла горда пані Вансоўска.
-       Ну, то пацалую ручку, - адказаў ён, адразу ж выконваючы свой намер.
-       Папрашу не цалаваць гэтую руку…
-       Значыць тую…
-       А што, ці я не казала, што пацалуеце, пане, мяне ў абедзве ручкі?
-       Ах, як Бог літасцівы!... Я не хачу да вас на абед… тут выходжу…
-       Затрымайце, пане, экіпаж…
-       Навошта?...
-       Ну, калі вы хочаце тут выйсці…
-       Якраз тут не выйду… О, я няшчасны з такім подлым устройствам!...
    Вакульскі прыходзіў да сям’і Ленцкіх кожныя некалькі дзён і найчасцей заставаў толькі пана Томаша, які вітаў яго з бацькоўскай чуласцю, а потым пару гадзін размаўляў аб сваіх хваробах ці аб сваіх справах, даючы злёгку зразумець, што лічыць яго ўжо членам сям’і.
Панны Ізабэлы звычайна не было ў доме: яна была ў цёткі графіні, у знаёмых ці ў магазінах. Калі ж Вакульскі трапляўся з шацункам, то размаўлялі коратка і пра рэчы адцягненыя, бо панна Ізабэла нават і тады ці выходзіла куды-небудзь, ці прымала ў сябе каго-небудзь.
Праз пару дзён пасля наведвання пані Вансоўскай Вакульскі застаў панну Ізабэлу. Падаючы яму руку, якую як звычайна з рэлігійнай пашанай пацалаваў, прамовіла:
- Вы ведаеце, што са старшынёвай вельмі нядобра…
Вакульскі расчуліўся.
- Бедная, мілая старэча… Калі б я быў упэўнены, што маё прыбыццё не спужае яе, то я паехаў бы… Ці ёсць каму яе дагледзець там?
- О так, - адказала панна Ізабэла. – Там сям’я барона Дальскага, - прамовіла з усмешкай, - бо Эвелінка ўжо выйшла за барона. Ёсць Феля Яноцка і… Старскі…
Твар яе заліў лёгкі румянец, і замоўкла.
“Вось вынікі маёй бестактоўнасці, - падумаў Вакульскі. – Яна заўважыла, што гэты Старскі здаецца мне безгустоўным, і цяпер бянтэжыцца ад хоць малога ўзгадвання аб ім. Як жа гэта подла з майго боку!”
Ён хацеў сказаць штосьці зычлівае аб Старскім, але зблыталіся ў яго словы. Каб спыніць неспакойнае маўчанне, ён прамовіў:
- Куды ж у гэтым годзе будзеце  выязджаць на лета?
- Ці я ведаю? Цётка Гартэнзія крыху слабее, таму можа паедзем да яе ў Кракаў. Я аднак, мушу прызнацца, хацела б у Швейцарыю, калі б гэта ад мяне залежала.
- А ад каго ж? – спытаў Вакульскі.
- Ад бацькі… Зрэшты, адкуль я ведаю, што яшчэ будзе? – адказала яна, чырванеючы і пазіраючы на Вакульскага адной ёй уласцівым позіркам.
- Я дапускаю, што ўсё адбудзецца па волі пані, - прамовіў ён, - то ці не возьме мяне пані за таварыша?...
- Калі пан заслужыць…
Яна сказала гэта такім тонам, што Вакульскі страціў уладу над сабой, ужо невядома каторы раз у гэтым годзе.
- Чым я магу заслужыць ласку пані? – спытаў ён, беручы яе за руку. – Хіба літасць… Не, не літасць. Гэта пачуццё роўна прыкрае для ахвяруючага, як і для прымаючага. Літасці не хачу. Але падумайце толькі, што са мной стане, як я доўга гэтак не ўбачу вас? Праўда, што і цяпер мы бачымся досыць рэдка; вы нават не ведаеце, як цягнецца час у тых, якія чакаюць… Але пакуль жыве пані ў Варшаве, я кажу сабе: ўбачу яе заўтра… паслязаўтра… зрэшты магу ўбачыць кожную хвіліну, калі не вас, то як найменш бацьку, Мікалая, ды хаця б гэты дом…Ах, магла б пані споўніць учынак міласэрны і адным словам скончыць – не ведаю… мае пакуты ці мары… Вы ж ведаеце гэта слова, што найгоршая праўда лепшая, чым няпэўнасць…
- А калі пэўнасць не найгоршая?... – спытала панна Ізабэла, не пазіраючы яму ў вочы.
У пярэднім пакоі зазванілі, і праз хвіліну Мікалай падаў візітоўкі паноў Рыдзэўскага і Печаркоўскага.
- Прасі, - прамовіла панна Ізабэла.
У салон увайшлі два вельмі элегантныя маладзёны , з якіх адзін вылучаўся тонкай шыяй і досыць выразнай лысінай, а другі – позіркамі з павалокай і дзіцячым кшталтам размаўляць. Яны ўвайшлі адзін за адным і адзін каля аднаго, трымаючы капелюшы на адной і той жа вышыні. Аднолькава пакланіліся, аднолькава ўселіся, аднолькава заклалі нагу на нагу, пасля чаго пан Рыдзэўскі пачаў гаварыць без выдыху.
Гаварыў аб тым, што зараз хрысціянскі свет прытрымліваецца вялікага паста з дапамогай раутаў, што перад вялікім пастом была масленіца, падчас якой бавіліся выключна добра, і што пасля вялікага посту настане найгоршы час, у каторым не вядома, што рабіць. Потым загаварыў з паннай Ізабэлай, што, маўляў, падчас вялікага посту разам з раутамі адбываюцца служэнні, на якіх можна вельмі прыемна праводзіць час, калі сядзіш побач са знаёмымі дамамі, і што самыя прэтэнцыёзныя прыёмы падчас гэтага паста у сям’і Жэжухоўскіх.
- Штосьці захапляльнае, штосьці арыгінальнае!... скажу я вам, - гаварыў ён. – Вячэра, зразумела, як звычайна: вустрыцы, амары, рыба, мяса, але на заканчэнне, для аматараў, ведаеце пані што? Каша!... Сапраўдная каша… якая ж гэта?...
- Татарская, - заўважыў першы і апошні раз пан Рыдзэўскі.
- Не татарская, але грэцкая. Штосьці цудоўнае, штосьці казачнае!... Кожнае зярнятка выглядае так, як бы асобна гатаванае… Фармальна мы аб’ядаемся ёй: я, князь Келбік, граф Сьледзіньскі… Штосьці пераўзыходзячае ўсялякае разуменне… Падаюць яе звычайна, на сярэбраных талерках.
Панна Ізабэла з такім захвытам пазірала на гаворачага, так кожнае яго слова падкрэслівала рухам, усмешкай ці позіркам, што Вакульскаму пачало рабіцца цёмна ўваччу. Таму ён устаў  і развітаўшыся з усімі, выбег на вуліцу.
“Я не разумею гэтай жанчыны! – падумаў ён. – Калі яна сапраўдная, з кім яна сапраўдная?...”
Але як прайшоў пару соцен крокаў на марозе, то астыў.
“У выніку, - думаў ён, - што ў гэтым надзвычайнага? Яна вымушана жыць з людзьмі, да якіх прызвычаілася; а калі з імі жыве, вымушана слухаць іх блазенскую размову. Што яна ў тым вінавата, што прыгожая як баство і што для кожнага з’яўляецца баством?... Хаця: густ да падобнага таварыства… Ах, які ж я нікчэмны, зусім і зусім нікчэмны!...”
Колькі разоў пасля візіту ў панны Ізабэлы як дакучлівыя мухі  накідваліся на яго сумненні, і ён бег на працу. Праглядў рахункі, вучыў ангельскія словы, чытаў новыя кнігі. А калі гэта не дапамагала, ішоў да пані Стаўскай, у яе праводзіў увесь вечар і, дзіўная рэч, побач з ёй знаходзіў калі не поўны спакой, то як найменш суцяшэнне…
Яны размаўлялі аб рэчах самых звыклых. Найчацей яна расказвала яму аб тым, што ў магазіне Мілеровай справы ідуцьусё лепш, паколькі людзі даведаліся, што магазін гэты па большай частцы належыць пану Вакульскаму. Потым гаварыла, што Хелечка робіцца ўсё больш паслухмяная, і што калі не слухаецца, то бабуля страшыць яе, што скажа пану Вакульскаму, і -  дзіця адразу супакойваецца. Потым яшчэ нагадвала пра пана Жэцкага, які бывае тут час ад часу і вельмі любіць яго бабуля, бо расказвае ёй мноства падрабязнасцяў з жыцця пана Вакульскага. І што бабуля таксама любіць пана Вірскага, які папросту захапляецца панам Вакульскім. Вакульскі пазіраў на яе здзіўлены. У першыя часы яму здавалася, што слухае ліслівасць, і – адчуў прыкрасць. Але пані Стаўска расказвала гэта з такой наіўнай простасцю, што ён паволі пачаў знаходзіць у ёй найлепшую сяброўку, якая калі і пераацэньвае яго, аднак кажа без ценю падману.
Ён заўважыў таксама, што пані Стаўска ніколі не займаецца сабой. Калі закончыць з магазінам, думае пра Хелечку, дапамагае маці, займаецца справамі служкі і мноства чужых людзей, па большай частцы бедных, якія нічым аддзячыць ёй не маглі. Калі ж і тых не хапала, тады заглядае у клетку канарэйкі, каб змяніць ёй ваду ці дасыпаць зерня.
“Анёльскае сэрца!...” – думаў Вакульскі. Пэўнага вечара сказаў ёй:
- Ці ведаеце, пані, што мне здаецца, калі я пазіраю на вас?
Яна зірнула на яго з асцярогай.
- Мне здаецца, што калі б вы дакрануліся да чалавека цяжка параненага, то не толькі боль яго  б пакінуў, але пэўна загаіліся ў яго і раны.
- Вы думаеце, што я чарадзейка? – спытала яна вельмі заклапочаная.
- Не, пані. Я думаю, што як вы, выглядалі святыя жанчыны.
- Вы маеце рацыю, пан Вакульскі, - пацвердзіла пані Місевічова.
Пані Стаўска рассмяялася.
- О, я і святая?!... – адказала яна. – Калі б хто мог зазірнуць у маё сэрца, толькі пераканаўся б, наколькі я заслугоўваю асуджэння… Ах, але цяпер мне ўсё адно!... – скончыла яна з хваляваннем у голасе.
Пані Місевічова нязначна перажагналася. Вакульскі не звярнуў на гэта ўвагі.
Ён думаў аб іншай.
Сваіх пачуццяў да Вакульскага пані Стаўска не змагла б акрэсліць.
З вонкавага выгляду яна ведала яго некалькі гадоў, нават здаваўся ёй прыстойным чалавекам, але не цікавіў яе ніколькі. Потым Вакульскі знікнуў з Варшавы, разыйшлася вестка, што ён паехаў у Балгарыю, а пазней, што зрабіў вялікі капітал. Шмат гаварылі аб ім, і пані Стаўска пачала ім цікавіцца як прадметам цікаўнасці грамадства. Калі ж адзін са знаёмых паведаміў аб Вакульскім: “Гэта чалавек д’ябальскай энергіі”, пані Стаўскай спадабаўся выраз: “д’ябальскай энергіі",  - і яна вырашыла лепш прыгледзецца да Вакульскага.
      З гэтым рашэннем неаднойчы заходзіла ў склеп. Пару разоў зусім не застала там Вакульскага, аднойчы бачыла яго, але з боку, і адзін раз перакінулася з ім парай слоў і тады зрабіў на яе незвычайнае ўражанне. Яе ўразіў кантраст паміж выразам аб ім: “д’ябальская энергія” і яго паводзінамі; зусім не выглядаў на д’ябальскага, быў хутчэй спакойны і сумны. І яшчэ заўважыла адну рэч: што – у яго былі вялікія вочы і летуценныя, такія летуценныя…
“Прыгожы чалавек!” – падумала яна.
Пэўнага дня летам яна сутыкнулася з ім у браме дому, дзе жыла. Вакульскі глянуў на яе з цікаўнасцю, а яе ахапіў такі сорам, што яна зачырванелася аж да валасоў. Яна была злая на сябе за той сорам, за той румянец і доўгі час мела прэтэнзію да Вакульскага, што з такой цікаўнасцю на яе паглядзеў.
Ад таго часу яна не магла схаваць непакою, калі колькі разоў вымаўлялі пры ёй гэтае прозвішча; яна адчувала нейкі жаль, не ведала аднак, ці то да яго, ці да сябе? Але найхутчэй да сябе, бо пані Стаўска ніколі ні да каго не адчувала жалю; а ўрэшце – ці ж ён у гэтым вінен, што яна такая смешная і без прычыны саромеецца?...
Калі Вакульскі купіў дом, у якім яна жыла, і калі Жэцкі з яго ведама знізіў ім каморныя, пані Стаўска (хаця ёй тлумачылі, што багаты ўласнік не толькі можа, але нават мае абавязак зніжаць каморныя) адчула да Вакульскага ўдзячнасць. Паступова ўдзячнасць змянілася ў здзіўленне, калі пачаў бываць у іх Жэцкі і расказваць мноства дробязяў з жыцця свайго Стаха.
-       Гэта надзвычайны чалавек! – сказала ёй неаднойчы пані Місевічова.
Пані Стаўска слухала ў маўчанні, але паволі дайшла да пераканання, што Вакульскі самы незвычайны чалавек, які існаваў на зямлі.
Пасля вяртання Вакульскага з Парыжа стары распарадчы часцей наведваў пані Стаўску і усё больш даверліва ёй рабіў расповеды. Гаварыў, зразумела, пад найбольшым сакрэтам, што Вакульскі закаханы ў панну Ленцку і што ён, Жэцкі, увогуле гэтага не ўхваляе.
У пані Стаўскай пачала абуджацца непрыязнасць да панны Ленцкай і спачуванне да Вакульскага.
Ужо  ў той час прыйшло ёй на думку, але толькі на хвіліну, што Вакульскі павінен быць вельмі няшчасны і меў бы вялікую заслугу перад той, хто б выбавіў яго з сіла какеткі.
Пазней зваліліся на пані Стаўску дзве дужыя непрыемнасці: справа аб ляльцы і страта заробкаў. Вакульскі не толькі не адцураўся знаёмства з ёй, што дарэчы мог зрабіць, але яшчэ дапамог ёй даказаць невінаватасць у судзе і ахвяраваў ёй карыснае месца ў магазіне.
У гэты час  пані Стаўска прызналася самой сабе, што гэты чалавек ёй неабыякавы і што дарагі ёй роўна як і Хелечка, і маці.
З той пары пачалося для яе дзіўнае жыццё. Калі хто прыходзіў да іх, гаварыў ёй наўпрост ці з намёкамі пра Вакульскага. Пані Дэнова, пані Калерова і пані Радзіньска тлумачылі ёй, што Вакульскі – найлепшая партыя ў Варшаве; маці нагадвала, што Людвічак ужо не жыве, а зрэшты хоць бы жыў, не заслугоўвае яе памяці. Нарэшце Жэцкі падчас сваіх наведванняў расказваў, што яго Стах няшчасны, што трэба яго вылечыць; а вылечыць яго можа толькі яна.
- Якім жа чынам?... – запытала яна, сама нядобра разумеючы, што кажа.
- Няхай яго пані пакахае, дык вось і спосаб знойдзецца, - адказаў Жэцкі.
Яна не адказала нічога, але ў душы сябе сама выгаворвала, што не здолее кахаць Вакульскага, хаця б і хацела. Ужо сэрца ў яе высахла; зрэшты яна сама не ўпэўнена, ці мае яна сэрца. Праўда думала ўвесь час аб Вакульскім ці падчас заняткаў у магазіне ці дома; чакала яго прыходаў, а калі не прыходзіў, была раздражнёная і сумная. Ён часта сніўся ёй, але гэта не каханне; яна не здольная да кахання. Калі павінна была сказаць праўду, то ўжо нават мужа перастала кахаць. Ёй здавалася, што ўспамін аб адсутным гэта як дрэва ўвосень, з якога ападаюць лісты цэлымі кіпамі і застаецца толькі чорны шкілет.
“Якое мне там каханне! – думала яна. – Ува мне ўжо усе жаданні згаслі”.
Жэцкі тымчасам увесь час выконваў свой хітры план: спачатку ён гаварыў ёй, што панна Ленцка згубіць Вакульскага, потым, што толькі іншая жанчына магла б яго ацверазіць; потым выказаўся, што Вакульскі значна спакайнейшы ў яе таварыстве, а нарэшце (але аб гэтым узгадваў толькі), што Вакульскі нібыта пачынае яе кахаць.
Пад уплывам гэтых  прызнанняў пані Стаўска худнела, нават пачала трывожыцца. Бо яе апанавала адна думка: што яна адкажа, калі Вакульскі прызнаецца, што кахае яе?... Папраўдзе сэрца ў ёй ужо даўно замерла, але ці будзе ў яе адвага адштурхнуць і яму прызнацца, што яе ніколькі не цікавіць. Ці мог яе не цікавіць чалавек такі, як ён, не таму, што яму за штосьці была ўдзячная, але таму што быў няшчасны і што яе кахаў. “Якая жанчына, - думала яна сама сабе, - здолее не злітавацца над сэрцам так глыбока параненым і такім ціхім у сваім болю?”
Заглыбленая ва ўнутраную барацьбу, аб якой нават не было каму ёй расказаць, пані Стаўска не заўважыла змены ў паводзінах пані Мілеровай, не заўважала яе усмешак і паўслоўяў.
-       Як жа справы пана Вакульскага? – пыталася ў яе неаднойчы купцова. – О, вы такая худзенькая… Пан Вакульскі не павінен ужо дазволіць, каб вы так працавалі…
Пэўнага дня, было гэта неяк у другой палове сакавіка, пані Стаўска, вярнуўшыся дадому, застала маці заплаканай.
-       Што гэта значыць, мама?... Што адбылося?... – спытала яна.
-       Нічога, нічога, маё дзіцятка… Што я табе буду атручваць жыццё плёткамі!... Божа міласэрны, якія гэтыя людзі нягодныя.
-       Пэўна мама атрымала ананімку. Я кожныя пару дзён атрыымліваю ананімкі, у якіх нават называюць мяне каханкай Вакульскага, ну і што ж?... Я здагадваюся, што гэта справа пані Кшэшоўскай і выкідваю лісты ў печ.
-       Нічога, нічога, маё дзіця… Калі ж бы гэта ананімы… Але была ў мяне гэта шаноўная Дэнова з Радзіньскай і… Але што я  павінна табе атручваць жыццё!... Яны кажуць (чуваць гэта падобна ва ўсім горадзе), што ты замест магазіна ходзіш да Вакульскага…
Першы раз у жыцці ў пані Стаўскай абудзілася ільвіца. Яна ўзняла галаву, вочы яе бліснулі і яна адказала цвёрдым тонам:
-       А калі б так было, дык што ж?
-       Пабойся Бога, што ты гаворыш?... – усклікнула маці, складаючы рукі.
-       Ну, але калі б так было? – паўтарыла пані Стаўска.
-       А муж?
-       Дзе ж ён?... Зрэшты няхай мяне заб’е…
-     А дачка?... а Хелечка?... – прашаптала старая.
- Мы не гаворым аб Хелечцы, толькі аба мне…
- Хелена… дзіця маё… ты ж не…
- Яго каханка?... Так, не, бо ён гэтага яшчэ не пажадаў. Што мне да гэтых Дэновай ці Радзіньскай ці да мужа, які мяне кінуў… Ужо не ведаю, што са мной адбываецца… Адно тое адчуваю, што гэты чалавек забраў у мяне душу.
- Будзь жа як найменш, то разумнай… Зрэшты…
- Я буду такой, пакуль змагу… Але я не дбаю аб такім свеце, які дваіх людзей прыгаворвае да пакутаў за тое толькі, што яны кахаюць адзін аднаго.
Ненавідзець адно аднаго можна, - дадала яна з горкай усмешкай, - красці, забіваць… усё, усё можна, толькі нельга кахаць… Ах, мая мама, калі я не маю рацыі, то чаму ж Езус Хрыстос не гаварыў людзям: будзьце разумныя, толькі – кахайце адзін аднаго?
Пані Місевічова змоўкла, уражаная выбухам, якога аніколі не чакала. Здавалася, што неба спадае ёй на галаву, калі з вуснаў гэтай галубкі вылецелі выразы, якіх да гэтага часу не чула, не чытала, якія ёй самой не прыйшлі на думку, нават калі хварэла тыфам.
На другі дзень быў у яе Жэцкі; ён прыйшоў з занепакоеным выразам твару, калі яна яму ўсе расказала, выйшаў нібы зламаны. Бо якраз сёння апоўдні здарыўся ў яго такі выпадак.
У магазін, да Шлангбаума, прыйшоў і хто б вы думалі?... Марушэвіч і размаўляў з ім амаль гадзіну. Іншыя падраспарадчыя, ад часу, калі даведаліся, што Шлангбаум купляе магазін, адразу сталі пакорныя яму. Але пан Ігнацы стаў фанабэрыстым і пасля адыходу Марушэвіча зараз жа запытаў:
- Што ж у цябе за справы з гэтым нягоднікам, пане Хенрык?
Але і Шлангбаум ужо зафанабэрыўся, таму адказаў пану Жэцкаму, высунуўшы найперш ніжнюю губу:
- Марушэвіч хоча для барона пазычыць грошай, а для сябе пэўна хацеў бы якуюсьці пасаду, бо ўжо размаўляюць па гораду, што Вакульскі аддае мне сваё прадпрыемства. За тое абяцае мне, што барон будзе наведваць мой дом з баранэсай…
- І вы прымеце такую вядзьму? – спытаў Жэцкі.
- Чаму ж бы не?... Барон будзе для мяне, а баранэса для маёй жонкі. У душы я дэмакрат, але што я распачну, калі на думку неразумных людзей салон лепш выглядае з баронамі і графамі, чым без іх. Шмат робіцца для стасункаў, пане Жэцкі.
- Віншую.
- Але, але… - дадаў Шлангбаум. – Казаў мне яшчэ Марушэвіч, што па горадзе носіцца вестка, што Стасік узяў на ўтрыманне гэтую… гэтую… Стаўску… Ці гэта праўда, пане Жэцкі?...
Стары распарадчы плюнуў яму пад ногі і вярнуўся да сваёй працы.
Пад вечар ён зайшоў да пані Місевічовай, каб з ёй параіцца, і тут даведаўся з вуснаў маці, што пані Стаўска таму толькі не каханка Вакульскага, што ён гэтага не жадаў…
Ён пакінуў пані Місевічову ўражаны.
“Няхай бы сабе была яго каханкай, - сказаў ён у душы. – О – ёй!... колькі гэта дам з рэнамэ з’яўляюцца каханкамі яшчэ якіх ліхіх фацэтаў… Але гэта горш, што Вакульскі зусім аб ёй не думае. Тут авантура!... Ха, трэба штосьці параіць”.
Але паколькі сам ужо не знаходзіў рады, то пайшоў да доктара Шумана.


понедельник, 24 августа 2020 г.

Новы ўраджай

Ураджай назбіралі мы з зерня -
У кожны дом па зярняці дзіцяці
Прыйдзе хлебам прыгожым, пекным,
У кожны дом, і спяваюць пеўні

Каб увосень, узімку і ўвесну
Мы былі з пекным хлебам сваім,
Лета-лецейка ёсць і прадвесне
Мы жывём і на гэтым стаім.

Багун-трава

Багун-трава растёт на ранах
Войны, для каждого своей...
А память нам дана упрямо
Из бесконечно мирных дней

Придёт тот день, когда не станет
Меня, такой, как я была
И журавли летят упрямо,
Оставив в небе взмах крыла

Бясконца я ў небе чую
Як рэха, іх бясконцы крык
Іх неба чуе, і пачуе
І вёсны поўніць неба смык

четверг, 30 июля 2020 г.

Як акіян...

Як акіян - з бяздоннай глыбінёй,
Як сонца - кожны дзень,
i як любоў да маці - сына,
Як дом - ля ганку з першаю травой,
Як ад бярозкі - цень,
Так я люблю цябе, мая Айчына

пятница, 10 июля 2020 г.

Трывожным шчасцем расцвіла вясна

Калі шыбуе ліпень з квеценню,
Калі на голлі сонца расцвітае,
І золата сустрэч нам не злічыць,
тады ты ведай - вось калі
Для Купалінкі
Трывожным шчасцем расцвіла вясна

І на дарогах Золата сустрэч

І на дарогах золата сустрэч
Як на парогах...
А сонца высветліць
Шляхі паветра, Час, пастой
Так з небыцця вакол ўзнікаюць
Першадрэвы
І першакветкі з першаю травой
Так кожнаму ізноў свае дарогі,
І чысціня дарог над галавой
Як Новым Часам
Ды не атруціцца,
не атруціцца
Першачысцінёй?
І век вучыцца, век вучыцца, век жывучы,
Чакаць Сустрэчы залатой