Раздзел 11
Старыя мары і новыя знаёмствы
Пані Мелітон прайшла добрую школу жыцця, у якой
навучылася нават не зважаць на агульна прынятыя меркаванні.
Падчас маладосці ёй усе сцвярджалі, што панна прыгожая і
добрая, хаця б без маёнтку, можа аднак выйсці замуж. Яна была добрая і прыгожая,
але замуж не выйшла. Пазней казалі таксама паўсюдна, што адукаваная настаўніца
здабывае сабе прыязнасць у выхаванцаў і павагу іх бацькоў. Яна была адукаваная,
нават любімая настаўніца, але нягледзячы на гэта выхаванцы ёй дакучалі, а іх
бацькі кпілі з яе ад першага снедання да вячэры. Потым яна чытала шмат раманаў,
у якіх увесь час даказвалася, што закаханыя князі, графы і бароны людзі
шляхетныя, якія ўзамен за сэрца маюць звычай аддаваць бедным настаўніцам руку. Хаця
яна аддала сэрца маладому і шляхетнаму графу, але – не атрымала яго руку.
Ужо пасля трыццаці гадоў яна выйшла замуж за пажылога
гувернёра, Мелітона, з той толькі мэтай, каб маральна ўзняць чалавека, які амаль
співаўся. Малады аднак пасля шлюбу піў больш, чым перад шлюбам, а жонку, якая
ўзнімала яго маральна, часам збіваў кіем.
Калі памёр, амаль на вуліцы, пані Мелітон, правёўшы яго
на могілкі і пераканаўшыся, што ён незваротна закапаны, узялася апекаваць
сабаку; бо зноў усе гаварылі, што сабака – гэта самае ўдзячнае стварэнне.
Істотна, ён быў удзячны, пакуль не раззлаваўся і не пакусаў служанку, што саму
пані Мелітон давяло да цяжкай хваробы.
Паўгода яна ляжала ў шпіталі, у асобнай палаце, самотная
і забытая сваімі выхаванцамі, іх бацькамі і графамі, якім аддавала сэрца. Быў
час да роздумаў. Таму калі выйшла адтуль худая, старая, з пасівелымі і
парадзелымі валасамі, зноў пачалі ўсюды гаварыць, што – хвароба змяніла яе да
непазнаваемасці.
-
Паразумнела, - адказала пані Мелітон.
Яна не была ўжо настаўніцай, але
рэкамендавала настаўніц; яна не думала пра замужства, але сватала маладыя пары;
нікому не аддавала свайго сэрца, але ва ўласным жытле ладзіла спатканні
закаханых. Паколькі кожны і за ўсё павінен ёй быў плаціць, таму ў яе было крыху
грошай і за іх яна жыла. На пачатку новай кар’еры яна была сумная і нават
цынічная.
- Ксёндз, - гаварыла яна давераным асобам, -
мае даходы са шлюбаў, я – з заручын.
Граф… бярэ грошы за узнікненне стасункаў паміж
коньмі, я - за ўзнікненне знаёмства паміж людзьмі.
З часам аднак яна стала больш стрыманая ў
размове, а некалі нават маралізатарка, заўважыўшы, што вызнанне поглядаў і
меркаванняў, прынятых агульна, уплывае на рост даходаў.
Пані Мелітон даўно была знаёмая з Вакульскім.
А паколькі любіла відовішчы публічныя і быў звычай за ўсім сачыць, то хутка
заўважыла, што Вакульскі вельмі ж прыглядаецца да панны Ізабэлы. Зрабіўшы гэта
адкрыццё, яна паціснула плячыма; ці ж магла быць ёй справа да купца
галантэрэйнага, закаханага ў панну Ленцкую? Калі б яму спадабалася якая-небудзь
багатая дачка купца ці дачка фабрыканта, у пані Мелітон быў бы матэрыял для
сватаў. Але так!...
Толькі калі Вакульскі вярнуўся з Балгарыі і
прывёз багацце, аб якім гаварылі цуды, пані Мелітон сама загаварыла з ім аб
панне Ізабэле, ахвяруючы свае паслугі. І стварыўся бязмоўны дагавор: Вакульскі
шчодра плаціў, а пані Мелітон прадстаўляла яму ўсялякую інфармацыю аб сям’і
Ленцкіх і звязаных з імі асобамі вышэйшага свету. З дапамогай яе пасярэдніцтва
Вакульскі набыў векселі Ленцкага і серабро панны Ізабэлы.
Пры гэтым выпадку пані Мелітон наведала
Вакульскага ў яго прыватных памяшканнях для жыхарства, каб яму перадаць прывітанне.
- Вельмі разумна прыступаеш пане да рэчаў, -
сказала яна. – Сапраўды з серабра і сервізу невялікая будзе пацеха, але скуплянне
векселяў Ленцкага – гэта шэдэўр… Сапраўдны купец!...
Пачуўшы такую пахвалу Вакульскі адчыніў
столік, пашукаў у ім і праз хвіліну дастаў пачку векселяў.
- Тыя самыя? – прамовіў, паказваючы іх пані
Мелітон.
- Так. Я хацела б мець гэтыя грошы!... –
адказала яна з уздыхам.
Вакульскі схапіў пачку ў абедзве рукі і
разадраў яе.
- Сапраўдны купец? – спытаў ён.
Пані Мелітон глядзела на яго з цікавасцю і,
ківаючы галавой, выціснула:
- Шкода вас.
- Чаму ж гэта, калі можна даведацца?...
- Шкода вас, - паўтарыла яна. – Я сама
жанчына і ведаю, што жанчын не здабываюць ахвярамі, толькі сілай.
- Праўда?
- Сілай прыгажосці, здароўя, грошай…
- Розуму… - заўважыў Вакульскі яе тонам.
- Не столькі розуму, колькі кулакоў, - дадала
пані Мелітон са здзеклівым усмехам. – Я ведаю добра жаночы пол і неаднойчы ў
мяне быў выпадак пашкадаваць мужчынскую наіўнасць.
У адносінах да мяне няхай пані не робіць сабе
клопату.
- Ты думаеш пане, што не будзе патрэбны? –
спытала яна, пазіраючы яму ў вочы.
- Ласкавая пані, - адказаў Вакульскі, - калі
панна Ізабэла такая, як мне падаецца, то можа мяне калісьці ацэніць. А калі
такой не з’яўляецца, то заўсёды ў мяне будзе час расчаравацца…
- Зрабі гэта раней, пане Вакульскі, зрабі
рана; - прамовіла яна, паднімаючыся з крэсла. – Бо вер мне, лягчэй выкінуць
тысячы рублёў з кішэні, чым адну прывязанасць з сэрца. Асабліва, калі яна ўжо ўкараніцца.
І не забудзьцеся, пане, - дадала яна, - добра размясціць мой капітальчык. Ты не
ірваў бы пары тысяч, калі б ведаў, як цяжка неаднойчы трэба іх зарабляць.
У маі і чэрвені візіты пані Мелітон сталі
больш частымі, на бяду Жэцкага, які падазраваў спіс. І не памыляўся. Быў спіс,
але супраць панны Ізабэлы; старая дама прыносіла важную інфармацыю Вакульскаму,
але якая датычыла толькі панны Ізабэлы. А менавіта паведамляла яму: у якія з
дзён графіня выбіраецца са сваёй пляменніцай на шпацыр у Лазенкі.
У такіх выпадках пані Мелітон прыходзіла ў склеп і, зрабіўшы сабе падарункі ў выглядзе дробязі за некалькі ці больш за дзесяць рублёў, гаварыла Жэцкаму дзень і гадзіну.
Дзіўныя гэта былі часы для Вакульскага.
Даведаўшыся, што заўтра будуць панi p gfyкі ў Лазенках, ужо сёння страчваў спакой. Справы
яму станавіліся абыякавыя, быў раздражнёны, яму здавалася, што час стаіць на
месцы і тое заўтра не надыйдзе ніколі. Ноч у яго была поўная дзікіх мараў;
некалі ў паўсне, паўяве шаптаў:
“што ж гэта ў выніку?... нічога!... Ах, якая
ж я жывёла…”
Але калі надыйшоў ранак, ён баяўся паглядзець
у вакно, каб не ўбачыць пахмурнае неба, і зноў да поўдня час расцягваўся ў яго
так, што ў яго рамах ён мог бы змесціць усё сваё жыццё, атручанае сёння
страшэннай горыччу.
“Ці ж гэта можа быць каханне?...” – пытаўся
ён сам сябе з адчаем.
Разгарачкаваны, ужо ў поўдзень загадаў
запрагаць і ехаць. Штохвіліны здавалася яму, што ён сустракае экіпаж графіні,
які вяртаецца, то зноў, што яго коні, што рвуцца з цугляў, ідуць вельмі
павольна.
Апынуўшыся ў Лазенках, ён выскокваў з экіпажу
і бег на копанку, вакол якой звычайна шпацыравала графіня , якая любіць карміць
лебедзяў.
Прыходзіў загадзя, а тады падаў дзесьці на
лаўку, заліты халодным потам, і сядзеў без руху, з вачыма, скіраванымі ў бок
палацу, забываючы аб свеце.
Нарэшце ў канцы алеі паказаліся дзве жаночыя
фігуры, чорная і шэрая. Вакульскаму кроў ударыла ў скроні.
“Яны!... Ці мяне хоць затрымаюць?...”
Ён узняўся з лаўкі і ішоў насустрач ім як
лунатык, не дыхаючы. Так, гэта панна Ізабэла: суправаджае цётку і аб чымсьці з
ёй размаўляе.
Вакульскі прыглядаецца да яе і думае:
“Ну і што ж у ёй незвычайнага?... Жанчына як
іншыя… Здаецца мне, што без патрэбы я губляю розум ад яе…”
Пакланіўся, пані з паненкай ў адказ. Ідзе далей не
паварочваючы галаву, каб не выдаць сябе. Нарэшце аглядваецца: абедзве зніклі паміж зеляніны.
“Я вярнуся, - думае ён, - яшчэ раз зірну… Не,
не выпадае!”
І адчувае у гэту хвіліну, што вада, якая
паблісквае ў копанцы, цягне яго з непераадольнай сілай.
“Ах, калі б я ведаў, што смерць – забыццё… А
калі не? … Не, у прыродзе няма міласэрнасці… Ці прымальна ў беднае людское
сэрца ўліваць непамерна шмат суму, і не даць нават таго суцяшэння, што смерць –
гэта нябыт?”
Амаль у гэты самы час графіня сказала панне
Ізабэле:
- Усё больш я пераконваюся, Бэлачка, што
грошы не даюць шчасця. Гэты Вакульскі зрабіў добрую асабліва для яго кар’еру,
але што ж з гэтага?... Ужо не працуе ў магазіне, а сумуе ў Лазенках. Ты
заўважыла, які ў яго сумны выраз твару?
- Сумны? – паўтарыла панна Ізабэла. – Мне ён
здаецца перадусім забаўным.
- Я не заўважыла гэтага, - здзівілася графіня.
- Нават… непрыемным, - выправіла сябе панна
Ізабэла.
У Вакульскага не было адвагі выйсці з
Лазенак. Ён хадзіў па другім баку саджалкі і здалёк прыглядаўся да шэрай сукенкі,
якая міргала паміж дрэвамі.
Толькі пазней ён заўважыў, што прыглядаецца
аж да дзвюх шэрых сукенак, а трэцяй – блакітнай, што ні адна з іх – не панны
Ізабэлы.
“Я неверагодна дурны”, - падумаў ён.
Але нічым яму гэта не дапамагло.
Пэўнага дня, у першай палове чэрвеня, пані
Мелітон дала знаць Вакульскаму, што заўтра апоўдні панна Ізабэла будзе на
шпацыры з графіняй і – з удавой старшыні. Гэты дробны выпадак мог мець
першараднае значэнне.
Вакульскі бо ад памятнай Вельканоцы пару
разоў наведваў удаву старшыні і даведаўся, што старэнькая вельмі прыхільная да
яго. Звычайна ён слухаў яе апавяданні аб даўнейшых часах, размаўляў аб сваім дзядзьку, нават канчаткова дамовіўся пра нагробак для яго. Падчас гэтага ходу
думкі, невядома адкуль, упляталася імя панны Ізабэлы так раптоўна, што
Вакульскі не мог схаваць узрушэння; твар яго змяніўся, голас прыглушыўся.
Старэнькая прыклала пенснэ да вачэй і
ўгледзеўшыся ў Вакульскага спытала:
- Ці мне толькі падаецца, ці панна Ленцкая
таксама не абыякавая да цябе?
- Амаль не ведаю яе… Я размаўляў з ёй адзін
раз у жыцці… - тлумачыў збянтэжаны Вакульскі.
Удава паглыбілася ў роздум і ківаючы галавой,
шапнула:
- Ха…
Вакульскі развітаўся з ёй, але гэтае “Ха!” засталося
ў яго памяці. У любым выпадку ён быў упэўнены, што ва ўдаве ён не мае
непрыяцелькі. І вось амаль праз тыдзень пасля гэтай размовы ён даведаўся, што
удава едзе з графіняй і паннай Ізабэлай на шпацыр у Лазенкі. Ці даведалася, што яны часам яго там сустракаюць?... А можа хоча іх зблізіць?
Вакульскі паглядзеў на гадзіннік; была ўжо
трэцяя па апоўдні.
“Значыць заўтра, - падумаў ён, - праз гадзін…
дваццаць чатыры… Не, не столькі… Праз колькі ж гэта?...”
Ён не мог палічыць, колькі гадзін пройдзе ад
трэцяй да першай апоўдні. Агарнуў яго непакой; ён не еў абед; фантазія рвалася
наперад, але цвярозы розум тармазіў яе.
“Паглядзім, што будзе заўтра. А ну як будзе
дождж ці каторая з іх захварэе?”
Ён выбег на вуліцу і, блукаючы без мэты,
паўтараў:
“Ну, паглядзім, што будзе заўтра… А можа мяне
не спыняць?...
Зрэшты панна Ізабэла - прыгожая панна,
дапусцім, што нават незвычайна прыгожая, але толькі панна, не звышнатуральная
з’ява. Тысячы такіх жа прыгожых ходзіць па свеце, а я таксама не думаю чапляцца
зубамі ні за адну спадніцу. Адштурхне мяне?... Добра!... З тым большым размахам
я ўпаду ў абдымкі іншай...”
Вечарам ён пайшоў у тэатр, але пакінуў яго
пасля першага акту. Зноў валэндаўся па горадзе, і дзе не ішоў, пераследавала
яго думка пра заўтрашні шпацыр і няяснае прадчуванне,што заўтра ён наблізіцца
да панны Ізабэлы.
Мінула ноч, ранак. А дванаццатай ён загадаў
запрэгчы экіпаж. Напісаў картку у магазін, што прыйдзе пазней, і падраў адну
пару пальчатак. Нарэшце ўвайшоў слуга.
“Коні гатовы!” – бліснула думка ў
Вакульскага.
Ён выцягнуў руку па капялюш.
-
Князь!... – абвясціў слуга.
У Вакульскага пацямнела ў вачах.
- Прасі.
Князь увайшоў.
- Дзень добры, пане Вакульскі, -
закрычаў ён. – Вы кудысьці выязджаеце? – Напэўна на склады ці на вакзал. Але
нічога. Я арыштоўваю вас і забіраю да сябе. Я буду нават так няветлівы, што сяду
ў ваш экіпаж, бо сёння свайго не ўзяў. Аднак я ўпэўнены, што ўсё гэта прабачыць
мне пан з-за важных звестак.
- Вы хочаце адпачыць?...
- Хвілінку. Уявіце сабе, - гаварыў
князь сядаючы, - што так дакучаў нашым панам братам… Ці добра я сказаў?... Так
іх пераследаваў, што аж абяцалі прыйсці некалькі чалавек да мяне і выслухаць
праект вашага таварыства. Цяпер вас забіраю, а хутчэй збіраюся з вамі і – едзем
да мяне.
Вакульскі атрымаў такое ўражанне як
чалавек, які ўпаў з вышыні і ўдарыўся грудзьмі аб зямлю.
Яго замяшанне не схавалася ад увагі
князя, які ўсміхнуўся, прыпісваючы гэта радасці ад яго візіту і запрашэння. На
думку нават яму не прыйшло, што для Вакульскага можа быць важнейшым шпацыр у
Лазенках, чым усе князі і таварыствы.
- Дык мы гатовы? – спытаў князь,
узнімаючыся з крэсла.
Секунды не хапала, каб Вакульскі
сказаў, што не паедзе і не хоча ніякіх таварыстваў. Але ў гэты самы момант
прабегла ў яго думка:
“Шпацыр – гэта для мяне, таварыства –
для яе”.
Ён узяў капялюш і паехаў з князем. Яму
здавалася, што экіпаж едзе не па бруку, а па яго ўласным мозгу.
“Жанчын не здабываюць ахвярамі, толькі
сілай, бадай кулакамі…” – узгадаў ён меркаванне пані Мелітон. Пад уплывам
гэтага афарызму ён хацеў схапіць князя за каўнер і выкінуць яго на вуліцу. Але
доўжылася гэта толькі хвіліну.
Князь прыглядаўся да яго з-пад вейкаў,
і бачачы, што Вакульскі то чырванее, то бляднее, думаў:
“Я не спадзяваўся, што зраблю такую
прыемнасць гэтаму шчыраму Вакульскаму. Так, трэба заўсёды падаваць руку новым
людзям…”
У сваіх колах князь насіў назву заўзятага патрыёта, амаль
шавініста; па-за коламі цешыўся званнем аднаго з найлепшых грамадзян. Вельмі
любіў гаварыць па-польску, і нават зместам яго французскіх размоў былі інтарэсы
публічныя.
Ён быў арыстакратам ад валос да падэшваў, душой, сэрцам,
крывёю. Ён верыў, што кожнае грамадства складаецца з двух матэрыялаў:
звычайнага натоўпу і выбраных класаў. Звычайны натоўп быў прадуктам прыроды і
мог нават паходзіць ад малпы, як гэта, насуперак Святому Пісанню сцвярджаў Дарвін.
Але класы выбраныя мелі нейкі вышэйшае паходжанне і паходзілі, калі не ад багоў, то
як найменш ад родных ім герояў, як Геркулес, Праметэй, як найгоршае – Арфей.
У князя быў у Францыі сябар, граф ( у найвышэйшай ступені
крануты дэмакратычнай заразай), які кпіў сабе з незямнога паходжання арыстакратыі.
- Мой кузін, - сказаў ён, - я думаю, што ты не надаеш
патрэбнай увагі пытанню роду. Што ж гэта за вялікія роды? Гэта тыя, продкі якіх
былі гетманамі, сенатарамі, ваяводамі, ці па-цяперашняму: маршалкамі, членамі
вышэйшай палаты ці перфектамі дэпартаментаў. Ну – а дарэчы такіх паноў мы
ведаем, нічога ў іх незвычайнага… Ядуць, п’юць, гуляюць у карты, заляцаюцца да
жанчын, трапляюць у даўгі – як рэшта смяротных, за якіх яны нават дурнейшыя.
У князя на твары выступаў хваравіты румянец.
- Ці спаткаў ты калі, кузін, - адказаў ён, - перфекта ці
маршалка з такім выразам велічы, які мы бачым на партрэтах нашых продкаў?...
- Што ж у гэтым дзіўнага, - смяяўся заражаны граф. –
Мастакі надавалі вобразам выраз, аб якім не снілася ніводнаму з арыгіналаў; так
як геральдзісты і гісторыкі расказвалі пра іх казачныя легенды. Гэта ўсё мана,
мой кузін!... Гэта толькі кулісы і касцюмы, якія з аднаго Войтка робяць князя,
а з другога парабка. У рэальнасці адзін і другі толькі дрэнныя акцёры.
- Са здзеклівасцю, кузыне, немагчыма справіцца! –
выбухнуў князь і ўцёк.
Бег да сябе, клаўся на шэзлонгу з рукамі, сплеценымі пад
галавой і пазіраючы ў столь бачыў постаці, якія рухаліся над ім, нечалавечых росту, сілы, адвагі, розуму, бескарыслівасці. Гэта былі – продкі яго і графа;
толькі што граф не прызнае іх. Можа ў ім існавла якая прымесь крыві?...
Натоўпам звычайных смяротных князь не толькі не
пагарджаў, але наадварот: быў прыязны да іх, і нават сустракаўся з імі і
цікавіўся іх патрэбамі. Уяўляў сабе, што ён адзін з Праметэяў, якія маюць ганаровы
абавязак прынесці гэтым бедным людзям агонь з неба на зямлю. Зрэшты рэлігія запавядала
яму сімпатыю да малых гэтых і князь чырванеў ад адной думкі, што большая
частка грамадства стане некалі перад боскім судом без гэтага кшталту заслугі.
Таму каб пазбегнуць сораму для сябе, было нават склікаў
у сваім жытле розныя сесіі, выдаваў па дваццаць пяць і па сто рублёў на акцыі
розных прадпрыемстваў публічных, найперш жа – увесь час непакоіўся няшчасным
становішчам краіны; і кожную сваю прамову ён закончваў фразай:
-
Бо, панове, думайма найперш аб тым,
каб узняць наш няшчасны край…
А калі гэта гаварыў, то адчуваў, што з сэрца спадае нейкі
цяжар; тым большы, чым больш было слухачоў ці чым больш рублёў ён выдаў на
акцыі.
Склікаць сесію, заахвоціць да прадпрыемства і цярпець,
увесь час цярпець за няшчасную радзіму, вось на яго погляд былі абавязкі
грамадзяніна. Калі б яго аднак спыталі, ці пасадзіў калі дрэва, цень якога ахоўваў бы людзей і зямлю ад спякоты? Ці калі
прыбраў з дарогі камень, які раніць капыты коней? – быў бы шчыра здзіўлены.
Ён адчуваў і думаў, прагнуў і цярпеў – за мільёны. Толькі
– нічога ніколі не зрабіў карыснага. Здавалася яму, што пастаянна быць засмучаным над усёй краінай мае непамерна вышэйшую вартасць, чым выцерці нос забруджанага дзіцяці.
У чэрвені выгляд Варшавы відавочна змяняецца. Пустыя
перад гэтым гатэлі напаўняюцца і паднімаюць цэны, шмат на якіх дамах з’яўляюцца
аб’явы:”Апартаменты з мэбляю для найму на некалькі тыдняў”. Усе экіпажы занятыя
, усе кур’еры носяцца. На вуліцах, у садах, тэатрах, у рэстарацыях, на
выставах, у крамах і салонах дамскага адзення можна ўбачыць фігуры, якія не
сустрэнеш у звычайны час. Гэта нехудыя і загарэлыя мужчыны ў сініх шапках з казыркамі,
у вельмі шырокіх чаравіках, у цесных пальчатках, у гарнітурах пашыву правінцыйнага
краўца. Таварышуюць ім грамадкі дам, якія не вызначаюцца прыгажосцю і
варшаўскай шыкоўнасцю, тут жа не менш шматлікія грамадкі няўклюдных дзяцей, у
якіх з вуснаў шырока адкрытых выглядае здароўе.
Адны з вясковых гасцей прыязджаюць сюды з воўнай на кірмаш,
іншыя на конныя забегі, іншыя, каб паглядзець на воўну і забегі; тыя для
спаткання з суседзямі, якія знаходзяцца ад іх з вярсту дарогі, тыя для асвяжэння
сталічнай мутнай вадой і пылам, а гэтыя пакутуюць на працягу некалькі дзён
падарожжа самі не ведаюць для чаго.
Падобным з’ездам-сесіяй карыстаўся князь, каб звесці Вакульскага
з землеўласнікамі.
Князь ва ўласным палацы, на першым паверсе, займаў
вялізнае памяшканне. Частка яго, якая складалася з кабінету князя, бібліятэкі і
пакою для палення, была месцам мужчынскіх сходаў, на якіх князь прадстаўляў
свае ці чужыя праекты, якія датычаць спраў публічных. Здаралася гэта па
некалькі разоў на год. Апошняя нават сесія вясенняя была прысвечана пытанню cтругаў на Вісле, пры чым вельмі выразна вымаляваліся тры лагеры.Першы,
які складаўся з князя і яго ўласных сяброў, асабліва дамагаўся стругаў, другі ж, мяшчанскі, беручы за правіла прыгажосць праекту, лічыў праект
дачасным і не хацеў даць на гэтыя мэты
грошы. Трэці лагер складаўся толькі з дзвюх асоб: пэўнага тэхніка, які
сцвярджаў, што стругі не могуць хадзіць па Вісле, і пэўнага глухога
магната, які на ўсе запросы, скіраваныя да яго кішэні, увесь час адказваў:
- Калі ласка, трохі гучней, бо нічога не чуваць…
Князь з Вакульскім прыехалі а першай, а праз чвэрць
гадзіны пасля іх пачалі сыходзіцца і з’язджацца іншыя ўдзельнікі сесіі. Князь
вітаў кожнага з ветлівай фамільярнасцю, прадстаўляў Вакульскага, і потым
падкрэсліваў прыбылога на лісце запрошаных вельмі доўгім і вельмі чырвоным
алоўкам. Адным з першых гасцей быў пан Ленцкі; ён паклікаў Вакульскага ўбок і
яшчэ раз спытаў яго пра мэцту і значэнне таварыства, да якога належаў ужо усёй
душой, але ніколі не мог добра запомніць, аб чым гаворка. Тымчасам іншыя панове
прыглядаліся да чужака і прыцішаным голасам рабілі пра яго заўвагі.
- Бычыны выраз твару! – шапнуў паўнаваты маршалак,
скіроўваючы позірк на Вакульскага. – Шчаціна на галаве тапырыцца як у дзіка,
грудзі, што не змераць, позірк імклівы… Гэты б не стаміўся на паляванні!
- І твар, пане… - дадаў баррон з фізіяноміяй Мефістофеля.
– Лоб, пане… вусікі, пане… малая эспаньёлачка, пане. Няблага, пане… няблага…
Рысы крыху, пане… але ўвогуле, пане…
- Убачым, які будзе ў справах – дадаў крыху згорблены
граф.
- Энергічны, рызыкоўны, - азваўся нібы з пограба другі
граф, які сядзеў зручна на крэсле, насіў буйныя фаварыты і фарфоравымі вачыма пазіраў толькі перад
сабой як англічанін з “Вясёлага агляду”.
Князь прыўстаў з крэсла і кашлянуў; сабраныя замоўклі,
дзякуючы чаму можна было пачуць канец апавядання маршалка:
- Усе пазіраем на лес, а тут штосьці пішчыць пад
капытамі. Уяві сабе, пане дабрадзею, што хорт, які ішоў каля коней на прывязі
задушыў у баразне шарака!...
Сказаўшы гэта, маршалак ударыў вялізнай далонню па
сцягну, з якога мог бы выразаць сабе сакратара і яго памочніка.
Князь кашлянуў другі раз, маршалак збянтэжыўся і нязвыкла
вялікім фулярам абцёр спацелы лоб.
- Шаноўныя панове, - азваўся князь. – Я дазволіў сабе турбаваць
шаноўнае панства ў пэўнай… вельмі важнай справе публічнай, якая , як гэта ўсе
адчуваем, павінна заўсёды стаяць на варце нашых інтарэсаў публічных… Я хацеў
сказаць… нашых ідэй… гэта значыць…
Князь здавалася быў заклапочаны; аднак астыў і гаварыў
далей:
-
гаворка пра спра… ці пра план, а
хутчэй… аб праекце ўтварэння таварыства для палёгкі ў справе гандлю…
-
Збожжам, - заўважыў хтосьці з кута.
-
Менавіта, - працягваў князь, - гаворка
не аб гандлі збожжам, а…
-
Гарэлкай, - падказаў той самы голас.
-
Але ж не!... пра гандаль, а хутчэй пра палёгку ў справе гандлю паміж Расіяй і замежжам таварамі, ну, таварамі… Горад жа наш,
пажадана, каб стаў цэнтрам такога …
-
І якія ж гэта тавары? – спытаў
згорблены граф.
-
Прафесійны бок пытання хоча нам
ласкава растлумачыць пан Вакульскі, чалавек… чалавек дока ў справе, - закончыў
князь. – Памятайма аднак, панове, пра абавязкі. Якія на нас накладвае клопат
пра інтарэсы грамадскія і гэты няшчасны край…
-
Клянуся любоўю да Бога, зараз жа даю
дзесяць тысяч рублёў!... – усклікнуў маршалак.
-
На што? – спытаў граф, які быў падобны
да самавітага англічаніна.
-
Усё адно!... – адказаў гучным голасам
маршалак. – Я сказаў: пакіну ў Варшаве пяцьдзесят тысяч рублёў, дык няхай
дзесяць пойдзе на мэты дабрачынныя, бо наш каханы князь гаворыць цудоўна!...
розумам і сэрцам, клянуся любоўю да Бога…
-
Прабачце, - азваўся Вакульскі, - але
не ідзе тут гаворка аб дабрачынным таварыстве, а пра таварыства, што
забяспечвае прыбыткі.
-
Вось ды ну!... – азваўся згорблены
граф.
-
Так-с!.. – пацвердзіў граф-англічанін.
-
Што мне за прыбытак з дзесяці тысяч? –
запратэставаў маршалак. – З торбамі б пайшоў пад Вострую Браму пры такіх
прыбытках.
Згорблены граф не вытрымаў:
- Я прашу голасу наконт пытання: ці належыць
не браць да ўвагі малыя прыбыткі!... Гэта нас губіць!... гэта, панове, - крычаў
ён, стукаючы пазногцем па парэнчы крэсла.
- Граф, - салодка перапыніў князь, -
пану Вакульскаму слова.
- Так-с! – падтрымаў яго
граф-англічанін, пачэсваючы густыя бакенбарды.
- Дык просім шаноўнага пана
Вакульскага, - пачуўся новы голас – каб гэты грамадскі інтарэс, які нас тут
сабраў, у гасцінных салонах князя, прадставіў нам з уласцівай яму яснасцю і
звязнасцю.
Вакульскі зірнуў на асобу, што
прызнавала ў яго яснасць і звязнасць. Гэта быў знакаміты адвакат, прыяцель і
правая рука князя; ён любіў гаварыць квяціста, адбіваючы такт рукой і
прыслухоўваючыся да ўласных фраз, якія заўсёды знаходзіў цудоўнымі.
- Толькі каб мы ўсе зразумелі, -
буркнуў хтосьці ў куце, занятым шляхтай, якая ненавідзела магнатаў.
- Вядома панам, - пачаў Вакульскі, -
што Варшава з’яўляецца гандлёвай станцыяй паміж Еўропай Заходняй і Усходняй.
Тут збіраецца і праходзіць праз нашы рукі частка французскіх тавараў і
нямецкіх, прызначаных для Расіі, з чаго мы маглі б мець пэўныя прыбыткі, калі б
наш гандаль…
- Не знаходзіўся ў руках яўрэяў, -
заўважыў хтосьці напалову голаса з-за стала, дзе сядзелі купцы і прамыслоўцы.
- Не, - адказаў Вакульскі. – Прыбыткі
існавалі б тады, калі б наш гандаль вёўся правільна.
- З яўрэямі ён не можа быць правільны…
- Сёння аднак, - перапыніў адвакат
князя, - шаноўны пан Вакульскі дае нам мажлівасць падстаноўкі капіталаў
хрысціянскіх на месца капіталу старазапаветнага…
- Пан Вакульскі сам ўводзіць яўрэяў у
гандаль, - гукнуў апанент са стану купецкага.
Зрабілася цішыня.
- Наконт спосабу вядзення маіх спраў я
не аддаю справаздачу ні перад кім, - працягваў далей Вакульскі. – Я падказваю
панам шлях упарадкавання гандлю Варшавы з замежжам, што з’яўляецца першай
паловай майго праекту і адной крыніцай прыбытку для капіталаў краіны. Другой
крыніцай з’яўляецца гандаль з Расіяй. Знаходзяцца там тавары, якія патрабуюцца
ў нас, і танныя. Таварыства, якое б занялося імі, магло б мець пятнаццаць –
дваццаць працэнтаў штогод ад выкладзенага капіталу. На першае месца я стаўлю
тканіны…
- Гэта падкоп пад нашу
прамысловасць, - азваўся апанент з купецкай групы.
- Мне няма справы да фабрыкантаў,
толькі да спажыўцоў… - адказаў Вакульскі.
Купцы і прамыслоўцы пачалі шаптацца
паміж сабой мала прыязным да Вакульскага чынам.
- Вось і дайшлі да інтарэсу
грамадскага! – закрычаў узрушаным голасам князь. – Справа вымалёўваецца так: ці
праект шаноўнага пана Вакульскага з’яўляецца разумным рашэннем для Айчыны?...
Пане мецэнат… - звярнуўся князь да адваката, адчуваючы патрэбу падтрымкі яго ў
даволі клопатнай сітуацыі.
- Шаноўны пан Вакульскі, - узяў голас
адвакат, - з уласцівай яму грунтоўнасцю няхай нам патлумачыць: ці дастаўка
гэтых тканін аж з такой далечыні не прынясе ўрону нашым фабрыкам?
- найперш, - прамовіў Вакульскі – тыя
нашы фабрыкі не з’яўляюцца нашымі, а нямецкімі…
- Ого!... – усклікнуў апанент з групы
купцоў.
- Я гатовы, - сказаў Вакульскі, - цяпер падлічыць фабрыкі, у якіх уся адміністрацыя і ўсе найлепш аплочаныя працаўнікі
з’яўляюцца немцамі, капітал якіх нямецкі, а рада кіраўніцтва мае рэзыдэнцыю ў Германіі; дзе нарэшце працаўнік наш не мае
мажлівасці навучыцца вышэй па сваёй прафесіі, але з’яўляецца парабкам дрэнна
аплочаным, з дрэнным абыходжаннем і да ўсяго анямечаным.
- Гэта важна! – заўважыў згорблены
граф.
- так-с! – шапнуў англічанін.
- Клянуся Богам, я адчуваю эмоцыі,
слухаючы!... – закрычаў маршалак. – Ніколі я не думаў, што так можна забаўляцца
падчас падобнай размовы… Зараз вярнуся…
І ён пакінуў кабінет, аж угіналася пад
яго нагамі падлога.
- Ці павінен я лічыць прозвішчы? –
спытаў Вакульскі.
Група купцоў і прамыслоўцаў зрабіла у
гэту хвіліну доказ рэдкай стрыманасці не патрабуючы прозвішчаў. Адвакат хутка
ўзняўся з крэсла і замахаўшы рукамі усклікнуў:
- я лічу, што па праблеме мясцовых
фабрык мы можам прыйсці да парадку. Цяпер шаноўны пан Вакульскі раскажа нам, з
уласцівай яму выразнасцю, патлумачыць, якія пазітыўныя карысці з яго праекту
атрымае…
- Наша няшчасная краіна, - закончыў
князь.
- Прашу паноў, - сказаў Вакульскі, -
калі б локаць майго паркалю каштаваў
толькі на два грошы таней чым сёння, то на кожным мільёне купленых тут
локцяў таварыства зберагло б дзесяць тысяч рублёў…
- Што гэта значыць дзесяць тысяч
рублёў?... – спытаў маршалак, які ўжо вярнуўся ў кабінет, але яшчэ не трапіў у
сутнасць размовы.
- Гэта шмат значыць… вельмі шмат! –
усклікнуў згорблены граф. – Навучымся шанаваць грашовыя прыбыткі…
- Так… Пенс гінею беражэ… - дадаў
граф, які быў падобны да англічаніна.
- Дзесяць тысяч рублёў, - працягваў
Вакульскі – гэта падмурак дабрабыту для дваццаці сем’яў як найменш…
- Кропля ў моры, - буркнуў адзін з
купцоў.
- Але ёсць яшчэ іншы погляд, - сказаў
Вакульскі, - які датычыцца папраўдзе толькі да капіталістаў. У маім
распараджэнні тавару больш за тры і да чатырох мільёнаў рублёў штогод…
- Я ўражаны!... – шапнуў маршалак.
- Гэта не маё багацце, - заўважыў
Вакульскі, - маё значна больш сціплае…
- Люблю такіх!... – прамовіў згорблены
граф.
- Так-с – дадаў англічанін.
- Гэтыя тры мільёны рублёў складаюць
мой асабісты крэдыт і прыносяць мне вельмі малы працэнт як пасярэдніку, -
сказаў Вакульскі. – Я сведчу аднак, што калі б замест крэдыту была наяўнасць,
то прыбытак з яе складаў бы пятнаццаць-дваццаць працэнтаў, а можа і больш. Вось
гэты пункт справы датычыцца вас, хто захоўвае грошы ў банках пад нізкім
працэнтам. Грашыма гэтымі распараджаюцца іншыя і прыбыткі атрымліваюць сабе. Я
ж ахвярую вам спосаб ужывання іх без пасярэднікаў і павелічэння ўласных
даходаў. Я скончыў.
- Цудоўна! – прамовіў згорблены граф.
– Ці аднак не можна было б даведацца пра падрабязнасці?
- Пра іх я магу гаварыць толькі з
маімі калегамі, - адказаў Вакульскі.
- Я і ёсць калега, - прамовіў
згорблены граф і падаў яму руку.
- Так-с, - дадаў псеўда-англічанін,
выцягнуўшы да Вакульскага два пальцы.
- Мае панове! – азваўся паголены
мужчына з групы шляхты, якая ненавідзела магнатаў. – Вы гаворыце тут пра
гандаль паркалямі, што да нас не мае дачынення… Але, панове!... – працягваў
далей плаксівым голасам, - у нас затое збожжа ў свіранах, у нас ёсць гарэлка на
складах, на чым пасярэднікі нажываюцца спосабам – не скажу – нягодным…
Агледзеў кабінет. Група шляхты, якая
пагарджала магнатамі, ўхваліла яго.
Прамянеючы прыхаванай радасцю твар князя
засвяціўся ў гэту хвіліну бляскам сапраўднага натхнення.
- Але ж, панове! – закрычаў ён, -
сёння мы гаворым аб гандлю тканінамі, але заўтра і паслязаўтра хто забароніць
нам думаць пра іншыя справы?... Я прапаную значыцца…
- Клянуся Богам, цудоўна гаворыць гэты
каханы князь, - усклікнуў маршалак.
- Мы слухаем… слухаем!... – падтрымаў
яго адвакат, моцна паказваючы, што намагаецца следаваць запалу князя.
- Такім чынам, панове, - працягваў разгарачкаваны
князь, я прапаную склікаць наступныя нарады: адну – па пытанню гандлю збожжам,
другую – па пытанню гандлю хлебнай гарэлкай…
- А крэдыт для сялян? – спытаў хтосьці
з недалучанай шляхты.
- Трэцюю па справе крэдыту для сялян,
- сказаў князь. – Чацвёртую…
Тут ён спыніўся.
- Чацвёртую і пятую, - падхапіў
адвакат, - мы прысвецім вырашэнню агульнай эканамічнай сітуацыі…
...Нашага няшчаснага краю, - дакончыў
князь амаль са слязьмі ў вачах.
- Панове!... – крыкнуў адвакат,
выціраючы нос ад расчулення.
- Шануйма нашага гаспадара,
сапраўданга грамадзяніна, самага сумленнага з людзей…
- Дзесяць тысяч рублёў, клянуся Бо..-
усклікнуў маршалак.
- … уставаннем! – хутка скончыў
адвакат.
- Брава!... няхай жыве князь!... –
закрычалі пад акампанемент тупату ног і стуку крэслаў.
Група шляхты, што пагарджала
арыстакратыяй, крычала найбольш гучна.
Князь пачаў абдымаць сваіх гасцей не
валодаючы ўжо сваім узрушэннем; дапамагаў яму адвакат, усіх цалаваў, а сам без цырымонніцтва
плакаў. Некалькі асоб сабралася каля Вакульскага.
-
Я прыступаю на пачатак з пяццюдзесяццю
тысячамі рублёў, - гаварыў згорблены граф. – На год наступны ж… паглядзім…
-
Трыццаць, пане… трыццаць тысяч рублёў,
пане… Вельмі, пане… вельмі! – дадаў барон з выразам твару Мефістофеля.
-
І я трыццаць тысяч … так-с!.. – дадаў
граф-англічанін, ківаючы галавой.
-
А я дам два… тры разы столькі, што…
каханы князь. Клянуся Богам!... – прамовіў маршалак.
Пара апанентаў з купецкай групы
таксама наблізілася да Вакульскага.
Маўчалі, але іх выразныя позіркі
гаварылі ў сто разоў больш, чым самыя чулыя словы.
Па чарзе наблізіўся да Вакульскага малады
чалавек, худы, з рэдкай бародкай на твары, але з несумніўнымі слядамі дачаснага
знішчэння ва ўсёй постаці. Вакульскі сустракаў яго на розных відовішчах, урэшце
і на вуліцы, калі той ехай самым хуткім экіпажам.
-
Я Марушэвіч, - прамовіў хваравіты
малады чалавек з мілай усмешкай. - Выбачайце пане, што прадстаўляюся так бесцырымонна
і ў дадатак пры першым знаёмстве ўжо хацеў бы папрасіць вас…
-
Я вас слухаю.
Малады чалавек узяў Вакульскага за
плячо і правёўшы яго да вакна, сказаў:
-
Кладу адразу карты на стол; з такімі
людзьмі як вы нельга інакш. Я небагаты, у мяне добрыя задаткі і я хацеў бы
знайсці занятак. Вы ствараецце таварыства, дык ці не мог бы я працаваць пад
вашым кіраўніцтвам?...
Вакульскі прыглядаўся да яго з увагай.
Прапанова, якую ён чуў, неяк не падыходзіла да змарнелай фігуры і няпэўных
поглядаў юнака. Вакульскі адчуў непрыязнасць, нягледзячы на гэта, спытаў:
-
Што вы ўмееце? Хто вы па прафесіі?
-
Прафесію, ці ведаеце, я яшчэ не абраў,
але ў мяне вялікія здольнасці і я магу займацца любой працай.
-
А на якую вы разлічваеце зарплату?
-
Тысячу… дзве тысячы рублёў… - адказаў
занепакоены юнак.
Вакульскі міжволі патрос галавой.
-
Я сумняваюся, - адказаў ён, - ці ў нас
будуць пасады, якія адпавядаюць вашым інтарэсам. Але аднак заходзьце некалі да
мяне…
На сярэдзіне кабінета згорблены граф
гаварыў.
А затым, - гаварыў ён, - шаноўныя
панове, у асноўным пачынаем таварыства, прапанаванае панам Вакульскім. Выгада
падаецца вельмі добрая, і зараз справа толькі ў дробных дэталях і напісанні
акту. Таму я запрашаю тых паноў, якія хочуць быць удзельнікамі, да мяне на
заўтра, а дзевятай вечарам…
- Я буду ў цябе, любы граф, клянуся
Богам, - азваўся паўнаваты маршалак, - і можа яшчэ прывяду табе з пару літоўцаў;
ну, але скажы, чаму ж мы павінны засноўваць купецкія таварыствы?... няхай бы
ўжо самі купцы…
- Хаця б таму, - адказаў граф горача,
- каб не казалі, што мы нічога не робім, толькі абразаем купоны…
Князь папрасіў слова.
-
Зрэшты, - прамовіў ён, - у планах яшчэ
два таварыствы: для гандлю збожжам і – гарэлкай. Хто не захоча належаць да
аднаго, можа належаць да другога… Вельмі просім шаноўнага пана Вакульскага, каб у
іншых нашых нарадах прымаў удзел…
-
Так-с!... – заўважыў граф-англічанін.
-
І з уласцівым яму талентам высвятляў
пытанні, - дакончыў адвакат.
-
Я сумняваюся, ці спатрэблюся панам для
чаго-небудзь, - адказаў Вакульскі. – Я займаўся папраўдзе збожжам і гарэлкай,
але ў выключных умовах. Справа была ў вялікай колькасці і хуткім абароце, а не
ў цэнах… Зрэшты я не ведаю тутэйшага гандлю збожжам…
-
Будуць спецыялісты, шаноўны пане
Вакульскі, - перапыніў яго адвакат. – Яны нам забяспечаць дэталі, якія вы
павінны толькі ўпарадкаваць і раскласці з уласцівай яму геніяльнасцю…
-
Мы просім… вельмі просім!... –
ўскліквалі графы, а за імі яшчэ гучней шляхта, якая ненавідзела магнатаў.
Была амаль пятая па апоўдні і сабраныя
пачалі разыходзіцца. У гэтую хвіліну Вакульскі заўважыў, што з далейшых пакояў
набліжаецца да яго пан Ленцкі ў таварыстве юнака, якога ўжо бачыў каля панны
Ізабэлы падчас квесты і на вечары ў графіні. Абодва паны затрымаліся каля яго.
-
Дазвольце, пане Вакульскі, - азваўся
Ленцкі, - я прадстаўлю пана Юліяна Ахоцкага. Наш кузэн… трохі арыгінал,
але…
-
Даўно ўжо хацеў пазнаёміцца з вамі і
паразмаўляць, - прамовіў Ахоцкі, паціскаючы яму руку.
- Вакульскі моўчкі прыглядаўся. Маладому
чалавеку не было яшчэ трыццаці і сапраўды ён вызначаўся незвычайным тварам. Здавалася, што ў яго рысы
Напалеона Першага, прыкрытыя пэўным воблакам маранняў.
-
У які бок пан ідзе? – спытаў малады
чалавек Вакульскага. – Я магу вас правесці.
-
Будзе вам толькі клопат….
-
О, у мяне досыць часу, - адказаў малады
чалавек.
“што ён ад мяне хоча?” – падумаў
Вакульскі, а ў голас сказаў: - Можам пайсці ў бок Лазенак…
-
Так, - адказаў Ахоцкі. – Я забягу яшчэ
на хвілінку развітацца з княгіняй і даганю вас.
Ледзь ён адышоў, апанаваў Вакульскага
адвакат.
-
Я віншую вас з поўным трыумфам, -
прамовіў ён напаўголас. – Князь амаль закаханы ў вас, абодва графы і барон
таксама… Гэта арыгіналы, як вы бачылі, але людзі з добрымі намерамі… Яны хацелі
б штосьці рабіць, у іх ёсць нават розум і адукацыя, але… не хапае энергіі!...
Хвароба волі, пане: увесь клас ёй заражаны… Усё ў іх ёсць: грошы, тытулы,
павага, нават поспех у жанчын, таму нічога не жадаюць. Без гэтай жа спружыны, пане
Вакульскі, яны мусяць быць інструментам у руках людзей новых і амбіцыйных…
-
Мы, пане, мы яшчэ шмат рэчаў жадаем, -
дадаў ён цішэй. – Іх шчасце, што трапілі на нас…
Паколькі Вакульскі не адказаў нічога,
то адвакат пачаў лічыць яго вельмі ўдалым дыпламатам і шкадаваў у душы, што сам
быў занадта шчыры.
“Зрэшты, - думаў адвакат, пазіраючы на
Вакульскага з-пад вока , - хоць бы ён паўтарыў князю нашу размову, што ж мне
зробіць? Я скажу, што хацеў яго выпытаць…”
“ Аб якіх ён мне амбіцыях
гаворыць?...” – пытаўся ў думках Вакульскі.
Ён развітаўся з князем, абяцаў
прыходзіць з гэтай пары на ўсе сесіі і, выйшаўшы на вуліцу, адаслаў экіпаж
дадому.
“чаго хоча ад мяне гэты пан Ахоцкі?-
думаў падазрона ён. – Натуральна, што ён цікавіцца паннай Ізабэлай… Можа ў яго
намер адвесці мяне ад яе?... Дурны: Калі яна яго кахае, то не патрэбна траціць
нават слоў; сам адступлюся… Але калі яна яго не кахае, то няхай асцерагаецца
пазбаўляць мяне яе… Здаецца, што я зраблю ў жыцці адно капітальнае глупства,
менавіта для панны Ізабэлы. Толькі б не трапіла на яго; шкода хлопца…”
У браме пачуліся хуткія крокі;
Вакульскі адвярнуўся і ўбачыў Ахоцкага.
- Вы чакалі?... прабачце!... –
усклікнуў малады чалавек.
- Мы ідзём да Лазенак? – спытаў
Вакульскі.
- Так.
Нейкі час яны ішлі моўчкі. Малады
чалавек быў у задуменні. Вакульскі раззлаваны.
Ён вырашыў адразу схапіць быка за
рогі.
-
Вы блізкі кузін сям’і Ленцкіх? –
запытаў ён.
-
Крыху, - адказаў малады чалавек. – Мая
маці была Ленцкая, - прамовіў ён з іроніяй, - а бацька толькі Ахоцкі. Гэта
вельмі аслабляе сямейныя сувязі… Пана Томаша, які для мяне нейкі дваюрадны
дзядзька, не ведаў бы да сённяшняга дня, калі б не страціў багацце.
-
Панна Ленцкая вельмі вытанчаная асоба,
- прамовіў Вакульскі, пазіраючы перад сабой.
-
Вытанчаная?... –паўтарыў Ахоцкі. – Скажыце лепш: багіня!... Калі я
размаўляю з ёй, мне здаецца, што здолела б мне запоўніць усё жыццё. З ёй
адзінай я адчуваю спакой і забываюся аб суме, які мяне непакоіць. Але дзе ж!...
Я не змог бы сядзець з ёй цэлы дзень ў салоне, а яна са мной ў лабараторыі…
Вакульскі спыніўся на вуліцы.
- Вы займаецеся фізікай ці хіміяй?...
– спытаў ён здзіўлены.
- Ах, чым я толькі не займаюся!... –
адказаў Ахоцкі. – Фізікай, хіміяй і тэхналогіяй… Я закончыў факультэт
прыродазнаўчых навук ва універсітэце і механічны ў палітэхнічным… Займаюся
ўсім; чытаю і працую ад ранку да ночы, але – не раблю нічога. Мне ўдалося крыху
ўдасканаліць мікраскоп, збудаваць новую батарэю электрычную, нейкую там
лямпу…
Вакульскі здзіўляўся ўсё больш.
- Дык гэта вы той самы Ахоцкі,
вынаходнік?...
- Я, - адказаў малады чалавек. – Ну,
але і што гэта значыць?... Зусім нічога. Калі я падумаю, што за дваццаць восем
гадоў усяго столькі зрабіў, ахоплівае мяне адчай. У мяне жаданне ці паразбіваць
сваю лабараторыю і патануць ў салонным жыцці, да якога мяне цягнуць, ці –
пусціць сабе ў лоб кулю… Вогніва Ахоцкага ці – лямпа электрычная Ахоцкага… якое
ж гэта глупства!... Імкнуцца кудысьці з дзяцінства і спыніцца на лямпе – гэта
жудасна… абмінуць сярэдзіну жыцця і не знайсці нават следу дарогі, па якой бы
ісці хацелася б – вось гэта роспач!...
Малады чалавек змоўк, а паколькі былі
ў Батанічным садзе, то зняў капялюш. Вакульскі прыглядаўся да яго з увагай і
зрабіў новае адкрыццё. Малады чалавек, хаця і выглядаў элегантна, зусім не быў элегантам;
нават здавалася не клапаціўся пра свой знешні выгляд. У яго былі растрапаныя валасы,
крыху ссунуты гальштук, у камізэлькі не зашпілены гузік. Можна было дадумацца,
што хтосьці вельмі старанна даглядае яго бялізну і гардэроб, з якім ён сам
паступае нядбала, і менавіта гэта нядбайнасць, якая праяўляецца ў дзіўна
шляхетных формах, надавала яму арыгінальную абаяльнасць. Кожны яго рух быў спантанны, рассеяны, але прыгожы. Таксама прыгожым быў спосаб пазіраць,
слухаць, а хутчэй не слухаць, нават – губляць капялюш.
Яны ўвайшлі на пагорак, адкуль бачная студня, што
называецца Окраглякам. З усіх бакоў акружалі іх мінакі шпацыруючы, але Ахоцкі не
зважаў на іх прысутнасць і паказаўшы капялюшам на адну з лавак, сказаў:
- Я шмат чытаў, што шчаслівы чалавек, у
якога вялікае імкненне. Гэта хлусня. У мяне незвычайныя жаданні, якія аднак
робяць мяне смешным і настройваюць супраць мяне самых блізкіх людзей. Зірніце
на гэтую лаўку… Тут, у пачатку чэрвеня, каля дзесятай вечарам, мы сядзелі з
кузінкай і паннай Фларэнтынай. Свяціў месяц і нават яшчэ спявалі салаўі. Я быў у
марах. Раптам кузінка гаворыць: “Ведаеш, кузін, астраномію?” – “крыху.” – Дык
скажы мне, што гэта за зорка?” – “Я не ведаю, - адказаў я, - але тое праўда,
што мы ніколі на яе не трапім. Чалавек прыкуты да Зямлі як вустрыца да скалы…”
У гэту хвіліну, - працягваў далей Ахоцкі, - прачнулася ўва мне мая ідэя ці маё вар’яцтва…
Я забыўся пра прыгожую кузінку, і
пачаў думаць пра лятальныя машыны. А паколькі думаючы я вымушаны крочыць, то я
ўзняўся з лаўкі і без развітання пакінуў кузінку!... На другі дзень панна Флора
назвала мяне грубіянам, пан Ленцкі – арыгіналам, а кузінка на працягу тыдня не
хацела са мной размаўляць… І каб я яшчэ што прыдумаў; дык нічога, літаральна
нічога, хоць бы прысягнуў, што пакуль з гэтага пагорка я сыйду да студні,
народзіцца ў маёй галаве як найменш агульны абрыс лятальнай машыны… Праўда,
якое глупства?...
“Значыць яны тут праводзяць вечары пад
месяцовым святлом і пры спевах салаўя? – падумаў Вакульскі і адчуў страшны боль
у сэрцы. – Панна Ізабэла ужо кахае Ахоцкага, а калі не кахае, то толькі па віне
яго дзівацтваў… Ну і мае рацыю… прыгожы чалавек і незвычайны…”
-
Натуральна, - працягваў далей Ахоцкі,
- ні слоўца не ўзгадаў пра гэта маёй цётцы, якая колькі разоў амаль прышпільвае
мне нейкую шпільку да адзення, мае звычай паўтараць: - Любы Юлек, старайся
падабацца Ізабэле, бо гэта жонка акурат для цябе… Разумная і прыгожая; яна адна
вылечыла б цябе ад тваіх прывідаў…”
А я думаю: што ж гэта за жонка для
мяне?... Калі б хоць магла быць маім памочнікам, яшчэ паўбяды… Але дзе ж бы яна
для лабараторыі магла пакінуць салон!... Яна мае рацыю, гэта яе адпаведнае
атачэнне; птушка патрабуе паветра, рыба вады… Ах, які прыгожы вечар!... – дадаў
ён праз хвіліну. – Я сёння ўзрушаны, што бывае рэдка. Але… што з вамі, пане
Вакульскі?...
- Я крыху стаміўся, - адказаў глуха
Вакульскі. – Можа сядзем, ці што! Тут…
Селі на схіле пагорка, на мяжы
Лазенак. Ахоцкі абапёрся падбародкам на калені і паглыбіўся ў роздум, Вакульскі
прыглядаўся да яго з пачуццём, у якім здзіўленне змешвалася ў нянавісцю.
“Дурны ці хітры?... Навошта ён мне
гэта ўсё расказвае?” – думаў Вакульскі.
Ён павінен быў аднак прызнаць, што
гаварлівасць Ахоцкага была з тымі самымі рысамі шчырасці і рассеянасці, як яго
рухі і ўся ўрэшце асоба. Спаткаліся першы раз і ўжо Ахоцкі так з ім размаўляў,
як калі б былі знаёмыя з дзяцінства.
“Я больш не хачу стасункаў з ім”, - сказаў сабе
Вакульскі і глыбока ўздыхнуўшы спытаў гучна:
-
Значыць жэніцеся, пане Ахоцкі?...
-
Хіба я вар’ят? – буркнуў малады
чалавек, паводзячы плячыма.
-
Як гэта?... Але ж ваша кузінка
падабаецца вам?
-
І нават вельмі, але гэта яшчэ не ўсё.
Я ажаніўся б з ёй, калі б у мяне была ўпэўненасць, што ўжо нічога ў навуцы не
вынайду…
-
У сэрцы Вакульскага побач з ненавісцю
і здзіўленнем бліснула радасць. У гэту хвіліну Ахоцкі пацёр лоб як разбуджаны
ад сну і пазіраючы на Вакульскага раптам
прамовіў:
-
Але, але… Я нават забыўся, што ў мяне
важная справа да вас…
“Чаго ён хоча?...” – падумаў Вакульскі, дзівячыся ў душы разумнаму
позірку свайго саперніка і раптоўнай змене тону. Здавалася, што яго вуснамі
загаварыў іншы чалавек.
-
Я хачу задаць вам пытанне… не… два
пытанні, вельмі канфідэнцыйныя, а можа нават далікатныя, - сказаў Ахоцкі. – Ці
не абразіцеся?...
-
Я слухаю, - адказаў Вакульскі.
Калі б ён стаяў на эшафоце, то не
адчуў бы такіх пачуццяў як у гэту хвіліну. Ён быў упэўнены, што гаворка пра
панну Ізабэлу і што ў гэтым самым месцы вырашыцца яго лёс.
-
Вы былі прыродазнаўцам? – спытаў
Ахоцкі.
-
Так.
-
І ў дадатак
прыродазнаўцам-энтузіястам. Я ведаю, што вы прайшлі, даўно паважаю вас па гэтай
прычыне… Але мала гэтага; скажу больш… Ужо год успамін пра цяжкасці, з якімі
змагаліся вы, дадаваў мне адвагі… Я казаў сабе: я зраблю як найменш тое, што
гэты чалавек, і паколькі ў мяне няма такіх перашкод, то – пайду далей за яго…
-
Вакульскі, слухаючы, думаў, што марыць
ці што размаўляе з вар’ятам.
-
Адкуль вы гэта ведаеце?... – спытаў Ахоцкага.
-
Ад доктара Шумана.
-
Ах, ад Шумана. Але для чаго ўсё гэта?
-
Зараз раскажу, - адказаў Ахоцкі. – Вы
былі прыродазнаўцам- энтузіястам і… у выніку кінулі навуку прыродазнаўства. Гэта
ж на якім годзе жыцця аслаб ваш запал у гэтым кірунку?...
Вакульскага нібы абухом па галаве
ўдарылі. Пытанне было такое прыкрае і неспадзяванае, што на працягу хвіліны не
толькі не мог адказаць; але нават сабраць думкі ў адно.
Ахоцкі паўтарыў, хутка прыглядаючыся
да свайго таварыша.
-
На якім годзе?... – прамовіў
Вакульскі. – У мінулым годзе… Сёння мне сорак шосты год…
-
Значыць я да поўнага ахладжэння маю
яшчэ больш пятнаццаці гадоў. Гэта мне крыху дадае адвагі… - прамовіў нібы да
сябе Ахоцкі.
І зноў праз хвіліну дадаў:
- Гэта адно пытанне, а цяпер другое,
але – не абражайцеся. У якім годзе жыцця пачынаюць мужчыны абыякавець да
жанчын?...
Другі ўдар. Быў момант, што Вакульскі
хацеў схапіць юнака за горла і задушыць. Аднак апамятаўся і адказаў са слабай
усмешкай:
- Я думаю, што яны ніколі не
становяцца абыякавымі… Наадварот, з кожным годам жанчыны здаюцца больш даражэйшымі…
- Дрэнна! – шапнуў Ахоцкі. – Ха,
ўбачым, хто мацнейшы.
- Жанчыны, пане Ахоцкі.
- Як для каго, пане, - адказаў малады
чалавек, заглыбляючыся зноў у роздум.
І пачаў гаварыць нібыта да сябе.
- Жанчыны, важная рэч. Я кахаў ужо,
зараз, колькі гэта разоў?... Чатыры… шэсць… з сем, так, сем разоў… Забірае гэта
шмат часу і прыводзіць у рух адчайныя думкі… Дурная рэч, каханне… Пазнаеш,
кахаеш, церпіш…. Потым табе надакучвае ці табе здраджваюць… Так два разы мне
надакучыла, і пяць разоў мне здрадзілі… Потым знаходзіш новую жанчыну, больш
дасканалую за іншых – і потым яна робіць тое самае, што тыя, менш дасканалыя…
Ах, які подлы гатунак істот гэтыя бабы!... Забаўляюцца намі, хоць іх абмежаваны
мозг нават не ў стане нас зразумець… Ну, праўда, што і тыгр можа забаўляцца
чалавекам… Подлыя, але мілыя… Але няма справы да іх! А тымчасам калі аднойчы
апануе чалавека ідэя, то ўжо яго не адпускае і не здраджвае ніколі…
Ён паклаў руку на плячо Вакульскага і
пазіраючы яму ў вочы нейкім рассеяным і летуценным позіркам спытаў:
- Відаць вы думалі некалі пра машыны
лятальныя?... Не пра кіраванне шарамі, якія лягчэйшыя за паветра, бо гэта
блазнота, але – пра палёт машыны цяжкай, напоўненай і ўмацаванай як
браняносец?... Ці вы разумееце, які наступіў бы пераварот ў свеце пасля
падобнага вынаходніцтва?... Няма крэпасцяў, арміі, межаў… Знікаюць народы, але
затое ў незямных будоўлях прыходзяць на свет істоты падобныя да анёлаў ці
старажытных багоў… Ужо падначалілі вецер, цяпло, святло, пярун… Ці не думаеце
вы, што надышла пара нам самім вызваліцца з акоў прыцягнення?... Гэта ідэя,
якая ляжыць у душы часу…. Іншыя ўжо працуюць над ёй; мяне яна толькі насычае,
але ад стоп да галоў… Што мне цётка з яе парадамі і правіламі добрага тону!...
Што мне жаніцьба, жанчыны, і нават мікраскопы, батарэі і лямпы электрычныя?...
Я звар’яцею ці… здабуду чалавецтву крылы…
- А калі б вы іх нават здабылі, то
што? – спытаў Вакульскі.
- Слава, якой не дасягаў яшчэ ніводзін
чалавек, - адказаў Ахоцкі. – Гэта мая жонка, мая жанчына… Будзьце здаровы, я
павінен ісці…
Ён паціснуў Вакульскаму руку, збег з
пагорка і знік паміж дрэвамі.
На Батанічны сад і на Лазенкі
апускаўся ўжо мрок.
“Вар’ят ці геній?... – шапнуў
Вакульскі адчуваючы, што сам расстроены ў вышэйшай ступені. – А калі геній?...”
Ён узняўся і пайшоў углыб саду, паміж шпацыруючых людзі.
Яму здавалася, што над пагоркам, з якога ён уцёк, ўзнімаецца нейкі свяшчэнны
жах. У Батанічным садзе было амаль цесна; на кожнай вуліцы збіраліся калоны,
групы, і як найменш шэрагі шпацыруючых; кожная лаўка ўгіналася пад цяжарам
асоб. Перасякалі Вакульскаму дарогу, тапталіся па пятах, штурхаліся локцямі;
размаўлялі і смяяліся з усіх бакоў. Уздоўж Алеі Уяздоўскай, пад сцяной Бельведэрскага саду, пад штакетам з боку шпіталя, на вуліцах якія менш наведвалі,
нават на загароджаных сцежках, усюды было поўна народу і весела. Чым больш
цямнела ў прыродзе, тым гусцей і шумней рабілася паміж людзей. “Пачынае мне ўжо
не хапаць месца на свеце!...” – шапнуў ён.
Перайшоў у Лазенкі і тут знайшоў больш спакойнае месца. На
небе заблішчэлі некалькі зорак, па паветру, ад Алеі, цягнуўся шум мінакоў, а ад
става - вільгаць. Часам над галавой пралятаў у яго гучны хрушч або ціха праносіўся
нетапыр; у глыбіні парку спявала жаласна нейкая птушка, якая пружна клікала
таварыша; на ставе быў чутны далёкі плёскат вёслаў і смех маладых жанчын.
Насупраць ён
убачыў пару людзей, нахіленых адзін да аднаго і якія шапталіся. Яны саступілі
яму дарогу і зніклі ў ценю дрэваў. Апанаваў яго жаль і глум. “вось жа ёсць
шчаслівыя закаханыя! – падумаў ён. – Шэпчуцца і ўцякаюць як злодзеі… Прыгожа створаны
свет, ці не так?... Цікава, наколькі было б лепш, калі б валодаў ім Люцыфер?...
А калі б мне заступіў дарогу які бандыт і забіў у гэтым куце?...”
І ён уяўляў сабе,
які гэта прыемны павінен быць холад нажа, які прабівае разгарачкавнае сэрца.
“На жаль, -
уздыхнуў ён, - сёння нельга забіваць іншых, толькі сябе можна; абы адразу і
добра. Ну!...”
Успамін аб такім
простым сродку адыходу супакоіла яго. Паступова ён паглыбляўся ў нейкі ўрачысты
настрой; яму здавалася, што надыходзіць момант, у якім ён павінен падрахаваць сумленне ці таксама агульны баланс жыцця.
“Калі б я быў
найвышэйшы суддзя, - думаў ён, - і калі б спыталі мяне, хто варты панны
Ізабэлы: Ахоцкі ці Вакульскі, я мусіў бы прызнаць, што - Ахоцкі… На васемнаццаць гадоў малодшы за
мяне (васемнаццаць гадоў!...) і такі прыгожы… У дваццаць восем гадоў скончыў
два факультэты ( я ў гэтым узросце ледзь пачынаў вучыцца…) і ўжо зрабіў тры
вынаходніцтвы (я ніводнага!). Да ўсяго ён сасуд, у якім выспявае вялікая ідэя…
Дзіўная гэта рэч: машына лятальная, але факт тое, што ён знайшоў для яе
геніяльны і адзіна мажлівы зыходны пункт.
Машына лятальная павінна быць цяжэйшая, не такая як шар, што лягчэйшы за
паветра; бо ўсё, што правільна лётае, пачынаючы з мухі, скончыўшы вялізным
сіпам, больш цяжкае за паветра. У яго сапраўдны зыходны пункт, у яго творчы
розум, што даказаў сваім мікраскопам і лямпай; хто ж ведае, можа ўдасца
збудаваць лятальную машыну? А ў такім выпадку ён для чалавецтва будзе большым
за Ньютона і Напалеона, разам узятых… І я павінен з ім сябраваць?... А калі
стане калі пытанне: хто з нас двух павінен адступіцца, ці ж я буду вагацца?...
Што ж гэта за пекла сказаць сабе, што павінен сваю прастору прынесці ў ахвяру
чалавеку зусім такому як я, смяротнаму, які падлягае хваробам і памылкам, і
перадусім – настолькі наіўнаму… Бо гэта яшчэ дзяцюк, што б ён мне не расказваў?...”
Дзіўнае
супадзенне. Калі Вакульскі быў спрадаўцам ў галантэрэйным магазіне, марыў пра перпетум
мобіле, машыне, якая б вечна рухалася. Калі ж паступіў у Падрыхтоўчую Школу, то
даведаўся, што такая машына – недарэчнасць, у той час самым таемным і самым
улюбёным яго жаданнем было – вынайсці спосаб кіравання шарамі. Тое, што для
Вакульскага было толькі фантастычным ценем, які блукаў па фальшывых дарогах, у
Ахоцкім прыняло форму практычнага пытання.
“Што ж гэта за
жорсткі лёс! – думаў ён з горыччу. – Двум людзям дадзена амаль адно і тое ж
самае імкненне, толькі адзін нарадзіўся на васемнаццаць гадоў раней, другі
пазней; адзін у нястачы, другі ў дастатку; адзін не мог ўзабрацца на першы
паверх ведаў, другі лёгкім крокам прайшоў два паверхі… Яго не сапхнуць з
дарогі палітычныя буры, так як мяне; яму не перашкодзіць каханне, якое ён
лічыць забаўкай; у той час як для мяне, які шэсць гадоў правёў у пустэльні,
пачуццё гэта – неба і збавенне… Нават больш!... Але і ён трыўмфуе нада мной на
любым полі, хоць у мяне тыя самыя пачуцці, тое самае ўсведамленне становішча, і
праца з пэўнасцю большая…
Вакульскі добра
ведаў людзей і часта параўноўваў сябе з імі. Але дзе б ні быў, усюды бачыў сябе
крыху лепшым за іншых. Ці як спрадаўца, які праводзіў ночы над кніжкай, ці як
студэнт, які праз нястачу ішоў да ведаў, ці як салдат пад градам куль, ці як
выгнаннік, які ў снегам засыпанай мазанцы працаваў над навукай – заўсёды ў яго
душы была ідэя, якая пераносіла на некалькі гадоў наперад. – Іншыя жылі з дня
на дзень, для свайго страўніка ці кішэні.
І толькі сёння ён
спаткаў чалавека, які вышэйшы за яго, вар’ята, які хоча будаваць машыны
лятальныя!...
“А я ці сёння не
маю ідэі, для якой працую больш года, здабыў багацце, дапамагаю людзям і змушаю
іх да павагі?...”
“Так, але каханне – гэта пачуццё асабістае; усе заслугі,
якія таварышаць яму, - як рыбы, што заблыталіся ў бездані марскога цыклону.
Калі б на свеце знікла адна жанчына, а ў табе памяць пра яе, кім бы ты
застаўся?... Звычайным капіталістам, які з нуды гуляе ў карты ў клубе. А
тымчасам Ахоцкі мае ідэю, якая будзе імкнуць яго заўсёды наперад, хіба што
розум яго згасне…”
“Добра, а калі ён нічога не зробіць і замест таго, каб
збудаваць лятальную машыну адправіцца ў шпіталь для вар’ятаў?... Я тымчасам
фактычна штосьці зраблю, а мікраскоп, батарэя ці нават электрычная лямпа пэўна
не значаць больш за сотню людзей, якім я даю быт. Адкуль жа ўва мне гэта
ультрахрысціянская пакора?... Што хто зробіць, яшчэ невядома. Я тымчасам
з’яўляюся чалавекам дзеяння, а ён летуценнікам… Пачакайма з год…”
Год! Вакульскі страсянуўся. Яму здавалася, што ў канцы
дарогі, названай рокам, ён бачыць толькі глыбокую бездань, якая паглынае ўсё,
але не змяшчае ў сабе нічога…
“Значыць нічога?...нічога!...
Інстынктыўна ён агледзеўся. Блукаў па лазенкаўскім парку,
на нейкай вуліцы, да якой ніякі шум не далятаў. Нават гушчар вялізных дрэў стаяла
ціхая.
-
Якая гадзіна? – запытаў яго раптам
якісьці хрыплы голас.
-
Гадзіна?...
Вакульскі працёр вочы. Перад ім, у
прыцемку, з’явіўся абадраны чалавек.
-
Калі ветліва пытаюцца, то трэба
ветліва адказваць, - прамовіў чалавек і падышоў бліжэй.
-
Забі мяне, то сам убачыш, - адказаў
Вакульскі.
Абадраны чалавек адступіўся. Налева ад
дарогі відаць былі пара людскіх ценяў.
-
Дурныя! – закрычаў Вакульскі, ідучы
наперад, - у мяне залаты гадзіннік і некалькі соцен рублёў наяўнасці… Бараніцца
не буду, ну!...
Цені пасунуліся паміж дрэў і нейкі з
іх прамовіў прыцішаным голасам:
-
Такі то, пся крэў, ўзыйдзе, дзе яго не
пасеюць…
-
Жывёлы!... баязліўцы!... – крычаў
Вакульскі амаль непрытомны.
У адказ яму быў тупат уцекачоў.
Вакульскі сабраўся з думкамі.
“Дзе я?... Здаецца, у Лазенках, але дзе менавіта?...
Трэба ісці ў другі бок”.
Абярнуўся пару разоў і ўжо не ведаў, куды ідзе. Сэрца
пачало гвалтоўна біцца, халодны пот выступіў на лоб, першы раз у жыцці ён адчуў
страх ночы і заблукання…
На працягу пары хвілін ён бег без мэты, амаль без
дыхання; дзікія думкі віравалі ў яго галаве. Урэшце налева ён убачыў мур, а
далей – будынак.
Ага, аранжарэя…
Потым ён дайшоў да нейкага мастка, адпачыў і абапёршыся
на бар’ер, думаў:
“Значыць вось да чаго я дайшоў?... Небяспечны сапернік…
разбітыя нервы… Мне здаецца, што ўжо сёння мог бы напісаць апошні акт гэтай
камедыі…”
Прамая дарога давяла яго да ставу, пазней да
лазенкаўскага палацу. Праз дваццаць хвілін ён быў у Алеях Уяздоўскіх і сеў ў экіпаж,
які праязджаў; праз чвэрць гадзіны ён ужо знаходзіўся ва ўласным жытле.
Ад віду ліхтароў і вулічнага руху ён адчуў весялосць;
нават усміхаўся і шаптаў:
“Што ж гэта зноў за здані?... Нейкі Ахоцкі…
самазабойства!... Ах, дурнота… Трапіў усё ж сярод арыстакратыі, а што будзе
далей – убачым…”
Калі ўвайшоў у кабінет, то слуга аддаў яму ліст, напісаны
на яго ўласнай паперы,ад пані Мелітон.
-
Гэта пані была тут сёння два разы, -
прамовіў верны слуга. – Адзін раз а пятай, другі раз а восьмай…