вторник, 13 марта 2018 г.

Б. Прус Лялька том 2 РАЗДЗЕЛ 7 ДЗЁННІК СТАРОГА РАСПАРАДЧАГА


 РАЗДЗЕЛ 7

ДЗЁННІК СТАРОГА РАСПАРАДЧАГА


Палітычная сітуацыя такая няпэўная, што мяне зусім не здзівіла б, калі б дзесьці ў снежні выбухнула вайна.
Людзям увесь час здаецца, што вайна можа быць толькі вясной, відаць забыліся, што войны:пруская і французская, пачыналіся летам. Я не разумею, адкуль узнікла прымха супраць зімовых кампаній?... Зімой амбары поўныя, а дарога – як сцяна; у той час як на вясну ў селяніна галодная пара, а дарогі - як цеста; праедзе батарэя і можаш у гэтым месцы купацца. Але з іншага боку – зімовыя ночы, якія трываюць больш дзесяці гадзін, патрэба ў цёплым адзенні і жытле для войска, тыф… Сапраўды, я неаднойчы дзякую Богу, што мяне не стварыў вайскоўцам Мольтке; ён вымушаны быў круціць галавой, небарака!...
Аўстрыйцы, а хутчэй венгры ўжо добра-такі ўлезлі ў Боснію і Герцагавіну, дзе іх вельмі негасцінна прымаюць. Знайшоўся нават нейкі Газі Лоя, падобна што знакаміты партызан, які ім прыносіць шмат клопатаў. Шкада мне венгерскую пяхоту, але ж і сённяшнія венгры як чэрці. Калі іх у 1849 годзе душылі чорна-жоўтыя, то крычалі: кожны народ мае права абараняць сваю свабоду!... А сёння што? Самі пхнуцца ў Боснію, куды іх не клікалі, а абаронцаў Босніі называюць злодзеямі і разбойнікамі.
Далібог, усё менш я разумею палітыку! І хто ведае, ці Стах Вакульскі не мае рацыю, што перастаў ёй займацца (калі перастаў?...).
Але што я разважаю пра палітыку, калі ў маім уласным жыцці адбылася вялікая змена. Хто б паверыў, што ужо тыдзень я не займаюся справамі склепа; часова, зразумела, бо інакш звар’яцеў бы ад суму.
Справа вось у чым. Піша да мяне Стах з Парыжа (прасіў мяне аб гэтым жа перад ад’ездам), каб я паклапаціўся пра камяніцу, якую ён купіў у Ленцкіх. “Не мела баба клопату!...”, думаю я, але што ж рабіць?... Я перадаў справы Лісецкаму і Шлангбауму, а сам – пакаціў у Іерусалімскія Алеі даведацца, як там і што. Перад выхадам я пытаюся ў Клейна, які жыве ў камяніцы Стаха, каб мне расказаў, як там справы. Замест таго, каб адказаць, ён схапіўся за галаву.
-       Ёсць там які кіраўнік?
-       Ёсць, - адказвае Клейн, крывячыся. – Жыве на чацвёртым паверсе у фасаднай частцы. – Досыць!... – кажу я, - досыць, пане Клейн!...
(Я не люблю слухаць чужыя меркаванні перш, чым сам убачу на ўласныя вочы. Зрэшты Клейн, хлопец малады, лёгка мог бы паддацца фанабэрыі, падумаўшы, што старэйшыя пытаюцца ў яго аб інфармацыі).
Ха! Цяжка… Я тады пасылаю адпрасаваць свой капялюш, плачу два злотыя, на ўсялякі выпадак бяру ў кішэнь пісталет з кароткай руляй і шпацырую дзесьці аж за касцёл Аляксандра.
Гляджу: жоўты дом на чатыры паверхі, нумар той самы, ба!... нават ужо на таблічцы знаходзіцца прозвішча Станіслава Вакульскага… (Відаць загадаў яе прыбіць стары Шлангбаум).
Я ўваходжу на падворак… ой! Нядобра… Пахне, д’ябал, як у аптэцы. Сметнік запоўнены да вышыні другога паверха, па ўсіх канавах цячэ мыльная вада. Толькі цяпер я заўважыў, што на партэры ля дзядзінца знаходзіцца “Пральня парыжская”, з дзявіцамі, падобнымі да двугорбых вярблюдаў. Гэта дадало мне адвагі.
Клічу: “Вартаўнік!...” З хвіліну нікога не відаць, нарэшце з’яўляецца тоўстая баба і такая брудная, што я не магу зразумець, якім чынам падобная колькасць бруду размяшчаецца па суседству з пральняй, да таго ж парыжскай.
- Дзе вартаўнік? – пытаюся я, датыкаючыся рукой да капелюша.
- А з чаго гэта?... – адбуркнулася баба.
- Я прыйшоў ад імя ўласніка дома.
- Вартаўнік сядзіць у каталажцы, - кажа баба.
- За што ж гэта?
- О… цікаўны пан! – выгукнула яна. – за тое, што яму гаспадар зарплаты не плаціць.
Нічога сабе ідуць справы з самага пачатку!
Натуральна я пайшоў ад вартаўніка да кіраўніка, на чацвёрты паверх. Ужо на трэцім паверсе я чую крык дзяцей, нейкі трэск і голас жанчыны, якая крычыць:
-       А нягоднікі!... а гультаіны!... вось вам! Вось вам!
Дзверы адчыненыя, у дзвярах нейкая пані ў амаль белым кафтанчыку лупцуе трох дзяцей рэмнем, які аж свішча.
-       Я перапрашаю, не перашкоджу?- кажу я. 
Бачачы мяне, дзеці разбегліся ў глыб памяшкання, а пані ў кафтанчыку, хаваючы за сябе рэмень запытала збянтэжаная:
-       Вы не гаспадар?
-       Не гаспадар, але… прыйшоў ад яго імя да шаноўнага вашага мужа… Я Жэцкі…
-       Пані з хвіліну пазірала на мяне ўважліва і з недаверам, нарэшце  прамовіла:
-       Віцэк, бяжы на склад за татам… А пан можа зойдзеце ў пакой для гасцей…
Паміж мной і дзвярамі з’явіўся  абадраны хлапец і трапіўшы на сходы, пачаў з’язджаць па парэнчах на ніз. Я ж, засаромеўшыся, увайшоў у салонны пакой, галоўнае ўпрыгажэнне якога стварала канапа з поўсцю, якая пасярэдзіне павылазіла.
-       Вось лёс кіраўніка, - адазвалася пані, паказваючы мне на не менш абадраны стул. – Мой муж служыць нібыта багатым панам, а калі б не хадзіў на склад вугалю і не пісараваў у адвакатаў, то не мелі б за што рукі зачапіць. Вось наша жытло, паглядзіце, - сказала яна, - за тры каморы мы плацім сто восемдзесят рублёў штогод…
-       Раптам з боку кухні даляцела да нас неспакойнае шыпенне. Пані ў кафтаніку выбегла, шэпчучы па дарозе:
-       Казя! Ідзі ў залу і пабудзь з гэтым панам…
Сапраўды, увайшла ў пакой дзяўчынка вельмі худзенькая, у карычневай сукеначцы і брудных панчошках. Села на стул каля дзвярэй і пазірала на мяне позіркам настолькі падазроным, наколькі і сумным. Я б ніколі не падумаў, што калі я буду стары, то будуць лічыць мяне злодзеем…
Мы сядзелі так хвілін пяць моўчкі і пазіраючы адзін на аднаго, калі раптам пачуўся крык і тупат на сходах, і ў гэту хвіліну забег з сенцаў той абадраны хлопец, якога клічуць Віцэк, за якім хтосьці са злосцю крычаў:
-       А шэльма!... я табе дам…
Я здагадаўся, што Віцэк павінен мець жывы тэмперамент і што той, хто яго лае, гэта яго тата. І сапраўды паказаўся сам пан кіраўнік у забруджаным сурдуце і ў штанах, абарваных унізе. Пры гэтым у яго была густая, сівая барада і чырвоныя вочы.
Ён увайшоў, з павагай пакланіўся мне і запытаў:
-       Значыць маю гонар пазнаёміцца з панам Вакульскім?
-       Не, пане, я толькі сябар і прадстаўнік пана Вакульскага...
- А так!... – перапыніў ён мяне, працягваючы руку да поціску. – Я меў прыемнасць бачыць вас у магазіне... Прыгожы магазін! – уздыхнуў ён. – З такіх магазінаў нараджаюцца камяніцы, а... з зямельных уладанняў – такія вось пакоі...
-       Пане дабрадзею, у вас было ўладанне? – спытаў я.
-       Так!... Але што ўжо там... Напэўна вы хочаце даведацца пра баланс гэтай камяніцы? – адказаў кіраўнік. – Значыць скажу коратка. У нас два віды наймальнікаў: адны ўжо паўгода не плацяць нікому, іншыя плацяць магістрату штрафы ці незаплочаныя падаткі за гаспадара. Пры гэтым вартаўнік не атрымлівае зарплату, дах цячэ, паліцэйскі ўчастак нагадвае нам, каб мы вывезлі смецце, адзін наймальнік распачаў працэс аб падвале, а два наймальнікі судзяцца з-за гарышча... Што ж тычыцца, - дадаў ён праз хвіліну, крыху збянтэжаны, - што ж датычыць тых дзевяноста рублёў, якія я застаюся вінаватым шаноўнаму пану Вакульскаму...
-       Пакіньце вы, - перапыніў я яго, - Стах, ці пан Вакульскі, напэўна скасуе ваш доўг да кастрычніка, а потым заключыць з вамі новы кантракт.
Бедны экс-уласнік зямельнага ўладання сардэчна паціскаў мне дзве рукі.
Такі кірўнік, у якога была ўласная маёмасць, падаваўся мне вельмі цікавай асобай; але яшчэ больш цікавым падаўся мне дом, які не прыносіць ніякіх прыбыткаў. Па прыродзе я нясмелы: саромеюся размаўляць з незнаёмымі людзьмі і амаль баюся заходзіць у чужыя пакоі... (Божа літасцівы! Як даўно я ўжо не быў у чужых пакоях...) На гэты раз усяліўся ў мяне нейкі чорт і я абавязкова вырашыў пазнаёміцца з наймальнікамі гэтай дзіўнай камяніцы.
У 1849 годзе было і больш спякотна, але чалавек ішоў наперад!...
- Пане, - звярнуўся я да кіраўніка, - ці не былі б вы такім ласкавым... прадставіць мяне некаторым наймальнікам... Стах... ці то пан Вакульскі... прасіў мяне аб тым, каб я заняўся яго справамі, пакуль ён не вернецца з Парыжа...
- Парыж!... – уздыхнуў кіраўнік. – Памятаю Парыж яшчэ з 1859 года. Памятаю, як прымалі караля, калі той вяртаўся з італьянскай кампаніі...
- Пане, - закрычаў я, - вы бачылі трыумфальнае вяртанне Напалеона ў Парыж?...
Ён працягнуў да мяне руку і адказаў:
-       Я бачыў лепшую рэч, пане... Падчас кампаніі я быў у Італіі і бачыў, як італьянцы прымалі французаў напярэдадні бітвы пад Маджэнтай...
-       Пад Маджэнтай?... У 1859 годзе?... – спытаў я.
-       Пад Маджэнтай, пане…
Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы з гэтым экс-уласнікам, які не мог заплаціць нават за вывядзенне плям са свайго  сурдута. Мы паглядзелі адзін на аднаго 
-  Маджэнта. 1859 год… Эх! Божа літасцівы…, - кажу я.
-       Раскажыце, пане, - працягваў я, - як жа вас прымалі італьянцы напярэдадні бітвы пад Маджэнтай?
Бедны экс-уласнік сеў на  абадранае крэсла і сказаў: - У 1859 годзе, пане Жэцкі… Мне здаецца, што маю гонар…
-       Так, пане, я Жэцкі, паручнік,пане, венгерскай пяхоты, пане…
Зноў зірнулі адзін на аднаго. Эх! Божа міласэрны…
-       Кажыце далей, пане шляхціц, - прамовіў я, паціскаючы яму руку.
-       У 1859 годзе. – працягваў экс-уласнік, -я быў на дзевятнаццаць гадоў маладзейшы, чым сёння і меў прыкладна дзесяць тысяч рублёў у год… На той час! Пане Жэцкі… Што праўда, браўся не толькі працэнт, але і штосьці з капіталу. Таму, як прыйшло распрыгоньванне…
-       Ну, - прамовіў я, - сяляне таксама людзі, пане…
-       Вірскі, - прадставіўся кіраўнік.
-       Пане Вірскі, - прамовіў я, - сяляне…
-       Мне ўсё адно, - перапыніў ён, - хто такія сяляне. Досыць, што за год у мяне было дзесяць тысяч рублёў прыбытку (разам з пазыкамі) і я быў у Італіі. Мне было цікава, як выглядае краіна, з якой выганяюць прусакоў… А паколькі ў мяне не было жонкі і дзяцей, то мне не было для каго берагчы жыццё, таму з-за аматарства  я ехаў з французскім авангардам… Мы ішлі пад Маджэнту, пане Жэцкі, хоць не ведалі яшчэ, ні куды ідзём, ні хто з нас заўтра ўбачыць захад сонца…Вы ведаеце гэта пачуццё, калі чалавек, які няўпэўнены ў заўтрашнім дні апынецца ў кампаніі лбдзей, якія таксама няўпэўненыя ў заўтрашнім дні?...
-       Ці ведаю я!... – давай далей, пане Вірскі…
-       Няхай мяне чэрці возьмуць, - казаў бедны экс-уласнік,  -але гэта самыя найлепшыя хвіліны жыцця. Ты малады, вясёлы, здаровы, у цябе няма на карку жонкі і дзяцей, ты п’еш і спяваеш, і кожную хвіліну пазіраеш на нейкую цёмную сцяну, за якой хаваецца наша заўтра… Гэй! – крычыш ты, - наліце мне віна, бо я не ведаю, што за гэтай цёмнай сцяной… Гэй!...віна! Нават пацалункаў!…Пане Жэцкі, -прашаптаў, нахіляючыся, кіраўнік.
-       Значыць гэта тады, як вы ішлі з авангардам пад Маджэнту?... – перапыніў я яго.
-       Мы ішлі з кірасірамі, - сказаў кіраўнік. – Вы ведаеце пра кірасіраў, пане Жэцкі?... На небе свеціць адно сонца, але ў эскадроне кірасіраў сто сонцаў…
-       Гэта цяжкая язда, - заўважыў я. – пяхота пераадольвае яе як шчаўкунок арэхі…
-       Мы набліжаліся тады, пане Жэцкі, да нейкай італьянскай мясцовасці, аж сяляне мясцовыя даюць ведаць, што недалёка стаіць аўстрыйскі корпус. Тады мы пасылаем іх у мястэчка з загадам, ці лепш з просьбай, каб жыхары, калі нас убачаць, не крычалі ні  ў якім выпадку…
-       Зразумела, - прамовіў я. – Калі непрыяцель блізка….
-       Праз паўгадзіны, - працягваў Вірскі, - мы ўжо ў горадзе. Вуліца вузкая, па абодва бакі народ, ледзь можна праехаць чацвёркамі, а ў вокнах і на балконах жанчыны… Якія жанчыны, пане Жэцкі!... У кожнай у руцэ букет руж. Тыя, што стаяць на вуліцы, ні гуку з вуснаў… бо аўстрыйцы блізка… Але тыя, што на балконах, скубуць, пане, свае букеты і спацелых, пакрытых пылам кірасіраў засыпаюць пялёсткамі з руж як снегам… Ах, пане Жэцкі, калі б вы бачылі гэты снег: малінавы, ружовы, белы і гэтыя рукі, і гэтых італьянак… Палкоўнік толькі датыкаўся рукой да вуснаў і направа і налева адсылаў пацалункі. А тымчасам снег пялёсткаў руж засыпаў залатыя кірасы. Шлемы і фыркаючых коней…Да ўсяго нейкі стары італьянец, з крывым кіем і сівымі валасамі да каўнера, заступіў дарогу палкоўніку. Схапіў за шыю яго каня, пацалаваў яго і крыкнуў: Няхай жыве Італія! – і ўпаў мёртвым на месцы… - Такі быў наш пярэдадзень  перад Маджэнтай! Гэтак гаварыў экс-уласнік, а з вачэй плылі ў яго слёзы на забруджаны сурдут.
-       Няхай мяне чэрці возьмуць, пане Вірскі! – усклікнуў я, - калі Стах не аддасць вам бясплатна гэтае жыллё.
-       Сто восемдзесят рублёў плачу! – усклікнуў кіраўнік.(распарадчык)
Мы павыціралі вочы.
-       Пане, - кажу я, - Маджэнта Маджэнтай, а справа справай. Можа прадставіце мяне некалькім наймальнікам.
-       Хадзем, пане, - адказаў распарадчык, падхапіўшыся з абадранага крэсла. – хадзем, пане, пакажу вам самых характарных…
Ён выбег з гасцінага пакою і прасоўваючы галаву ў дзверы, здаецца мне, што кухонных слуг, закрычаў:
-       Маня! Я выйду… А з табой, Віцэк, мы разлічымся вечарам…
-       Я не гаспадар, каб вы, тата, са мной разлічваліся, - адказаў яму дзіцячы голас.
-       Даруй яму, пане,  - шапнуў я распарадчаму.
-       Акурат!... – адказаўён. – Ён не засынаў бы, каб не атрымліваў розак. Добры хлопец, - казаў ён, - кемлівы хлопец, але шэльма!...
Мы выйшлі з пакоя і затрымаліся перад дзвярыма каля сходаў. Распарадчы  асцярожна пастукаў, а мне ўся кроў прыліла ад галавы да сэрца, а ад сэрца да ног. Можа нават з ног выцекла б у чаравікі і кудысьці па сходах аж да брамы, калі б не сказалі знутры:
-       Калі ласка!...
Мы ўваходзім.
Тры ложкі. На адным з кнігай у руцэ і нагамі, абапёртымі на спінку, ляжыць якісьці малады чалвек з чорнай барадой і ў студэнцкім мундзірчыку; на двух іншых ложках бялізна выглядае так, нібы па гэтым пакоі пранёсся ураган і ўсё дагары нагамі перакуліў. Я бачу таксама куфар, пусты чамадан, таксама мноства кніг, якія ляжаць на паліцах, на куфары і на падлозе. Таксама вось некалькі гнутага і звычайнага стулля і непаліраваны стол, на якім прыгледзеўшыся больш уважліва, я заўважыў намаляванае шахматнае поле і паперакульваныя шахматы.
У гэту момант мне зрабілася млосна; бо побач з шахматамі я заўважыў два чэрапы: у адным быў тытунь, а ў другім… цукар!...
- Па якой справе? – запытаў малады чалавек з чорнай барадой, не ўзнімаючыся з ложка.
- Пан Жэцкі, упаўнаважаны гаспадара… - прамовіў распарадчык, паказваючы на мяне.
Малады чалавек абапёрся на локаць і хутка глянуўшы на мяне, сказаў:
-       Гаспадара?... У гэту хвіліну я тут гаспадар і зусім не памятаю, каб мяне называлі ўпаўнаважаным гэтага пана…
Адказ быў настолькі ўразліва просты, што мы з Вірскім аслупянелі. Малады чалавек тымчасам з цяжкасцю падняўся з ложка і без асаблівай паспешлівасці  пачаў зашпільваць штаны і камізэльку. Нягледзячы на пэўную сістэму, з якой ён аддаваўся гэтаму занятку, я ўпэўнены, што як найменш дык палова гузікаў яго гардэробу засталася не зашпіленая.
-       Ааа! – пазяхнуў ён.
-       Сядайце ж, панове, - прамовіў ён, манеўруючы рукой такім чынам, што я не ведаў, ці загадвае нам размясціцца ў чамадане ці на падлозе.
-       Горача, пане Вірскі, - дадаў ён, - праўда?... Ааа!...
-       Якраз сусед насупраць скардзіцца на паноў дабрадзеяў… - адказаў з усмешкай распарадчы.
-       З-за чаго ж бы гэта?
-       Бо панове ходзяць голымі па пакоі…
Малады чалавек абурыўся.
-       звар’яцеў стары ці што?... Ён можа хоча, каб мы апраналіся ў футры падчас такой спякоты?... Нахабства! Слова гонару даю…
-       Але, - сказаў распарадчы, - майце  на ўвазе, што ў яго дарослая дачка.
-       І што мне да гэтага?... Я не яе бацька. Стары блазан! Слова гонару, і пры гэтым ілжэ, бо голымі мы не ходзім.
-       Я сам бачыў, - заўважыў распарадчы.
-       Слова гонару, хлусня! – закрычаў малады чалавек, чырванеючы ад гневу. – Праўда, што Малескі ходзіць без кашулі, але ў трусах, а Паткевіч ходзіць без трусоў, але затое ў кашулі. Панна Леакадзія значыць бачыць поўны гарнітур.
-       Так, і вымушана зашторваць усе вокны, -  адказаў распарадчы.
-       Гэта стары зашторвае, а не яна, - адказаў студэнт, машучы рукой. – Яна  выніквае праз шчыліны паміж фіранкай і вакном. Зрэшты, калі ласка: калі панне Леакадыі можна крычаць на ўвесь падворак, то значыць Малескі і Паткевіч маюць права хадзіць па сваім пакоі, як ім падабаецца. Кажучы гэта, малады чалавек шпацыраваў вялікімі крокамі. Калі ён станавіўся да нас спіной, распарадчы міргаў мне і рабіў грымасы, якія азначалі вялікую роспач. Хвіліну маўчаў, потым  прамовіў:
-       Паны дабрадзеі вінаватыя нам за чатыры месяцы…
-       О, зноў вы за сваё!... – выгукнуў малады чалавек і ўклаў рукі па кішэнях.  – Колькі разоў я буду павінен паўтраць вам, каб аб гэтых глупствах вы не гаварылі са мной , а толькі ці з Паткевічам, ці з Малескім?... Гэта так лёгка памятаць: Малескі плаціць за месяцы цотныя:люты, красавік, чэрвень, а Паткевіч за няцотныя: сакавік, май, ліпень…
-       Але ніхто з іх ніколі не плаціць! – усклікнуў, не стрываўшы, распарадчы.
-       А хто ж вінаваты, што вы не прыходзіце ў патрэбны час?! – закрычаў малады чалавек трасучы рукамі. – Сто разоў вы чулі. Пане, Малескі плаціць за цотныя, а Паткевіч – за няцотныя…
-       А вы за што, пане-дабрадзею?...
-       А я, ласкавы пане, ні за што, - крычаў малады чалавек, трасучы кулакамі ў нас перад насамі, - бо я з прынцыпу не плачу арэнду. Каму я павінен плаціць?... за што?... Ха! Ха… нічога сабе…
-       Ён стаў хадзіць яшчэ хутчэй па пакоі, смеючыся і злуючыся. Нарэшце пачаў насвістваць і выглядаць праз вакно, пагардліва адвярнуўшыся спіной да нас…
Мне ўжо гэта надакучыла.
-       Дазвольце, пане, зрабіць заўвагу, - сказаў я, - што такая непавага да дагавора з’яўляецца вельмі арыгінальнай… Хтосьці дае вам жытло, а вы лічыце  стасоўным не плаціць яму.
 - Хто мне дае жытло?!... – ускрыкнуў малады чалавек, сядаючы на падвакне і нахіляючыся назад, нібы меў намер выкінуцца з чацвёртага паверха. – Я сам заняў гэты пакой і буду ў ім датуль, пакуль мяне не выганяць. Дагаворы!... шыкоўныя яны з гэтымі дагаворамі… Калі грамадства хоча, каб я плаціў яму за жыллё, то няхай само плаціць мне столькі за ўрокі, каб з іх хапала і на арэнду… шыкоўныя яны!... Я за тры гадзіны урокаў штодзень атрымліваю пятнаццаць рублёў за месяц, за харчаванне бяруць з мяне  дзвяць рублёў, за мыццё бялізны і паслугу тры… А мундзір, а запіс?... І яшчэ хочуць, каб я за пражыванне плаціў. Выкіньце мяне на вуліцу, - сказаў ён раздражнены, - няхай мяне схопіць паліцыянт і дасць палкай па лбе… На гэта вы маеце права, але не на заўвагі і выгаворкі…
- Я не разумею вашага запалу, - памовіў я спакойна.
- Ёсць ад чаго яму быць! – адказаў малады чалавек, нахіляючыся усё больш у бок падворка: - грамадства, калі не забіла мяне падчас нараджэння, калі загадвае мне  вучыцца і здаваць больш дзесятка экзаменаў, узяло на сябе абавязак тым самым, што мне дасць працу, якая мяне забяспечыць і мой побыт… тымчасам ці не дае мне працы, ці ашуквае мяне з зарплатай… Калі ж грамадства ў дачыненні да мяне не прытрымліваецца дагавора, то з якой нагоды жадае, каб я прытрымліваўся яго ў дачыненні да яго. Зрэшты, што тут казаць, я з прынцыпу не плачу арэнду і хопіць: тым больш што прысутны распарадчы дома не будаваў гэты дом, не абпальваў цэглу, не разводзіў вапну, не мураваў, не рызыкаваў галавой. Прыйшоў з грашыма, можа крадзенымі, заплаціў другому, які можа таксама абабараў каго, і зыходзячы з гэтага хоча мяне зрабіць сваім нявольнікам. Здзек над здаровым розумам!
- Пан Вакульскі, - прамовіў я, узнімаючыся са стула, - не абабраў нікога… Здабыў грошы працай і ашчаднасцю…
- Ды супакойцеся вы! – перапыніў малады чалавек. -  Мой бацька быў здольным урачом, працаваў днём і ноччу, былі нібыта добрыя заробкі, а збярог… усяго трыста рублёў штогод! А ваша камяніца каштуе дзевяноста тысяч рублёў; значыць на куплю яе за цану паважанай працы мой бацька павінен быў бы жыць і выпісваць рэцэпты на працягу трохсот гадоў… Я не паверу, каб гэты ўласнік працаваў ужо трыста гадоў…
Галава пачала ў мяне  кружыцца ад гэтых высноў; а малады чалавек гаварыў далей:
- Можаце нас выгнаць, канечне!... тады толькі пераканаецеся, што вы страцілі. Усе прачкі, усе кухаркі з гэтай камяніцы страцяць настрой, а пані Кшэшоўска ужо без перашкоды пачне сачыць за сваімі суседзямі, лічыць кожнага госця, які прыходзіць да іх з візітам, і кожнае зерне кашы, якія сыплюць у гаршчок… Канечне, выганяйце нас!... Тады толькі панна Леакадыя пачне спяваць свае гамы і вакалізы зраніцы сапрана, а пасля апоўдня кантральта… І чэрці возьмуць дом, у якім мы адны сяк-так утрымліваем парадак!
Мы сабраліся выйсці.
- Значыць вы дакладна не заплаціце арэнду? – спытаў я.
- І не думаю.
– Можа хоць ад кастрычніка пачнеце  плаціць?
- Не, пане. Нядоўга ўжо мне жыць, дык хачу захаваць хоць адзін прынцып: калі грамадства хоча, каб адзінкі прытрымліваліся дагавораў у дачыненні да іх, то няхай  і само выконвае яго ў дачыненні да адзінак. Калі я павінен камусьці плаціць за арэнду, то няхай іншыя столькі плацяць мне за ўрокі, каб мне на арэнду хапіла. Вы разумееце, пане?
- Не зусім, пане, - адказаў я.
- Нічога дзіўнага, - прамовіў малады чалавек. – Ад старасці мозг дрэнна працуе і не здольны прымаць новыя факты…
Мы пакланіліся наўзаем і выйшлі абодва з распарадчым. Малады чалавек зачыніў за намі дзверы, толькі праз хвіліну выбег на сходы і закрычаў:
- А няхай каморнік прывядзе з сабой двух гараднічых, бо павінны будуць выносіць мяне з пакою…
- О так, пане! – адказаў я яму з паважлівым паклонам, думаючы ў глыбіні душы, што нестасоўна аднак выганяць такога арыгінала.
Калі незвычайны маладзён урэшце зайшоў назад у пакой і закрыў дзверы на ключ, даючы такім чынам зразумець, што нарада з намі лічыцца закончанай, я затрымаўся на палове сходаў і прамовіў распарадчаму:
- Я бачу, у вас тут каляровыя шыбы, так?
- О, вельмі каляровыя.
- Але яны запыленыя…
- О, вельмі запыленыя, - адказаў распарадчык.
- І думаю, - дадаў я, - што гэты малады чалавек у дачыненні неаплаты арэнды стрымае слова, ці не так?
- Пане, - усклікнуў распарадчы, - ён – гэта нічога. Ён кажа, што не заплаціць, ну і не плаціць нічога; але гэтыя двое нічога не кажуць і таксама не плацяць. Гэта, пане Жэцкі, надзвычайныя жыхары!... Яны адны ніколі мяне не падманваюць.
Міжвольна , і не ведаю нават чаму, я парухаў галавой, хаця прадчуваю, што калі б я быў распарадчым падобнага дома, то рухаў бы галавой увесь дзень.
- Значыць, тут ніхто не плаціць, ці як найменш не плаціць рэгулярна? – запытаў я экс-уласніка.
- І няма з чаго дзівіцца, - адказаў пан Вірскі. – У доме, з якога столькі гадоў арэнду забіраюць крэдыторы, самы сумленны наймальнік вымушаны прынаравіцца. Нягледзячы на гэта, у нас ёсць некалькі вельмі пунктуальных, напрыклад, баранэса Кшэшоўска…
- Што?!... – закрычаў я. – Ах, праўда, што баранэса тут жыве… Яна хацела нават купіць гэты дом…
- І купіць яго, - шапнуў распарадчык, - толькі, пане, трымайцеся моцна!... Купіць яго, хоць бы павінна была аддаць усё сваё багацце… І немалое гэта багацце, хоць пан барон яго моцна патрос… Увесь час я стаяў на палове сходаў, пад вакном з жоўтымі, чырвонымі і блакітнымі шыбамі. Я ўвесь час стаяў, намагаючыся ўзгадаць пані баранэсу, якую я бачыў ледзьве некалькі разоў у жыцці і заўсёды яна ўяўлялася мне як асоба вельмі эксцэнтрычная. Умее быць пабожнай і ўпартай, але пакорлівай і ардынарнай…
- Што ж гэта за жанчына, пане Вірскі? – спытаў я. – Гэта незвычайная, пане…
- Як усе істэрычкі, - буркнуў экс-уласнік. – Яна страціла дачушку, муж яе кінуў… Адны авантуры!...- Хадзем да яе, пане, - прамовіў ён, сыходзячы на другі паверх. Я адчуваў у сабе такую мужнасць, што баранэса не тое што трывожыла мяне, але амаль прыцягвала.
Але калі сталі перад дзвярыма і распарадчык зазваніў, то я адчуў як лыткі трасуцца. Я не мог скрануцца з месца і толькі таму не ўцёк. У адзін момант пакінула мяне адвага, я ўзгадаў сабе сцэны з аўкцыёна…
Павярнуўся ключ у замку, грукнула засаўка і ў адчыненых дзвярах паказаўся твар нестарой яшчэ дзяўчыны, у белым чапцы.
-       А хто гэта? – спытала дзяўчына.
-       Я, распарадчы.
-       Чаго вы хочаце?
-       Я прыйшоў з паўнамоцнікам уласніка.
-       А гэты пан чаго хоча?
-       Гэты пан якраз і ёсць паўнамоцнік.
-       Дык як мне паведаміць?...
-       Скажы пані, - адказаў ужо разнерваваны распарадчык, - што мы прыйшлі пагаварыць пра яе пакой…
-       Ага!
Зачыніла дзверы і адышлася. Прайшло амаль дзве ці тры хвіліны, пакуль яна вярнулася назад і пасля таго, як адчыніла шмат замкоў, правяла нас у пусты салон.
Дзіўны быў выгляд гэтага салона. Мэбля абкрытая цёмнашэрымі пакрываламі, таксама фартэп’яна, таксама павук, які вісеў пад столлю; нават калоны са статуямі, што стаялі ў кутах, былі ў такіх жа шэрых кашулях. Увогуле ён рабіў уражанне пакою, уласнік якога выехаў, пакінуўшы толькі слуг, якія вельмі шчыруюць пра парадак у доме.
За дзвярыма было чуваць размову на жаночы і мужчынскі галасы. Жаночы належаў да баранэсы; мужчынскі я знаў добра, але не мог сабе прыгадаць, чый гэта.
-       Я паклялася б,  -  казала баранэса, - што ён падтрымлівае з ёй стасункі. Учора прыслаў ёй праз пасланца букет…
-       Гм!... Гм!... – адгукнуўся мужчынскі голас.
-       Букет, які гэта невыносная какетка, каб ашукаць мяне, загадала адразу ж выкінуць у вакно…
-       Але ж барон у вёсцы… так далёка ад Варшавы… - адказаў мужчына.
-       Але ў яго тут сябры, - закрычала баранэса. – І калі б я не ведала вас, то зрабіла б дапушчэнне, што вы з’яўляецеся пасярэднікам у гэтых фіглях.
-       Але ж, пані! – запратэставаў мужчынскі голас. І ў гэты самы момант пачуліся два пацалункі, мяркую, абедзвюх яе рук.
-       Ну, ну, пане Марушэвіч, не трэба тут чуласці!... Я вас ведаю. Вы абсыпаеце пяшчотамі жанчыну, пакуль яна вам не даверыцца, а потым растрачваеце яе багацце і патрабуеце развод…
“Дык гэта Марушэвіч, - падумаў я. – Прыгожая пара…”
-       Я зусім іншы, - адказаў цішэй мужчынскі голас за дзвярыма і зноў пачуліся два пацалункі, ужо дакладна, цалаваў руку.
Я паглядзеў на экс-уласніка. Той пазіраў на столь, а плечы яго былі амаль на ўзроўні вушэй.
- Франт!... – шапнуў ён, паказваючы на дзверы.
- Вы яго ведаеце?...
- Ба!...
- Значыць, - сказала баранэса ў іншым пакоі, - няхай жа пан занясе да Св. Крыжа гэтыя дзевяць рублёў на тры дары, з намерам, каб Бог вас памятаў… Не, - дадала праз хвіліну яна крыху змененым голасам. – Няхай жа будзе адзін дар за яго, а два за душу маёй няшчаснай дзяўчынкі… Спыніла яе ціхае ўсхліпванне.
- Няхай жа пані супакоіцца!... – лагодна супакойваў яе Марушэвіч.
- Ідзіце, пане, ужо, ідзіце!... – адказала яна.
Раптам адчыніліся дзверы салону і, як укопаны, паўстаў на парозе Марушэвіч, за якім я ўбачыў жаўтаваты твар і чырвоныя вочы пані баранэсы. Распарадчык і я ўзняліся з крэсел, Марушэвіч адступіў углыб другога пакою і відавочна выйшаў праз іншыя дзверы, а пані баранэса закрычала злосна:
-       Марыся!... Марыся!...
Забегла дзяўчына ў белым, як і раней, чапцы, у цёмнай сукенцы і белым хвартуху. У адзенні гэтым яна б выглядала як нянька хворых, калі б яе вочы не кідалі занадта шмат іскраў.
-       Як ты магла прапусціць гэтых паноў? – запытала яе баранэса.
-       Вы ж самі загадалі запрасіць…
-       Дурніца… прэч!... – прашыпела баранэса. Потым яна звярнулася да нас:
-       Чаго вы хочаце, пане Вірскі?
-       Пан Жэцкі давераная асоба ўласніка дома, - адказаў распарадчык.
-       А, а!... Гэта добра… - сказала баранэса, паволі ўваходзячы ў салон і не просячы нас, каб мы селі. Апісанне гэтай дамы: чорная сукенка, жаўтаваты твар, сіняватыя вусны, пачырванелыя ад плачу вочы і валасы, прычасаныя гладка. Яна скрыжавала рукі на грудзях як Напалеон І і, пазіраючы на мяне, прамовіла:
-       А, а, а!... Значыць вы давераная асоба, здаецца, што пана Вакульскага… Ці не так?... Няхай жа яму пан скажа, што я ці выеду з гэтага жытла, за якое плачу яму семдзесят рублёў досыць рэгулярна, ці не праўда, пане Вірскі?...
Распарадчык пакланіўся.
-       Ці, - працягвала баранэса, - пан Вакульскі знішчыць у сваім доме гэты бруд і амаральнасць…
-       Амаральнасць? – перапытаў я.

 - Так, пане, - пацвердзіла баранэса, ківаючы галавой. – Гэтыя прачкі, якія цэлы дзень спяваюць нейкія агідныя песенькі на нізе, а вечарам смяюцца над маёй галавой  у гэтых… студэнтаў… Гэтыя злачынцы, якія на мяне кідаюць зверху папяросы ці л’юць ваду… Гэта нарэшце пані Стаўска, аб якой  я не ведаю, хто яна такая: удава ці разведзеная, і з якіх сродкаў яна жыве… Гэта пані баламуціць мужоў цнатлівых жонак, і так страшна нешчаслівых. Яна пачала міргаць вачыма і расплакалася.
-       Недарэчнасць!... – сказала яна, плачучы. – Быць прыкутай да настолькі непрыемнага дому з-за памяці аб памерлым дзіцяці, чаго ўжо нішто не знішчыць у сэрцы. Бо яна ж бегала па гэтых усіх пакоях… Яна гуляла там, на падворку… І выглядала праз вакно, праз якое мне, маці-сіраце, выглядваць цяпер нельга… Яны хочуць мяне выселіць адсюль… усе хочуць мяне выселіць… усім я перашкаджаю… А між іншым я не магу адсюль выселіцца. Бо кожная дошчачка гэтай падлогі носіць сляды яе ножак… у кожнай сцяне унутры яе смех ці плач…
Яна ўпала на канапу і зайшлася ад плачу.
-       Ах! – плакала яна, - людзі больш жорсткія, чым жывёлы… Яны хочуць мяне выгнаць адсюль, дзе маё дзіця апошні раз уздыхнула… Яе ложачак і ўсе цацкі ляжаць на сваіх месцах… Я сама выціраю пыл у яе пакоі, каб не парушыць хоць крышку мэблю… Кожную масніцу падлогі я вымыла каленамі, выцалавала сляды майго дзіцяці, а яны мяне хочуць выгнаць!... Выганіце ж найперш адсюль мой боль, мой сум, маю роспач…
Яна закрыла твар і заенчыла раздзіраючым голасам. Я заўважыў, што ў распарадчага чырванее нос, і я сам адчуў слёзы пад павекамі. Роспач баранэсы па памерлым дзіцяці так мяне раззброіла, што ў мяне не было адвагі гаварыць з ёй аб павышэнні арэнды. Плач яе так разнерваваў мяне, што калі б не трэці паверх, я б выскачыў хіба праз вакно.
У выніку, хочучы за якую-небудзь цану прытуліць плачучую жанчыну, я азваўся з усёй лагоднасцю:
- Калі ласка, супакойцеся, пані…Што вы ад нас хочаце?... Чым мы можам служыць?...
У маім голасе было столькі суперажывання, што нос распарадчага яшчэ больш пачырванеў. У пані баранэсы высахлі слёзы ў адным воку, але яна яшчэ плакала другім, дэманструючы, што не лічыць сваю акцыю скончанай, а мяне пераможаным.
- Я хачу… я хачу, - сказала яна, уздыхаючы, - я хачу, каб мяне не выганялі з месца, дзе памерла маё дзіця… і дзе ўсё мне яго нагадвае. Я не магу, ну… не магу адарвацца ад яе пакою… не магу скрануць з месца  яе мэблю і цацкі… Подласцю з’яўляецца такім чынам выкарыстоўваць няшчасце.
- Хто ж яго выкарыстоўвае? – спытаў я. – Усе, пачынаючы ад гаспадара, які загадвае мне плаціць семдзесят рублёў…
- А, выбачайце, пані баранэса, - закрычаў распарадчы. – Сем выгодных пакояў, дзве кухні як салоны, два тайныя пакоі… Аддайце каму-небудзь хаця б тры пакоі:  у вас жа два парадныя ўваходы.
- Нікому нічога не адступлю, - адказала яна  з пэўнасцю, - бо я ведаю, што мой заблуканы муж з дня на дзень апамятаецца і вернецца…
- У такім выпадку трэба плаціць семдзесят рублёў…
- Калі не больш… - прашаптаў я. Пані баранэса паглядзела так, нібы хацела мяне спаліць позіркам і ўтапіць у слязах. Ой! Што гэта за страшная жанчына… Аж мяне холад прабірае, як пра яе падумаю.
- Мне няма справы да арэнднай платы, -  прамовіла яна.
- Вельмі разумна! – пахваліў яе Вірскі, кланяючыся.
- Мне няма справы да прэтэнзій гаспадара… Але ж я не магу плаціць семдзесят рублёў за кватэраванне ў падобным доме…
        - Чаго пані баранэса вы хочаце ад дома? – спытаў я.
        - Гэты дом – гэта ганьба паважаным людзям, - усклікнула  яна, жэстыкулюючы рукамі. – Я не ад сябе, а ад імя маральнасці прашу…
        - Аб чым?
- Аб высяленні гэтых студэнтаў, якія жывуць нада мной, не дазваляюць мне выглянуць праз вакно на падворак і дэмаралізуюць усё…
Раптам яна падхапілася з канапы.
- О! чуеце? – прамовіла яна, паказваючы на дзверы, якія праводзілі ў пакой з боку дзядзінца.
Насамрэч, я пачуў голас эксцэнтрычнага брунеціка, які з чацвёртага паверха крычаў:
- Марыся!... Марыся, хадзі да нас…
- Марыся! – перакрывіла баранэса.
- Вось і я… Чаго вы хочаце? – адказала крыху зачырванеўшыся служанка.
- Ні кроку з дому!... Вось вам, калі ласка, пане… - сказала баранэса, - і так цэлымі днямі. А вечарам да іх ходзяць прачкі… Пане! – закрычала, складаючы пабожна рукі, - выганіце гэтых нігілістаў, бо гэта крыніца сапсаванасці і небяспечнасці для цэлага дома… Яны ў чарапах трымаюць гарбату і цукар… Яны чалавечымі  касцямі папраўляюць вуглі ў самавары… Яны калі-небудзь захочуць прынесці сапраўднага нябожчыка…
І яна пачала зноў так плакаць, што я думаў, што ў яе пачнуцца спазматычныя рыданні.
- Гэтыя панове, - прамовіў я, - не плацяць арэнды, таму вельмі можа быць…
У баранэсы высахлі слёзы.
- Але ж натуральна, - перапыніла  яна мяне, - што вы павінны іх выгнаць… Але, пане!- закрычала яна, - паколькі яны дрэнныя і сапсаваныя, то яшчэ горшая за іх гэта… гэта Стаўска!...
Я здзівіўся, убачыўшы полымя нянавісці, якое бліснула ў вачах пані баранэсы пры вымаўленні прозвішча: Стаўска.
- Пані Стаўска тут жыве? – спытаў я міжволі. – Гэта прыгажуня?...
- О… новая ахвяра!... – выкрыкнула баранэса, паказваючы на мяне, і з палаючымі вачыма яна пачала гаварыць глыбокім голасам:
- Але ж, чалавек сівы, падумай, што робіш?... Гэта ж жанчына, муж якой абвінавачаны ў забойстве, уцёк за мяжу… А з чаго яна жыве?... З чаго так апранаецца?...
- Працуе жанчынка як вол, - прашаптаў распарадчык.
- О… і гэты!... – закрычала баранэса. – Мой муж (я ўпэўнена, што гэта ён) прысылае ёй з вёскі букеты… Распарадчы гэтага дома закаханы ў яе і бярэ ў яе арэндную плату унізе штомесяц…
- Ну, ведаеце, пані!... – запратэставаў экс-уласнік, а яго аблічча стала такое ж чырвонае як нос.
- Нават гэты паважаны недалуга – Марушэвіч, - працягвала баранэса, - нават ён цэлымі днямі выглядае яе праз вакно…
Драматычны голас баранэсы перайшоў зноў ва ўсхліпванне.
- І падумаць, - енчыла яна, - што ў такой жанчыны ёсць дачка, дачка… якую яна выхоўвае для пекла, а я… О! я веру ў справядлівасць… я веру ў боскую літасць, але не разумею… так… зусім не разумею гэтых рашэнняў, якія мяне  пазбавілі, а ёй пакідаюць дзіця… гэтай… гэтай… Пане! – выгукнула яна з новай сілай голасу, - можаце пакінуць нават гэтых нігілістаў, але яе… павінны выгнаць!... Няхай найманае жытло пасля яе стаіць пустое… я буду за яго плаціць, толькі каб у яе не было даху над галавой…
Гэты выклічнік ужо зусім мне быў недаспадобы. Я даў знак распарадчыку, што мы выходзім, і кланяючыся, прамовіў холадна:
- Вы дазволіце, пані баранэса, што ў гэтай справе прыме рашэнне сам гаспадар, пан Вакульскі. Баранэса склала крыжам рукі накшталт чалавека, у грудзі якога трапіла куля.
- Ах!... значыць так?... – шапнула яна. – Значыць ужо і вы, і… гэты, гэты… Вакульскі звязаліся з ёй?... Ха!... тады я буду чакаць справядлівасці божай…
Мы выйшлі, бо даўжэй не маглі затрымлівацца, на сходах я захістаўся як п’яны.
- Што вы, пане, ведаеце аб гэтай пані Стаўскай? – запытаў я Вірскага.
- Вельмі паважлівая жанчына, - адказаў ён. – Маладая, прыгожая і працуе на цэлы дом… Бо пенсіі яе маці ледзь хапае на арэндную плату…
- У яе ёсць маці?
- Ёсць. Таксама добрая жанчына.
- А колькі яны плацяць за найманне жытла?
- Трыста рублёў, - адказаў распарадчы. – Гэта, пане, нібы мы з алтара здымалі б…
- Хадзем да гэтых пані, - прамовіў я.
- З найвялікшай ахвотай! – усклікнуў ён. - А што пра іх пляце гэтая вар’ятка, то не слухайце. Яна ненавідзіць Стаўску, я нават не ведаю за што. Хіба за тое, што яна прыгожая і ў яе дзяўчынка як херувімчык…
- Дзе яны жывуць?
- У правым флігелі, на другім паверсе.
Я нават не памятаю, калі мы сыйшлі з параднай лесвіцы, і калі прайшлі падворак ды ўвайшлі на другі паверх флігеля. Так увесь час стаяла ў мяне перад вачыма пані Стаўска і Вакульскі… Мой Божа! Якая б гэта была прыгожая пара; але і што з таго, што ў яе муж. Хаця гэта справы, у якія я найменшым чынам хацеў бы ўмешвацца. Мне здаецца так, ім падалося б гэтак, а лёсу яшчэ інакш…
Лёс! Лёс!... ён дзіўна збліжае людзей. Калі б некалькі гадоў таму я не зайшоў у паграбок Гопфера, да Махальскага, я не пазнаёміўся б з Вакульскім. Калі б я яго ізноў жа не выправіў у тэатр, ён можа не спаткаўся бы з паннай Ленцкай. Аднойчы мімаволі я нарабіў яму клопату і ўжо не хачу паўтараць гэта  другі раз. Няхай сам Бог думае аб сваёй чэлядзі…
Калі мы сталі пад дзвярыма жытла пані Стаўскай, распарадчы ўсміхнуўся па-клоунску і прашаптаў:
- Разумееце, пан… спачатку мы даведаемся, ці маладая дома. Ёсць на што паглядзець, пане!...
- Я ведаю, ведаю…
Распарадчык не званіў, а пастукаў у дзверы раз і другі. Раптам дзверы адчыніліся ды нечакана  з’явілася ў іх пышная і нізенькая  служанка з закасанымі рукавамі і з мыльнай пенай на руках, якім маглі б пазайздросціць атлеты.
- О, гэта пан распарадчы!... – усклікнула яна. – Я думала, што зноў які-небудзь там…
- Што, дакучаў хтосьці?... – спытаў Вірскі з акцэнтам абурэння ў голасе.
- Ніхто не дакучаў, - проста адказала служанка, - толькі адзін прыслаў сёння букет. Кажуць, што гэта той самы Марушэвіч, што жыве насупраць…
- Нягоднік! – прашыпеў распарадчы.
- Мужчыны ўсе такія. Няхай яму толькі што-небудзь спадабаецца, то адразу ж будзе лезці як начны матыль у агонь.
- А пані абедзве дома? – спытаў Вірскі.
Пышная служанка паглядзела на мяне з падазронасцю.
- Пан распарадчы з гэтым панам?
- З гэтым панам. Гэта давераная асоба гаспадара.
- А малады ён ці стары? – гаварыла яна далей, прыглядаючыся да мяне як следчы суддзя.
- Ты ж бачыш, што стары!... – адказаў распарадчы.
- У сярэднім узросце… - сцвердзіў ён. (Яны, далібог, хутка пятнаццацігадовых хлапцоў пачнуць называць старымі.)
- Ёсць абедзве пані, - сказала служанка. – Толькі што да малодшай прыйшла адна дзяўчынка на ўрокі. Але старэйшая пані у сваім пакоі.
- Такі!- буркнуў распарадчык. – Зрэшты… скажы старэйшай пані…
Мы ўвайшлі на кухню, дзе стаяла балея, поўная мыльнай пены і дзіцячай бялізны. На шнуры, расцягнутым паблізу коміна, сушыліся таксама дзіцячыя майтачкі, кашулькі і панчошкі. (Як гэта адразу відаць, што ў пакоі ёсць дзіця!)
З-за адчыненых дзвярэй мы пачулі голас ужо старэйшай жанчыны.
- З распарадчым?... нейкі пан?... – казала нябачная дама. – Можа гэта Людвічак, бо акурат ён сніўся мне…
- Праходзьце, панове, - прамовіла служанка, адкрываючы дзверы салона.
Салончык невялікі, жамчужнага колеру. Сіняя мэбля, піяніна, у абодвух вокнах поўна кветак белых і ружовых, на сценах прэмія Таварыства Мастацтваў, на стале лямпа са шклом у форме цюльпана. Пасля жалобы салона пані Кшэшоўскай з мэбляй у цёмных покрывах падалося мне тут весялей. Пакой выглядаў так, нібы чакалі госця. Але яго прадметы мэблі, занадта сіметрычна пастаўленыя вакол стала сведчылі, што госць яшчэ не прыехаў. Праз хвіліну з процілеглых дзвярэй  выйшла асоба ва ўзросце паважаным у шэрай сукенцы. Мяне проста ўразіў белы колер яе валасоў, нягледзячы на твар схуднелы, але не надта стары і з вельмі правільнымі рысамі. Рысы гэтай дамы былі мне адкульсці знаёмыя.
Тымчасам распарадчы зашпіліў свой не надта чысты сурдут на два гузікі і пакланіўшыся з элегантнасцю сапраўднага шляхціца прамовіў:
- Вы дазволіце, пане, прадставіць: пан Жэцкі, давераная асоба нашага гаспадара, а мой калега… Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Я прызнаюся, што быў крыху здзіўлены нашым сяброўствам. Вірскі заўважыў гэта і дадаў з усмешкай:
- Я кажу: сябар, бо абодва мы бачылі аднолькава цікавыя рэчы, знаходзячыся за мяжой.
- Шаноўны пан быў за мяжой? Раскажыце!... – адгукнулася старэнькая.
- У 1849 годзе і крыху пазней, - заўважыў я.
- А вы, шаноўны пане, не сутыкнуліся дзе выпадкова з Людвікам Стаўскім?
- Але ж, пані дабрадзейка! – закрычаў Вірскі, смеючыся і кланяючыся. – Пан Жэцкі быў за мяжой трыццаць гадоў таму, а зяць ваш выехаў толькі чатыры гады таму…
Старая махнула рукой, нібы адганяючы муху.
- Праўда!- прамовіла, - што ж я пляту… Але увесь час я думаю пра Людвічка… Няхай сабе: пэўна панове хочуць адпачыць…
Мы селі, пры чым экс-уласнік зноў пакланіўся паважнай даме, а яна яму.
Толькі цяпер я заўважыў, што шэрая сукенка старэнькай пані у многіх месцах працёртая, і дзіўная меланхолія агарнула мяне ад выгляду гэтых двух людзей: у заплямленым сурдуце і ў пацёртай сукенцы, якія трымаліся як князі. Над імі ўжо прайшла  тая плынь часу, якая ўсё выраўноўвае.
- Бо напэўна вы не ведаеце аб нашым клопаце,- прамовіла паважная дама, звяртаючыся да мяне: - У майго зяця чатыры гады таму была вельмі прыкрая справа, як мага больш няслушна… Забілі тут якуюсьці страшную ліхвярку… Ах, Божа! Няма пра што гаварыць… Досыць, што хтосьці з блізкіх асцярог яго, што на яго падае падазрэнне… Але ён зусім невінаваты, пане…
- Жэцкі, - падказаў экс-уласнік.
- Гэта вельмі несправядліва, пане Жэцкі… Ну і ён… бядак, уцёк за мяжу. У мінулым годзе знайшоўся сапраўдны забойца, абвясцілі пра невінаватасць Людвіка, але і што ж, калі ён ужо два гады як не пісаў…
Тут яна нахілілася да мяне з крэсла і прамовіла шэптам:
- Хеленка, дачка мая, пане…
- Жэцкі, - азваўся распарадчык.
- Мая дачка, пане Жэцкі, спусташаецца… шчыра кажу, што спусташаецца на аб’явы ў замежных выданнях, а тут нічога і нічога… Жанчына маладая, пане…
- Жэцкі, - падказаў Вірскі:
- Жанчына маладая, пане Жэцкі, прывабная.
- Вельмі прыгожая! – заўважыў распарадчы з запалам.
- Я была да яе крыху падобная, - працягвала сівая жанчына, уздыхаючы і ківаючы галавой экс-уласніку. – Мая дачка прыгожая і маладая, ужо адно дзіця ў яе ёсць… і магчыма яна хацела б яшчэ. Хаця, пане Вірскі, я прысягаю; што ніколі ад яе гэтага не чула… Яна пакутуе і маўчыць, але што пакутуе, я здагадваюся. Мне таксама было некалі трыццаць гадоў…
- Каму з нас не было трыццаць! – цяжка ўздыхнуў распарадчы.
Рыпнулі дзверы і забегла маленькая дзяўчынка з пруткамі ў руцэ.
-       Бабуля, калі ласка! – закрычала  яна, - я ніколі не скончу кафтаніка для маёй лялькі…
-       Хелечка! – адгукнулася сівая пані сурова. – ты не прывіталася з паклонам…
Дзяўчынка зрабіла два паклоны, на якія я адказаў нязграбна, а пан Вірскі, як граф, і гаварыла далей, паказваючы бабулі пруткі, на якіх вагаўся чорны, ваўняны квадрацік.
-       Калі ласка, бабуля, прыйдзе зіма і маёй ляльцы не будзе ў чым выйсці на вуліцу… Я прашу вас, бабуля, зноў у мяне спусцілася вочка. (Вельмі цудоўнае дзіця… Божа літасцівы! Чаму не Стах яго бацька. Можа не вар’яцеў бы так…)
Бабуля, перапрашаючы нас, узяла воўну і пруткі, а ў гэту хвіліну ўвайшла ў салон пані Стаўска… Я павінен прызнацца, што, убачыўшы яе, я трымаўся з годнасцю, але Вірскі цалкам страціў галаву. Ён сарваўся з крэсла як студэнт, зашпіліў сурдут яшчэ на адзін гузік, скажу нават: зачырванеўся і пачаў балбатаць:
- Дазвольце пані вам прадставіць: пан Жэцкі, давераная асоба нашага гаспадара…
- Вельмі мне прыемна, - адказала пані Стаўска, кланяючыся мне "вочы ўніз". Але моцны ружанчык і след асцярогі на яе твары запэўнілі мяне, што я не з’яўляюся надта прыемным госцем.
“Пачакай! – думаю я. І ўявіў сабе, што на маім месцы ў гэтым пакоі Вакульскі. – Пачакай, зараз я цябе пераканаю, што няма чаго нас баяцца.”
Тымчасам пані Стаўска, прысеўшы на стул, была такая збянтэжаная, што пачала штосьці папраўляць на сукенцы сваёй дачушкі. Яе маці таксама страціла настрой, а распарадчы натуральна аслупянеў. “Пачакайце!” – думаю я і з вельмі суровым выразам твару азываюся:
-       Вы даўно жывяце ў гэтым доме?
-       Пяць гадоў… - адказвае пані Стаўска, чырванеючы яшчэ мацней. Яе маці аж здрыганулася на крэсле.
-       Колькі вы плаціце?
-       Дваццаць пяць рублёў  штомесяц… - шапнула маладая пані. Адначасова яна пабялела, пачала церабіць сукенку і пэўна мімаволі кінула на Вірскага такі ўмольны погляд, што… што калі б я быў Вакульскім, то адразу б зрабіў ёй прапанову …
-       Мы, - дадала яна яшчэ цішэй, - мы вінаватыя вам за ліпень…
Я нахмурыўся як Люцыфер і набраў столькі паветра, колькі было ў пакоях, ды прамовіў:
- Вы нічога нам не павінны да… да кастрычніка. Якраз Стах… - ці пан Вакульскі, піша мне, што гэта сапраўдны разбой браць трыста рублёў за тры пакоі на гэтай вуліцы. Пан Вакульскі не можа дазволіць падобнага злупу і загадаў мне паведаміць вам, што гэта памяшканне ад кастрычніка будзе наймацца за дзвесце рублёў. А калі пані не жадаюць сабе…
Распарадчы аж пасунуўся назад разам з крэслам. Сівая склала рукі, а пані Стаўска пазірала на мяне сваімі вялікімі вачыма. Якія гэта былі вочы!... і як яна імі ўмее пазіраць!... Я клянуся, што калі б я быў Вакульскім, то зрабіў бы ёй прапанову зараз жа. Ад мужа ўжо напэўна костак не засталося, калі не пісаў на працягу двух гадоў. Урэшце, ад чаго адбываюцца разводы?... Навошта Стаху такі скарб?...
Зноў рыпнулі дзверы і з’явілася ў іх дзяўчынка гадоў дванаццаці, у шляпе з шырокімі палямі на галаве і з пачкай сшыткаў у руцэ. Гэта было дзіця з тварам ружовым са шчочкамі, на якім не праяўляўся надта вялікі розум. Яна пакланілася нам, пакланілася пані Стаўскай і яе маці, пацалавала ў абедзве шчочкі малую Хеленку і выйшла, відаць дадому. Потым вярнулася з кухні і з расчырванелым ілбом спытала пані Стаўску:
-       Паслязаўтра калі я магу прыйсці?
-       Паслязаўтра... даражэнькая… Прыйдзі а чацвёртай, - адказала пані Стаўска, таксама збянтэжаная. Калі дзяўчынка зусім знікла, маці пані Стаўскай азвалася незадаволеным тонам:
-       І гэта называецца ўрок, Божа злітуйся… Хеленка працуе з ёй як найменш паўтары гадзіны і за такі ўрок бярэ сорак грошаў…
-       Мамачка! – перапыніла яе пані Стаўска, умольна пазіраючы на яе.
(калі б я Быў Вакульскім, то ўжо вяртаўся з ёй са шлюбу. Што за жанчына!... што за рысы… як яна іграе гэтымі рысамі… У жыцці я не бачыў нічога падобнага!...
А ручкі, а стан, а постаць; а рухі, а вочы, вочы!...)
Праз хвіліну клапатлівага маўчання азвалася зноў маладая пані:
-       Мы вельмі ўдзячныя пану Вакульскаму за ўмовы, на якіх ён пакідае нам гэта памяшканне!... Гэта напэўна адзіны выпадак, калі сам гаспадар зніжае плату. Але я не ведаю, ці… выпадае нам карыстацца яго ласкай?...
-       Гэта не ласка, пані, гэта паводзіны шляхетнага чалавека!- заўважыў распарадчы. – Мне пан Вакульскі таксама панізіў плату і я гэта прыняў… Вуліца, дарэчы, пані, трэцярадная, рух малы…
-       Але наймальнікаў на ёй шмат – дадала пані Стаўска.
-       Мы хацелі б старэйшага ўзросту, вядомых нам па спакоі і парадку, - адказаў я.
-       Вы маеце рацыю, - пахваліла мяне сівая пані. – Парадак у пакоі гэта першае правіла, якога мы прытрымліваемся… Нават калі Хэлечка парэжа калі паперкі і кіне іх на падлогу, адразу ж замятае іх Франуся…
-       Але ж я, дарагая бабуля, выцінаю толькі канверты, бо пішу лісты да таткі, каб ужо вяртаўся, - азвалася дзяўчынка.
Па абліччы пані Стаўскай праляцеў цень нібы жалю і стомленасці.
-       І нічога, ніякіх звестак? – спытаў распарадчы.
Маладая пані міжволі патрэсла галавой; але я ўпэўнены, што амаль уздыхнула, але так ціхутка…
-       Вось лёс маладой і прыгожай жанчыны! – усклікнула старэйшая дама. – Не разведзеная, ні замужам…
-       Мамачка!...
-       Ні ўдава, ні развядзёнка, словам – невядома што і невядома за што… Ты, Хеленка, кажы сабе што хочаш, а я табе скажу, што Людвіка ўжо няма жывога…
- Мамачка!... мамачка!...
- Так, - працягвала маці з натхненнем. – Мы яго тут усе чакаем штодзень, штогадзіну, але гэта ні да чаго не прыводзіць… Ці памёр, ці забыўся пра цябе, таму ты не абавязана чакаць…
Абедзвюм ім слёзы набеглі на вочы: маці ад гневу, а дачцэ… Адкуль я ведаю?... Можа ад жалю па зламаным жыцці.
Раптам пранеслася ў маёй галаве думка, якую (калі б не пра мяне была гаворка) я палічыў бы геніяльнай. Зрэшты справа не ў тым як яе акрэсліць. Досыць, што было ў маім твары і ўсёй постаці штосьці такое, што калі я пасунуўся на стуле, паклаў нагу на нагу і адкашляўся, усе скіравалі на мяне свае позіркі – нават малая Хеленка.
-       Наша знаёмства, - прамовіў я, - вельмі кароткае, каб я адважыўся…
-       Усё адно!- перапыніў мяне пан Вірскі. – Добрыя паслугі прымаюць нават ад незнаёмцаў.
-       Наша знаёмства, - сказаў я змераўшы яго позіркам, - сапраўды нядоўгае. Аднак пані дазволяць пэўна, каб не столькі я, колькі пан Вакульскі ўжыў свае сувязі для пошукаў вашага мужа…
-       Ааа!... – заенчыла старэйшая дама такім чынам, якога я не мог бы назваць праявай радасці.
-       Мамачка! – заўважыла пані Стаўская.
-       Гэлечка, - прамовіла сівая пані станоўча, - ідзі да сваёй лялькі і вяжы ёй кафтанік. Вочка я табе ўжо нанізала, ідзі…
Дзяўчынка была крыху здзіўленая, можа нават зацікаўленая, але пацалавала рукі бабулі і маці і выйшла са сваімі пруткамі.
-       Калі ласка, пане, - працягвала яе бабуля, - калі мы гаворым шчыра, то мне не столькі той справы… Ці лепш… я не веру, каб Людвік быў жывы. Хто на працягу двух гадоў не піша…
-       Мама, досыць!...
-       О не! – перапыніла маці. – Калі ты яшчэ не адчуваеш свайго становішча, то я яго разумею. Нельга жыць з такой вечнай надзеяй ці пагрозай…
-       Дарагая мама, аб маім шчасці і абавязках толькі я маю права…
-       Не кажы мне аб шчасці, - выгукнула маці. – Яно скончылася ў той дзень, калі твой муж уцёк ад суда, які даведаўся пра нейкія цёмныя яго стасункі з ліхвяркай. Што ён быў невінаваты, я ведаю, пра гэта я гатова прысягнуць. Але не разумею ані я, ані ты, навошта ён у яе бываў.
-       Мама!... зрэшты і паны гэтыя чужыя… - усклікнула з роспаччу пані Стаўска.
-       Я чужы?... – спытаў распарадчык нібы ўпікаючы; але ўстаў са стуліка і пакланіўся.
-       І вы не чужы, і гэты чалавек – прамовіла сівая пані, паказваючы на мяне. – Гэта павінен быць паважлівы чалавек…
Цяпер я пакланіўся.
- Таму я кажу пану, - працягвала пані, хутка глянуўшы мне ў вочы, - мы жывём у пастаяннай няпэўнасці што датычыць майго зяця, і няпэўнасць гэта атручвае нам спакой. Але я, скажу шчыра, больш баюся яго вяртання…
Пані Стаўска закрыла твар хусткай і выбегла ў свой пакой.
- Паплач, паплач… - сказала, пагражаючы ёй раздражнёная маці. – Такія слёзы, хоць і балючыя, лепшыя за тыя, якія штодзень ты праліваеш…
- Пане, - звярнулася яна да мяне, - я прыму ўсё, што нам Бог спашле, але я адчуваю, што калі б гэты чалавек вярнуўся, то ён забіў бы дарэшты шчасце майго дзіцяці. Я паклянуся, - дадала яна цішэй, - што яна яго ўжо не кахае, хоць сама не ведае аб гэтым, але я ўпэўнена, што… яна паехала б да яго, калі б ён яе паклікаў!...
Шумнае рыданне перапыніла яе гаворку. Мы паглядзелі адзін на аднаго з Вірскім і развіталіся з сівой дамай.
- Пані, - сказаў я адыходзячы, - перш чым год пройдзе, я прынясу звестку аб вашым зяцю. А можа, – шапнуў я з мімавольнай усмешкай, - справы вырашацца так, што… мы ўсе будзем задаволены… Усе… нават тыя, якіх тут няма!...
Маці пані Стаўскай паглядзела на мяне з запытаннем, але я ёй нічога не адказаў. Яшчэ раз  я развітаўся з ёй і выйшлі абодва з распарадчым, не дапытваючыся ўжо аб пані Стаўскай.
- А няхай жа пан заглядвае да нас а хоць бы штовечар! – гучна прамовіла сівая дама, калі мы ўжо былі ў кухні. 
Натуральна, што я буду заглядваць… Ці ўдасца мне мая камбінацыя са Стахам? Бог адзін ведае. Там дзе сэрца ўваходзіць у гульню, нічога не прадкажаш. Але я паспрабую развязаць рукі жанчыне, а і гэта ўжо штосьці значыць.
Пасля таго, як мы пакінулі пакоі пані Стаўскай і яе маці, разышліся з распарадчыкам дому, вельмі задаволеныя сабой. Гэта якісьці добры чалавеча. Але калі, вярнуўшыся да сябе, я пачаў разважаць над вынікамі майго агляду наймальнікаў, то аж схапіўся за галаву.
Я павінен быў урэгуляваць фінансы камяніцы і вось урэгуляваў іх так, што даход напэўна зменшыўся на трыста рублёў у год. Ха! Можа тым хутчэй Стах разбярэцца і прадасць свой "скарб", які ўвогуле яму не патрэбны.
Ір увесь час хварэе. Палітыка знаходзіцца на адным узроўні: поўная няпэўнасць…