понедельник, 2 апреля 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 раздзел 13


РАЗДЗЕЛ 13
Лясы, крах чараў

Рушылі. Барон, як звычайна, шаптаў штосьці нарачонай, Старскі гвалтоўным чынам заляцаўся да пані Вансоўскай, якая, да здзіўлення Вакульскага, прымала гэта досыць зычліва, а Ахоцкі кіраваў чацвёркай коней. На гэты раз аднак яго фурманскі энтузіязм запавольваўся суседствам панны Ізабэлы, да якой ён паварочваўся штохвіліны.
“Вясёлая птушка з гэтага Ахоцкага! – думаў Вакульскі. – Мне кажа, што аргументацыя панны Ізабэлы выліваецца ў яго праз вушы, а цяпер з ёй толькі і размаўляе… Відавочна, хацеў мяне супроць яе настроіць…”
І ён адчуў вельмі добры настрой, бо ўжо быў перакананы, што Ахоцкі закахаўся ў панну Ізабэлу і што з такім канкурэнтам амаль няма чаго змагацца.
“Малады, прыгожы, здольны, - гаварыў ён сабе. – У яе не было пэўна вачэй ці розуму, калі б выбіраючы паміж ім і мною не аддала яму першынства… Але нават і ў гэтым выпадку ён павінен быў бы прызнаць, што ў яе шляхетная прырода, калі мае стасункі з Ахоцкім, не са Старскім. Бедны барон, а яшчэ бяднейшая  яго нарачоная, якая так відавочна захапілася Старскім. Трэба мець вельмі пустую галаву і сэрца…”
Ён прыглядаўся да асенняга сонца, да шэрых пожняў, а таксама аратаяў, якія павольна  ўзорвалі пагоркі і, поўны глыбокага смутку ў душы, ён уяўляў сабе хвіліну, калі ўжо цалкам страціць надзею і саступіць месца побач з паннай Ізабэлай Ахоцкаму.
“Што ж рабіць?... Што ж рабіць, калі яна яго выбрала… Маё гора, што я з ёй пазнаёміўся…”
Уз’ехалі на пагор'е, дзе раскрыўся перад імі шырокі гарызонт, які абдымаў некалькі вёсак, лясы, раку і мястэчка з касцёлам. Брычка хісталася ў абодва бакі.
-       Распрыгожы выгляд! – усклікнула пані Вансоўска.
-       Як з шара, якім кіруе пан Ахоцкі, - дадаў Старскі, трымаючыся за парэнчы.
-       Вы лёталі на шары? – запытала панна Феліцыя.
-       На шары пана Ахоцкага?...
-       Не, на іншым...
-       Не, канечне! Я не лётаў ні на адным, - уздыхнуў Старскі, - але ў гэтую хвіліну я ўяўляю сабе, што лячу і вельмі ліха.
-       Але ж, Фелечка, у гэтым ты хутка пачнеш падазраваць пана Вакульскага! – перапыніла рэзка яе пані Вансоўска.
-       А я насамрэч лётаў… - адказаў здзіўлены Вакульскі.
-       Лёталі, пане?... ах, як гэта добра! – усклікнула панна Феліцыя. – Няхай нам пан раскажа…
-       Лёталі, пане? – азваўся з фурманавага сядзення Ахоцкі. – Але ж!... Пачакайце з апавяданнем, зараз я да вас прыйду.
 Ён кінуў лейцы фурмана, хоць усе яны і з’язджалі з гары, саскочыў з сядзення і праз хвіліну сядзеў у брычцы насупраць Вакульскага.
-       Лёталі, пане? – паўтарыў ён. – Куды?... Калі?...
-       У Парыжы, але на гэткім прывязаным шары. Паўвярсты ўгару, усяго адно падарожжа, - адказаў крыху збянтэжаны Вакульскі.
-       Расказвайце, расказвайце, пане… Гэта павінен быў быць неабсяжны выгляд?... Што вы адчувалі?... – пытаў Ахоцкі. Ён дзіўна змяніўся: вочы шырэй адкрыліся ў яго, твар паружавеў. Пазіраючы на яго цяжка было сумнявацца, што ў гэтую хвіліну ён забыўся пра панну Ізабэлу.
-       Гэта павінна быць шалёнае задавальненне… Расказвайце, пані… - пытаў ён настойліва, кранаючы Вакульскага за калена.
-       Выгляд сапраўды неверагодны,  - адказаў Вакульскі, - паколькі гарызонт мае больш каля дваццаці вёрст у радыусе, а ўвесь Парыж і яго ваколіцы выглядаюць як на панараме. Але падарожжа не вельмі прыемнае; можа хіба толькі першы раз…
-       Дык якія ж уражанні?
-       Дзіўныя. Чалавек думае, што сам паляціць уверх; раптам бачыць, што не ён узнімаецца, а зямля хутка аддаляецца у яго з-пад ног. Гэта адчуванне неспадзяванае і прыкрае настолькі, што…хацелася б выскачыць…
-       Што ж яшчэ?... – налягаў Ахоцкі.
-       Другім дзівам з’яўляецца гарызонт, які увесь час бачны на вышыні позірку. У выніку чаго зямля здаецца ўвагнутай, як вялізная, глыбокая талерка.
-       А людзі?... дамы?...
-       Дамы выглядаюць як скрыначкі, трамваі як вялізныя мухі, а людзі як чорныя кропелькі, якія хутка бягуць у розных накірунках, цягнучы за сабой доўгія цені. Увогуле такое падарожжа напоўнена неспадзяванкамі.
Ахоцкі задумаўся і пазіраў перад сабой невядома на што… Пару разоў здавалася, што ён хоча выскачыць з брычкі і што яго раздражняе таварыства, у якім таксама запанавала цішыня.
Яны даехалі да лесу, за імі дзве служанкі ў брычцы. Пані ўзялі кошыкі ў рукі.
-       А цяпер кожная дама са сваім кавалерам у розныя бакі! – скамандавала пані Вансоўска. – Пане Старскі, я перасцярагаю, што сёння знаходжуся ў выключна добрым настроі, а што значыць у мяне выключны настрой, ведае пра гэта пан Вакульскі, - дадала яна, смеючыся нервова. – Пане Ахоцкі, Бэлачка, калі ласка ў лес. І не паказвайцеся, пакуль… не назбіраеце цэлы кошык рыжыкаў… Фелечка!...
-       Я пайду з Міхалінкай і Іаасяй! – хутка адказала панна Феліцыя, пазіраючы на Вакульскага такім чынам, нібы ён быў тым ворагам, супраць якога належала узброіцца дзвюмя служкамі.
-       Ну, хадземце ж, кузіне, - прамовіла Ахоцкаму панна Ізабэла, бачачы, што таварыства ужо ўвайшло ў лес. – Але вазьмі мой кошык і сам збірай рыжыкі, бо мяне, прызнаюся табе, не забаўляе.
Ахоцкі ўзяў кошык і кінуў яго на брычку.
-       Што мне гэтыя вашы рыжыкі! – адказаў ён насуплена. – Я страціў два месяцы на рыбе, грыбах, забаўленні дам і тым падобных глупствах… Іншыя ў гэты час лёталі на шары… Я збіраўся у Парыж, але старшыніха так настойвала, каб я адпачыў у яе… І няблага адпачыў… Здурнеў зусім… Ужо нават не ўмею думаць як належыць… страціў здольнасці… Эх! Дайце мне святы спакой з рыжыкамі!... Я такі дрэнны!...
Ён махнуў рукой, потым абедзве ўклаў у кішэні і пайшоў у лес са спушчанай галавой ды бурчэў па дарозе.
-       Мілы таварыш! – азвалася з усмешкай панна Ізабэла звяртаючыся да Вакульскага. – Ужо будзе з ім так да канца вакацый… Я была ўпэўнена, што сапсуецца ў яго настрой, як толькі Старскі ўзгадаў пра шары…
“Блаславёныя гэтыя балоны! – падумаў Вакульскі. – Такі супольнік побач з паннай Ізабэлай не небяспечны…” І ў гэтую хвіліну адчуў, што нават любіць Ахоцкага.
-       Я перакананы, - сказаў ён панне Ізабэле, - што кузін пані зробіць вялікае вынаходніцтва. Хто ведае, ці не стане ён эпохай у гісторыі чалавецтва… - дадаў ён, думаючы аб праектах Геіста.
-       Вы так лічыце? – адказала досыць абыякава панна Ізабэла. – Можа быць… Тымчасам кузінак хвілінамі невыносны, што яму некалі і пасуе, але часам такі надакучлівы, што нават не дазваляльна вынаходнік. Калі я на яго пазіраю, прыходзіць мне на думку гісторыя пра Ньютона. Гэта быў здаецца вельмі вялікі чалавек, ці не так, пане?... Ну і што ж, калі аднойчы днём, седзячы побач з нейкай паненкай ён узяў яе за руку і… ці паверыце. Пане?... пачаў чысціць сваю трубку яе малым пальчыкам!... Ну, калі да гэтага прыводзіць геніяльнасць, то толькі падзякаваць за геніяльнага мужа!... Пройдземся крыху па лесе, добра, пане?
Кожны выраз панны Ізабэлы падаў Вакульскаму на сэрца як кропля слодычы.
“Значыць яна любіць Ахоцкага (бо хто ж яго не любіць?), але за яго не выйдзе!...”
Яны ішлі вузкай дарогай, якая стварала мяжу двух лясоў: направа раслі дубы і букі, налева сосны. Паміж соснаў час ад часу мільгаў чырвоны гарсэцік пані Вансоўскай ці белая пелерынка панны Эвеліны. У адным месцы разыходзілася дарога і Вакульскі хацеў павярнуць, але панна Ізабэла затрымала яго.
-       Не, не, - прамовіла яна, - туды не пойдзем, бо страцім з кола бачання усіх, а для мяне лес толькі тады прыгожы, калі ў ім я бачу людзей. У гэтую хвіліну напрыклад я разумею яго… Ну паглядзіце. Пане, сапраўды, як гэта частка падобна да вялікага касцёла?... Гэтыя шэрагі соснаў гэта калоны, там бакавы неф, а тут вялікі алтар… Бачыце пане, бачыце… Цяпер паміж вершалінамі з’явілася сонца як у гатыцкім акне… Што за надзвычайная разнастайнасць відарысаў! Тут у вас дамскі будуар, а гэтыя нізкія кусцікі гэта табурэт. Нават люстра вось, якое засталося пасля мінулага дажджу… А гэта вуліца, праўда?... Трохі крываватая, але ж вуліца… А там зноў рынак ці плошча… Вы, пане, бачыце гэта ўсё?...
-       Бачу, наколькі вы мне паказваеце, - адказаў Вакульскі з усмешкай. – Трэба аднак мець вельмі паэтычную фантазію, каб заўважыць гэтую падобнасць.
-       Сапраўды?... А я заўсёды думала, што з’яўляюся ўвасабленнем прозы.
-       Можа быць, вы яшчэ не мелі магчымасці адкрыць усе свае рысы, - адказаў Вакульскі, незадаволены ад таго, што набліжаецца да іх панна Феліцыя.
-       Як гэта, вы не збіраеце рыжыкаў? – дзівілася панна Феліцыя. – Цудоўныя рыжыкі; іх такая безліч, што ў нас не хопіць кошыкаў і мы будзем напэўна іх засыпаць проста ў брычку. Даць табе, Бэлачка, кошык?...
-       Дзякуй табе!
-       А вам, пане?...
-       Я не ведаю, ці змог бы я адрозніць рыжык ад мухамору, - адказаў Вакульскі.
-       Выключна! – усклікнула панна Феля. – Я не чакала ад пана такога адказу… Я скажу гэта бабулі і папрашу, каб ніводнаму з паноў не дазваляла есці рыжыкі, ну як найменш не тыя, якія збіраю я.
Яна кіўнула галавой і адышлася.
-       Вы, пане, абразілі Фелечку, - прамовіла панна Ізабэла. – Гэта нядобра… яна так зычліва да вас ставіцца.
-       Панна Феліцыя адчувае задавальненне, збіраючы рыжыкі,  а я абіраю слухаць вашы расповеды аб лесе.
-       Мне гэта вельмі імпануе, - адказала яна, злёгку ружавеючы, - але я ўпэўнена, што хутка надакучыць вам мой расповед. Бо для мяне не заўсёды лес прыгожы, часам бывае жудасны. Калі б я тут была адна, то пэўна што не бачыла б вуліц, касцёлаў і будуараў. Калі я адна, лес мяне пужае. Ён перастае быць дэкарацыяй, а пачынае быць чымсьці, чаго я не разумею і чаго баюся. Галасы птушак становяцца нейкія дзікія, часам падобныя да раптоўнага крыку ад болю, а часам да смеху з мяне, што зайшла да пачвараў… Тады кожнае дрэва падаецца мне жывой істотай, якая хоча мяне абхапіць галінамі і задушыць; любыя зёлкі здрадніцкім чынам абплятаюць мне ногі, каб мяне ўжо адтуль не выпусціць… А ва ўсім гэтым вінаваты кузін Ахоцкі, які тлумачыў мне, што прырода не створана для чалавека… Паводле яго тэорыі, то ўсё жыве і толькі дзеля сябе…
-       Ён мае рацыю, - прашаптаў Вакульскі.
-       Як гэта, значыць і вы ў гэта верыце? Значыць на вашу думку гэты лес не прызначаны на карысць людзям, а мае якіясьці свае ўласныя інтарэсы, якія не горшыя  за нашыя…
-       Я бачыў вялізныя лясы, у якіх чалавек паказваўся раз у некалькі гадоў, а аднак раслі буйнейшымі за нашы…
-       Ах. Не гаварыце так, пане!... Гэта паніжэнне вартасці людской, нават пярэчыць гэта Святому Пісанню. Бог жа аддаў людзям зямлю для жытла, а расліны і жывёлаў для харчавання…
-       Карацей кажучы, па вашаму прырода павінна служыць людзям, а людзі класам прывілеяваным і тытулаваным?... Не, пані. І прырода, і людзі жывуць для сябе, і толькі тыя маюць права валодаць імі,  у каго больш сіл і хто больш працуе. Сіла і праца – адзіныя прывілеі на гэтым свеце.
Неаднаразова таксама тысячагадовыя , але безуладныя дрэвы падаюць пад сякерамі каланістаў-дарабкевічаў, і нягледзячы на гэта ў прыродзе не адбываецца ніякага перавароту. Сіла і праца, пані, не тытул і не паходжанне…
Панна Ізабэла была раздражнёная.
-       Тут можаце мне гаварыць, - прамовіла яна, - што хочаце, тут я паверу ва ўсё, бо навокал я бачу толькі вашых саюзнікаў.
-       Ці яны ніколі не стануць саюзнікамі вашымі таксама?!
-       Не ведаю… магчыма… Так часта цяпер я чую пра іх, што некалі магу паверыць у іх моц.
Яны апынуліся на палянцы, аточанай пагоркамі, на якіх раслі пахіленыя сосны. Панна Ізабэла села каля пня ссечанага дрэва, а Вакульскі непадалёку ад яе на зямлі. У гэтую хвіліну на краі палянкі з’явілася пані Вансоўска са Старскім.
-       Ці не хочаце, Бэлачка, - гучна паклікала яна, - узяць сабе гэтага кавалера?
-       Я пратэстую! – адгукнуўся Старскі. – Панна Ізабэла цалкам задаволена сваім спадарожнікам, а я сваёй спадарожніцай…
-       Праўда, Бэла?
-       Так, так! – усклікваў Старскі.
-       Ну няхай будзе так… - паўтарыла панна Ізабэла, бавячыся парасонікам і пазіраючы ўніз.
-       Пані Вансоўска і Старскі  зніклі за ўзгоркам, панна усё больш нецярпліва бавілася з парасонікам. У Вакульскага кроў пульсавала ў скронях, як гук званоў. Паколькі маўчанне трывала надта доўга, то загаварыла панна Ізабэла:
-       Амаль год таму мы былі ў гэтым месцы на вераснёвым пікніку… Было асоб з трыццаць з суседніх ваколіц…. О, там палілі вогнішча…
-       Вам было цікавей, чым сёння?
-       Не. Я сядзела на гэтым жа пні і была нейкая сумная… Чагосьці мне не хапала… І што мне вельмі рэдка здараецца, я думала: што будзе праз год?...
-       Дзіўная рэч!... – шапнуў Вакульскі. – Я таксама дзесьці год таму жыў з атрадам у лесе, але ў Балгарыі… Я думаў: ці праз год буду жыць і…
-       І аб чым яшчэ?
-       Аб вас.
Панна Ізабэла неспакойна зварухнулася і збялела.
-       Аба мне?... – спытала яна. – Хіба ж вы мяне ведалі ўжо?...
-       Так. Я ведаю вас ужо пару гадоў, але некалі здаецца мне, што я вас ведаю усё жыццё… Час вельмі павольна ідзе, калі пра кагосьці мы увесь час думаем, у рэчаіснасці і ў сне…
Яна ўзнялася з пня, нібы хочучы ўцячы. Вакульскі таксама ўзняўся.
-       Прабачце, пані, калі міжвольна я даставіў вам непрыемнасць. Можа, на вашу думку, такія як я не маюць права думаць аб вас?... У вашым свеце нават гэткая забарона мажлівая. Але я належу да іншага… У маім свеце папараць і гладыёлус так сама маюць права глядзець на сонца як сосны ці… грыбы.
-       Я вас амаль не ведаю, - прашаптала яна, відавочна занепакоеная.
-       Я сёння нічога і не жадаю. Пытаюся толькі, ці не лічыце вы абразай для сябе тое, што я думаю аб вас, нічога іншага – толькі думаю. Я ведаю меркаванне класа, у асяроддзі якога вы выхоўваліся, аб такіх людзях як я і ведаю, што тое, што я кажу ў гэтую хвіліну, можна назваць дзёрзкасцю. Значыць скажыце мне наўпрост, і калі паміж намі такая вялікая розніца, то я не буду ўжо надалей марыць пра вашу прыхільнасць… Я выеду сёння ці заўтра без ценю прэтэнзіі, і зрэшты, цалкам вылечаны.
-       Кожны чалавек мае права думаць… - адказала панна Ізабэла, усё больш бянтэжачыся.
-       Дзякуй вам, пані. Гэтымі словамі вы далі мне адчуць, што ў вашай свядомасці я не стаю ніжэй за паноў Старскіх, маршалкаў ды да іх падобных… Я разумею, што нават у гэтых умовах я магу яшчэ не атрымаць сімпатыю вашу… да гэтага вельмі далёка… Але я ведаю як найменш, што ўжо ў мяне ёсць чалавечыя правы і што вы будзеце з гэтага часу меркаваць аб маіх учынках, а не пра тытулы, якімі я не валодаю.
-       Вы пане, усё ж шляхціц, і як кажа старшыніха, такі добры, як Старскія, і нават Заслаўскія…
-       Так, калі пані так хоча, я шляхціц, нават лепшы за неаднаго з тых, якіх сустракаў у салонах. На маё няшчасце, да вашага ведама. Я таксама і купец.
-       Ну, купцом можна быць і можна не быць, гэта залежыць ад вас… , - адказала ўжо смялей панна Ізабэла.
Вакульскі задумаўся.
У гэту хвіліну ў лесе пачалі перагукацца і склікацца, а праз пару хвілін усё таварыства са слугамі, кашамі і рыжыкамі з’явілася на палянцы.
- Вяртаймася дамоў, - прамовіла пані Вансоўска, - бо мне гэтыя рыжыкі надакучылі і ўжо час абедаць.
Некалькі наступных дзён прайшлі ў Вакульскага дзіўным чынам; калі б яго запыталі: чым былі для яго? Напэўна ён адказаў бы, што сном шчасця, адной з тых эпох у жыцці, для якіх, можа быць, прырода вывела ў свет  чалавека.
Абыякавы глядач можа назваў бы такія дні аднастайнымі, і нават надакучлівымі. Ахоцкі азмрочыўся і з ранку да вечара ці клеіў, ці пускаў арыгінальнай формы змеяў; пані Вансоўска з паннай Феліцыяй чыталі ці займаліся шыццём арнатудля мясцовага пробашча. Старскі са старшыніхай і баронам гулялі ў карты.
І такім чынам Вакульскі і панна Ізабэла не толькі былі цалкам асамотненыя, але яшчэ і вымушаныя адно адным быць увесь час разам.
Яны хадзілі па парку, часам у поле, сядзелі пад вячыстай ліпай на падворку, але найчасцей плавалі па ставе. Ён веславаў, яна час ад часу кідалі крошкі печыва лебедзям, якія ціха плылі за імі. Не адзін падарожнік затрымліваўся на гасцінцы за ставам і, здзіўлены, прыглядаўся да незвычайнай групы, якую стваралі: белы човен з парай, што сядзела ў ім, і два белыя лебедзі з крыламі, узнятымі, як ветразі.
Пазней Вакульскі нават не мог узгадаць, аб чым яны размаўлялі ў падобныя хвіліны. Найчасцей маўчалі. Аднойчы яна запыталася ў яго: чаму вадаплаўныя павукі плаваюць на паверхні вады? Другі раз – чаму аблокі маюць такія розныя адценні? Ён тлумачыў ёй і ў гэты час яму здавалася, што ўсю прыроду ад зямлі да неба ён абдымае за адзін раз і складае ёй да ног.
Пэўнага дня прыйшло яму на думку, што калі б яна загадала кінуцца ў ваду і памерці, то памёр бы, бласлаўляючы яе.
Падчас гэтых водных прагулак, а таксама падчас шпацыраў у парку і заўсёды,  - калі яны былі разам, ён адчуваў нейкі нязмерны спакой, нібы ўся яго душа і ўся зямля ад усходніх да заходніх ускраін была напоўненая цішай, сярод якой нават шоргат экіпажу, гаўканне сабакі ці шэлест галін гучалі як цудоўна прыгожыя мелодыі. Яму здавалася, што ён ужо не ходзіць, але плавае ў акіяне містычнага шаленства, што ўжо не думае, не чуе, не прагне, толькі кахае. Гадзіны сыходзілі дзесьці як бліскавіцы, што загараюцца і гаснуць на далёкім небасхіле. Толькі быў ранак – ужо поўдзень, - ужо вечар і ноч – поўная прабуджэнняў і дыхання. Ён некалі думаў, што суткі падзяліліся на два няроўныя адрэзкі часу: дзень, што карацейшы за мірганне павек і ноч, доўгую як вечнасць душ, што закінутыя ў гэты свет.
Аднойчы паклікала яго да сябе удава старшыні.
-       Сядай жа, пане Станіславе, - прамовіла яна, - што ж, добра табе ў мяне бавіць час? Ён уздрыгануўся як чалавек якога прабудзілі.
-       Я? – спытаў ён.
-       Надакучыла можа?
-       За год такіх дакучэнняў я аддаў бы жыццё.
Пані патрэсла галавой.
-       Так часам здаецца, - адказала яна.  – Я не ведаю, хто там напісаў, што чалавек тады самы шчаслівы, калі вакол сябе бачыць тое, што носіць у сабе самім… Але я кажу, што не ў тым справа, з-за чаго ён шчаслівы, каб толькі быў такім… Прабачыш мне, калі я цябе разбуджу?
-       Слухаю вас, - адказаў ён, міжволі бляднеючы. Старшыніха увесь час углядалася ў яго і злёгку хістала галавой.
-       Ну, ты ж не думай, што прачнешся ад дрэнных навін. Я абуджу цябе звычайным чынам. Ты думаў што пра гэтую цукроўню, якую мне тут раяць будаваць?...
-       Яшчэ не…
-       Нічога пільнага. Але пра дзядзьку ты пэўна забыўся. А ён, бядак, ляжыць непадалёку адсюль, за тры мілі, у Заслаўі… Можа туды заўтра паехалі б? Ваколіца прыгожая, ёсць руіны замку… Маглі б няблага час правесці і зрабіць штосьці з гэтым надгробным каменем.
Ведаеш што, - дадала пані, уздыхаючы, - я прыдумала… Не трэба разбіваць камень каля замку. Пакінь яго там і толькі загадай выгравіраваць на ім такія радкі: “На кожным месцы і ў кожную пару сутак…” Ведаеш гэта?...
-      О так, ведаю.
-       Каля замку больш бывае людзей, чым на могілках, хутчэй прачытаюць і можа задумаюцца над абавязковым заканчэннем усяго на гэтым свеце, нават кахання…
Вакульскі выйшаў ад старшыніхі моцна расстроены. “Што значыць яе размова?”… - падумаў ён. На шчасце, сустрэў панну Ізабэлу, якая накіроўвалася ў бок става і забыўся пра ўсё.
На другі дзень насамрэч усё таварыства паехала ў Заславе. Міналі лясы, зялёныя пагоркі, яры з жоўтымі сценамі. Ваколіца была прыгожая, яшчэ прыгажэйшае надвор’е, але Вакульскі не зважаў ні на што, паглыблены ў сумныя думкі… Ужо не быў адзін з паннай Ізабэлай, як учора яшчэ; нават не сядзеў у брычцы побач з ёй, толькі насупраць панны Феліцыі, а найперш…Але гэта ўжо яму здавалася і нават смяяўся у душы са сваіх прывідаў. Яму здавалася, што Старскі нейкім дзіўным чынам паглядзеў на панну Ізабэлу і што кроў лінула ёй да твару.
“Ах, глупства, - сказаў ён сабе, - чаму б ёй мяне ашукваць!... Ёй – мяне, каторы нават не яе нарачоны.”
Апамятаўся ад сваіх прывідаў і толькі было яму крыху прыкра, што Старскі сядзіць побач з паннай Ізабэлай. Але толькі крыху…
“Ну, я ж не забараню ёй, - думаў ён, - садзіцца там, дзе захоча. І не прыніжуся да рэўнасці, якая як-ніяк, а подлае пачуццё, ды найчасцей грунтуецца на падазрэннях… Зрэшты, калі б яны хацелі абмяняцца са Старскім чуллівымі позіркамі, то не рабілі б гэта так яскрава. Я вар’ят…”
Праз пару гадзін яны былі на месцы.
Заслаў, некалі мястэчка, сёння зарослае паселішча, знаходзіцца ў нізіне, абкружанай затопленымі мурагамі. Апрача касцёла і старадаўняй ратушы ўсе пабудовы аднапавярховыя, драўляныя і старыя. На сярэдзіне рынку, а хутчэй плошчы, поўнай кавыля і ямін, узвышаецца на вышыню паверху куча смецця і студня пад дзіравым дахам, што абапіраецца на чатырох збуцвелых слупах.
З прычыны шабату рынак быў пусты, а ўсе крамы зачыненыя. Толькі за вярсту ад горада, у паўднёвым баку, узвышалася група пагоркаў. На адным стаялі руіны замку, якія складаліся з дзвюх вежаў шасцівугольных, дзе з дахаў і вакон звісалі буйныя плюшчы; на другім расла купа старых дубоў.
Калі падарожнікі затрымаліся на плошчы, Вакульскі выйшаў, каб убачыцца з пробашчам, Старскі застаўся за галоўнага.
-       Значыць мы, - прамовіў ён, - едзем да гэтых дубоў і там паямо, што Бог даў, а кухары прыгатавалі. Потым брычка вернецца сюды за панам Вакульскім…
-       Дзякуй, - адказаў Вакульскі. – Я не ведаю, як доўга я тут буду заняты, таму я абіраю прайсці пешкі. Зрэшты я павінен яшчэ зайсці на руіны…
-       І я з вамі, - азвалася панна Ізабэла. – Я хачу паглядзець любы памятны камень удавы старшыні… - дадала яна напаўголас. – Калі ласка дайце мне знаць, як вы там будзеце.
Брычка ад’ехала, Вакульскі зайшоў у парафію і праз чвэрць гадзіны закончыў справы. Пробашч пацвердзіў, што ніхто ў горадзе не будзе мець прэтэнзій, калі на камені замкавым адшукае які надпіс, нават калі і нязвыклы, абы не бязбожны… Даведаўшыся ж, што справа ідзе аб эпітафіі аб нябожчыку капітане Вакульскім, якога ён ведаў асабіста, пробашч абяцаў заняцца уладкаваннем гэтай справы.
-       Тут ёсць, - сказаў ён, - нейкі Вэнгелак, спрытны гультай, крыху каваль, крыху столяр, можа ён здолее выразаць на камені, што патрэбна. Зараз я па яго пашлю. На працягу наступнай чвэрці гадзіны з’явіўся і Вэнгелак, хлопец дваццаці з нечым гадоў, з тварам вясёлым і разумным. Даведаўшыся ад слугі ксяндза, што можна штосьці зарабіць, апрануўся ў шарачковы сурдут з кароткай спінкай і поламі да зямлі і моцна выцер сабе валасы салам.
-       Паколькі Вакульскі хацеў усё зрабіць пільна, то ён развітаўся з пробашчам ды пайшоў з Вэнгелкам у бок руін.
-       Калі яны апынуліся за непрацуючым цяпер шлагбаумам паселішча, Вакульскі запытаў хлопца: - Ты добра ўмееш пісаць, мой браце?
-       Ой. Ой!... Мне не аднойчы з суда давалі што-небудзь перапісваць, хаця ў мяне і нялёгкая рука. А гэтыя радкі, што пан аканом з Отрача пісаў да леснічанкі, гэта ўсё мая праца. Ён толькі, што купляў паперу і яшчэ мне да гэтага часу не даплаціў сорак грошаў за напісанне. А пра выкрутасы дык так нагадваў…
-       І на камені здолееш напісаць?
-       Выразаць, не выпукла?... Чаму ж не. Я б здолеў напісаць нават на жалезе, ці хоць бы на шкле і літарамі, якімі хочаце: рукапіснымі, друкаванымі; нямецкімі, яўрэйскімі… Зрэшты я тут, без пахвальбы, усе шыльды маляваў у мястэчку.
-       І таго кракавяка, што над шынком вісіць?
-       А як жа.
-       А дзе ж ты бачыў гэтага кракавяка?
-       У пана Звольскага ёсць фурман, які апранаецца па-кракаўску, дык вось з яго і маляваў.
-       І бачыў, што ў яго дзве нагі на адваротным баку?
-       Я прашу вашай ласкі, людзі з правінцыі не пазіраюць на ногі, толькі на бутэльку Як убачыць хто бутэльку ды кілішак, то ўжо безпамылкова патрапіць наўпрос да Шмуля.
Вакульскаму усё больш падабаўся рашучы хлопец.
-       ты яшчэ не ажаніўся? – запытаў ён хлопца.
-       Не, з той, што ходзіць у хустцы, то я не ажанюся, а ў капелюшы мяне не захацела б.
-       І што ж ты тут робіш, калі няма шыльдаў для размалёўкі?
-       А так, пане: крыху таго, крыху гэтага, а ўвогуле нічога. Раней займаўся сталярствам і не мог прадоўжыць. За якія пару гадоў адклаў бы з тысячу рублёў. Але згарэў у тым годзе і ўжо не магу вярнуцца да таго, што было.
-       Дрэва. Варштаты, усё сышло на вуголле, і скажу вам ласкавы пане, быў такі агонь, што самыя цвёрдыя напільнікі расплавіліся як смала. Калі я паглядзеў на папялішча, то тады плюнуў ад злосці, а сёння ўжо мне шкада гэтай сліны…
-       Дык адбудаваўся? Ужо ёсць варштат?
-       Эге! Пане… Адбудаваў у садзе домік як барак, каб маці мела дзе гатаваць ежу,  а варштаты… Гэта ж як на тое, пане, дык патрэбна пяцьсот рублёў гатоўкі, слова гонару даю, як Бог літасцівы… Колькі ж гэта бацька нябожчык гараваў, перш чым паставіў дом і сабраў інструмент.
Яны набліжаліся да руін. Вакульскі задумаўся.
-       Слухай, Вэнгелак, - сказаў ён раптам, - ты мне падабаешся. Я буду ў гэтай ваколіцы – дадаў ён, ціха ўздыхаючы, - буду яшчэ  тыдзень… А калі ты выразьбіш мне добра надпіс, вазьму цябе ў Варшаву на нейкі час… Там пераканаюся, чаго ты варты, і… можа адновяцца твае варштаты.
Хлопец схіляў галаву то направа, то налева, прыглядаючыся да Вакульскага. Раптам прыйшло яму на думку, што гэта павінен быць дужа багаты пан, а можа нават з такіх паноў, якіх часам Бог пасылае, каб апекавалі бедных людзей, і – зняў шапку.
-       Што ты спыніўся? Надзень шапку… - прамовіў Вакульскі.
-       Я перапрашаю вас… можа я што дрэннае  сказаў?... Але ў нас, пане, то такіх паноў не сустрэнеш… Можа былі раней… Нават бацька нябожчык расказваў, што сам бачыў такога пана, што ўзяў з Заслаўя сірату і зрабіў з яе вялікую пані, а ягамосцю пакінуў столькі грошай, што з іх пабудавалі новую званіцу…
Вакульскі ўсміхаўся, пазіраючы на заклапочаны выраз твару хлопца і з дзіўным пачуццём думаў, што за свой аднагадовы прыбытак мог бы ашчаслівіць з дзесятак соцен такіх як вось гэты…
“Грошы сапраўды з’яўляюцца вялікай сілай, толькі трэба яго ўмець ужыць…” Яны былі ўжо каля замкавай гары, калі з суседняй пачуўся голас панны Феліцыі:
-       Пане Вакульскі, мы тут!...
Вакульскі ўзняў вочы і ўбачыў паміж дубоў вясёлы агонь, вакол якога сядзела заслаўскае таварыства. За больш чым дзесятак крокаў з боку сталаўнік-хлопец і пакаёўка раздзьмухвалі самавар.
-       Пане, пачакайце, я да вас іду! – закрычала панна Ізабэла, узнімаючыся з канапы.
Старскі падскочыў да яе.
-       Я вас праводжу, кузінка, - прамовіў ён.
-       О, дзякуй, я сама сыйду, - адказала панна Ізабэла, адступаючы на крок. Потым яна пачала спускацца са стромкага боку з такой свабодай і асанкай, нібы гэта была вуліца ў парку.
“Я подлы са сваімі падазрэннямі”, - шапнуў Вакульскі. У гэтую хвіліну яму здалося, што нейкі таямнічы голас загадвае яму рабіць выбар паміж тысячамі такіх як Вэнгелэк, які мае патрэбу ў лапамозе, і адной жанчынай, якая сыходзіла там вось з гары.
“Я ўжо зрабіў выбар!...” – падумаў Вакульскі.
-       Але ў замак я не зайду сама, падайце мне руку, - прамовіла панна Ізабэла, стаўшы перад Вакульскім.
-       Можа паньства дазволіць вам паказаць лягчэйшую дарогу,  - азваўся Вэнгелэк.
-       Дык вядзі ж!
Яны абышлі гару і пачалі ўзбірацца на яе вяршыню па рэчышчы высахлага ручая.
-       які дзіўны колер гэтых камянёў,  - азвалася панна Ізабэла, пазіраючы на кавалкі вапняку з плямамі карычневага колеру.
-       Жалезная руда, - адказаў Вакульскі.
-       О не, - запярэчыў Вэнгелэк, - гэта не руда, гэта кроў…
Панна Ізабэла адхіснулася.
-       кроў?... – паўтарыла яна.
Яны спыніліся на вяршыні ўзгорка, нябачныя для астатніх развалінамі муру. З гэтага месца відаць быў дзязінец замку, што зарос цярноўнікам і барбарысам. Пад адной з веж стаяў абапіраючыся аб яе сцяну вялізны граніт.
-       Вось камень,  - прамовіў Вакульскі.
-       Ах, гэты… Цікава, як яго сюды прынеслі?... Чалавеча мой, а што вы казалі пра кроў? – спытала панна Ізабэла Вэнгелка.
-       Гэта старая гісторыя, - адказаў той, - яшчэ мне дзед расказваў… Дарэчы тут усе аб ёй ведаюць.
Яна ўвайшла на дзядзінец, асцярожна абмінаючы кусты церня, і села на камні.
-       Раскажыце гісторыю пра гэтую кроў…
Вэнгелэк зусім не збянтэжыўся ад такой прапановы, толькі ўсміхнуўся і пачаў:
-       Даўным-даўно, калі яшчэ мой дзед лавіў птушак паміж дубоў, па гэтых камянях, па якіх мы ішлі, цекла вада. Цяпер яна паказваецца толькі вясной ці пасля моцнага дажджу, але у час маленства дзеда была цэлы год. І быў струмень у гэтым месцы. На дне ручая. Яшчэ у час маленства дзеда, ляжаў адзін карысны камень, нібы ім хтосьці дзірку закрываў. Насамрэч была там дзірка, а хутчэй лаз у падзем’і, дзе захаваныя вялікія скарбы, якіх на ўсім свеце не знойдзеш. А сярод гэтых багаццяў, на чыстазалатым ложку, спіць панна, можа нават якая графіня, вельмі прыгожая і багата апранутая. Кажуць, што за тое самае, што ў яе ў валасах, можна купіць усё ад Заслаўя да Атроча.
-       Дык вось спіць гэтая панна таму што хтосьці ўбіў ёй залатую шпільку ў галаву, можа ад вялікіх пачуццяў, а можа ад нянавісці; Бог іх там ведае. Так спіць і не прачнецца , пакуль хто шпількі з галавы не выцягне і потым з ёй не ажэніцца. Але гэта цяжкая справа і нават небяспечная, бо там у падзем’і пільнуюць скарбы і саму панну розныя пачвары. А якія яны, то я добра ведаю, бо пакуль у мяне дом не згарэў, я хаваў адзін зуб з кулак, які дзед знайшоў у гэтым месцы ( праўду кажу і ніколькі не маню). А калі адзін зуб быў з кулак ( бачыў яго дарэчы і трымаў у руках на працягу доўгіх гадоў), то ўжо галавішча павінна была быць як печ, а ўся страшыдла напэўна як стадола.. Дык барукацца з ім было цяжка ды яшчэ не з адной, а з мноствам. Таму самы смелы чалавек, хоць бы яму і падабалася панна, а яшчэ лепш яе скарбы, увайсці ў падзем’і не меў адвагі, каб яго не сажралі…
Пра гэтую панну і яе багацці , - працягваў далей Вэнгелэк, - ведалі людзі даўно; такім чынам, што два разы на год, на Вялікдзень і на Святога Яна, адсоўваўся камень, што ляжаў на дне ручая і калі хто стаяў тады над вадой, мог зазірнуць у бездань і ўбачыць тамтэйшыя дзівосы.
У адну ноч перад Вялікаднем ( дзеда тады нават яшч не было на свеце) прыйшоў сюды да замку малады каваль з Заслаўя. Стаў над ручаём і думае: “Не маглі б мне гэта паказацца скарбы?... зараз бы ўлез за імі, хоць бы і праз саму цесную дзірку, нагрузіў бы кішэні і ўжо не патрэбна мне было раздзьмухваць мяхі.” Ледзьве так падумаў, аж вось ды ну – адсоўваецца камень, а мой каваль бачыць гэта мяшкі з грашыма, місы з чыстага золата і столькі дарагога адзення як на кірмашы…
 Але найперш трапілася яму на вочы панна, што спала, такая, казаў дзед. Прыгожая, што каваль аслупянеў. Яна спала і толькі слёзы ў яе плылі, а як каторая падала, ці то на яе кашулю, ці то на ложак, ці на падлогу, адразу з ператваралася ў каштоўны камень. Яна спала і ўздыхала ад болю, які ёй прыносіла шпілька; а як уздыхала, то на дрэвах над ручаём шалясцелі лісты ад жалю над яе пакутамі.
Ужо каваль хацеў увайсці ў падзем’і, але ж час прайшоў, камень зачыніўся, аж забулькацела ў ручаі. З таго дня мой каваль не мог сабе месца знайсці на свеце. Работа выпадала ў яго з рук. Куды не пазіраў, бачыў ручай як шкло, а за ім панну, у якой цяклі слёзы. Аж змізарнеў, бо яго увесь час трымала штосьці за сэрца распаленымі абцугамі. Сапраўды ў яго было нейкае зацямненне. Калі ўжо цалкам не мог вытрымаць ад суму, то ён пайшоў да адной бабы, што разбіралася ў зеллі, даў ёй сярэбраны рубель і спытаў парады.
-       Што ж, -кажа баба, - няма тут іншай парады, павінен дачакацца Святога Яна м калі той ккамень адсунецца, будзеш павінен лезці ў бездань. Калі выймеш шпільку з галавы, то абудзіцца, ажэнішся з ёй і будзеш вялікі пан, якога свет не бачыў. Толькі тады пра мяне не забудзься, што я табе добрую параду дала. І тое яшчэ запамятай: калі страшыдлы цябе абкружаць, і пачнеш баяцца, то адразу ж перахрысціся і уцякай у імя боскае… Уся справа ў тым, каб ты не спужаўся; зло не чапае бясстрашнага чалавека.
-       А скажы ж ты мне, - кажа каваль, - як пазнаць, што чалавека страх ахоплівае?...
-       Ну ты і дурань! – сказала баба. – Ну, дык ідзі ж у падзем’е, а як вернешся, то пра мяне не забывайся.
Два месяцы хадзіў каваль да ручая, а за тыдзень перад Святым янам зусім адтуль не адыходзіў, толькі чакаў. І дачакаўся. У самы поўдзень камень адсунуўся, і мой каваль з сякерай у руцэ скочыў у бездань.
Што там, - расказваў дзядуля, -  вакол яго рабілася, дык валасы на галаве ўзнімаюцца. Абкружылі яго такія пачвары, што іншыя памерлі б ад аднаго толькі позірку на іх.Былі – казаў дзед – нетапыры, вялізныя як сабакі, ды яшчэ махалі над ім крылішчамі. То стала ў яго на дарозе вялікая жаба, як гэты камень, то змяя заблытвала яму ногі, а калі каваль секануў яе, то змяя пачала плакаць чалавечым голасам. Былі ваўкі такія злосныя,што калі пена падала ў іх з пысаў, то выбухала агнём, а ў адзенні выпальвала дзіркі. Усе гэтыя страшыдлы усаджваліся яму на спіну, хапаліся за сурдут, за рукавы, але ніводзін не пасмеў яму зрабіць шкоду. Бо бачылі, што каваль не баіцца, а перад бясстрашным страшыдлы ўцякаюць як цень перад чалавекам. “Згінеш тут, каваль!...” – крычалі страшыдлы, але ён толькі сціскаў сякеру ў руцэ і перапрашаю… такі ім адказваў, што сорам вам паўтараць… Дабраўся нарэшце мой каваль да залатога ложка, дзе ўжо нават пачвары не мелі доступу, толькі пасталі навокал, ды клацалі зубамі. Ён жа адразу ўбачыў у валасах панны залатую шпільку, схапіўся за яе ды і выцягнуў з валасоў, але да паловы… Аж кроў брызнула… Тады панна хапае яго рукамі за сурдут і крычыць праз плач:
-       Што ты мне балюча робіш, чалавеча!... 
І вось тады каваль спужаўся… затросся і рукі ў яго апусціліся. А пачварам толькі гэта і трэба. У якога была найбольшая морда, скочыў на каваля і так яго кусануў, што кроў брызнула праз вакно і папляміла каменне, што вы на ўласныя вочы бачылі. Але пры гэтым бестыя выламала сабе зуб вялізны як кулак, што мой дзядуля пазней найшоў у ручаі. З той пары камень зачыніў назаўсёды уваход у падзем’е, што яго ужо ніхто знайсці не можа. Ручай высах, а панна засталася ў падзем’і напалову абуджаная. Плача цяпер так гучна, што яе часам і пастухі чуюць на лугах, і будзе плакаць вечна. 
Вэнгелэк скончыў. Панна Ізабэла апусціла галаву і канцом парасончыка малявала якіясьці знакі на глебе. Вакульскі не смеў зірнуць на яе. Пасля доўгага маўчання ён звярнуўся да Вэнгелка:
-       Цікавая твая гісторыя… але скажы мне: якім чынам ты будзеш высякаць надпіс?...
-       Калі ж я не ведаю, што павінен высечы?
-       Праўду кажаш.
-       Вакульскі дастаў нататнік, аловак і напісаўшы, падаў хлопцу. – Толькі чатыры радкі!... – прамовіў Вэнгелэк. – Праз тры дні, пане, будзе гатова… На гэтым камню можна высекчы бадай вялікімі літарамі… Ой, я забыўся шнурок, каб памераць. Я спушчуся, пане, да фурманаў, то можа яны мне дадуць… Зараз вярнуся.
Вэнгелэк збег з узгорка. Панна Ізабэла паглядзела на Вакульскага. Яна была бледная і ўзрушаная.
-       Што гэта за радкі?... спытала яна, выцягваючы руку. Вакульскі падаў ёй картку; яна пачала чытаць напаўголас:
-       “На кожным месцы і у кожную пару сутак, дзе я з табой плакаў, дзе я з табой бавіўся, заўсёды і ўсюды я буду каля цябе, бо ўсюды частку маёй душы пакінуў…”
Скочыла чытаць шэптам. Вусны яе дрыжалі, вочы напоўніліся слязьмі. З хвіліну яна камечыла картку ў пальцах, потым павольна адвярнула галаву і картка ўпала на зямлю… Вакульскі прысеў, каб падняць паперу. Ды так што дакрануўся да сукенкі панны Ізабэлы і ўжо не ведаючы, што робіць, схапіў яе за руку.
-       Абудзішся, ты мая каралеўна… - прамовіў ён.
-       Не ведаю… можа быць… - адказала яна.
-       Гоп!... гоп!... – закрычаў з нізу Старскі. – А ідзіце ўжо, паньства, бо абед стыгне…
Панна Ізабэла выцерла вочы і хутка пакінула руіны. За ёй пайшоў і Вакульскі.
-       Што ж вы там так доўга рабілі? – пытаў са смехам Старскі. Падаючы руку панне Ізабэле, якая прыняла яе паспешліва.
-       Мы слухалі незвычайную гісторыю!... – адказала панна Ізабэла. – Сапраўды, ніколі не думала, што ў гэтым краі могуць існаваць падобныя легенды і што могуць іх такім займальным чынам расказваць простыя людзі… Што ж у вас на абед, кузін? Ах, гэты хлопец непараўнальны!... Папрасіце яго, каб паўтарыў вам гісторыю…
Вакульскага не кранала ўжо тое, што панна Ізабэла ідзе са Старскім пад руку, што абапіраецца на яго, і нават, какетуе з ім. Узрушэнне, якога быў сведкам, і адно нічога не азначаючае слоўка развеяла ўсе яго страхі. Яго ахапіла спакойнае задуменне, у якім не толькі Старскі, але ўсё таварыства знікла з кола яго зроку.
Ён памятаў, што ўзышоў на гару пад дубы, што штосьці еў з вялікім апетытам, што быў вясёлы, гаваркі і нават заляцаўся да панны Феліцыі. Але пра што гаварылі?... што ён ім сам расказваў, ён не ведаў…
Заходзіла сонца, а на небе паказаліся хмары, калі Старскі загадаў слугам сабраць посуд, кошыкі і дыван, а паням прпанаваў вяртацца.
Яны селі ў брычку ў тым жа парадку што і раней. Атуліўшы Эвеліну шалямі барон нахіліўся да Вакульскага і шапнуў з усмешкай:
-       Калі ты яшчэ адзін дзень будзеш у такім настроі як сёння, то закруціш галовы усім жанчынам.
-       Ах, так!... – адказаў Вакульскі, паводзячы плячыма. Ён сеў на канцы брычкі, насупраць панны Феліцыі. Ахоцкі размясціўся каля фурмана і рушылі.
-       Неба пахмурнела, цемната апускалася усё хутчэй. На брычцы нягледзячы на гэта было вельмі весела, дзякуючы валтузні пані вансоўскай з ахоцкім, які забыўся пра сваіх змеяў лятаючых і паклаўшы ногі на сядзенне фурмана, адвярнуўся да таварыста. Раптам, хочучы закурыць, ён пацёр запалку і асвятліў усю брычку, а найлепш Старскага.
У гэту хвилину Вакульскі раптоўна адхіснуўся; штосьці прамільгнула ў яго перад вачыма.
“Глупства!... – падумаў ён, шмат выпіў…
Пані Вансоўска выдала кароткі смяшок, але зараз жа ўзяла сябе ў рукі і прамовіла:
-       Што ж гэта за арыгінальны спосаб сядзець, пане ахоцкі… Фэ, заўтра павінны будзеце кленчыць!... Ах, нягоднік, але ж ён хутка паставіць каму-небудзь ногі на калены… сядзьце ж па-чалавечы зараз жа, бо я загадаю фурману, каб пакінуў вас на дарозе…
У Вакульскага халодны пот выступіў на лоб; але ён павёў плячыма і думаў: “здаецца… здаецца!... што за глупства…”
І нечалавечым высілкам волі адагнаў урэшце прывіды. Зноў адчуваў настрой і весела пачаў размаўляць з пані Вансоўскай.
Калі ж вярнуліся ў Заславак позна ноччу, то спаў як забіты і нават снілася яму тосьці забаўнае.
Назаўтра, калі перад снеданнем выйшаў Вакульскі на шпацыр, першай асобай, якую ён спаткаў на дзядзінцы, была пакаёўка панны Ізабэлы; яна несла некалькі сукенак, а за ёй хлопец перамяшчаў куфар.
“Што ж гэта?... – падумаў ён. – Сёння нядзеля, дык напэўна не выедзе… Не можа ад’ехаць у нядзелю… зрэшты успомніла б мне штосьці пра гэта яна ці старшыніха…”
Ён пайшоў на стаў, абляцеў парк вакол, нібы хацеў загубіць па дарозе дрэнныя прадчуванні. Дарэмна. Прычапілася да яго думка, што панна Ізабэла можа выехаць. Ён пакутаваў ад яе і спакутаваўся настолькі, што ўжо не вымалёўвалася яскрава, толькі дзесьці на дне сэрца дражніла нязначна.
Падчас снядання здавалася яму, што старшыніха прывіталася з ім больш чула, чым звычайна, што ўсе трымаюцца больш урачыста, што панна Феліцыя ўглядаецца ў яго наўпрост нібы з выклікам. Пасля снедання зноў яму прымроілася, што старшыніха дала нейкі знак пані Вансоўскай.
-       Пэўна я захварэў” – думаў ён.
Але ж аднак ачуняў, калі панна Ізабэла засведчыла, што хоча прайсціся па парку.
-       У кагосьці з вас ёсць ахвота ісці са мной? – спытала яна. Вакульскі сарваўся з крэсла, іншыя не варухнуліся. Таму ён апынуўся адзін на адзін з паннай Ізабэлай у садзе і зноў вярнуўся да яго той спакой, які ў яго заўсёды быў у яе прысутнасці.
На палове алеі азвалася панна Ізабэла:
-       Вельмі шкада мне будзе Заслаўка… “Шкада?...” – падумаў Вакульскі, а яна хутка гаварыла далей:
-       Я павінна ўжо ехаць. Цётухна пісала яшчэ ў сераду, каб я вярталася, але старшыніха не паказала мне ліст, затрымала мяне. Толькі калі ўчора прыбыў спецыяльны пасланец…
-       Вы едзеце заўтра? – спытаў Вакульскі.
-       Сёння пасля другога снядання… - адказала яна, апускаючы галаву.
-       Сёння!... – паўтарыў ён.
Якраз праходзіў міма агароджы, за якой на дзядзінцы фальварачным стаяў экіпаж, той самы, на якім прыехала панна Ізабэла. Нават каля дышла фурман укладваў вупраж. Але на Вакульскага ні звестка, ні падрыхоўка да выезду не зрабілі на гэты раз уражання.
“Ну што ж, - думаў ён, - хто прыехаў, павінен з’ехаць некалі… Рэч цалкам натуральная…”
Нават здзіўляў яго гэты спакой.
Яна прайшлі яшчэ больш за дзесятак крокаў пад галінамі, якія звешваліся і раптам – апанавала яго страшэнная роспач. Яму здавалася, што калі б у гэту хвіліну заехаў экіпаж па панну Ізабэлу, ён кінуўся б пад колы і не дазволіў бы ёй ехаць. Няхай бы яго пераехалі і ўжо перастаў бы пакутаваць. Аднак прыйшла новая хваля спакою і Вакульскі зноў дзівіўся, адкуль у яго бяруцца такія жудасныя думкі. Усё ж панна Ізабэла мае права ехаць, калі хоча, куды хоча і з кім ёй падабаецца…
-       Доўга пані яшчэ забавіцца ў вёсцы? – спытаў ён.
-       Як найбольш, то з месяц.
-       Месяц!...- паўтарыў ён. -  Ці хаця можна мне будзе праз гэты месяц наведваць паньства?...
-       О так, вельмі просім… - адказала яна. – мой бацька ваш вялікі сябра.
-       А пані?
Яна зачырванелася і маўчала.
-       Вы не адказваеце… - прамовіў Вакульскі. – Вы нават не здагадваецеся, як мне дорага кожнае яе слова, якіх я так мала чуў… І вось сёння ад’язджае пані не пакідаючы нават ценю надзеі…
-       Можа час гэта зробіць, - шапнула яна.
-       Няхай бы зрабіў! – У любым выпадку я штосьці вам скажу. Вы ж бачыце, што ў жыцці можна спаткаць людзей, якія больш вясёлыя за мяне, элегантныя, з тытуламі, нават з багаццем, большым, чым мой… Але такой прыязнасці як мая – пэўна вы не знойдзеце. Бо калі каханне вымяраецца велічынёй пакут, то такога як маё можа яшчэ не было на свеце.
І я не маю нават права скардзіцца адносна гэтага на каго-небудзь. Лёс гэта робіць. Якімі ж бо ён дзіўнымі дарогамі вёў мяне да пані! Колькі бітваў павінна было адбыцца навогул, перш чым я, бедны хлопец, мог здабыць рэнамэ, якое мне сёння дазваляе размаўляць з пані. Якое вязенне падштурхнула мяне ў тэатр, дзе першы раз я ўбачыў вас. А на уласнасць, якой валодаю, ці можа не сыйшоў шэраг цудаў?...
Калі сёння я думаю пра гэтыя рэчы, мне здаецца, што яшчэ да нараджэння прызначана мне было сустрэць вас. Калі б мой бедны дзядзька не  любіў па маладосці і не памёр у самоце, я сёння не знаходзіўся б у гэтым месцы. І гэта не дзіўна, што я сам, замест таго, каб бавіцца жанчынамі, як робяць іншыя, пазбягаў іх да гэтага часу і амаль свядома чакаў адну, вас…
Панна Ізабэла цішком выцерла слязіну… Вакульскі ж не пазіраючы на яе, сказаў:
-       Не далей як цяпер, калі я быў у Парыжы, перада мной былі дзве дарогі. Адна вядзе да вялікага вынаходніцтва, які можа зменіць свет, другая вядзе да вас. Я выракся той, першай, бо тут мяне прыкоўвае нябачны ланцуг: надзея, што вы мяне пакахаеце. Калі гэта магчыма, то я абіраю лепш шчасце з вамі чым найвялікшую славу без вас; бо слава гэта толькі прывід, за які ўласнае шчасце мы аддаем іншым.Але калі я не памыляюся, то толькі вы можаце зняць з мяне гэтае пракляцце. Скажы, што ў цябе няма нічога і не будзе ніколі нічога да мяне і… Я вярнуся туды, дзе магчыма адразу павінен быў застацца.
-       Ці сапраўды так?... – дадаў ён, беручы яе за руку.
Яна нічога не адказала…
-       Значыць я застаюся… - прамовіў ён праз хвіліну. – Я буду цярплівы, а пані сама дасць мне знак, што мае надзеі споўніліся.
Яны вярнуліся ў палац. Панна Ізабэла была крыху змененая ў твары, але размаўляла з усімі весела. Да Вакульскага зноў вярнуўся спакой. Ён ужо не распачаваў, што панна Ізабэла ад’язджае; ён сказаў сабе, што ўбачыць яе праз месяц, і гэтага яму хапала на сёння. Пасля снедання заехаў экіпаж; пачалі развітвацца. На ганку панна Ізабэла шапнула пані Вансоўскай:
-       Ну ты, дарэчы, Казя, магла б і не дражніць гэтага бедака…
-       Каго ж гэта?
-       Твайго цёзку.
-       Ах, Старскага… паглядзім.
Панна Ізабэла падала руку Вакульскаму.
- да пабачэння! – шапнула яна з акцэнтам у голасе. І паехала. Усё таварыства стаяла на ганку, пазіраючы на экіпаж, які з пачатку аддаляўся, потым павярнуў за ставам, знік за пагоркам, зноў паказаўся і нарэшце застаўся пасля яго толькі туман жоўтага пылу.
- Вельмі прыгожы дзень, - прамовіў Вакульскі.
- О вельмі цудоўны, - адказаў Старскі.
Пані Вансоўска з-пад нахмураных броваў прыглядалася да Вакульскага. Паволі разышліся ўсе. Вакульскі застаўся адзін. Ён зайшоў у свой пакой, але ён падаўся яму вельмі пустым; потым хацеў ісці ў парк, але штосьці яго адтуль адштурхнула… Потым яму падалося, што панна Ізабэла яшчэ павінна быць у палацу, і ніякім чынам не мог зразумець, што яна паехала, што ўжо дзесьці за мілю ад Заслаўка і што кожная секунда аддаляе яе ад яго.
“І аднак з’ехала! – прашаптаў ён. -  З’ехала, ну і што ж?...” Ён пайшоў на бераг става і прыглядаўся да белага чоўна, вакол якой блішчала вада, аж вочы балелі. Раптам адзін з лебедзяў, якія плаваюць каля гэтага берага, заўважыў яго і распусціўшы крылы, па вадзе падляцеў да чаўна.
І толькі ў гэтую хвіліну ахапіў Вакульскага такі сум, такі бязмерны і неабгрунтаваны сум, нібы ён павінен быў расстацца з жыццём…
Паглыблены ва ўласнай горычы, Вакульскі не вельмі зважаў, што вакол яго робіцца. Нягледзячы на гэта бліжэй да вечара ён заўважыў, што таварыства заслаўскае пасля вяртання з парку нешта засумавала. Панна Феліцыя зачынілася з паннай Эвелінай у яе пакоі, барон быў раздражнёны, а Старскі іранічны і дзёрзкі. Пасля абеду паклікала Вакульскага да сябе старшыніха. Па старой таксама былі відаць сляды раздражнення, якое яна намагалася перамагчы.
-       Ну ці думаў ты што, пане Станіславе, пра гэтую цукроўню? – прамовіла яна, нюхаючы свой флакончык, што было знакам узрушэння. – Падумай аб тым, я прашу цябе, і пагавары са мной, бо ўжо мне абрыдлі гэтыя звадкі…
-       У вас нейкія клопаты? – спытаў Вакульскі.
Яна махнула рукой.
-       Эх! Клопат… Я хацела б толькі, каб удаўся гэты шлюб Эвеліны з баронам, або каб сарваўся… Ці няхай сабе едуць ад мяне яны абое ці старскі… Усё адно…
-       Вакульскі апусціў галаву і маўчаў разважаючы, што заляцанні Старскага да нарачонай барона павінны былі ўжо набыць больш выяўныя формы. Але якая яму да гэтага была справа?
-       Дурнічкі гэтыя панны, - пачала праз хвіліну старшыніха. – ім здаецца, што як уловіць якая багатага мужа, а потым прыстойнага каханка, то ўжо і жыццё не дарма прайшло… Дурніцы. Яны не ведаюць, што стане прыкрым стары муж і пусты каханак і раней ці пазней  кожная з іх захоча чпазнаць сапраўднага чалавека. А калі такі трапіцца, на яе няшчасце, што яна яму дасць?... Ці сваю прыгажосць, якую прадала, ці сэрца, запаскуджанае з такімі вось Старскімі?... І падумаць. Што амаль кожная з іх павінна прайсці падобную школу, пакуль пазнае людзей. А да таго ж, хоць бы ёй трапляўся самы найшляхетны, то яна не ацэніць яго.
Яна выбера старога багацея ці смелага гультая, у іх таварыстве змарнуе жыццё, і толькі некалі захоча адрадзіцца… Звычайна занадта позна і дарэмна!... Што мяне аднак здзіўляе наймацней, - працягвала яна, - гэта акалічнасць, што на падобных ляльках падманваюцца мужчыны. Ні для адной з жанчын, пачынаючы ад Вансоўскай, заканчваючы маёй пакаёўкай, не сакрэт, што ў Эвеліне не прачнуўся яшчэ ні розум, ні сэрца; усё ў ёй спіць…  А тымчасам барон бачыць у ёй баство і падманвае сябе, бядача, што яна яго кахае!
-       Чаму ж пані не адкрые яму вочы? – сказаў Вакульскі прыцішаным голасам.
-       Супакойся, гэта нікому не патрэбна… Ці аднойчы я давала яму зразумець, што Эвеліна сёння толькі сапсаванае дзіця і лялька? Можа калісьці штосьці з яе вырасце, але ў гэтую хвіліну!... акурат Старскі ёй падыходзіць.
-       Што ж, - дадала яна пасля паўзы, - падумаеш пра тую цукроўню?... Загадай сабе заўтра асядлаць каня, праедзься па палях адзін, а яшчэ лепш з Вансоўскай… Гэта  жанчына шмат варта, кажу табе…
Вакульскі выйшаў ад старшынёвай уражаны.
“што яна кажа, - думаў ён, - пра барона і Эвеліну?... Ці папросту не асцерагаецца мяне?... Старскі бо заляцаецца не толькі да панны Эвеліны. Што гэта было там у брычцы?... Ах, абраў бы лепш пулю ў лоб…”
Але аднак апамятаўся.
“У брычцы, - думаў ён, - быў ці то прывід, ці факт. Калі мне падалося, то я крыўдзіў бы невінаватую, а калі факт… Ну, то не буду сябрам гэтага  каханка з аперэты і не прысвячу жыццё жанчыне нявернай. Можна ёй круціць раманы, з  кім хоча, але нельга ашукваць  чалавека, якога адной дрэннай рысай ёсць тое, што яе кахае… Трэба выязджаць з гэтай Капуі і ўзяцца за працу. У лабараторыі Гейста я лепш запоўню жыццё чым у салонах…”
Каля дзесятай вечарам  ўвайшоў у яго пакой барон са змененым тварам. Спачатку смяяўся і жартаваў, потым задыханы ўпаў на крэсла, а праз хвіліну прамовіў:
-       Разумееце, пане, шаноўны пане Вакульскі, я часам думаю, не з уласнага вопыту, бо мая нарачоная вельмі шляхетная асоба… але часам я думаю, што жанчыны то нас часам зводзяць…
-       Так, часам.
-       Можа гэта не іх віна, - сказаў барон, - трэба аднак прызнаць, што некалі дазваляюць баламуціць сябе сапраўдным інтрыганам…
-       О так. Дазваляюць.
Барон дрыжаў так, што хвілінамі яго зубы стукалі.
-       Вы не лічыце, пане, - спытаў ён падумаўшы, - што аднак належала б гэтага пазбягаць?...
-       Якім чынам?... – Хоць бы пазбаўляючы жанчын ад стасункаў з інтрыганамі… Вакульскі ўголас рассмяяўся… - Можна жанчыну пазбавіць ад інтрыганаў, але ці магчыма яе пазбавіць уласных інстынктаў?... Што вы пане параіце, калі той, які ў вашых вачах толькі баламут ці інтрыган, для яе – самец таго ж што і яна сама гатунку?...
Паступова апаноўваў яго моцны гнеў. Ён хадзіў па пакоі і гаварыў:
-       Якая вайна магчымая з законам прыроды, паводле яога сучка, хоць бы і найлепшай пароды, не пойдзе за львом, а пойдзе за сабакам? Пастаўце ёй, пане, цэлы шэраг самых шляхетных жывёлін, а яна адрачэцца іх з-за некалькіх сабак… І цяжка гэтаму дзівіцца, бо яны з’яўляюцца такога ж як яна гатунку.
-       Значыцца, на вашу думку, няма рады? – спытаў барон.
-       Сёння ніякай, а калі –небудзь будзе адна: шчырасць у чалавечых стасунках і вольны выбар. Калі жанчына не будзе патрабаваць прыкідвацца кахаючай ці какетнічаць з усімі, у гэты час адразу адсуне тых, якія ёй не мілыя, і пойдзе за тым, які ёй падыйдзе па густу. У гэты час не будзе ашукваемых ні ашукваючых, стасункі ўпарадкуюцца натуральным чынам.
-       Пасля таго як барон сыйшоў, Вакульскі паклаўся спаць. Ён не спаў усю ноч, але вярнуўся да раўнавагі.
-       “Што ў мяне за прэтэнзіі да панны Ізабэлы? – думаў ён. -  Яна ж не казала, што мяне кахае; яна дала мне ледзьве цень надзеі, што гэта можа калі-небудзь адбудзецца. Яна ў парадку, бо амаль мяне не ведае. І што за прывіды снуюць па маёй галаве!... Старскі?... Але ж яна хоча  высватаць яго з пані Вансоўскай, то напэўна раман круціць з ім не думае. Старшыніха?... Старшынёва любіць панну Ізабэлу, сама мне пра гэта гаварыла, урэшце загадала мне сюды прыехаць… У мяне ёсць час… Я пазнаёмлюся з ёй бліжэй, а калі мяне пакахае, то я буду шчаслівы і магу быць спакойны. Калі не – я вярнуся да Гейста. На ўсялякі выпадак я прадам камяніцу і магазін, і застануся з таврыствам гандлю з Расіяй. Гэта мне дасць за пару гадоў са сто тысяч рублёў кожны год, а яе не аддам пад тытул жонкі купца галантэрэйнага”.
Назаўтра пасля першага снедання загадаў асядлаць каня і выехаў пад відам аглядання ваколіцы. Не думаючы ён павярнуў на дарогу, дзе ўчора ехаў па рыжыкі. У гэтым месцы яна смяялася, тут размаўляла з ім, тут аглядала ваколіцы…
Падазрэнні, гнеў, усё ў ім пагасла.
Замест іх пачаў з’яўляцца ў яго сэрцы жаль струменем такім тонкім як слёзы, і палаючым як вечны агонь…
Заехаўшы ў лес, ён злез з каня і правёў яго пад цуглі.
Вось сцежка, па якой у гэты час  ішлі ўдваіх, але здаецца нейкай іншай. Гэта частка лесу павінна была быць падобнай да касцёла – сёння ані следу падобнасці. Вакол шэра і ціха. Чутнае толькі карканне варон, якія ў гэтую хвіліну  пралятаюць над лесам, і голас спужанай вавёркі, што ўзбіраючыся на дрэва цяўкае як малое сабачаня.
Вакульскі дайшоў да палянкі, дзе ў гэты час размаўлялі з паннай Ізабэлай; знайшоў нават пень, на якім яна сядзела. Усё так, як было; толькі яе няма… На кустах ляшчыны ўжо жоўкне лістота, з соснаў звісае смутак, як павуціна. Такі несуцешны, і так яго абматаў!
“Што за глупства, - думаў, - рабіцца залежным ад адной чалавечай істоты! Усё ж я для яе толькі працаваў, пра яе думаю, ёй жыву. Што найгоршае – для яе я пакінуў Гейста… Ну, але што ж лепшае чакала мяне ў Гейста? Я быў бы таксама залежны як сёння, толькі замест прыгожай жанчыны маім гаспадаром быў бы стары немец. І таксама працаваў бы, нават цяжэй; з той толькі розніцай, што сёння я працую для свайго шчасця, а раней для шчасця іншых, якія тымчасам бавіліся б і кахалі адзін аднаго за мой кошт.
Зрэшты, ці ёсць у мяне права шкадаваць? Год таму я ледзь смеў марыць аб панне Ізабэле, а сёння ўжо яе ведаю, нават спрабую заваяваць яе ўзаемнасць… Ці я яе ўжо ведаю?... Яна закамянелая арыстакратка, але ж не разгледзелася яшчэ ў свеце… У яе паэтычная душа ці можа так толькі падае сябе…
У гэты час яго конь ускінуў галаву і заіржаў; яму адказала ў глыбіні лесу іншае ржанне і тупат. Неўзабаве на канцы сцежкі паказалася амазонка, у якой Вакульскі пазнаў пані Вансоўску.
- Хоп! Хоп!... – закрычала яна, смеючыся. Саскочыла з каня і аддала цуглі Вакульскаму.
- Прывяжыце яго, пане, - прамовіла яна. – Ах, як жа я вас ужо ведаю!... Пытаюся гадзіну таму ў старшынёвай: дзе Вакульскі?
“Ён паехаў у поле аглядаць месца на цукроўню.”
“акурат! – думаю я. –Ён паехаў у лес памарыць”
Загадала падаць каня, і вось знаходжу вас, калі вы сядзіце на пні, узрушаны… Ха!... ха!... ха!...
-       Што я так смешна выглядаю? – Не! Для мяне вы не выглядаеце смешна, а як бы тут сказаць?... неспадзявана. Я ўяўляла сабе пана цалкам інакш. Калі мне паведамілі, што вы купец, які ў дадатак хутка зрабіў уласнасць, я падумала:
“Купец?... Затым прыехаў у вёску каб пашукаць панну з пасагам, ці каб атрымаць ад старшынёвай грошы на якое-небудзь прадпрыемства.”
У кожным выпадку, я лічыла, што вы чалавек халодны, разліковы, які ходзячы па лесе ацэньвае дрэвы, а на неба не пазірае, бо гэта не дае працэнту. Тымчасам што ж я бачу? Летуценнік, сярэдневечны трубадур, які выбіраецца ў лес, каб уздыхаць і выглядаць мінулатыднёвыя сляды ЯЕ стопаў! Верны рыцар, які кахае на жыццё і смерць адну жанчыну, а іншых ігнаруе. Ах, пане Вакульскі, як гэта забаўна… як гэта несучасна!...
- Вы скончылі? – спытаў холадна Вакульскі.
- О так, ужо… Цяпер вы скажаце?
- не, пані. Я прапаную, каб мы вярталіся дадому. Пані Вансоўску заліў моцны румянец.
- З дазвалення пана, - прамовіла яна, беручы каня за вуздэчку. – Ці не думаеце вы пане, што я кажу такім чынам пра ваша каханне, каб самой выйсці за вас?... Вы маўчыце… Дык жа будзем гаварыць сур’ёзна. Была хвіліна, што вы мне падабаліся; была і – ужо прайшла. Але хоць бы не прайшла, хаця б павінна была памерці ад кахання да вас, што пэўна не наступіць, бо я яшчэ не страціла ані сну, ані апетыту, не аддалася б вам, ці чуеце… хоць бы да ног мне падалі. Я не магла б быць з чалавекам, які так кахаў іншую жанчыну, як вы гэта робіце. Я вельмі гордая. Вы мне верыце?
- так!
- Я дапускаю. Калі я сёння закранула вас сваімі жартамі, то толькі маючы вялікую прыязнасць да вас. Імпануе мне ваша апантанасць, я хацела б, каб вы былі шчаслівым, і таму кажу: выкіньце, пане, з сябе сярэдневечнага трубадура, бо ўжо дзевятнаццатае стагоддзе, у якім жанчыны іншыя, чым вы іх сабе ўяўляеце, пра што ведаюць нават дваццацігадовыя хлопцы.
- дык якія ж яны?
- Прыгожыя, мілыя, любяць вас усіх вадзіць за нос, а кахаюць толькі да той ступені, пакуль ім гэта робіць прыемнасць. На драматычнае каханне не згодзіцца ніводная, а як найменш не кожная… Яна павінна была спачатку знудзіцца шчаслівымі пачуццямі, і у далейшым знайсці драматычнага каханка.
- Карацей кажучы, вы інсінуеце, што панна Ізабэла…
- О, я ніколькі не інсіную панне Ізабэле, - жыва запярэчыла пані Вансоўска. – У ёй ёсць задаткі добрай жанчыны і той, каго яна пакахае, будзе шчаслівы. Але пакуль пакахае!... Дапамажыце мне ўзлезці…
Вакульскі падсадзіў яе і сам сеў на свайго каня. Пані Вансоўска была раздражнёная. Нейкі час яна ехала наперад, моўчкі; раптам адвярнулася і прамовіла:
-       Апошняе слова. Я ведаю людзей лепш, чым вы думаеце, і… баюся вашага расчаравання. Дык вось калі б яно калі надышло, то прыгадай сабе маю параду: не дзейнічай пад уплывам мараў, толькі чакай. Шмат рэчаў на першы выгляд выглядаюць горш чым у рэчаіснасці.
“Шатан!” – буркнуў Вакульскі. Увесь свет пачаў перад ім пакручвацца і набягаць чырванню.
Ехалі, нічога ўжо не кажучы пра сябе. Вярнуўшыся да Заслаўка, Вакульскі пайшоў да старшынёвай.
-       Заўтра еду, - прамовіў ён. – А цукроўні, пані, не будуйце.
-       Заўтра? – паўтарыла старая. – А што ж будзе з каменем?
-       Якраз, калі пані дазволіць, я паеду на Заслаў. Агледжу камень, зрэшты ў мяне там яшчэ ёсць справа.
-       дык едзь з Богам… няма тут чаго рабіць. А ў Варшаве заходзь жа да мяне. Я вярнуся адначасова з графіняй і з Ленцкімі… Вечарам зазірнуў да яго Ахоцкі.
-       А ліха! – усклікнуў ён, - столькі ў мяне было вам расказаць… Але што ж, вы увесь час былі абкружаны бабамі, а цяпер выязджаеце…
-       Вы не любіце жанчын? – прамовіў з усмешкай Вакульскі. – Можа маеш рацыю…
-       Не тое, каб не любіў. Але ад часу, як пераканаўся, што вялікасвецкія дамы не адрозніваюцца ад пакаёвак, то абіраю лепш пакаёвак.
Гэтыя кабеты, - працягваў ён, - гэта ўсё гусыні, не выключаючы самых разумных. Учора напрыклад паўгадзіны я тлумачыў Вансоўскай, для чаго патрэбна будзе кіраванне шарамі. Я гаварыў ёй пра знікненне межаў, пра братэрства народаў, пра вялікія крокі цывілізацыі… Яна пазірала мне ў вочы так, што я аддаў бы галаву, што яна мяне разумее. А калі я скончыў, яна запытала:
-       Пане Ахоцкі, чаму вы не ажэніцеся?... – Не ну ці чулі вы такое. Пане!... Натуральна на працягу другіх паўгадзіны я распавядаў ёй, што нават не думаю жаніцца, што не ажаніўся б ні з паннай Феліцыяй, ні з паннай Ізабэлай, ані нават з ёй. На д’ябла мне тая жонка, якая б шастала па маіх лабараторыях у сукенцы з доўгім шлейфам, выцягвала б мяне на шпацыры, візіты, тэатры… Далібог, я не ведаю ніводнай жанчыны, у працяглым таварыстве якой не здурнеў бы за паўгода. Змоўк і хацеў выходзіць.
-       Адно слоўка, - прамовіў Вакульскі. – Калі пан вернецца да Варшавы, то зайдзіце да мяне. Можа раскажаце мне навіну пра вынаходніцтва, якое сапраўды забярэ палову жыцця, але… вы увойдзеце ў смак.
-       Балоны?... – спытаў Ахоцкі з палаючым позіркам.
-       Штосьці яшчэ лепшае. Дабранач.
На другі дзень каля апоўдня Вакульскі развітаўся з домам старшынёвай. Праз пару гадзін ён быў у Заслаўі. Наведаў пробашча і загадаў Вэнгелку збірацца ў дарогу да Варшавы. Вырашыўшы гэта ён пайшоў да замкавых руін. На камені ўжо быў выразана чатырохрадкоўе.
Вакульскі прачытаў яго некалькі разоў і затрымаў позірк на словах:
“Заўсёды і ўсюды я буду з табой...”
“А калі не?...” – прашаптаў ён.
Ад думкі пра гэта яго апанавала роспач. У гэтую хвіліну ў яго было толькі адно жаданне: каб зямля расступілася пад ім і паглынула яго разам з гэтымі руінамі, з гэтым каменем і з гэтым надпісам…
Калі ён вярнуўся ў мястэчка, коні ўжо былі пакормленыя; каля экіпажа стаяў Вэнгелак з зялёнай скрынкай.
-       А ці ведаеш ты, калі сюды вернешся? – запытаў яго Вакульскі.
-       Калі Бог дасць, пане, - адказаў Вэнгелэк.
-       Сядай.
Сам ён адкінуўся на падушкі экіпажу і рушылі. Здалёк старая жанчына перажагнала іх на дарогу. Вэнгелэк заўважыў яе і зняў шапку.
- Будзьце здаровы, мама!... – пракрычаў ён з сядзення фурмана.



воскресенье, 1 апреля 2018 г.

Dla moich uczniów - na wiosnę

Atomy nawet tu zbierają się nie wprost
Na pewno Ziemia znów odrodzi się, na pewno
Będziemy myśleć, że jak z każdym wiekiem rośnie
To znaczy się odrodzi się kolejno
I fatum jej - żyć, wierzyć, mieć nadzieję
Odlubiać tamtych, razem żyje kto
Kto razem z nią nadzieję taką miewa,
niech każdy w ten świat rzuci jej lat sto!